ПЛАТО́НАЎ (Расціслаў Пятровіч) (н. 15.4.1930, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел. гісторык, публіцыст. Д-ргіст.н. (1982), праф. (1984). Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, камсам. і парт. органах, мінскіх ВНУ. У 1973—80 сакратар Мінскага абкома КПБ, у 1980—91 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦККПБ. З 1992 у Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы, з 1999 нам. дырэктара ін-та, старшыня Археагр. камісіі Дзяржкамархіва Рэспублікі Беларусь, з 2000 гал. рэдактар «Беларускага археаграфічнага штогодніка». Даследуе праблемы дзярж. будаўніцтва, паліт. гісторыі Беларусі, КПБ, барацьбы бел. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. Працуе ў галіне крыніцазнаўства і практычнай археаграфіі. Адзін з аўтараў калектыўных прац: «Усенародная барацьба ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Старонкі гісторыі Кампартыі Беларусі: меркаванні, аргументы, факты» (1990), «Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944)» (1995), «Дзяржаўнасць Беларусі: Праблемы фарміравання ў праграмах палітычных партый» (1999), «Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і цэнтральнага кіравання БССР (1965—1991 гг.)» (ч. 1—3, 2000), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000) і інш.Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1980—89.
Тв.:
Пропаганда научного атеизма: Ист.-социол. исслед. на материалах Компартии Белоруссии. Мн., 1982;
Авангардная сила советского общества. Мн., 1986;
На крутом переломе: Очерк основных направлений деятельности Компартии Белоруссии по осуществлению перестройки Мн., 1989 (разам з Ю.П.Смірновым);
Палітыкі. Ідэі. Лёсы: Грамадзян. пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-паліт. дыктату ў Беларусі 20—30-х гг.Мн., 1996;
Лёсы: Гіст.-дак. нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20—30-х гг.Мн., 1998;
На крутым павароце: Ідэолага-паліт. барацьба на Беларусі ў 1929—1931 гг.Мн., 1999;
Белоруссия, 1941-й: известное и неизвестное. Мн., 2000.
Літ.:
Р.П.Платонаў: (Да 70-годдзя з дня нараджэння): Бібліягр. паказ. Мн., 2000;
Міхальчанка А. і інш. Вучоны, грамадскі дзеяч, журналіст // Бел.гіст.часоп. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬНЮС (Vilnius; да кастр. 1939 Вільня),
горад, сталіца Літвы. Размешчаны на р. Нярыс (Вілія). 582 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (стэрэамагнітафоны, персанальныя камп’ютэры, металаапр. станкі, паліўная апаратура, радыёвымяральныя прылады, электрарухавікі, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны, інструменты і тэхнал. аснастка і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, футравая, трыкат., швейная), хім. (смолы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, харч. (мясная, малочная, кандытарская і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі), шкляная (вітражы, посуд) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў.
На думку літ. даследчыка К.Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у 6—7 ст. і жылі цераспалосна з мясц. балцкім насельніцтвам. У 11—12 ст. тут існавала заснаванае крывічамі паселішча гар. тыпу пад назвай Крывы (ці Крывіч-горад), які пазней паводле слав. традыцыі атрымаў назву Вільня (ад р. Вільня). У 2-й пал. 11 ст. горад стаў цэнтрам Віленскага княства — феад. ўдзела Полацкай зямлі. У 1070 тут княжыў полацкі кн.Расціслаў Рагвалодавіч, пасля 1129 — яго сыны. Сярод тагачасных жыхароў Вільнюса пераважала ўсх.-слав. насельніцтва; жылі таксама тубыльцы-аўкштайты. У часы княжання Гедзіміна [1316—41] Вільнюс стаў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Як сталічны горад з замкам і велікакняжацкім палацам Вільнюс упершыню ўпамінаецца ў мірным дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыга ад 2.10.1323. У 1387 горад атрымаў права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. З 1413 цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя правасл. мітрапаліта; існавалі правасл. цэрквы, адна з якіх — Мікалаеўская — пабудавана пры Гедзіміне. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Вільнюсе каля 10 тыс.ж. У 1511 тут дзейнічалі 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага, г.зн. бел., насельніцтва. У пач. 16 ст. ў Вільнюсе (Вільні) бел. першадрукар Ф.Скарына абсталяваў друкарню, у якой выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Паслядоўнік Скарыны бел. друкар П.Мсціславец у 1569 заснаваў у Вільні друкарню з кірылічным шрыфтам. Тут дзейнічала друкарня Мамонічаў, у якой на царк.-слав., старабел., лац. і польск. мовах выдаваліся падручнікі, рэліг.л-ра, законы ВКЛ, у т. л.Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, інш. творы бел. пісьменства. У 1579 езуіты заснавалі Віленскую акадэмію (гл.Віленскі універсітэт). У Вільні быў створаны саюз бел. і літ. шляхты супраць палітыкі абсалютызму караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II — Віленская канфедэрацыя 1716. У 1773 тут заснавана Адукацыйная камісія. З 1795 Вільня у складзе Рас. імперыі, цэнтр Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. Пасля вайны 1812 у Вільні існавалі патрыят. т-вы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, «прамяністых». З Вільняй звязаны пэўныя перыяды жыцця і дзейнасці А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, А.Кіркора, С.Манюшкі, Ф.Багушэвіча і інш. З 1855 працавала Віленская археалагічная камісія, з 1864 — Віленская археаграфічная камісія. У час паўстання 1863—64 у Вільні дзейнічаў Выканаўчы аддзел Літвы на чале з К.Каліноўскім. У 1894—95 у горадзе 286 прадпрыемстваў. Паводле перапісу 1897, у Вільні 154 532 ж. У 1902—03 культ.-асв. гурткі бел. вучнёўскай і студэнцкай моладзі Вільні ўдзельнічалі ў стварэнні бел.рэв. грамады (гл.Беларуская сацыялістычная грамада). З 1906 тут выдаваліся першыя бел. легальныя газ.«Наша доля», «Наша ніва», пазней — час.«Саха», дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецкае т-ва«Наша хата», Кухты М. друкарня. У 1906—15 у Вільні жылі бел. пісьменнікі Я.Купала, Я.Колас, Цётка, К.Буйло, З.Бядуля, Ядвігін Ш. і інш. У галіне бел. адраджэння працавалі каардынацыйныя органы бел.паліт. і грамадскіх арг-цый Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы, адбылася Беларуская канферэнцыя 1918, выдаваліся газ.«Гоман» і інш. 1.1.1919 заснавана Віленская беларуская гімназія. З 27.2 да 21.4.1919 Вільня — адм. цэнтр Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 9.10.1920 войскі пад камандаваннем ген. Л.Жалігоўскага занялі Вільню, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39. З кастр. 1920 Вільня у складзе Сярэдняй Літвы. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 Вільня стала паліт. і культ.-інтэлектуальным цэнтрам Заходняй Беларусі. У горадзе ствараліся і дзейнічалі бел.паліт. партыі, гасп.-эканам., асветныя арг-цыі, установы і т-вы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцяў і інш. У 1920—30-я г. ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Гал. сакратарыят і ЦКБеларускай сялянска-работніцкай грамады, выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А.Луцкевіч, М.Гарэцкі, Б.Тарашкевіч, У.Самойла, А.Станкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, І.Дварчанін, Р.Шырма, Г.Цітовіч, М.Танк, П.Сергіевіч, Я.Драздовіч і інш. 19.9.1939 Вільнюс заняты сав. войскамі. 10.10.1939 паводле сав.-літ. дагавора аб узаемадапамозе Вільня і Віленскі край перададзены Літве. У ліст. 1939 літ. адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. 21.7.1940 абвешчана Літоўская ССР, з 3.8.1940 яна ў складзе СССР. 25.8.1940 Вярх. Савет Літвы абвясціў Вільнюс сталіцай. Адбыўся моцны прыток у Вільнюс літ. насельніцтва. У Вял.Айч. вайну 24.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Аднавілася дзейнасць дасав. літ. адміністрацыі ў асобе т.зв.Літ. самакіравання. У 1941 у Вільнюсе ўзнікла бел.паліт.арг-цыя — Бел.нац.к-т; выдавалася газ.«Беларускі голас». Дзейнічалі бел. гімназія, настаўніцкая семінарыя, Бел. музей. Акупанты стварылі ў Вільнюсе яўр. гета (каля 42 тыс.чал.), вязні якога былі знішчаны ў 1942. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. Пры адступленні фашысты знішчылі каля 40% жыл. фонду горада, 30% буйных прамысл. прадпрыемстваў. За час акупацыі загінула каля 70 тыс. жыхароў горада. У Вільнюсе быў створаны адзін з трох рэгістрацыйных пунктаў для жыхароў горада, якія жадалі выехаць у Польшчу. Да 10.8.1946 у Польшчу выехалі 86,9 тыс. жыхароў горада і наваколля, пазней — яшчэ каля 24 тыс. Адначасова праводзілася масавае перасяленне ў Вільнюс сялян, пераважна з этнічнай Літвы. Да пач. 1950 у горад прыбыло каля 150 тыс. новых жыхароў. Нац. склад жыхароў мяняўся ў бок паступовага павелічэння колькасці літоўскага насельніцтва. Адначасова праводзілася масавая паланізацыя беларусаў-католікаў. У пасляваен. перыяд бел.культ. і паліт. жыццё ў Вільнюсе было амаль поўнасцю спынена. Практычна ўсе бел. дзеячы і іх сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю.
З канца 1980-х г. Вільнюс — гал. цэнтр руху за незалежнасць Літвы (абвешчана 11.3.1991). У Вільнюсе створаны Т-вабел. культуры (1987), клуб аматараў бел.нар. творчасці «Сябрына» і інш. З 1989 у Вільнюсе вядуцца беларускамоўныя перадачы на літ. тэлебачанні і радыё, у 1991 адноўлена выданне газ. «Наша ніва», на ф-це славістыкі Віленскага пед. ун-та дзейнічае кафедра бел. мовы, л-ры і этнакультуры. У 1993 адноўлена Т-вабел. школы, адкрыта бел. сярэдняя школа. Дзейнічае Каардынацыйная рада Бел. згуртавання ў Літве (1992).
Цэнтр горада мае рэгулярную, новыя раёны — радыяльна-змешаную планіроўку. Стары горад (пл. 256,14 га; адзін з самых вялікіх ва Усх. Еўропе) — помнік горадабудаўніцтва і археалогіі, дзе сканцэнтравана большасць помнікаў архітэктуры, 7 плошчаў (гал. — Кафедральная), рэшткі культавага будынка сярэдзіны 13 ст. пад цяперашнім Кафедральным саборам і рэшткі вежы 13 ст. пад званіцай сабора. Арх. помнікі: Пятніцкая царква (13 ст.), Верхні замак (замак Гедзіміна, 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.), гатычныя касцёлы св. Мікалая (1387), св. Яна (1387—1429, 16 ст.), св. Ганны (1501—80), бернардзінцаў (канец 15 ст. — 1581) і інш. Помнікі рэнесансу: Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гар. сцяны, Вял. двор ун-та (1570—18 ст.), алюмнат (пансіён; 1582—1622); касцёлы францысканцаў (канец 15 ст. — 1610), св. Міхала (1594—1625); св. Стафана (1600—12); жылыя дамы 16 — пач. 17 ст. на вул. Замкавай (Пілес). Помнікі барока: касцёлы св. Казіміра (1604—18, рэканструяваны 1749—55), Усіх святых (1620—31), св. Тэрэзы (1633—50), святых Пятра і Паўла на Антокалі (1668—75); палацы Слушкаў (1690—1700), Сапегаў (1691—97) і інш. У канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. сфарміраваўся стыль т.зв.віленскага барока (арх. І.Глаўбіц, Т.Жаброўскі і інш.), да якога адносяцца касцёлы св. Кацярыны (1619—22, перабудаваны ў 1741—43) і місіянераў (1695—1730), брама Базыльянскіх муроў (1761). Будынкі класіцызму: Кафедральны сабор (перабудаваны ў 1777—1801), ратуша (1781—99, цяпер Маст. музей), палац у Верках (Вяркяй; 1781—1810, усе арх. Л.Гуцэвіч); палацы Тызенгаўзаў, Агінскіх, Тышкевічаў (18 — пач. 19 ст.). Помнікі ў стылях ампір — б. губернатарскі палац (1824—32, арх. В.Стасаў), неаготыкі — палац Радушкевічаў (1896, цяпер Дом архітэктараў), рус.-візант. — Знаменская царква (1899—1903), неабарока — дом Вілейшы (1904—06, цяпер Ін-тліт. мовы і л-ры). У 1920—30-я г. пераважала забудова ў стылях мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму: будынак гар.т-ра (1926—29, цяпер Рускі драм.т-р Літвы), мікрараён на Антокалі (1933—35, арх. Л.Вітан-Дубейкаўскі), будынак банка (1938) і інш. Пасля 1950-х г. будынкі ўзводзіліся па тыпавых і індывід. праектах. Індывід. праекты, захоўваючы функцыян. мэтазгоднасць, прапаноўваюць больш свабодную планіроўку, пластычнасць формаў, гарманічную сувязь з наваколлем, арыгінальныя па вырашэнні інтэр’еры (Выставачны палац, арх. В.Чэканаўскас; Т-р оперы і балета Літвы, арх. Э.Бучутэ; Палац спорту і Палац шлюбу, арх. Г.Баравікас; Т-р драмы Літвы і гасцініца «Летува», арх. А. і В.Насвітысы; жылыя раёны Жырмунай, Каралінішкес, Лаздзінай і інш). Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У Вільнюсе знаходзяцца АН Літвы, 5 ВНУ, у т. л.ун-т, кансерваторыя. Б-кі: Літоўская Нацыянальная бібліятэка імя Мажвідаса, Бібліятэка цэнтральная Акадэміі навук Літвы, Вільнюскага універсітэта бібліятэка. 12 музеяў, у т. л.этнагр., архітэктуры, мастацкі з філіяламі — Карціннай галерэяй, Музеем т-ра і музыкі і інш. Філармонія. Т-ры: оперы і балета, драмы, рус.драм., моладзі, лялечны.
З 14 ст. Вільнюсу належыць важная роля ў развіцці бел. мастацтва. Працы бел. мастакоў з Вільні, абразы віленскага паходжання сведчаць пра існаванне ў 15 ст. жывапіснай школы візант. арыентацыі. Закладзеныя Скарынам традыцыі маст. афармлення кнігі прадоўжыла Віленская школа гравюры. З віленскай брацкай Святадухаўскай друкарняй звязана дзейнасць гравёраў П.Камара, Я.Лапацінскага, Я.Перлі. Многія віленскія архітэктары і мастакі працавалі на Беларусі (І.Глаўбіц, Л.Гуцэвіч, П.Перці, І.Шрэтар, М.Шульц і інш.), майстры з бел. зямель — у Вільнюсе (архітэктар і матэматык Т.Жаброўскі, разьбяр Г.Кунтцан, архітэктары Т.Лянкевіч і К.Падчашынскі, мастак Т.Макоўскі). З 16 ст. ў В. існавала першая на Беларусі школа маст. адукацыі ў езуіцкай Віленскай акадэміі, пры ёй М.Радзівілам Сіроткам была створана друкарня. На маст. кафедрах Віленскага ун-та ў канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. атрымалі адукацыю многія мастакі, выхадцы з Беларусі (гл.Віленская мастацкая школа). У 1866—1914 існавала Віленская школа малявання. Значны ўклад у маст. жыццё Вільні зрабілі Віленскі мастацкі гурток (1901—08) і Віленскае мастацкае таварыства (1908—15). У гэты час ладзіліся маст. выстаўкі з удзелам многіх мастакоў з Беларусі, найб. значная з іх (1910) паказала творы навучэнцаў школ Полацка, Віцебска, Маладзечна, Гродна, Слоніма і інш. На з’ездзе настаўнікаў графічных мастацтваў і рамёстваў Віленскай навуч. акругі (1912) прыняты зварот-прапанова да навучэнцаў школ Беларусі і Літвы рабіць замалёўкі помнікаў архітэктуры і памятных мясцін. У 1920—39 у Вільні канцэнтравалася маст. жыццё Зах. Беларусі. Тут жылі і працавалі мастакі М.Васілеўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч, Н.Сасноўская, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, В.Сідаровіч, К.Чурыла, П.Южык і інш., у творчасці якіх выявіўся бел. рамантызм, звязаны з ідэямі нац. адраджэння. Выдаваліся шматлікія ілюстраваныя перыяд. выданні і кнігі. Значную ролю адыгрываў сатыр. часопіс «Маланка» (1926—28), дзе змяшчаліся малюнкі бел. мастакоў. Цэнтрам падрыхтоўкі маст. кадраў быў ф-т прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та, якім кіраваў праф. Ф.Рушчыц. У фондах Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні была сабрана вял. калекцыя твораў стараж.бел. мастацтва. У 1950—90-я г. ў Літоўскай АМ атрымалі адукацыю педагогі і мастакі А.Аблажэй, І.Васільеў, А.Куцікаў, А.Лось, Д.Раманюк і інш. У Вільнюсе жывуць і працуюць бел. мастакі: А.Аблажэй, А. і К.Балаховічы, С.Зялёнка, У.Кузьменка, У.Падбярэзскі, А. і С.Поклады і інш. З 1991 дзейнічае Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Рэгулярна адбываюцца маст. выстаўкі.
Літ.:
Архитектура Вильнюса: [Альбом]. Вильнюс, 1982.
Ю.Шаўцоў (гісторыя пасля 1939), С.В.Харэўскі (архітэктура, бел. мастацкае жыццё ў Вільнюсе).
Герб Вільнюса 16 ст.Панарама Вільнюса. Невядомы мастак 17 ст.Да арт.Вільнюс. Панарама горада.Да арт.Вільнюс. Знаменская царква. 1899—1903.Да арт.Вільнюс. Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гарадской сцяны.Да арт.Вільнюс. Касцёл св. Ганны. 1501—80.Да арт.Вільнюс. Верхні замак (замак Гедзіміна). 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.Да арт.Вільнюс. Касцёл Усіх святых. 1620—31.Да арт.Вільнюс. Касцёл св. Казіміра. 1604—18.Да арт.Вільнюс. Выставачны палац. 1967. Арх. В.Чэканаўскас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Полацкага р-на Віцебскай вобл., на р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Палата. За 100 км ад Віцебска, вузел чыг. ліній на Маладзечна, Віцебск, Невель (Расія), Даўгаўпілс (Латвія) і аўтадарог на Віцебск, Невель, Верхнядзвінск, Глыбокае, Лепель. Аэрапорт. 82,7 тыс.ж. (2000).
П. (летапісны Полотеск, Полотьск, Полтеск; паводле скандынаўскіх саг Pallteskiuborg, Palteskia) — самы стараж. горад Беларусі і адзін з найстаражытнейшых гарадоў усх. славян. Упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» (Лаўрэнцьеўскі і Іпацьеўскі спісы) пад 862. Засн. крывічамі на месцы паселішча балтаў 1-й пал. 1-га тыс. (днепра-дзвінская культура). У 9 ст. размешчаны на беразе р. Палаты на гарадзішчы пл. 0,5 га і селішчы пл. 6 га. Згадваўся ў летапісах у 865 (у час вайны з кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам) і ў 907 (у дагаворы кн. Алега з Візантыяй). У 980 (паводле інш. звестак у 970 ці 975) у час паходу на П. наўгародскага кн.Уладзіміра Святаславіча быў забіты першы гістарычна вядомы полацкі кн.Рагвалод, які «прыйшоў з-за мора». Яго дачка Рагнеда Рагвалодаўна стала жонкай вял. кіеўскага кн. Уладзіміра. Пэўны час П. быў у складзе Кіеўскай Русі. У 10—13 ст. цэнтр буйнога Полацкага княства. Зручнае геагр. становішча на гандл. шляхах (зах.-дзвінскае адгалінаванне шляху «з варагаў у грэкі») садзейнічала яго хуткаму эканам., паліт. і культ. развіццю. У 1105 (магчыма, з 992) у П. існавала епіскапская кафедра (гл.Полацкая праваслаўная епархія). З 988 полацкім князем быў сын Рагнеды Ізяслаў Уладзіміравіч (памёр у 1001), з 1003 — Брачыслаў Ізяславіч, які здзейсніў у 1021 паход на Ноўгарад. Пры Усяславе Брачыславічу [1044—1101] Полацкае княства дасягнула найб. росквіту. У 11—12 ст. горад займаў пл. каля 80 га, меў каля 8 тыс. жыхароў. Нават пасля падзелу ў 1101 княства паміж сынамі Усяслава П. заставаўся буйным паліт. цэнтрам і гал. канкурэнтам Кіева. У 1127 кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў паход паўд.рус. князёў супраць полацкіх князёў, захапіў іх і ў 1129 выслаў у Візантыю. Але пасля вяртання іх дзяцей на радзіму барацьба працягвалася. У 1-й чвэрці 12 ст. актывізавалася гар.веча — сход палачан для вырашэння грамадскіх спраў, пытанняў вайны і міру, гандлю, судовых спрэчак. Ад імя веча («мужоў палачан») падпісваліся дагаворы з Рыгай і ганзейскімі купцамі. У 1132 веча абрала князем Васільку Святаславіча. У 1151 і 1158 за княжацкі трон у П. змагаліся друцкі кн.Рагвалод Барысавіч і мінскі кн.Расціслаў Глебавіч. У 1161 полацкім князем стаў Усяслаў Васількавіч. У 1262—63 у П. княжыў Таўцівіл. У 13 ст. полацкія дружыны разам з лівамі, латгаламі і эстамі змагаліся супраць ням. крыжакоў. З канца 13 — пач. 14 ст. П. у складзе Вялікага княства Літоўскага з правамі поўнай аўтаноміі. У 14 ст. вядомы полацкія князі Воін, Глеб, Андрэй Альгердавіч. З 1392 П. кіравалі намеснікі вял. князя ВКЛ. У 1410 полацкія харугвы ўдзельнічалі ў разгроме Тэўтонскага ордэна пад Грунвальдам. Каля 1490 у П. нарадзіўся бел. першадрукар, асветнік і дзеяч культуры эпохі Адраджэння Ф.Скарына. У 1498 горад атрымаў магдэбургскае права. У 14—16 ст. П. — самы вял. горад у ВКЛ, меў асобыя прывілеі (гл.Полацкае права, Полацкія прывілеі). З 1504 цэнтр Полацкага ваяводства. З 16 ст. горад меў герб: у блакітным полі трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі, вада сярэбраная. У Лівонскую вайну 1558—83 П. у 1563 заняты маск. войскамі Івана IV (гл.Полацка абарона 1563). У 1579 адваяваны войскамі Стафана Баторыя. У 1580 у горад запрошаны прадстаўнікі ордэна езуітаў. З прыняццем Брэсцкай уніі 1596 Сафійскі сабор у П. стаў кафедральным уніяцкім саборам. У 1601 узніклі рамесніцкія цэхі кавалёў, кацельшчыкаў, слесараў, мечнікаў, залатых спраў майстроў і інш. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 20 тыс.ж., пераважна рамеснікі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 у горадзе адбылося Полацкае паўстанне 1633. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 П. заняты рус. войскамі, паводле Андросаўскага перамір ’я 1667 вернуты Рэчы Паспалітай. У Паўночную вайну 1700—21 каля П. стаялі рус. войскі. У чэрв. 1705 іх наведаў цар Пётр I. У выніку 1-га і 2-га падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772 да Расіі адышла правабярэжная, у 1793 — левабярэжная ч. горада. У 1772—76 цэнтр Полацкай правінцыі, з 1776 — Полацкай губерні, у 1778—96 — Полацкага намесніцтва. З 1796 цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ. У 1781 зацверджаны новы герб горада — «Пагоня» (на сярэбраным полі выява конніка са шчытом і ўзнятым мячом). У вайну 1812 пасля захопу 26 ліп.франц. войскамі П. адбыліся Клясціцкія баі 1812, потым Полацкія бітвы 1812. У 19 ст. ў горадзе пераважала рамесная вытворчасць. У 1817—3340 ж.Полацкі царкоўны сабор 1839 прыняў пастанову аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. У 1840—50-я г. было 6—9 гарбарняў (па 3—6 рабочых у кожнай), 3—5 цагельняў, 2—3 піваварні, 8—10 ганчарняў (2—4 рабочыя ў кожнай). У 1860-я г. працавалі тытунёвая ф-ка, гарэлачны з-д (каля 20 рабочых). Значнае месца ў развіцці горада займаў гандаль, пашырэнню якога спрыяла адкрыццё ў 1866 руху на ўчастку Дынабург—П. Рыга-Арлоўскай чыгункі. У 1860 працавалі 122 крамы, у 1865—456. У 1897 у П. 20 294 ж. У 1904 узнікла Полацкая арг-цыяРСДРП. У ліст. 1917 тут адбыўся Другі з’езд салдат 3-й арміі Заходняга фронту, у снежні — Трэці з’езд салдат 3-й арміі Заходняга фронту. З 1919 у РСФСР, з 1924 у БССР — цэнтр Палацкага раёна, у 1924—30 і 1935—38 — Полацкай акругі. З 1938 у Віцебскай вобл., горад абл. падпарадкавання. У пач.Вял.Айч. вайны часці Чырв. Арміі і гарнізон Полацкага ўмацаванага раёна больш як 3 тыдні стрымлівалі праціўніка на подступах да горада (гл.Полацка абарона 1941). 16.7.1941 П. акупіраваны ням.-фашыстамі, якія знішчылі тут каля 150 тыс. жыхароў і ваеннапалонных, усе прамысл. прадпрыемствы, культ.-асв. ўстановы, 96% жыллёвага фонду. Дзейнічала Полацкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 4.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту і партызанамі ў ходзе Полацкай аперацыі 1944. У 1944—54 цэнтр Полацкай вобласці, з 1954 раённы цэнтр Віцебскай вобл. У 1970 у П. 64,2 тыс. жыхароў.
У 9 ст. П. размяшчаўся на берагах р. Палата (адсюль назва горада) на ўмацаваным гарадзішчы. У 11 ст. дзядзінец перанесены на ўзгорак пры ўпадзенні Палаты ў Зах. Дзвіну. У 12—13 ст. горад меў развітую планіровачную структуру; складаўся з пасялення на беразе Палаты (пачатковае гарадзішча і паселішча), Полацкага Верхняга замка, Вял. пасада (на правым беразе Зах. Дзвіны) і Запалоцця (за р. Палата). На тэр. Верхняга замка ў 11 ст. пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У 12 ст. сфарміравалася самабытная Полацкая шкала дойлідства; узведзены Полацкі княжацкі храм, княжацкія палаты, Прадцечанская царква (на в-ве Зах. Дзвіны, не захавалася), у прадмесці Бельчыцы — Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр; засн.Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр і пабудаваны яго саборны храм — Спаса-Праабражэнская царква і храм-пахавальня. У 14 ст. заселены левы бераг Зах. Дзвіны. У 1-й пал. 16 ст. пабудаваны драўляны кальвінскі збор (згарэў у 1660). У 1580 закладзены драўляныя касцёл і калегіум езуітаў, у 1-й пал. 17 ст. ўзведзены мураваныя будынкі Полацкага езуіцкага калегіума. У канцы 16 ст. планіровачная структура горада складалася з Верхняга і Ніжняга замкаў і 6 пасадаў: Вялікага, Запалоцкага, Востраўскага, Якіманскага, Крыўцова (за Зах. Дзвіной), Слабадскога (уздоўж р. Бельчыца); было каля 80 вуліц і завулкаў. П. з’яўляўся важным стратэг. пунктам і меў развітую сістэму абарончых умацаванняў. Верхні і Ніжні замкі былі абнесены драўлянымі сценамі з вежамі і злучаліся паміж сабой пад’ёмным мостам, перакінутым цераз роў. Абарончыя ўмацаванні неаднаразова гарэлі і зноў аднаўляліся. Перад будынкам езуіцкага калегіума пачала фарміравацца Полацкая Парадная плошча. У 17—18 ст. існавала вял. колькасць мураваных манастыроў, цэркваў, касцёлаў, у т. л.Полацкі Богаяўленскі манастыр, Полацкі Кляштар бернардзінцаў, Полацкі кляштар францысканцаў, Полацкі кляштар дамініканцаў, манастыр базыльян. У 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. ў сувязі з войнамі горад заняпаў. Да сярэдзіны 18 ст. склалася прамавугольная сістэма планіроўкі цэнтр.ч. П. У 1778 для правабярэжнай ч. горада распрацаваны рэгулярны праектны план. Уздоўж Зах. Дзвіны па гал. вуліцы (сучасны праспект К.Маркса) запраектаваны 3 плошчы: гал., гар. магістрата і гандл. Галоўная (Парадная, потым Корпусная) плошча ў канцы 18 — пач. 19 ст. забудавана адм. будынкамі ў стылі класіцызму (захавалася часткова). Прамавугольную сістэму планіроўкі атрымала Запалоцце (таксама з 3 плошчамі). У 1838 распрацаваны праект плана для ўсяго горада, паводле якога рэгулярная сістэма планіроўкі развівалася і ў Задзвінскай ч., дзе ў цэнтры была запраектавана прамавугольная плошча. У паўн.-ўсх.ч. горада засн. новыя жылыя кварталы. Паводле генплана П. 1937—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. І.Рапапорт) пабудаваны прамысл. прадпрыемствы, шматпавярховыя жылыя дамы, адм. і грамадскія будынкі. У пасляваен. гады П. развіваўся паводле генплана 1948 («Белдзяржпраект», арх. Г.Заборскі, Л.Мацкевіч, А.Хегай; карэкціроўка 1964, Віцебскі аблпраект, арх. В.Данілаў, А.Данілава, Л.Яніна, З.Даўгяла). Агульнагар. цэнтр размяшчаецца на гал.гар. магістралі — праспекце К.Маркса з сістэмай плошчаў, падпарадкоўваецца гал. кампазіцыйнай восі — Зах. Дзвіне. У 1950—60-я г. рэканструявана цэнтр.ч. горада — пл. Леніна (б. Корпусная, цяпер Свабоды), праспект К.Маркса, вуліцы Гогаля і інш. Сучасны горад забудоўваецца паводле генплана 1972 (Мінскі філіял ЦНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.Чарнышоў, Г.Булдаў, М.Трагубовіч; карэкціроўка 1977). Уключае правабярэжжа, якое чыгункамі і р. Палата падзяляецца на планіровачныя раёны (Цэнтральны, Грамы 1-я і Грамы 2-я, Паўночны, Запалоцце), і левабярэжжа — раён Задзвінне. Арх.-планіровачная структура Цэнтр. раёна — прамавугольная сетка вуліц з дробнымі кварталамі, забудаванымі 2—5-павярховымі дамамі. Адм.-грамадскі цэнтр фарміруецца на пл. Свабоды. На скрыжаванні праспекта К.Маркса з вул. Гогаля ўтворана пл. Ф.Скарыны (у 1974 тут устаноўлены помнік Скарыне). У інш. планіровачных раёнах правабярэжжа пераважае 1-павярховая забудова сядзібнага тыпу. Левабярэжжа складаецца з жылой зоны і паўд.прамысл. раёна. Створаны мікрараён Марыненка з 5—9-павярховай забудовай, гандл. цэнтрам. Зоны адпачынку — поймы Зах. Дзвіны і Палаты. Захаваліся фрагменты забудовы 17—19 ст. па вул. Леніна, Полацкі жылы дом (Дом Пятра I), Полацкая кірха, дамы па вул. Скарыны, б. дом губернатара (у 2000 рэстаўрыраваны). Каля Сафійскага сабора знаходзіцца Барысаў камень (гл.Барысавы камяні) — помнік эпіграфікі 12 ст. Распрацаваны праект рэгенерацыі гіст. забудовы горада 1985 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.Токарава, І.Шамецька). У 2000 у П. пабудаваны мост цераз Зах. Дзвіну, пастаўлены помнік Ефрасінні Полацкай (скульпт. І.Голубеў).
З 10 ст. ў П. развіты кавальскае, ювелірнае, касцярэзнае, гарбарнае, шавецкае і інш. рамёствы. 12 ст. — росквіт пісьменства і адукацыі. Пры манастырах перапісваліся кнігі, вяліся летапісныя запісы, праводзілася навучанне падлеткаў. Дзейнасць Ефрасінні Полацкай апісана ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай» — помніку бел. агіяграфічнай л-ры 12—13 ст. З сярэдзіны 12 ст. тут працавалі дойлід Іаан і майстар-ювелір Лазар Богша. У 1161 Богша зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. З 11 ст. вядомы помнікі эпіграфікі — надпісы, зробленыя ў П. ці выхадцамі з Полаччыны (на сценах Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, на касцях, амфарах, плінфе і інш., Барысавых камянях і Рагвалодавым камені, а таксама надпіс палачаніна Жураговіца на сцяне Сафійскага сабора ў Кіеве). Захаваліся 3 рукапісныя помнікі 12—14 ст. — Полацкія евангеллі. Матэрыяльная культура П. ўключала элементы горадабуд. структуры, асаблівасці фартыфікацыі, побыту, развітое рамяство. У 2-й пал. 13—14 ст. культура П. перажывала некат. заняпад. У 15 ст. тут назіраўся ўздым культ. жыцця. Ад гэтага часу і да 17 ст. ў горадзе існавала 12 манастыроў і каля 18 храмаў. У 1581 засн.Полацкі езуіцкі калегіум, які ў 1812 пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію. Першым рэктарам калегіума быў царк. і паліт. дзеяч, пісьменнік П.Скарга. Тут выкладалі граматыку, рыторыку, паэтыку, лац. і стараж.-грэч. мовы, філасофію, фізіку, астраномію і інш. У 1618—21 і 1626—27 чытаў лекцыі паэт-гуманіст М.К.Сарбеўскі. З калегіума выйшлі мастак В.Ваньковіч, скульптар і гравёр Ф.Талстой, драматург і гісторык Н.Мусніцкі, пісьменнік Я.Баршчэўскі і інш. Пры калегіуме працаваў Полацкі школьны тэатр; створана Полацкай езуіцкай акадэміі бібліятэка. У 17 ст. пры Богаяўленскім манастыры дзейнічалі брацтвы і школа, у якой у 1656 выкладаў педагог, пісьменнік і публіцыст Сімяон Полацкі. У П. складзены зб.бел. музыкі 16—17 ст.«Полацкі сшытак». У 1835 на базе езуіцкай акадэміі і піярскага вучылішча адкрыты Полацкі кадэцкі корпус. З 1872 працавала Полацкая настаўніцкая семінарыя (у 1902 яе скончыў бел. паэт Я.Журба). У пач. 20 ст. працавалі жаночая дзярж. гімназія (гл.Полацкія гімназіі), 6 вучылішчаў рознага профілю, 5 царк.-прыходскіх школ, яўр.рэліг. школа. У 1925—28 дзейнічаў філіял літ. аб’яднання «Маладняк». У 1926 адкрыты Полацкі краязнаўчы музей. У 1936 на базе мясц.т-ра рабочай моладзі створаны калгасна-саўгасны т-р. У 1940—41 працавалі 16 агульнаадук. школ, буд. і лясны тэхнікумы, школьнае і дашкольнае педвучылішчы, 11 клубаў, кінатэатр, 9 б-к. У Вял.Айч. вайну знішчаны ўсе культ.-асв. ўстановы П. У пасляваен. час адноўлены ці адкрыты новыя. Сучасны П. — значны культ. цэнтр Віцебскай вобл. і Беларусі. Тут дзейнічаюць (2000) Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік (уключае больш за 7 пастаянна дзеючых музеяў: Полацкі музей беларускага кнігадрукавання, музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Полацкі музей баявой славы і інш., таксама ахоўную зону стараж. цэнтра горада), пед. каледж, мед. вучылішча, нац. гімназія, 15 сярэдніх, муз. і 2 спарт. школы, Дом дзіцячай творчасці, Цэнтр нац. культуры, 2 нар. т-ры, 3 палацы культуры, 21 б-ка. П. — радзіма многіх дзеячаў культуры, у т. л. Ф.Скарыны, майстра-чаканшчыка па серабры І.Андрэева, рус. і бел. ўсходазнаўца К.Касовіча, этнографа і фалькларыста С.П.Сахарава, бел. кінарэжысёра Ю.В.Тарыча. Паводле меркаванняў некат. даследчыкаў, з Полаччыны паходзіць адзін з аўтараў і герояў «Слова пра паход Ігаравы» — Баян. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі: Ефрасінні Полацкай, Ф.Скарыне, У.М.Азіну, ахвярам фашызму, сав. ваеннапалонным і ахвярам фаш. тэрору, сав. воінам, воінам-гвардзейцам, камсамольцам Полаччыны, Вызвалення; Курган Бессмяротнасці. Помнікі археалогіі — гарадзішча і селішча (9—10 ст.), вал Івана IV Грознага (16 ст.) і інш.
Дзейнічаюць прадпрыемствы металаапр. (Полацкі завод сельгасабсталявання, Полацкі завод «Праммашрамонт»), хім. (Полацкі завод шкловалакна, італа-бел. прадпрыемства «Аджы Вуполста»), будматэрыялаў (Полацкі камбінат будматэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў), дрэваапр. (акц.т-ва «Палатэск»), лёгкай (Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Сафія», ільнозавод, акц.т-ва «Мона»), харч. (камбінат хлебапрадуктаў, мясакамбінат, кансервавы з-д, малочны камбінат, хлебазавод, піўзавод, вінзавод) прам-сці; паліграфпрадпрыемства «Спадчына Ф.Скарыны», ЦЭЦ, раённае аб’яднанне Дзяржкамсельгастэхнікі, гідраметэастанцыя, лясгас, рыбгас «Полацкі». У П. знаходзяцца: Полацкі філіял Бел. камерцыйнага ун-та кіравання, Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж, Полацкі лясны тэхнікум, Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум, Полацкі педагагічны каледж, 3 ПТВ, мед. вучылішча, Нац. гімназія, Дом дзіцячай творчасці, Цэнтр нац. культур і рамёстваў, 2 нар. тэатры, 3 палацы культуры. П. — цэнтр Полацкай епархіі праваслаўнай царквы.
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Штыхов Г.В. Древний Полоцк IX—XIII вв. Мн., 1975;
Яго ж. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978;
Полоцкие грамоты ХІП — начала XVI вв. М., 1977—85;
Полоцк: Ист. очерк. 2 изд. Мн., 1987;
Раппопорт П.А. Полоцкое зодчество XII в. // Сов. археология. 1980. № 3;
Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992;
Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;
Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны: Гісторыя Крыжа святой Еўфрасінні Полацкай. Мн., 1998;
Тарасаў С.В. Полацк IX—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн., 1998.