помнік горадабудаўніцтва 2-й пал. 18 ст. ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1760—80-я г. ў стылі барока з удзелам італьян.арх. Дж.Сака на высокім узгорку берага р.Мядзелка. Быў адм., культ. і гандл. цэнтрам горада. Напачатку забудова была драўляная. На прамавугольнай у плане плошчы (295 × 93 м) цэнтр. месца займалі гандл. рады. На зах. баку плошчы размяшчаліся будынак канцылярыі і суда, абапал яго сіметрычна стаялі па 3 дамы рамеснікаў; іх фланкіравалі дом урача і гасцініца. На ўсх. баку паміж драўлянымі храмамі быў 2-павярховы з вежай будынак школы, на паўд. баку — карчма і сіметрычна ёй 2 аднолькавыя гасцініцы, на паўн. — аўстэрыя і 3 дамы рамеснікаў. Захаваліся дом урача, 3 дамы рамеснікаў, гасцініца, жылы дом. Дом урача — прамавугольны ў плане мураваны 2-павярховы будынак накрыты высокім вальмавым чарапічным дахам. Гал. фасад сіметрычна раскрапаваны нішамі і філёнгамі. Дамы рамеснікаў прамавугольныя ў плане, 1-павярховыя, з мансардамі, накрытыя 2-схільнымі чарапічнымі дахамі. Утвараюць суцэльную забудову. Гасцініца мае ідэнтычную з домам урача аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Жылы дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак. Сфарміраваны ў выніку аб’яднання і рэканструкцыі ў 19 ст. дамоў рамеснікаў. Гал. фасад атрымаў складаную асіметрычную кампазіцыю з высокімі ступеньчатымі атыкамі, спрошчанай крапоўкай сцен, шатровай вежачкай над адным з прамавугольных аконных праёмаў.
С.Г.Багласаў.
Пастаўскі архітэктурны ансамбль: 1, 2 — дамы рамеснікаў; 3 — дом урача.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Паставы Віцебскай вобл. Створаны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. на паўд. ускраіне горада на левым беразе р.Мядзелка. Комплекс, які ўключае палац і парк, пабудаваны на месцы сядзібы 1-й пал. 17 ст.
Першапачатковая сядзіба складалася з жылых і гасп. пабудоў (5 драўляных жылых дамоў, кухня, 5 свірнаў, 3 стайні, вазоўня, склеп і інш.), якія ўтваралі прамавугольны ў плане двор, абнесены астрогам з 2 брамамі. Гал. жылы дом — 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі з 2 алькежамі і 2 ганкамі, завершаны гонтавым дахам. Астатнія дамы — традыц. 2- і 3-камернае жыллё. Асобнае падвор’е ўтваралі 3-камерны жылы дом для прыслугі, сыраварня, склеп і абора, на гумнішчы — стадола, асець, адрына, абарогі. Пры сядзібе быў бровар.
Буд-ва П.п.-п.к. распачата на месцы сядзібы ў 1760-я г. (верагодна, паводле праекта арх. Дж.Сака). У 1770-я г. спынена (пабудаваны 2 бакавыя флігелі і падмурак палаца). У 1-й пал. 19 ст. на паўд. беразе возера пабудаваны П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны палац. Цэнтр. часткі паўд. і ўсх. крылаў вылучаны больш высокімі аб’ёмамі з мезанінамі. Усе часткі палаца накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сіметрычны ўсх. фасад мае па баках глыбокія рызаліты і аздоблены пілястрамі, плоскі рызаліт у цэнтры з вял. тэрасай перад ім. У 1830-я г. да паўн. фасада прыбудаваны 6-калонны дарычны порцік з манум. лесвіцай; у паўн. крыле — капліца, аздобленая лепкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Парк — рэгулярна-пейзажнага тыпу, размешчаны на раўнінным рэльефе. Ствараўся ў 2 этапы. Пл. каля 10 га. Меў форму выцягнутага з Пн на Пд прамавугольніка, абмежаванага па баках каналамі, з Пн — возерам. Каля палаца знаходзілася пейзажная частка парку з экзотамі ў дэкар. групах. Ад рэгулярнага парку ўцалелі і рэшткі старых ліпавых прысад, ад пейзажнага — асобныя групы дрэў па берагах вадаёма і ўсх. канала, а таксама на ўзгорку паміж каналам і гал. вуліцай горада.
В.Р.Анціпаў, А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Фрагмент парку.Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПдЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1965). Пл. 2,2 тыс.км². Нас. 47,8 тыс.чал. (2000), гарадскога 55,2%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Паставы. Уключае г.п.Bapanaeea і Лынтупы, 523 сельскія населеныя пункты, Варапаеўскі і Лынтупскі пасялковыя Саветы, 12 сельсаветаў: Белькаўскі, Ваўкоўскі, Дунілавіцкі, Казлоўшчынскі, Камайскі, Курапольскі, Мягунскі, Навасёлкаўскі, Палескі, Шыркаўскі, Юнькаўскі, Ярэўскі.
Паўн. ч. раёна ў межах Дзісенскай нізіны, паўд. — Свянцянскіх град. Паверхня на Пн плоская, забалочаная, на Пд — градава-ўзгорыстая са шматлікімі озамі, камамі і азёрнымі катлавінамі. 55% тэрыторыі знаходзіцца на выш. да 150 м, 21% — 170—200 м, найвыш. пункт 228 м (каля в. Камаі). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі, пяскі, торф, сапрапель, прэснаводныя вапнавыя адклады. Сярэдняя т-растудз. -6,8 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 645 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб. рэкі Дзісна, Лучайка, Мядзелка і Галбіца; на ПдЗ выток р. Страча. Найб. азёры: Вялікія Швакшты, Лучай, Малыя Швакшты, Доўжа, Вялікае Сурвілішскае, Лодасі, Свідна, Задзеўскае, Лісіцкае, Світа. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (39,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (30,7%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (19%). Пад лесам 38% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, трапляюцца чорнаальховыя, шэраальховыя, ясянёвыя, дубовыя і інш. Пад балотамі 5% тэрыторыі. На тэр. раёна частка нац. парку Нарачанскі, гідралагічны заказнік рэсп. значэння Швакшты. Заказнікі мясц. значэння: ландшафтныя — Карагач, Палескія Узгоркі, Сяргеевіцкія Узгоркі, Саранчанскія грады, Спорыцкая ледавіковая лагчына; батанічны — Лынтупскі; ахоўныя тарфянікі — Равы, Гіненкі і Каліты. Помнікі прыроды рэсп. значэння: горы Маяк, Баяроўшчына, Лысая; вял. камяні Заўлечанскі, Лодаскі, Мягунскі, Дзіравы камень Каптарунскі, Чортаў камень Саболкаўскі. Помнікі прыроды мясц. значэння: горы — Балдоўшчына, Гара вялікая, Гараватка; Жуперская града; узгоркі — Барадзінскі і Чарнецкі; вял. камяні — Зыбалішскі, Камайскі, Трапшавіцкі, Чашкаўшчынскі; камень Казнадзеюшскі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 81,2 тыс.га, з іх асушаных 33,5 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 19 калгасаў, 2 саўгасы, 36 фермерскіх гаспадарак, аграфірмы «Зара», «Рассвет», ААТ «Паставыаграсервіс», «Райаграпрамтэхніка». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы радыёэлектроннай (тэлерадыёкампаненты), буд. матэрыялаў (бетонныя і жалезабетонныя вырабы), шкляной (слоікі), ільняной (перапрацоўка льновалакна), дрэваапр. (мэбля, у т. л. для навучальных устаноў), харч. (мясная і малочная прадукцыі, спірт, кансервы — Пастаўскі кансервавы завод), кааператыўнай прам-сці; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Полацк—Вільня, Варапаева—Друя; аўтадарогі Полацк—Вільня, Віцебск—Браслаў—Паставы—Мядзел і інш. У раёне 13 сярэдніх, 18 базавых, 13 пачатковых школ, школа-садок, маст. школа, школа мастацтваў, 3 муз. школы, 2 школы-інтэрнаты, прафесійна-тэхн. ліцэй, 19 дашкольных устаноў, 40 клубаў, 40 б-к, 6 бальніц, 2 амбулаторыі, 32 фельч.-ак. пункты. Пастаўскі краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: царква (1-я пал. 20 ст.) у в. Апідамы, Пакроўская царква (пач. 20 ст.) у в. Асінагарадок, царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Груздава, Троіцкі касцёл (1769—73) у в. Дунілавічы, касцёл Іаана Хрысціцеля (1603—06) у в. Камаі, парк (канец 18 — пач. 19 ст.) каля хутара Крыкалы, касцёл Тадэвуша (1766) у в. Лучай, царква (пач. 20 ст.) у в. Манькавічы, парк (2-я пал. 18 ст.) у в. Нарыца. Гістарычныя помнікі: каменны крыж (15—16 ст.), надпіс не расшыфраваны, у в. Камаі; стэла (1975) на месцы былой в. Альцы, спаленай ням. фашыстамі ў 1943. Выдаецца газ. «Пастаўскі край».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2 тыс.км². Нас. 37,2 тыс.чал. (1998), гарадскога 36,8%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр. — г.Мядзел. Уключае г.п.Крывічы і Свір, курортны пас.Нарач, 306 сельскіх населеных пунктаў, Крывіцкі і Свірскі пасялковыя Саветы, 12 сельсаветаў: Будслаўскі, Дзягільскі, Занарачанскі, Княгінінскі, Латвянскі, Мядзельскі, Нарачанскі, Пузырэўскі, Сваткаўскі, Слабадскі, Старагабскі, Сырмежскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана на Нарачана-Вілейскай нізіне, паўн.ч. ў межах Свянцянскіх град. Паверхня пераважна спадзістахвалістая, 90% яе знаходзіцца на выш. 160—200 м, найвыш. пункт 234 м (на У ад курортнага пас. Нарач). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны, мінер. воды. Сярэдняя т-растудз. -6,7 °C, ліп. 17,3 °C. Ападкаў 660 мм. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. рэкі Страча, Нарач, Вял. Перакоп, Вузлянка, Сэрвач (бас. Віліі), Мядзелка (бас. Дзісны). Найб. азёры: Нарач, Свір, Мядзел, Мястра, Баторына, Бледнае. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,6%), тарфяна-балотныя (22,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,6%). Пад лесам 42,7% тэр. раёна, пераважна на Пд і ПдЗ. Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, альховыя і інш. Пад балотамі 11,2 тыс.га. На тэр. раёна нац. парк Нарачанскі, заказнікі рэсп. значэння: біял. — Некасецкі, Пасынкі, Рудакова, гідралагічны Чарэмшыца, ландшафтны — Блакітныя Азёры. Ахоўваемыя тарфянікі: Баравікі, Баркаўшчызна, Беразнякі, 40 гадоў Кастрычніка, Пронькі, Радняк, Свірскае — Свірнішча, Трудапольскае I, II, Ходнеўшчына, Цалевічы, Чалеі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: бяроза карэльская (участкі каля в. Брэскія і ў Мядзельскім лясніцтве), вял камяні: Баярскі, Венцавіцкі, Высочкінскі, Гуліўскі, Красніцкі, Ляшчынскі, Мацкійскі, Пронькаўскі, Юшкавіцкі; камяні: Альшэўскі, Занарачанскі (седлавы з ямкамі), Чортаў камень Шкленікоўскі; грады (озы): Качаргінская, Лукінская, Цюкшынская; Дубовая гара; паўвыспы Наносы і Чараўкі; Студзянец (геал. агаленне), Сцепянёўскі берагавы ўступ. Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі ў вёсках Альшэва, Будслаў, Камарова, Стары Мядзел, парк Перамогі на паўвостраве воз. Мястра; востраў на воз. Нарач, горы Барсучыха і Пуставіны; вял. камяні: Жаснянскі, Качаргінскі, Маргінаўскі; камяні Брылёўскі, Дзягільскі, Юшкавіцкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 72,9 тыс.га, з іх асушаных 22,2 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 12 фермерскіх гаспадарак, дапаможныя с.-г. прадпрыемствы Мінскага электрафурнітурнага з-да, Мінскага маторнага з-да («Дзягілі»), адкрытае акц.т-ва «Крывічы», доследная рыбная гаспадарка «Нарач», «Райаграпрамэнерга». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Конегадоўля. Прадпрыемствы харч. і харчасмакавай (рыбныя кансервы, масла, спірт, віно, напіткі), металаапр., буд. і кааператыўнай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Маладзечна—Полацк, аўтадарогі на Мінск, Полацк, Вільнюс, Паставы, Докшыцы, Глыбокае, Вілейку, Маладзечна. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 2 пачатковыя, 4 муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, цэнтр эстэт. выхавання, Дом дзіцячай творчасці, Дом фальклору, ПТВ, 19 дашкольных устаноў, 32 клубы, 48 б-к, 6 бальніц, 3 урачэбныя амбулаторыі, паліклініка, 22 фельч.-ак. пункты. Курорт Нарач з санаторыямі «Нарач», «Баравое», «Белая Русь», «Будаўнік», «Журавушка», «Прыазёрны»; дом адпачынку «Нарач»; пансіянаты «Спадарожнік» і «Сосны»; турбаза «Возера Нарач», аўтатурбаза «Нарачанка». Раённы музей нар. славы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (1887—93) у в. Альшэва; касцёл бернардзінцаў і плябанія (2-я пал. 18 ст.) у в. Будслаў; Успенская царква (1820-я г.) у в. Вузла; Троіцкі касцёл і кляштар кармелітаў (1713—14) у в. Засвір; сядзіба (пач. 20 ст.) у в. Камарова; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Канстанцінава; царква (19 ст.) у в. Княгінін; Андрэеўскі касцёл, званіца, плябанія (пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 49 ст.) у в. Нарач; царква (канец 19 ст.) у в. Слабада; касцёл Маці Божай і званіца (на мяжы 18—19 ст.) у в. Шэметава. Выдаецца газ. «Нарачанская зара».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ВЫ,
горад, цэнтр Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., на р.Мядзелка. Чыг. ст. на лініі Віцебск—Вільнюс (Літва); вузел аўтадарог на Браслаў, Глыбокае, Шаркаўшчыну, Мядзел, курортны пас. Нарач і інш. За 250 км ад Віцебска. 21,1 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1552 як прыватнае мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. Належалі магнатам Дэшпатам-Зяновічам. У 1628 у П. 66 двароў. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у П. засталося 5 двароў. У 2-й пал. 18 ст. П. перайшлі да надворнага падскарбія ВКЛ А.Тызенгаўза, па ініцыятыве якога тут пабудаваны ф-кі, ткацкія майстэрні, млын, гарбарня, арх. комплекс з жылых дамоў, гандл. радоў і палаца. З 1775 у П. адбываліся сесіі гродскага пав. суда. У 1780-я г. створана свецкая школа з сярэдняй ступенню навучання. У 1782—85 у П. дзейнічала тэатр. школа Тызенгаўза, пераведзеная з Гродна. З 1791 П. — горад, цэнтр Завілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1793 у складзе Рас. імперыі, горад, да 1796 цэнтр павета, пасля мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. 22.1.1796 П. атрымалі герб: у блакітным полі рыбацкая сетка, уверсе 3 залатыя рыбы, галовамі на дол. У 1-й пал. 19 ст. працавалі папяровая ф-ка (засн. ў 1728), сукнавальня, 2 млыны, штогод праводзіліся 7 кірмашоў; засн. арніталагічны музей і карцінная галерэя (у 1840 больш за. 60 палотнаў). Пасля пабудовы ў 1897 чыг. лініі Крулеўшчына—Пабрадзе (Літва) П. — станцыя, 2397 ж. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 П. ў складзе Польшчы, павятовы горад Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР, 3,4 тыс.ж. З 15.1.1940 цэнтр раёна ў Вілейскай вобл. У Вял.Айч. вайну з 6.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія знішчылі ў горадзе і раёне 3688 чал. Горад вызвалены 5.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту ў ходзе Шаўляйскай аперацыі 1944. З 20.9.1944 у Маладзечанскай, з 20.1.1960 у Віцебскай абл. 10,6 тыс.ж. у 1959, 15,1 тыс.ж. у 1970.
У 1552 пабудаваны драўляны касцёл Маці Божай (адноўлены ў 1760, не захаваўся). Паводле інвентара 1628 цэнтрам П. была гандл. плошча (стаялі касцёл з плябаніяй, карчма, 6 двароў гандляроў і рамеснікаў). Па-за межамі мястэчка існаваў сядзібны комплекс. Пасля 1640 на востраве (на ПнУ ад цэнтра), утвораным выгінам р. Мядзелкі і каналам, пабудаваны кляштар францысканцаў з касцёлам (не захаваліся). У 2-й пал. 18 ст. А.Тызенгаўз правёў карэнную рэканструкцыю мястэчка на падставе рэгулярнага плана. Яго цэнтрам стала гандл. плошча, у планіроўцы якой удзельнічаў італьян. архітэктар Дж.Сака. Пабудаваны палац, на У ад яго разбіты парк пейзажнага тыпу (гл.Пастаўскі палацава-паркавы комплекс), на рынку — ансамбль мураваных дамоў рамеснікаў, урача, аўстэрыя, гандл. рады і інш. (гл.Пастаўскі архітэктурны ансамбль). Ад плошчы адыходзілі ў радыяльных напрамках 4 вуліцы. Рэгулярныя кварталы на перыферыі мелі драўляную забудову, на З і Пд ад яе размяшчаліся гуменныя пляцы. У 19 ст. мураваныя дамы ўзводзілі пераважна ў цэнтр. частцы. У 2-й пал. 19 ст. пабудаваны Пастаўскі касцёл, Пастаўская Мікалаеўская царква, вадзяны млын. Рака ў межах горада ўтварае 2 вадаёмы, дзеліць яго на зах. і ўсх. раёны. У зах. раёне гістарычна склаўся адм. -грамадскі і культ. цэнтр з пл. Леніна (б. Гандлёвая), ад якой адыходзяць асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская, Савецкая, 17 Верасня, Чырвонаармейская. У паўн.-зах. частцы горада будуюць 2—3-павярховыя капітальныя жылыя дамы. Ва ўсх. раёне размешчана прамысл. зона. Зона адпачынку — азёры Задзеўскае і Пастаўскае, парк. Горад забудоўваецца паводле карэкціроўкі генплана 1994 (БелНДІПгорадабудаўніцтва), перавага аддаецца малапавярховай сядзібнай забудове, асн. напрамкі развіцця горада — паўд.-зах. і ўсходні.
Працуюць з-ды: «Беліт», навучальнага абсталявання, Пастаўскі кансервавы завод, малаказавод, хлебазавод, ільнозавод, сумеснае прадпрыемства «Імпульс», камбінат камунальных прадпрыемстваў, лясгас, камбінат быт. абслугоўвання і інш. У горадзе ПТВ-165, 2 б-кі, Пастаўскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: вадзяны млын (2-я пал. 19 ст.), касцёл, царква. Каля П. паселішча эпохі позняга неаліту і ранняга бронз. веку (канец 3-га — пач. 2-га тыс. да н.э.).