МЕЛАНО́МА [ад грэч. melas (melanos) чорны + -ōma канчатак у назвах пухлін],
меланабластома, у чалавека злаякасная пухліна, якая развіваецца з пігментаўтваральных клетак меланацытаў. Часцей узнікае на скуры (90%), радзей — на слізістых абалонках страўнікава-кішачнага тракту, верхніх дыхальных шляхоў, мазгавых абалонак, у воку. Схільная даваць раннія метастазы. Для М. характэрна назапашванне ў клетках меланіну, бываюць і беспігментныя. Лячэнне хірург., прамянёвае, хіміятэрапеўтычнае. У жывёл М. — дабраякасная пухліна з клетак эпідэрмісу; можа ператварацца ў злаякасную. Гл. таксама Пухліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ АНА́ЛІЗ,
даследаванне складу і ўласцівасцей глебавых гарызонтаў, іх колькасных характарыстык і хім. саставу. Пры глебавым аналізе вызначаюць грануламетрычны і агрэгатны састаў, структуру глебы, гумус (перагной), колькасць хім. элементаў і іх назапашванне (валавы аналіз), састаў і колькасць водарастваральных рэчываў глебы і яе рэакцыю, паглынальную здольнасць, забяспечанасць злучэннямі азоту, фосфару, калію і інш. рэчывамі, даступнымі для жыўлення раслін, даследуюць склад элементаў глебы, дынаміку размеркавання ў ёй пажыўных рэчываў і дынаміку глебавых працэсаў. На аснове глебавага аналізу складаюць глебавыя карты і картаграмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ў раслін,
частка сцябла і кораня раслін звонку ад камбію. Першасная К. складаецца ў асн. з парэнхімных і мех. тканак (фарміруецца з вонкавай ч. конуса нарастання); другасная К. (развіваецца пазней у выніку дзейнасці камбію) — з коркі і лубу. Функцыі К. разнастайныя з-за мноства тканак, з якіх яна складаецца: перамяшчэнне арган. рэчываў ад лісця да кораня, назапашванне пажыўных рэчываў, ахова раслін ад неспрыяльных умоў знешняга асяроддзя. К. некаторых раслін выкарыстоўваецца як сыравіна для хім. прам-сці, атрымання фарбаў, лек., дубільных сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАВА́Я КІСЛАТА́ (2, 6, 8-трыоксіпурын),
канчатковы прадукт абмену пурынаў і бялкоў у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раскладаюцца ніжэй т-ры плаўлення, дрэнна раствараюцца ў вадзе. М.к. адкрыў швед. хімік К.Шэеле (1776) у мачы. Утвараецца пераважна ў печані, невял. колькасць ёсць у тканках (мозг, кроў), мачы і поце. Пры некат. парушэннях абмену рэчываў адбываецца назапашванне М.к. і яе кіслых солей (уратаў), што выклікае нефрыты, артрыты, артрозы, таксікозы цяжарных і інш. хваробы. Зыходны прадукт для прамысл. сінтэзу кафеіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛЁТНЫЯ ПТУ́ШКІ,
птушкі, якія штогод робяць пералёты ад месцаў гнездавання на зімоўкі (у вырай) і назад. Для іх характэрны: высокі ўзровень метабалізму, здольнасць да хуткага перамяшчэння ў паветры, арыентацыя ў прасторы, назапашванне пажыўных рэчываў і тлушчу, строгая цыклічнасць размнажэння і лінькі, хуткая перабудова фізіял. функцый і іх сінхранізацыя з сезоннымі зменамі асяроддзя. На Беларусі 162 віды П.п., большасць з іх — лясныя і вадаплаўныя, у т. л. буслы, дразды, івалгі, качкі, крачкі, кулікі, ластаўкі, мухалоўкі, чайкі, шпакі. Гл. таксама Пералёты птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКУО́ЛЯ (франц. vacuole ад лац. vacuus пусты),
поласць у цытаплазме жывёльных і раслінных клетак, абмежаваная мембранай і запоўненая вадкасцю. У цытаплазме прасцейшых знаходзяцца стрававальныя вакуолі (маюць ферменты, якія раскладаюць рэчывы) і скарачальныя вакуолі (выконваюць функцыі асмарэгуляцыі і выдзялення). Для шматклетачных жывёл характэрны стрававальныя і аўтафагіруючыя вакуолі; яны ўваходзяць у групу другасных лізасом і маюць гідралітычныя ферменты. У раслін вакуолі — вытворныя эндаплазматычнай сеткі, акружаныя пранікальнай мембранай — танапластам. Функцыі вакуоляў: рэгуляцыя водна-салявога абмену, падтрыманне тургарнага ціску ў клетцы, назапашванне нізкамалекулярных водарастваральных метабалітаў, запасных рэчываў і выдаленне з абмену таксічных рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭРЭБРАЗІ́ДЫ (ад лац. cerebrum мозг + грэч. eidos выгляд),
прыродныя арган. злучэнні з групы глікаліпідаў. Вугляводная ч. малекулы Ц. складзена з глюкозы або галактозы, ліпідная — з N-ацыліраванай насычанай або ненасычанай тлустай к-ты, сфінгазіну (або яго гамолага).
Белыя аморфныя рэчывы, не раствараюцца ў вадзе, добра раствараюцца ў арган. растваральніках. Маюцца ў большасці клетачных мембран чалавека і жывёл, найб. колькасць у белым рэчыве мозга і ў міэлінавых абалонках нерваў. Біясінтэз шляхам перанясення астаткаў цукру ад урыдзіндыфосфагексозы на сфінгазін. Адзначана назапашванне Ц. у мозгу, селязёнцы, печані пры некат. цяжкіх псіхічных захворваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАСТАМЛЕ́ННЕ,
рэзкае зніжэнне ўрадлівасці глебы і ўраджайнасці с.-г. раслін пры вырошчванні монакультуры ці частай паўтаральнасці адной культуры ў севазвароце. Асн. прычыны глебастамлення: аднабаковае спусташэнне глебы, назапашванне фітапатагенных мікраарганізмаў (бактэрый, вірусаў, грыбоў), спецыфічных для кожнай культуры, развіццё беспазваночных жывёл-шкоднікаў і інш. Да асабліва моцнага глебастамлення вядзе працяглае культываванне лёну, канюшыны, цукр. буракоў і інш. Глебастамленне не ліквідуецца пры ўнясенні поўнага ўгнаення і захаванні фіз. уласцівасцей глебы. Не выклікае глебастамлення вырошчванне жыта, кукурузы, спаржы і некат. іншых раслін у монакультуры. Спосабы барацьбы з глебастамленнем: строгае захаванне севазвароту з улікам папярэднікаў, вырошчванне ўстойлівых сартоў раслін, апрацоўка пестыцыдамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНАЗЁМЫ,
тып глеб, які фарміруецца ў лесастэпавай і стэпавай зонах умераных паясоў пад шматгадовай травяністай расліннасцю. Развіваюцца пераважна на карбанатных пародах пры недахопе ўвільгатнення, ва ўмовах непрамыўнога ці перыядычна прамыўнога воднага рэжыму. Для Ч. характэрны нейтральная ці слабакіслая рэакцыя глебавага раствору, зярністая ці камякавата-зярністая структура, назапашваннеарган. рэчываў у моцным (да 1 м) гумусавым слоі, высокая патэнцыяльная ўрадлівасць. Плошча Ч. у свеце каля 240 млн.га. Пашыраны ў Еўразіі (Аўстрыя, Венгрыя, Балгарыя, Малдова, Паўд. Украіна, Расія, Манголія, Кітай), Паўн. (зах. штаты ЗША, паўд. правінцыі Канады) і Паўд. Амерыцы (Паўд. Аргенціна і Чылі). На Беларусі адсутнічаюць.