ЗЕ́МБІНСКІ БОЙ 1943,

бой 1-й Антыфашысцкай партыз. брыгады (камандзір У.У.Гіль-Радзіёнаў) супраць ням.-фаш. паліцэйскага гарнізона ў в. Зембін Барысаўскага р-на Мінскай вобл. 21.3.1943 у Вял. Айч. вайну. За 8 гадзін бою партызаны пры падтрымцы брыгад «Дзядзькі Колі» і «Смерць фашызму» знішчылі З дзоты, спалілі склады з боепрыпасамі і прадуктамі. На дапамогу гарнізону прабілася механіз. калона гітлераўцаў, таму партызаны вымушаны былі адысці.

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

макі́

(фр. maquis)

французскія партызаны, удзельнікі руху Супраціўлення ў 1940—1944 гг. супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў; назва паходзіць ад назвы хмызняку (гл. маквіс).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БО́ЎКІНСКАЯ АБАРО́НА 1943,

баі партыз. палка «Трынаццаць», часткі сіл 15-га партыз. палка, 17-й брыгады, атрада «Перамога», падраздзяленняў інш. атрадаў супраць карнай экспедыцыі ням. фашыстаў 5—18.10.1943 у лесе каля в. Боўкі Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гітлераўцы накіравалі карнікаў супраць партызанаў і насельніцтва, што знаходзілася пад аховай партызанаў у міжрэччы Проні і Дняпра. Партызаны занялі абарону і ўтрымлівалі яе 5 дзён. Праціўнік сіламі пях. дывізіі, некалькіх батальёнаў, авіяэскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў уклініўся ў абарону партызанаў, заняў некалькі вёсак і завяршыў іх акружэнне. Партызаны і большасць насельніцтва 14 кастр. адышлі і занялі новую абарону. Пасля больш як 20 жорсткіх баёў партызаны 18 кастр. прарвалі кальцо акружэння і выйшлі ў тыл праціўніка. У памяць пра Боўкінскую абарону каля в. Дабужа насыпаны курган Бессмяротнасці.

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

по́вар, ‑а, м.

Спецыяліст па прыгатаванню ежы; кухар. Рота вячэрала тады ўсмак, і ўсе партызаны хвалілі повара. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кле́фты

(н.-гр. klephtes, ад гр. klepto = таямніча захопліваю)

грэчаскія сяляне-партызаны, якія змагаліся ў 17 — пач. 19 ст. супраць турэцкага панавання ў Грэцыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПЫШНЯ́НСКІЯ БАІ́ 1943,

абарона партызанамі в. Пышна Лепельскага р-на Віцебскай вобл. 19 мая — 9 чэрв. ў час карнай аперацыі «Котбус» у Вял. Айч. вайну. У канцы 1942 Чашніцкая партыз. брыгада «Дубава», разграміўшы ням. гарнізон у вёсцы, стварыла там кантралюючы пункт за чыг. Лепель—Пышна—Докшыцы—Параф’янава, што злучала ням. 3-ю танк. армію з яе тылам. Гітлераўцы беспаспяхова спрабавалі захапіць Пышна ў снеж. 1942, студз. 1943. 19.5.1943 партызаны адбілі атаку палка карнікаў, пасля чаго вораг пачаў бамбіць Пышна і яе наваколле; 23 мая пасля няўдалай атакі карнікі падцягнулі новыя сілы. Партызаны стварылі вакол вёскі 2 кальцы абароны. 8 чэрв. вораг пры падтрымцы танкаў распачаў новае наступленне. Каб пазбегнуць вял. страт, партызаны пакінулі вёску. Замкнуўшы кальцо акружэння, ням. паліцэйскія войскі СС 9—21 чэрв. беспаспяхова прачэсвалі лес. Подзвіг абаронцаў вёскі стаў тэмай карціны партыз. мастака М.Абрыньбы «Бой за Пышна» (1943).

А.​І.​Валахановіч.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКІ БОЙ 1944,

бой партыз. брыгады імя Жукава і «Камсамолец» па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў г.п. Мір 22 сак. ў Вял. Айч. вайну. План ліквідацыі гарнізона, які налічваў 150 гітлераўцаў, распрацаваны камандаваннем брыгады імя Жукава. Кіраваў боем У.З.Царук. Выведаўшы пароль аховы гарнізона, партызаны ў ноч на 22 сак. праніклі ў цэнтр пасёлка, блакіравалі казарму, разграмілі ўсе ўстановы гарнізона. Байцы атрадаў імя Суворава і імя Ракасоўскага, якія знаходзіліся ў засадах, знішчылі каля 2 км лініі тэлегр.-тэлеф. сувязі. На досвітку партызаны пакінулі пасёлак.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 10, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гвалт, -у, М -лце, м.

1. Прымяненне фізічнай сілы ў адносінах да каго-н.

Партызаны помсцілі немцам за г. і здзекі.

2. Прымусовае ўздзеянне на каго-, што-н.

Чыніць г.

3. у знач. прысл. гва́лтам. Супраць волі, жадання, сілай.

Гвалтам пасадзіць у машыну.

4. Крык, лямант.

Кожны вечар у хаце стаяў г.

5. у знач. выкл. Кліч аб ратунку ў выпадку небяспекі (разм.).

Г., ратуйце!

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ БОЙ 1943,

бой партызанскіх брыгад Лепельскай імя Сталіна, імя Чапаева, 2-й Ушацкай імя Панамарэнкі, Чашніцкай «Дубава» і Сенненскай супраць апорнай базы ням. 3-й танк. арміі ў г. Лепель 19—21 кастр. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася паводле загаду ЦШПР з мэтай перашкодзіць узмацненню абароны гітлераўцаў на левым флангу групы армій «Цэнтр», дзе намячаўся прарыў сав. войск. У Лепелі размяшчаліся 3 пях. палкі, танк. батальён, 2 артыл. і 1 мінамётная батарэі (больш за 2 тыс. гітлераўцаў), горад быў акружаны густой сеткай дзотаў, акопаў, драцяных загарод, подступы да яго былі замініраваны. У ноч на 20 кастр. партызаны раптоўным ударам ушчыльную наблізіліся да абарончых умацаванняў, змялі іх і на досвітку прабіліся ў цэнтр горада, але былі контратакаваны прыбыўшым падмацаваннем ворага. У ноч на 21 кастр. партызаны зноў штурмавалі Лепель, але ў цэнтры горада праціўніку ўдалося іх спыніць. Партызаны адышлі, заблакіраваўшы варожы гарнізон з У і Пд.

У.​С.​Пасэ.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЎЛЯ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

бой падраздзяленняў 415-й стралк. дывізіі (палк. П.​І.​Машчалкоў) 61-й арміі Бел. фронту і 27-й Нараўлянскай партыз. брыгады імя Кірава (камандзір У.​П.​Яромаў) супраць ням.-фаш. захопнікаў за вызваленне г.п. Нароўля 28—30 ліст. ў Вял. Айч. вайну. У пасёлку знаходзілася каля 500 гітлераўцаў з 13 танкамі, 2 штурмавымі гарматамі «фердынанд», 2 бронемашынамі. 28 ліст. сав. дывізія фарсіравала р. Прыпяць і з Пд наблізілася да Нароўлі. Партызаны разведалі ўмацаванні праціўніка, наяўнасць і месцазнаходжанне яго агнявых кропак і разам з камандаваннем дывізіі распрацавалі план вызвалення Нароўлі. У ноч на 30 ліст. партызаны (камандзір П.​І.​Літоўскі) і падраздзяленні стралк. палка абышлі пасёлак з 3 і Пн і пачалі наступленне. Баючыся акружэння, праціўнік адступіў. Нароўля была вызвалена, захоплены ваен. склады праціўніка. Партызаны і часці Чырв. Арміі вызвалілі таксама в. Верхні і Ніжні Млынок, з дапамогай насельніцтва пабудавалі мост цераз Прыпяць.

Я.​К.​Габец.

т. 11, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)