НЕЙТРО́ННАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,
раздзел ядзернай фізікі, у якім даследуюцца структура высокаўзбуджаных станаў атамных ядраў (нейтронныя рэзанансныя станы) і механізм працякання ядз. рэакцый на павольных нейтронах (састаўное ядро, прамыя працэсы, механізм уваходных станаў).
Тэарэт. асновай Н.с. стала мадэль працякання ядзерных рэакцый з утварэннем доўгажывучага прамежкавага састаўнога ядра (прапанавана Н.Борам). Матэм. апарат мадэлі састаўнога ядра грунтуецца на формуле Брэйта—Вігнера, якая апісвае рэзанансы ў сячэнні ўзаемадзеяння павольных нейтронаў з ат. ядрамі. Метадамі Н.с. вызначаюць поўныя і парцыяльныя сячэнні ўзаемадзеяння нейтронаў з ат. ядрамі. Даследаванні вядуцца на ўзорах з прыроднай сумессю ізатопаў і на раздзеленых узорах. Даныя Н.с. складаюць навук. аснову рэактарабудавання, ядз. энергетыкі, шэрагу дастасаванняў нейтроннай фізікі ў радыебіялогіі, медыцыне і інш.
Э.А.Рудак.
т. 11, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВЫ ЛІК,
колькасць нуклонаў (пратонаў і нейтронаў) у атамным ядры. Абазначаецца A і звычайна паказваецца індэксам уверсе злева ад сімвала хім. элемента, напр., запіс 32S адпавядае ізатопу серы з A = 32 (ізатопы аднаго хім. элемента маюць розны М.л.). Гл. таксама Атам, Ядро атамнае.
т. 10, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННАЯ ЗО́РКА,
надзвычай шчыльная, кампактная зорка, якая складаецца пераважна з нейтронаў. Утвараецца ў выніку выбухаў звышновых зорак, у якіх гравітацыйны калапс спыняецца ўзаемадзеяннем нейтронаў. Дыяметр 10—12 км, маса 1—2 сонечныя масы, шчыльн. рэчыва 1017 кг/м³. У цэнтры Н.з. знаходзяцца гіпероны і мезоны, далей — нейтроны ў звышцякучым стане; вонкавы слой складаецца з надзвычай шчыльнай формы жалеза (цвёрды, таўшчыня каля 1 км, т-ра — да 1 млн. K). Мае вельмі магутнае магн. поле — больш за 1 мТл. Гіпотэза пра існаванне Н.з., выказаная ў 1930-я г., пацверджана ў 1967 адкрыццём пульсараў.
Літ.:
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984;
Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.
А.А.Шымбалёў.
т. 11, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
нукло́н
(ад лац. nucleus = ядро)
агульная назва часціц атамнага ядра — пратонаў і нейтронаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
А́ЛЬФА-ЧАСЦІ́ЦА, α-часціца,
ядро атама гелію 42He. Выпрамяняецца некаторымі радыеактыўнымі ядрамі (нуклідамі) і складаецца з 2 пратонаў і 2 нейтронаў, звязаных ядзернымі сіламі. Зарад альфа-часціцы +2, маса 6,644∙10−27 кг, магн. момант і спін роўныя 0. Метады назірання альфа-часціц заснаваны на іанізацыі.
т. 1, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛО́НЫ (ад лац. nucleus ядро),
агульная назва для пратонаў і нейтронаў, з якіх складаецца атамнае ядро. У адносінах да ядзерных сіл пратоны і нейтроны маюць падобныя ўласцівасці, таму іх можна разглядаць як 2 розныя «зарадавыя» станы адной і той жа часціцы — Н. Гл. таксама Ізатапічная інварыянтнасць.
т. 11, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́ЛІЮ АКСІ́Д,
хімічнае злучэнне берылію з кіслародам, BeO. Бясколерныя крышталі, tпл 2580 °C; не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў кіслотах і шчолачах. У прыродзе мінерал брамеліт. Выкарыстоўваецца як запавольнік і адбівальнік нейтронаў, матэрыял для абалонак цвэлаў і паліўных каналаў у ядз. рэактарах, гарачатрывалы і хімічна ўстойлівы матэрыял для спец. керамікі.
т. 3, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗАВА́ЛЬНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
патокі элементарных часціц ці эл.-магн. квантаў, узаемадзеянне якіх з асяроддзем даводзіць да іанізацыі яго атамы і малекулы. Напр., ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, для стэрылізацыі, пастэрызацыі і захоўвання харч. прадуктаў, фармацэўтычных прэпаратаў і інш.
Зараджаныя часціцы іанізуюць атамы асяроддзя непасрэдна пры сутыкненнях з імі; выбітыя электроны пры наяўнасці дастатковай энергіі таксама могуць іанізаваць (другасная іанізацыя). Пры праходжанні нейтральных часціц (напр., нейтронаў, фатонаў) іанізацыя абумоўлена другаснымі зараджанымі часціцамі, якія ўзнікаюць ад узаемадзеяння першасных часціц з асяроддзем. І.в. разбуральна ўздзейнічае на рэчыва і жывыя арганізмы; многія хім. рэакцыі пад уплывам І.в. ажыццяўляюцца больш лёгка або працякаюць пры значна меншых цісках і т-рах. У выніку дзеяння І.в. можна атрымаць розныя мутацыі мікраарганізмаў і раслін. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення, Радыяцыйныя дэфекты, Прамянёвая тэрапія.
А.В.Берастаў.
т. 7, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАЯ ТЭРАПІ́Я, радыетэрапія,
лячэнне іанізавальным выпрамяненнем. Выкарыстоўваюць фатоннае (гама-выпрамяненне, рэнтгенаўскае, тармазное) і карпускулярнае (пучкі электронаў, пратонаў, нейтронаў, цяжкіх іонаў, таксама альфа- і бэта-выпрамяненні радыеактыўных ізатопаў) іанізавальнае выпрамяненне. Крыніцы выпрамянення ў П.т.: радыеактыўныя рэчывы (натуральныя або штучныя радыенукліды) і спец. электрафіз. апараты, якія ствараюць пучкі выпрамянення (рэнтгенаўскія апараты, паскаральнікі электронаў, пратонаў, генератары нейтронаў). Метады П.т.: дыстанцыйнае апрамяненне (гама-выпрамяненне кобальту-60 або цэзію-137, рэнтгенаўскае і інш.) і кантактнае (унутрыполасцевае, унутрытканкавае). Дыстанцыйнае апрамяненне ажыццяўляецца ў статычным або ў рухомым рэжымах. Механізм дзеяння П.т. — непарыўна звязаныя біяфіз. і біяхім. працэсы, якія выклікаюць функцыян. і марфал. змены ў клетках (да іх адмірання). Аснова П.т. — розная радыеадчувальнасць нармальных і пухлінных тканак (тэрапеўт. інтэрвал радыеадчувальнасці). П.т. з’яўляецца вядучым метадам кансерватыўнага лячэння шматлікіх форм злаякасных пухлін (рак скуры, губы, языка, гартані, шыйкі маткі), важным кампанентам камбінаванага і комплекснага лячэння.
Літ.:
Киселева Е.С. Лучевая терапия злокачественных опухолей. М., 1996.
С.Маўрычаў.
т. 13, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАБА́РЫ (ад іза... + грэч. baros цяжар, вага),
1) ізалініі атмасфернага ціску.
2) Лініі, якія адлюстроўваюць раўнаважны ізабарны працэс на тэрмадынамічнай дыяграме стану. Ураўненне І. ідэальнага газу: V/T=const, дзе V — аб’ём, T — т-ра.
3) Атамныя ядры розных хім. элементаў з аднолькавым масавым лікам. Маюць розныя колькасці пратонаў і нейтронаў, аднак іх агульная колькасць аднолькавая. Гл. Ядро атамнае.
т. 7, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)