аддзе́л, ‑а, м.
1. Падраздзяленне ў структуры якой‑н. установы або прадпрыемства. Аддзел кадраў. Планавы аддзел. Раённы аддзел народнай асветы.
2. Адна з частак, на якія падзяляецца што‑н. цэлае на аснове пэўных прыкмет. Аддзелы галаўнога мозгу.
3. Састаўная частка чаго‑н. (магазіна, музей, выстаўкі), дзе знаходзяцца аднародныя прадметы. Аддзел беларускага жывапісу. Галантарэйны аддзел.
4. Раздзел у навуцы, прысвечаны пэўнаму колу пытанняў. Генетыка — аддзел біялагічнай навукі. // Раздзел у газеце або часопісе, у якім змяшчаюцца артыкулы, аб’яднаныя тэматычна. Літаратурна-крытычны аддзел газеты.
5. Уст. Выдзелены бацькам сыну надзел зямлі. Мікодым, як большы сын, па спрадвечнай завядзёнцы пайшоў на аддзел і паставіў сабе хату не поруч з бацькавай, а ў другім, канцы водруба. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КАШТАРЫ́С,
1) К. бюджэтных устаноў — асн. фінансава-планавы акт, які вызначае аб’ём, мэтавае накіраванне і паквартальнае размеркаванне асігнаванняў, прадугледжаных на ўтрыманне ўстаноў і арг-цый. З’яўляецца планам фінансавання ўстаноў і расходавання бюджэтных сродкаў. Прававое значэнне К. — вызначэнне правоў і абавязкаў кіраўніка бюджэтнай установы па мэтавым выкарыстанні сродкаў, што адпускаюцца з адпаведнага бюджэту, а фін. органаў — абавязкі па забеспячэнні гэтых сродкаў і ажыццяўленні кантролю за мэтавым іх выкарыстаннем. К. падзяляюцца на індывідуальныя, цэнтралізаваных мерапрыемстваў і зводныя. Індывід. К. адлюстроўваюць асаблівасці асобнай установы. Для аднатыпных бюджэтных арг-цый устанаўліваюцца тыпавыя формы расходаў, што ўключаюць 3 асн. раздзелы: агульныя звесткі пра ўстанову, агульную суму расходаў з размеркаваннем па кварталах і накіраваннем расходаў; аператыўна-вытв. паказчыкі, неабходныя для вызначэння расходаў (колькасць штатных адзінак, абслугоўваемы кантынгент і г.д.); разлікі па асобных расходных артыкулах. К. складаецца з артыкулаў, кожны з іх мае аднародную групу расходаў і строга абавязковы характар. К. на цэнтралізаваныя мерапрыемствы складаецца мін-вамі, ведамствамі, упраўленнямі і аддзеламі органаў мясц. самакіравання. К. зводныя аб’ядноўваюць усе індывід. К. падведамасных устаноў і К. расходаў на цэнтралізаваныя мерапрыемствы.
2) К. выдаткаў на вытв-сць — вылічэнне планавай сумы затрат прадпрыемства, аб’яднання або галіны нар. гаспадаркі на вытворчасць усёй прадукцыі і аказанне паслуг. Складаецца на пэўны каляндарны перыяд (год, квартал).
3) К. выдаткаў на буд-ва — сукупнасць нарматыўных разлікаў, якія вызначаюць памер усіх затрат, звязаных з буд-вам (рэканструкцыяй) прадпрыемства, асобнага памяшкання, збудавання або іх комплексаў.
т. 8, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)