ВО́БЛЫ (Канстанцін Рыгоравіч) (27.5.1876, г.п. Царычанка Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 12.9.1947),
украінскі эканаміст, статыстык. Д-рпаліт. эканоміі і статыстыкі (1911). Акад.АН УССР (1919). Віцэ-прэзідэнт АН УССР (1928—30). Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1900), Варшаўскі ун-т (1904). Вёў пед. работу ў Кіеўскім ун-це і Кіеўскім камерцыйным ін-це. У 1943—47 дырэктар Ін-та эканомікі АН УССР. Даследаванні па праблемах эканам.-геагр. развіцця прам-сці Польшчы і Украіны, міграцыі насельніцтва, унутр. і знешняга гандлю, эканомікі страхавання і інш. Аўтар падручнікаў па статыстыцы і эканам. геаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХНЕ́НКА (Серафім Васілевіч) (15.2.1914, в. Вербавічы Нараўлянскага р-на Гомельскай вобл. — 8.3.1977),
бел вучоны ў галіне іхтыялогіі. Д-рбіял.н. (1968). Скончыў БДУ (1938). З 1956 у Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па біял. асновах засялення маляўкамі вугра вадаёмаў СССР. Прапанаваў тэорыю нераставай міграцыіеўрап. вугра; заснавальнік айчынных даследаванняў па ўзнаўленні еўрап. вугра ў штучных умовах.
Тв.:
Биология и распространение угря. Мн., 1958;
Европейский угорь. М., 1969;
Эколого-физиологическая пластичность европейского угря Anguilla anguilla L. Мн., 1977 (разам з В.А.Бяздзенежных, С.Л.Гаравой).
працэс змены ў часе стану некаторай прыроднай ці тэхнічнай сістэмы ў адпаведнасці з імавернаснымі заканамернасцямі. Характарыстыкі выпадковага працэсу ў кожны момант часу — выпадковыя велічыні з пэўным размеркаваннем імавернасцей.
Тыповыя прыклады выпадковага працэсу: броўнаўскі рух, турбулентны рух вадкасцей і газаў, распаўсюджванне радыёхваль, рух трансп. патокаў, міграцыі жывёл, змены складу біяцэнозаў і інш. Пры апісанні і аналізе выпадковага працэсу выкарыстоўваюцца метады рашэння дыферэнцыяльных і інтэгра-дыферэнцыяльных ураўненняў (гл.Маркаўскі працэс), метады функцыянальнага аналізу і інш. Пры дапамозе тэорыі выпадковага працэсу вырашаецца большасць задач масавага абслугоўвання тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФА́УНА (ад лац. in у, унутры + фауна),
жывёлы, якія жывуць у донных грунтах вадаёмаў. Да І. адносяцца многія малюскі, ігласкурыя, кольчатыя і круглыя чэрві, лічынкі насякомых, некат. рыбы, а таксама камняточцы (некат. губкі, малюскі, марскія вожыкі) і шашалі (малюск Teredo, некат. ракападобныя). Паводле прымеркавання да тыпу грунтоў вылучаюць І. пелафільную (у мулах), псамафільную (у пяску), літафільную (у камянях), аргілафільную (у гліне). Большасць відаў І. корміцца дробнымі арган. ці мінералізаванымі завіслымі часцінкамі (дэтрытам). Для некат. прадстаўнікоў уласцівы сутачныя і сезонныя верт.міграцыі. І. мае важнае значэнне як кармавая база для рыб, якія кормяцца доннымі жывёламі (бентасам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРА́ЦЫЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА (ад лац. migratio перасяленне),
перамяшчэнне людзей, звязанае звычайна са зменай сталага месца жыхарства. Бывае беззваротная (канчатковая змена пастаяннага месца жыхарства), часовая (перасяленне на даволі доўгі, але абмежаваны тэрмін) і сезонная (перамяшчэнне людзей у пэўны перыяд года), знешняя (іміграцыя, эміграцыя) і ўнутраная (рух сельскага насельніцтва ў горад і наадварот, міжраённае перасяленне і інш.). Вылучаюць таксама спецыфічную маятнікавую міграцыю. Найб. уплывае на развіццё грамадства міграцыя рабочай сілы. Яна ахоплівае перамяшчэнне насельніцтва ў працаздольным узросце і часам называецца працоўнай міграцыяй. Паводле спосабу рэалізацыі М.н. падзяляецца на арганізаваную, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле і з дапамогай дзярж. органаў, і неарганізаваную. Працэс М.н. складаецца з трох асн. фаз: фарміраванне патоку мігрантаў у месцах іх выхаду; перасяленне мігрантаў; адаптацыя да новага месца жыхарства. У 1990-я г. ў сувязі з распадам СССР на Беларусі адбывалася значная міграцыя насельніцтва. Колькасць беларусаў на тэрыторыі краіны гал.ч. з прычын міграцыі павялічылася (1999 ў параўнанні з 1989) на 3,2% пры агульным скарачэнні насельніцтва на 1%. Працягвалася перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад, аднак яго тэмпы за гэты перыяд скараціліся ў 5 разоў. Вялікія змены ў патоках міграцыі выклікала таксама Чарнобыльская катастрофа. У выніку да 1999 насельніцтва Гомельскай вобл. скарацілася на 7,4%, Магілёўскай вобл. — на 5,2%, а колькасць жыхароў Мінска павялічылася на 4,6% (у параўнанні з 1989). На Беларусі дамінуе ўнутрырэсп. перамяшчэнне насельніцтва з вёскі ў горад (за 1970—85 у гарадах асела 1,34 млн.чал.). На працягу года месца жыхарства ў рэспубліцы змяняюць больш за 600 тыс. чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДРО́ЎКІ ЖЫВЁЛ,
адносна недалёкія і кароткатэрміновыя перамяшчэнні жывёл у пошуках корму, месцаў адпачынку, зімовак, сховішчаў і інш. Пры вандроўках, у адрозненне ад міграцыі жывёл, вобласць, у якую перамяшчаюцца жывёлы, мяжуе або часткова супадае з вобласцю, дзе яны знаходзіліся да пачатку перамяшчэння (звычайна месцы размнажэння). Вандроўкі жывёл пераважна прымеркаваны да сезона года, часу сутак. Пашыраны сярод горных млекакормячых і птушак; у многіх птушак (гракі, шпакі) адбываюцца перад сезонным пералётам, у інш. (снягір, сініцы) — усю восень і зіму. Некаторыя беспазваночныя штодзень перамяшчаюцца з аднаго яруса расліннасці ў іншы, водныя беспазваночныя — з адной глыбіні на другую (у залежнасці ад т-ры, вільготнасці, асветленасці і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЛЧ ((Balch) Эмілі Грын) (8.1.1867, Ямайка-Плейн, штат Масачусетс, ЗША — 9.1.1961),
амерыканскі грамадскі дзеяч, эканаміст. Адукацыю атрымала ва ун-тах Чыкага, Берліна і Гарвардскім. Праф. у каледжы Уэлслі (1913—18). У кн. «Нашы суграмадзяне — славяне» (1910) разглядала праблемы міграцыі, абвяргала погляды аб расавай непаўнацэннасці славян. Удзельніца 1-га (1915) і 2-га (1919) Міжнар. кангрэсаў жанчын. З 1919 першы сакратар-казначэй Жаночай міжнар. лігі за мір і свабоду, з 1926 займалася праблемамі Гаіці (выступала за вывад амер. войскаў і ўстанаўленне самакіравання), у 2-ю сусв. вайну ад імя лігі дапамагала амерыканцам яп. паходжання, інтэрніраваным у спец. лагеры. Нобелеўская прэмія міру 1946 (разам з Дж.Мотам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАЭКАЛО́ГІЯ (ад агра... + экалогія),
сельскагаспадарчая экалогія, раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстанне с.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВЕНТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
заносныя расліны, ненаўмысна занесеныя ў пэўны рэгіён чалавекам або прыродным шляхам (вада, вецер, міграцыі жывёл, птушак і інш.) віды раслін, якія ў ім прыжыліся. Заносу садзейнічаюць гандаль с.-г. прадукцыяй (зернем, бавоўнай, воўнай), інтэнсіўны транспартны абмен, перасяленне людзей і інш. Адвентыўныя расліны могуць выцясняць абарыгенныя віды, парушаць структуру біягеацэнозаў, супраць пашырэння асобных з іх (небяспечнае пустазелле) прымаюць меры каранціну. У флоры Беларусі больш за 100 відаў адвентыўных раслін. З Еўропы занесены авёс шчаціністы, палявічка малая, з Амерыкі — купалка аднагадовая, аксамітнік сіняваты, галінзога драбнакветная, аксамітнік адкінуты, з Азіі — грэчка татарская, торбачнік палявы, аксамітнік хвастаты і інш.; з Афрыкі — лебяда пахучая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЭРЭ́НЫ (Procapra),
род млекакормячых сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 3 віды: Дз. мангольскі (P. gutturosa), Дз.Пржавальскага (P. przewalskii), Дз. тыбецкі (P. picticaudata). Пашыраны пераважна ў стэпах, паўпустынях, пустынях раўнін і гарах Цэнтр. Азіі. Трымаюцца статкамі.
Моцнага целаскладу, зграбныя. Даўж. цела 95—150 см, хваста 2—12 см, выш. ў холцы 54—95 см, маса 20—40 кг. У самцоў лірападобныя рогі (даўж. да 28 см). Колер жаўтавата-пясочны, на грудзях, хвасце і бруху белы. Кормяцца травяністымі раслінамі. Нараджаюць 1—2 дзіцянят. Хутка бегаюць (да 60—65 км/ гадз). Робяць сезонныя міграцыі. Аб’екты промыслу. Захаваліся пераважна ў нац. парках.