«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНАЯ ЖИЗНЬ»,

штодзённая грамадска-паліт. газета вялікадзяржаўнага шавіністычнага кірунку. Засн. 9(22).2.1909 у Вільні на рус. мове пад назвай «Белорусская жизнь», выхад прыпынены на 1-м нумары, адноўлены 1(14).1.1911 у Вільні. 10(23).8.1911 перайменавана ў «С.-З.Ж.». З 21.3(3.4). 1912 у Гродне, з сак. 1913 да 5(18).9.1915 у Мінску на рус. мове. Рэдактары-выдаўцы Л.​М.​Саланевіч, яго брат С.​М.​Саланевіч, сын І.​Л.​Саланевіч. Газета атрымлівала дзярж. субсідыю, была неафіц. урадавым органам на Беларусі і Літве. «С.-З.ж.» ідэалізавала старадаўнюю дапятроўскую Русь на чале з царом-самадзержцам і дарадчым Земскім саборам, прапагандавала утапічны ідэал «народнай манархіі», праслаўляла эпоху цара Аляксея Міхайлавіча. Адмаўляла этнічную, нац. і культ. самастойнасць бел. народа, прызнавала толькі рэгіянальныя асаблівасці краю. Вяла барацьбу з нац. адраджэннем, абвінавачвала газ. «Наша ніва», Я.​Купалу, інш. пісьменнікаў у сепаратызме і дзярж. здрадзе. Нападала на крытычны рэалізм у л-ры, музыцы, выяўл. мастацтве, мадэрнізм, творчасць Л.​Талстога, М.​Горкага, К.​Бальмонта і інш., крытыкавала сімвалізм і футурызм.

У.​М.​Конан.

т. 14, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГАРДЫ́ЗМ,

умоўная абагульненая назва мастацкіх кірункаў 20 ст., для якіх характэрны пошукі новых, небывалых, часта штучных формаў і сродкаў мастацкага выяўлення, недаацэнка або адмаўленне традыцый і абсалютызацыя наватарства. Народжаны духоўнай атмасферай часу і яго катаклізмаў, авангардызм адлюстроўвае супярэчнасці паміж рознымі сістэмамі і тэхнікамі кампазіцыі і барацьбу светапоглядных пазіцый. Адны тэарэтыкі і практыкі авангардызм дэкларуюць стварэнне элітарнага мастацтва, адчужанага ад сац. задач, другія, наадварот, звязваюць пошук прынцыпова новых выразных сродкаў з неабходнасцю перадачы настрояў сац. пратэсту. З’яўляючыся крайняй праявай больш шырокага кірунку — мадэрнізму, авангардызм выявіўся пераважна не ў закончаных формах, а ў тэндэнцыях да выцяснення традыц. тэм, сюжэтаў і прынцыпаў кампазіцыі, гіпертрафіі ўмоўнасці. Для яго характэрны падкрэсленая эмацыянальнасць, скіраваная непасрэдна да пачуццяў (экспрэсіянізм), імкненне разбурыць традыц. эстэтыку (дадаізм), замяніць пасіўную эстэтычнасць актыўным сац. дзеяннем («левае» мастацтва і рус. футурызм), спроба ўздзейнічаць на падсвядомасць (сюррэалізм) і г.д. Пачаў бурна развівацца ў 1910—20-я г., аб’ядноўваючы розных па творчай стылістыцы прыхільнікаў (Л.​Арагон, Б.​Брэхт, У.​Маякоўскі, В.​Незвал і інш.), якія бачылі ў авангардызме разбурэнне ідэалаг. міфаў бурж. грамадства. Паступова прынцыповая антыідэалаг. накіраванасць многіх прадстаўнікоў авангардызму прывяла іх у 1960-я г. да поўнага адмаўлення традыц. культуры.

Літ.:

Гл. пры арт. Мадэрнізм.

У.​М.​Конан.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТАД МАСТА́ЦКІ,

гістарычна абумоўлены спосаб адлюстравання рэчаіснасці ў мастацтве; тып маст. мыслення, сукупнасць прынцыпаў адбору, ідэйна-эстэт. ацэнкі і абагульнення жыццёвых з’яў з пазіцый грамадскіх ідэалаў. Суадносіцца з маст. светапоглядам, кірункам і стылем, з’яўляецца адносна іх больш шырокім сінтэзуючым паняццем. Тэрмін «М.м.» ўзнік у сав. літ. крытыцы 1920 — пач. 1930-х г., але само паняцце пад інш. назвамі распрацоўвалася даўно [тэорыя мімезісу ў ант. паэтыцы, тры адзінствы ў класіцызме, палярызацыя ідэалу і рэальнасці ў рамантызме, маст. тыпізацыя ў рэалізме, прынцып non finite (незакончанасць) у мадэрнізме]. Гісторыі маст. культуры вядомы нарматыўныя і свабодныя М.м.: першыя арыентуюць творчасць на традыц. каноны, узоры, адзінства стылю пры разнастайнасці жанраў (ант. рэалізм, сярэдневяковае царк. мастацтва, класіцызм); другія дапускаюць разнастайнасць стыляў і светапоглядных арыентацый (рэнесансавы і крытычны рэалізм, рамантызм, мадэрнізм). У гіст. развіцці маст. культуры Беларусі выявіліся М.м. і кірункі, вядомыя агульнаеўрап. мастацтву: кананічныя жанры л-ры, жывапісу, архітэктуры сярэдневякоўя, асветніцкі рэалізм, сентыменталізм у л-ры, класіцызм і барока ў архітэктуры і тэатры, рамантызм і крытычны рэалізм у нац.-адраджэнскай л-ры 19 — пач. 20 ст. У рамках нац. адраджэнскага руху ўзнік спецыфічна беларускі М.м. — адраджанізм (гл. Адраджэнне нацыянальнае), пазней маладнякізм (гл. «Маладняк») і аквітызм (гл. «Узвышша») як нац.-маст. альтэрнатыва сацыяліст. рэалізму.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я ПО́ЛЬШЧА»

(«Młoda Polska»),

назва перыяду ў развіцці польскай л-ры і мастацтва 1890—1918. У дачыненні да л-ры ўжываюць таксама тэрміны «мадэрнізм», «неарамантызм», якія абагульняюць разнастайныя плыні і тэндэнцыі, характэрныя для гэтай эпохі (натуралізм, сімвалізм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм, неакласіцызм і інш.). Эстэтыка і паэтыка «М.П.» супрацьстаялі папярэдняму перыяду — пазітывізму і фарміраваліся пад уплывам філас. ідэй А.​Шапенгаўэра, Ф.​Ніцшэ, А.​Бергсона, а таксама зах.-еўрап. нерэалістычнай л-ры канца 19 ст. і традыцыі нац. рамантызму (пераважна Ю.​Славацкага). 1-ы этап развіцця «М.П.» (1890—1907) вызначаецца з’яўленнем маніфестаў, у якіх сцвярджаюцца прынцыпы дэкадэнцкага мастацтва (артыкулы 3. Пшасмыцкага, С.​Пшыбышэўскага). Гэтыя праграмы падвяргаліся крытыцы, якая ўзмацнілася ў час 2-га этапа (1907—18). Адметнай рысай літ. свядомасці пасля 1907 стаў культ жыцця (С.​Выспянскі, Л.​Стаф) у процівагу дэкадэнцкаму настрою адзіноты і бязвыхаднасці. Паэзія «М.П.» прадстаўлена творамі Я.​Каспровіча, К.​Тэтмаера, Т.​Міцінскага, Стафа, Б.​Лесьмяна і інш., проза — Пшыбышэўскага, Міцінскага, С.​Жаромскага, В.​Рэйманта, В.​Оркана і інш., драматургія Выспянскага, Г.​Запольскай, В.​Пежынскага, Т.​Рытнера, К.​Раствароўскага, Я.​Леманскага, А.​Навачынскага, Т.​Бой-Жаленскага і інш. Развіццё пластычных мастацтваў у рэчышчы «М.П.» вызначалася суіснаваннем розных стылявых плыняў: імпрэсіянізму (жывапісцы Ю.​Панкевіч, Л.​Вычулкоўскі, Я.​Станіслаўскі), сімвалізму (жывапісцы Ф.​Рушчыц, Я.​Мальчэўскі), мадэрну (жывапісцы і графікі Выспянскі, Ю.​Мехофер, В.​Вайткевіч, К.​Фрыч). Архітэктура выкарыстоўвала матывы драўлянага дойлідства (С.​Віткевіч), стыль мадэрн набываў у ёй нац.-рамант. афарбоўку (Т.​Стрыенскі, Ф.​Манчынскі). Пад уплывам імпрэсіянізму і мадэрну адбываўся ўздым скульптуры (К.​Ляшка, В.​Шыманоўскі, К.​Дунікоўскі). Атрымала развіццё дэкар.-прыкладное мастацтва.

Літ.:

Młoda Polska: Antologia. 6 wyd. Warszawa, 1963;

Literatura okresu Młodej Polski. T. 1—3. Warszawa, 1967—73;

Wyka K. Młoda Polska. T. 1—2. Kraków, 1977;

Makowięcki A.Z. Młoda Polska. Warszawa, 1981.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 9, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУ́РА (лац. litteratura напісанае ад littera літара),

уся слоўная творчасць, зафіксаваная пісьмовым ці друкарскім спосабам; адзін з відаў мастацтва — мастацтва слова. У шырокім значэнні Л. — уся пісьменнасць наогул (тэхн., мед., паліт., рэліг., канцылярская, эпісталярная і інш.), у вузкім — толькі творы маст. пісьменнасці. Л. вылучаецца ў сістэме маст. культуры асаблівымі магчымасцямі глыбокага і рознабаковага адлюстравання жыцця і моцнага ўздзеяння на яго, а таксама асаблівай грамадскай значнасцю суб’екта творчасці.

Тэрмін «Л.» з’явіўся ў 18 ст., раней ужываліся «паэзія», «паэтычнае мастацтва», «прыгожая славеснасць», «славеснасць». Са старажытнасці Л. развівалася пераважна як сродак перадачы інфармацыі, сцвярджэння рэліг., пазнавальных, маральна-асветніцкіх ідэй і была непарыўна звязана з грамадскай думкай, гістарыяграфіяй (летапісаннем), прапаведніцкай, школьнай справай, фальклорам. Камунікатыўна-ўжытковай функцыі Л. не страціла да 19 ст. З часоў свайго вуснага развіцця (гл. Народная паэтычная творчасць) Л. выпрацоўвала сваю асн. функцыю — эстэтычную, г.зн. імкнулася выхоўваць у чытача (слухача) пачуццё прыгожага. Эстэт. функцыя мацавалася па меры таго, як стабілізавалася пісьмовая форма твора (асабліва з развіццём кнігадрукавання), і на мяжы 18—19 ст. набыла сваю самакаштоўнасць. У працэсе развіцця Л. фарміравала свае тыпы творчасці (паэзія і проза), роды (эпас, лірыка, драма) і жанры, выяўлялася ў стылях: рэнесанс (гл. Адраджэнне), барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм.

Літ. спадчына стараж. цывілізацый (Егіпта, Кітая, Індыі, Грэцыі, Рыма і інш.) з’яўляецца своеасаблівым фундаментам сусв. Л. Сусветная Л. складаецца з нацыянальных (рэгіянальных) Л. Нацыянальная Л. ствараецца на пэўнай мове ці ў пэўных дзярж. межах і адрозніваецца сваім зместам, асаблівасцямі гіст. развіцця, спецыфічным стылявым абліччам, абумоўленым ментальнасцю нацыі. Узаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне літаратур адбываецца дзякуючы перакладам, а таксама літаратуразнаўству, якое тлумачыць маст. працэсы і з’явы і такім чынам спрыяе іх папулярызацыі. Бягучы літаратурны працэс асвятляе літаратурная крытыка.

Пра гісторыю нац. л-р гл. раздзелы Літаратура ў арт. пра дзяржавы, напр., пра бел. Л. ў арт. Беларусь.

Літ.:

Аристотель. Об искусстве поэзии: Пер. с греч. М., 1957;

Белинский В.Г. Общее значение слова «литература» // Полн. собр. соч. М., 1954. Т. 5;

Бахтин М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мн., 1997.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАДЭ́НЦТВА, дэкаданс (франц. décadence ад позналац. decadentia заняпад),

агульная назва нерэалістычных кірункаў у мастацтве і літаратуры 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. (імпрэсіянізму, сімвалізму, эстэтызму і інш.). Склалася пад уплывам адчування крызісу рэчаіснасці і свядомасці, няздольнасці чалавечага розуму асэнсаваць супярэчлівую рэальнасць, што прывяло да татальнага крызісу рацыяналізму і ўзмацнення ірацыянальных, містычных, інтуітывісцкіх элементаў у адлюстраванні свету і чалавека. Для яго характэрны настрой песімізму, адчуванне душэўнай і інтэлектуальнай стомленасці, заняпад духу, непрыняцце жыцця і адначасова абвостраная прага да жыццёвых радасцей — геданізм. Найб. моцна на фарміраванне Д. паўплывала метафізічная філасофія А.Шапенгаўэра і «філасофія жыцця» Ф.Ніцшэ. Прадстаўнікі Д. культывавалі падыход да мастацтва як да адзінага спосабу пазнання ісціны, пранікнення ў трансцэндэнтнае, адстойвалі самадастатковасць мастацтва, яго незалежнасць ад жыцця, культ генія і прыгажосці, непадуладных законам «цвярозага розуму» і абывацельскай маралі. Упершыню матывы Д. выявіліся ў творчасці франц. паэтаў Ш.​Бадлера, Т.​Гацье і інш., паэтаў парнаскай школы. Д. адлюстравала крызіс еўрап. грамадства, але яго нельга вызначыць як «заняпад мастацтва». Імкнучыся пераадолець духоўны крызіс, знайсці выйсце з лабірынта лёсу, абараніць чалавечае ў чалавеку, Д. выклікала да жыцця жывапіс франц. імпрэсіяністаў і англ. прэрафаэлітаў, паэзію П.​Верлена, А.​Рэмбо, С.​Малармэ, С.​Георге, Г. фон Гофмансталя, маладога Р.​М.​Рыльке, «тэатр маўчання» М.​Метэрлінка, прозу О.​Уайльда і інш. У Расіі Д. знайшло адлюстраванне ў творчасці сімвалістаў М.​Мінскага, Д.​Меражкоўскага, З.​Гіпіус, К.​Бальмонта, Ф.​Салагуба і інш. сімвалістаў. Д. зрабіла істотны ўплыў на многіх майстроў рэалізму (А.​Франс, Т.​Ман, Л.​Андрэеў), узбагаціла сродкі маст. выразнасці, многія з якіх сталі набыткам мадэрнісцкіх кірункаў у мастацтве (гл. Мадэрнізм).

Праблема Д. актыўна абмяркоўвалася ў бел. прэсе ў канцы 19 — пач. 20 ст. (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва»), Дыскусіі адбываліся на фоне росту папулярнасці выяўленчых, тэатральных, літаратурных твораў майстроў зах.-еўрап. і рус. Д., якія ўваходзілі ў кантэкст культ. жыцця Беларусі таго часу. Эстэтыка Д., у т. л. сімвалізму і імпрэсіянізму, паўплывала на творчасць мастакоў Віцебскай школы (К.​Малевіч, М.​Шагал, Л.​Лісіцкі, Р.​Фальк, В.​Ермалаева і інш.). Элементы сімвалізму ёсць у шэрагу прац мастака Я.​Драздовіча (напр., карціны «Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брама будучыні», «Пагоня Ярылы»), Прыкметы Д. ў бел. л-ры парадаксальным чынам суадносяцца з адраджэнцкай тэматыкай твораў пісьменнікаў, што групаваліся вакол газеты «Наша ніва». У шэрагу твораў М.​Багдановіча гучыць характэрны для Д. матыў трагічнай наканаванасці чалавечага існавання, збліжаюцца моманты нараджэння і смерці чалавека (цыкл вершаў «Каханне і смерць»). Багдановіч стаў першым перакладчыкам паэзіі Верлена на бел. мову (пераклаў 22 вершы). На творчасць Я.​Купалы істотны ўплыў зрабілі дэкадэнты — Л.​Андрэеў, А.​Белы, Ф.​Салагуб, С.​Пшыбышэўскі, С Выспянскі і інш. Драматычная паэма Я.​Купалы «Адвечная песня» мае відавочныя рэмінісцэнцыі з п’есай Андрэева «Жыццё чалавека». Суб’ектывізм, паэтычны «шыфр», цьмяная сімволіка назіраюцца ў драм. паэме «Сон на кургане» і некаторых лір. вершах Я.​Купалы. Містычны, ірацыянальны пачатак пры трактоўцы універсальных праблем жыцця, уласцівы эстэтыцы Д., можна назіраць у празаічных творах М.​Гарэцкага («Патаёмнае», «Што яно?», «Страхаццё»), «імпрэсіях» З.​Бядулі, алегарычных апавяданнях Ядвігіна Ш., у філас. лірыцы А.​Гаруна. Разам з тым Д. ў бел. л-ры пач. 20 ст. выступае не як адасобленая з’ява, а ў цесным узаемадзеянні з праявамі новага рамантызму, рэалізму.

П.​В.​Васючэнка (Д. на Беларусі), Г.​В.​Сініла.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТМАДЭРНІ́ЗМ (ад пост... + мадэрнізм),

мнагазначнае паняцце для характарыстыкі новага перыяду і тыпу культуры, новых маст. стыляў, кірункаў, сістэм, што склаліся ў архітэктуры, жывапісе, л-ры і г.д. у 2-й пал. 20 ст., стылю навук. мыслення і тэарэт. рэфлексій на гэтыя з’явы ў філасофіі, эстэтыцы. Тэрмін «П.» — вытворнае ад паняцця постмадэрн (літар. тое, што пасля мадэрну). У значнай ступені з’яўляецца вынікам развіцця найноўшых сродкаў масавай камунікацыі (тэлебачання, відэа- і камп’ютэрнай тэхнікі). Тэорыя П. пачала складвацца ў ЗША, куды ў 1970-я г. праніклі філас., постфрэйдысцкія і літ.-знаўчыя канцэпцыі франц. постструктуралістаў (Ж.​Бадрыяр, Ж.​Дэрыда, Ж.​Ф.​Ліятар). 1980-я г. лічаць часам узлёту П. Паняцце «П.» суадносіцца таксама з паліт. ладам, стандартамі паводзін, сродкамі масавай інфармацыі, мараллю (гуманіст. бок культуры і яе парадыгма), тыпам усведамлення, які рэалізуе пэўную сістэму духоўных каштоўнасцей. Для П. характэрна адмаўленне ўстаноўкі на строга навук. мысленне, успрыманне свету як самаарганізаванага хаосу, як тэксту, што прыводзіць да плюралізму ідэалогій у культуры, дэанталагізацыі мыслення. Культура П. характарызуецца адмаўленнем усякіх абмежаванняў — нарматыўнасці, традыцыі, рэгламенту, парадку. Постмадэрнісцкія творы ствараюцца пры дапамозе мадэліравання штучнай рэальнасці і дэканструкцыі т.зв. інтэртэксту культуры. У літаратуры вызначальнымі рысамі паэтыкі П. з’яўляюцца: «шматадраснасць» л-ры (зварот адначасова да розных чытачоў: ад высокаінтэлектуальнага да масавага), гібрыднасць (у аснове якой — кадзіраванне, што параджае прынцыпова новую літ. мову), мутантная змена жанраў, інтэртэкстуальнасць, дэкананізацыя, іронія, безасабовасць, карнавалізацыя, прынцып множнасці ісціны і множнасці яе інтэрпрэтацый. Сярод прадстаўнікоў П.​Дж.​Барнс, Дж.​Барт, К.​Вонегут, Х.​Картасар, Г.​Мюлер, М.​Павіч, Т.​Пінчан, С.​Рушдзі, Т.​Стопард, Дж.​Фаўлс, У.​Эка, А.​Бітаў, В.​Ерафееў, У.​Набокаў і інш. Элементы постмадэрнісцкай паэтыкі сустракаюцца ў творчасці паэтаў-маладнякоўцаў М.​Танка, А.​Вярцінскага, А.​Разанава, некат. маладых пісьменнікаў. У выяўленчым мастацтве (пераважна ў жывапісе) і архітэктуры для П. характэрна аб’яднанне ў адным творы сродкаў розных стыляў, гіст., традыцый і нац. школ. У жывапісе П. адвяргае імкненне мадэрнізму да захавання чысціні маст. форм і метадаў, проціпастаўляе абнаўленню маст. мовы перайманне і змешванне асобных элементаў з існуючых маст. сістэм (С.​Кія, Ф.​Клементэ, Э.​Кукі, М.​Паладзіна ў Італіі, Г.​Базеліц у Германіі і інш.). У архітэктуры П. — супастаўленне элементаў гіст. стыляў у нязвыклым кантэксце стварае тэатралізаванае эстэт. асяроддзе, часта з элементамі іроніі і гратэску. З канца 1970-х г. будаваліся грамадскія цэнтры, акружаныя ярка расфарбаванымі аркадамі і калонамі, дзе арх. формы пераасэнсаваны і дапоўнены нетрадыц. матэрыяламі: анадзіраваны алюміній, нержавеючая сталь, неонавыя трубкі і інш. («П’яцца д’Італія ў г. Нью-Арлеан, ЗША, арх. Ч.​Мур); гарады-спадарожнікі з восевай планіроўкай, забудаваныя дамамі з цяжкімі карнізамі і франтонамі, магутнымі дэкар. калонамі на руставаных стылабатах (гарады-спадарожнікі Парыжа, ісп. арх. Р.​Банфілья); асабнякі з развітымі схільнымі дахамі і звісаючымі карнізамі, дахавымі вокнамі і дымавымі трубамі (праекты амер. арх. Р.​Вентуры) і інш. У кінематографе ў рознай ступені да прадстаўнікоў П. належаць П.​Грынуэй, Д.​Джармен, Р.​В.​Фасбіндэр, Ф.​Феліні, А.​Сакураў, А.​Таркоўскі; у музыцы — Л.​Доўсан, Р.​Хайнарэ, А.​Шнітке; у тэатры — А.​Хэйге, Р.​Вікцюк, Б.​Юханаў.

Літ.:

Иконников А.В. Зарубежная архитектура: От «новой архитектуры» до постмодернизма. М., 1982;

Дженкс Ч.А. Язык архитектуры постмодернизма: Пер. с англ. М., 1985;

Барт Р. Избр. работы: Семиотика. Поэтика: Пер. с фр. М., 1994;

Философия эпохи постмодерна. Мн., 1996;

Ильин И.П. Постмодернизм от истоков до конца столетия: Эволюция науч. мифа. М., 1998;

Лиотар Ж.Ф. Состояние постмодерна. СПб., 1998;

Скоропанова И.С. Русская постмодернистская литература. М., 1999;

Курицын В. Русский литературный постмодернизм. М., 2000;

Эпштэйн М. Постмодерн в России: Лит. и теория. М., 2000.

А.​М.​Андрэеў, В.​В.​Халіпаў.

т. 12, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУ́РНЫ ПРАЦЭ́С,

функцыянаванне і развіццё літаратуры ў пэўную эпоху і на працягу ўсёй гісторыі нацыі, дзяржавы, рэгіёна, свету. Уключае самі творы, формы іх грамадскага існавання (публікацыі, выданні, літ.-крытычныя ацэнкі і тэарэт. інтэрпрэтацыі, чытацкія рэагаванні), дзейнасць творцаў (пісьменніцкія з’езды, канферэнцыі, літ. дыскусіі), узаемадзеянне нац. л-р, л-ры з інш. відамі мастацтваў (тэатр, кіно, музыка) і агульнакульт. з’явамі. На Л.п. уплываюць грамадска-паліт. абставіны, якія могуць абмяжоўваць, паралізоўваць літ.-маст. жыццё ці, наадварот, спрыяць яго ўсебаковаму развіццю. Сувязь паміж грамадска-эканам. і літ.-маст. працэсамі не заўсёды прамая і адназначная. Бывае, што ва ўмовах рэакц. ладу паспяхова развіваецца вял. л-ра (напр., у Расіі ў 19 ст.). Такім чынам, Л.п. з’яўляецца часткаю грамадска-гіст. працэсу, але валодае і пэўнай аўтаномнасцю, бо духоўна-эстэт. памкненні пісьменнікаў як элітарна-самакаштоўныя нярэдка апярэджваюць свой час. У цэлым Л.п. прагрэсіўна-паступальны і вызначаецца ў адпаведнасці са зменамі грамадскіх ідэй, густаў, інтарэсаў зменамі стыляў творчасці [міфалагічны, рэнесанс (гл. Адраджэнне), барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм], станаўленнем і развіццём родаў (эпас, лірыка, драма) і жанраў, удасканаленнем маст.-эстэт. культуры, узоры якой гістарычна карэкціруюцца.

Л.п. стараж. часоў спецыфічны развіццём пераважна вершаваных форм творчасці. На мяжы 18—19 ст. зацвярджаецца як эстэтычна паўнацэнны тып творчасці проза, якая ў 19—20 ст. пацясняе верш і развіваецца вельмі прадуктыўна (у эпасе, драме). Л.п. у яго сусв.-гіст. тэндэнцыях — агульны комплекс маст. рухаў. Каб больш выразна высветліць змест Л.п., у ім звычайна вылучаюць найб. адметныя рэгіёны (заходнееўрап., усходнеслав., паўднёваамер., блізкаўсходнія л-ры і інш.). У межах рэгіёнаў вылучаюць асобныя над. л-ры, якія канкрэтызуюць гэты змест. Л.п. даследуе літаратуразнаўства.

Бел. л-ра развіваецца з 11—12 ст. (летапісы Полацкай зямлі, жыціі і апокрыфы, словы Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча, пераклады евангелляў). Для Л.п. эпохі Адраджэння характэрна з’яўленне новых відаў і жанраў л-ры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гіст.-мемуарная проза, драматургія), узмацненне працэсаў секулярызацыі і гуманізацыі л-ры. У гэты перыяд склалася плеяда таленавітых літаратараў (Ф.​Скарына, Мікола Гусоўскі, С.​Будны, В.​Цяпінскі, С. і Л. Зізаніі, Л.​Сапега, А.​Рымша). У перыяд Контррэфармацыі на першы план выходзяць барочныя вершы Сімяона Полацкага і А.​Белабоцкага, палемічная публіцыстыка, гіст.-мемуарная л-ра. Асветніцтва прыўнесла ў л-ру парадыйна-сатыр. прозу, школьную драматургію, пераклады з еўрап. крыніц. У 2-й пал. 17—18 ст. адбываецца пераход ад сярэдневяковай л-ры з рэлігійнасцю яе зместу, утылітарна-службовымі задачамі і царкоўна-слав. канонамі да новай л-ры з нар.-дэмакр. ідэямі, свецкімі інтарэсамі, эстэт. арыентацыяй на збліжэнне з рэальнасцю. Ва ўмовах фарміравання нацыі сял.-быт. прыхільнасці і рамантычна-асв. захапленні дзеля салідарызацыі грамадства спалучаюць у сваёй творчасці бел.-польск. (Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, В.​Каратынскі, У.​Сыракомля, А.​Плуг), польск. (А.​Міцкевіч, Э.​Ажэшка), бел. (В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч) пісьменнікі 19 ст. На пач. 20 ст. нац.-адраджэнскую ідэю ў л-ры сцвярджалі Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, Ядвігін Ш., А.​Гарун, М.​Гарэцкі, Ф.​Аляхновіч, З.​Бядуля і інш., якія сумяшчалі ў творчасці рамант., рэаліст. і мадэрнісцкія прынцыпы. Л-ра гэтага перыяду паскорана развівала жанры, стылі, рэалізоўвала еўрап. стандарты. У БССР ў 1920-я г. ўзнялося пакаленне маладых рэв. рамантыкаў (М.​Чарот, У.​Дубоўка, У.​Хадыка, К.​Чорны, П.​Трус, К.​Крапіва, Я.​Пушча); у 1930-я г. Л.п. разбураўся ў выніку рэпрэсій. У л-ры Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. апяваліся вызв. рух (М.​Васілёк, В.​Таўлай, П.​Пестрак, А.​Салагуб і інш.), вечныя каштоўнасці і родныя краявіды; розныя плыні спалучаліся ў творчасці М.​Танка. У 2-й пал. 1950-х—1960-я г. ў л-ры зацвярджаюцца гуманістычныя і нац.-патрыят. ідэі. Паэтызуецца сав. рэчаіснасць. У апошнія дзесяцігоддзі Л.п. ўласціва больш глыбокае асэнсаванне чалавека ў сістэме жыццёвых каардынат, аналіз рэчаіснасці як аб’екта дзейнасці асобы, жанрава-стылявое багацце. На Беларусі Л.п. развіваецца ў кантэксце часу. Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт. Беларусь.

Літ.:

Благой Д.Д. Литературный процесс и его закономерности // Благой Д.Д. От Кантемира до наших дней. М., 1972. Т. 1;

Литературный процесс и русская журналистика конца XIX — начала XX в., 1890—1904. М., 1981;

Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасць Мн., 1975;

Гл. таксама да арт. Літаратура, Літаратуразнаўства.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 9, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАМАСТА́ЦТВА,

від сучаснага выяўл. мастацтва. Уключае маст. фатаграфію, фотаграфіку, фотамантаж, фотагравюру і інш. Валодае многімі выразнымі сродкамі жывапісу і графікі, а таксама спецыфічнымі: святло (градацыі святлаценю), аптычныя сродкі (каротка- і даўгафокусныя аб’ектывы), лічбавы фотаапарат, камп’ютэрная графіка і інш. Творы Ф. выкарыстоўваюцца як дадатковы ці зыходны матэрыял у інш. відах мастацтва, а таксама ў плакаце, кніжнай і часопіснай графіцы, рэкламе.

Першым фатаграфічным дакументам лічаць здымак Н.​Ньепса «Від з майго рабочага пакоя на Шалонсюр-Саон» (1826). З таго часу Ф. развіваецца як «мастацтва спыненага моманту». Напачатку фатаграфія развівалася пад уплывам кірункаў у выяўл. мастацтве, якія прытрымліваліся дакумент. адлюстравання рэчаіснасці (пераважна партрэты). Таму фатографы запазычвалі і прыёмы партрэтнага жывапісу Э.​Баярд, Э.​Корж, Г.​Ф.​Надар, К.​Сільві (Францыя), Дж.​М.​Камеран (Вялікабрытанія). З удасканальваннем фотатэхнікі акрэсліваліся новыя шляхі ў развіцці фатаграфіі. Фатографы, якіх не задавальняла простае капіраванне прыроды, імкнуліся падкрэсліць яе прыгажосць праз унутр. дынамізм, маст. пераасэнсаванне; здымак набываў самаст. эстэт. сэнс. У пач. 20 ст. Ф. развівалася пад уплывам стылю мадэрн: Я.​Булгак (Беларусь, Літва, Польшча), М.​Напельбаўм (Расія), Ё.​Судэк (Чэхія). У галіне Ф. працавалі еўрап. графікі і жывапісцы А.​М.​Муха, П.​Пікасо, Ц.​Ульрыхс, Г.​Цыле, Л.​Лісіцкі. Сувязь фатаграфіі з традыц. выяўл. мастацтвамі выявілася ў пераасэнсаванні маст. традыцый жывапісу і графікі. Адзін з заснавальнікаў сучаснага Ф. — А.​Стыгліц (ЗША); яго развіццю садзейнічалі сав. авангард і еўрап. мадэрнізм. Як від мастацтва Ф. сфарміравалася ў 1920-я г. У Ф. адбыўся рэв. ўздым, абумоўлены выкарыстаннем вопыту кінематаграфістаў, оптыкі і новых канструкцыйных асаблівасцей фотакамеры. Сярод вядучых фотамастакоў: М.​Рэй (ЗША), М.​Альперт, Д.​Дэмуцкі, Б.​Ігнатовіч, Г.​Клуцыс, А.​Родчанка (Расія), А.​Зандэр, Л.​Мохай-Надзь, А.​Штанкоўскі (Германія). Ф. 1930—50-х г. уласціва імкненне да адлюстравання сац. праблем, стварэння маштабнага партрэта грамадства: К.​Х.​Маі, Э.​Саламон (Германія), А.​Карцье-Брэсон, А.​Кертэш, Э.​Стэйхен (Францыя), Л.​Мілер (ЗША). У 1950—70-я г. ўзмацніліся ўзаемасувязі новых эстэт. кірункаў мастацтва: М.​Франк (Бельгія), Б.​Бранд (Вялікабрытанія), А.​Адамс (ЗША), А.​Суткус (Літва), А.​Ньюмен (ЗША). Сучасны этап Ф. характарызуецца шматграннасцю жанравых форм, творчых метадаў, канцэптуальных падыходаў, высокімі эстэт. патрабаваннямі, тэхн. разнастайнасцю і дасканаласцю. У жанры фотапартрэта працуюць Т.​Руф, К.​Северынг (Германія); арх. і ландшафтны мінімалізм адлюстроўваюць Б. і Х.​Бехеры, А.​Гурскі, О.​Мартэнс (Германія), В.​Вендэрс (Германія, ЗША), Б.​Канопка (Францыя); жанравую фатаграфію з драматургічнай вобразнай структурай распрацоўваюць Н.​Аракі (Японія), Дж.​П.​Віткін (Францыя, Германія, ЗША).

На Беларусі фатаграфія вядома з 1860-х г. Уклад у еўрап. Ф. пач. 20 ст. зрабілі выхадцы з Беларусі Булгак, Л.​Дашкевіч, Напельбаўм, С.​Юркоўскі, А.​Прушынскі і інш. У 1920-я г. вядомы творы Ф. ў плакатах навучэнцаў Віцебскага маст. тэхнікума; фотамантаж выкарыстоўваўся ў кніжнай графіцы 1930-х г. Як самаст. маст. з’ява Ф. пашырылася з 1970-х г. Жанр архітэктурна-эпічнага пейзажа знайшоў увасабленне ў творах В.​Бараноўскага, Г.​Ліхтаровіча, Дз.​Раманюка, У.​Суцягіна, П.​Цішкоўскага, псіхал. партрэта — В.​Федарэнкі, У.​Шубы, М.​Раманюка, Я.​Казюлі. З 2-й пал. 1970-х г. у Бел. АМ уведзены курс фотаграфікі, кіраўнік якога У.​Цярэнцьеў займаўся эксперым. пошукамі, развіваў арыгінальныя методыкі. Ф. дасягнула росквіту ў 1980-я г., калі пачалі складвацца адметныя прынцыпы бел. маст. школы. У галіне эксперым. маст. фатаграфіі, фотаграфіцы працавалі і працуюць А.​Адамчык, М.​Баразна, В.​Ганчарэнка, А.​Дудкін, М.​Жылінскі, В.​Лабко, Г.​Маскалёва, У.​Парфянок, В.​Шчукін. Сац. бок грамадскага жыцця адлюстраваў у сваіх серыях А.​Кляшчук (напр., «Зона журбы», 1986—96, прысвечана чарнобыльскай тэматыцы). Да асн. плыні фотамастакоў далучыліся С.​Кажамякін, У.​Парфянок, І.​Саўчанка і інш. Іх творчасці ўласцівы падкрэсленая графічная своеасаблівасць здымка, пазбаўленая штампаў кампазіцыйнага мыслення рэпартажнай фатаграфіі. За творамі гэтага асяродка замацавалася назва жанру «мінская канцэптуальная фатаграфія». Магілёўская творчая суполка развівае класічныя якасці маст. фатаграфіі і традыцыі Міжнар. асацыяцыі фотамастакоў FIAP: П.​Цішкоўскі, З.​Шэгельман, Г.​Карчэўскі, В.​Цітоў, А.​Сувораў і інш.

М.​Р.​Баразна.

Да арт. Фотамастацтва. Г.​Ф.​Надар. Сара Бернар. 1860.
Да арт. Фотамастацтва. Л.​Лісіцкі. Канструкцыя. 1924.
Да арт. Фотамастацтва. М.​Рэй. Мэры Опенхайм. 1933.
Да арт. Фотамастацтва. П.​Пікасо, А.​Віе. Жанчына на кані. 1962.
Да арт. Фотамастацтва. А.​Кляшчук. Перад невядомай наступнасцю. З серыі «Зона журбы». 1994.
Да арт. Фотамастацтва. М.​Раманюк. Жанчына ў старадаўнім касцюме з наміткай.
Да арт. Фотамастацтва. Б. і Х. Бехеры. Газавы рэзервуар. 1992.
Да арт. Фотамастацтва. Г.​Ліхтаровіч. Замак 16 ст. Г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Фотамастацтва. П.​Цішкоўскі. Гарадскія навіны. 1988.

т. 16, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦТВА,

духоўна-творчае адлюстраванне і пераўтварэнне быцця ў вобразах і сімвалах, якія ацэньваюцца паводле эстэт. катэгорый прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага, этычных катэгорый дабра і зла, сінтэтычных паняццяў пазнання (маст. праўда, фальш, амбівалентнасць). Ў сістэме мастацкай культуры займае цэнтр. месца, у культуры як універсальнай дзейнасці грамадства з’яўляецца сярэднім, злучальным звяном паміж вытв-сцю і пазнаннем, навукай і мараллю, філасофіяй і верай. У шырокім навук. сэнсе паняцце М. ахоплівае ўсе віды і жанры маст. творчасці — ад літаратуры і музыкі да архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; у вузкім сэнсе гэтым паняццем часта абазначаюць толькі выяўл. віды творчасці або з агульнай сістэмы М. вылучаюць л-ру ў вызначэннях тыпу «літаратура і мастацтва». М. даследуецца эстэтыкай, мастацтвазнаўствам.

Паводле шырокай гіст. тыпалогіі вылучаюцца тры стадыі развіцця сусв. М.: шматвяковы перыяд першапачатковага сінкрэтызму (мастацтва ў сістэме этн. культуры), эпоха класічнага росквіту (маст. класіка), позні перыяд разгалінаванай спецыялізацыі, у рамках якога ўзнікаюць тэндэнцыі да рэдукцыі і спрашчэння класічных тыпаў творчасці, выцяснення іх масавымі і электронна-тэхн. відамі маст. культуры. Гэтыя працэсы, як правіла, асінхронныя ў розных рэгіёнах і нац. культурах. Як і інш. формы культуры, М. здольнае ў спрыяльных гіст. і этнакульт. умовах адраджаць сваю класічную спадчыну, уключаць яе ў кантэкст сучаснасці.

Марфалогія М., г.зн. яго разгалінаванне на віды. роды і жанры, складвалася паступова на працягу гіст. развіцця. Вобразная сістэма ўсіх відаў і жанраў М. двухмерная, існуе ў часе і прасторы. Пры вызначэнні суадносін маст. часу і маст. прасторы ўлічваюць падзел усіх М. на аднародныя і неаднародныя (сінкрэтычныя на ранніх і сінтэзаваныя на позніх стадыях развіцця). З улікам перавагі прасторы або часу аднародныя М. падзяляюцца на прасторавыя (архітэктура, выяўл., дэкар.прыкладное, садова-паркавае М.), ча́савыя (л-ра, музыка, красамоўства) і комплексныя, прасторава-часавыя (акцёрскае і харэаграфічнае М.). Маст. сінкрэтызм фальклору, інш. ранніх форм маст. культуры — гэта першаснае адзінства яшчэ не вылучаных у самастойныя віды М. (наяўнасць паэзіі, музыкі, элементаў тэатра і харэаграфіі ў абрадавым фальклоры), а маст. сінтэз — вынік узаемадзеяння і спалучэння развітых аднародных М, напр., драматургіі, акцёрскага, выяўл., муз. і дэкар.-прыкладнога М. ў драм. тэатры, оперы, балеце, кінематографе, тэлебачанні. Усе неаднародныя М. адносяцца да тыпу прасторава-часавых. Спецыфічнае для кожнага віду М. і гіст. тыпу маст. культуры адзінства часу і прасторы стварае іх хранатопы: пластычная дамінанта і слабая канкрэтызацыя часу, характэрныя для стараж., асабліва ант. тыпаў культуры. Арыентацыя на архетыпы і спрадвечнасць — прыкметы сярэдневяковага М.; аднак тады ж у хрысц. свядомасці спасцігаліся духоўная каштоўнасць асобы і непаўторнасць кожнай падзеі, гэта адкрыццё выявілася ў летапіснасці хрысц. л-ры, інш. відаў М. Рамантычнае і рэалістычнае М. арыентуецца на канкрэтна-гіст. хранатоп, разам з тым дазваляе творцу спалучаць рэальныя і сімвалічныя прасторы, мінулыя і сучасныя падзеі.

У фундаментальных «Лекцыях па эстэтыцы» Г.​Гегель даказаў, што ўсе вядомыя сусв. цывілізацыі і культ.-гіст. тыпы маюць свае эстэт. дамінанты і адпаведныя ім дамінуючыя віды М., якія вызначаюць агульную інтанацыю і змястоўную структуру маст. культуры пэўнай эпохі — арх. сімвалізм Стараж. Усходу, скульпт. пластычнасць ант. М., муз.-паэт. рамантызм хрысц. цывілізацыі. Неадназначнае М. розных эпох і маст. кірункаў паводле сваіх мэт і грамадскіх функцый. Ант. маст. культура адкрыла пластычную прыгажосць быцця і чалавека як вяршыні яго, арыентавалася на гармонію, меру і адпаведную ім сістэму маральна-эстэт. выхавання, пазначаную паняццямі калакагатыя і катарсіс. Сярэдневяковае хрысц. М. перанесла акцэнты на ўзнёслую красу духоўных сутнасцей. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. гармонію і меру з хрысц. духоўнасцю, арыентавалася на эстэтыка-пазнавальную функцыю М. Для культуры барока характэрна перавага маст. штучнасці і дасціпнасці над класічнай натуральнасцю. Сацыяльна-выхаваўчая функцыя. прыярытэт грамадз. абавязку над асабістымі пачуццямі — эстэт. імператывы класіцызму і асветніцкага М. Рамантызм адкрыў каштоўнасць індывідуальнасці, непаўторнасць душэўнага жыцця асобы, духоўную самабытнасць народаў. Крытычны рэалізм арыентуецца на сацыяльна-пераўтваральную) функцыю М. Нарматыўная эстэтыка сацыяліст. рэалізму стала пралетарска-класавай трансфармацыяй класіцызму, сцвярджала прыярытэт партыйна-дзярж. дыктатуры. Урэшце, мадэрнізм парадаксальна спалучае эстэтызм і адмову ад сац. функцый М. з арыентацыяй на тэхн. утылітарызм (творчасць і эстэтыка К.С.Малевіча). Постмадэрнізм адмаўляецца ад класічнай маст. традыцыі. хрысц. гуманіст. маралі, арыентуецца на геданізм, анархізм і абездухоўлены гратэск.

Бел. маст. традыцыя складвалася на працягу тысячагадовай хрысц. цывілізацыі на прасторы ўсх.-слав. і цэнтральнаеўрап. макрарэгіёнаў. У рамках этн. культуры тут сфарміраваліся нар.-паэт. міфалогія, абрады і фальклор, інш. віды маст. творчасці. У эпоху сярэднявечча развіваліся прафес. М. — архітэктура (полацкая і гродзенская школы дойлідства), л-ра і красамоўства (творчасць Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Грыгорыя Цамблака і інш.), ствараліся летапісы і хронікі, захаваліся шэдэўры царк. жывапісу (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора, інш. храмаў), графікі (рукапісныя кнігі), помнікі замкавай архітэктуры. Эпоха гуманіст. Адраджэння дала Беларусі кнігадрукаванне (асветніцкая дзейнасць Ф.​Скарыны і яго паслядоўнікаў), стымулявала развіццё свецкай л-ры (шматстылявая старабел. мова, юрыд. і навук. л-ра, новалац. паэзія М.​Гусоўскага, Я.​Вісліцкага, сілабічная паэзія і аратарская проза Сімяона Полацкага), публіцыстыкі (палемічная і мемуарная л-ра). Захаваліся шматлікія помнікі царк. і палацава-замкавай архітэктуры ў стылі готыкі і рэнесансу. У 2-й пал. 17—18 ст. склалася школа бел. барока і класіцызму ў архітэктуры, садова-паркавым М., школьным і прыватных тэатрах, свецкай музыцы і харэаграфіі. Пасля страты бел. мовай дзярж. статуса (канец 17 ст.) і падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—95) л-ра, навука, тэатр. М. развіваліся пераважна на польскай, лац. і рус. мовах, якія паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст. (творчасць П.​Багрыма, ананімная л-ра, Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі і інш.). Станаўленне бел. класічнай л-ры, тэатра, інш. відаў прафес. М. адбывалася ў перыяд Адраджэння нацыянальнага.

Літ.:

Гегель Г. Эстетика: Пер. с нем. Т. 1—4. М., 1968—73;

Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Славянская міфалогія ў кантэксце беларускай культуры // Мастацтва. 1998. № 4, 6—8, 10—12;

Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)