КЛА́СТЭРНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел тэорыі распазнавання вобразаў, у якім разглядаюцца задачы разбівання (класіфікацыі) дадзенай сукупнасці аб’ектаў на групы (кластэры) блізкіх паміж сабой паводле вызначаных прыкмет аб’ектаў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне (напр., аўтаматызаваная дыягностыка захворванняў), крыміналістыцы (напр., у дактыласкапіі), метэаралогіі (прагназаванне надвор’я), геалогіі (аналіз новых радовішчаў), распазнаванне друкаванага ці рукапіснага тэксту, мовы чалавека і інш.

Задачы К.а. бываюць з зададзеным ці невядомым лікам кластэраў, без навучання і з навучаннем з дапамогай чалавека-эксперта, з саманавучаннем распазнавання вобразаў. У залежнасці ад складанасці пастаўленай задачы для адной і той жа сукупнасці аб’ектаў можна выбіраць розныя прыкметы і іх колькасць. Адной з праблем К.а. з’яўляецца выбар найменшай колькасці незалежных прыкмет, паводле якіх адбываецца разбіванне на кластэры. Дзве групы аб’ектаў лічацца рознымі кластэрамі, калі яны выразна раздзелены і канцэнтруюцца вакол сваіх цэнтраў, маюць розную шчыльнасць размяшчэння аб’ектаў, а адлегласць паміж аб’ектамі любога кластэра значна меншая за адлегласць паміж кластэрамі.

На Беларусі даследаванні па праблемах К.а. праводзяцца ў БДУ і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН.

Літ.:

Дюран Б., Оделл П. Кластерный анализ: Пер. с англ. М., 1977;

Т у Дж.Т., Гонсалес Р.К. Принципы распознавания образов: Пер. с англ. М., 1978.

С.​У.​Абламейка, В.​В.​Старавойтаў.

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКЕТЫНГ (англ. marketing ад market рынак),

сістэма арганізацыі і кіравання вытворча-збытавой дзейнасцю прадпрыемства (фірмы), заснаваная на комплексным аналізе рынку. Аснову М. складае: вывучэнне і прагназаванне попыту на прадукцыю і паслугі прадпрыемства; ажыццяўленне мер па павышэнні іх якасці і спажывецкіх уласцівасцей; наладжванне камунікацый, ажыццяўленне рэкламных мерапрыемстваў; арг-цыя даступнага пасляпродажнага і сервіснага абслугоўвання пакупнікоў; фарміраванне попыту спажыўцоў шляхам стымулявання ў іх патрэбы ў новых таварах і інш. Для ажыццяўлення функцый М. на прадпрыемствах (фірмах) ствараюцца спец. падраздзяленні (аддзелы, службы) М. Першапачаткова М. быў звязаны з продажам фізічных прадуктаў (спажывецкіх тавараў, прадукцыі вытв. прызначэння); цяпер М. называецца ўсё, што можна прапанаваць на рынку для набыцця, выкарыстання або спажывання, з мэтаю задавальнення пэўных патрэб — фізічныя прадметы, паслугі, арганізацыі, віды дзейнасці, ідэі і інш. (напр., М. паслуг, М. арганізацый, М. месцаў, персанальны М., М. ідэй). Адрозніваюць таксама М. дыферэнцыраваны — стратэгія дзейнасці на рынку, калі прадпрыемства імкнецца асвойваць адразу некалькі сегментаў рынку са спецыяльна для іх распрацаванай прадукцыяй, канцэнтраваны — стратэгія дзейнасці, калі прадпрыемства мае вял. долю рынку на адным або некалькіх невял. сегментах рынку, масавы — масавая вытв-сць аднаго прадукту, прызначанага адразу для некалькіх катэгорый пакупнікоў, і інш.

О.​В.​Філіпава.

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ПРАБЛЕ́М ВЫКАРЫСТА́ННЯ ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ І ЭКАЛО́ГІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1932 у Мінску як Ін-т торфу АН Беларусі, з 1990 сучасная назва. Лабараторыі (1998): кліматалогіі, аптымізацыі геасістэм, інфарм. забеспячэння прыродакарыстання, мадэліравання геаэкасістэм, трансфармацыі рэчыва і энергіі ў геаэкасістэмах, фіз.-хім. механікі прыродных дысперсных сістэм, калоіднахім. асноў эколагабяспечных тэхналогій, хіміі і хім. тэхналогій цвёрдага паліва, фіз.-хім. метадаў даследаванняў, выкарыстання і аховы тарфяных радовішчаў, сапрапеляў, біягеахіміі ландшафтаў, аграэкалогіі; навук.-тэматычная група «Масларастваральныя паверхнева-актыўныя рэчывы»; аддзелы: канструктарска-тэхналагічны, замежных сувязей і навук-тэхн. інфармацыі; эксперым. база «Дукора». Аспірантура (з 1957), дактарантура (з 1989).

Асн. кірункі даследаванняў: ацэнка, прагназаванне і аптымізацыя антрапагенных уздзеянняў на навакольнае асяроддзе; навук. абгрунтаванне стварэння рэсурсазберагальных тэхналогій, здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання цвёрдых гаручых выкапняў. Вынікі даследаванняў: вывучаны генезіс, фіз.-хім. ўласцівасці торфу і сапрапеляў, распрацаваны эколагабяспечныя і рэсурсазберагальныя тэхналогіі іх выкарыстання ў нар. гаспадарцы; вывучаны механізмы ўтварэння гумусу; зроблена ацэнка прыродна-рэсурснага патэнцыялу Беларусі; вызначаны заканамернасці ўздзеяння прыродных антрапагенных фактараў на геахімію і геафізіку ландшафтаў, распрацаваны матэм. мадэлі для вывучэння функцыянавання прыродных сістэм. У Ін-це працавалі акад. АН Беларусі Б.В.Ерафееў, чл.-кар. Ф.А.Апейка, П.І.Бялькевіч, І.Р.Блох, В.Г.Гарачкін, Б.К.Клімаў, У.Я.Ракоўскі; працуюць акад. Нац. АН Беларусі М.М.Бамбалаў, І.І.Ліштван (ганаровы дырэктар), чл.-кар. У.Ф.Логінаў (дырэктар з 1997), А.А.Цярэнцьеў, 13 дактароў навук.

В.​Ф.​Іконнікаў.

т. 7, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТАЛО́ГІЯ,

навука аб палітыцы, паліт. жыцці грамадства, паліт. працэсах, сістэмах і з’явах, дзейнасці людзей, накіраванай на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады. Як навука склалася да сярэдзіны 20 ст. Аб’ект П. — паліт. жыццё грамадства ў яго розных праяўленнях, усталяванне і функцыянаванне паліт. улады. Прадмет П. — заканамернасці паліт. жыцця вял. сац. супольнасцей і малых груп людзей, узнікнення, развіцця і функцыянавання механізмаў улады, паліт. поглядаў і інтарэсаў, паліт. дзейнасці, развіцця паліт. працэсаў у цэлым. Асновай П. як тэорыі і практыкі з’яўляюцца адносіны паміж паліт. суб’ектамі адносна ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх карэнных інтарэсаў. Асн. катэгорыі П. — палітыка, улада, дзяржава, культура палітычная, палітычная сістэма грамадства, палітычныя працэсы, ідэалогія, свядомасць, інтарэсы, ін-ты і інш. Для вывучэння паліт. структур, працэсаў і з’яў П. выкарыстоўвае 3 асн. групы метадаў: агульнанавуковыя, сац.-гуманітарныя і спец.-навуковыя (вызначэнне рэйтынгу партый палітычных і паліт. лідэраў з улікам пэўных паліт. дзеянняў у канкрэтнай паліт. сітуацыі, імітацыйнае паліт. мадэліраванне, праектаванне і прагназаванне з выкарыстаннем элементаў тэорыі гульняў, сацыялаг. маніторынг паліт. сітуацыі або мнагамерны статыст. аналіз дзяржаў, партый. Функцыі П.: пазнавальная — пазнанне паліт. рэчаіснасці, даследаванне прыроды і крыніц улады; інструментальная — вызначэнне эфектыўных спосабаў пераўтварэння паліт. і інш. сфер грамадства; палітычная сацыялізацыя — фарміраванне паліт. культуры людзей, пошук месца ў паліт. рэчаіснасці; дыягнастычная — вызначэнне адпаведнасці паліт. праграм, дзеянняў, паліт. суб’ектаў інтарэсам і патрэбам вялікіх сац. груп; рэгулятыўная — забеспячэнне ўздзеяння суб’ектаў палітыкі на паліт. працэсы пры дапамозе ін-таў улады, што дазваляе рэалізаваць правы людзей на ўдзел у паліт. жыцці; прагнастычная — распрацоўка магчымых сцэнарыяў і прадбачанне развіцця паліт. працэсаў і з’яў; аналітычная — аналіз вынікаў паліт. дзейнасці розных паліт. суб’ектаў; аксіялагічная — ацэнка паліт. працэсаў, з’яў, дзеянняў палітыкаў і інш.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́СЛЕННЕ,

форма духоўнай, пазнавальна-творчай дзейнасці чалавека, якая заключаецца ў мэтанакіраваным, апасродкаваным і абагульненым пазнанні прадметаў, з’яў і працэсаў і дае ўяўленне аб іх сутнасці, уласцівасцях, сувязях і адносінах; найвышэйшая ступень чалавечага пазнання. З’яўляецца функцыяй чалавечага мозга, уяўляе сабой прыродны працэс, не існуе па-за грамадствам, па-за мовай і па-за ведамі, што назапашаны чалавецтвам, а таксама па-за выпрацаванымі спосабамі і метадамі мысліцельнай дзейнасці — лагічнымі, матэматычнымі і інш. Чалавек здольны ўтвараць агульныя паняцці і іх сістэмы (тэорыі), рабіць лагічныя вывады і доказы. Вынікам М. з’яўляюцца: пастаноўка і вырашэнне практычных і тэарэт. праблем, пазнанне заканамернасцей развіцця прыроды, грамадства і самога М., прагназаванне падзей і дзеянняў. Здольнасць чалавека да М. дазваляе атрымліваць веды пра ўласцівасці, сувязі і адносіны аб’ектаў, якія недаступны непасрэднаму эмпірычнаму пазнанню, вызначаць магчымасці іх развіцця, рабіць лагічна абгрунтаваныя вывады, накіраваныя на рэгуляванне жыццядзейнасці грамадства і чалавека (дзейнасці, паводзін і адносін), на далейшае развіццё самога М. Можа быць канкрэтным або абстрактным у залежнасці ад накіраванасці на канкрэтныя ці ідэальныя прадметы. М. — гэта не «чыста» суб’ектыўная інтэлектуальная здольнасць і актыўнасць чалавека. Кожны асобны індывід становіцца суб’ектам М., калі ён авалодае паняццямі, логікай, мовай, якія самі з’яўляюцца прадуктам развіцця грамадска-гіст. практыкі і культуры. Грамадскія ўмовы, у якіх жыве чалавек, і культура — гэта не знешнія дэтэрмінанты М., а яго «ўнутраная форма», якая вызначае розныя тыпы сацыяльнасці і культуры М. Як вельмі складаны феномен М. з’яўляецца аб’ектам вывучэння розных навук: філасофіі (вывучае формы і законы М.), фізіялогіі вышэйшай нерв. дзейнасці (вывучэнне фізіял. апарата і механізмаў М.), гнасеалогіі (аналіз суб’ектыўнага і аб’ектыўнага, пачуццёвага і рацыянальнага, эмпірычнага і тэарэт.), логікі (навукі аб формах, правілах і аперацыях М), а таксама псіхалогіі, сацыялогіі, лінгвістыкі, кібернетыкі і інш. навук.

Веды аб М. з’явіліся спачатку ў рамках філасофіі і прывялі да вычлянення М. з агульнай сукупнасці псіхічных працэсаў. Пытанне аб прыродзе М., узаемаадносінах М. і быцця было цэнтр. праблемай у гісторыі філас. думкі (гл. Свядомасць, Матэрыялізм, Ідэалізм). Змест і катэгарыяльная структура М. ўдасканальваюцца з развіццём пазнання і грамадскай дзейнасці чалавека, яго патрэб і інтарэсаў. У гісторыі чалавецтва вядомы розныя тыпы М.: магічнае, архаічнае, сімвалічнае, паняційнае, лагічнае і інш. У філасофіі былі і ёсць розныя падыходы да разумення прыроды і сутнасці М.: дыялект. матэрыялізм разглядае М. як вышэйшую ступень актыўнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці, а крытэрыем сапраўднасці М. лічыць практыку; неапазітывісцкія і інш. плыні аналіт. філасофіі вылучаюць на першы план фармальна-лагічныя аспекты М.; інтуітывісцкія, фенаменалагічныя і экзістэнцыялісцкія канцэпцыі разглядаюць М. як сузіранне ідэальных сутнасцей (фенаменалогія) або адмаўляюць здольнасць чалавека да рацыянальнага пазнання аб’ектыўнай рэчаіснасці (інтуітывізм, экзістэнцыялізм).

Літ.:

Брушлинский А.В., Поликарпов В.А. Мышление и общение. Мн., 1990;

Леви-Строс К. Первобытное мышление: Пер. с фр. М., 1994;

Мамардашвили М.К. Эстетика мышления. М., 1999.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 11, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)