мясі́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З вялікай колькасцю мяса, які дае многа мяса.

2. Разм. Тоўсты, поўны (пра чалавека або часткі яго цела). У невялічкім калідорчыку, дзе пад самай столлю цьмяна свяціла лямпачка, нас сустрэў мясісты, з тварам, як альховы чурбак, чалавек. Сабаленка. Паўз бярэзнік ішоў Арцём Серада, круцячы доўгім мясістым носам, відаць, нечым нездаволены. Бажко.

3. З тоўстай сакавітай мякаццю (аб раслінах, пладах). Нават у верасні.. [кусты] густа ўсыпаны буйнымі мясістымі ягадамі. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бако́па

(н.-лац. bacopa)

травяністая расліна сям. залознікавых з мясістым лісцем на тоўстым сцябле, пашыраная ў балоцістых вадаёмах Паўд. і Цэнтр. Амерыкі; на Беларусі вядома як акварыумная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

даратэа́нтус

(н.-лац. dorotheanthus)

травяністая расліна сям. аізаонавых з вузкім мясістым лісцем і адзіночнымі белымі, ружовымі або аранжавымі кветкамі, пашыраная ў Паўд. Афрыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРТЫШО́К (Cynara),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 12 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і і на Канарскіх а-вах. У культуры 2 блізкія віды — артышок кардон, або іспанскі (C. cardunculus), і сапраўдны, або калючы (C. scolymus). Як харч., кармавыя і дэкар. расліны вырошчваюць у Паўд. Еўропе, на Пд Расіі, на Украіне. На Беларусі артышок сапраўдны ёсць у калекцыі Цэнтр. бат. сада АН. Размнажаюць насеннем і атожылкамі. У сярэдняй паласе вырошчваюць як аднагадовую культуру расадным метадам.

Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцябло галінастае, прамое, выш. 0,5—1 м. Лісце буйное, лопасцевае або перыстарассечанае. Трубчастыя фіялетавыя, сінія або белыя кветкі сабраны ў буйны кошык дыям. да 10 см. Сакавітыя нераскрытыя кошыкі з мясістым кветаложам (маюць да 3% бялку, 7—15% вугляводаў, 3—11 мг% вітаміну С, 0,4 мг% караціну, вітаміны B1 і B2, правітамін артышок, цукар, інулін), ачышчаныя чаранкі, галоўныя жылкі лісця і карані спажываюць вараныя і кансерваваныя (далікатэсная страва). У насенні каля 30% тлушчу, прыдатнае на корм птушкам. Стымулявальны і дыўрэтычны лек. сродак; ужываюць пры дыябеце, атэрасклерозе, хваробах печані; плады — проціяддзе опіуму.

Артышок сапраўдны.

т. 1, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

партула́к

(н.-лац. portulaca)

травяністая расліна сям. партулакавых з мясістым лісцем і кветкамі розных колераў, пашыраная пераважна ў тропіках і субтропіках; харчовая і лекавая; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цэрэ́ус

(лац. cereus = пяшчотны, гнуткі)

дрэвападобная або кустовая расліна сям. кактусавых з галінастым мясістым сцяблом, ігольчастымі калючкамі і белымі кветкамі, пашыраная пераважна ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мо́нцыя

(н.-лац. montia)

травяністая расліна сям. партулакавых з мясістым лісцем і дробнымі белымі кветкамі ў гронках, пашыраная ва ўмераных і трапічных зонах; на Беларусі трапляецца рэдка па берагах рэк, азёр, на забалочаных лугах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

хрэн, ‑у, м.

1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных з тоўстым мясістым коранем, які выкарыстоўваецца як прыправа. За акном у гародзе пад хатай парве хрэн — густа і шырака, як лопух на балоце, — над ім лёталі белыя матылі. Пташнікаў.

2. Горкі корань гэтай расліны, а таксама прыправа з гэтага кораня. Дубовы ліст, і хрэн, і кроп кладуць з гуркамі ў кадкі. Вялюгін. Штук шэсць шкляных банак з крэпкім хрэнам выглядалі з розных месцаў стала, тры «буслы» гарэлкі высока падымалі галовы над стусамі закусак. Колас.

•••

Стары хрэн (лаянк.) — пра старога чалавека. — Ну, ідзі, стары хрэн, ды хутчэй, жыва каб мне назад! — кіўнуў паліцэйскі. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імбі́р

(польск. imbir < с.-в.-ням. ingebër, imber, ад лац. zingiber)

1) травяністая расліна сям. імбірных з двухрадным лісцем, адзіночнымі кветкамі ў суквеццях і мясістым коранем, багатым на эфірны алей; пашырана ў тропіках;

2) прыправа з каранёў гэтай расліны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАПУ́СТА (Brassica),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Найважнейшыя віды К. вырошчваюць ва ўсім свеце (культывуюць з ранняга неаліту). На Беларусі 6 відаў: К. агародная (B. oleracea), бручка, гарчыца, рапс, рэпа, свірэпіца.

К. агародная вызначаецца незвычайнай марфал. зменлівасцю, мае мноства разнавіднасцей і форм. Найб. вядомыя ў культуры: К. белакачанная — лісце качана буйное, простае, лірападобнае або суцэльнае, светла- або інтэнсіўна-зялёнае з фіялетавым адценнем. У лісцях К. чырвонакачаннай ёсць пігмент антацыян. Савойская К. мае рыхлы качан з пухіравата-маршчакаватага лісця. Брусельская К. ўтварае сцябло выш. да 1 м, у пазухах лісця развіваюцца дробныя качанчыкі. Лісцевая К. мае тоўстае сцябло да 1,5 м выш. з буйным мясістым лірападобным або суцэльным лісцем. У кальрабі клубнепадобна патоўшчанае сцябло (сцеблаплод); лісце чаранковае, перыста-лопасцевае або лірападобнае. Пекінская К. мае разетку буйнога (да 60 см даўж.) лісця, сабранага ў рыхлы качан. Цвятная К. ўтварае цыліндрычнае сцябло выш. да 70 см, на якім шматлікія зрослыя кветаносныя парасткі. Усе К. — святлалюбныя і холадаўстойлівыя. Верагодны зыходны від — К. дзікая (B. sylvestris). Амаль усе К. (акрамя цвятной і пекінскай) — двухгадовыя расліны. У 1-ы год фарміруюць вегетатыўныя органы (качан, разетку лісця, сцеблаплод), на 2-і — цвітуць і даюць насенне. Агароднінная, кармавая і алейная расліна.

Літ.:

Чулкова Е.И., Переднев В.П., Городилов Н.А. Капуста. Мн., 1973;

Советы огородникам. 2 изд., Мн., 1989.

У.​П.​Пярэднеў.

Капуста: 1 — кармавая; 2 — пекінская; 3 — кальрабі; 4 — брусельская; 5 — белакачанная; 6 — цвятная; 7 — чырвонакачанная.

т. 8, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)