ЛІГАТУ́РА ў музыцы,
1) у мензуральнай натацыі знакі, што абазначаюць дзве і болей ноты, якія выконваюцца звязна, звычайна на адзін склад. 2) Абазначэнне аб’яднання 2 суседніх нот аднолькавай вышыні ў адну ноту сумарнай працягласці з дапамогай лігі — дугападобнай рысы, выгнутай уверх або ўніз. Ліга над групай нот рознай вышыні патрабуе іх звязнага выканання і адасаблення ад суседніх гукаў ці іх груп, у вак. музыцы — выканання ўсіх аб’яднаных лігай нот на адзін склад.
т. 9, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НЕШ ((Beneš) Эдуард) (28.5.1884, Кожляны, Чэхія — 3.9.1948),
чэхаславацкі дзярж. дзеяч. Юрыст, сацыёлаг. У 1915—18 ген. сакратар эмігранцкага Чэхаславацкага нац. савета ў Парыжы. У 1918—35 міністр замежных спраў, у 1935—38 прэзідэнт Чэхаславацкай рэспублікі. Актыўны ўдзельнік Антанты Малой. У 1923—38 член савета, старшыня К-та бяспекі Лігі нацый. У 1940—45 прэзідэнт Чэхаславацкай рэспублікі на эміграцыі (Лондан), пасля вызвалення Чэхаславакіі прэзідэнт рэспублікі (1946—48). Пасля прыходу да ўлады Камуніст. партыі Чэхаславакіі пайшоў у адстаўку.
т. 3, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДА́ТНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,
агульная назва б. калоній Германіі і некаторых уладанняў Турцыі, перададзеных пасля 1-й сусв. вайны Лігай Нацый у кіраванне краінам-пераможцам на аснове мандата. Мандатная сістэма, уведзеная паводле Статута Лігі Нацый, фактычна ўяўляла сабой форму каланіяльнага панавання імперыяліст. дзяржаў і прыкрывала пераразмеркаванне імі каланіяльных уладанняў пераможаных дзяржаў. Кожная з М.т. мела свой статус, які ў многім залежаў ад дзяржаў — трымальнікаў мандатаў. Пасля 2-й сусв. вайны мандатная сістэма заменена сістэмай апекі ААН (гл. Апека міжнародная).
т. 10, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ у музыцы,
час, які займае гук ці паўза. Абс. П. гуку вымяраецца мерамі часу (секунда, мінута). Важнае значэнне мае адносная П. гукаў, што выяўляе суадносіны гукаў у часе, якія праяўляюцца ў метры і рытме і ляжаць у аснове муз. выразнасці. Для абазначэння адноснай П. выкарыстоўваюць умоўныя знакі — ноты (брэвіс, цэлая, палавінная і інш.) і дадатковыя да нот знакі (кропкі, лігі). Ад умоўнага падзелу асноўнай П. ўтвараюцца рытмічныя групы (дуоль, трыёль і інш.).
В.С.Клакоцкая.
т. 13, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́БІ ((Klibi) Шэдлі) (н. 6.9.1925, г. Туніс),
туніскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны ў галіне араб. л-ры і філасофіі. Скончыў Парыжскі ун-т. З 1951 выкладчык, журналіст, у 1958—61 ген. дырэктар радыё і тэлебачання Туніса. У 1961—78 (з перапынкамі) міністр культуры і інфармацыі. Адзін з кіраўнікоў Сацыяліст. дустураўскай партыі (з 1988 Дэмакр. канстытуцыйнае аб’яднанне). У 1979—85 і ў 1989—91 ген. сакратар Лігі арабскіх дзяржаў. Аўтар кніг «Арабы і праблемы Палесціны», «Культура: выклік цывілізацыі», «Іслам і сучаснасць».
т. 8, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1927,
канферэнцыя міністраў замежных спраў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Францыі і Японіі. Праходзіла 14—16 чэрв. ў час сесіі Савета Лігі Нацыі, склікана пасля разрыву англ.-сав. дыпламат. і гандл. пагадненняў (май 1927). Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі О.Чэмберлен прапанаваў прыняць дэкларацыю «супраць прапаганды Камінтэрна», якая магла б стаць платформай адзінага антысав. фронту. Удзельнікі Ж.к. не падтрымалі Чэмберлена і прынялі камюніке, дзе абавязваліся прытрымлівацца ўмоў Лакарнскіх дагавораў 1925 аб непарушнасці герм.-франц. і герм.-бельг. граніц, вызначаных Версальскім мірным дагаворам 1919.
т. 6, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНО́Н (Крышна) (3.5.1896, г. Калікут, Індыя — 6.10.1974),
індыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў Лонданскую школу эканомікі. У 1929—47 сакратар інд. лігі ў Лондане — мясц. аддзялення Індыйскага нацыянальнага кангрэса ў Вялікабрытаніі. У 1947—52 вярх. камісар (пасол) Індыі ў Вялікабрытаніі. З 1953 чл. інд. парламента. У 1952—62 прадстаўляў Індыю на ген. асамблеях ААН. Разам з Дж.Нэру адзін са стваральнікаў знешнепаліт. курсу Індыі і ініцыятараў палітыкі недалучэння. З 1957 міністр абароны, пасля кіт.-інд. ўзбр. канфлікту 1962 у адстаўцы.
т. 10, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЖУА́ ((Bourgeois) Леон Віктор Агюст) (25.5.1851, Парыж — 29.9.1925),
дзяржаўны дзеяч Францыі. Юрыст. Скончыў Парыжскі ун-т. У 1870—77 дзеяч радыкальна-сацыяліст. партыі. З 1888 дэпутат парламента. З 1890 міністр асветы, замежных спраў, у 1895—96 прэм’ер-міністр. У 1902—04 старшыня палаты дэпутатаў, у 1920—23 — сената. Удзельнік 1-й (1899) і 2-й (1906) Гаагскіх мірных канферэнцый, дзе ўзначальваў камісіі па арбітражы і па мірным вырашэнні міжнар. канфліктаў. Адзін з арганізатараў і старшыня Савета Лігі Нацый (з 1920). Нобелеўская прэмія міру 1920.
т. 3, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯКА́Т АЛІ́ ХАН (1.10.1895, Карнал, Індыя — 16.10.1951),
дзеяч інд. нац.-вызв. руху; адзін з заснавальнікаў дзяржавы Пакістан. Юрыст. Скончыў Алахабадскі (Індыя) і Оксфардскі (Вялікабрытанія) ун-ты. З 1923 дэп. Заканад. сходу ў Аб’яднаных правінцыях, потым Заканад. сходу Індыі. З 1923 чл. Мусульманскай лігі, у 1936—50 яе ген. сакратар, з 1950 прэзідэнт. У 1946—47 чл. Выканаўчага савета пры віцэ-каралі Індыі, са жн. 1946 чл. часовага урада Дж.Нэру. У 1947—51 першы прэм’ер-міністр Пакістана, атрымаў тытул «правадыра нацыі». Забіты мусульм. фанатыкам у час мітынгу ў г. Равалпіндзі.
т. 9, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКІЯ ПРАТАКО́ЛЫ,
3 міжнародныя дакументы, прынятыя ў г. Жэнева ў 1922—25. 1) Пратакол 1922 аб пазыцы для Аўстрыі і аб забароне аншлюсу. Падпісалі Аўстрыя, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Чэхаславакія. Палажэнні пратакола дзейнічалі да акупацыі Аўстрыі фаш. Германіяй (1938).
2) Пратакол 1924 аб мірным вырашэнні міжнар. спрэчак. Прыняты Асамблеяй Лігі Нацый. Падпісалі 19 краін, аднак дакумент не набыў сілы, бо Англія і Італія адмовіліся падпісваць яго.
3) Пратакол 1925 аб забароне ўжывання на вайне ўдушлівых, ядавітых або інш. падобных газаў і бактэрыял. сродкаў. Падпісалі 37 краін.
т. 6, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)