Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРЫ́ДНЫ РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,
хімічны ракетны рухавік, паліва якога мае кампаненты рознага агрэгатнага стану. Цвёрды кампанент (паліва або акісляльнік) размяшчаецца ў камеры згарання, у якую падаецца вадкі (або газападобны) кампанент (акісляльнік або паліва). Па канструкцыі і параметрах — прамежкавы паміж вадкаснымі і цвердапаліўнымі ракетнымі рухавікамі.
Першы ў свеце гібрыдна ракетны рухавік канструкцыі М.К.Ціханравава створаны ў СССР (1933). Паліва (пастападобны раствор каніфолі ў бензіне) размяшчалася ў кальцавым зазоры паміж корпусам і цэнтр. трубкай з адтулінамі. Акісляльнік (вадкі кісларод) падаваўся пад ціскам уласнай пары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕНІ́ТНЫ РАКЕ́ТНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць функцыянальна звязаных баявых і тэхн. сродкаў для знішчэння паветраных цэлей зенітнымі кіроўнымі ракетамі (ЗКР); адзін з асн. сродкаў ППА. Сукупнасць функцыянальна і тактычна звязаных адзіным камандным пунктам З.р.к. утварае зенітную ракетную сістэму (ЗРС).
Распрацаваны ў канцы Вял.Айч. вайны, у 1950-я г. прыняты на ўзбраенне ў арміях СССР, ЗША і інш. Мае адну ці некалькі пускавых установак, сродкі выяўлення, апазнавання і цэлеўказання, а таксама кіравання ЗКР, тэхн. сродкі (трансп., рамонтныя і інш.) і крыніцы эл. сілкавання. Адрозніваюць наземныя і карабельныя З.р.к.; далёкага дзеяння (на адлегласці больш за 100 км), сярэдняй (ад 30 да 100 км) і малой (ад 10 да 30 км) далёкасці, бліжняга дзеяння (да 10 км); усепагодныя і неўсепагодныя; стацыянарныя і рухомыя (самаходныя, буксіравальныя і пераносныя). Падраздзяленні ППАУзбр. Сіл Беларусі забяспечаны З.р.к. малой далёкасці «БУК», блізкага дзеяння «ОСА-АКМ», а таксама ЗРС С-300 П (С-300-В), С-200-В («Вега») і інш.
З.А.Валевач.
Да арт.Зенітны артылерыйскі комплекс: зенітны пушачна-ракетны комплекс «Тунгуска-М».Зенітны ракетны комплекс БУК-М1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ДКАСНЫ РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,
ракетны рухавік, які працуе на вадкім паліве; асн. тып рухавікоў касм. апаратаў. Схему рухавіка распрацаваў К.Э.Цыялкоўскі (1903). Адрозніваюць асноўныя (для разгону ракеты) і дапаможныя (рулявыя, тармазныя і інш.). У залежнасці ад акісляльніку бываюць кіслародныя, азотнакіслотныя, фторныя і інш. Гаручае — газа, вадарод, аміяк і інш.
Складаецца з камеры згарання, рэактыўнага сапла, сістэм сілкавання, рэгулявання падачы і ўзгарання паліва і дапаможных агрэгатаў. Сістэма сілкавання палівам — выцясняльная (газабалонная) ці турбапомпавая. Гаручае і акісляльнік змешваюцца і ўзгараюцца ў камеры, адкуль газавы струмень праз сапло з вял. скорасцю выкідваецца ў навакольнае асяроддзе і стварае цягу. Асн. ахалоджванне камеры ажыццяўляецца цёкам гаручага па каналах у сценцы. У сучасных вадкасных ракетных рухавіках выкарыстоўваецца двухкампанентнае ракетнае паліва (складаецца з акісляльніку і гаручага, якія захоўваюцца ў асобных баках) і аднакампанентнае (вадкасць, здольная да каталітычнага раскладання). Выкарыстоўваюцца таксама ў балістычных ракетах далёкага дзеяння, зенітных кіроўных ракетах і інш.