Станаўленне і развіццё паліталогіі на Беларусі звязана з гіст. эвалюцыяй сусв.паліт. думкі, растучай роляй палітыка-ўладных адносін і механізмаў кіравання грамадствам. Погляды бел. мысліцеляў і асветнікаў, вучоных у галіне сац.-гуманіт. ведаў у той або іншай ступені адлюстроўвалі сусв.паліт. рэаліі: гуманіст. ідэі еўрап. краін, асаблівасці сац. ўладкавання і паліт. працэсаў у Кіеўскай Русі, ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі і СССР. Па меры назапашвання ведаў і асэнсавання працэсаў трансфармацыі дзяржаўнасці і барацьбы за нац. незалежнасць у бел.паліт. думцы ўдакладняліся канцэптуальныя падыходы да тлумачэння палітыкі, характару ўзаемаадносін дзяржавы з асобай і грамадствам. Унутрана ўласцівая ёй паліт. талерантнасць, успрымальнасць да хрысц.гуманіст. ідэалаў, асветніцтва, дэмакр.-вызваленчага руху абумовілі яе арганічную адаптыўнасць да агульначалавечых каштоўнасцей і накіраванасць да нац. ідэнтычнасці, самабытнасці і суверэннасці бел. народа. Гэтыя рысы ўласцівы творчасці Ф.Скарыны, С.Буднага, Міколы Гусоўскага, В.Цяпінскага, М.Сматрыцкага, А.Філіповіча, Сімяона Полацкага, А.Волана, Л.Сапегі, В.Дуніна-Марцінкевіча, І.Страйноўскага, К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, дзеячаў нац. культуры найноўшага часу. Іх сац.-паліт. погляды і практычная дзейнасць былі накіраваны на сцвярджэнне гуманіст. ідэалаў дабра і справядлівасці, законнасці і правапарадку, арганізацыю грамадскага жыцця на прынцыпах сац. і нац. роўнасці, свабоды перакананняў, раздзялення ўлад, забеспячэння законных інтарэсаў і правоў грамадзян, у т. л. права валодання ўласнасцю.
Паліталогія як навука стала запатрабаванай бел. грамадствам толькі ў пач. 1990-х г., пасля набыцця Беларуссю статуса суверэннай дзяржавы. У 1992 групай вучоных, палітыкаў, журналістаў і бізнесменаў створаны Незалежны ін-тсац.-эканам. і паліт. даследаванняў, у 1993 заснаваны Мінскі НДІсац.-эканам. і паліт. праблем, у 1996 — Ін-тсац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Цэнтр сацыялагічных і паліт. даследаванняў БДУ. Супрацоўнікі гэтых устаноў аналізуюць розныя аспекты функцыянавання паліт. сістэмы і развіцця паліт. працэсаў, іх уплыў на станаўленне дэмакр. асноў бел. дзяржаўнасці і ін-таў грамадз. супольнасці. Навук. даследаванні ў галіне паліталогіі каардынуюць Асацыяцыя паліт. навук і грамадская Акадэмія паліт.навук. Паліталогія выкладаецца студэнтам ВНУ як абавязковая дысцыпліна. У вядучых ун-тах краіны створаны кафедры паліталогіі. Выдаюцца калектыўныя (БДУ, Бел.эканам.ун-т, Гродзенскі ун-т, Бел.нац.тэхн.ун-т) і індывідуальныя (Н.М.Беляковіч, П.І.Бондар, Ю.П.Бондар, У.А.Мельнік) падручнікі і навуч. дапаможнікі па паліталогіі. Упершыню ў пед. практыцы на аснове інавацыйных тэхналогій распрацаваны і рэкамендаваны Мін-вам адукацыі Рэспублікі Беларусь вучэбна-метадычны комплекс па паліталогіі (П.І.Бондар, Ю.П.Бондар). Пры яе вывучэнні выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя метады і прыёмы навучання (тэсціраванне, дыялог, дыскусіі, сітуацыйныя задачы, выступленні ў якасці лектара і інш.). У БДУ, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Рэсп. ін-це вышэйшай школы ажыццяўляецца падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі прафес. палітолагаў.
Тэарэт. праблемы паліталогіі, метадалагічныя падыходы да аналізу бел.дзярж. палітыкі даследуюць Н.А.Антановіч, А.М.Байчораў, Н.М.Беляковіч, П.І.Бондар, У.А.Мельнік, С.В.Рашэтнікаў, П.П.Украінец. Гісторыя і асаблівасці працэсу эвалюцыі грамадска-паліт. думкі Беларусі раскрываюцца ў працах А.Ф.Вішнеўскага, Т.І.Доўнар, У.М.Конана, І.Я.Навуменкі, С.А.Шалькевіча і інш. Прыярытэтным кірункам сац.-паліт. даследаванняў з’яўляецца вывучэнне перадумоў і тэндэнцый станаўлення бел. дзяржаўнасці, рэальнага ўплыву на працэсы нац. ідэнтыфікацыі дзярж.-паліт. ін-таў Кіеўскай Русі, ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, сав. ладу жыцця (І.А.Басюк, П.І.Брыгадзін, Ф.В.Круталевіч, В.Ф.Слука, І.А.Юхо і інш.). Высвятляюцца стратэгічныя задачы і праблемы сучаснай дзяржаўнасці, духоўна-каштоўнасная сутнасць нац. ідэі, альтэрнатывы пераходнага грамадства (В.М.Абрамава, А.М.Данілаў, Л.Ф.Заіка, В.І.Карбалевіч, В.П.Оргіш, Т.С.Процька, П.Г.Чыгрынаў і інш.).
Вопыт і ўрокі канстытуцыйнага развіцця краіны ва ўмовах паліт. трансфармацыі асвятляюцца ў працах Р.А.Васілевіча. Вывучаюцца паліт. асновы фарміравання прававой дзяржавы і грамадз. супольнасці, перспектывы іх усталявання ў Беларусі (А.М.Дзенісенка, А.І.Манаеў, Н.В.Паўлава, Г.І.Сцяпанаў, Т.С.Процька, В.Г.Ціхіня, В.І.Шабайлаў), месца і роля ў структуры дэмакратыі паліт. партый і рухаў (У.А.Бабкоў, А.М.Бадулін, А.У.Баранава, І.В.Катляроў, М.В.Кузняцоў), правоў і свабод чалавека (Н.М.Беляковіч, А.Дз.Гусеў, І.І.Катляр, Л.Ф.Яўменаў). Комплексна даследуюцца працэсы паліт. мадэрнізацыі на Беларусі, назапашанага вопыту дзярж.буд-ва і кіравання, сучаснай геапалітыкі. Іх вынікі адлюстраваны ў працах Я.М.Бабосава, У.А.Бажанава, П.І.Бондара, Ю.П.Бондара, В.В.Бушчыка, У.П.Вараб’ёва, Н.П.Дзенісюк, Л.Я.Землякова, А.У.Матусевіча, П.Г.Нікіценкі, С.В.Рашэтнікава, А.А.Сакалоўскага. Патрэбнасцямі сац.-паліт. пераўтварэнняў і пераадолення негатыўных з’яў у духоўна-ідэалагічнай сферы абумоўлена з’яўленне шэрагу навук. прац па ідэалогіі бел. дзяржаўнасці (Я.М.Бабосаў, Л.В.Вартанава, А.С.Майхровіч, У.А.Мельнік, В.В.Шынкароў, Я.С.Яскевіч). У калект. выданні Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь «Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы» абазначаны прыярытэты і змест даследчага пошуку, канцэптуальныя падыходы да ідэалагічных мэт і задач пераходнага перыяду. У апошнія гады прадметам вывучэння становяцца праблемы эфектыўнасці дзярж. палітыкі, узровень дэмакратычнасці правячай і апазіцыйнай эліт, практыка рэалізацыі паліт. і грамадз. правоў і свабод, фактары і ўмовы, якія перашкаджаюць усталяванню прынцыпаў грамадз. супольнасці і прававой дзяржавы, узмацненню грамадскага кантролю ўлады.
Літ.:
Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половине XVII вв. Мн., 1984;
Матусевич А.В. Политическая система: состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;
Тихиня В.Г. Тернистый путь к правовому государству. Мн., 1995;
Евменов Л.Ф. Тотальный кризис и права человека. Мн., 1996;
Данилов А.Н. Власть и общество: Поиск новой гармонии. Мн., 1998;
Мельник В.А. Республика Беларусь: власть, политика, идеология. Мн., 1998;
Яго ж. Политология. 4 изд. Мн., 2002;
Павлов Н.В., Степанов Г.И. Гражданское общество и правовое государство. Мн., 1999;
Решетников С.В. Политология в Республике Беларусь: теоретико-методологические и прикладные аспекты. Мн., 1999;
Государственное управление: политика в действии Мн., 2000;
Решетников С.В., Антонович Н.А. Системный подход как методология анализа публичной политики. Мн., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАСО́ФІЯ (грэч. philosophia любоў да мудрасці),
асаблівая форма пазнання свету, якая выпрацоўвае сістэму ведаў пра фундаментальныя прынцыпы і асновы быцця, сутнасць чалавека і яго адносіны да прыроды, грамадства і духоўнага жыцця ва ўсіх яго асн. праяўленнях. Дазваляе стварыць гранічна абагульненую карціну рэчаіснасці, ролі і месца ў ёй чалавека з яго разнастайнымі патрэбнасцямі, інтарэсамі, ідэаламі, каштоўнаснымі арыентацыямі. Адрозненні ў філас. канцэпцыях, што складваюцца ў залежнасці ад інтарэсаў індывідаў і сац. груп, пераважна звязаны з суадносінамі чалавека і навакольнага свету, суб’екта і аб’екта, свядомасці і быцця. У сувязі з гэтым узніклі розныя варыянты матэрыялізму і ідэалізму, а таксама такія процілеглыя падыходы да рэчаіснасці як дыялектыка і метафізіка, рацыяналізм і эмпірызм, натуралізм і спірытуалізм, дэтэрмінізм і індэтэрмінізм. Сярод асн. функцый Ф. вылучаюць светапоглядную, гнасеалагічную і метадалагічную, г.зн. Ф. выступае ў ролі сістэмы агульных уяўленняў чалавека пра свет і сваё месца ў ім (светапогляд), тэорыі пазнання (гнасеалогія), вучэння пра метады (метадалогія). Унутры Ф. традыцыйна адрозніваюць адносна самаст. галіны філас. ведаў: анталогію, гнасеалогію, логіку і дыялектыку. Да філас.-светапоглядных дысцыплін адносяць этыку, эстэтыку, аксіялогію, філасофію гісторыі, філасофію культуры, гісторыю філасофіі, філасофію сацыяльную, філасофію палітыкі, Ф. права, Ф. навукі, Ф. рэлігіі і інш.
Першыя філас.-рэліг. вучэнні ўзніклі ў Індыі (веданта, джайнізм, будызм і інш.), Кітаі (канфуцыянства, маізм, легізм, даасізм) і Стараж. Грэцыі (7—6 ст. да н.э.). Ф. прыйшла на змену поглядам, для якіх быў характэрны антрапамарфізм. Ант. дыялектыка стала гістарычна першай формай дыялектыкі (Геракліт). Стройную сістэму навук.-філас. ведаў стварылі Дэмакрыт, Сакрат, Эпікур, Платон, Арыстоцель. У рэчышчы перыпатэтызму (гл.Перыпатэтычная школа) развівалі свае вучэнні прадстаўнікі сярэдневяковай араб. філасофіі Кіндзі, Фарабі, Ібн Сіна, Ібн Рушд. Ф. еўрап. сярэдневякоўя развівалася пераважна ў рэчышчы хрысц. культуры (патрыстыка, схаластыка, Фама Аквінскі, І.Дунс Скот, У.Окам). У эпоху Адраджэння адбыўся сінтэз хрысц. Ф. з ант.філас. традыцыяй (Г.Галілей, Мікалай Кузанскі, Дж.Бруна, М. дэ Мантэнь). Разнастайнасцю светапоглядных пазіцый і кірункаў адзначана Ф. новага часу і Асветніцтва (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Р.Дэкарт, Б.Спіноза, Дж.Лок, Дж.Берклі, Д.Юм, Г.Лейбніц). Метады рацыянальнага пазнання як фактара разумнай арганізацыі грамадства паклалі ў аснову сваёй Ф. прадстаўнікі класічнай нямецкай філасофіі (І.Кант, І.Г.Фіхтэ, Ф.В.Шэлінг, Г.Гегель). Ідэалізм Гегеля і рэлігію крытыкаваў Л.Феербах, Ф. якога паўплывала на фарміраванне філас. поглядаў К.Маркса і Ф.Энгельса (гл.Марксізм). У Расіі ў 18—пач. 20 ст. развіваліся матэрыяліст. Ф. рэвалюцыйных дэмакратаў, філас. канцэпцыі славянафілаў і заходнікаў, рэліг.-этычныя і гістарыясофскія погляды Ф.М.Дастаеўскага і Л.М.Талстога. Гэтая тэндэнцыя сінтэзавала Ф. ўсеадзінства У.С.Салаўёва, з якой бяруць пачатак вучэнні вядучых прадстаўнікоў рус.рэліг. Ф. (С.М.Булгакаў, С.Л.Франк, М.А.Лоскі, Л.П.Карсавін, П.А.Фларэнскі, М.А.Бярдзяеў, В.В.Розанаў). Ідэя ўнутр. адзінства чалавека і космасу пакладзена ў аснову Ф. рус. касмізму (М.Ф.Фёдараў, У.І.Вярнадскі, К.Э.Цыялкоўскі). У Зах. Еўропе ў 1-й пал. 19 ст. пачаўся пераход ад класічных форм Ф. да некласічных (вульгарны матэрыялізм, пазітывізм, неакантыянства, прагматызм, філасофія жыцця, махізм). На ідэаліст. Ф. 20 ст. паўплывалі фенаменалогія, філасофская антрапалогія. Важную ролю ў развіцці сучаснай фармальнай логікі і семіётыкі адыгралі прадстаўнікі неапазітывізму. Уплывовымі кірункамі філас. думкі сталі персаналізм, экзістэнцыялізм, неатамізм, філас. герменеўтыка (Г.Г.Гадамер, П.Рыкёр), структуралізм, крытычны рацыяналізм.
На Беларусі Ф. ўзнікла ў 10—11 ст. пасля прыняцця хрысціянства ў бел. княствах, якія ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, і ўсталявання культ. сувязей з Візантыяй і зах.-еўрап. краінамі. Хрысц. разуменне свету і высокіх духоўна-маральных каштоўнасцей чалавека знайшло ўвасабленне ў творчасці Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. Філас. накіраванасцю і гуманізмам пазначаны творы Ф.Скарыны, які лічыў, што ў Бібліі выкладзена не толькі боская мудрасць, але і арыстоцелева Ф., і таму мудрэц павінен быць прасякнуты «духам святым і філасофіяй». С.Будны прапаведаваў канцэпцыю антытрынітарызму (гл.Антытрынітарыі), якая вяла да дэізму, вучэнне пра натуральнае паходжанне Хрыста; ён адмаўляў бессмяротнасць душы і лічыў, што ў аснове паводзін чалавека павінны ляжаць разумныя маральныя прынцыпы, а не страх пакарання або надзея на ўзнагароду ў замагільным царстве. Матэрыяліст. і ідэаліст. ідэі, вучэнне пра аўтаномны характар маральнай свядомасці і паводзін чалавека прапанавалі «эпікурэйцы» К.Бекеш і С.Лован. Элементы натуральнага погляду на гісторыю меліся ў сац.-філас. поглядах А.Волана, які лічыў, што прычынай узвышэння або ўпадку грамадства з’яўляюцца людзі, іх норавы, сац. інтарэсы і матывы, а не Бог. З пазіцый рацыяналістычнага пазнання навакольнага свету і заканамернага натуральнага развіцця прыроды выступаў К.Лышчынскі. З канца 18 ст. развівалася пераважна схаластычная Ф., заснаваная на тэалагічнай інтэрпрэтацыі вучэння Арыстоцеля (М.Сарбеўскі, С.Лаўксмін і інш.). У 2-й пал. 18 ст. ўзмацніўся ўплыў ідэалогіі і Ф. новага часу, распаўсюдзіліся эклектычная Ф. (А.Скарульскі, Б.Дабшэвіч, С.Шадурскі і інш.), вучэнне фізіякратаў, якія лічылі, што адыход чалавецтва ад разумення законаў прыроды непазбежна выкліча няшчасці, бедствы і беспарадкі. У 19 ст. развіваліся тэндэнцыі прыродазнаўчага матэрыялізму, радыкальныя сац.-утапічныя ідэі, звязаныя з пошукам шляхоў сац. і нац. вызвалення (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Я.Лучына, Я.Купала, Я.Колас, Цётка, А.Луцкевіч і інш.). На мяжы 19—20 ст. на Беларусі распаўсюдзіліся ідэі марксізму, а пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 з’явіліся філас. працы, у якіх распрацоўваліся праблемы пазнання, быцця, нац. свядомасці, гісторыі Ф. (І.Канчэўскі, У.Самойла, Б.Э.Быхоўскі, С.Я.Вальфсон, У.І.Пічэта, А.Цвікевіч і інш.). У 1931 у Мінску створаны Інстытут філасофіі АНБССР (гл.Інстытут філасофіі і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі). З 1950-х г. пачаліся сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і грамадска-паліт. думкі Беларусі. 1960—80-я г. адзначаны сур’ёзнымі распрацоўкамі ў галіне матэрыяліст. дыялектыкі, метадалогіі навук. пазнання, сац. філасофіі, філас. пытанняў прыродазнаўства, духоўнай сферы і выхавання. З 1990-х г. на Беларусі праводзяцца комплексныя даследаванні па праблемах логікі і метадалогіі навук. пазнання (А.І.Зелянкоў, У.К.Дукашэвіч, Дз.І.Шыраканаў, Я.С.Яскевіч), сац. Ф. (Я.М.Бабосаў, В.І.Боўш, А.М.Елсукоў, Ю.А.Харын), гісторыі Ф. (Э.К.Дарашэвіч, У.М.Конан, А.С.Майхровіч, С.А.Падокшын, В.Ф.Шалькевіч і інш.).
Тэндэнцыі развіцця сучаснай Ф. звязаны з пошукам новых падыходаў, светапоглядных арыентацый і праграм у розных сферах жыццядзейнасці людзей, з асэнсаваннем такіх праблем, як глабальны экалагічны крызіс, лёс сучаснай цывілізацыі і спосабы прадухілення рэальных пагроз яе існаванню, дынаміка і перспектыва сусв.культ. працэсу, гуманізацыя грамадскіх адносін, шляхі ўмацавання дэмакр. ін-таў і механізмаў функцыянавання грамадз. супольнасці, гранічнае пашырэнне магчымасцей чалавека ў яго ўзаемадзеянні з навакольным светам і інш.
Літ.:
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;
Развитие марксистско-ленинской философии в БССР (20—70-е гг.). Мн., 1984;
Лукьянов А.Е. Становление философии на Востоке (Древний Китай и Индия). М., 1989;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;
Рассел Б. История западной философии...: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000;
Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994;
Юлина Н.С. Очерки по философии в США: XX век. М., 1999;
Асветнікі зямлі Беларускай, X — пач. XX ст.: Энцыкл.давед.Мн., 2001;
Шаповалов В.Ф. Основы философии: От классики к современности. 2 изд. М., 2000;
Новая философская энциклопедия. Т. 1—4. М., 2000—01.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТОРЫЯ ФІЛАСОФСКАЙ І ГРАМАДСКАЙ ДУМКІ
Філасофская і грамадска-паліт. думка Беларусі ўзнікла ў 10—11 ст. у выніку прыняцця хрысціянства і ўсталявання культ. сувязей з Візантыяй і заходнееўрап. краінамі, што дало імпульс распаўсюджванню разнастайных перакладных твораў — тэалагічных, тэолага-філас., шматлікіх хронік і зборнікаў, гіст. і павучальна-дыдактычных аповесцей і інш. рукапісных кніг. У той час філасофія была арганічна звязана з тэалогіяй, сцвярджала хрысц. маральную дактрыну, пабудаваную на прынцыпе духоўнай самакаштоўнасці чалавека. У славянскіх землях сталі вядомы творы візантыйскіх аўтараў, у прыватнасці, філас. раздзелы «Вытоку ведаў» Іаана Дамаскіна, які імкнуўся да выкарыстання ў хрысц. тэалогіі ідэй антычнай філасофіі. Гэтую тэндэнцыю ўспрыняў мысліцель і пісьменнік 12 ст. Клімент Смаляціч Пафасам асветніцкай працы, сцвярджэння ідэалаў дабра і справядлівасці, высокіх маральных якасцей і духоўнасці прасякнута дзейнасць Ефрасінні Полацкай. У творах Кірылы Тураўскага знайшло ўвасабленне хрысц. разуменне свету і прызначэння чалавека, яго духоўна-маральнай сутнасці. З канца 14 ст. ў філас. і грамадска-паліт. думцы Беларусі ўзмацніліся рэнесансавыя тэндэнцыі, абумоўленыя ўплывам гуманіст.еўрап. культуры, адносным дэмакратызмам дзярж. ладу, завяршэннем працэсу фарміравання бел. этнасу і старабел. мовы. Ф.Скарына паклаў пачатак развіццю ў нац.філас. думцы трывалай гуманіст. традыцыі, асновай якой стала сцвярджэнне ідэі маральна ўзвышальнага значэння культуры, ведаў, розуму, пафасу служэння свабодзе, агульнаму нац. дабрабыту. Гэтыя традыцыі развівалі ў сваіх творах М.Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, А.Волан, браты Л. і С. Зізаніі і інш., погляды якіх адлюстроўвалі імкненні эпохі Адраджэння. Бел. мысліцелі-гуманісты падзялялі нац.-дзярж. дактрыну новага часу, прызнавалі права кожнага народа на самастойнае паліт. і культ. развіццё. Набылі пашырэнне ідэі і тэорыі грамадскага дагавору і натуральнага права, захавання законнасці і развіцця прававой свядомасці людзей. Пра гэта сведчаць унікальныя помнікі тагачаснага права — Статуты Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588, у якіх прапаведавалася ідэя прававой дзяржавы, абвешчаны прынцыпы вяршэнства закона, урадавай абароны правоў і свабод чалавека. З сярэдзіны 16 ст. на Беларусі актывізаваўся рэфармацыйны рух, распаўсюджваўся пратэстантызм, выспявалі матэрыяліст. і атэістычныя ідэі (С.Лован, К.Бекеш). Гэты перыяд адметны пашырэннем неакаталіцызму (яго ідэолагі П.Скарга, І.Пацей і інш.), узнікненнем шматлікай палемічнай літаратуры (Х.Філалет, М.Сматрыцкі, С.Зізаній, А.Філіповіч і інш.). Неабходнасць пашырэння ведаў, пазнання ўсей разнастайнасці свету сцвярджаў асветнік 17 ст. Сімяон Полацкі. Супраць пануючых рэліг. уяўленняў з пазіцый адмаўлення бога і рацыяналістычнага пазнання рэчаіснасці выступаў К.Лышчынскі. Склалася сістэма схаластычнай філасофіі, якая грунтавалася на тэалагічнай інтэрпрэтацыі твораў Арыстоцеля і ўключала шырокі спектр дысцыплін, не пазбаўленых гуманіст. уплываў, асабліва ў галіне эстэтыкі, паэтыкі і рыторыкі (М.Сарбеўскі, С.Лаўксмін і інш.). Паступова складвалася эклектычная філасофія — своеасаблівае спалучэнне схаластыкі і новай рацыяналістычнай філасофіі (А.Скарульскі, Б.Дабшэвіч, С.Шадурскі).
У 2-й пал. 18 ст. ўзмацнілася цікавасць да прыродазнаўчых тэорый, на Беларусь пранікалі ідэі філасофіі новага часу. Прадстаўнікі ранняга Асветніцтва (Б.Дабшэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі і інш.) сцвярджалі гуманіст. ідэі павагі да чалавека, выхавання і адукацыі на аснове свабоды перакананняў, высокай грамадзянскасці і адказнасці. Гісторык-асветнік А.Нарушэвіч адводзіў розуму гал. ролю ў гіст. працэсе, а прадметам навук. даследавання лічыў не толькі дзеянні кіраўнікоў і военачальнікаў, але і жыццё простага народа. Г. Каніскі прапагандаваў неабходнасць усталявання ў краіне парадку і законнасці, крытыкаваў духоўнае ўбоства тых, хто меў уладу. М.Матушэвіч у сваіх творах асуджаў самавольства пануючых класаў, абараняў чалавечую годнасць простых людзей. Фізіякраты (Г.Млоцкі, М.Страйноўскі, І.Храптовіч і інш.) разглядалі грамадства як натуральны арганізм, што складае частку прыроды; лічылі, што адыход чалавека ад разумных законаў прыроды непазбежна выкліча няшчасці, бедствы і беспарадкі. На пазіцыях суб’ектыўнага ідэалізму стаяў С.Майман, які займаўся даследаваннямі ў галіне матэм. логікі, тэорыі і метадалогіі пазнання. Канец 18 — пач. 19 ст. адзначаны фарміраваннем тэндэнцый прыродазнаўчага матэрыялізму, развіццём радыкальных сац. утапічных ідэй антыпрыгонніцкай накіраванасці (П.Бжастоўскі, М.Карповіч, І.Яленскі і інш.). У ідэалогіі тайных рэв. т-ваў 1-й пал. 19 ст. (філаматы, Дэмакратычнае таварыства, Братні саюз літоўскай моладзі і інш.) асветніцкія тэндэнцыі спалучаліся з вызваленчымі памкненнямі. Ішоў працэс радыкалізацыі грамадскай думкі, накіраванай на неабходнасць ліквідацыі прыгонніцкай сістэмы і знішчэння самадзяржаўя. Для пашырэння ідэй Асветніцтва на Беларусі шмат зрабіла Камісія нар. адукацыі Рэчы Паспалітай (Адукацыйная камісія), якая па сутнасці была першым у Еўропе мін-вам асветы, а таксама выкладчыкі Віленскага ун-та, нар. вучылішчаў.
З сярэдзіны 19 ст. вылучаецца рэв.-дэмакр. перыяд у развіцці філас. і грамадска-паліт. думкі Беларусі, звязаны з пошукам шляхоў сац. і нац. вызвалення, стварэння справядлівых і гарманічных асноў жыццядзейнасці бел. грамадства. Тэндэнцыі нар. самавызначэння і развіцця набывалі выразныя формы ў публіцыст. і рэв. дзейнасці К.Каліноўскага. Выражэнне патрэбнасці самаст. грамадска-паліт. і культ. развіцця Беларусі знайшло адлюстраванне ў творчасці аднаго з ідэолагаў нац.-вызваленчага дэмакр. руху, заснавальніка новай бел. л-ры Ф.Багушэвіча. У гэтым рэчышчы разгортвалася творчасць Я.Лучыны, А.Гурыновіча, бел. народнікаў-гоманаўцаў 1880-х г., якія ўпершыню зрабілі канкрэтны аналіз праблемы нац. самавызначэння бел. народа. Спалучэнне ідэй нац. і сац.-паліт. вызвалення склала аснову праграм і творчасці прадстаўнікоў нац. адраджэння пач. 20 ст. Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, З.Бядулі, А.Луцкевіча, В.Ластоўскага, публікацый штотыднёвікаў «Наша ніва» і інш. легальных бел. выданняў. З канца 19 ст. ў Беларусі пачалі распаўсюджвацца марксісцкія ідэі, а пасля абвяшчэння БССР марксізм ператварыўся ў пануючую грамадскую ідэалогію, стаў афіц.філас. тэорыяй. 1920-я г., якія неслі адбітак папярэдняга нац.гіст. аптымізму, былі адзначаны ўздымам патрыятычнай свядомасці, асэнсаваннем грамадскіх ідэй, спецыфічна-нац. пункту гледжання (І.Канчэўскі, У.Самойла, Ф.Шантыр) і інш. Плённымі былі спробы асобных прадстаўнікоў філас. навукі распрацоўваць тэарэтыка-метадалагічныя праблемы тэорыі пазнання, гісторыі бел.філас. і грамадскай думкі (У.Пічэта, Б.Быхоўскі, А.Цвікевіч і інш.). У наступны перыяд прадметам даследавання бел. вучоных сталі светапоглядныя аспекты арыгінальнай стараж.-бел. л-ры 10—13 ст., рэнесансава-гуманіст. думка Беларусі 14—16 ст. і перыяду рэфармацыйнага руху. Усебакова вывучаліся жыццёвы шлях і творчасць Клімента Смаляціча, Кірылы Тураўскага, М.Гусоўскага, Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, А.Волана, К.Нарбута, А.Філіповіча, Сімяона Полацкага, К.Лышчынскага і інш.
Перыяд канца 1950—80-х г. характарызаваўся паглыбленым даследаваннем прыватных праблем жыцця і творчасці асобных персаналій, стварэннем абагульняльных прац па гісторыі рэв.-дэмакр. і вызваленчых ідэй, філас. думкі эпохі Адраджэння і Асветніцтва, перыяду ўвядзення Брэсцкай царк. уніі, сцвярджэння схаластыкі і ўзнікнення эклектычнай філасофіі: «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» М.А.Алексютовіча (1958), «Мялецій Сматрыцкі» К.С.Пракошынай (1961), «Рэфармацыя і грамадская думка Беларусі і Літвы» С.А.Падокшына (1970), «Ад Асветніцтва да рэвалюцыйнага дэмакратызму» Н.М.Махнач (1976), «Казімір Нарбут» У.В.Дуброўскага (1979) і інш. Узнік новы кірунак у даследчай дзейнасці бел. філосафаў — вывучэнне гісторыі эстэт. думкі (працы Э.К.Дарашэвіча, У.М.Конана, А.С.Майхровіча), рэліг. філасофіі (Т.П.Кароткая). Апублікаваны фундаментальныя працы па гісторыка-філас. тэматыцы: «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962), «Нарысы гісторыі марксісцка-ленінскай філасофіі ў Беларусі (1919—68)» (1968), «Нарысы гісторыі філасофскай і сацыялагічнай думкі Беларусі (да 1917)» (1973), «Ідэі матэрыялізму і дыялектыкі ў Беларусі (дакастрычніцкі перыяд)» (1980), «З гісторыі вальнадумства і атэізму ў Беларусі» (1978) і інш. У 1980-я г. распрацоўваліся пытанні фарміравання ў Беларусі этычнай думкі, станаўлення форм маральнай свядомасці ў эпоху сярэдневякоўя, Рэнесансу, Асветніцтва, нац. адраджэння. Новымі падыходамі да раскрыцця нац. светапогляднага зместу філасофіі розных гіст. эпох адрозніваліся працы «Філасофская думка Кіеўскай Русі» У.Б.Евароўскага (1996), «Унія. Дзяржаўнасць. Культура» С.А.Падокшына (1998), «Нацыя, рэлігія і дзяржаўнасць у палемічнай літаратуры Беларусі канца XVI — першай паловы XVII ст.» (1998) і інш. Тэндэнцыі развіцця сучаснай філас. і грамадскай думкі Беларусі звязаны з пошукам новых падыходаў, светапоглядных арыентацый і праграм у розных сферах жыццядзейнасці людзей, з асэнсаваннем праблем суверэнітэту, пабудовы прававой дзяржавы, шляхоў умацавання ін-таў і механізмаў грамадз. супольнасці, міжнар. і міжнац. адносін, маральнага і эстэт. выхавання людзей.
Літ.:
Лушчыцкі І.М. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палове XIX ст.Мн., 1958;
Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Купчин Н.С. Идеи материализма и диалектики в трудах естествоиспытателей Белоруссии (вторая половина XIX — нач. XX в.). Мн., 1972;
Мохнач Н.Н. От Просвещения к революционному демократизму. Мн., 1976;
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;
Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII вв. Мн., 1991;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;
Яго ж. Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры. Мн., 2003;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІЦТВА
У дарэвалюцыйнай Беларусі будаўніцтвам займаліся пераважна прыватныя падрадныя арг-цыі, рабочыя-сезоннікі. Пабудавана шмат прамысл. прадпрыемстваў, пракладзена густая сетка чыгункі. У 1920 для буд. і рамонтных работ пры СНКБССР створаны Камітэт дзярж. збудаванняў. Вялося буд-ва фабрык запалкавай «Дняпро» ў Рэчыцы, швейнай «Кастрычнік» і абутковай у Мінску, пераабсталяванне прадпрыемстваў па здабычы торфу, аднаўленне прадпрыемстваў харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці. З пачаткам індустрыялізацыі пры Савеце нар. гаспадаркі БССР створана рэсп.буд.арг-цыя «Белдзяржбуд» (1923), якая ў 1926 выканала буд. работ больш чым на 2 млн.руб. У пач. 1-й пяцігодкі ў БССР было 10 падрадных буд. арг-цый, якія выконвалі 25% ад агульнага аб’ёму буд. работ, астатнія — гасп. спосабам. У 1928—32 пабудавана больш за 500 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л.Бел. цеплавая электрастанцыя, Гомельскі з-дс.-г. машынабудавання, Магілёўскі з-д штучнага валакна, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Крычаўскі цэментны з-д, Віцебская швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», Мінская кандытарская ф-ка «Камунарка», 109 электрастанцый, 52 МТС, больш за 600 км чыгункі, 604 тыс.м² жылой плошчы, 27 бальніц, 636 школ, 1284 сельскія крамы. У Мінску ўзведзены Дом урада, Універсітэцкі гарадок, Дом друку.
У працэсе ўдасканальвання структуры кіравання капітальным буд-вам «Белдзяржбуд» рэарганізаваны ў «Белбудаб’яднанне» (з 1930 — «Белдзяржтрэст»), у склад якога ўваходзілі спецыялізаваныя буд. арг-цыі: «Белспецсантэхбуд», «Аддзелбуд», Кантора механізацыі буд. работ; у 1930 створаны «Белкамунбуд», «Мінбуд», «Энергабудмантаж». У 1932 падрадным спосабам выканана 38% усяго аб’ёму будаўніцтва рэспублікі. Павышаўся тэхн. ўзровень буд-ва: у 1923 працавала 2,3 тыс.прафес. будаўнікоў, у 1932—77,5 тыс.чал. У 1933—37 (2-я пяцігодка) капіталаўкладанні склалі 318 млн.руб.: у прамысловасць — 69 млн.руб., у с.-г. — 91, транспарт — 101, жыллёвае буд-ва — 49, аб’екты камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, нар. адукацыі, культуры і навукі — 48 млн.руб. Рост капітальнага буд-ва патрабаваў рэарганізацыі яго кіраўніцтва, пераходу да буйной буд. індустрыі, пашырэння падраднага спосабу буд-ва. У 1938—1-й пал. 1941 (3-я пяцігодка) капіталаўкладанні ў 1,6 раза перавысілі іх аб’ём за мінулую пяцігодку, у т. л. прам-сці на 13%, транспарту на 39,6%, жыллёвага буд-ва на 69,4%, буд-ва аб’ектаў сац.-культ. сферы ў 3,7, гандлю і грамадскага харчавання ў 3,2 раза. За гады даваенных пяцігодак у рэспубліцы створана ўласная буйная прамысловасць, карэнна рэканструяваны дзеючыя і пабудаваны новыя прадпрыемствы буд. матэрыялаў, у т. л. Крычаўскі цэментны з-д (100 тыс.т цэменту за год), Гомельскі шклозавод (2 млн.м² аконнага шкла за год), з-ды сілікатнай цэглы ў Клімавічах і Оршы, механізаваныя з-ды па вытворчасці вапны, Магілёўскі з-д па вытворчасці цэглы метадам сухога прасавання і інш. Большасць цагельных і вапнавых з-даў пераведзена на круглагадовую работу, механізаваны працаёмкія работы ў кар’ерах і пры транспарціроўцы прадукцыі. У 1940 выраблена 295 млн. штук цэглы (3% ад агульнай яе вытворчасці ў СССР), 200 тыс.т цэменту (адпаведна — 3,5%). У перадваенны час уведзена ў дзеянне больш за 1700 прамысл. прадпрыемстваў, 1,3 млн.м жылой плошчы, шмат аб’ектаў культ.-быт. прызначэння і інш.Асн. фонды буд. арг-цый у параўнанні з 1928 павялічыліся ў 8 разоў, вырасла механаўзброенасць буд-ва, якая ў 1940 складала 7,3% (у 1928—1,1%). З ростам тэхн. аснашчанасці буд. арг-цыі павялічвалі аб’ём працы механізаваным спосабам, ствараліся ўмовы для выкарыстання хуткасных метадаў і пераходу на кругласутачнае буд-ва. У 1938 створаны Камітэт па справах буд-ва пры СНКБССР, у 1939 — Нар. камісарыят буд-ваБССР (Наркамбуд).
Пасля Вял.Айч. вайны патрэбы аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі абумовілі павелічэнне маштабаў буд. работ. У 1944—45 больш за 60% капіталаўкладанняў накіравана на аднаўленне машынабуд. прамысловасці і транспарту. У 1944 адноўлена і здадзена ў эксплуатацыю 196 машынабуд., 179 тэкстыльных, 263 швейныя і 487 гарбарнаабутковых прадпрыемстваў, 175 прадпрыемстваў буд. матэрыялаў. На развіццё нар. гаспадаркі рэспублікі ў 1946—50 выдзелена 1339 млн.руб. капіталаўкладанняў, у т. л.дзярж. і кааператыўным прадпрыемствам і арг-цыям 911 млн.руб., калгасам 80 млн.руб., насельніцтву на буд-ва ўласных жылых дамоў і кватэр 348 млн.руб. На буд. работы накіроўвалася 80% капіталаўкладанняў. Буд.-мантажныя работы на аб’ектах вытворчага прызначэння складалі 43,9%, невытворчага — 56,1%. На аднаўленне нар. гаспадаркі ў абласцях з улікам ступені разбурэння выдзелена капіталаўкладанняў (без калгасаў; млн.руб.): Брэсцкай — 139, Віцебскай — 141, Гомельскай — 181, Гродзенскай — 67, Магілёўскай — 128, Мінскай — 137, Мінску — 251. У 1945 у буд-ве працавала 50 тыс. рабочых і служачых. Каб забяспечыць вызначаныя тэмпы капітальнага буд-ва, у першую чаргу аднаўлялася і развівалася прамысловасць буд. індустрыі і буд. матэрыялаў. У Мінску пабудаваны з-ды па вытворчасці вежавых кранаў, буд. дэталей, шлакаблочны, лесапільны і дрэваапрацоўчы камбінаты, блокаў і асфальтабетонны, гіпсавы, цагельны №1 і №10, металаканструкцый, камбінат буд. матэрыялаў; у Баранавічах, Пінску, Полацку — з-ды буд. дэталей. У Гомелі пачалі працаваць з-ды шлакаблочны, клінкерны і буд. дэталей. Уведзены ў дзеянне домабуд. камбінат у Рэчыцы, цагельныя з-ды ў Хойніках, Магілёве, Бабруйску, шыферны з-д у Крычаве і інш. У 1946—50 у рэспубліцы пабудавана 245 прадпрыемстваў. У 1945—47 у Беларусі створаны Мін-ва жыллёва-грамадз.буд-ва, Гал. ўпраўленне прамысловага буд-ва, Гал. ўпраўленне па аднаўленні г. Мінска, а таксама буд. арг-цыі саюзных мін-ваў («Аўтапрамбуд», «Белтрактарабуд», «Станкабуд» і інш.). Для буд-ва ў сельскай мясцовасці жылля і грамадскіх пабудоў у 1945 пры СМБССР створана Упраўленне па справах сельскага і калгаснага буд-ва. У 1951—55 у нар. гаспадарку Беларусі ўкладзена 2178 млн.руб., з якіх 1307 млн.руб. (60%) — на буд-ва аб’ектаў вытворчасці. У галіны сац.-культ. сферы накіравана 871 млн.руб. капіталаўкладанняў. Пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю 1010 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 147 буйных (мінскія трактарны, гадзіннікавы з-ды, камвольны камбінат, Аршанскі з-д швейных машын і інш.). Вял. ўвага аддавалася далейшаму развіццю буд. індустрыі, механізацыі і індустрыялізацыі буд-ва, ператварэнню буд. вытворчасці ў механізаваны паточны працэс зборкі і мантажу будынкаў і збудаванняў з буйнапамерных элементаў і вузлоў. Пабудаваны мінскія з-ды мінеральнай ваты і ацяпляльнага абсталявання, вапнавы, гіпсавалакністых і жалезабетонных вырабаў, Гарынскі з-д вогнетрывалай цэглы, сілікатны з-д у Оршы, Крычаўскі з-д вапнавай мукі і інш. Колькасць прамысл. прадпрыемстваў буд. індустрыі павялічылася з 17 у 1950 да 28 у 1955. Вытворчыя асн. фонды буд. арг-цый рэспублікі за 1950—55 выраслі ў 5 разоў і склалі 240 млн.руб., у т. л. вартасць буд. машын, механізмаў і аўтатранспарту 160 млн.руб. На буд-ве працавала 395 экскаватараў, 455 пад’ёмных кранаў, 76 аўтапагрузчыкаў і інш. Аснашчэнне падрадных арг-цый тэхнікай і механізмамі дало магчымасць у 1955 выканаць буд.-мантажных работ у аб’ёме 1,5 млрд.руб. У 1955 пачата буд-ва 10 з-даў і 20 палігонаў зборнага жалезабетону, выраблена 106 тыс.м³ жалезабетонных вырабаў, што ў 20 разоў перавышала паказчыкі 1950. На развіццё буд. індустрыі затрачана 57 млн. руб.
У выніку перабудовы кіравання прамысловасцю і буд-вам у БССР на базе Мін-вагар. і сельскага буд-ва і Мін-вабуд-ва створана Гал. ўпраўленне буд-ва пры СМБССР — Галоўбуд БССР, у які ўваходзілі 13 агульнабуд. і 8 спецыялізаваных трэстаў. На развіццё эканомікі рэспублікі станоўча паўплываў пераход ад галіновага да тэр. прынцыпу кіравання краінай, у т. л. буд-вам. У 1956—65 здадзена ў эксплуатацыю 246 буйных прамысл. прадпрыемстваў, асвоена капіталаўкладанняў 3716 млн.руб., у 1961—65—6352 млн.руб. Пабудаваны нафтаперапрацоўчы з-ду Наваполацку, 1-ы Салігорскі калійны камбінат (пачата буд-ва і 2-га), Гродзенскі азотна-тукавы камбінат, Гомельскі суперфасфатны, Светлагорскі штучнага валакна, Лідскі лакафарбавы, Пінскі і Нясвіжскі кармавога біяміцыну, Бабруйскі гумава-тэхнічных вырабаў, Барысаўскі пластмасавых вырабаў з-ды. У 1950—60-я г. ствараюцца Жодзінскі аўтазавод, мінскія маторны і халадзільнікавы з-ды, арганізавана вытворчасць аўтамабільных агрэгатаў і вузлоў на спецыялізаваных Гродзенскім, Баранавіцкім, Барысаўскім і Мінскім з-дах. Мінскі трактарны з-д замест тралёвачных гусенічных трактароў стаў выпускаць універсальныя колавыя трактары «Беларусь». У Гомелі пабудаваны падэталёва спецыялізаваныя з-ды нармалізаваных вузлоў і гідраапаратуры для станкабудаўніцтва, пераабсталяваны станкабуд. з-ды ў Оршы і Маладзечне. У 1965 за кошт уласнай вытворчасці Беларусь амаль поўнасцю пакрывала сваю патрэбнасць у чыгунным ліцці і гарачых штампоўках і на 76% у пакоўках. У выніку буд-ва ў Бабруйску спецыялізаванага з-да гумава-тэхн. вырабаў завоз іх у рэспубліку таксама амаль спыніўся. Увядзенне ў дзеянне Баранавіцкага баваўнянага, 2-й чаргі Аршанскага льнокамбіната, Пінскага з-да па вытворчасці штучнай скуры, Брэсцкага дывановага камбіната, некалькіх ільнозаводаў і цэхаў мачэння лёну і інш. стварыла ўзаемазвязаны комплекс прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці У раёнах найбольшых тарфяных масіваў створаны буйныя высокамеханізаваныя торфапрадпрыемствы «Асінторф» у Віцебскай, «Смалявіцкае», «Чырвоны сцяг», «Бярэзінскае» ў Мінскай, «Васілевіцкае» ў Гомельскай, «Бярозаўскае» ў Брэсцкай абласцях. Уведзена ў дзеянне Васілевіцкая ГРЭС, павялічана магутнасць Бярозаўскай ДРЭС. Асн. фонды эксплуатуемых электрастанцый на 2/3 мелі новыя магутнасці. У 1950 уведзены ў эксплуатацыю газаправод Дашава—Мінск, што дазволіла павялічыць спажыванне ў якасці паліва прыроднага газу. Перадумовай выканання праграмы новага буд-ва, рэканструкцыі і пашырэння дзеючых прадпрыемстваў стала ўдасканаленне структуры падпарадкавання і кіравання буд. комплексам. Да 1957 буд-ва вялі ў асноўным рэсп. арг-цыі: Мін-вабуд-ва, «Белкалгасбуд», «Меліявадгас», «Белгандальбуд», «Дарбуд». Значны аб’ём буд.-мантажных работ выконвалі падрадныя арг-цыі саюзных мін-ваў. Пасля стварэння Савета нар. гаспадаркі СССР адбылася рэарганізацыя кіравання буд-вам у рэспубліцы: мін-вы прамысловага, сельскага, спец. і мантажных работ аб’ядналі больш за 90% нізавых падрадных буд. арг-цый, якія выконвалі больш за 95% аб’ёму капітальнага буд-ва. Створаная ў 1956 новая форма падрадных буд. арг-цый «Міжкалгасбуд» выконвала ўсе віды буд-ва ў калгасах, мела сваю асабістую вытворча-тэхн. базу. З 1958 агульнае кіраўніцтва буд. арг-цыямі калгасаў ажыццяўляў «Галоўкалгасбуд БССР». У раёнах створаны матэрыяльна-тэхн. базы ў выглядзе адзінай сістэмы прадпрыемстваў і гаспадарак, якія забяспечвалі буд. работы. Базы буд. індустрыі былі ў Мінску і ўсіх абл. цэнтрах, а таксама ў Наваполацку, Салігорску, Светлагорску, Оршы, Баранавічах, Лідзе, Барысаве, Мазыры, Пінску. Мін-ву прамысловага буд-ва было падпарадкавана 25, Мін-ву сельскага буд-ва — 10 буд. баз. У іх склад уваходзілі асфальтабетонныя з-ды, рамонтна-мех. майстэрні, сродкі механізацыі, склады для захоўвання цэменту, з-ды таварнага бетону і інш. прадпрыемствы.
У 1965 у Беларусі дзейнічала 361 дзярж. і 112 міжгасп. падрадных буд. арг-цый, у якіх працавала 222,3 тыс.чал. Для паспяховага выканання падрадных работ неабходна было ператварэнне буд. вытворчасці ў механізаваны працэс зборкі і мантажу будынкаў і збудаванняў з вузлоў і дэталей, вырабленых на з-дах. На аснове індустрыялізацыі і комплекснай механізацыі буд-ва, выкарыстання новых эфектыўных буд. матэрыялаў, спецыялізацыі прадпрыемстваў па вытворчасці зборнага жалезабетону аб’ёмы яго выпуску на 13 з-дах Мін-вабуд-ваБССР у 1965 склалі 1183 тыс.м³, 10 з-дах Мін-ва сельскага буд-ва — 196 тыс.м³ зборных дэталей і канструкцый. Падрадныя арг-цыі па вытворчасці зборнага жалезабетону вырабілі 66 тыс.м³. У выніку выкарыстання зборных канструкцый у розных галінах буд-ва 62,6% падрадных работ у 1965 выканана індустрыяльнымі метадамі. Індустрыялізацыя буд-ва паўплывала на спецыялізацыю і кіраўніцтва падраднымі арг-цыямі, на ўкараненне новай высокапрадукцыйнай тэхнікі і перадавых метадаў вядзення работ. Узбуйненне буд. арг-цый і перавядзенне іх на гасп. разлік дазволіла скараціць тэрмін буд-ва, павысіць прадукцыйнасць працы, знізіць кошт буд.-мантажных работ, павялічыць эфектыўнасць капіталаўкладанняў. Разам з тым у рэспубліцы дзейнічала шмат пярвічных падрадных арг-цый малой магутнасці, якія пры хуткім росце аб’ёмаў зборнага жалезабетону не маглі забяспечыць яго зборку індустрыяльнымі метадамі. У буд-ве заставалася высокай удзельная вага ручной працы. З-за нізкай тэхналогіі вырабу жалезабетону будоўлі атрымлівалі ўцяжараныя канструкцыі, што адмоўна ўплывала на кошт і эканам. паказчыкі аб’екта, патрабавала вял. расходаў сыравіны, матэрыялаў, паліва, прац. рэсурсаў. У канцы 7-й пяцігодкі праявілася памылковая тэндэнцыя скарачэння вытворчасці цэглы, што прычыніла вял. страты эканоміцы рэспублікі ў наступныя гады. Вял. ўвага аддавалася жыллёваму буд-ву. У 1956—65 на Беларусі пабудавана 692, 1 тыс. кватэр агульнай (карыснай) пл. 29,1 млн.м². Новыя кватэры атрымалі 3,1 млн.чал. (36% насельніцтва рэспублікі). Гарадскі жыллёвы фонд у канцы 1965 склаў 32 млн.м². Значныя сродкі накіроўваліся на буд-ва школ, культ.-бытавых і мед. устаноў. У 1966—90 буд. комплекс займаў асаблівае месца ў вырашэнні задач развіцця і размяшчэння прадукцыйных сіл, стварэння эканам. патэнцыялу рэспублікі і яе рэгіёнаў (гл.табл. 1). У гэты час асвоена больш як 121 млрд.руб. капіталаўкладанняў. У 1966—70 пабудавана 78 буйных прадпрыемстваў, у т. л. Лукомская ДРЭС, камбінат сінтэтычнага валакна ў Магілёве, 3-і калійны камбінат у Салігорску, цэлюлозна-кардонны камбінат у Светлагорску, буйныя магутнасці на Полацкім хім. камбінаце «Палімір». Здадзена ў эксплуатацыю жылых дамоў агульнай (карыснай) пл. 20,4 млн.м². У 1967—70 у сельскай мясцовасці пабудавана 127,5 тыс. кватэр (6,8 млн.м²), 600 агульнаадукацыйных школ, бальніц на 1277 ложкаў, 964 камбінаты быт. абслугоўвання і інш. У 9-й пяцігодцы капіталаўкладанняў асвоена ў 1,5 раза больш, чым у 8-й. Пабудавана 97 буйных прадпрыемстваў, у т. л. Беларускі шынны камбінат у Бабруйску, нафтаперапрацоўчы ў Мазыры, з-даўтам. ліній у Баранавічах, прадзільна-нітачны камбінат у Гродне, інструментальны з-д у Оршы і інш. У 1966—90 бел. будаўнікі выканалі буд.-мантажных работ на 69 млн.руб. У 1990 аб’ём буд.-мантажных работ у параўнанні з 1965 вырас у 3,3 раза, у т. л. падрадным спосабам у 4,2 раза. Сярэднегадавыя тэмпы буд.-мантажных работ склалі 8,3%, прырост таварнай прадукцыі прамысловасці буд. канструкцый, дэталей і матэрыялаў — 10,4%. Прадукцыйнасць працы на буд-ве вырасла ў 3 разы. У праектных арг-цыях Беларусі працавала 30 тыс.чал., якія штогод выконвалі праектныя работы на 250 млн. руб.
Ведамасная раз’яднанасць (падпарадкаванне розным мін-вам, ведамствам, мясц. Саветам) абцяжарвала правядзенне адзінай тэхн. палітыкі ў буд-ве. Павышэнне тэхн. ўзроўню буд. вытворчасці дасягалася за кошт пашырэння аб’ёмаў выкарыстання эфектыўных канструкцый і матэрыялаў, індустрыяльнай тэхналогіі буд.-мантажных работ, укаранення эфектыўных сродкаў механізацыі, абсталявання і павышэння на гэтай аснове ўзроўню комплекснай механізацыі мантажна-буд.. работ, больш сучасных метадаў арганізацыі вытворчасці і працы.
Гэта дазволіла знізіць колькасць працуючых на буд.-мантажных работах. У 1990 фондаўзброенасць буд-ва ў параўнанні з 1965 вырасла ў 2 разы, колькасць буд. машын — у 3,5 раза. У выніку дэстабілізацыі ў кіраўніцтве эканомікай, парушэння сістэмы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння тэмпы росту прадукцыйнасці ў буд. комплексе рэспублікі знізіліся. Скарацілася колькасць дзярж. пярвічных падрадных буд. і мантажных арг-цый. У 1985 іх было 1144, у 1990—1090. Размяшчэнне прадпрыемстваў буд. комплексу па рэгіёнах рэспублікі было нераўнамернае, што павялічвала нерацыянальныя трансп. выдаткі. Такое становішча было выклікана недастатковым выдзяленнем капіталаўкладанняў на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы буд. комплексу, іх удзельная вага ад агульных аб’ёмаў капіталаўкладанняў у развіццё нар. гаспадаркі ў рэспубліцы была ніжэйшая, чым у цэлым na СССР і ў суседніх рэспубліках. Тым не менш у 1986—90 аб’ёмы капіталаўкладанняў выраслі да 39 млн.руб. і павялічыліся на 37,8%, у сельскай гаспадарцы — на 53,7%, развіццё асабістай базы буд-ва — на 32,7%, магутнасцей прамысловасці — на 22,6%, удзельная вага капіталаўкладанняў у прамысловасці знізілася з 34,6% да 30,8%. Капіталаўкладанні накіроўваліся пераважна ў машынабудаванне і металаапрацоўку (выраслі на 28,9%), лясную, дрэваапрацоўчую і цэлюлозна-папяровую прамысловасць (адпаведна 38,9%), прамысловасць буд. матэрыялаў (38,6%). Працягвалася пераўзбраенне матэрыяльна-тэхнічнай базы, укараненне высокапрадукцыйнага абсталявання. Капіталаўкладанні ў перапрацоўчыя галіны прамысловасці павялічыліся ў 1,7 раза, у лёгкую прамысловасць на 41,1%. Пераважнай формай узнаўлення асн. фондаў у прамысловасці сталі рэканструкцыя і пераўзбраенне. Затраты на іх выкананне ў 1990 склалі 68,9%, на пашырэнне — 13,2%, на новае буд-ва прадпрыемстваў — 17,9%, агульнага аб’ёму капіталаўкладанняў. У лёгкай прамысловасці затраты на рэканструкцыю і тэхн. пераўзбраенне склалі 87,5%, харчовай — 71,4%, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай — 73,7%, прамысловасці буд. матэрыялаў — 50,9%. Павялічыліся капіталаўкладанні ў невытворчае буд-ва. За кошт усіх крыніц фінансавання яны склалі 30,3% ад агульнага аб’ёму, у т. л. на развіццё культуры выраслі ў 2,9 раза, нар. адукацыі — на 65,5%, жылога буд-ва — на 46,8%. Тым не менш становішча ў буд-ве не адпавядала патрабаванням аздараўлення эканомікі. Зрыў планаў па ўвядзенні ў дзеянне асобных магутнасцей і аб’ектаў стаў адной з прычын нарастаючай матэрыяльнай незбалансаванасці ў нар. гаспадарцы. Бясплатнасць і незваротнасць дзярж. цэнтралізаваных капіталаўкладанняў прывялі да неабмежаванага інвестыцыйнага попыту, які не скараціўся і пасля пераводу прадпрыемстваў на самафінансаванне ва ўмовах існуючай у той час гасп. сістэмы. У выніку непамерна пашыраўся фронт незавершанага буд-ва. З-за празмерна вял. колькасці аб’ектаў, якія будаваліся адначасова, пры тэрмінах буд-ва, што ў 2—3 разы перавышалі нарматыўныя, у канцы 1990 незавершанае буд-ва ў дзярж. і кааператыўных прадпрыемствах і арг-цыях (без калгасаў) да агульнага аб’ёму капіталаўкладанняў вырасла да 70%, у 1985 гэты паказчык складаў 52%. У 1988 у дзеянне не ўведзены кожны трэці аб’ект дзярж. заказу. З 24 пускавых аб’ектаў дзярж. заказу 1989 здадзены ў эксплуатацыю толькі 11 (46%). У 1990 незавершанага буд-ва аб’ектаў вытворчага прызначэння было на 19% больш, чым у 1989. Рост незавершанага буд-ва суправаджаўся назапашваннем неўстаноўленага абсталявання. На 1.1.1990 запасы неўстаноўленага абсталявання склалі 11% да паступіўшага з пач.буд-ва, з іх 7% замежнае. Акрамя таго, 9% абсталявання было зманціравана, але не ўведзена ў дзеянне.
Пераход капітальнага буд-ва на прынцыпы рыначных адносін змяніў арганізацыю буд. вытворчасці і кіравання, матэрыяльнага забеспячэння, структуры буд. арг-цый, адносіны з субпадрадчыкамі і інш. Адным з гал. кірункаў фарміравання рыначных адносін у капітальным буд-ве стаў адыход ад замацавання заказчыкаў да падрадчыкаў і пераход да рынку падрадных работ. Рыначныя адносіны ў капітальным буд-ве патрабавалі дэцэнтралізацыі яго кіравання. У якасці асновы рэгіянальнай арганізацыі буд-ва створаны буд. аб’яднанні як адзіныя вытворча-гасп. комплексы з замкнутым цыклам буд-ва аб’ектаў, якія знаходзяцца на гасп. разліку і нясуць поўную матэрыяльную адказнасць за арганізацыю буд-ва і ўвод у дзеянне аб’ектаў. Пераход да рыначнай эканомікі ў капітальным буд-ве садзейнічаў фарміраванню форм уласнасці, стварэнню малых прадпрыемстваў і арг-цый, кааператываў, арэндных прадпрыемстваў, што дазволіла арганізаваць праектна-буд. і інш. фірмы з пераходам на конкурснасць пры праектаванні і буд-ве аб’ектаў. На этапе пераходу да рыначных адносін дынаміка і структура інвестыцый складвалася пад уплывам такіх важных працэсаў, як прыватызацыя і раздзяржаўленне дзярж. маёмасці, змяненне галіновай структуры эканомікі, развіццё жорсткай канкурэнцыі паміж таваравытворцамі, барацьба за рынкі рэалізацыі прадукцыі і паслуг. У сферы інвестыцый для пераходнага перыяду характэрным стала зніжэнне аб’ёмаў дзярж. інвестыцый, павышэнне ролі недзярж. крыніц фінансавання, скарачэнне выпуску тавараў вытворчага прызначэння. У гэтых умовах у Беларусі склалася крызісная інвестыцыйная сітуацыя. Адбыўся глыбокі спад інвестыцыйнай актыўнасці (гл.табл. 2). Значнае змяншэнне інвестыцый у асноўны капітал адбылося ў 1990—96. За гэты час індэксы інвестыцый у супастаўных цэнах у працэнтах да папярэдняга года знізіліся і склалі 69% у 1995 да 1994, 95,2% у 1996 да 1995. З 1997 пачаўся пераход да станоўчай тэндэнцыі ў дынаміцы інвестыцый. Іх рост у 1997 да 1996 склаў 119,6%, у 1998 адпаведна — 125%, у 1999—92%, у 2000—102%, у 2001—96,5%, у 2002—106%. Аднак аб’ём інвестыцый у асн. капітал да 1990 склаў у 1995 усяго 39%, у 2001—50%, у 2002—52%. Увод у дзеянне жылых дамоў да базавага 1990 у 1995 склаў толькі 37%, у 2001—57%, у 2002 зноў знізіўся да 53%. Рэзка скараціліся інвестыцыі ў асноўны капітал прамысловасці. Да аб’ёму інвестыцыйных укладанняў 1990 яны знізіліся да 48%. У наступныя гады адбыўся рост інвестыцый у асн. фондаўтваральную галіну, але іх аб’ём у 2002 да ўзроўню 1990 склаў толькі 63%. Асабліва глыбокі крызіс адбыўся ў інвестыцыйнай сферы сельскай гаспадаркі — інвестыцыі ў асн. капітал гэтай галіны ў 2001 склалі ўсяго 8% да ўзроўню 1990. Прычыны гэтага ў значным пагаршэнні якаснага стану вытворчага патэнцыялу і хранічным недахопе фінансавых і інвестыцыйных рэсурсаў (і ўнутраных, і знешніх). Фізічны знос актыўнай часткі асн. фондаў у цэлым па краіне складае больш за 75%, у прамысловасці — 80%, у машынабудаванні і металаапрацоўцы — 84%, у буд-ве — 79%, у с.-г. — 79%, на транспарце — 66%. Такая сітуацыя абумоўлена не толькі ўстарэлым вытворчым патэнцыялам (каэфіцыент зносу актыўнай часткі асн. фондаў склаў у 1990 па нар. гаспадарцы 39%, у прамысловасці — 50%, у машынабудаванні і металаапрацоўцы — 58%), але недаінвесціраваннем рэальнага сектара эканомікі. Калі ВУП у 2002 у адносінах да 1990 склаў 96,6%, то інвестыцыі толькі 52%. Пры гэтым найб. спад інвестыцый адбываўся ў навукаёмістых, экспартаарыентаваных і фондаўтваральных галінах: у машынабудаванні ў 2 разы, радыёпрамысловасці — у 20 разоў, электроннай прамысловасці больш чым у 11 разоў, у галіне «навука і навуковае забеспячэнне» — амаль у 8 разоў. У той жа час прасочваецца далейшая тэндэнцыя зніжэння інвестыцый у рэальны сектар эканомікі за кошт сродкаў бюджэту і цэнтралізаванага эмісійнага крэдытавання. Скарачаюцца фінансавыя магчымасці суб’ектаў гаспадарання, рэнтабельнасць якіх у прамысловасці (з адносна кароткім вытворчым цыклам) з кожным годам пагаршаецца. Праблемы гэтага ў самой інвестыцыйнай сферы выкліканы тэхналагічнай і ўзнаўленчай структурай укладанняў, значнымі памерамі незавершанага буд-ва. Інвестыцыі на буд.-мантажныя работы складаюць 48%, на абсталяванне, інструмент і інвентар — 33%. У галіновай структуры інвестыцый удзельная вага прамысловасці за 1990—2001 павысілася з 24,4% да 31,2%. Павысілася доля інвестыцый у транспарце, сувязі, жыллёвым буд-ве, камунальнай гаспадарцы, ахове здароўя. Разам з тым у галіновай структуры знізіліся інвестыцыі сельскай гаспадаркі з 2,5% да 2%, культуры — з 0,8 да 0,7%, навукі — з 1,1 да 0,1%. У такой інвестыцыйнай сітуацыі у мэтах забеспячэння высокіх і ўстойлівых тэмпаў росту эканомікі, далейшых рыначных пераўтварэнняў у сац. сферы, павышэння канкурэнтаздольнасці і эканам. бяспекі рэспублікі патрабуюцца значныя інвестыцыйныя ўкладанні. Фактычнае становішча сведчыць аб недаінвесціраванні эканомікі ў 2001—03. У сярэднім за гэты перыяд за год асвойвалася 2 млрд. долараў ЗША, г.зн. 66% да неабходнага аб’ёму інвестыцый. Пры абмежаванасці ўнутр. крыніц інвестыцый павялічваецца значэнне знешняга фінансавання, асабліва атрымання прамых замежных інвестыцый (у 1990—2000 аб’ём прамых замежных інвестыцый у Беларусі быў адным з найменшых сярод краін Цэнтр. і Усходняй Еўропы і склаў 1,6 млрд. долараў ЗША).
Літ.:
Малинин С.Н., Иппа М.М. Экономика Белорусской ССР и перспективы ее развития. М., 1960;
Социально-экономические преобразования в Белорусской ССР за годы Советской власти. Мн., 1970;
Лис А.Г. Проблемы развития и размещения производительных сил Беларуси. М., 1972;