Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ БЕЛАРУ́СКАГА ТЭЛЕБА́ЧАННЯ І РА́ДЫЁ Створаны ў 1932 як секстэт домраў з артыстаў аркестра рус.нар. інструментаў Бел. радыёкамітэта. У рэпертуары творы рус. і зах.-еўрап. класікі, апрацоўкі фальклору народаў б.СССР. У 1935 удзельнічаў у першых запісах бел. музыкі на грампласцінкі (інстр. і вак. творы бел. кампазітараў, апрацоўкі бел.нар. песень у выкананні Л.Александроўскай, І.Балоціна, М.Дзянісава, Р.Млодак, В.Несцярэнкі, М.Пігулеўскага). Выступаў таксама з хорам Бел.радыё. У 1941—44 не працаваў. З 1971, пасля ўключэння ў ансамбль арфы, баяна, цымбалаў і ўдарных інструментаў, сучасная назва. Рэпертуар узбагачаецца за кошт пералажэнняў сусв. папулярнай музыкі розных кірункаў. Кіраўнікі: Г.Лабанок (з 1938), Г.Жыхараў (з 1946), Л.Смялкоўскі (з 1960), А.Халшчанкоў (1976—79), Я.Валасюк (1983—91), А.Арабей (з 1995). Сярод салістаў (1998): Г.Радзько, Т.Пячынская. В.Кучынскі, А.Золатава.
Літ.:
Жураўлёў Дз.М. Камерна-інструментальны ансамбль Беларускага тэлебачання і радыё. Мн., 1982.
Н.Я.Бунцэвіч.
Камерна-інструментальны ансамбль Беларускага тэлебачання і радыё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР БЕЛАРУ́СКАГА ТЭЛЕБА́ЧАННЯ І РА́ДЫЁ, Сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Створаны ў 1958 як канцэртна-эстрадны, з 1975 эстр.-сімф., з 1979 сімф. аркестр, з 1958 гал. дырыжор Ю.Бяльзацкі, з 1961 — маст. кіраўнік і гал. дырыжор Б.Райскі (у 1965 дырыжор Я.Глебаў), з 1989 — засл. дз. маст. Украіны В.Лявонаў, з 1993 — А.Лапуноў. Напачатку аркестр выконваў пераважна творы лёгкай музыкі, з 1960-х г.гал. ўвагу аддаваў буйным сімф. творам. Калектыў прапагандуе музыку бел. кампазітараў. Здзейсніў фондавыя запісы опер бел. кампазітараў «Агатка, ці Прыезд пана» Я.Голанда, «Фауст» А.Радзівіла, «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса, «Андрэй Касценя» М.Аладава, «У пушчах Палесся» А.Багатырова, «Зорка Венера» Ю.Семянякі, «Сівая легенда» Дз.Смольскага, «Матухна Кураж» С.Картэса; радыёоперы «Барвовы золак» К.Цесакова; музыкі балетаў «Альпійская балада», «Выбранніца», «Маленькі прынц» Глебава, муз. камедый «Паўлінка» Семянякі і «Несцерка» Р.Суруса; сімфоній Л.Абеліёвіча, М.Аладава, У.Алоўнікава, Глебава, Ф.Пыталева, Цесакова, а таксама творы Г.Гарэлавай, Г.Ермачэнкава, А.Клеванца, В.Кузняцова, І.Лучанка, А.Хадоскі і інш. Запісаў шэраг твораў класічнага рэпертуару і сучасных кампазітараў. Першы выканаўца сюіты з балета «Маленькі прынц» і 5-й сімфоніі Глебава, фп. канцэрта Абеліёвіча, 3-й і 4-й сімфоній А.Мдывані, 2-й сімфоніі У.Дарохіна, сімфоніі-канцэрта «Каляды. Ражаство» Суруса, 4-й сімфоніі «Белая Русь» Хадоскі, скрыпічнага канцэрта Гарэлавай, кантаты «Трава-мурава» Л Шлег і інш. Значнае месца займае канцэртная і гастрольная дзейнасць. Удзельнічае ў аўтарскіх канцэртах бел. кампазітараў. З аркестрам выступалі і рабілі запісы бел. і замежныя спевакі і інструменталісты.
Літ.:
Мдзівані Т. Удзячнасць пошуку // Мастацтва Беларусі. 1983. № 5;
Яе ж Новые пути оркестра // Муз. жизнь. 1983. № 8;
Друкт А. Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё. Мн., 1984.
А.А.Друкт, В.У.Мазанік.
Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё. 1990-я г.