АГНО́ЗІЯ (ад а... + грэч. gnōsis пазнанне, распазнаванне),

парушэнне працэсаў распазнавання навакольных прадметаў і з’яў пры захаванні свядомасці і адчувальнасці. Узнікае пры шырокім пашкоджанні пэўных аддзелаў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Адрозніваюць агнозію зрокавую («душэўная слепата»), калі хворы не пазнае знаёмыя прадметы, людзей (агнозія на людзей), але вастрыня зроку захавана, агнозію слыхавую — хворы не здольны распазнаваць гукі, агнозію адчувальную — немагчымасць распазнаваць знаёмыя прадметы на дотык (астэраагноз), агнозію нюхальную і смакавую — парушэнне распазнавання знаёмых прадметаў і рэчаў па іх паху і смаку. У некаторых выпадках хворы не арыентуецца ў частках свайго цела.

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вакаліскапі́я

(ад лац. vocalis = гучны + -скапія)

распазнаванне голасу, выдзяленне прымет, якія вызначаюць галасавы тракт таго, хто гаворыць, шляхам ідэнтыфікацыі вакаліграм.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ірыдыядыягно́стыка

(ад гр. iris, -idos = радуга, радужная абалонка + дыягностыка)

распазнаванне хвароб у чалавека па стану яго радужнай абалонкі вока, «вочная» дыягностыка.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МО́МАНТ (ад лац. momentum рухаючая сіла, штуршок) у філасофіі, вельмі кароткі прамежак часу, міг, імгненне, калі наступае, здзяйсняецца што-н.; істотныя абставіны, састаўная частка, асобны бок якой-н. з’явы (напр., станоўчы М.). Г.​Гегель увёў паняцце для абазначэння састаўной часткі вял. цэлага, якая вылучана паводле якаснага ці дынамічнага, але не прасторавага ці мех. прынцыпу (напр., М. светапогляду ў сац. рэвалюцыі). У псіхалогіі М. наз. розныя пачуцці валявога дзеяння. Да іх адносяцца М. вобраза, формы, структуры (гештальта) пры аналізе цэласнай структуры псіхічных працэсаў, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем і ўзаемазалежнасцю асобных частак (распазнаванне мелодыі ў розных танальнасцях яе выканання і інш.), а не іх сумай. Гл. таксама Момант у тэорыі імавернасцей, Момант імпульсу, Момант інерцыі, Момант сілы і інш.

В.​В.​Краснова.

т. 10, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ірыдадыягно́стыка

(ад гр. iris, -idos = радуга, радужная абалонка + diagnostikos = здольны распазнаваць)

мед. распазнаванне хвароб у чалавека па радужнай абалонцы яго вачэй; «вочная» дыягностыка.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ДЫЯ́ГНАЗ (ад дыя... + грэч. gnōsis распазнаванне),

медыцынскае заключэнне пра стан арганізма хворага, захворванне (траўму) ці прычыну смерці, выражанае ў тэрмінах, прынятых класіфікацыямі і пералікам хвароб. Д. — заключны эта дыягностыкі. Ён дапамагае выбраць аптымальныя метады лячэння і прафілактыкі. Адрозніваюць 4 віды Д. Клінічны Д. адлюстроўвае асаблівасці захворвання канкрэтнага хворага і назву пэўнай хваробы. Для яго ўстанаўлення вызначаюць прыроду і механізм развіцця хваробы, ускладненні і хваробы, якія развіваюцца адначасова, характар і ступень парушэння функцый сістэм. Бывае папярэдні і заключны. Патолагаанатамічны Д. устанаўлівае ўрач-патолагаанатам пасля смерці хворага на аснове марфал. змен. Эпідэміялагічны Д. — заключэнне аб прычынах і асаблівасцях узнікнення, развіцці, цячэнні і знікненні эпідэміял. ачага. На яго аснове складаецца план супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Судова-медыцынскі Д. — спец. заключэнне аб сутнасці пашкоджання (хваробы), стане хворага ці прычыне смерці, складзенае на аснове суд.-мед. экспертызы.

М.​Ф.​Сарока.

т. 6, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕНУКЛІ́ДНАЯ ДЫЯГНО́СТЫКА, радыеізатопная дыягностыка,

распазнаванне паталагічных змен асобных органаў і сістэм арганізма з дапамогай радыеактыўных прэпаратаў. Заснавана на рэгістрацыі і вымярэнні выпрамяненняў ад уведзеных у арганізм радыеактыўных прэпаратаў або радыеметрыі біял. проб. Р.д. з выкарыстаннем радыенуклідаў адлюстроўвае іх рух і размеркаванне ў органах і тканках і не ўплывае на цячэнне фізіял. працэсаў. Актыўнасць радыенукліда, які выкарыстоўваецца пры Р.д., памяншаецца ў выніку яго распаду (фіз. працэс) і вывядзення прэпарату з арганізма (біял. працэс). З мэтай візуалізацыі ў Р.д. выкарыстоўваюцца радыенукліды, што выпраменьваюць гамафатоны (высокаэнергет. эл.-магн. выпрамяненне). Каб пазбегнуць празмернага ўздзеяння на пацыента, перыяд паўраспаду радыенукліда павінен складаць ​1/3 часу даследавання, якое цягнецца ад 10 мін да некалькіх гадзін. Р.д. дазваляе вывучаць абмен рэчываў, функцыю органаў і сістэм, скорасць руху крыві і лімфы, транзіт кішэчнага змесціва, сакраторна-экскрэторныя працэсы і інш.

А.​М.​Міхайлаў.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭЛЕ́КТ ШТУ́ЧНЫ,

раздзел інфарматыкі, які вывучае метады, спосабы і прыёмы мадэліравання і ўзнаўлення з дапамогай ЭВМ разумовай дзейнасці чалавека, звязанай з рашэннем розных задач. Асн. дастасаванні адносяцца да робататэхнікі і стварэння метадаў, сродкаў і тэхналогій праектавання камп’ютэрных сістэм спец. класа — інтэлектуальных сістэм (ІС).

Сфарміраваўся як навук. кірунак у пач. 1970-х г. на аснове дасягненняў псіхалогіі, біялогіі, медыцыны, нейрафізіялогіі, лінгвістыкі, семіётыкі, матэм. логікі, праграміравання, выліч. тэхнікі, стварэння баз ведаў, экспертных сістэм і інш. Асн. праблемы: мадэліраванне разважанняў, фарміраванне паняццяў, распазнаванне вобразаў (у т. л. зрокавых, гукавых), прагназаванне адаптацыі, вылічэнняў, творчасці і інш., а таксама рэалізацыя мадэлей гэтых працэсаў у ІС. Адрозненне ІС ад традыц. камп’ютэрных сістэм: магчымасць навучацца новым відам дзейнасці — знаходзіць рашэнне задачы без папярэдне зададзенага алгарытму, напр., карыстальнік дае патрэбнае заданне, а праграму для яго выканання ІС будуе сама.

Літ.:

Искусственный интеллект: Справ. Кн. 1—3. М., 1990.

т. 7, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыя́гназ

(гр. diagnosis = распазнаванне)

1) вызначэнне хваробы на падставе абследавання хворага;

2) біял. навуковае апісанне асноўных прымет, якія характарызуюць пэўную сістэматычную групу (від, род і г. д.) раслін або жывёл.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ІНФАРМАЦЫ́ЙНЫЯ МО́ВЫ,

спецыялізаваныя сістэмы абазначэнняў, якія ствараюцца для аптымізацыі падачы інфармацыі з мэтай яе назапашвання, перадачы і перапрацоўкі; разам з міжнар. мовамі-пасрэдніцамі складаюць штучныя дапаможныя мовы. Характарызуюцца вял. камунікатыўнымі магчымасцямі з-за адсутнасці ў іх шматзначнасці, аманіміі і сінаніміі. Маюць пэўныя слоўнікі (гл. Дэскрыптар, Тэзаўрус) і правілы граматыкі, што забяспечвае адназначныя запіс інфармацыі і алгарытмічнае распазнаванне (атаясамліванне) запісаных рознымі спосабамі фактаў.

Вылучаюць 3 асн. падкласы І.м.: інфарм.-кіруючыя — алгарытмічныя мовы, якія ствараюцца для запісу камандаў ад чалавека да камп’ютэра (больш за 500 моў; гл. Мова праграміравання); інфарм.-лагічныя для фармалізацыі паняццяў пэўнай галіны ведаў з дапамогай спец. сімвалаў; інфарм.-пошукавыя для запісу інфармацыі, яе назапашвання і дакладнай выдачы па запыце карыстальніка (больш за 1 тыс. моў, напр., алфавітна-прадметныя каталогі, патэнтныя класіфікацыі, міжнар. лічбавая універсальная класіфікацыя ў бібліятэчнай справе).

Літ.:

Москович В.А. Информационные языки. М., 1971;

Котов Р.Г., Якушин Б В Языки информационных систем. М., 1979.

Н.​Б.​Мячкоўская, М.​П.​Савік.

т. 7, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)