старажытнае балцкае племя, якое жыло ў сярэдняй ч. сучаснай Латвіі ў бас.р. Ліелупе. Густынскі летапіс называў іх жэмайтамі. Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, гандлявалі з суседнімі плямёнамі. У 11—13 ст. былі на стадыі распаду племяннога ладу і ўтварэння феад. адносін. Паводле Лаўрэнцьеўскага летапісу ў 1106 полацкія князі Усяславічы ўчынілі паход на З., але пацярпелі паражэнне. У 13 ст. З. вялі ўпартую барацьбу з крыжакамі, у 1290 канчаткова заваяваны Лівонскім ордэнам. Пазней разам з інш. плямёнамі ўвайшлі ў склад лат. народнасці.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ЖГА (Баляслаў Рычардавіч) (31.3.1887, Рэжыцкі пав. Віцебскай губ., цяпер Латвія — 30.9.1957),
бел. і латышскі археолаг, гісторык, археограф, філолаг. Д-р гісторыі (1933). Скончыў Віцебскую гімназію (1910), Маскоўскі археал.ін-т (1916). З 1918 заг. Віцебскага аддз. гэтага ін-та, з 1992 у Віцебскім губ. архіве, з 1925 у Латвіі. Даследаваў гіст. сувязі беларусаў і латышоў, гісторыю паўстання 1863—64 на тэр. Віцебшчыны, вывучаў Полацкія летапісы («Адносіны палачан і латышоў у VIII—XVIII стст.», 1926; «Замкі Віцебшчыны», 1933; «Нарысы па гісторыі сялянскіх рухаў у Латгаліі 1577—1907», 1956), складаў бібліяграфію па гісторыі Беларусі, збіраў матэрыял для параўнальнага аналізу бел. мовы і латгальскага дыялекту, у Латв. ун-це вёў курс стараж.бел. пісьменства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСКУ́Н (Юрый Аляксандравіч) (н. 27.8.1955, Мінск),
бел. мастак, мастацтвазнавец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1980). У 1984—94 працаваў у Музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 2000 нам. дырэктара Нац.маст. музея Беларусі. З 1994 выкладае ў Бел.АМ. Працуе ў жанрах партрэта, пейзажа, тэматычнай карціны. Аўтар жывапісных твораў; «Час пералётных птушак», «Сланечнікі» (абодва 1983), «Вяселле ў Беражцах» (1985), «Зіма» (1986), «Святочная раніца» (1987), «Раю раіўся» (1994), «Госці», «Старасвецкая мелодыя» (абедзве 1996), «Трава і дрэвы» (1995), «Палескі каравай», «Сакалінае паляванне» (абедзве 1998); трыпціхаў «Яблычны спас» (1999), «Шляхамі Драздовіча» (2000); габеленаў «Полацкія званы» (1990), «Малітва» (1991, з В.Дзёмкінай); сцэн. касцюмаў для бел. ансамбляў, у т. л. «Харошкі», «Песняры» і інш. Творам характэрны рамант. ўзнёсласць, вытанчаная прапрацоўка вобразаў, сюжэтная завершанасць. Іл.гл. да арт.Партрэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́Я ПРЫВІЛЕ́І,
заканадаўчыя акты ВКЛ, якія юрыдычна замацоўвалі аўтаномныя правы некат. зямель (княстваў, ваяводстваў, паветаў). Даваліся вял. князем ВКЛ. Грунтаваліся на мясц.звычаёвым праве, а таксама выпрацоўваліся адм. і судовай практыкай. Найб. вядомыя абласныя прывілеі: Віцебскія 1503, 1509, 1561; Полацкія 1511, 1547, 1580, 1634, 1699; Смаленскі 1505; Кіеўскія 1507, 1529; Валынскія 1501, 1509, 1547; Бельскія 1501, 1547; Драгічынскія 1511, 1547; Мсціслаўскі 1551.
Найб. тыповыя абласныя прывілеі — Віцебскі 1503 і Полацкі 1511. У іх замацаваны старадаўняе абавязацельства вял. князя не ўмешвацца ў царк. справы палачан і віцяблян, гарантаваны іх маёмасныя і асабістыя правы. Ваяводы ў Полацк і Віцебск павінны былі прызначацца толькі са згоды мясц. насельніцтва. Судзіць палачаніна можна было толькі ў Полацку паводле полацкага права. За баярамі і мяшчанамі гэтых зямель прызнавалася права свабоднага выезду за мяжу.
Літ.:
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЕЦКІ З’ЕЗД 1097,
з’езд 6 князёў Кіеўскай Русі ў г. Любеч (на Дняпры, Украіна, на мяжы з Рэспублікай Беларусь), якія сабраліся, каб спыніць міжусобіцы, аб’яднаць сілы для барацьбы з полаўцамі. З’езд устанавіў прынцып спадчыннасці княжацкіх уладанняў: «кожны няхай трымае вотчыну сваю». Паводле пастановы з’езда Святаполк Ізяславіч атрымаў Кіеў, Тураў, Пінск, Берасце (Брэст) і тытул вял. князя; Уладзімір Манамах — Пераяслаўскае княства, Суздальска-Растоўскую зямлю, Смаленск, Белавозера; Алег Святаславіч і Давыд Святаславіч — Северскую зямлю з Чарнігавам, Разань, Мурам, Тмутаракань; Давыд Ігаравіч — Уладзімір Валынскі з Луцкам; Васілька Расціславіч (з братам) — Церабоўль, Чэрвень, Перамышль. Полацкія князі (Усяслаў Брачыславіч і яго сыны) не ўдзельнічалі ў Л.з. 3 таго часу Руская зямля больш не лічылася адзіным уладаннем княжацкага дома Рурыкавічаў, а стала сукупнасцю асобных «вотчын». Л.з. не спыніў усобіц. Адразу пасля з’езду яго ўдзельнікі Давыд Ігаравіч і Святаполк заманілі да сябе і асляпілі церабоўльскага князя Васільку, што прывяло да новых міжусобіц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́І (лац. privilegium ад privus асаблівы + lex закон),
заканадаўчыя акты ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай і інш.феад. дзяржавах, якімі вял. князі ці каралі давалі або пацвярджалі асаблівыя правы пануючага класа, саслоўя, пэўных сац. або этнічна-рэліг. груп, асоб. У гісторыка-прававой л-ры вылучаюць П. льготныя, даравальныя і ахоўныя. У ВКЛ былі таксама агульназемскія прывілеі (пашыраліся на ўсіх феадалаў), абласныя прывілеі, гарадскія, валасныя (на насельніцтва асобных тэрыторый). Першы агульназемскі П. — Прывілей 1387. Важнае канстытуцыйнае значэнне мелі Прывілей 1447, Прывілей 1492. Самыя стараж. абласныя П. — Полацкі і Віцебскі (прыкладна 1392—99, гл.Полацкія прывілеі, Віцебскія прывілеі). З ростам і ўмацаваннем гарадоў пачалі выдавацца П. асобным гарадам (гл.Магдэбургскае права). Вядомы П. канфесіям, яўрэям, татарам. Да выдання Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588 — асн. крыніца пісанага права на тэр. Беларусі, многія П. мелі юрыд. значэнне на працягу некалькіх стагоддзяў. Пра найб. значныя П. гл. асобныя артыкулы.
Літ.:
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТГЕНШТЭ́ЙН (Пётр Хрысціянавіч) (5.1.1769, г. Нежын, паводле інш. звестак г. Пераяслаў-Хмяльніцкі, Украіна — 11.6.1843),
рускі ваенны дзеяч. Граф, з 1834 князь. Ген.-фельдмаршал (1826). З роду Вітгенштэйнаў. На вайск. службе з 1781. Удзельнік польск. кампаніі 1794, вайны з Персіяй 1795—96, рус.-аўстра-франц. вайны 1805, рус.-тур. вайны 1806—12, кампаніі 1807 супраць Францыі, рус.-швед. вайны 1808—09. З кастр. 1810 камандзір 1-га пях. корпуса 1-й Зах. арміі М.Б.Барклая дэ Толі, прыкрываў паўн. частку зах. граніцы Расіі. У вайне 1812 удзельнічаў у вырашальных бітвах на тэр. Беларусі. Пакінуты для самаст. дзеянняў у раёне Дрысы—Полацка для прыкрыцця стратэг. напрамку на Пецярбург, корпус Вітгенштэйна стаў фактычна асобнай арміяй, вызваляў ад французаў Полацк, Лепель і інш. (гл.Полацкія бітвы 1812, Клясціцкія баі 1812, Чашніцкія баі 1812, Бярэзінская аперацыя 1812). Са снеж. 1812 Вітгенштэйн галоўнакаманд. Зах. арміяй, у крас. — маі 1813 камандаваў аб’яднаным рус.-прускім войскам, рус. войскамі ў складзе Багемскай (Галоўнай) арміі. З 1818 галоўнакаманд. 2-й арміяй, чл.Дзярж. савета. У 1828—29 камандаваў рус. войскам у вайне з Турцыяй.
раннехрысціянскія творы пра жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста. Узніклі на мяжы 1—2 ст.н.э., аўтарамі Е. лічаць апосталаў або іх вучняў. Е. падзяляюцца на кананічныя — ад Матфея, Марка, Лукі і Іаана (уваходзяць у Новы Запавет) і апакрыфічныя (гл.Апокрыфы). На Беларусі Е. бытуюць з 10 ст. Найбольш стараж. Е., якія дайшлі да нас, — Тураўскае (11 ст.), Аршанскае (13 ст.), Полацкія (12—14 ст.), Мсціжскае (13—14 ст.), Друцкае, Лаўрышаўскае (14 ст.), Жыровіцкае (15 ст.), Шарашоўскае (16 ст.; гл. адпаведныя артыкулы). Евангельскія сюжэты, вобразы, прытчы, сімвалы шырока выкарыстоўвалі ў літ. і асветніцкай дзейнасці Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Ф.Скарына, В.Цяпінскі (першы надрукаваў Е. на старабел. мове), С.Будны, Л. і С.Зізаніі, Л.Карповіч, М.Сматрыцкі, А.Філіповіч і інш. Сюжэты, змест і вобразы Е. выкарыстоўвалі майстры скульптуры, жывапісу, кніжнай графікі, пісьменнікі (Сімяон Полацкі, М.Багдановіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.Караткевіч і інш.).
Літ.:
Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.
Да арт.Евангеллі. «Евангелле вучыцельнае» Каліста. Еўе. 1616.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ЛЕ́ТАПІС,
адзін з першых гісторыка-літаратурных твораў, напісаных на бел. землях. Не збярогся, таму час узнікнення, аўтар, змест і характар дакладна не высветлены. Вядомы паводле нешматлікіх прамых і ўскосных звестак у розных пісьмовых крыніцах. На думку С.М.Салаўёва, У.Ц.Пашуты, Л.В.Аляксеева і інш. вучоных, асобныя ўрыўкі П.л. ёсць у Кіеўскім летапісе, які збярогся ў складзе Іпацьеўскага летапісу (звесткі пра полацкія падзеі 2-й пал. 12 ст.). Найб. значны і цікавы з іх — апавяданне, датаванае 1159 (фактычна 1158), пра вяртанне ў Полацк выгнанага палачанамі кн. Рагвалода Барысавіча, напісанае рукой відавочцы падзей жыва, з яркімі дэталямі, з выкарыстаннем простай мовы. Як сведчыць рас. гісторык В.М.Тацішчаў, у П.л., адным са спісаў якога ён карыстаўся пры напісанні «Гісторыі Расійскай», расказвалася пра полацкіх, віцебскіх, мінскіх і інш.зах.-рус. князёў. Відаць, летапіс быў прысвечаны гісторыі Полацкай зямлі 10—13 ст. Паводле меркаванняў некат. гісторыкаў (А.П.Сапуноў, М.М.Ціхаміраў), сапраўдным урыўкам з П.л. з’яўляецца і т.зв. аповесць пра Святохну, змешчаная пад 1216 у «Гісторыі Расійскай» Тацішчава (т. 3), хаця большасць даследчыкаў прызнае яе літаратурным творам 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ВЕ́РХНІ ЗА́МАК.
На правым беразе р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Палата. Умацаваны цэнтр Полацка 11—17 ст. Займаў узвышша пл. 9,44 га. Быў абкружаны валам з У, па краі пляцоўкі стаялі драўляныя сцены — гародні з вежамі. Схілы пляцоўкі неаднаразова ўмацоўваліся — «тамаваліся» (паводле археал. звестак, упершыню каля 1363). Паводле «Полацкай рэвізіі 1552 г.», на замку было 9 вежаў, у сярэдзіне 17 ст. — 10. Першае паселішча на тэр. замка ўзнікла ў канцы 9 — пач. 10 ст. У сярэдзіне 11 ст. з мыса на левым беразе Палаты сюды перанесены ўмацаваны дзядзінец горада, пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У 12 ст. каля Сафійскага сабора збудаваны храм Архангела Міхаіла, у паўн. частцы замка — княжацкія палаты. Замак як адм. цэнтр горада існаваў да 17 ст. У сувязі з развіццём ваен. справы ён страціў фартыфікацыйныя, а потым і паліт. функцыі. Археал. даследаванні П.В.з. праводзілі А.М.Ляўданскі (1928), М.К.Каргер (1957), А.Ф.Мітрафанаў (1959—60), В.Р.Тарасенка (1961—62), Г.В.Штыхаў (1967, 1980), В.А.Булкін (1975—79), С.В.Тарасаў (1989). Даследавана каля 2 тыс.м² плошчы.
Літ.:
Штыхов Г.В. Древний Полоцк IX—XIII вв. Мн., 1975;
Тарасаў С.В. Полацк IX—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн., 1998.
С.В.Тарасаў.
Да арт.Полацкі Верхні замак. Полацкія замкі. Фрагмент малюнка С.Пахалавіцкага «Аблога Полацка 29.8.1579».