СУРЖЫНА́ Нона Андрэеўна (н. 17.10.1937, г. Днепрапятроўск, Украіна),

украінская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Харкаўскі ін-т мастацтваў (1964). З 1963 салістка Харкаўскага, з 1974 — Днепрапятроўскага т-раў оперы і балета. Сярод партый: Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Аксіння («Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага), Саламія («Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1978.

т. 15, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУФЦІНА́ Раліна Афанасьеўна (н. 14.10.1933, г. Новасібірск, Расія),

украінская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1980). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1960). У 1961—93 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета. З 1981 выкладае ў Кіеўскай кансерваторыі. У рэпертуары партыі укр., рус. і замежных кампазітараў: Насця («Тарас Бульба» М.​Лысенкі), Аксана («Гібель эскадры» В.​Губарэнкі), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ) і інш.

т. 16, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБРАЗАЙЦІ́ТЭ (Ambrazaityte) Ніёле Вінцаўна (н. 21.2.1939, в. Буракай Лаздзійскага р-на, Літва),

літоўская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1977). Пасля сканчэння Вільнюскай кансерваторыі (1966) салістка Літ. т-ра оперы і балета. Спявачка высокай вак. і сцэнічнай культуры. Сярод партый: Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс («Аіда» Дж.​Вердзі), Мірта («Піленай» В.​Кловы). Лаўрэат Міжнар. конкурсу вакалістаў імя Дж.​Энеску (Бухарэст, 1970).

т. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕ́ГІН (Onegin; сапр. Хофман; Hoffman) Сігрыд

(1.6.1891, Стакгольм — 16.6.1943),

нямецкая спявачка (кантральта, мецца-сапрана). Жонка рус. піяніста і кампазітара Я.​Б.​Львова (псеўд. Анегін). У 1912—31 салістка оперных т-раў Штутгарта, Мюнхена, Нью-Йорка («Метраполітэн-опера»), Берліна. Удзельніца Байройцкіх фестываляў. Найб. поспеху дасягнула выкананнем гал. партый у операх Р.​Вагнера. Сярод інш. партый: Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.​В.​Глюка), Азучэна, Амнерыс («Трубадур», «Аіда», Дж.​Вердзі).

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРГІЕ́НКА Раіса Міхайлаўна (13.7.1925 г. Новаўкраінка Кіраваградскай вобл., Украіна — 20.3.1987),

украінская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Украіны (1960). Нар. арт. СССР (1973). Скончыла кансерваторыю ў г. Адэса (1951). Працавала ў Адэскім т-ры оперы і балета. Сярод партый: Наталка («Наталка Палтаўка» М.​Лысенкі), Мар’яна («Арсенал» Г.​Майбарады), Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага) і інш. Выступала ў канцэртах. 2-я прэмія на Усесаюзным конкурсе вакалістаў і артыстаў балета (1956).

т. 14, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРКЛЕ́ (Darclée; сапр. Харыклі-Хартулары; Haricly Hartulari) Харыклея

(10.6.1860, г. Брэіла, Румынія — 10.1.1939),

румынская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Музыцы вучылася ў Вене, Бухарэсце, удасканальвалася ў Парыжы. У 1888 дэбютавала ў т-ры «Гранд-Апера» (Парыж) у партыі Маргарыты («Фауст»), падрыхтаванай пад кіраўніцтвам Ш.​Гуно. Гастраліравала ў многіх краінах. Валодала моцным прыгожым голасам мяккага тэмбру, дасканалай тэхнікай, яркім сцэн. дараваннем. Дыяпазон яе голасу дазваляў выконваць партыі лірыка-каларатурнага і мецца-сапрана: Дэздэмона, Віялета («Атэла», «Травіята» Дж.​Вердзі), Эльза («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Неда («Паяцы» Р.​Леанкавала), Мімі, Тоска, выкананая ўпершыню («Багема», «Тоска» Дж.​Пучыні), Валянціна («Гугенот Дж.​Меербера), а таксама напісаныя для яе гал. партыі ў операх Леанкава («Заза»), П.​Масканьі («Ірыс»), А.​Каталані («Валі»).

Х.Даркле.

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРГА́НСА (Berganza) Тэрэса (н. 16.3.1935, Мадрыд),

іспанская спявачка (мецца-сапрана). Вучылася ў Мадрыдскай кансерваторыі. Спявае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера»). Віртуозна валодае мастацтвам каларатуры. Выконвае найб. складаныя партыі ў операх Дж.​Расіні «Севільскі цырульнік» (Разіна), «Італьянка ў Алжыры» (Ізабэла), В.​А.​Моцарта «Вяселле Фігара» (Керубіна), «Міласэрнасць Ціта» (Секст) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вак. твораў Э.​Гранадаса, М. дэ Фальі і інш. ісп. кампазітараў.

т. 3, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІНА́ (Ільіна-Дзмітрыева) Анегіна Ягораўна

(н. 3.2.1943, с. Дзюлюкю Верхневілюйскага р-на, Рэспубліка Саха),

якуцкая спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Расіі (1982), нар. арт. СССР (1988). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1968). З 1969 салістка Якуцкага муз.-драм. т-ра імя П.​Айунскага, з 1971 — Якуцкага муз. т-ра. Сярод партый: Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Княгіня («Русалка» А.​Даргамыжскага) і інш. Дзярж. прэмія Якуціі 1972, Дзярж. прэмія Расіі 1977.

т. 7, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЕ́НІЧ Ганна Трафімаўна (4.8.1902, г. Магілёў — 12.4.1990),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1930), Бел. кансерваторыю (1937, клас П.​Ціханава). У 1933—61 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага тэмбру, акцёрскімі здольнасцямі. Сярод партый: Вольга і Ларына, Паліна і Гувернантка, Салоха («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Флора («Травіята» Дж.​Вердзі), Берта («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Кэт («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні).

Б.​С.​Смольскі.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАЧО́ВА Ірына Пятроўна (н. 2.3.1939, С.-Пецярбург),

руская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1965), з 1978 выкладае ў ёй (праф. з 1982). З 1965 салістка Марыінскага т-ра. Сярод партый: Азучэна, Амнерыс, Эбалі («Трубадур», «Аіда», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Шарлота («Вертэр» Ж.​Маснэ). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу імя М.​І.​Глінкі (Масква, 1962), Міжнар. конкурсу вакалістаў у Рыо-дэ-Жанейра (1967). Дзярж. прэмія Расіі 1973, Дзярж. прэмія СССР 1984.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)