АБРА́З, ікона,

1) у хрысціянскай рэлігіі (праваслаўе і каталіцызм) выявы Ісуса Хрыста, Маці Божай, святых на драўлянай дошцы, палатне, камені; сімвал, які з’яўляецца аб’ектам рэліг. ўшанавання.

2) Твор сярэдневяковага мастацтва (гл. Іканапіс), які мае культавае прызначэнне.

Першыя абразы вядомы з 2 ст. н.э. Найб. стараж. абразы, што захаваліся, паходзяць з Пярэдняй Азіі. Культ абраза як абавязковага элемента храма быў афіцыйна прыняты на 7-м Усяленскім саборы (786—787, Канстанцінопаль). Паводле хрысціянскага падання першаўзорам вобраза Хрыста з’явіўся адбітак яго твару на ўбрусе, а першыя выявы Маці Божай выкананы евангелістам Лукою. Асабліва шырока быў распаўсюджаны ў Візантыі, Егіпце, Эфіопіі, паўд.-слав. краінах, Грузіі. Для абраза характэрны іканаграфічны канон, які вытрымліваецца стагоддзямі. Пад уплывам Візантыі ўзнік старажытнарускі абраз, класічныя ўзоры якога адносяць да канца 14—15 ст. (А.​Рублёў, Феафан Грэк).

На Беларусі абраз з’явіўся, верагодна, у канцы 10 ст. ў Полацку і Тураве. Першыя абразы прывозілі з Візантыі, напр., Ефрасіння Полацкая падаравала мужчынскаму манастыру ў Полацку абраз «Маці Божая Адзігітрыя Эфеская», які яна атрымала ад імператара Мануіла Камніна. Бел. абразы 11—15 ст. ствараліся ў сферы правасл. візантыйска-балканскага ўплыву («Маці Божая Замілаванне» з-пад Брэста, «Успенне» з Мінска, 15 ст.). Фарміраванне самабытнай беларускай іканапіснай школы адбылося ў 16 ст. Найб. яркія творы належаць да 1-й пал. 17 ст. (група маларыцкіх абразоў 1648; «Нараджэнне Марыі» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне» з Олтуша, 1650 і інш.). Для іх характэрна спалучэнне сімвалізму і кананічнасці сярэдневяковага мастацтва з натуральнасцю персанажаў і асяроддзя, характарнасцю вобразаў, элементамі навакольнай рэчаіснасці, засвоенымі з еўрап. Адраджэння. У 17—18 ст. выяўляюцца рэгіянальныя асаблівасці ў абразах Зах. Палесся, Падняпроўя, Падзвіння, Міншчыны, звязаныя з цэнтрамі іканапісу (Брэст, Вільня, Віцебск, Пінск, Магілёў, Мінск, Полацк). Абразы маляваліся на дошках (да 16 ст. ўключна з каўчэгам) па клеемелавым грунце (ляўкасе) яечнай тэмперай, пазней у спалучэнні з алейнымі фарбамі. Фон гладкі, пазалочаны, з канца 16 ст. аздабляўся рэльефным раслінным арнаментам. З сярэдзіны 18 ст. пашыраецца абраз на палатне. Асаблівую галіну бел. іканапісу ўтвараюць алтарныя абразы з рысамі готыкі, рэнесансу, барока. Характэрнай аздобай абразоў былі абклады, накладныя чаканеныя метал. рызы («сукенкі»). Самастойны бел. абраз знікае ў сярэдзіне 19 ст. з ліквідацыяй у 1839 уніяцтва.

Літ.:

Гл. пры арт. Іканапіс.

А.​А.​Ярашэвіч.

Да арт. Абраз. А.​Рублёў. Спас. 1420-я гады.
Абраз «Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны. 16 ст. Музей старажытнай беларускай культуры ІМЭФ АН Беларусі.
Абраз «Сашэсце ў пекла» з Чачэрска. 1678. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 1, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

чырво́нец, ‑нца, м.

1. Руская назва замежных залатых манет у дапятроўскай Русі.

2. Руская залатая манета вартасцю ў тры рублі, якая была пашырана ў Расіі ў 18–19 стст. // Уст. Руская залатая манета вартасцю ў пяць і дзесяць рублёў, якая была ва ўжытку ў дарэвалюцыйнай Расіі.

3. Грашовы крэдытны білет вартасцю ў дзесяць рублёў, які быў ва ўжытку ў СССР з 1922 да 1947 г. // Дзесяць рублёў. Новыя — у руках шапацяць, як бярэш, — чатыры чырвонцы прыйшліся Адасю. Калюга.

4. звычайна мн. (чырво́нцы, ‑аў). Разм. Наогул манеты, золата, грошы. Песня мая не шукае чырвонцаў. Купала. А сёння стаіць вось у сонцы І вочы красою чаруе. Такую не ўзяць за чырвонцы, — Душу аддасі за такую. Буйло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плодагадава́льнік, а, м.

Гадавальнік для развядзення і вырошчвання раслін. Нараўлянскія лесаводы стварылі ў сваёй гаспадарцы спецыяльныя плодагадавальнікі па вырошчванню фруктовых саджанцаў. «Звязда». Толькі адзін сад прынёс калгасу каля 300 тысяч рублёў прыбытку і яшчэ, прыкладна, столькі ж дасць калгасны плодагадавальнік. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адвалі́ць, -валю́, -ва́ліш, -ва́ліць; -ва́лены; зак., што.

1. Адвярнуць, адкінуць што-н. ад чаго-н.

А. камень ад дзвярэй.

А. завалу і адчыніць вароты.

2. Выдзеліць, даць, адрэзаць, расшчодрыўшыся (разм., іран.).

А. ладны кавалак сала.

А. сто тысяч рублёў.

3. ад чаго і без дап. Адысці, адплысці, адляцець.

Параход плаўна адваліў ад прыстані.

|| незак. адва́льваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. адва́льванне, -я, н. (да 1 знач.), адва́л, -у, м. (да 1 знач.) і адва́лка, -і, ДМ -лцы, ж. (да 1 знач.)

|| прым. адва́льны, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пераво́д, а і ‑у, М ‑водзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераводзіць — перавесці.

2. а. Грашовае адпраўленне праз банк, па пошце, тэлеграфе. Пелагея Іванаўна адпачывала, калі паштальён прынёс грашовы перавод. «Звязда». Неўзабаве маці атрымала ад.. [бацькі] перавод на дзесяць тысяч рублёў. Гроднеў. // Разм. Бланк для такога адпраўлення.

3. а. Рэйкавы пуць для пераходу саставаў вагонаў з адной каляі на другую. Стрэлачныя пераводы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗАРЭ́ЧНЫ (сапр. Рублёў) Цімох Міронавіч

(1909, в. Будзіна Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 1944?),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі вышэйшы пед. ін-т (1933). З 1928 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь». У 1933—35, 1939—41 Бел. радыёкамітэце, у 1936—40 настаўнік у Мінску (адначасова 1936—39 у Ін-це школьнай педагогікі). У час Айч. вайны настаўнічаў у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Друкаваўся з 1928. Распрацоўваў жанры фельетона, апавядання, аповесці («Эльбрусы чалавечага шчасця», 1931, «Зямля ў вятрах», 1931, «Маці і сын», 1935, «Андрэй Блажко», 1940), рамана («Белы Камень», 1932). На бел. мову пераклаў раманы Г.​Уэлса «Першыя людзі на месяцы», Ф.​Беразоўскага «Бабскія сцежкі» (абодва 1931), М.​Сервантэса «Дон Кіхот Ламанчскі» (1935), аповесці А.​Новікава-Прыбоя «Жанчына ў моры» і В.​Фінка «Іншакраінны легіён» (1936) і інш.

Тв.:

Сустрэчы: Нарысы і фельетоны. Мн., 1930;

Узбунтаваная зямля: Нарысы. Мн., 1930;

Маладосць: Навелы і апавяданні. Мн., 1931;

Паэма пра геройства. Мн., 1932;

Пажары: Нарысы і фельетоны. Мн., 1933;

Руднянскі пастушок. Мн., 1941.

Літ.:

Кныш С., Скалабан В. Рукою Зарэчнага // ЛіМ. 1998. 13 лют.

І.​У.​Саламевіч.

т. 6, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РАЁН У БССР,

аўтаномная адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1932—37. Створаны 15.3.1932 на базе Койданаўскага раёна як Койданаўскі нацыянальны польскі раён, з 29.6.1932 — Дзяржынскі нацыянальны польскі раён. Арг-цыя раёна была практычнай спробай стварыць форму нац. аўтаноміі для палякаў у БССР у ходзе агульнасаюзнай кампаніі нац.дзярж. будаўніцтва нац. меншасцей. З 1926 у БССР пачалі стварацца польскія нацыянальныя сельсаветы, у 1931 4 такія сельсаветы створаны ў Койданаўскім р-не, у 1932 з 17 яго сельсаветаў было 10 польскіх і 1 яўр.-польскі. У 1932—33 раёну выдадзена 1,5 млн. рублёў (удвая больш, чым звычайным раёнам). Актыўна вялося нац.-культ. будаўніцтва: дзейнічала 135 польскіх школ (усяго ў БССР на 1935), працавалі Дзяржынскі польскі агранамічны тэхнікум, польскі навук. кабінет (пед. вучылішча) у в. Станькава, польскі калгасна-саўгасны тэатр у Дзяржынску, выдавалася газ. «Szturmowiec Dzierżyńszczyzny» («Ударнік Дзяржыншчыны»), У 1935 пагаршэнне сав.-польскіх адносін адбілася і на стаўленні да польск. насельніцтва ў СССР. 31.7.1937 нац. раён скасаваны. Па справе аб скасаванні раёна рэпрэсіям палітычным падверглася каля 250 чал. Шмат жыхароў было дэпартавана (гл. Дэпартацыя). А.​І.​Валахановіч.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ МА́РКАЎ (ТРО́ІЦКІ) МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 1633—1918 у Віцебску, на правым беразе Зах. Дзвіны. Засн. аршанскім цівуном Л.​С.​Агінскім і браслаўскім земскім суддзёй С.​Мірскім. У 1638 фундатары падаравалі манастыру зямлю на Маркаўшчыне (дзе ў 16 ст. нейкі Марк пабудаваў царкву, адсюль назва) і фальварак Шыдлоўшчыну. У 18 ст. меў шэраг вёсак і юрыдыкі ў Віцебску. У 1751 зроблена няўдалая спроба павярнуць манастыр да уніяцтва. Традыцыйна быў у падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі. У 1773 прылічаны да Пскоўскай епархіі, у 1795 — да Магілёўскай, у 1833 — да Полацкай. З 1798 меў ранг архімандрыт да яго быў прыпісаны Невельскі заштатны манастыр. У 1842 залічаны да манастыроў 1-га класа, мог мець 20 манахаў, атрымліваў ад дзяржавы 3185 рублёў серабром, маёнткі былі ўзяты ў казну (апрача 150 дзес. зямлі). Меў майстэрні, пач. школу для слабадскіх дзяцей. Пасля закрыцця манастыра будынкі [акрамя Пакроўскай (зараз вядома як Казанская) царквы] знесены.

Царква — помнік архітэктуры барока з рысамі ранняга класіцызму. Пабудаваны з цэглы да 1752 як Пакроўская царква. У 1847 да яе з захаду прыбудавана Мітрафанаўская царква. Першапачаткова храм быў крыжова-купальны. Да асн. кубападобнага аб’ёму з трыма паўкруглымі апсідамі далучаны развіты прытвор. Сцены прарэзаны высокімі арачнымі вокнамі і раскрапаваны пілястрамі. Бакавыя фасады царквы і прытвора завершаны трохвугольнымі франтонамі з арачнымі праёмамі. На цэнтр. апсідзе размешчана ляпная дэкар. рама-бленда.

А.​А.​Ярашэвіч.

Да арт. Віцебскі Маркаў (Троіцкі) манастыр. Пакроўская (Казанская) царква.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

грабе́жнік, а, м.

Той, хто займаецца грабяжом; рабаўнік. За адну ноч узброеныя абрэзамі невядомыя грабежнікі зрабілі налёт на двух фінагентаў і адабралі ў іх каля шасці тысяч рублёў. Паслядовіч. // Разм. Вымагальнік, абірала. Вінаваты ў няведанні рабочымі законаў не столькі самі рабочыя, колькі іх эксплуататары (‑грабежнікі), якія валодаюць усёй уласнасцю, жывуць чужой працай. Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мілья́рд, а, М ‑дзе, м.; ліч. і наз.

1. Ліч. кольк. Лік і лічба 1.000.000.000. Мільярд дзеліцца на тысячу. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 1.000.000.000. Пяць мільярдаў рублёў.

2. звычайна мн. (мілья́рды, ‑аў). Вялікая колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Мільярды.. агеньчыкаў адсвечваліся і ў сняжынках белага покрыва зямлі, занямеўшай у маркотным ззянні месяца. Колас.

[Фр. milliard.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)