папылі́ць, ‑пылю, ‑пыліш, ‑пыліць; зак.
Разм. Пайсці, паехаць, узнімаючы пыл. Шафёр махнуў на развітанне рукой, і «Масквіч» папыліў далей па дарозе ў горад. Курто. Санька не даслухаў, таропка крутнуўся на месцы і шпарка, ледзьве не подбегам, папыліў назад у вёску. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тру́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Бегчы подбегам, трухам. Жвава і ахвотна трухае па першаму зазімку конь, запрэжаны ў яшчэ неаб’езджаныя сані-развалкі. Машара. Паўз аэрадром у поле бегла дарога: жвавы конік, запрэжаны ў калёсы, трухаў па ёй. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штоты́дзень, прысл.
Кожны тыдзень; на кожным тыдні. Газета [насценная] выходзіла штотыдзень, і выпускалі яе мы ўдвух з Каробкам Паўлам. Навуменка. Прыклаўшы натруджаную далонь да шчакі, подбегам ішла яна за сынам і ўсё паказвала, каб з выплаты купіў сабе боты, .. каб штотыдзень адпісваў ёй пісьмы. Мехаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прастава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.
Разм. Ісці напрасткі, прама. Хтосьці збочыў з дарогі, нацянькі прастуе да .. [Васіля]. Мележ. [Дзік] паволі праставаў на тоўстую старадрэвіну, што пры густым хвойніку перагарадзіла прасеку. Сачанка. І мы подбегам прастуем цераз лужок туды, дзе цямнеюць прыбярэжныя кусты. С. Александровіч. Басанож прастуеш да студні — жарства шурпатая коле ступні. Барадулін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Трушо́к ‘павольны бег’ (ТСБМ), ‘бег павольнай рыссю, без напружання’ (Варл., Янк. 1), тру́шыцца ‘ісці паволі, трушком’ (іўеў., Сл. ПЗБ, Сцяц.), тру́шкі ‘трушком’ (Нік., Ян., ПСл), трушка́ ‘трухам’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ‘бягом’ (Сцяц.), трушко́м ‘хутка бегчы’, ‘хутка ехаць’ (навагр., слаўг., ЛА, 2), ‘подбегам’ (ТСБМ, Сцяшк.), ‘дробнай рыссю’ (Нас., Шат., Касп., Янк. 1, Гарэц., Др.-Падб., ТСБМ, Сцяшк., Байк. і Некр.), трюшко́м ‘тс’ (Бяльк.). Утварэнні з памяншальным суф. *‑ьkъ (‑ьkъmъ) ад трух (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тры́паць ‘ісці паволі, робячы частыя крокі’ (ашм., Стан.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘лёгка ступаючы, ісці подбегам’ (Варл.), трып‑трып — аб хадзьбе частымі і дробнымі крокамі (в.-дзв., Сл. ПЗБ, Варл.), сюды ж трыэ́паті ‘ісці паволі’ (беласт., Сл. ПЗБ). Параўноўваюць з літ. trỹpti ‘тупаць нагамі’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 5, 138). Хутчэй за ўсё, гукапераймальнага паходжання, параўн. «звонкі» варыянт дры́паць ‘ісці, ступаючы часта і дробна’ (Скарбы) пры літ. drìbti ‘падаць, валіцца’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
фае́, нескл., н.
Памяшканне ў тэатры, кіно, канцэртным зале і пад., прызначанае для адпачынку гледачоў ці слухачоў у час перапынку або да пачатку канцэрта, спектакля. Тэатр гарадскі да здачы быў гатоў. Усё ў будынку прыгажосцю захапляла: І сцэна, і фае, і зала. Корбан. Сеанс пачынаўся праз мінуту, і .. [Сярдзюк] амаль подбегам, з адчуваннем палёгкі падаўся ў фае. Карпаў.
[Фр. foyer — ачаг.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.
1. Пайсці, паехаць куды‑н., да каго‑, чаго‑н., рушыць у якім‑н. кірунку. Накіравацца на сход. Накіравацца да знаёмага. □ Шпаркімі крокамі, а дзе і подбегам накіраваўся дзед на сваю сядзібу. Колас. З кабіны самазвала вылез начальнік зборачнага цэха і вайсковым крокам накіраваўся да трыбуны. Карпаў.
2. Узяць, набыць які‑н. кірунак руху, развіцця. Апошнія прамяні .. [сонца] слізганулі па воднай прасторы, а затым накіраваліся ўгору. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паківа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Кіўнуцца некалькі разоў; ківацца на працягу нейкага часу. Мікалай Пятровіч сеў. Паспрабаваў паківацца — не скрыпіць. Устаў, падняў крэсла .., прыжмураным вокам агледзеў — добра зроблена! Нядзведскі. Галасок з таямнічай загадкавасцю паківаў пальцам, сам паківаўся, і яго тонкая, як жардзіна, постаць, здавалася, вось-вось пераломіцца ў поясе. Савіцкі.
2. Разм. Пайсці ківаючыся, перавальваючыся з нагі на нагу. Увішна тэпаючы трохкутнымі лапкамі па густой, нізка пагрызенай траве, .. сытыя качкі подбегам паківаліся на выган, да рэчкі. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.
1. Летучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Самалёты падляцелі да аэрадрома. □ Раптам да першай птушкі падляцела другая, не такая чырвоная. Ляўданскі. // Заляцець пад што‑н. Верабей падляцеў пад страху.
2. перан. Разм. Хутка наблізіцца (падбегчы, пад’ехаць і пад.). Дзяўчына неўзабаве подбегам падляцела да машын, асцярожна .. уселася на пярэднім сядзенні і тады стрымана павіталася. Кулакоўскі. Да перона, нібы віхор, падляцела электрычка. Васілёнак.
3. Узняцца, узляцець уверх і апусціцца. Жуха аказалася нейкая знясіленая, бо крыху падляціць і сядзе. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)