ПОЛІТЭІ́ЗМ (ад полі... + грэч. theos бог),

мнагабожжа, вера ў некалькіх або многіх багоў. Узнік у перыяд разлажэння першабытнай абшчыны на аснове адухаўлення і персаніфікацыі стыхійных сіл і розных з’яў прыроды (гл. Анімізм, Татэмізм, Фетышызм), шанавання разрозненых духаў родаплемянных рэлігій (гл. Дэманалогія). Веру ў мноства раўнапраўных фетышаў і духаў змяніла вера ў багоў, якія атрымалі канкрэтнае аблічча, імя, культ. У рытуалах П. гал. ролю адыгрывалі жрацы, якія групаваліся вакол храмаў ці свяцілішчаў, валодалі багаццем і мелі вял. ўладу. Такімі былі рэлігіі стараж. егіпцян, грэкаў, рымлян і інш. народаў, а таксама некат. народаў Афрыкі, Паўд. Амерыкі, Акіяніі. Політэістычнымі рэлігіямі з’яўляюцца індуізм, будызм. Элементы П. захаваліся ў монатэістычных рэлігіях — іудаізме, хрысціянстве, ісламе і інш. (гл. Монатэізм). Напр., у хрысціянстве адначасова з гал. Богам захавалася вера ў Святую Тройцу (Бога-Айца, Бога-Сына і Бога—Святога Духа), ушанаванне анёлаў, прарокаў, святых і інш. Пераходнай формай монатэізму да П. з’яўляецца генатэізм, які прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярх. богам. Ва ўласна бел. пантэоне дахрысц. часоў найб. шанаваліся Пярун, Жыжаль, Вялес, Ярыла, Зюзя, Цёця, Лада, Ляля і інш.

В.​В.​Красноеа.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХА́МЕД, Магамет (каля 570, г. Мекка — 632),

арабскі рэліг. і паліт. дзеяч, заснавальнік ісламу. Тагачасных крыніц пра жыццё М. не захавалася. Паводле біяграфіі, складзенай у 9 ст., ён паходзіў з араб. роду Бану-хашым з племя курэйшытаў, рана асірацеў. Напачатку быў пастухом, потым прыказчыкам. У Аравіі і па-за яе межамі азнаёміўся з хрысц., іудзейскім і некат. інш. рэліг. і паліт. вучэннямі. Паводле мусульм. уяўленняў, М. — прарок і пасланнік Алаха, праз якога людзям перададзены тэкст свяшчэннай кнігі мусульман — Карана. Каля 610 М. выступіў з пропаведдзю ісламу. Вёў жорсткую барацьбу супраць традыцыйна язычніцкай Меккі, абапіраючыся на дапамогу некаторых плямён Ясрыба (Медыны). У 622 перасяліўся ў Ясрыб, дзе выбраны правіцелем горада, ваяводам і вярх. суддзёй (гэты год лічыцца пачаткам мусульм. эры). У Ясрыбе ён знішчыў апазіцыю з боку іудзеяў, усталяваў монатэізм ісламу і ўладу арабаў. Стварыў у Аравіі супольніцтва, заснаванае на прыналежнасці да адзінай веры, а не на кроўнай сувязі. З 631 амаль усе навакольныя плямёны падпарадкаваліся яму і перайшлі ў іслам. Утварылася магутная цэнтралізаваная тэакратычная дзяржава, якая пачала праводзіць захопніцкую палітыку ў розных кірунках. Памёр і пахаваны ў Медыне, яго грабніца стала другой (пасля Каабы) святыняй ісламу.

Літ.:

Панова В.Ф., Вахтин Ю.Б. Жизнь Мухаммеда. М., 1991.

А.​А.​Цітавец.

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭЙД (Freud) Зігмунд (6.5.1856, Фрайберг, Чэхія — 23.9.1939),

аўстрыйскі псіхіятр і псіхолаг, заснавальнік псіхааналізу. Скончыў Венскі ун-т. Д-р медыцыны (1881). Праф. Венскага ун-та (1902). У 1902 заснаваў т-ва «Псіхалагічныя серады» (з 1908 Венскае псіхааналіт. т-ва). З 1938 у Вялікабрытаніі.

Распрацаваў шэраг метадаў лячэння хворых неўрозамі, якія склалі тэрапеўтычную частку псіхааналізу: метад-катарсіс, заснаваны на выяўленні ў стане гіпнозу бессвядомых псіхічных траўмаў з мэтай вызвалення ад іх пацыента; метад вольных асацыяцый (аналіз выкладзеных пацыентам думак і адчуванняў, вызваленых ад унутр. цэнзуры: сумлення, сораму, імкнення да ветлівасці, самапавагі і інш.); метады аналізу снабачанняў сненняў*, памылковых дзеянняў, абмовак пацыента і інш. («Даследаванне істэрыі», 1895, з І.​Броерам; «Псіхапаталогія паўсядзённага жыцця», 1901). Развіваў тэорыю бессвядомых памкненняў, згодна з якой у аснове ўсіх свядомых псіхічных працэсаў ляжаць бессвядомыя. Сярод бессвядомых працэсаў вылучаў інстынктыўныя сексуальныя памкненні — лібіда. На яго думку, незадаволеныя сексуальныя памкненні выклікаюць пакуты, якія выцясняюцца ў бессвядомае, але ўплываюць на свядомасць і паводзіны чалавека. Сцвярджаў, што выцесненыя незадаволеныя сексуальныя памкненні могуць выклікаць неўрозы, часам адыгрываюць станоўчую ролю шляхам сублімацыі — пераўтварэнне энергіі гэтых памкненняў у творчасць. Акрамя базіснага сексуальнага памкнення (лібіда) вылучаў дэструктыўныя, агрэсіўныя памкненні, якія, на яго думку, параджаюць 2 тыпы энергіі: стваральную («Эрас») і разбуральную («Танатас»). Развіваў псіхадынамічную тэорыю асобы («класічны псіхааналіз»), паводле якой структура псіхікі асобы ўключае 3 кампаненты («інстанцыі»): «ід» («Яно») — фундамент псіхікі, крыніца псіхічнай энергіі, якая складаецца з сукупнасці бессвядомых сексуальных і агрэсіўных памкненняў; «эга» («Я») — сукупнасць пераважна ўсвядомленых пазнавальных і выканаўчых функцый псіхікі; «суперэга» («Звыш-Я») — частка псіхікі, якая змяшчае сац. нормы, устаноўкі, маральныя каштоўнасці грамадства. Паводле Ф., канфлікт паміж «інстанцыямі» псіхікі прыводзіць да псіхічных захворванняў. Выцясненне і сублімацыю лічыў «ахоўнымі механізмамі», якія здымаюць напружанасць канфлікту паміж кампанентамі псіхікі. Імкнуўся да пашырэння сферы псіхааналізу на з’явы міфалогіі і рэлігіі («Татэм і табу», 1913; «Будучыня адной ілюзіі», 1927; «Майсей і монатэізм», 1939), культуры («Незадаволенасць у культуры», 1930), маст. творчасці, грамадства і інш. Вучэнне Ф. стала адной з вядучых дактрын 20 ст.; яно паўплывала на развіццё псіхалогіі і псіхіятрыі, л-ры і мастацтва, сацыялогіі, культуралогіі, педагогікі і інш. Гл. таксама Неафрэйдызм, Фрэйдызм.

Тв.:

Рус. пер. — Психология бессознательного. М., 1990;

Леонардо да Винчи. Л., 1991;

Психоаналитические этюды. Мн., 1999;

Психоанализ. Религия. Культура. М., 1992;

О психоанализе: Пять лекций;

Методика и техника психоанализа. СПб., 1997;

Остроумие и его отношение к бессознательному;

Страх;

Тотем и табу. Мн., 1999;

Психоанализ и теория сексуальности. СПб., 1998;

Очерки по психологии сексуальности. Мн., 1999;

Толкование сновидений. Мн., 2000;

Введение в психоанализ: Лекции. СПб., 2001; По ту сторону принципа удовольствия; Я и Оно. М.; Харьков, 2003.

Літ.:

Джонс Э. Жизнь и творения Зигмунда Фрейда: Пер. с англ. М., 1997;

Хьелл Л., Зиглер Д. Теории личности: Основные положения, исслед. и применение: Пер. с англ. СПб., 1997. С. 105—160;

Энциклопедия глубинной психологии. Т. 1. Зигмунд Фрейд: Жизнь. Работа. Наследие. М., 1998.

В.​Дз.​Марозаў.

З.Фрэйд.

т. 16, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНТАЛІТЭ́Т,

ментальнасць (ад лац. mens розум, мысленне), своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека або якой-н. супольнасці людзей. З’яўляецца праявай глыбінных пластоў свядомасці і падсвядомасці чалавека, асн. крыніцай яго веры, перакананняў, эмоцый і пачуццяў. Фарміруецца пад уплывам асаблівасцей гіст. шляху краіны, нар. традыцый, звычаяў і абрадаў, мовы, прыродна-кліматычных умоў; ён можа выступаць як фактар паскарэння гіст. прагрэсу і як прычына «адставання» або супраціўлення зменам у сац.-эканам. і паліт. сферах (т.зв. «інерцыя М.»). Прадстаўнікі розных гіст. эпох, краін, народаў, сац., канфесійных, этн., полаўзроставых супольнасцей маюць спецыфічны, унікальны М., хоць яго асобныя рысы могуць быць падобныя, а часам і амаль аднолькавыя. Структура М. ўключае ўяўленні аб прасторы і часе, чалавеку і яго стаўленні да розных з’яў грамадскага жыцця, аб праве, маралі, працы і сям’і, аб жыцці і смерці і інш. Вылучаюць розныя ўзроўні (індывідуальны і калектыўны) і разнавіднасці (нацыянальны, рэлігійны, бюракратычны, таталітарны, першабытны, сярэдневяковы, дзіцячы, афрыканскі, еўрапейскі і інш.) М.

Тэрмін «М.» пачаў выкарыстоўвацца ў англ. філасофіі 17 ст. (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Дж.​Лок); у навуковы ўжытак уведзены амер. філосафам Р.У.Эмерсанам у 1856. Э.Дзюркгейм увёў паняцці «калектыўная свядомасць», «калектыўныя ўяўленні», «калектыўныя пачуцці» і паказаў, што сацыяльнае, калектыўнае выцякае не са свядомасці асобна ўзятых індывідаў, а з іх злучэння. З.Фрэйд адзначаў, што кожны асобны індывід у значнай ступені знаходзіцца пад уладай установак «масавай душы», якія праяўляюцца ў расавых асаблівасцях, саслоўных забабонах, грамадскай думцы і інш. К.Юнг распрацаваў канцэпцыю т.зв. «архетыпаў», пад якімі ён разумеў універсальныя мадэлі, што ўзнікаюць з «калектыўнага неўсвядомленага» і з’яўляюцца асн. зместам рэлігій, міфаў і легенд. Л.Леві-Бруль адрозніваў 2 тыпы М. — далагічны і лагічны, якія фіксуюць несувымернасць містычнага мыслення аўстрал. і афр. плямён з еўрап. традыцыяй рацыянальнага мыслення. Франц. гісторык Ж.​Лефеўр распрацаваў канцэпцыю «калектыўнай ментальнасці», што фарміруецца са стараж. часоў і асобныя рысы якой перадаюцца з пакалення ў пакаленне праз механізм гіст. памяці. Прадстаўнікі гіст. псіхалогіі (Л.​Феўр, І.​Меерсон, Р.​Мандру і інш.) зыходзілі з таго, што разумовыя ўстаноўкі і навыкі ўспрымання атрымліваюцца людзьмі ў спадчыну без яснага ўсведамлення гэтага працэсу.

М. беларусаў фарміраваўся на працягу стагоддзяў і набываў свае тыповыя рысы ў спецыфічных абставінах грамадскага і культурна-духоўнага жыцця. У стараж. перыяд для М. жыхароў Беларусі былі ўласцівы язычніцкі політэізм, абагаўленне зямлі, крыніц, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і інш. прыродных з’яў (пантэізм), перакананне ў рэальным існаванні душы, злых і добрых духаў (анімізм), вера ў цудадзейную сілу асобных слоў, выразаў (вербальная магія), адчуванне непарыўнага адзінства паміж чалавекам і ўсёй навакольнай прасторай, містычныя погляды і інш. Пасля прыняцця хрысціянства адбывалася своеасаблівае перапляценне, узаемапранікненне двух тыпаў М. — язычніцкага і хрысціянскага, для якога былі характэрны монатэізм, уяўленні аб стварэнні Сусвету і чалавека па волі Божай, аб неабходнасці для выратавання душы выконваць спец. абрады, ушаноўваць святых, адзначаць рэліг. святы і г.д. Беларусам заўсёды было ўласціва імкненне гарманічна прыстасаваць працу і адпачынак да пэўных прыродна-сезонных цыклаў, пораў года (т.зв. каляндарны тып ментальнасці), высокая духоўнасць, надзвычайная талерантнасць (цярпімасць), патрыятызм, адносна высокі ўзровень рэлігійнасці, працавітасць, спагадлівасць і інш. Традыц. беларускі М. у сваіх асн. рысах доўгі час захоўваўся без істотных змяненняў. У 19—20 ст. пад уплывам сац.-эканам. і грамадска-паліт. абставін значнай частцы насельніцтва сталі ўласцівы заідэалагізаванасць, атэізм, нецярпімасць да іншадумства і інш. У сучасны перыяд у М. грамадзян Беларусі ўмацоўваюцца ідэі незалежнасці краіны, пабудовы дэмакр. грамадства, свабоднага развіцця і самасцвярджэння асобы.

Літ.:

Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Вільня, 1921;

4 выд. Мн., 1993;

Дубянецкі Э. Менталітэт беларусаў: спроба гісторыка-псіхал. аналізу // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 2;

Яго ж. Таямніцы народнай душы. Мн., 1995;

История ментальностей, историческая антропология. М., 1996;

Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998;

Психология масс: Хрестоматия. Самара, 1998.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)