ВЕТЭРЫНАРЫЯ
Першыя навук. працы па ветэрынарыі на Беларусі з’явіліся ў 18 ст. З 1797 папярэджанне і лячэнне хвароб жывёл ставілася ў абавязак урачэбным управам. Спецыялістаў па ветэрынарыі з 1806 рыхтавалі ў Віленскім ун-це. Папулярызатарамі вет. ведаў на Беларусі былі ўрачы С.Юндзіл, А.Мартынеўскі, К.Гібенталь. У 1913 створана Віцебская губ. земская ветэрынарна-бактэрыялагічная лабараторыя, пры якой працавалі пастэраўскае аддзяленне для прышчэплівання людзей ад шаленства і воспавы цялятнік для прыгатавання воспа-вакцыны. У 1924 на базе Вышэйшай с.-г. школы арганізаваны Віцебскі ветэрынарны ін-т (з 1994 — Віцебская акадэмія вет. медыцыны); першы рэктар — Я.П.Алонаў. У 1930 заснаваны Бел. ветэрынарна-бактэрыялагічны ін-т (з 2002 Ін-т эксперым. ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага).
Уклад у развіццё вет. навук і стварэнне вет. дабрабыту зрабілі акад. С.М.Вышалескі, Х.С.Гарагляд, М.К.Юскавец. Вывучаны метады лячэння і прафілактыкі паразітарных хвароб (І.С.Жарыкаў, П.С.Іванова, Р.С.Чабатароў, І.А.Шчарбовіч, М.В.Якубоўскі, А.І.Ятусевіч); распрацаваны мерапрыемствы па папярэджанні і лячэнні ялавасці, мастытаў (К.Дз.Валюшкін, Р.Р.Кузміч); даследаваліся пытанні дыягностыкі і прафілактыкі туберкулёзу с.-г. жывёл (А.Э.Высоцкі, А.П.Лысенка, І.І.Румачык, Р.І.Тузава), лейкозаў буйн. раг. жывёлы (В.М.Лемеш). Распрацаваны сродкі дыягностыкі і прафілактыкі бактэрыяльных і вірусных хвароб жывёл і птушак (М.М.Андросік, Б.Я.Бірман, М.С.Жакаў, М.А.Кавалёў, П.А.Красачка, У.В.Максімовіч, В.Ф.Пятроў); спосабы вет.-санітарнай экспертызы мяса, малака, рыбы і інш. (А.А.Богуш, Х.С.Гарагляд). Шырока вывучалася роля макра- і мікраэлементаў у абмене рэчываў у жывёл (Ф.Я.Беранштэйн, М.П.Кучынскі, В.М.Холад). Распрацаваны актуальныя кірункі ў вет. хірургіі, у вывучэнні незаразных хвароб (І.Я.Дземідзенка, П.Я.Канапелька, І.М.Карпуць, Р.І.Мастыка, Ф.Ф.Порахаў). Даследуюцца метады і спосабы санітарна-мікрабіялагічнай ацэнкі якасці ўтрымання жывёл у жывёлагадоўчых комплексах і гаспадарках, рэжымы выкарыстання экалагічна бяспечных дэзінфекцыйных сродкаў для санацыі жывёлагадоўчых памяшканняў (А.Э.Высоцкі).
Намаганнямі вет. службы ў краіне ліквідаваны сап, мыт, эпізаатычны лімфангіт, інфекц. анемія і кароста коней; эмкар, чума, павальнае запаленне лёгкіх, бруцэлёз, злаякасная гарачка буйн. раг. жывёлы; воспа свіней і інш.
Літ.:
Объедков Г.А. Бруцеллез крупного рогатого скота и борьба с ним Мн., 1977;
Тузова Р.В. Туберкулез сельскохозяйственных животных и птицы Мн., 1983;
Якубовский М.В., Карасев Н.Ф. Диагностика, терапия и профилактика паразитарных болезней животных. Мн., 2001;
Бирман Б.Я. Инфекционная бурсальная болезнь. Мн., 2003;
Справочник по наиболее распространенным болезням крупного рогатого скота и свиней. Смоленск, 2003.
А.П.Лысенка, А.Э.Высоцкі.
т. 18, кн. 2, с. 586