ЛІТАРАТУРАЗНА́ЎСТВА,

навука пра паходжанне, сутнасць і грамадскія сувязі маст. літаратуры, спецыфіку літаратурнай творчасці і заканамернасці гісторыка-літаратурных працэсаў. Складаецца з трох асн. раздзелаў: метадалогіі і тэорыі л-ры, гісторыі л-ры, літ. крытыкі.

Метадалогія выпрацоўвае метады і агульныя прынцыпы вывучэння маст. л-ры. Тэорыя Л. даследуе сац. прыроду, вобразна-эстэт. сутнасць, спецыфіку л-ры, прыроду жанравых форм і іх адметнасць, законы літ.-маст. творчасці, агульныя і спецыфічныя заканамернасці станаўлення л-ры, асаблівасці маст. метадаў, плыняў і кірункаў. Гісторыя вывучае л-ру як працэс у канкрэтных яго праявах, важнейшых тэндэнцыях і заканамернасцях, апасродкавана звязаных і абумоўленых заканамернасцямі грамадскага развіцця, даследуе ўзнікненне, змены і развіццё літ. кірункаў, плыняў, станаўленне творчых метадаў і маст. стыляў, вызначае месца пісьменніка і асобных твораў у літаратурным працэсе. Літаратурная крытыка асвятляе бягучы літ. працэс, ацэньвае і тлумачыць літ. творы і адлюстраваныя ў іх з’явы ў святле ідэйна-эстэт. ідэалаў эпохі, арыентуе чытача, накіроўвае яго інтарэсы, вызначае шляхі развіцця л-ры. Л. выкарыстоўвае дасягненні інш. гуманітарных навук, з якімі цесна звязана, — філасофіі, эстэтыкі, сацыялогіі, гісторыі, псіхалогіі, мовазнаўства; уключае такія дысцыпліны, як тэксталогія, тэорыя і практыка выдавецкай (эдыцыйнай) справы, гістарыяграфія, бібліяграфія, архівазнаўства, літ. крыніцазнаўства, краязнаўства, палеаграфія і інш. Некаторыя з дапаможных дысцыплін афармляюцца ў самаст. галіны (напр., тэксталогія).

Асновы вучэння пра маст. л-ру распрацавалі стараж.-грэч. філосафы. Найб. ролю адыграў Арыстоцель, працы якога на доўгі час вызначылі праблематыку і кірунак развіцця Л.; яго ідэямі жывіліся трактаты пра л-ру ў Стараж. Рыме, у эпоху Адраджэння і нават у перыяд класіцызму (Н.Буало). У 18 — пач. 19 ст. на развіццё Л. моцна паўплывалі тэарэт. працы Д.Дзідро, Г.Лесінга, І.В.Гётэ і інш. пісьменнікаў і філосафаў эпохі Асветвіцтва, якія цікавіліся пытаннямі спецыфікі маст. л-ры, яе суадносінамі з інш. відамі мастацтва, ідэямі рэалізму і гістарызму. У абгрунтаванні гіст. погляду на л-ру шмат зрабіў ням. філосаф Г.Гегель («Лекцыі па эстэтыцы»). У Расіі ў 19 ст. тлумачэнне праблем і катэгорый эстэтыкі і тэорыі л-ры далі В.Бялінскі, М.Чарнышэўскі, М.Дабралюбаў і інш. У 19 і 20 ст. побач з рэв. -дэмакр. развіваюцца такія кірункі Л., як міфалагічная шкала (В. і Я.Грым, А.М.Афанасьеў), кампаратывізм, або параўнальна-гістарычнае літаратуразнаўства (Т.Бенфей, А.М.Весялоўскі), культурна-гістарычная школа (І.Тэн, А.М.Пыпін), псіхалагічная школа (А.А.Патабня), пазней — фрэйдызм, інтуітывізм, экзістэнцыялізм і інш. плыні. Сучаснае зах. Л. ўяўляе сабой адзіны комплекс усіх найб. значных даследчых метадалогій розных краін. Гісторыю літ. крытыкі можна разглядаць як гісторыю эвалюцыі і барацьбы школ. У 1-й трэці 20 ст. вызначальнай была барацьба паміж «новымі гуманістамі» і прадстаўнікамі радыкальна-дэмакр. кірункаў (марксісцкая крытыка і псіхааналітыкі). З канца 1930-х г. адзначаны ўзлёт «новай крытыкі». З сярэдзіны 1940-х г. у Англіі і ЗША стала папулярнай міфалагічная крытыка. У аснове рытуальна-міфалагічнага кірунку — праца прадстаўніка англ. антрапал. школы Дж.Фрэйзера «Залатая галіна» (т. 1—2, 1890). З сярэдзіны 20 ст. значную ролю адыгрывае франц. структуралізм. У Л. Англіі і ЗША ён выявіўся ў 1960-я г. ў выглядзе постструктуралізму (Іельская школа Ж.Дэрыды). У Англіі ідэі кантынентальных структуралістаў (Р.Барта) выкарыстоўваў Ф.Кермаўд. У 1960—70-я г. ў ЗША на аснове тэорый знака, сімвала і метафары развівалася семантычная крытыка, якая цікавілася ў асн. тэкстам; яна была блізкая да «новай крытыкі» і структуралізму. Расчараванне ў тэкстуальных і глыбінна-псіхал. метадах спрыяла адраджэнню ў апошнія дзесяцігоддзі традыц. падыходаў — культ.-гіст., сацыялагічнага. У 1980-я г. заявілі пра сваю гуманістычную арыентацыю фенаменалагічныя і рэцэптыўныя крытыкі. Частка зах. Л. адкрыта арыентуецца на займальнасць, што відавочна нават у працах буйнейшых літ.-знаўцаў (Н.Фрая, К.Леві-Строса, Дэрыды).

Спробы навукова-крытычнага асэнсавання бел. л-ры можна бачыць у помніках стараж. пісьменнасці, у прадмовах і пасляслоўях Ф.Скарыны, у «Песні пра зубра» (1522) Міколы Гусоўскага, у падручніках «Грамматика словенская» (1593) Л.Зізанія, «Грамматика» (1619) М.Сматрыцкага, у творах Сімяона Полацкага, школьных піітыках і рыторыках 18 ст. і інш. Больш змястоўныя гісторыка-літ. ацэнкі твораў бел. пісьменнасці склаліся ў 19 ст. У дадатку да 1-й часткі працы В.Сопікава «Спроба расійскай бібліяграфіі» (1813) грунтоўна разгледжана Біблія Скарыны, у 1816 у Варшаве на польск. мове выдадзена кн. С.Б.Ліндэ «Аб Статуце літоўскім...», дзе аналізаваліся розныя рэдакцыі помніка, характарызавалася мова, якую аўтар называў беларускай. Агляд новай бел. л-ры дадзены ва ўступным арт. Р.Друцкага-Падбярэскага да т. 1 кнігі Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...» (т. 1—4, Пб., 1844—46). У артыкулах Л.Кавеліна «Помнікі беларускай пісьменнасці» (1845) упершыню прыведзены тэкст бел. ананімнай паэмы «Энеіда навыварат», гаварылася пра І.Манькоўскага, ахарактарызавана жыццё і творчасць Баршчэўскага. У 2-й пал. 19 ст. выйшлі працы па стараж. бел. л-ры, мове, гісторыі асветы, грамадскай думкі: «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» П.Шпілеўскага (1853—56), артыкулы «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» Дабралюбава (1860), «Некалькі слоў пра беларускую народную паэзію і беларускіх паэтаў» (1866, крыптанім Г. Г.), даследаванне А.Г.Кіркора «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў» (1874) з нарысам гісторыі бел. л-ры, «Гісторыя славянскіх літаратур» А.Пыпіна і У.Спасовіча (т. 1—2, 2-е выд., 1879—81), дзе разглядалася бел. нар. паэзія, кніга П.Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына, яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888) і А.Семянтоўскага «Беларускія старажытнасці» (вып. 1, 1890), праца М.Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (1896) і яго даследаванні па творчасці В.Цяпімскага, звесткі па гісторыі л-ры, этнаграфіі, фальклоры бел. народа, змешчаныя ў календары «Северо-Западный край».

Літ. крытыка выяўляецца ў артыкулах і рэцэнзіях У.Сыракомлі на творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Е.Раманава на зб. З.Радчанкі «Гомельскія народныя песні» і інш. У пач. 20 ст. бел. л-ру даследавалі ўжо як самаст. галіну бел. культуры: працы рус. (А.Пагодзін, С.Руднянскі, С.Русава), польск. (Е.Янкоўскі, В.Вегняровіч), чэш. (А.Чэрны), літоўскіх (Л.Гіра, А.Янулайціс), укр. (А.Русаў, І.Свянціцкі) даследчыкаў. Грунтоўна распрацоўвалася гісторыка-літ. праблематыка ў працах Я.Карскага, які правёў значную работу па збіранні і навук. апісанні помнікаў стараж. пісьменнасці і літ. твораў новага часу, сістэматызаваў новыя і вядомыя творы і зрабіў спробу перыядызаваць гісторыка-літ. працэс. Важную ролю ў актывізацыі вывучэння бел. л-ры адыгралі газ. «Наша ніва» (1906—15), час. «Маладая Беларусь» (1912—13) і «Лучынка» (1914), дзе друкаваліся артыкулы С.Палуяна, М.Багдановіча, Я.Купалы, М.Янчука, А.Бульбы, М.Гарэцкага, Л.Гмырака, У.Самойлы, А.Луцкевіча, В.Ластоўскага і інш., намаганнямі якіх бел. крытыка стала дзейсным фактарам літ. працэсу на ніве нац. адраджэння. У праграмных артыкулах «Наш тэатр» (1913), «Развагі і думкі» (1914) Гарэцкі сфармуляваў найважнейшыя прынцыпы рэаліст. мастацтва, вызначыў найб. плённы кірунак развіцця бел. прозы, паэзіі і драматургіі, даў азначэнне родавай сутнасці крытыкі як формы самаўсведамлення л-ры, метадалогіі Л. Узоры навук. вывучэння шляхоў развіцця бел. л-ры даў Багдановіч («Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI ст.», «За сто гадоў», «Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры» і інш.). Ён абгрунтаваў ідэю самастойнасці бел. нац. л-ры, сцвердзіў перспектыўнасць вывучэння л-ры ў яе гіст. развіцці, удакладніў перыядызацыю літ. працэсу, прааналізаваў стараж., новую і навейшую л-ру, даў ацэнку творчасці пісьменнікаў 19 і пач. 20 ст. У літ.-знаўчых працах ён прытрымліваўся метадалаг. прынцыпаў культ.-гіст. школы, але ўзбагачаў іх вопытам развіцця бел. прыгожага пісьменства. У першыя паслярэв. гады ў сувязі з ускладненнем грамадска-паліт. абставін бел. Л. не мела магчымасці паспяхова развівацца. Аднак літ. крытыка і публіцыстыка ў перыяд. друку вызначаліся высокай актыўнасцю і былі дзейснымі фактарамі адраджэння нац. культуры і выхавання нац. свядомасці беларусаў (газ. «Гоман», «Вольная Беларусь», «Звезда», «Крыніца», «Беларускі шлях», «Дзянніца», «Беларуская думка», «Беларускае жыццё», «Минский курьер», «Звон», «Беларусь», «Савецкая Беларусь», час. «Рунь», «Вольны сцяг» і інш.). На пачатку 1920-х г. пытанні гісторыі л-ры і грамадскай думкі часам разглядаліся як частка беларусазнаўства. На працягу 1920-х г. ц.-д. і каардынацыйным цэнтрам у галіне бел. Л. быў Інбелкульт. Поспехі ў распрацоўцы пытанняў бел. Л. звязаны з навук. дзейнасцю Гарэцкага, Янчука, І.Замоціна, Я.Барычэўскага, А.Вазнясенскага.

У «Гісторыі беларускае літаратуры» Гарэцкага, «Нарысах беларускай літаратуры» (пад рэд. Янчука, абодва 1920) і «Нарысах па гісторыі беларускай літаратуры. Старадаўні перыяд» (1922) Янчука, працах «Беларуская драматургія» і «М.А.Багдановіч» (абедзве 1927) Замоціна, «Паэмы Янкі Купалы» (1927) і «Ля вытокаў мастацкай прозы Якуба Коласа» (1928—29) Вазнясенскага, кн. «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926), літ.-крытычных артыкулах З.Жылуновіча, У.Дубоўкі, А.Бабарэкі, Я.Пушчы, М.Піятуховіча, С.Замбржыцкага і інш. сістэматызаваны багаты фактычны матэрыял і на яго аснове зроблена спроба навук. перыядызацыі літ. працэсу, выяўлены пэўныя заканамернасці развіцця бел. л-ры.

У «Гісторыі...» Гарэцкага разгледжана развіццё л-ры ад старажытнасці да пач. 1920-х г., ахарактарызаваны літ. помнікі, творы новай і найноўшай л-ры, раскрыта ідэйная барацьба, станаўленне літ. плыняў і кірункаў, вызначана месца вядучых пісьменнікаў у літ. працэсе. У працах Янчука выяўлена сувязь л-ры з гісторыяй народа, з нац.-вызв. рухам, недаацэньваўся ідэйны пафас грамадз. лірыкі Цёткі, Я.Купалы, Я.Коласа. Грунтоўную і аб’ектыўную ацэнку спадчыны Багдановіча, драматургіі Я.Купалы і Ц.Гартнага, ліра-эпічных твораў Я.Коласа даў Замоцін. Прыкметнай з’явай у вывучэнні гісторыі бел. л-ры былі яго спробы стварыць самаст. кірунак даследавання (тэорыя чатырох сінтэзаў — генетычнага, фармальна-мастацкага, сацыялагічнага, ідэалагічнага). Ён выступаў супраць фрэйдысцкіх, інтуітывісцкіх канцэпцый, фармаліст. трактовак мастацтва і суб’ектыўна-ідэаліст. прынцыпаў яго вывучэння. У «Нарысах гісторыі беларускай літаратуры» Піятуховіча (1928) творчасць пісьменнікаў і літ.ідэалаг. плыні 19 — пач. 20 ст. разглядаліся з сацыялагізатарскіх пазіцый. У аснову перыядызацыі л-ры ён паклаў этапы эканам. развіцця. Спрошчана разумеючы ўзаемасувязь грамадз. гісторыі і л-ры, ён выводзіў узровень слоўнага мастацтва непасрэдна з узроўню эканомікі, таму не здолеў аб’ектыўна ацаніць творчасць Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Багдановіча, Цёткі. Аб’ектам вывучэння Вазнясенскага былі творы Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, чыя спадчына тады цалкам закрэслівалася вульгарызатарамі раппаўскай арыентацыі. Актыўна выкарыстоўваючы прынцыпы даследавання, уласцівыя фармальнай школе, ён паставіў складаныя тэарэтыка-метадалаг. праблемы — нац. спецыфікі л-ры, літ. уплываў і запазычанняў, метаду даследавання л-ры і крытыкаваў метадалаг. хібы культ.-гіст. школ за недаацэнку эстэт. прыроды мастацтва. Пры ўсіх заганах, якія меліся ў працах прыхільнікаў марфалагічнага метаду (недастатковая ўвага да праблемы сувязі л-ры з рэчаіснасцю, абсалютызацыя кампазіцыі твора), вывучэнне элементаў структуры, аналіз маст. формы заставаліся важнымі для бел. Л. і крытыкі.

Этапнымі ў распрацоўцы пытанняў тэорыі л-ры і метадалогіі Л. былі даследаванні «Пуціны беларускай літаратуры» Замоціна (1924), «Паэтыка літаратурных жанраў» і «Тэорыя санета» Барычэўскага (абодва 1927), «Паэтыка М.Багдановіча» Вазнясенскага (1926). Як і Багдановіч, Барычэўскі арганічна спалучыў у аналізе гісторыю і тэорыю жанравых форм лірыкі, эпасу, драмы, дыдактычнай паэзіі. Гэтым ён замацоўваў плённую традыцыю адзінства гіст. і тэарэт. падыходу да мастацтва, прапаноўваў вывучаць гісторыю л-ры ў аспекце станаўлення яе жанрава-стылявых форм. Актуальныя пытанні тэарэтыка-метадалаг. характару даследаваў Гарэцкі. Напісанае ім «Назваслоўе», змешчанае ў яго «Гісторыі беларускае літаратуры» (выд. 1924), — першая ў бел. Л. спроба сістэматызацыі літ. тэрмінаў і паняццяў. Зборнікамі «Якуб Колас у літаратурнай крытыцы» і «Творчасць К.М.Міцкевіча (Якуба Коласа)» (1926), «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы» і «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы» (1928) закладзены асновы мэтанакіраванага вывучэння творчасці старэйшых бел. майстроў слова. У канцы 1920-х г. пачалася сур’ёзная тэксталаг. праца (навук.-каменціраваны Зб. твораў у 2 т. Багдановіча, Зб. твораў Я.Коласа, зб. вершаў А.Гаруна «Матчын дар». Найб. значныя дасягненні бел. літ. крытыкі 1920 — пач. 1930-х г. звязаны з дзейнасцю літ. арг-цый «Маладняк», «Узвышша», «Полымя» і перыяд. выданняў, якія абгрунтоўвалі і праводзілі ў жыццё іх ідэйна-эстэт. праграму (час. «Маладняк», «Узвышша», «Полымя»). Вял. ролю ў фарміраванні бел. літ.-крытычнай думкі адыгралі газ. «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска». «Палымянская» крытыка [Жылуновіч, Я.Нёманскі, М.Грамыка, У.Чаржынскі, Я.Марук, П.Жарскі, А.Лясны (А.Мардвілка), С.Баркоўскі і інш.] вял. ўвагу аддавала збіранню і выяўленню маладых бел. літ. сіл, з прынцыповых пазіцый ацэньвала новыя літ. творы, выступала ініцыятарам многіх літ. дыскусій. «Маладнякоўская» крытыка (М.Каспяровіч, М.Аляхновіч, Замбржыцкі і інш.) спрыяла разгортванню масавага літ. руху, аспрэчвала вульгарызатарскія тэзісы аб вызначальнай ролі класавага паходжання пісьменніка, абараняла сял. тэматыку. Крытыка ва «Узвышшы» змагалася за павышэнне ідэйна-эстэт. ўзроўню бел. л-ры і культуру творчасці. У распрацоўцы тэарэт. асноў бел. крытыкі, павышэнні яе прафес. ўзроўню вял. заслуга Бабарэкі, Дубоўкі, К.Чорнага, Я.Пушчы, Ф Купцэвіча. К.Крапівы, М.Лужаніна, З.Бядулі, П.Глебкі, В.Шашалевіча, А.Адамовіча і інш. Крытыкі нац.-адраджэнскай арыентацыі абвяргалі нігілістычныя ўстаноўкі пралеткультаўцаў на пабудову «чыстага» пралетарскага мастацтва, даказвалі неабходнасць беражлівага стаўлення да класічнай спадчыны і развіцця лепшых нац. традыцый, змагаліся за праўдзівае асэнсаванне сац. рэчаіснасці і псіхалогіі чалавека. Развіццё бел. крытыкі ў гэты перыяд звязана з дзейнасцю БелАПП. На раннім этапе «белаппаўская» крытыка працягвала прагрэсіўныя тэндэнцыі «маладнякоўскай» навук.-тэарэт. думкі, пазней яна паўтарыла памылкі, уласцівыя РАППу (вульгарна-сацыялагічны падыход да л-ры, ваяўнічы дагматызм, голае адміністраванне, адрыў ад жыцця, адмоўныя адносіны да нерэаліст. форм творчасці і інш.). Найб. яскрава дэструктыўны пафас вульгарызатарскай, пагромнай крытыкі выявіўся ў дзейнасці Л.Бэндэ, А.Кучара, В.Бухаркіна, Д.Мірончыка, У.Гесена, А.Канакоціна, Л.Якаўлева, Я.Сякерскай, С.Будзінскага, Е.Гальперына, С.Васілёнка і інш.

На пачатку 1930-х г. у развіцці бел. Л. адбыўся значны спад, абумоўлены пагаршэннем грамадска-паліт. клімату ў краіне, у т.л. пачаткам рэпрэсій сярод творчай і навук. інтэлігенцыі. У 1932—34 кіраўніцтва Ін-та л-ры і мастацтва АН Беларусі рабіла захады па стварэнні «Гісторыі беларускай літаратуры», быў напісаны шэраг яе раздзелаў (кніга не завершана). Навук.-тэарэт. ўзровень Л. і крытыкі паніжаўся. Навук. школы, якія ўзначальвалі Замоцін, Барычэўскі, Вазнясенскі, былі ліквідаваны, іх друкаваныя выданні забаронены. У нешматлікіх гісторыка-літ. публікацыях вывучэнне л-ры падмянялася грубымі паліт. нагаворамі на пісьменнікаў, фальсіфікацыяй іх творчасці, наўмысным вышукваннем у іх творах ідэалагічных памылак і варожых сав. ладу ідэй.

Пэўнае ажыўленне навук.-крытычнай думкі пачалося ў пач. 1940-х г.: артыкулы Я.Коласа пра Т.Шаўчэнку, К.Чорнага пра Я.Купалу, М.Ларчанкі і Ю.Пшыркова пра «Новую зямлю», «Сымона-музыку» Я.Коласа, пра спадчыну Багдановіча, публікацыі В.Барысенкі з пераглядам ацэнак творчасці Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча. Праведзены літ. дыскусіі аб крытыцы (1939), паэзіі (1940), прозе (пач. 1941). Выдадзены зб. тэкстаў «Беларуская літаратура XIX ст.» (1940), пачалі друкавацца «Нарысы па гісторыі старажытнай літаратуры» М.Дабрыніна. У 1941 падрыхтаваны да выдання падручнік для пед. і настаўніцкіх ін-таў «Беларуская літаратура», у якім узнімаліся праблемы народнасці мастацтва, што мела вял. метадалагічнае значэнне і адкрывала перспектыву стварыць гісторыю л-ры, заснаваную на аб’ектыўным вывучэнні ўнутр. заканамернасцей яе развіцця. Значную ўвагу пытанням гісторыі л-ры, літ. крытыкі, збіранню і вывучэнню культ. спадчыны, арганізацыі н.-д. работы аддавалі самі пісьменнікі, у першую чаргу Я.Купала і Я.Колас. У пасляваен. час рабіліся спробы перагледзець вульгарна-дагматычныя канцэпцыі, пачалася шырокая прапаганда дасягненняў класічнай спадчыны, створаны праграмы і вучэбныя дапаможнікі па л-ры для сярэдняй школы і ВНУ, крытыка-біягр. нарысы, прысвечаныя творчасці вядучых пісьменнікаў мінулага і сучаснасці. Выйшлі абагульняльныя працы «Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1954, на рус. мове) і «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956).

«Нарыс...» упершыню знаёміў усесаюзнага чытача з дасягненнямі бел. сав. л-ры, творчасцю яе вядучых пісьменнікаў. Аднак у кнізе павярхоўна вырашаліся пытанні. звязаныя з разуменнем заканамернасцей літ. працэсу, недаацэньвалася эстэт. прырода мастацтва, спецыфіка л-ры як формы вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Гэтыя недахопы часткова пераадолены ў «Нарысах...», дзе разглядалася таксама стараж. л-ра і л-ра 19 — пач. 20 ст. У выніку больш поўным і шырокім стаў агульны малюнак развіцця бел. л-ры. Перагледжаны некаторыя раней спрошчаныя фармулёўкі і вывады. Пачалі выкарыстоўвацца паняцці нар. вытокаў маст. творчасці, народнасці, якія ігнараваліся вульгарызатарамі. Пры даследаванні дакастр. л-ры на першы план вылучыліся такія складаныя праблемы, як фарміраванне ідэйна-маст. кірункаў, развіццё творчага метаду (працы С.Майхровіча, Барысенкі, Ларчанкі, У.Агіевіча і інш.).

У пер шыя пасляваен. гады бескампраміснасцю ацэнак, нецярпімасцю да недахопаў, падтрымкай перспектыўных тэндэнцый у развіцці л-ры літ. крытыка дзейсна ўплывала на літ. працэс. Якасна новага ўзроўню бел. навук.-тэарэт. і крытычная думка дасягнула ў канцы 1950-х—1960-я г. Актыўна вывучаліся спецыфіка л-ры і заканамернасці літ. працэсу на кожным гіст. этапе, даследаваліся працэс фарміравання ідэйна-маст. кірункаў, стыляў, нац. своеасаблівасці л-ры. Павысіўся навук.-тэарэт. ўзровень гісторыка-літ. і крытычных прац (кнігі А.Адамовіча, В.Івашына, У.Калесніка, Я.Казекі, А.Лойкі, Н.Перкіна, Ю.Пшыркова, Майхровіча, М.Грынчыка, Дз.Бугаёва і інш.). Дасягненні навук.-тэарэт. думкі гэтага перыяду падагульнены ў калект. працах «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66) і «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), у якіх выкарыстаны вопыт даследаванняў у галіне гісторыі сав. шматнац. л-ры. У іх упершыню ў бел. Л. даволі поўна раскрыты гісторыка-літ. працэс, у гал. праявах прааналізавана творчасць вядучых пісьменнікаў, аб’ектыўна ацэнены многія з’явы літ. жыцця. Шырока паказаны літ. рух, ідэйная барацьба, літ. ўзаемасувязі, грамадская і культ.-асв. дзейнасць літ.-маст. арг-цый 1920 — пач. 1930-х г. Зроблена паспяховая спроба спалучыць сац. і эстэт. аналіз, выявіць спецыфіку вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Але ў выданні адсутнічаў раздзел пра асобных мастакоў слова (А.Гарун, дакастр. творчасць М.Гарэцкага), недастаткова быў асветлены творчы шлях рэабілітаваных пісьменнікаў (Я.Нёманскі, С.Баранавых, В.Каваль, Л.Калюга, М.Грамыка, У.Хадыка, Я.Скрыган, Б.Мікуліч, Я.Пушча, Ю.Таўбін, З.Астапенка і інш.). Літ. крытыка гэтага часу вызначалася прынцыповасцю, выразнасцю крытэрыяў сац. і маральнай ацэнкі, паслядоўнасцю ў барацьбе за высокі ідэйна-эстэт. ўзровень л-ры (кнігі і артыкулы Адамовіча, Бугаёва, Р.Бярозкіпа, Пшыркова, У.Юрэвіча, Перкіна, Івашына, В.Каваленкі, Казекі, Калесніка, Ф.Куляшова, Р.Шкрабы, М.Барсток, Лойкі, І.Навуменкі, А.Клышкі, А.Яскевіча, М.Лазарука, М.Яроша, С.Гусака, М.Грынчыка, В.Жураўлёва, П.Дзюбайлы, Ю.Канэ, М.Стральцова, М.Арочкі, С.Александровіча, В.Палтаран і інш.). З артыкуламі па пытаннях л-ры выступалі і пісьменнікі П.Броўка, І.Мележ, М.Лынькоў, В.Быкаў, К.Крапіва, П.Панчанка, І.Шамякін, В.Вітка, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, С.Грахоўскі, М.Лужанін, Я.Скрыган і інш. У 1970—80-я г. пашырылася кола праблем, што даследаваліся ў новых аспектах: бел. л-ра пачала разглядацца ў параўнальным і тыпалагічным планах (Івашын, Ларчанка, Лойка, Александровіч, А.Мальдзіс, П.Ахрыменка, Перкін, Э.Мартынава, У.Казбярук, В.Гапава і інш.), уведзены паняцці ўсесаюзнага, славянскага, еўрапейскага літ. кантэкстаў (Адамовіч і інш.), узняты пытанні літ. уплываў ва ўмовах паскоранага развіцця л-ры 19—20 ст. (Каваленка). Актывізавалася вывучэнне стараж. л-ры і л-ры 18—19 ст. (А.Коршунаў, В.Чамярыцкі, Мальдзіс), даследаваліся сувязі л-ры з інш. формамі грамадскай свядомасці, гісторыя станаўлення пэўных родаў і відаў л-ры — рамана, аповесці, апавядання (Адамовіч, Н.Пашкевіч, Каваленка, Дзюбайла, Юрэвіч, Бугаёў, С.Андраюк, Жураўлёў, Яскевіч, А.Лысенка, М.Тычына, Э.Гурэвіч, А.Матрунёнак), гісторыя лірычных і ліра-эпічных форм (В.Бечык, Лойка, Навуменка, Лазарук, Барсток, Грынчык, Ярош, Арочка, У.Гніламёдаў, І.Шпакоўскі, А.Кабаковіч, Клышка, Л.Гарэлік), гісторыя драматургіі (А.Сабалеўскі, А.Семяновіч, С.Лаўшук, Я.Усікаў). Актыўна вывучаліся тэарэт. праблемы: шляхі станаўлення ў бел. л-ры метаду сацыяліст. рэалізму (Івашын), развіццё бел. вершаскладання (Грынчык, І.Ралько), бел. літ.-грамадскі рух (Р.Семашкевіч), гісторыя бел. друку і кнігадрукавання (Александровіч), праблемы перакладу з блізкіх і роднасных моў (Мартынава, В.Рагойша, П.Садоўскі, Яскевіч), роля фальклору ў развіцці л-ры (Каваленка, У.Конан, Яскевіч, І.Чыгрын). Больш актыўна і плённа даследуюцца спецыфіка маст. формы, пытанні псіхалогіі творчасці, структуры твора (Жураўлёў, Клышка, Тычына, Матрунёнак). Зроблены першыя крокі ў вывучэнні гісторыі крытыкі і Л. (Конан, М.Мушынскі). Актывізавалася вывучэнне рус. л-ры (Куляшоў, П.Ткачоў, І.Кахно, С.Лысенка, А.Станюта, У.Няфёдаў, С.Букчын), л-ры замежных краін (Б.Міцкевіч, Гапава). З’явіліся кнігі, пабудаваныя на гісторыка-дакумент. архіўных матэрыялах (Александровіч, Г.Кісялёў, Мальдзіс, Я.Саламевіч), выданні тыпу «Хроніка літаратурнага жыцця», «Летапіс жыцця і творчасці», кнігі пісьменніцкіх біяграфій, мемуарнага жанру, зборнікі гіст.-літ. матэрыялаў («Пачынальнікі» і інш.). У серыі «Жыццё выдатных людзей» выйшла кн. Лойкі «Янка Купала» (1982). Развіваюцца купалазнаўства і коласазнаўства, багдановічазнаўства, тэксталогія. Выдадзены больш поўныя і дасканалыя ў тэксталагічных адносінах навук.-каменціраваныя Зб. твораў Я.Купалы (т. 1—6, 1961—63; т. 1—7, 1972—76), Я.Коласа (т. 1—12, 1961—64; т. 1—14, 1972—78), К.Чорнага (т. 1—8, 1972—75), Броўкі (т. 1—7, 1975—78; т. 1—9, 1987—92), Мележа (т. 1—10, 1979—85), Лынькова (т. 1—8, 1981—85), Гарэцкага (т. 1—4, 1984—86), П.Пестрака (т. 1—5, 1984—86), З.Бядулі (т. 1—5, 1985—89), Выбр. творы Цёткі (1967), Гарэцкага (т. 1—2, 1973), Ядвігіна Ш. (1976), Творы Багушэвіча (1967), Я.Дылы (1981), У.Галубка (1983), Дуніна-Марцінкевіча (1984) і інш. Робяцца спробы тэарэт. абагульнення вопыту практ. дзейнасці тэкстолагаў (зб. «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры», 1980). Выйшла шмат навук. прац абагульняльнага характару, у т.л. для ВНУ («Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд» Лойкі, ч. 1—2, 1977—80, калект. вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў). Грунтоўнай працай, адрасаванай усесаюзнаму чытачу, стала выданне на рус. мове «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1977). Даследаванні ўзбагаціліся шэрагам прынцыповых удакладненняў, якія датычаць эпохі Адраджэння і Асветніцтва, нераўнамернасці развіцця л-ры паводле родавых і жанравых адзнак. У «Гісторыю...» упершыню ўведзены раздзелы пра Л. і крытыку, пра іх ролю і значэнне ў развіцці прыгожага пісьменства.

Побач з поспехамі ў бел. навук. і крытычнай думцы 1980-х г. праяўлялася і тэндэнцыя нарастання негатыўных з’яў. Усё мацней усталёўваліся дагматызм поглядаў, схаластыка, ігнараванне жыццёвых супярэчнасцей, падмена іх надуманымі канфліктамі, няўвага да рэальных патрэб чалавека. Ішоў працэс паслаблення гуманістычнага пафасу л-ры, страты ранейшых ідэйна-эстэтычных заваёў. Бел. Л. і крытыка 1990-х г. развіваецца пад сцягам перагляду ўстарэлых, кансерватыўна-дагматычных уяўленняў і выпрацоўкі новай, цэласнай канцэпцыі нац. культуры. Створаны новыя праграмы, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, напісаны шэраг грунтоўных, наватарскіх гісторыка-літ. прац (даследаванні Яскевіча, Мушынскага, Жураўлёва, Тычыны, М.Мішчанчука, П.Васючэнкі, М.Мікуліча, Гніламёдава, Л.Корань, І.Штэйнера, Г.Тварановіч, Л.Гараніна, А.Мельнікава, А.Вераб’я, У.Мархеля, І.Саверчанкі, І.Чароты, А.Бельскага, А.Марціновіча). У іх закранута шырокае кола праблем, у т.л. прынцыпы пабудовы новай «Гісторыі літаратуры», нац. спецыфіка, узаемасувязь л-ры і фальклору, жанрава-стылявыя пошукі, формы праяўлення ў л-ры нац. ідэі і інш. У калектыўных «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 1—4, 1993—95) на багатым фактычным матэрыяле раскрыты працэс узаемнага ўзбагачэння лепшымі здабыткамі л-р двух народаў ад старажытнасці да нашых дзён. На новы ўзровень выйшлі даследчыкі рус. л-ры (Ц.Ліякумовіч, Г.Няфагіна, Дз.Фёдараў, А.Звознікаў, І.Скарапанава, Т.Аўтуховіч, А.Андрэеў, С.Кузьміна, Н.Папова і інш.), л-р замежных краін (І.Шаблоўская, С.Малюковіч, С.Мусіенка, Т.Камароўская, Чарота, Е.Лявонава, Г.Адамовіч і інш.). Ін-т л-ры Нац. АН Беларусі працягвае ажыццяўляць доўгатэрміновую праграму навук. выдання класічнай спадчыны: 36. твораў Я.Пушчы (т. 1—2, 1993—94), першы Поўны збор твораў Багдановіча (т. 1—3, 1991—95), 9-томны Поўны збор твораў Я.Купалы (т. 1—5, 1995—98) Разам з Нац. навук.-асв. цэнтрам імя Скарыны ін-т падрыхтаваў і выдаў біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95). Гэтыя выданні, новыя манаграфічныя працы скіраваны на вырашэнне гал. задачы бел. Л. — асэнсаваць шматвяковае развіццё нац. прыгожага пісьменства ва ўсім яго змястоўным, жанрава-стылявым багацці, у разнастайных сувязях з інш. формамі духоўнай дзейнасці чалавека і л-рамі інш. народаў свету.

Літ.:

Академические школы в русском литературоведении. М., 1975;

Контекст: Лит.-теоретич. исслед. М., 1974—86;

Козлов А.С. Мифологическое направление в литературоведении США М., 1984;

Яго ж. Литературоведение Англии и США XX в. Симферополь, 1994;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Яго ж. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я — першая палавіна 60-х гг. Мн., 1985;

Яго ж. І нічога, апроч праўды: Якой быць «Гісторыі беларускай літаратуры». Мн., 1990;

Каваленка В.А. Праблемы сучаснай беларускай крытыкі. Мн., 1977;

Ватацы Н. Беларускае літаратуразнаўства і крытыка (1945—1963): Бібліягр. асобных выданняў. Мн., 1964.

М.І.Мушынскі, Т.Я.Камароўская (замежнае Л.).

т. 9, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СЫ,

нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс. чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс. чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл. Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх. славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс. км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.

Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст. тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст.крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл. Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (у зах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст. землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.

Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст. землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст. у ВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж. юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую ВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел. землі складалі большасць тэр. ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш).

У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл. Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак у т.зв. зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр. тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).

Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.

Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай у ВКЛ у 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.

Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.

Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш у зах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.

Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней ўвайшлі ў традыц. бел. нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.

Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).

Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.

Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.

Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл. Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл. «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел. Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М.Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.

Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад. тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.

Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.

У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.

І.У.Чаквін.

Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн. чал. Вял. страты панесла Беларусь у час Айчыннай вайны 1812. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.

Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.Ліндэ, Л.Галамбёўскага, А.Дамбоўскага, А.Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31 у дзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.

У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав. У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ. «Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. У час паўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.

Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн. чал.

У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя «Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г. у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыя бел. нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час. «Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г. у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ. «Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).

Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.

На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянізмы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».

Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.

Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.

Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст. нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма.

П.У.Церашковіч.

Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр. рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн. чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн. чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. У лют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой у Літоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах. тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн. чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.

Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 у БССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л. БДУ, Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш. У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіцця бел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. У бел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл. Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).

І ўсё ж бел. л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.

Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл. развіцця БССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.

У Зах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).

Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, у час якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн. чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).

Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.

З 1960-х г. з разгортваннем навукова-тэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам. развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.

Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел. нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.

Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.

Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).

Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.

Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасць нац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць у нар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.

Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.

Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, што нац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.

Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.

У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).

Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіцця вял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.

Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.

Літ.:

Гл. пры арт. Беларусь.

Г.І.Каспяровіч.

т. 3, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСК,

сталіца Рэспублікі Беларусь, горад рэсп. падпарадкавання, цэнтр Мінскай вобл. і раёна. Паліт., эканам., навук. і культ. цэнтр Беларусі. Вузел чыгунак на Брэст, Маскву, Вільнюс, Гомель, аўтадарог на Оршу, Віцебск, Даўгінава, Лагойск, Маладзечна, Ашмяны, Брэст, Слуцк, Гомель, Магілёў і інш. 2 аэрапорты. 1729 тыс. ж. (1999). Тэр. 255,8 км². Падзяляецца на 9 адм. раёнаў: Заводскі, Кастрычніцкі, Ленінскі, Маскоўскі, Партызанскі, Першамайскі, Савецкі, Фрунзенскі, Цэнтральны. М. размешчаны на паўд.-ўсх. схілах Мінскага ўзвышша. Клімат умерана кантынентальны са значным уплывам атл. марскога паветра (з частымі цыклонамі). Сярэднегадавая т-ра паветра 5,4 °C. Значныя ваганні сярэдняй т-ры па сезонах: ад -7,3 °C у 3-й дэкадзе студз. да 18 °C у 2—3-й дэкадах ліпеня. У сярэднім за год выпадае 646 мм ападкаў, з якіх прыкладна 73 прыпадае на халодны, ​2/з на цёплы перыяд. 12% ападкаў цвёрдыя, 13% — мяшаныя, 75% — вадкія. Праз М. працякае р. Свіслач (прыток р. Бярэзіна), у горадзе прымае прыток — р. Няміга (цячэ ў калектары). Вадасховішчы: Дразды, Крыніца, Чыжоўскае, Камсамольскае возера і інш.; Вілейска-Мінская водная сістэма, Сляпянская водная сістэма.

Гісторыя. На думку некат. даследчыкаў (А.М.Ясінскі, Г.В.Штыхаў і інш.), стараж. М. узнік за 16 км на 3 ад Мінскага замка, на беразе цяпер амаль высахлай р. Менка (адсюль назва горада), дзе захаваўся комплекс археал. помнікаў (каля Гарадзішча Мінскага р-на), а ў канцы 11 ст. перанесены на сучаснае месца.

Упершыню М. (летапісны Меньск, Менеск) упамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 у сувязі з падзеямі, што адбываліся ў Кіеўскай Русі. У 1065 полацкі князь Усяслаў Брачыславіч напаў на Пскоў, праз год захапіў Ноўгарад, вывез з Сафійскага сабора званы і інш. рэчы, а частку горада спаліў. У адказ кіеўскі вял. кн. Ізяслаў Яраславіч разам з братамі пераяслаўскім кн. Усеваладам і чарнігаўскім кн. Святаславам з’явіліся пад М, які знаходзіўся ў Полацкім княстве. Яго жыхары зачыніліся ва ўмацаванай частцы горада, але Яраславічы захапілі М. да прыходу войска Усяслава. Горад быў разрабаваны, насельніцтва ўзята ў палон, часткова знішчана. З прыходам войска Усяслава на берагах р. Няміга 3 сак. адбылася Нямігская бітва 1067. Войска Усяслава было разбіта, а сам князь вымушаны ўцячы. На М. неаднаразова рабілі паходы паўд.-рус. князі, у т.л. кіеўскі кн. Уладзімір Усеваладавіч Манамах, бо полацкія і інш. князі імкнуліся адасобіцца ад Кіева. У 2-й пал. 11 ст. М., знаходзячыся пад уладай Полацка, меў сваё веча і гар. апалчэнне. У канцы 11 — пач. 12 ст. М. стаў цэнтрам удзельнага Мінскага княства, дзе княжыў Глеб Усяславіч. У сярэдзіне і 2-й пал. 12 ст. мінскія князі сапернічалі з полацкімі і друцкімі за паліт. гегемонію ў Полацкай зямлі. Паліт. ўзвышэнне і зручнае геагр. становішча садзейнічалі эканам. росту М., ператварэнню яго ў 2-й пал. 11—13 ст. у рамесна-гандл. цэнтр. Абставіны і дакладны час уваходжання Мінскага княства ў ВКЛ не вызначаны. Гэты працэс, верагодна, адбываўся ў 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. Пасля Гарадзельскай уніі 1413 М. у складзе Віленскага ваяв., праз 5 гадоў ён перайшоў да вял. кн. ВКЛ Вітаўта. Хроніка Быхаўца паведамляе, што ў час міжкняжацкіх усобіц горад у 1433 быў захоплены Свідрыгайлам. З сярэдзіны 15 ст. ў М. правілі намеснікі — прадстаўнікі вял. князя ВКЛ, горад стаў цэнтрам Мінскага павета. У каралеўскай грамаце 1444 М. названы ў ліку 15 найб. развітых гарадоў ВКЛ. Разам з гандлем аснову эканам. жыцця горада складала рамяство (у 15 ст. ў М. налічвалася каля 20 рамесных спецыяльнасцей). У час нападу на М. у 1505 войска крымскага хана Менглі-Гірэя горад спалены, але замак татары ўзяць не змаглі. Паводле даравальнай граматы вялікага кн. ВКЛ ад 14.3.1499 М. атрымаў самакіраванне па магдэбургскаму праву. Кіраўніцтва горадам перайшло да магістрата, у склад якога ўваходзілі 12 радцаў на чале з войтам і 2 бурмістрамі. У пач. 16 ст. ў горадзе склаліся 2 адм. цэнтры: частка жыхароў была падначалена велікакняжацкаму намесніку, які жыў у замку, другая, большая, падпарадкоўвалася ўладзе гар. магістрата. У гэты перыяд насельніцтва горада не перавышала 3—4 тыс. чал. У сярэдзіне 16 ст. ў М. было 35 вуліц і завулкаў, 300 двароў, каля 2 тыс. ж. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 М. стаў цэнтрам Мінскага ваяводства, у якое ўваходзіла 60 гарадоў і мястэчак. З 1580-х г. у М. праз кожныя 2 гады праводзіў свае пасяджэнні Трыбунал Вялікага княства Літоўскага. 12.1.1591 горад атрымаў герб: у блакітным полі жаночая постаць паміж двума анёламі і херувімамі. У 16—17 ст. М. стаў буйным цэнтрам рамяства і гандлю. Гар. рамеснікі былі аб’яднаны ў цэхі, першае ўпамінанне пра якія адносіцца да 1522. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 М. разбураны, частка жыхароў загінула, астатнія пакінулі горад; У Паўн. вайну 1700—21 у маі 1707 ён заняты арміяй Карла XII. У 1710—11 горад перажыў моцную эпідэмію чумы. Пасля такіх спусташэнняў М. адрадзіўся толькі да сярэдзіны 18 ст. У гэты час рамеснікі 50 спецыяльнасцей складалі больш за палавіну гар. насельніцтва. У 1790-я г. ў М. было 89 крам, традыцыйнымі ў горадзе сталі 2 штогадовыя кірмашы — летні і веснавы, якія працягваліся каля 2 тыдняў. У 1775 у М. больш за 400 двароў, у 1790 — больш за 40 вуліц і завулкаў, насельніцтва складала амаль 6 тыс. чал. У 1793 М. далучаны да Рас. імперыі і стаў цэнтрам Мінскага намесніцтва, з 1796 — цэнтрам Мінскай губерні. 29.12.1796 М. нададзены новы герб: на грудзях двухгаловага рас. арла шчыт з выявай — на блакітным полі прасвятая Дзева Марыя ў зіхаценні, абкружаная 6 анёламі. У 1797 у М. 5797 ж., у 1800—1009 дамоў, з іх 39 мураваных. З 1793 М. — цэнтр Мінскай праваслаўнай епархіі, з 1798 — Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У вайну 1812 М. 8 ліп. занялі франц. войскі маршала Л.Н.Даву, 27 ліп. тут створана адміністрацыя Мінскага дэпартамента, які падпарадкоўваўся арганізаванаму франц. камандаваннем Часоваму ўраду Вялікага княства Літоўскага. 16.11.1812 М. узяты рус. атрадам 3-й арміі П.В.Чычагова. У выніку вайны гораду нанесены вял. страты: яго насельніцтва скарацілася з 11 200 чал. у 1811 да 3480 у канцы 1812. Да сярэдзіны 19 ст. разбураная вайной гаспадарка горада адноўлена. У 1860 у М. было 26 760 ж. Жыхары горада актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64 (гл. Мінская паўстанцкая арганізацыя 1863, Мінскія паўстанцкія атрады 1863). У 1873 у горадзе пачаў дзейнічаць Мінскі камерцыйны банк. Да канца 19 ст. свае аддзяленні тут адкрылі Дзярж., Азоўска-Данскі, Пецярбургска-Азоўскі, Віленскі банкі. У 1897 у М. 90,9 тыс. ж., 140 вуліц і завулкаў, 7476 будынкаў, з іх 2110 мураваны; дзейнічалі 18 культавых устаноў (цэрквы, касцёлы, сінагогі, мячэць). У 1870—80-я г. ў горадзе дзейнічалі мінскія народніцкія гурткі, арг-цыі «Чорнага перадзелу», «Народнай волі». У сярэдзіне 1880-х г. у М. створаны першыя марксісцкія гурткі. Узніклі Мінская рабочая арганізацыя 1894—97 і с.-д. арг-цыя, адбыліся першыя забастоўкі рабочых чыг. майстэрняў (1895). У 1898 у М. адбыўся Першы з’езд РСДРП, у пач. 1900 на аб’яднаўчым з’ездзе створана Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы. Рабочыя і рамеснікі горада актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07 (гл. таксама Курлоўскі расстрэл 1905). З 1911 пачала працаваць Мінская балотная доследная станцыя. У 1913 у М. 106,7 тыс. ж., 305 вуліц і завулкаў; з 10 300 будынкаў 15% былі мураваныя. У горадзе працавалі 104 ф-кі, з-ды і мануфактуры, на якіх было занята 5,1 тыс. рабочых; у дробнай вытв-сці было занята 7,2 тыс. рамеснікаў. У 1-ю сусв. вайну з кастр. 1915 М. — прыфрантавы горад, у ім размяшчаліся штаб Зах. фронту, інш. франтавыя арг-цыі і ўстановы, шпіталі. Насельніцтва горада за кошт вайскоўцаў і бежанцаў вырасла да 250 тыс. чал. Дзейнічалі Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Мінская абшчына сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 тут створаны Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Гар. міліцыю з 4 сак. 1917 узначаліў М.В.Фрунзе. М. стаў цэнтрам Заходняй вобласцічэрв. 1917). Рэвалюцыя садзейнічала ажыўленню бел. нац. руху, дзейнасці розных партый. У крас.ліп. 1917 у М. адбыліся з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, Першы з’езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту, з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый і партый. У ліст. 1917 у М. ўтвораны каардынацыйны цэнтр бел. нац.-вызв. руху — Вялікая беларуская рада. Пасля Кастр. ўзбр. паўстання 1917 у Петраградзе ўся ўлада ў М. перайшла 8 ліст. ў рукі Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У канцы снежня ў горадзе праходзіў Усебеларускі з’езд 1917, распушчаны СНК Зах. вобласці і фронту. У сак. 1918 у М. абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. З 21.2 да 10.12.1918 горад акупіраваны герм., з 8.8.1919 да 11.7.1920 — польск. войскамі. У канцы 1918 у М. створаны надзвычайныя органы — Мінскі ваенны савет і Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт, якія займаліся ўстанаўленнем сав. улады на Міншчыне. З утварэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР, 1.1.1919) М. — яе сталіца, у пач. студз. 1919 сюды прыехаў са Смаленска Часовы рабоча-сял. сав. ўрад Беларусі. 2—3.2.1919 у М. адбыўся Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які прыняў першую Канстытуцыю БССР. З 17.7.1924 М. — цэнтр Мінскай акругі, з 29.6.1934 — Мінскага прыгараднага р-на, з 15.1.1938 — Мінскага раёна, з 20.2.1938 — Мінскай вобласці. З 17.9.1938 М. — горад абл. падпарадкавання. У 1929 пушчаны трамвай (у 1940 даўж. ліній 36,7 км), наладжаны рэгулярны аўтобусны рух. Да 1940 у М. 332 дзярж. і каап. прадпрыемствы (23,8 тыс. рабочых), прамысл. прадукцыя ў параўнанні з 1913 вырасла ў 40 разоў. На 17.1.1939 у М. 238,8 тыс. ж., на 17.1.1941—270,4 тыс. ж. У першыя дні Вял. Айч. вайны ў выніку масіраваных налётаў ням. авіяцыі ў М. знішчана больш за 20% гар. забудовы, загінулі тысячы жыхароў. У сувязі з буйнымі пралікамі ў кіраўніцтве войскамі Зах. фронту (гл. Мінска абарона 1941) М. 28.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Ён стаў цэнтрам Генеральнага камісарыята Беларусь. Гітлераўцы ўстанавілі ў горадзе жорсткі акупац. рэжым, стварылі ў М. і наваколлі 9 лагераў смерці з аддзяленнямі і філіяламі, у т.л. Масюкоўшчынскі лагер смерці, Трасцянецкі лагер смерці, а таксама яўр. гета, у якім знаходзілася больш за 100 тыс. чал. Захопнікі знішчылі ў М. і яго ваколіцах больш за 400 тыс. чал., з іх больш за 70 тыс. мінчан, горад ператварылі ў руіны. На момант вызвалення ў М. было 80—90 тыс. чал. 3 першых дзён акупацыі жыхары М. разгарнулі барацьбу з ворагам. Дзейнічалі Мінскае патрыятычнае падполле, Мінскія падп. гаркомы КП(б)Б і ЛКСМБ, гар. падп. райкомы КЛ(б)Б (Варашылаўскі, Чыгуначны, Сталінскі, Кастрычніцкі, Тэльманаўскі) і ЛКСМБ (Варашылаўскі, Кастрычніцкі, Сталінскі) і інш. Горад вызвалены 3.7.1944 у выніку Мінскай аперацыі 1944. У Мінскім «катле» знішчана больш за 70 тыс. і ўзята ў палон каля 35 тыс. салдат і афіцэраў ворага. 53 вайсковым фарміраванням, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Мінскіх». З 14.5.1946 М. — горад рэсп. падпарадкавання. Да сярэдзіны 1950-х г. у асн. пераадолены наступствы вайны. На 1.8.1950 у М. 273,6 тыс. ж., у 1959—509,5, у 1970—916,6, у 1980—1308,6 тыс. ж.; у 1950—70-я г. М. быў 5-м (пасля Масквы, Ленінграда, Кіева і Ташкента) горадам СССР па абсалютным прыросце насельніцтва. У 1953 пушчаны тралейбус. За 1951—58 пабудавана 1248,6 тыс. м² жылой плошчы, за 19 59—65—2400 тыс. м². У 1962 уведзены ў дзеянне першы ў рэспубліцы атамны рэактар, у 1963 пушчана першая электрычка (да ст. Аляхновічы). З 1968 пачала дзейнічаць Выстаўка дасягненняў нар. гаспадаркі БССР (гл. Рэспубліканскі выставачны цэнтр). У студз. 1972 М. стаў 11-м горадам СССР з насельніцтвам больш за 1 млн. чал. Пачалося буд-ва Мінскага метрапалітэна (1977). 26.6.1974 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР М. нададзена ганаровае званне «Горад-герой». У 1989 у М. 1607 тыс. ж. У выніку крызісных з’яў у эканам. і грамадска-паліт. жыцці, распаду СССР запаволіліся тэмпы прыросту прамысл. прадукцыі, знізіўся ўзровень жыцця гараджан, што вылілася ў Красавіцкія выступленні працоўных 1991. У М. пачалі ўзнікаць т.зв. нефармальныя аб’яднанні, якія выступалі супраць афіц. сав. ідэалогіі, за захаванне і развіццё бел. мовы і культуры. Узніклі шматлікія грамадскія арг-цыі, паліт. партыі і рухі, адбываліся мітынгі і дэманстрацыі, скіраваныя супраць палітыкі афіц. улад, пачалі выходзіць першыя бел. бесцэнзурныя выданні. У 1991 М. стаў сталіцай суверэннай дзяржавы Рэспублікі Беларусь. З 1993 у М. размяшчаецца Выканаўчы сакратарыят СНД, з 1994 — рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 1993 у М. адбыўся Першы з’езд беларусаў свету (2-і — у 1997), у 1994—1-я сустрэча бел. моладзі свету. На 1.1.2000 у М. дзейнічаюць кіруючыя органы і прадстаўніцтвы больш як 200 грамадскіх аб’яднанняў і паліт. партый розных кірункаў, 29 канфесій, 117 рэліг. абшчын і інш.

Гаспадарка. Здаўна М. быў важным эканам. цэнтрам Беларусі. У 2-й пал. 19 ст. моцны штуршок развіццю горада дала пабудова Маскоўска-Брэсцкай (1869—78) і Лібава-Роменскай (1871—74) чыгунак, якія перакрыжаваліся ў М. і звязалі яго з цэнтрам Расіі, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. Яны ў многім прадвызначылі з’яўленне шматлікіх вытв-сцей па перапрацоўцы мясц. сыравіны. Рост попыту на с.-г. прылады, абсталяванне для лесапільных, гарбарных, шкляных, цагельных з-даў абумовіў узнікненне ў М. прадпрыемстваў па іх вытв-сці. Узведзены ў 1883 машынабудаўнічы завод (цяпер Мінскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава), у 1884 гарбарная ф-ка, у 1891 спіртзавод (цяпер дрожджавы камбінат), у 1893 дрожджавінакурны з-д, у 1908 металаапрацоўчы з-д «Гігант» (цяпер Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі) і інш. Пабудаваны вакзалы і дэпо Маскоўска-Брэсцкай і Лібава-Роменскай чыгунак, чыг. майстэрні (1871, гл. Мінскі вагонарамонтны завод), помпавая станцыя (1873), водаправод (1874), з’явіліся тэлефон (1890), конка (1892), электрастанцыя (1894). У 1895 у М. было 36 прадпрыемстваў, працавала 1,4 тыс. рабочых. У дробнай вытв-сці пераважалі рамеснікі (у 1895—5 тыс. чал.), якія выраблялі пераважна прадукты харчавання, адзенне, абутак. У 1890 працавалі 583 гандл. ўстановы з тавараабаротам 3,6 млн. руб. У 1913 у М. дзейнічалі 104 ф-кі, з-ды і мануфактуры, на якіх было занята 5,1 тыс. рабочых, у дробнай вытв-сці — 7,2 тыс. рамеснікаў; працавалі 1333 гандл. прадпрыемствы. М. значна пацярпеў у час 1-й сусв. і грамадз. войнаў. Узровень 1913 у галіне прам-сці дасягнуты ў 1925—26. У 1920-я г. пачалі выпускаць прадукцыю з-ды станкабуд. «Энергія», маш.-буд. «Метал», чыгуналіцейны, у 1930-я г. — ф-кі швейная «Кастрычнік» і кандытарская «Камунарка», з-ды электраматорны, азбестабетонны і клінкерны; электрастанцыя магутнасцю 6,4 тыс. кВт і інш. У Вял. Айч. вайну эканоміка горада была разбурана, ням.-фаш. захопнікі знішчылі 313 прадпрыемстваў. У 1945 у М. выраблялася 24,4% даваен. аб’ёму прамысл. прадукцыі. У 1946—50 уведзены ў дзеянне шэраг новых прадпрыемстваў, у т.л. Мінскія трактарны, аўтамаб., мотавеласіпедны і гіпсавы з-ды, тонкасуконны камбінат. У 1950 у М. дзейнічала 500 прадпрыемстваў; аб’ём валавой прамысл. прадукцыі на 95% перавысіў даваен. ўзровень. У 1950—70-я г. ўведзены ў дзеянне з-ды падшыпнікавы (1951), гадзіннікавы (1955), халадзільнікаў (1959), маторны, радыёзавод, запасных трактарных дэталей, аўтам. ліній, электрамех., выліч. машын, камбінаты камвольны (1955), паліграфічны (1956). Крызісныя з’явы ў эканам. жыцці 1990-х г., дапоўненыя наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986, моцна адбіліся і на М. Знізіўся выпуск прамысл. прадукцыі, парушыліся сувязі з многімі прадпрыемствамі па-за межамі Беларусі. Але М. застаецца найбуйнейшым прамысл. цэнтрам рэспублікі. На пач. 1999 у ім дзейнічала больш за 300 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў. У М. сканцэнтраваны ўвесь рэсп. выпуск трактароў, матацыклаў, веласіпедаў, халадзільнікаў, радыёпрыёмнікаў, наручных гадзіннікаў, значная частка выпуску грузавых аўтамабіляў, станкоў і аўтам. ліній, ЭВМ, прылад і інш. відаў прамысл. прадукцыі. Развіта таксама вытв-сць шарсцяных тканін, абутку, швейных вырабаў, харч. тавараў. У галіновай структуры прамысл. прадукцыі (1997) машынабудаванне і металаапрацоўка складаюць 54,5%, электраэнергетыка — 14,7%, харч. прам-сць — 10,7%, лёгкая прам-сць — 6,6%, прам-сць буд. матэрыялаў — 4,5%, хім. і дрэваапр. — па 2,6%. Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі, вытв. аб’яднанне «Гарызонт», Мінскі авіярамонтны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі гадзіннікавы завод, Мінскі доследны завод «Эталон», Мінскі завод аўтаматычных ліній, Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі, Мінскі завод колавых цягачоў, Мінскі трактарны завод, Мінскі завод «Ударнік», Мінскі завод халадзільнікаў, Мінскі завод шасцерняў, Мінскі інструментальны завод, Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод, Мінскі маторны завод, Мінскі падшыпнікавы завод, станкабудаўнічыя заводы і інш. Электрычную і цеплавую энергію М. пастаўляюць Мінскія ЦЭЦ. Электраэнергія дадаткова паступае ад інш. электрастанцый рэспублікі па Беларускай энергетычнай сістэме. Гал. прадпрыемствы харч. і харчасмакавай прам-сці: камбінат хлебапрадуктаў, хлебазаводы, Мінская кандытарская фабрыка «Камунарка», Мінскі гарадскі малочны завод № 2, Мінскі завод безалкагольных напіткаў, піўзаводы і інш., Мінскі завод шампанскіх він, Мінскі вінна-гарэлачны завод «Крышталь», Мінскі мясакамбінат, Мінскі мясаперапрацоўчы завод. Лёгкая прам-сць прадстаўлена вытв. аб’яднаннем «Мілавіца», Мінскай скургалантарэйнай фабрыкай, Мінскай трыкатажнай фабрыкай, Мінскай фабрыкай мастацкіх вырабаў «Мастра», Мінскім абутковым аб’яднаннем «Прамень», Мінскім вытворчым гарбарным аб’яднаннем, Мінскім камвольным камбінатам, Мінскім тонкасуконным камбінатам і інш. У М. працуюць прадпрыемствы буд., паліграф., хім., фармацэўтычнай, мэблевай і інш. галін прам-сці.

Архітэктура і горадабудаўніцтва. Стараж. цэнтр М. — дзядзінец узнік на правым беразе р. Свіслач, пры ўпадзенні ў яе р. Няміга (раён сучаснай пл. 8 Сакавіка і Машэрава праспекта), дзе ў 2-й пал. 11 ст. пабудаваны Мінскі замак. На яго тэр. ў пач. 12 ст. (паводле інш. звестак, у канцы 11 ст.) пачалі будаваць Мінскую замкавую царкву. У 12—13 ст. на Пд, ПдЗ, ПдУ ад замка сфарміраваўся рамесны пасад з гандл. плошчай Нізкі, або Стары Рынак, вуліцы якога, вымашчаныя драўляным насцілам, шчыльна забудоўваліся зрубнымі дамамі (з 16 ст. Ніжні горад). Да плошчы сыходзіліся асн. знешнія гандл. шляхі; з 3 падыходзіў гасцінец з Ракава і Койданава, з Пд — з Лошыцы, на У цераз мост на р. Свіслач сыходзіліся дарогі з Вільні, Полацка, Лагойска, Барысава, Смаленска. Гал. вуліца Ніжняга горада — Нямігская, або Няміга (самая стараж. вуліца М., 12 ст.) — ішла ўздоўж р. Няміга, з ПнЗ падыходзіла да Нізкага рынку і далей да моста цераз Свіслач. У гэты час узніклі пасады на левым беразе Свіслачы каля Траецкай гары і на ПнЗ ад замчышча Пятніцкі канец (сучасны раён на 3 ад праспекта Машэрава, некалі тут была Пятніцкая царква; з 16 ст. наз. Татарская слабада, бо была заселена крымскімі татарамі, узятымі ў палон у 1506 пад Клецкам). У 16 ст. ў асноўным сфарміравалася забудова Мінскага Траецкага прадмесця і Ракаўскага прадмесця, узнік новы, Верхні горад з гандл. цэнтрам — Высокі рынак (сучасная пл. Свабоды) з 2-павярховай драўлянай ратушай, культавымі і жылымі будынкамі. У Верхнім горадзе асн. вуліцы сыходзіліся на Высокім рынку (гл. ў арт. Мїнскі Верхні горад). Пажары 1547, 1552, 1569 знішчылі амаль усе драўляныя гар. будынкі, на іх месцы ўзніклі мураваныя пабудовы. Замак канчаткова страціў сваё значэнне як адм. і планіровачны цэнтр М. Новым цэнтрам сталі плошчы Нізкага і Высокага рынкаў. На Высокім рынку фарміраваўся рэнесансна-барочны ансамбль найб. значных культавых будынкаў: Мінскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры, Мінскі Святадухаўскі манастыр базыльянак, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак. Канчаткова ён сфарміраваўся да сярэдзіны 18 ст. пасля ўзвядзення на зах. баку плошчы будынкаў Мїнскага езуіцкага калегіума. У 2-й пал. 17 ст. на Зборавай вул. (сучасная Інтэрнацыянальная) на месцы драўлянага кляштара 1633 пабудаваны мураваны Мінскі кляштар бенедыкцінак, на рагу вуліцы Францысканскай (сучасная Леніна) — будынкі Мінскага кляштара францысканцаў. У раёне вул. Ракаўскай у пач. 17 ст. правасл. брацтвам засн. Мінская Петрапаўлаўская царква. У 1630 на Траецкай гары пры драўлянай Троіцкай царкве (вядома з 15 ст.) узведзены драўляны Троіцкі манастыр базыльянак. У 18 ст. тут пабудаваны кляштары з касцёламі бенедыкцінцаў (1700), баніфратараў, Мінскі касцёл і кляштар кармелітаў (абодва 1703), марыявітак (1771, усе не захаваліся). У 1799—1800 на месцы драўлянага Троіцкага манастыра базыльянак пабудаваны мураваны (гл. Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак). У 1-й пал. 17 ст. на месцы драўлянай узведзена мураваная Мінская ратуша. У 18 ст. ў раёне Высокага рынку і навакольных вуліц узніклі мураваныя будынкі ў стылі класіцызму, у т.л. будынак Мінскага гасцінага двара. У 1797—1800 складзены 1-ы план горада (губ. арх. Ф.Крамер). У 1800, 1809, 1817, 1858 ‘распрацаваны рэгулярныя планы забудовы горада, паводле якіх вяліся забудова і ўпарадкаванне тэр. М. Узнікла новая вуліца — Захар’еўская (назва ад імя першага цывільнага губернатара Захарыя Карнеева; сучасны Скарыны праспект). Пасля пажару 1835 цэнтр горада забудоўваўся мураванымі 2- і 3-павярховымі дамамі. Да сярэдзіны 19 ст. тэр. М. вырасла больш як у 2 разы ў параўнанні з 18 ст., чвэрць будынкаў былі мураваныя, забрукаваны 22 вуліцы. Забудова развівалася ў паўн.-ўсх. напрамку ўздоўж асн. трансп. магістралей: Віленскага, Лагойскага і Барысаўскага трактаў. На ўскраінах горада (Камароўка, Ляхаўка, Кальварыя, Старажоўка, Серабранка) захоўвалася драўляная жылая забудова і нерэгулярная планіроўка. У 19 ст. ансамбль Саборнай пл. (да 1860 Высокага рынку) фарміравалі дом губернатара, кафедральны касцёл, будынак дзярж. устаноў, дваранская школа, Мінскага тэатра будынак, Петрапаўлаўскі кафедральны сабор (да 1795 Святадухаўская царква базыльянскага манастыра, перабудавана ў псеўдарус. стылі). У Ніжнім горадзе засталася радыяльна-веерная планіровачная структура, што склалася гістарычна. Зарэчная ч. (б. Траецкае прадмесце) значна пашырылася ў паўн. напрамку. На прамавугольнай у плане Троіцкай пл. пастаўлены мураваныя будынкі духоўнай семінарыі (перабудаваны ў 1950—53 пад Сувораўскае ваен. вучылішча, вул. М.Багдановіча), жаночага епархіяльнага вучылішча. У 19 ст. вялася забудова Мінскага Новага месца (цяпер раён Кастрычніцкай пл.). У вёсках, што прылягалі да М., ствараліся сядзібна-паркавыя комплексы, у т.л. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс, у прыгарадзе М. Вял. Сляпянка — сядзіба Ваньковічаў (гл. ў арт. Мінскія сядзібы Ваньковічаў). У 2-й пал. 19 ст. на арх.-планіровачную структуру горада ўплывалі пракладка чыгункі і ўзнікненне новых прамысл. прадпрыемстваў. У паўд.-зах. ч. горада пракладзены 2 чыг. лініі з вакзаламі: Маскоўска-Брэсцкая (1871) з Брэсцкім вакзалам (цяпер Мінск-Таварны) і Лібава-Роменская (1873) з Віленскім вакзалам [цяпер пасаж. станцыя Мінск, напачатку драўляная, з 1890 мураваная, разбурана ў Вял. Айч. вайну, адноўлена ў 1946, вядзецца (2000) рэканструкцыя]. Вакол Віленскага вакзала склалася новая сетка вуліц, якія падыходзілі да Прывакзальнай плошчы. За чыг. лініяй на 3 і Пд узніклі новыя жылыя раёны (Залінейны, Грушаўскі, Ляхаўскі). У канцы 19 — пач. 20 ст. вял. тэмпамі развівалася прамысл. буд-ва. Асн. прадпрыемствы размяшчаліся ў раёне Ляхаўкі, каля лініі чыгункі і р. Свіслач (цяпер вул. Кастрычніцкая). У архітэктуры М. 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. панавалі неаготыка, рэтраспектыўны стыль, неабарока, неакласіцызм і інш. Да помнікаў неаготыкі належаць Мінскі касцёл Сымона і Алены, Мінскі кальварыйскі касцёл і брама, Мінскі Пішчалаўскі замак, Мінскі Троіцкі Залатагорскі касцёл. З рысамі неакласіцызму ўзведзены будынак аддзялення Дзярж. банка Расіі (цяпер у ім Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі), з рысамі эклектыкі — Мінскай жаночай гімназіі будынак, Мінская царква Аляксандра Неўскага, у стылі мадэрн — гасцініца «Еўропа» (1906—09, не захавалася), будынак царк.-археал. музея (цяпер Дом работнікаў мастацтваў), дом Кастравіцкай (на 1-м паверсе Упраўленне Лібава-Роменскай чыгункі; 1910, арх.

О.Краснапольскі). У 1920—30-я г. адначасова з прамысл. прадпрыемствамі будавалі жылыя пасёлкі: Беларуская слабада (раён Ляхаўкі), Камінтэрн, Грушаўскі, кварталы па вул. Брылёўскай. У 1926—27 складзена схема планіроўкі М. (арх. У.Сямёнаў, Н.Палякоў). Значна змянілі аблічча горада шматпавярховыя жылыя дамы па вуліцах Валадарскага і Кірава (інж. Г.Кавокін), К.Маркса (арх. С.Гейдукевіч), Маскоўскай (арх. А.П.Воінаў, К.Гіляраў, А.Крылоў). Сярод буйных грамадскіх збудаванняў у стылі канструктывізму: Дзяржбанк па вул. Савецкай (арх. Г.Гольц, М.Паруснікаў), клуб харчавікоў (абодва 1927—29, не захаваліся), Дом друку (1935), Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі будынак. Пачалі будаваць арх. комплексы — універсітэцкі гарадок (арх. І.Запарожац, Г.Лаўроў), клінічны гарадок (абодва 1928—31 арх. Лаўроў; сучасная 1-я гар. бальніца). У 1931 у раёне парку Чэлюскінцаў пабудаваны комплекс 1-й Усебел. с.-г. і прамысл. выстаўкі (арх. І.Валадзько, Воінаў, М.Гіляраў, Крылоў, А.Дзянісаў, Лаўроў і інш.). На аснове генплана рэканструкцыі і развіцця М. 1932—36 (зацверджаны ў 1938, карэкціроўка ў 1939—41, ін-т «Белдзяржпраект») ствараліся праекты асобных горадабудаўнічых вузлоў: плошчаў Леніна (цяпер Незалежнасці плошча), Свабоды, Круглай (цяпер Перамогі плошча з Манументам Перамогі), Парыжскай камуны, Прывакзальнай і інш. У 1939 пачалі ўзводзіць Нацыяналънай Акадэміі навук Беларусі будынкі. Да 1941 у М. пабудаваны: Дом урада Рэспублікі Беларусь, Бібліятэка нацыянальная Беларусі, будынкі Бел. політэхн. ін-та (цяпер Беларуская політэхнічная акадэмія; абодва 1932, арх. Лаўроў), Дзярж. т-ра оперы і балета (1934—38, арх. І.Лангбард), Дома афіцэраў, Мінскі жылы дом спецыялістаў, фабрыка-кухня (1936), гасцініца «Беларусь» (1938, з 1987 «Свіслач»), гал. корпус Бел. ін-та фіз. культуры (цяпер Акадэмія фіз. выхавання і спорту; 1939, арх. Воінаў, А.Брэгман), створана Камсамольскае возера. У канцы 1930-х г. горад развіваўся ў паўн.-ўсх. напрамку ўздоўж Лагойскага (цяпер вул. Я.Коласа) і Барысаўскага (цяпер праспект Скарыны) трактаў. У Вял. Айч. вайну цэнтр амаль цалкам зруйнаваны. У 1944 распрацаваны «Эскіз-ідэя планіроўкі Мінска» (арх. А.Шчусеў, Сямёнаў, А.Мардвінаў, М.Колі, Б.Рубаненка, Лангбард, Н.Трахтэнберг), які стаў асновай генплана аднаўлення і развіцця М. (1946, ін-т «Мінскпраект», арх. М.Андросаў, Трахтэнберг, інж. К.Іванаў, Р.Абразцова, В.Талмачоў, пры кансультацыі Сямёнава, Палякова). У 1951—52 і 1958 план скарэкціраваны і ўдасканалены. У пасляваен. буд-ве пашыраны стварэнне арх. ансамбляў, цэласная забудова вуліц, плошчаў, кварталаў. Створаны адзін з лепшых ансамбляў праспекта Скарыны з плошчамі Незалежнасці, Кастрычніцкай, Перамогі, Я.Коласа і зялёнымі масівамі ўздоўж р. Свіслач. Найб. значныя збудаванні: Мінскі галоўны паштамт, Мінскі гарадскі універмаг, Палац культуры Белсаўпрофа (цяпер Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў), Мінскі цырк, стадыён «Дынама», адм. будынак на рагу Вул. Камсамольскай 1 праспекта Скарыны. Выкарыстанне індустр. метадаў буд-ва дало магчымасць забудоўваць жылыя комплексы вял. масівамі — мікрараёнамі. У 1965 зацверджаны 2-і пасляваен. генплан М. (арх. Л.Гафо, Я.Заслаўскі, А.Наканечны, І.Люблінскі, М.Кудзінаў, Трахтэнберг), у ім вызначаны і ўдакладнены зоны жыллёвага і прамысл. буд-ва. Пачалася забудова буйных масіваў — жылых раёнаў Усход, Зялёны Луг, Серабранка, Чыжоўка). Створаны серыі тыпавых праектаў і буд-ва паводле іх аб’ектаў сац.-быт. і культ. прызначэння. Асн. тып забудовы — 5-павярховы жылы дом, з 1966 распрацоўваліся серыйныя праекты 9-павярховых дамоў. Паводле індывід. праектаў пабудаваны кінатэатры «Піянер» (1965, арх. Г.Заборскі), «Партызан» (1967, арх. Ю.Шпіт) і інш. Паводле карэкціроўкі генплана 1965 (1971—73, арх. Я.Дзятлаў, Заслаўскі, Трахтэнберг, Ю.Патапаў, Гафо, Г.Фадзеева, Л.Есьман, Э.Афанасьева, В.Шыльнікоўская, Р.Заікін, інж. Л.Кантаровіч, А.Стазаева, Ю.Айзенштат, Дз.Краўцоў, В.Вараксін) распрацаваны перспектывы развіцця М. і прыгараднай зоны да 2000 года. Паралельна з карэктурай генплана распрацаваны і зацверджаны праект дэталёвай планіроўкі цэнтра (1969—74, арх. Дзятлаў, Ю.Градаў, Л.Левін, Г.Горына, В.Сярогіна, І.Кароль, Брэгман, Н.Ляцко, Афанасьева, інж. Краўцоў, З.Толсцікава), эскіз забудовы водна-зялёнага дыяметра. У 1970-я г. ішло актыўнае буд-ва на найб. перспектыўных напрамках развіцця горада: паўд. (уздоўж Слуцкай шашы), паўн.-зах. (уздоўж праспекта Газеты «Правда»), зах. (уздоўж вул. Прытыцкага). З 1972 будуюцца мікрараёны Сярова 1 (арх. У.Крывашэеў, У.Данілаў, К.Сакалова, А.Сабалеўскі), Сярова 2 (арх. Горына, Афанасьева, І.Жураўлёў, А.Навумаў, Сярова 3 (арх. Крывашэеў, В.Нефдах), якія вылучаюцца выкарыстаннем маляўнічага рэльефу і арыгінальнай колеравай гамай. З 1976 забудоўваюцца жылыя раёны Масюкоўшчына (арх. Б.Ларчанка, В.Латышаў і інш.), Паўднёвы Захад. Ствараюцца ансамблі грамадска-дзелавых комплексаў і жылых раёнаў на асн. радыяльных напрамках: вуліцах Няміга, М.Багдановіча, Я.Коласа, Прытыцкага, праспектах Машэрава і Партызанскім. У 1960—70-я г. ўзведзены Мінскі палац спорту, Палац культуры і спорту чыгуначнікаў (арх. Л.Анікіна), кінатэатр «Кастрычнік» (арх. В.Малышаў), гал. корпус БДУ (арх. М.Бакланаў, А.Духан), Дом літаратара, Водна-спартыўны камбінат. Ін-т тэхн. кібернетыкі Нац. АН (арх. Ю.Грыгор’еў, А.Беразоўскі), гал. корпус Беларускага эканамічнага універсітэта, будынак ін-та «Мінскпраект» (арх. П.Кракалёў, Л.Пагарэлаў), Палац мастацтваў (цяпер рэсп. Мастацкая галерэя), гасцініца «Турыст» (арх. Пагарэлаў). Арх. аблічча М. ўзбагацілі прамысл. аб’екты, у т.л. з-ды: гадзіннікавы «Прамень», халадзільнікаў. Арыгінальна вырашаны адм.-грамадскія будынкі, узведзеныя ў 1970—80-я г. на праспекце Машэрава, карпусы мед. ін-та на праспекце Газеты «Правда» (арх. Ю.Бічан, Э.Гальдштэйн), гал. корпус арх. і буд. факультэтаў БПА (арх. І.Есьман, В.Анікін), крыты рынак «Камароўскі» (арх. В.Аладаў, А.Жалдакоў, Крывашэеў, М.Ткачук), Мінскі аўтавакзал «Усходні», канцэртная зала «Мінск» (да 1991 Дом паліт. асветы; 1987, арх. Пагарэлаў, Ю.Кустоў, Л.Кустова, А.Чадовіч), кінатэатр «Масква», т-р музкамедыі (арх. А.Ткачук, У.Тарноўскі), гасцініцы «Кастрычніцкая», «Планета». У 1984 здадзена ў эксплуатацыю 1-я чарга 1-й лініі Мінскага метрапалітэна. Выразным сілуэтам вызначаецца арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой». Водна-зялёны дыяметр дапаўняюць дэкар. вадаёмы, каналы, набярэжныя, каскады Сляпянскай воднай сістэмы (гл. Сляпянскае водна-паркавае паўкальцо). У 1980 пачаліся рэстаўрацыйныя работы ў квартале б. Траецкага прадмесця. У 1982 у ін-це «Мінскпраект» (арх. Ю.Пурэцкі, І.Кароль, Ю.Грыгор’еў, Я.Ліневіч, Дзятлаў, Г.Белікаў, Гафо, Л.Есьман і інш.) завершаны новы генплан М., які прадугледжваў развіццё горада да 2000 года. У ім закладзены прынцыпы арх.-планіровачнай арганізацыі тэр. горада (планіровачныя зоны — планіровачныя раёны — жылыя і прамысл. раёны), якія вызначылі ступеньчатую сістэму арганізацыі культ.-быт. абслугоўвання насельніцтва; прадугледжана стварэнне цэласнай і непарыўнай сістэмы азелянення горада і прыгарадаў, дзе аснову планіровачна-ландшафтнай структуры ўтвараюць водна-зялёны дыяметр, 7 зялёных кліноў і 2 водна-зялёныя паўколы на аснове Сляпянскай і Лошыцкай водных сістэм; планавалася буд-ва новых і рэканструкцыя існуючых магістралей. Радыяльна-кальцавая сістэма вулічна-дарожнай сеткі па-за межамі 2-га кальца пераўтвараецца ў лінейна-прамавугольную і дапаўняецца хордавымі напрамкамі магістралей бесперапыннага руху і скарасных дарог для выключэння з цэнтр. ч. горада транзітнага руху. Паралельна з генпланам 1982 у ін-це «Мінскпраект» распрацаваны новы варыянт праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра М. (1978—84; арх. Белікаў, Грыгор’еў, Ліневіч, М.Гардзеенка, Дзятлаў, Пурэцкі, У.Часноў, І.Кароль, Ш.Хасьянаў, Л.Есьман, В.Гутман, У.Куртанідзе, А.Кочашава, І.Пілатовіч, інж. М.Сакалоўскі, Стазаева), які прадугледжваў буд-ва шэрагу буйных жылых і грамадскіх будынкаў, у т.л. 16-павярховых жылых дамоў па вул. В.Харужай (1983, арх. У.Пушкін), Палаца моладзі і школьнікаў на Камсамольскім воз. (1986, арх. В.Бялянкін, Т.Розава, Л.Селівончык, І.Новік, В.Чарназёмаў), гасцініцы «Беларусь», павільёна міжнар. выставак (цяпер Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа»). Найб. значныя паводле аб’ёму жыллёвага буд-ва жылыя раёны Малінаўка, Сухарава, Кунцаўшчына, Захад 2. З сярэдзіны 1980-х г. забудоўваюцца жылыя раёны Вяснянка, Уручча, Чырвоны Бор. Новыя тыпы грамадскіх будынкаў (банкі, офісы і інш.), жылля (катэджы, шматпавярховыя і малапавярховыя цагляныя дамы), культавых збудаванняў (цэрквы, малельныя дамы) распрацоўваюцца персанальнымі творчымі майстэрнямі (з 1989). У 1997 для вырашэння пытанняў горадабуд. палітыкі створаны галаўны ін-т «Мінскграда». Пабудовы паводле індывід. праектаў з’яўляюцца пераважна ў кварталах, якія рэканструююцца ці на свабодных тэрыторыях забудаваных раёнаў (буд-ва катэджаў у раёнах Сляпянкі, Цны, Малінаўкі і інш.). Завяршаецца буд-ва Палаца Рэспублікі на Кастрычніцкай пл. (2000). У 1990-я г. ўзведзены: Міжнар. адукацыйны цэнтр па праспекце Газеты «Правда» (арх. А.Вараб’ёў, ням. арх. Дз.Піршке), адм. будынак з комплексам культ.-быт. абслугоўвання (рэстаран, сауна, тэнісныя корты і інш.) бел.-аўстр. кампаніі «Лукойл—Беларусь» па вул. Няміга, Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі», Мінскі лядовы палац спорту, жыллёвы комплекс для бел. спартсменаў па вул. Радужнай у раёне Вяснянкі і інш. Паводле «Плана размяшчэння правасл. храмаў на тэр. Мінска» (творчая майстэрня Пурэцкага, арх. Л.Есьман, З.Забароўская) будуюцца храмавы комплекс памяці ахвяр Чарнобыльскай катастрофы па вул. Прытыцкага, храм-помнік у гонар Усіх Святых і памяці бязвінна забітых у мікрараёне Усход па вул. Каліноўскага, царква пры Доме міласэрнасці па Старабарысаўскім тракце (абодва арх. Пагарэлаў), мемар. храм-помнік у на Востраве мужнасці і смутку ў Траецкім прадмесці «Сынам Айчыны, -што загінулі за яе межамі» (1996, аўтары М.Каралёў, Т.Каралёва-Паўлава, В.Лапцэвіч, Г.Паўлава, А.Паўлаў, Д.Хамякоў) і інш. У ін-це «Мінскграда» распрацаваны План функцыян. выкарыстання тэр. М. з рэжымамі развіцця і забудовы (1996, кіраўнік А.Калантай).

Помнікі: Я.Купалу ў парку яго імя (1972, скульпт. А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі, арх. Ю.Градаў, Л.Левін), Я.Коласу на пл. яго імя (1972, скульпт. З-Азгур, арх. Г.Заборскі, Градаў, Левін), М.Багдановічу ў скверы на пл. Парыжскай Камуны перад т-рам оперы і балета (1981, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.Казакоў, Л.Маскалевіч), М.Горкаму ў парку яго імя (1981, скульпт. Заспіцкі, І.Міско, М.Рыжанкоў, арх. А.Трафімчук), Я.Драздовічу ў Траецкім прадмесці (1993, скульпт. І.Голубеў), Ефрасінні Полацкай у двары БДУ (скульпт. І.Голубеў, арх. В.Ягадніцкі), А.С.Пушкіну на набярэжнай р. Свіслач па праспекце Машэрава (абодва 1999, скульпт. Ю.Арэхаў, арх. Ю.Грыгор’еў, А.Чадовіч), вучоным Я.Б.Зяльдовічу перад будынкам Ін-та тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі (скульпт. Л.Крэмнева), С.І.Вавілаву на тэр. з-да імя Вавілава (абодва 1978, скульпт. У.Булыга, арх. Казакоў); надмагільныя помнікі на Вайсковых могілках — Я.Купалу (1970, скульпт. У.Ананька, М.Якавенка), Я.Коласу (1971, скульпт. Анікейчык, Заспіцкі), на могілках па Маскоўскай шашы — М.М.Чуркіну (1971, скульпт. Г.Мурамцаў), П.Глебку (1974, скульпт. Азгур), С.В.Прытыцкаму (1975, скульпт. Анікейчык, арх. Левін, Градаў), П.М.Машэраву (1984, скульпт. Анікейчык, арх. Градаў, Левін), В.Тураву (1999, скульпт. Якавенка) і інш.

Асвета. Першыя школы ў М. ствараліся пры цэрквах і манастырах. У 16—17 ст. пэўную ролю ў развіцці асветы адыгралі брацкія школы. У 1592 адкрыта школа пры саборнай царкве, дзе выкладаліся бел. і грэч. мовы. З 1613 дзейнічала школа пры Петрапаўлаўскім брацкім манастыры, у якой манахі выкладалі бел., грэч., лац. мовы, матэматыку, астраномію, музыку і інш. У 17 ст. пачатковая і сярэдняя адукацыя канцэнтравалася ў розных каталіцкіх ордэнах. З 1617 пры Кузьмадзям’янаўскім уніяцкім манастыры існавала школа, у якой вывучаліся бел., грэч., лац., царк.-слав., польск. мовы і інш. У 1727 засн. школа пры кляштары дамініканцаў, у 1771 — пры кляштары марыявітак, дзе выкладалі агульнапрынятыя на той час прадметы, а таксама арыфметыку і дамаводства. У 1714—1773 у М. існаваў езуіцкі калегіум — прывілеяваная школа для дзяцей шляхты, дзе выкладаліся мовы, рыторыка, паэзія, тэалогія, этыка, логіка, матэматыка, фізіка і інш. У 1773 у сувязі з ліквідацыяй ордэна езуітаў і рэформай асветы ў Рэчы Паспалітай школы перададзены Адукацыйнай камісіі. У 1803 замест Мінскай губ. школы створана Мінская мужчынская гімназія. Да сярэдзіны 19 ст. ў М. працавалі: 4-класнае гар. вучылішча (з 1819), 2-класная прыходская школа, правасл. (гл. Мінская вышэйшая духоўная семінарыя) і каталіцкая духоўныя семінарыі, духоўнае мужчынскае вучылішча (з 1834). У 1867 адкрыта духоўнае жаночае вучылішча, у 1868 — прыватны жаночы пансіён. У 1880 засн. Мінскае рэальнае вучылішча, у 1896 — вучылішча рамесных вучняў. У 1897 у 32 пач. і сярэдніх навуч. установах М. 4,1 тыс. навучэнцаў. У 1899 створаны Мінская жаночая гімназія і Мінская жаночая марыінская гімназія. З 1904 адкрыта яшчэ 8 прыватных гімназій. У 1901 засн. Мінскае мужчынскае камерцыйнае вучылішча. З 1907 працавалі Мінскае музычнае вучылішча, Мінская зубаўрачэбная школа, з 1908 — Мінская фельчарска-акушэрская школа. У 1834—1918 дзейнічалі 22 вучылішчы, у т.л. 2 прыватныя і вучылішча для сляпых. У 1913/14 навуч. г. ў 62 навуч. установах М., у т.л. гімназіях, вучылася каля 12,5 тыс. чалавек. У 1914 пачаў працаваць Мінскі настаўніцкі інстытут (гл. Мінскі беларускі педагагічны інстытут, Мінскі інстытут народнай адукацыі). Для згуртавання нацыянальна-свядомых настаўнікаў і дзеячаў нар. адукацыі, якія лічылі неабходным стварэнне беларускамоўных школ, вядзенне выкладання на бел. мове ў ВНУ у 1917 створаны Беларускі вучыцельскі хаўрус, у 1919 — Беларуская школьная рада Меншчыны і Цэнтральная беларуская школьная рада. У 1919—20 працавала Мінская беларуская гімназія. У 1921 засн. Беларускі дзяржаўны універсітэт — найбуйнейшая ВНУ Беларусі, адкрыты буд. тэхнікум (гл. Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум), бел. педтэхнікум (гл. Беларускія педагагічныя тэхнікумы). У 1922 засн. Інстытут беларускай культуры — першая на Беларусі вышэйшая шматгаліновая н.-д. ўстанова, якая ў 1929 ператворана ў Акадэмію навук Беларусі (з 1997 Нац. акадэмія навук Беларусі; пра інш. н.-д. ўстановы М. гл. ў арт. Беларусь, а таксама асобныя арт.). У 1924 адкрыты муз. тэхнікум (гл. Мінскае музычнае вучылішча імя М.І.Глінкі), у 1928 — Мінскі політэхнічны тэхнікум, у 1930 — Мінскі электратэхнікум сувязі (гл. Вышэйшы каледж сувязі). На базе ф-таў БДУ створаны ў 1930 Мінскі медыцынскі інстытут, у 1931 — Бел. дзярж. вышэйшы пед. ін-т (з 1935 Мінскі пед. ін-т, з 1993 Беларускі педагагічны універсітэт), Мінскі ін-т сав. будаўніцтва і права (у 1932—54 Мінскі юрыдычны інстытут). У 1931 адкрыты таксама фін.-эканам. тэхнікум (гл. Мінскі фінансава-эканамічны каледж), у 1932 створана Бел. дзярж. кансерваторыя (гл. Беларуская акадэмія музыкі), у 1933 — Бел. політэхнічны ін-т (гл. Беларуская політэхнічная акадэмія), на базе эканам. аддзялення БДУБел. ін-т нар. гаспадаркі (гл. Беларускі эканамічны універсітэт). У 1940 у М. працавала 49 агульнаадук. школ (33 тыс. вучняў), 17 сярэдніх спец. (5 тыс. студэнтаў), 10 вышэйшых (9,8 тыс. студэнтаў) навуч. устаноў, 80 дзіцячых дашкольных устаноў. Дзейнічалі 81 б-ка, 78 клубаў і дамоў культуры, 4 музеі. У гады Вял. Айч. вайны амаль усе навуч. і культ.-асв. ўстановы разрабаваны і разбураны. У 1944—45 аднавілі работу БДУ, пед., політэхн., мед., юрыд., нар. гаспадаркі, фіз. культуры ін-ты, кансерваторыя, 25 школ. У 1944 адкрыты Бел. тэхнікум буд. матэрыялаў (гл. Мінскі індустрыяльны тэхнікум будаўнічых матэрыялаў). У 1945 з Гомеля пераведзены лесатэхн. ін-т (гл. Беларускі тэхналагічны універсітэт), засн. Бел. тэатр. ін-т (з 1953 тэатр.-мастацкі; гл. Беларуская акадэмія мастацтваў), Мінскі аўтамеханічны тэхнікум, тэхнікум лёгкай прам-сці (гл. Мінскі тэхнікум-прадпрыемства лёгкай прамысловасці). У 1947 засн. Мінскае мастацкае вучылішча, індустр.-пед. тэхнікум (гл. Мінскі індустрыяльна-педагагічны каледж), у 1948 — Мінскі пед. ін-т замежных моў (гл. Мінскі лінгвістычны універсітэт). У 1950/51 навуч. г. ў агульнаадук. школах — 39 тыс. вучняў, у сярэдніх спец. навуч. ўстановах — 7,6 тыс. навучэнцаў, у ВНУ — 14 тыс. студэнтаў. Працавалі 5 музеяў, 31 клуб. У 1953 адкрыты тэхнал. тэхнікум (гл. Мінскі тэхналагічны каледж) і Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, у 1954 — Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (гл. Беларускі аграрны тэхнічны універсітэт) і машынабуд. тэхнікум (гл. Мінскі машынабудаўнічы каледж), у 1957 — тэхнікум сав. гандлю (гл. Мінскі каледж гандлю) і каап. тэхнікум (гл. Мінскі навучальна-вытворчы комплекс «ПТВ-тэхнікум»), у 1960 — радыётэхн. тэхнікум (гл. Мінскі вышэйшы радыётэхнічны каледж), у 1964 на базе радыётэхн. ф-та Бел. політэхн. ін-та — радыётэхн. ін-т (гл. Беларускі універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі). У 1970/71 навуч. г. ў М. ў 161 агульнаадук. школе 156,6 тыс. вучняў, у 22 сярэдніх спец. навуч. установах 30,6 тыс. навучэнцаў, у 13 ВНУ 81,6 тыс. студэнтаў. У НДІ і ВНУ працавалі больш за 200 д-роў і каля 2,4 тыс. канд. навук. Дзейнічала 185 б-к, 8 музеяў. У 1971 адкрыты Мінскі энергетычны тэхнікум, у 1974 — авіяцыйна-тэхн. вучылішча грамадз. авіяцыі (гл. Мінскі вышэйшы лётна-тэхнічны каледж), у 1975 — культ.асв. вучылішча (гл. Мінскае вучылішча мастацтваў). У 1975 на базе ф-та бібліятэказнаўства і бібліяграфіі Мінскага пед. ін-та і ф-та культ.-асв. работы Бел. тэатр.-маст. ін-та засн. Мінскі ін-т культуры (гл. Беларускі універсітэт культуры). У 1976 засн. Вышэйшая школа міліцыі (гл. Акадэмія міліцыі). У 1982—83 створаны пед. вучылішчы № 1 і № 2 (гл. Мінскі педагагічны каледж імя М.Танка і Мінскі педагагічны каледж), у 1989 — Мінскае духоўнае вучылішча (гл. таксама Духоўныя навучальныя ўстановы). З 1989 дзейнічае Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, з 1990 — Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, з 1991 — Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны, Акадэмія кіравання (з 1995 пры Прэзідэнце Беларусі), у 1992 засн. Міжнародны экалагічны універсітэт імя А.Дз.Сахарава, Вышэйшае пажарна-тэхнічнае вучылішча. На базе Мінскага вышэйшага ваеннага інжынернага вучылішча і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага вучылішча ў 1995 створана Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь. У 1999/2000 навуч. г. ў М. 489 дашкольных устаноў (каля 80 тыс. дзяцей), у т.л. 12 санаторных, 10 спецыялізаваных, 13 кампенсуючага і камбінаванага прызначэння, 6 для дзяцей з парушэннем маўлення, 6 з парушэннем інтэлекту, 2 з парушэннем апорна-рухальнага апарату; 235 агульнаадук. школ (больш за 260 тыс. вучняў), у т.л. 197 сярэдніх (каля 240 тыс. вучняў), 13 гімназій (каля 15 тыс. навучэнцаў), 5 ліцэяў (больш за 4 тыс.), 1 каледж (больш за 1 тыс.), 10 школ для дзяцей з недахопамі развіцця (2,6 тыс. вучняў); 35 навуч. устаноў прафес.-тэхн. адукацыі (каля 22 тыс. навучэнцаў), у т.л. 2 цэнтры. Дзейнічае 21 дзярж. сярэдняя спец. навуч. ўстанова (больш за 26 тыс. студэнтаў), у т.л. 2 мед. вучылішчы; 2 недзярж. ўстановы — тэхнікум прадпрымальніцтва (з 1993) і тэхнікум бізнесу і права (з 1995). У М. 18 дзярж. ВНУ і 12 недзярж., у т.л. Гуманітарна-эканамічны недзярж. ін-т (з 1994), Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, Інстытут сучасных ведаў, Беларускі інстытут правазнаўства, Міжнар. ін-т працоўных і сац. адносін (з 1992) і інш. У М. ў сістэме Мін-ва культуры 40 б-к, у т.л. 1 абласная і 16 дзіцячых, акрамя таго, існуюць б-кі навуч. устаноў, прафсаюзныя, спец. і ведамасныя. Буйнейшыя б-кі: Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Мінская абласная бібліятэка імя А.С.Пушкіна, Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа, Бібліятэка фундаментальная БДУ, Бібліятэка прэзідэнцкая Рэспублікі Беларусь, Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая імя І.С.Лупіновіча і інш. Дзейнічаюць 11 музеяў, у т.л. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (мае 3 філіялы ў М.), Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Купалы Янкі літаратурны музей, Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей, Багдановіча М. літаратурны музей, Броўкі Петруся літаратурны музей, Музей гісторыі беларускай літаратуры, Музей прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь, Музей гісторыі тэатр. і муз. культуры Беларусі і інш.

Ахова здароўя. Першы шпіталь у М. для бяздомных і бедных адкрыты ў 1513. З 1911 дзейнічае хуткая мед. дапамога. У 1913 былі 23 бальнічныя ўстановы на 835 ложкаў, 109 урачоў. У 1921 у М. адкрыты процітуберкулёзны, у 1923 — скурна-венералагічны дыспансеры. У 1928 створаны Пульманалогіі і фтызіятрыі НДІ, у 1930 — Траўматалогіі і артапедыі НДІ, на базе ф-та БДУ адкрыты Мінскі медыцынскі інстытут. З 1977 працуе Кардыялогіі Беларускі НДІ, пасля катастрофы 1986 на Чарнобыльскай АЭС з 1988 — Радыяцыйнай медыцыны НДІ. У М. (1998): 34 стацыянарныя бальнічныя ўстановы на 20,8 тыс. ложкаў, урачоў розных спецыяльнасцей 11,6 тыс., сярэдняга медперсаналу 20,4 тыс.; 115 амбулаторна-паліклінічных устаноў, у т.л. 12 дыспансераў, 90 аптэк, 54 аптэчныя пункты. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын — 64,5, жанчын — 75,7 гадоў (1998). Узровень нараджальнасці — 7,9 на 1 тыс. нас., смяротнасць — 9 на 1 тыс. насельніцтва, натуральны прырост адмоўны (-1,1). У М. працуюць: Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі НДІ, Аховы мацярынства і дзяцінства Беларускі НДІ, Гематалогіі і пералівання крыві навукова-даследчы інстытут, Неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Беларускі НДІ, Санітарна-гігіенічны НДІ, Спадчынных і прыроджаных захворванняў НДІ, Эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Беларускі НДІ, Удасканалення ўрачоў Беларускі інстытут, цэнтр мед. тэхналогій; 2 мед. вучылішчы, 1 мед. вучылішча павышэння кваліфікацыі. Па пытаннях аховы здароўя выдаюцца часопісы «Здравоохранение», «Медицинские новости», «Медицина» і інш., штотыднёвая газ. «Медицинский вестник».

Экалогія. Своеасаблівасць экалагічных умоў, у якіх знаходзіцца М., вызначаецца спалучэннем прыродных і антрапагенных фактараў. Да фіз.-геагр. фактараў належаць: раўніннае размяшчэнне горада (перапад вышынь ад 280,4 м на ПнЗ да 181,1 м на ПдУ, павышэнні маюць лакальны характар); умерана кантынентальны клімат; невял. плошча прыродных вадаёмаў; глебы пераважна дзярнова-падзолістыя; элементы расліннасці і жывёльнага свету, характэрныя для зоны мяшаных лясоў; перавага паўн.-зах. вятроў і інш. Антрапагенныя фактары: значная канцэнтрацыя насельніцтва, прам-сці, транспарту. Становішча М. як сталіцы вызначыла сканцэнтраванне ў ім адм., культ., навук., аздараўленчых, спарт. устаноў і цэнтраў, арх. і інш. помнікаў, мемар. комплексаў з адпаведнымі сферамі абслугоўвання, перакрыжаванне трансп. магістраляў і інш. У выніку хуткага дэмаграфічнага росту насельніцтва ў 2-й пал. 20 ст. (з 50 тыс. у 1944 да 1,7 млн. у канцы 1990-х г.) і павелічэння прамысл. прадпрыемстваў, забудова горада праводзіцца пераважна з улікам сучаснай тэндэнцыі планіроўкі, хоць ёсць і няўдалыя выпадкі ў выбары прамысл. аб’ектаў і іх памераў, размяшчэнні спальных раёнаў у адносна забруджаных зонах (напр., Чыжоўка, Шабаны). Да неспрыяльных экалагічных умоў адносяцца выкіды шкодных рэчываў прамысл. прадпрыемстваў у атмасферу (каля 40,5 тыс. т у год, каля 24 кг на аднаго жыхара, 1998). 52% выкідаў улоўліваецца, 25% утылізуецца. Асн. крыніца забруджвання паветра (да 75%; каля 160 тыс. т) — выхлапныя газы аўтамабіляў. Выкіды шкодных рэчываў у вадаёмы складаюць каля 40 тыс. т у год. Да фіз. фактараў забруджвання далучаюцца таксама шумы, вібрацыя, інфрагукавое і эл.-магн. выпрамяненне і інш. Сан.ахоўныя зоны складаюць 16% тэр. горада. Водакарыстанне М. — каля 350 млн. м³ у год (1997), у т.л. з падземных крыніц больш за 200 млн. м³; прамысл. патрэбы складаюць каля 55 млн. м³, гасп.-пітныя — каля 230 млн. м³ (каля 136 м³ вады ў год на аднаго жыхара). Сцёкавыя воды ў аб’ёме каля 280 млн. м³ у год скідваюцца ў паверхневыя вадаёмы і падземныя гарызонты. Спрыяльным для М. з’яўляецца водна-зялёны ландшафт у пойме р. Свіслач і яе прытокаў, што перасякаюць горад з ПнЗ на ПдУ. На працягу амаль 20 км ён мае шэраг вадаёмаў (вадасх. Чыжоўскае, Дразды, Камсамольскае воз., заказнік «Лебядзіны» і інш.) і паркаў (Перамогі, імя Я.Купалы, імя М.Горкага і інш.), зялёныя зоны, сектары прыватнай забудовы. У М. 6 агульнагар. і 11 раённых паркаў, каля 175 сквераў, 30 бульвараў, каля 90 зялёных масіваў; агульная плошча зялёных масіваў і насаджэнняў — 5,7 тыс. га (1998). Плошча зялёных насаджэнняў на аднаго жыхара складае ад 6—7 м² (Фрунзенскі і Маскоўскі р-ны) да 41 м² (Цэнтральны р-н), у сярэднім па горадзе — каля 13 м². Захаваліся ўчасткі б. прыродных лясных масіваў (паркі імя Чэлюскінцаў, 50-годдзя Кастрычніка, раёны Уручча, Дразды, Сляпянка), дзе ў дрэвавым складзе пераважае хвоя. Растуць таксама бяроза, вольха, вярба, елка. У штучных насаджэннях выкарыстоўваюцца каштан, клён, ліпа, таполя, бяроза, елка і інш. У наваколлях М. адзначана 58 відаў жывёл, у т.л. бабры, выдры, казулі, ласі і больш за 100 відаў птушак, у т.л. занесеныя ў Чырв. кнігу вераб’іны і дамавы сычыкі, гагара чорнаваллёвая, крахаль вялікі, лебедзь-шыпун і інш. Работы па азеляненні М. і ваколіц вядуць зелянгас, лясгас, Цэнтр. бат. сад і інш. ўстановы і арганізацыі. Існуе заапарк. Стан навакольнага асяроддзя кантралюецца сан. і экалагічнымі службамі, экалагічнай міліцыяй.

Друк, радыё, тэлебачанне. Першыя друкаваныя кнігі ў М. пачалі выдаваць у канцы 16 ст. Мяркуюць, што ў 1596 у гар. друкарні на бел. мове выйшаў палемічны трактат М.Сматрыцкага, накіраваны супраць твора «Унія...» епіскапа І.Пацея. З 1616 працавала друкарня пры Святадухаўскім мужчынскім манастыры, з 1790 — друкарня уніяцкага ордэна базыльян. У 1797 пачала працаваць Мінская губернская друкарня (існавала да 1917, выйшла больш за 170 выданняў). У ёй друкаваліся афіц. матэрыялы, паведамленні, даведачная л-ра, у т.л. «Памятная кніжка Мінскай губерні» (1860—1916), «Агляд Мінскай губерні за ... год» (1882—1914), працы па гісторыі, археалогіі, архітэктуры, этнаграфіі, асвеце, маст. творы, а таксама першая афіц. газета «Минские губернские ведомости» (з 1838). У вайну 1812 у акупіраваным М. выходзіла першае перыяд. выданне на польск. мове «Tymczasowa gazeta Mińska» («Мінская часовая газета»), У 1826 засн. першая прыватная друкарня І.Дворжаца, у якой друкаваліся творы на бел., рус. і польск. мовах. У 1840-я г. ў М. было некалькі прыватных друкарняў і літаграфій; выходзілі выданні пераважна на рус. мове. У 1863 выдаваўся першы мінскі ілюстраваны час. «Фотографические иллюстрации». У 1869 пачало выходзіць афіц. царк. выданне «Минские епархиальные ведомости» (у 1989 адноўлена). З’явілася першая прыватная газ. «Минский листок» (з 1886, у 1902 ператворана ў газ. «Северо-Западный край», з 1888 мела навук.-папулярны і літ.-публіцыстычны дадатак «Северо-западный календарь»); пачалі выходзіць штодзённыя грамадска-паліт. і літ. газеты розных паліт. кірункаў і арыентацыі, у т.л. «Окраина», «Голос провинции», «Минские ведомости», «Минские ежедневные ведомости», «Минская речь», «Минский курьер», «Минская газета», «Минское эхо», «Минский голос», «Минское слово», «Минчанин». Народніцкая арг-цыя «Чорны перадзел» мела ў М. ўласную друкарню, дзе выходзілі нелегальны час. «Черный передел», газ. «Зерно», лістоўкі. У 1910 у М. было 15 друкарняў і літаграфічных прадпрыемстваў. У 1906 у М. выдавалася 11 газет, у 1914—15—24 газеты і часопісы, сярод якіх першыя часопісы на бел. мове — с.-г. «Саха» (з 1913 у М.) і часопіс для моладзі «Лучынка», навук.-мед. і практычны час. «Минские врачебные известия». навук. «Болотоведение» (да 1915 у М.). Актывізацыі выпуску выдавецкай прадукцыі садзейнічалі кніжнае т-ва «Мінчук», выд-ва «Саха». Напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 1917 і пасля яе выходзіла легальная масавая газета «Звязда» (спачатку на рус. мове, пад назвамі «Молот», «Буревестник»), «Известия Минского Совета рабочих и солдатских депутатов», «Бедняк» (з 1919 у М.), «Минский пролетарий», «Советская правда», «Чырвоная змена», «Молодежь Белоруссии», «Сельская_ газета», «Савецкая Беларусь» (з ліп. 1920 у М.), часопісы: палітыка-эканам. «Экономическая жизнь» (з 1919 у М.) і «Сацыялістычнае будаўніцтва» (у 1926—29 на рус., з 1931 на бел. мове), навук.-пед. і даведачна-афіц. «Школа и культура Советской Белоруссии» (у 1919 і 1921), літ.-маст. і грамадска-паліт. «Маладняк», «Полымя», «Узвышша», навук.-метадычны «Народная асвета», грамадска-паліт. і літ.-маст. для жанчын «Работніца і сялянка» (з 1924; з 1995 наз. «Алеся»), навук.-папулярны краязнаўчы «Наш край» (з 1930 наз. «Савецкая краіна») і інш. У пач. 1930-х г. створаны шматлікія выд-вы і выдавецкая справа ў М. набыла больш масавы, шматгранны характар. Выходзяць газеты і часопісы на бел. і рус. мовах «Советская Белоруссия» (да 1937 наз. «Рабочий»), «Піянер Беларусі» (з 1929; з 1994 наз. «Раніца»), «Літаратура і мастацтва» (з 1932), час. «Бярозка» (з 1924), «Беларусь» (з 1930). У Вял. Айч. вайну ў М. падпольна выдаваліся газ. «Звязда», «Патриот Родины», перыяд. лісток «Вестник Родины». У пасляваенны перыяд пытанні грамадска-паліт., эканам., культ., спарт. жыцця М. і рэспублікі асвятляюць рэсп., абл., гар., раённыя, на прадпрыемствах — шматтыражныя газеты, часопісы, а таксама бюлетэні «На экранах Беларусі» (з 1957, з 1996 час. «На экранах», на бел. і рус. мовах), «Тэатральны Мінск» (з 1961), «Научно-техническая информация по сельскому хозяйству» (з 1967), «Служба быту Беларусі» (з 1969), «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1970, з 1990 час. «Спадчына»), «Рабочая смена» (з 1972), «Родная прырода» (з 1972, з 1977 аднайм. часопіс) і інш.; серыйныя выданні «Веснік Бел. дзярж. ун-та» (з 1969), «Весці Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі» (з 1940). У М. працуюць (2000): 11 дзярж. выдавецтваў, выдаюцца 292 часопісы, 737 газет на бел. і рус. мовах, у т.л. дзярж. і недзяржаўныя. Выходзяць: «Звязда», «Советская Белоруссия», «Мінская праўда», «Вечерний Минск», «Народная газета», «Народная воля», «Рэспубліка», «Белорусская нива», «Белорусская деловая газета», «Музыкальная газета», часопісы «Беларусь», «Вясёлка», «Беларускі гістарычны часопіс», «Крыніца», «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Культура», «Беларуская думка» і інш. Радыёвяшчанне з 1925 (1-я і 2-я праграмы ў мона- і стэрэаварыянце, радыёстанцыя «Сталіца»). Працуюць таксама незалежныя камерцыйныя станцыі «Радыё 101,2», «Радыё Бі Эй», «Радыё Рокс». Тэлебачанне з 1956, каляровае з 1974. Дзейнічае Рэсп. студыя тэлебачання. З 1991 развіваюцца недзярж. эфірныя і кабельныя сеткі тэлебачання. У 1995 створана Тэлевізійная вяшчальная сетка (ТВС), якая аб’ядноўвае 12 недзярж. тэлестанцый. Трансліруюцца перадачы і праграмы розных тэматычных кірункаў: інфарм., грамадскія, сац.-эканам.,- для моладзі, дзіцячыя, навук.-папулярныя, навуч., літ.-драм., муз., забаўляльныя, а таксама спектаклі, пастаноўкі бел. драматургаў і пісьменнікаў, канцэртныя праграмы, асветныя па праблемах гісторыі, культуры, экалогіі і інш. Акрамя праграм бел. тэлебачання трансліруюцца праграмы Грамадскага Расійскага тэлебачання, Расійскага тэлебачання, Незалежнага тэлебачання, канал «Культура», існуе таксама камерцыйнае тэлебачанне.

Літаратурнае жыццё. Першы вядомы ў М. літ. гурток існаваў пры ваяводскай школе (гімназіі) у 2-й пал. 18 ст. Выкладчык паэтыкі і рыторыкі ў школах М., прадстаўнік класіцызму і сентыменталізму ў шматмоўнай л-ры Беларусі 18 ст. М.Дудзінскі выдаў у 1782 у Вільні зборнік гэтага гуртка пад назвай «Паэтычныя забаўкі моладзі ў мінскіх школах» і сваю апісальна-дыдактычную паэму пра сядзібу мінскага кашталяна А.Хмары «Палац у Сёмкаве». З 1790 у горадзе працавала базыльянская друкарня, дзе былі надрукаваны перс. аповесць К.Фларыяна «Батмендзі» ў перакладзе на польск. мову мінчаніна І.Быкоўскага, яго філас.-эстэт. трактат «Праблема, прапанаваная для вырашэння...» (1790) і сатыр. камедыя В.Капніста «Паклёп» (1808) у перакладзе М.Тамашэўскага. У прыватных дамах збіраліся аматары л-ры, мастацтва, мясц. аўтары. У 1812—20 выпускнікі Мінскай гімназіі, што вучыліся ў Віленскім ун-це, арганізавалі навук.-літ. гурток, у якім удзельнічалі А.Міцкевіч і Т.Зан. У 1812 у М. напісана на польск. мове, выдадзена і пастаўлена аматарамі аднаактовая вершаваная камедыя Я.Ходзькі «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана». У 1830-я г. ў кватэры мастака і паэта Ч.Манюшкі (бацькі кампазітара С.Манюшкі) наладжваліся літ.-маст. вечары, на якія прыходзілі музыкант П.Карафа-Корбут, мастакі В.Ваньковіч (у М. ў 1832—39) і Я.Дамель (у М. з 1822). Падобныя вечары адбываліся ў доме Ваньковіча, у польск. артыста і паэта А.Макрэцкага. У 1845 у М. заснавана губ. б-ка.

Ажыўленне літ. жыцця горада ў 1840—50-я г. звязана з імем бел. драматурга, паэта і артыста В.І.Дуніна-Марцінкевіча. У яго доме збіралася мясц. інтэлігенцыя: аўтар зб. вершаў «Нашы песні» доктар А.Пянкевіч, мастак і пісьменнік А.Шэмеш, белетрыст Ю.Гарайн, выкладчык гімназіі, бібліёграф і паэт І.Легатовіч, кампазітар і музыкант К.Кжыжаноўскі, рэдактар «Минских губернских ведомостей» П.Малышэвіч, кнігар А.Валіцкі, калекцыянер карцін, старых кніг і рукапісаў Ю.Кабылінскі, крытык і гісторык польскай л-ры А.Тышынскі і інш. З Вільні і Варшавы ў М. прыязджалі С.Манюшка, У.Сыракомля, А.Плуг, В.Каратынскі, з Лагойска — К.Тышкевіч, з Ігуменшчыны — А.Ельскі. У М. надрукаваны зб-кі паэт. твораў Дуніна-Марцінкевіча «Гапон» і «Вечарніцы» (абодва 1855), «Цікавішся? — Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Зімой 1854 і летам 1855 сюды прыязджаў Сыракомля збіраць матэрыялы для гісторыка-краязнаўчага нарыса «Мінск» (1857); 2.6.1855 ён быў на вечары, наладжаным у яго гонар у доме Дуніна-Марцінкевіча, і прысвяціў яму верш «Тост у доме В.Марцінкевіча»; у 1859 тут надрукавана яго паэма «Стэла Фарнарына». У жалобных маніфестацыях у М. (вер. 1862) з выпадку смерці Сыракомлі удзельнічала дэмакр. інтэлігенцыя і больш за 600 гімназістаў. У 1856 дом Дуніна-Марцінкевіча наведаў А.Плут, дзе напісаў верш «Да В.Марцінкевіча, аўтара твораў на беларускай гаворцы», які ўвайшоў у зб. «Голас з Літвы», выдадзены ў М. ў 1859. З 1859 у мінскай прэсе выступаў паэт-рэвалюцыянер І.ГольцМілер. Як тэатр. рэцэнзент у М. друкаваўся і яго бацька І.Гольц-Мілер. У 1860 выдаў зб. вершаў «Кветкі мараў» мінчанін Л.Вечар (Л.Шчарбовіч). Напярэдадні паўстання 1863—64 у М. царскія ўлады затрымалі бел. ананімны вершаваны твор «Гутарка старога дзеда». З 1864 у Рас. імперыі забаронена друкаванне бел. кніг. Літ. жыццё горада ажывілася ў 1880-я г. з ростам рэв. руху нарадавольцаў, развіццём правінцыяльнай прэсы. Пэўную ролю адыгралі календары, выдадзеныя пад рэд. М.Доўнар-Запольскага і А.Слупскага.

З М. цесна звязана жыццё і літ. творчасць Я.Лучыны, дзе ён нарадзіўся, вучыўся і працаваў. Ён выдаў брашуру «З крывавых дзён. Эпізод паўстання 1863 на Міншчыне» (1889, Кракаў). У мінскім «Паўночна-Заходнім календары» на 1892 і 1893 апубл. яго вершы на бел. мове, вольныя наследаванні і пераклады з Сыракомлі. Пад уражаннем ад выступлення у М. ў 1887 укр. трупы Я.Лучына напісаў вершы «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова» і «Дабрадзею артысту Манько». Літ. жыццё М. прыкметна ажывілася з пачаткам выдання газ. «Минский листок». На яе старонках з артыкуламі па гісторыі, этнаграфіі, фальклоры, мове і культуры Беларусі выступалі Доўнар-Запольскі, А.Слупскі (у 1895 надрукаваў нарыс «Стары Мінск») М.Янчук, Я.Ляцкі, У.Завітневіч і інш.; друкавалі свае творы Я.Лучына, К.Каганец (у т.л. апавяд. «Бывалы Юр у Мінску», 1902), Д.Бохан (у 1901 выдаў кн. «Мінскія паданні і легенды», у 1902 — нарыс «Мінск і мінчане»), Я.Чырыкаў і інш. 16.5.1889 упершыню ў газ. надрукавана ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1899 шырока адзначалася 100-годдзе А.Пушкіна. Святкаваліся юбілеі Л.Талстога, І.Тургенева, А.Чэхава і інш. рус. пісьменнікаў. Пасля стварэння ў 1898 Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў літ. жыццё сканцэнтравалася ў яго літ. секцыі. У М. жылі літаратары В.Гадлеўскі, Ю.Вяржбіцкі і інш., якія пісалі на польскай мове. Летам 1904 у М. быў Я.Купала (тут ён жыў з бацькамі ў 1890—91). Яго вершы распаўсюджваліся ў рукапісах, іх дэкламавалі ў час спектакляў, у т.л. ў прыгараднай в. Пятроўшчына вясною 1906. У жн. 1906 М. наведаў Я.Колас, прысутнічаў на нелегальным сходзе. Газ. «Северо-Западный край» сістэматычна інфармавала пра літ. жыццё горада, на бел. мове друкавала казкі, легенды, песні. 15.5.1905 газета змясціла першы на бел. мове верш Я.Купалы «Мужык». У газету дасылаў карэспандэнцыі Мікола Камароўскі (М.М.Верасаў), з 1908 — свае творы У.Галубок. У віленскай «Нашай ніве» друкаваў гумарыстычныя і сатыр. творы мінчанін А.Паўловіч. На яго кватэры збіраліся ўдзельнікі бел. нац.-культ. руху. Газ. «Минское эхо» друкавала творы мясц. аўтараў, 9.7.1908 у ёй змешчана першая рэцэнзія на зб. «Жалейка» Я.Купалы (аўтар Ядвігін Ш.). У газ. «Минский курьер» з вершамі і артыкуламі выступаў адзін з яе рэдактараў У.Самойла. 13.4.1908 ён змясціў у «Минском курьере» свой пераклад на рус. мову верша Я.Купалы «Хоць ты, сэрца, лопні, трэсні» (над назваю «Беларусу») — першы пераклад на рус. мову вершаў песняра. 23.8.1908 у газеце апубл. рэцэнзія Самойлы на зб. «Жалейка» Я.Купалы пад назваю «Вялікае свята». У 1906—09 дзейнічала Мінскае літаратурна-артыстычнае таварыства. У 1909 выйшаў альманах «Туманы», у 1910 — «Зямныя сны» пераважна з творамі сімвалісцка-дэкадэнцкага кірунку. У канцы 1913 у М. прыехала Цётка рэдагаваць час. для дзяцей і моладзі «Лучынка». З восені 1915 у М. жыў З.Бядуля. У 1915 выйшлі зб. «Беларускія жарты» (выд-ва «Вясёлка») і альманах «Правінцыяльны месяц». У кастр. 1916 — лют. 1917 у М. жыў М.Багдановіч. На літ. вечарах у «Беларускай хатцы» збіраліся Багдановіч, Ядвігін Ш., З.Верас, Я.Фарботка, Паўловіч, Ф.Шантыр, У.Галубок, У.Фальскі, Ф.Ждановіч, А.Зязюля, В.Лявіцкая і інш. На старонках газ. «Вольная Беларусь», што выходзіла з 28.5.1917, друкаваліся вершы Я.Коласа, Багдановіча, З.Бядулі, Ф.Чарнышэвіча, Ф.Калінкі, Паўловіча, Я.Журбы, А.Гаруна, І.Піліпава, І.Дварчаніна, апавяданні Я.Коласа, З.Верас, З.Бядулі, У.Галубка, К.Каганца, Вясёлкі (В.Лявіцкай), М.Гарэцкага, артыкулы Я.Лёсіка і інш. З 8.8.1917 газ. пачала друкаваць паэму Я.Коласа «Сымон-музыка». У жн. 1917 выйшаў «Літаратурны зборнік «Вольнай Беларусі», у якім змешчаны творы Я.Коласа, Вясёлкі, З.Верас, З.Бядулі, У.Галубка, Я.Шпэта, А.Зязюлі, І.Сербава. У 1917 выдадзена ілюстраваная «Дзіцячая чытанка» (вершы, апавяданні, казкі Я.Коласа, З.Бядулі, Ядвігіна Ш.), «Тарас на Парнасе», зборнік Т.Гушчы (Я.Коласа) «Сцэнічныя творы».

Пасля ўтварэння БССР М. стаў сталіцай рэспублікі і цэнтрам культ. жыцця. У М. знаходзілася Цэнтр. бюро літ. арг-цыі «Маладняк», літ. аб’яднанні «Узвышша», «Полымя», Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП), Мінская філія «Маладняка» і Мінская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў. З лют. 1932 выдаецца газ. «Літаратура і мастацтва». У чэрвені 1934 Усебел. з’езд пісьменнікаў у М. аформіў стварэнне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У горадзе прайшлі сустрэчы з пісьменнікамі Мардовіі, Украіны (1933), Грузіі (1933, 1935), Зах. вобласці (1934), Арменіі (1935, 1936), польскімі пісьменнікамі (1940). У 1931 у М. адбыўся 1-ы Усесаюзны з’езд польскіх пралетарскіх пісьменнікаў, у 1936 — пленум праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, прысвечаны бел. і башк. л-рам, пытанням паэзіі. Рэгулярна праводзіліся сходы і вечары, прысвечаныя літ. дзейнасці бел. пісьменнікаў, класікаў рус. і сусв. л-р. Адбываліся дыскусіі пра вобраз станоўчага героя і вобраз бальшавіка у л-ры (1932), пра фармалізм і натуралізм (1936), пра паэзію (1940), прозу (1941) і інш. У М. адбыліся 2-і (1949), 3-і (1954), 4-ы (1959), 5-ы (1966), 6-ы (1971), 7-ы (1976), 8-ы (1981), 9-ы (1986), 10-ы (1990), 11-ы (1994), 12-ы (1998) з’езды пісьменнікаў Беларусі, нарады дзіцячых пісьменнікаў (1948, 1952), маладых пісьменнікаў (1948, 1953) і крытыкаў (1983), нарада па дзіцячай л-ры (1970), сімпозіум перакладчыкаў бел. л-ры (1973), навук. канферэнцыя «Сучасныя праблемы ваеннай прозы» (1983). Шырока адзначаліся дэкады, тыдні і дні л-ры і мастацтва розных народаў. Важнымі падзеямі ў літ. жыцці горада былі святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа (1982), Цёткі (1976), М.Багдановіча (1991), М.Гарэцкага (1993), 500-годдзя Міколы Гусоўскага (1980), Ф.Скарыны (1990) і інш. Творчасць пісьменнікаў-мінчан атрымала ўсеагульнае прызнанне.

Мастацкае жыццё. У 11—15 ст. у М. развіваліся кавальства, ліццё, ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве і косці, ганчарства (гл. Мінская кераміка, Мінская кафля), шкларобства. Высокім узроўнем вызначалася апрацоўка скуры і вырабы з яе абутку, адзення, утылітарных рэчаў. У аздабленні шырока выкарыстоўваліся разьба, паліхромная размалёўка, інкрустацыя. У 16—18 ст. больш за 20 цэхаў М. аб’ядноўвалі майстроў 41 прафесіі; у 1591 зацверджаны статут аб’яднання злотнікаў, кавалёў, меднікаў, слесараў, гадзіншчыкаў, мечнікаў. У 16—17 ст. з’явіліся творы жывапісу, звязаныя з мясц. маст. школай («Маці боская Мінская», 1-я пал. 16 ст.; «Нараджэнне Хрыста», 17 ст., і інш.). З 16 ст. мастакі — выхадцы з М. працавалі і ў інш. гарадах (напр., Іеранім у Варшаве). У 17—18 ст. у аздабленні інтэр’ераў і фасадаў грамадз. і культавых будынкаў мінскія мастакі выкарыстоўвалі паліхромную размалёўку, драўляную і стукавую скульптуру, каваныя вырабы (Петрапаўлаўская і Святадухаўская цэрквы, касцёлы дамініканцаў, езуітаў, бернардзінак, пазалочаныя флюгеры на доме Я.Гегера і інш.). Мясц. майстры ўдзельнічалі ў стварэнні манум. алтарных кампазіцый у храмах горада. У 18 ст. ў М. працавалі мастакі А.Анташэўскі, М.Бейтнік, Я.Брэтцар, І.Дарэці, Я.Шэферс і інш., у канцы 18 — пач. 19 ст. — А.Главацкі, Ю.Г.Главацкі, Ю.Пешка (выканаў шэраг партрэтаў жыхароў М. і акварэльных краявідаў горада). У 19 ст. ў М. жылі і працавалі Я.Дамель, В.Ваньковіч, І.Герасімовіч, Ч.Манюшка, С.Цімафееў, А.Шэмеш. У М. і ваколіцах працаваў Ф.Смуглевіч, замалёўкі краявідаў горада рабілі І.Трутнеў, Дз.Струкаў; шэраг пейзажаў у ваколіцах М., у т.л. «Вечар у Мінскай губерні» стварыў А.Гараўскі. Развіваліся тэатр.дэкарацыйнае мастацтва (афармленне тэатр. залы ў будынку ратушы і дэкарацыі да спектакляў, Я.Кураткевіч), мастацтва кнігі (гравюры Э.Адамовіча да выдадзенай ім у М. Бібліі, пач. 1860-х г.). З ростам эканам. значэння горада ў канцы 19 ст. актывізавалася яго маст. жыццё.

У 1898—1906 маст. секцыя Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў арганізоўвала выстаўкі жывапісу, графікі, скульптуры, фатаграфіі. У 1890-я г. ў М. існавалі маст. майстэрні, дзе працавалі Г.Віер, М.Дубчык, М.Кордаш, Л.Красоўскі, П.Курбатаў, М.Лазарчык, А.Максіменка і інш. У 1891 адбылася 1-я маст. выстаўка (экспанаваліся творы А.Бартэльса, Э.Сукоўскага, Я.Тышынскага і інш.). У 1899 тут адбылася выстаўка мастакоў-перасоўнікаў. З М. канца 19 — пач. 20 ст. звязана творчасць Б.Адамовіча, Л.Альпяровіча, С.Богуш-Сестранцэвіча, Г.Вейсенгофа, І.Івашкевіча, К.Каганца, З.Ленскага, П.Мрачкоўскай, Л.Пігулеўскага, Сукоўскага. У 1904 Я.Кругер арганізаваў у М. курсы малявання, рэарганізаваныя ў 1906 у школу-студыю малявання (існавала да 1914). На маст. выстаўках 1902, 1904, 1907, 1908 экспанаваліся творы Альпяровіча, Дамеля, Я.Кругера, Ф.Рушчыца, Трутнева, І.Хруцкага, І.Яроменкі. Буйной для свайго часу была арганізаваная мінскім скульпт. Тышынскім і мастаком Рушчыцам выстаўка 1911, дзе экспанаваліся творы бел., рус., літ., польскіх, укр. мастакоў. Уплывам дэкадэнцтва былі пазначаны творы, экспанаваныя на мінскай выстаўцы 1912. Сярод мастакоў, якія працавалі ў М. ў пач. 20 ст., Ф.Бабеш, В.Калашнікаў, К.Карсалін, Ф.Кулік, А.Савіцкі, М.Сляпян, В.Струеў, І.Умецкі, К.Чэмка, А.Шчокатаў, І. і Ф.Ягоравы і інш. У 1919 у М. адкрыўся Бел. дзярж. музей (дзейнічаў да 1941), дзе экспанаваліся і творы мастацтва; прыняты першыя пастановы аб ахове помнікаў мастацтва, створаны маст.вытв. майстэрні пры аддзеле Наркамасветы Беларусі. У 1920 працавалі маст. студыі. У гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі пашырылася мастацтва плаката і карыкатуры (дзейнасць Мінскага бюро РОСТА).

Гар. маст. выстаўка 1921 засведчыла шырокі спектр развіцця кірункаў у мастацтве — ад рэалізму да абстракцыянізму і супрэматызму (удзельнічалі І.Ахрэмчык, С.Блох, І.Валадзько, І.Гембіцкі, А.Гефтэр, П.Гуткоўскі, К.Елісееў, М.Кавязін, С.Каўроўскі, Кругер, А.Маневіч, І.Мільчын, І.Пляшчынскі, М.Русецкі, Сляпян, М.Станюта, Б.Ульпі, М.Філіповіч, К.Ціханаў і інш.). Вял. ролю ў маст. жыцці М. адыгрывала творчая дзейнасць А.Вало, Я.Васілеўскага, В.Дваракоўскага, Я.Драздовіча, Г.Змудзінскага, А.Марыкса, А.Пузынкевіча, А.Тычыны і інш.

У 1921—25 адбыўся шэраг маст. выставак, найб. значная з іх — персанальная Філіповіча (1922). У 1925 пры Інбелкульце створана маст. секцыя, што займалася вывучэннем і прапагандай мастацтва, апісаннем і вывучэннем маст. збораў Дзярж. музея. Ёю арганізавана 1-я Усебел. маст. выстаўка (1925), якая паклала пачатак сістэматычным рэсп. маст. выстаўкам і садзейнічала стварэнню Усебеларускага аб’яднання мастакоў. У 1926 наладжана выстаўка краязнаўчага малюнка і фатаграфіі, дзе побач з творамі Драздовіча, Кругера, Я.Мініна, Ф.Пархоменкі, Тычыны, Філіповіча дэманстраваліся стараж. партрэты, шкло. У 1927 Усебел. аб’яднанне мастакоў арганізавала 2-ю Усебел. маст. выстаўку, дзе экспанавалася каля 1000 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, нар. мастацтва, у т.л. карціны В.Бялыніцкага-Бірулі, В.Волкава, У.Кудрэвіча, Ю.Пэна, Станюты, М.Эндэ і інш. Маст. выстаўкі адбыліся ў 1928 (3-я Усебел.), 1929. У 1929 у М. дзейнічала Т-ва прыхільнікаў выяўл. мастацтва, якое мела на мэце вывучэнне і папулярызацыю мастацтва, дапамогу дзеячам мастацтва.

Пасля пастановы ЦК ВКП(б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» (1932) адзіным дазволеным кірункам у мастацтве стаў сацрэалізм. Частка мінскіх мастакоў была рэпрэсіравана. Сярод найб. значных маст. выставак 1930-х г. — 4-я і 5-я Усебел. (1931, 1932), юбілейная «Мастакі БССР за 15 гадоў», персанальныя А.Астаповіча, Я.Красоўскага, Кругера (усе 1934), «БССР за 20 год» (1937), «Перамога», да 22-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі і 20-годдзя ВЛКСМ, да 20-годдзя вызвалення Беларусі ад белапалякаў (усе 1938). З 1932 у М. выходзіў час. «Мастацтва і рэвалюцыя». У 1933 створаны аргкамітэт Саюза мастакоў Беларусі, у 1938 адбыўся яго 1-ы з’езд. Дзейнічалі Дом мастака і студыі выяўл. мастацтва. У 1939 адкрыта Дзярж. карцінная галерэя БССР, у фондах якой сабраны творы майстроў рус. і замежнага мастацтва, творы сав., у т.л. бел. мастакоў. У пач. 1941 адбылася 1-я бел., рэсп. выстаўка жанчын-мастакоў.

У гады Вял. Айч. вайны ням.-фаш. акупанты знішчылі маст. ўстановы горада, вывезлі каштоўнасці Дзярж. карціннай галерэі. Пасля вызвалення М. ў творчасці мастакоў пераважала ваен. тэматыка. Прайшлі выстаўкі «Барацьба беларускага народа з нямецкай агрэсіяй» (1944), да 2-й і 4-й гадавін вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў (1946 і 1948) і інш. У 1944 адкрыта нанава створаная карцінная галерэя (з 1957 Дзярж. маст. музей, з 1993 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь). У 1947 створана Мінскае маст. вучылішча, у 1953 адкрыты маст. факультэт пры Бел. тэатр. ін-це, які перайменаваны ў Бел. тэатр.-маст. ін-т (з 1991 Беларуская акадэмія мастацтваў). У 1950-я г. адбыліся Усебел. маст. выстаўкі (1951, 1957, 1959), выстаўкі тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва (1959), бел. пейзажа (1951), персанальныя А.Гугеля, М.Дучыца, Кудрэвіча, А.Мазалёва, У.Хрусталёва (усе 1954), Б.Звінагродскага (1956), Волкава, А.Шыбнёва (абедзве 1958), Я.Зайцава, А.Волкава (абедзве 1959). У канцы 1950-х г. у бел. выяўл. мастацтва прыйшла першая група выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (А.Анікейчык, Л.Асецкі, Б.Аракчэеў, Ф.Бараноўскі, В.Грамыка, Л.Гумілеўскі, М.Залозны, В.Пратасеня, І.Рэй, Ю.Тышкевіч, І.Ціханаў, Л.Шчамялёў і інш.), выпускнікі маст. ВНУ Масквы і Ленінграда (М.Данцыг, М.Савіцкі, І.Стасевіч, У.Стальмашонак), што ў значнай ступені спрыяла росквіту маст. жыцця М.

У 1960-я г. сістэматычна наладжваліся рэспубліканскія (1960, 1962, 1963, 1965—69), а таксама юбілейныя, групавыя (мастакоў кіно, 1961; твораў мастакоў час. «Вожык», 1966), перасоўныя, усесаюзныя, замежнага мастацтва, персанальныя выстаўкі А.Глебава, С.Нікалаева (1960), М.Даўгялы, В.Ціхановіча (1961), І.Давідовіча, С.Геруса, М.Тарасікава, В.Цвіркі (усе 1963), М.Гурло, Х.Ліўшыца, П.Масленікава, Гугеля (усе 1965), Н.Воранава, А.Бархаткова, Ф.Зільберта, Тычыны (усе 1967), М.Манасзона, У.Кульваноўскага (абедзве 1968) і інш.

Актывізацыі маст. жыцця М. садзейнічала адкрыццё ў 1973 Палаца мастацтваў (з 1991 рэспубліканская Маст. галерэя). Значнымі з’явамі маст. жыцця горада 1970-х г. сталі рэсп. выстаўкі, да 25-годдзя Перамогі сав. народа ў Вял. Айч. вайне (1970), 90-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа (1972), 2-я рэсп. выстаўка плаката (1973), рэтраспектыўная выстаўка твораў бел. мастакоў (1974), «30 год Вялікай Перамогі», усесаюзная і 4-я рэсп. выстаўкі акварэлі, «Вобраз жанчыны ў савецкім выяўленчым мастацтве» (усе 1975), «Маладосць краіны», да 100-годдзя з дня нараджэння Цёткі (А.Пашкевіч; абедзве 1976), міжнар. «Сатыра ў барацьбе за мір» (1977), усесаюзныя «Краіна родная», «60 гераічных гадоў», 2-я рэсп. выстаўка кніжнай графікі (усе 1978), «У сям’і адзінай», да 35-годдзя вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, «Няхай заўжды будзе сонца» (усе 1979), персанальныя Р.Кудрэвіч і Марыкса (1970), З.Азгура, К.Касмачова, П.Крахалёва (усе 1971), Станюты, С.Каткова (абедзве 1972), Л.Рана (1973), А.Малішэўскага, Шчамялёва, В.Жолтак, Савіцкага, Г.Ісаевіч (усе 1974), Л.Баразны, П.Дурчына (абедзве 1975), М.Чэпіка, У.Мінейкі, С.Лі, Грамыкі (усе 1976), В.Васільева, А.Бяловай, У.Мудрогіна (усе 1977), Г.Вашчанкі, Геруса (абедзве 1978), Зайцава, У.Гоманава (усе 1979).

У 1980-я г. ў творчасці мінскіх мастакоў пашырылася асветніцкая тэматыка, што засведчылі выстаўкі «Мікола Гусоўскі і яго час» (1980), да 90-годдзя з дня нараджэння М.Багдановіча (1981), «Песняры зямлі беларускай» да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа (1982), да 175-годдзя з дня нараджэння В.Дуніна-Марцінкевіча (1983), да 150-годдзя з дня нараджэння К.Каліноўскага і 125-й гадавіны паўстання 1863—64. Адбыліся выстаўкі твораў Бялыніцкага-Бірулі да 110-годдзя з дня яго нараджэння, «Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна» (усе 1982), твораў Гараўскага, да 110-годдзя з дня нараджэння І.Шышкіна (абедзве 1983), рэсп. самадз. мастакоў і майстроў нар. творчасці, «40 гадоў Вялікай Перамогі», выстаўка плаката «Мір — надзея планеты», 3-я рэсп. кніжнай графікі, групавыя выстаўкі акварэлі, твораў маладых мастакоў, прысвечаныя 12-му Сусв. фестывалю моладзі, твораў В.Пярова да 150-годдзя з дня яго нараджэння, Хруцкага да 175-годдзя з дня яго нараджэння, франтавых малюнкаў бел. мастакоў, фатаграфіі (усе 1985), «Не зарасце народная сцежка», прысвечаная памяці А.Пушкіна, «Мастацтва Веткі», твораў З.Серабраковай да 100-годдзя з дня яе нараджэння, «Беларускі савецкі жывапіс і скульптура 1977—87 г.» (усе 1987), твораў Ахрэмчыка да 85-годдзя з дня яго нараджэння, Драздовіча да 100-годдзя з дня яго нараджэння (абедзве 1988), «Пераемнасць» (выстаўка дынастыі бел. майстроў саломапляцення В.Гаўрылюк, Т.Агафоненка, Т.Паўлоўскай, 1989), персанальныя М.Сеўрука і Кудрэвіч (1980), Л.Дударэнкі, Г.Мурамцава, М.Карпука, Л.Мягковай, У.Мурахвера (усе 1981), Г.Бржазоўскага, У.Пасюкевіча, Г.Паплаўскага, Манасзона, Тычыны (усе 1982), Я.Ціхановіча, Цвіркі, Шчамялёва, Стальмашонка (усе 1983), А.Кішчанкі, Масленікава, Л.Паляковай, А.Кроля, І.Дмухайлы (усе 1984), Л.Асядоўскага, А.Бембеля, Гугеля, Гурло, Залознага, У.Лагуна, Мудрогіна (усе 1985), Савіцкага (1987), Азгура, С.Вакара, Зайцава (1988), Астаповіча (1989) і інш. У 1970—80-я г. ў М. адбыліся выстаўкі «Мастацтва Савецкай Літвы» (1974), «Выяўленчае мастацтва Казахстана» (1975), «Латвійскі экслібрыс» (1977), «Творы ўкраінскіх мастакоў» (1980), «Жывапіс Савецкай Малдавіі», «Графіка Савецкай Літвы», «Народнае мастацтва Гуцульшчыны» (усе 1984), «Сучасная народная творчасць Літвы», «Латышскі габелен», «Космас на службе міру» (усе 1985). Арганізоўваліся перасоўныя выстаўкі твораў з музеяў СССР — Траццякоўскай галерэі (1965), Эрмітажа (1966, 1985), Аружэйнай палаты (1978), АМ СССР (выстаўкі твораў М. і С.Рэрыхаў, Б.Кустодзіева, С.Герасімава, Ф.Рашэтнікава, Б.Угарава і інш.), нар. мастакоў Літвы С.Красаўскаса (1987) і Азербайджана Бахлулзадэ С. (1989). Экспанаваліся выстаўкі замежнага мастацтва: сучаснай італьянскай (1957) і фінскай (1970) графікі, сучаснага жывапісу Югаславіі (1973—74), жывапісу з калекцыі А.Хамера (ЗША) і польскага жывапісу з музеяў Варшавы і Кракава (1974), шэдэўраў Дрэздэнскай карціннай галерэі (1975), зах.-еўрап. і амер. жывапісу з музеяў ЗША (1976), польскага партрэта 17—18 ст. (1977), шэдэўраў зах.-еўрап. жывапісу 17—18 ст. са збору Нац. галерэі ў Празе, «К.Кольвіц і нямецкая графіка яе часу» (з музея г. Альтэнбург, Германія), амер. жывапісу 2-й пал. 19—20 ст. (са збору Метраполітэн-музея, ЗША; усе 1979), нар. мастацтва Ніжняй Аўстрыі і ліёнскіх тканін 17—20 ст. (з музеяў Францыі; 1981), балгарскага мастака У.Дзімітрава-Майсторы (1983), твораў маладых мастакоў Чэхаславакіі, сучаснага выяўл. мастацтва Кітая, выстаўка японскага кімано (з г. Сендай; усе 1984), традыц. мастацтва Эфіопіі, графікі, дзіцячага малюнка і нар. рамёстваў Славеніі, сумесная выстаўка твораў мастакоў Беларусі і Зах. Берліна (усе 1985), інд. жывапісу 1900—47 (са збору Нац. галерэі сучаснага мастацтва ў Нью-Дэлі; 1987), «Новыя гарызонты амерыканскага жывапісу 1840—1910 г.» (са збору Нац. галерэі мастацтва ЗША), сучаснага мастацтва Канады (з калекцыі Фаерстоўна, г. Таронта; абедзве 1988), зах.еўрап. прыкладнога мастацтва 11—20 ст. (са збораў Эрмітажа), сучаснага польскага партрэта і аўтапартрэта ў жывапісе (абедзве 1989), «40 год брытанскай скульптуры» (1993). У 1979 створаны Музей старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах. З 1983 у М. выдаецца час. «Мастацтва». У фарміраванні эстэт. аблічча горада актыўна ўдзельнічалі мастакі Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Вялікая работа праводзіцца мастакамі па афармленні станцый Мінскага метрапалітэна.

Маст. жыццё М. 1990-х г. узбагацілася разнастайнасцю стылявых кірункаў і канцэпцый, пашырылася галерэйная справа. Разам з трад. выставачнай дзейнасцю развіваюцца новыя формы ўзаемадзеяння мастака з гледачом (пленэр, перформанс, інвайрэнмент і інш.). З 1991 выдаецца газ. «Культура». У 1995 створаны Музей сучаснай беларускай скульптуры, у 1997 — Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. Арганізаваліся маст. суполкі «Пагоня», «Няміга-17», «Верасень», «Сонечны квадрат» і інш., грамадская Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва. Сярод найб. значных выставак: тэматычныя «Да 150-годдзя Ф.Багушэвіча», «Ганчарны круг», «45 год Вялікай Перамогі», «Праекты помніка ахвярам рэпрэсій», «Мастацтва старажытных гарадоў Беларусі», «Мастацтва рэнесансу ў Беларусі», да 500-х угодкаў нараджэння Ф.Скарыны (усе 1990), «Пошук і эксперымент», «Беларуская скульптура», «Мастацтва габелена», «Мастацтва барока на Беларусі», да 100-годдзя з дня нараджэння Багдановіча (усе 1991), «Выстаўка графікі», да 110-й гадавіны з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа (усе 1992), «Жыве Беларусь» (1991—98), «Гуманізм і вера», «Мастацтва Брэстчыны 16—18 ст.» (абедзве 1993), «Малюнак», «Мясціны старога Мінска», мастакоў тэатра, кіно, тэлебачання, «Дарогамі Вялікай Перамогі», «Слава табе, Беларусь!», «Аршанскай бітве 1514 года прысвячаецца», «Беларуская палітра 20 ст.» (усе 1995), «Чарнобыль, боль, надзея», «Беларуская акварэль», «Спорт у выяўленчым мастацтве», «Асоба і сучаснае асяроддзе», «Беларускі эстамп», «Мастакі Прынямоння» (усе 1996), «Мастакі і горад» (1997), «Панарама мастацтваў», «Малюнак», «Час, прастора, асоба», «Зямля Палесся», «Спорт у нашым жыцці» (усе 1998), «На мяжы тысячагоддзяў», «Беларускі друкаваны плакат», маст. акцыя С.Войчанкі і У.Цэслера «Праект стагоддзя» (усе 1999), персанальныя В.Вярсоцкага, Крахалёва (абедзве 1990), Ю.Карачуна, Паплаўскага, Шчамялёва (усе 1991), С.Давідовіча, А.Марачкіна, Г.Русак (ЗША; усе 1992), І.Белановіча, В.Кубарава, Малішэўскага, В.Целеша (Рыга), Н.Анісімавай (Аўстралія), В.Маркаўца, Цвіркі (усе 1993), К.Камала, А.Ксяндзова, А.Лось, У.Маскоўскіх, А.Мятліцкага, У.Тоўсціка (усе 1994), М.Апіёка, Дударэнкі (абедзве 1995), Аракчэева, Л.Дробава, Дурчына, А.Кузьміча, Э.Куфко, Г.Лойкі, М.Раманюка (усе 1996), Бржазоўскага, Савіцкага, Ціхановіча (усе 1997), Кашкурэвіча, Літвінавай, Вашчанкі (усе 1999), рэтраспектыўныя выстаўкі П.Гаўрыленкі, Тычыны (абедзве 1992), Кудрэвіча (1994), Анікейчыка, Малішэўскага (абедзве 1997) і інш.; выстаўкі твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва «Гармонія і асяроддзе» (1986) і інш., Нац. выстаўкі нар. творчасці «Вечназялёнае дрэва рамёстваў» (1996), «Жывыя крыніцы» (1998) і інш.

Музычнае жыццё. Ужо ў 14—15 ст. ў М. існавалі школы царк. спеваў. Пры Петрапаўлаўскім правасл. брацтве (з 1592) былі арганізаваны навучанне спевам па 5-лінейнай нотнай сістэме і хар. выканальніцтва, існавала спец. школа па падрыхтоўцы царк. пеўчых. У канцы 17 ст. хар. спевы і ігра на аргане дасягнулі значнага прафес. ўзроўню. На мяжы 17—18 ст. пры двары мінскага ваяводы К.Завішы створаны аркестр, які выконваў духоўныя творы і бел. нар. песні і танцы. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў М. і Мінскай губ. папулярнасцю карыстаўся прыдворны аркестр М.Ракіцкага. З сярэдзіны 19 ст. развівалася аматарскае музіцыраванне, наладжваліся камерныя канцэрты мясц. музыкантаў (скрыпачы П.Бяляўскі, Каржанеўская, В.Нядзведскі), пастаноўкі муз. спектакляў, выступленні ансамбляў бел. нар. інструментаў на плошчах горада ў час свят і кірмашоў. У арганізацыі канцэртнага жыцця і муз. адукацыі вял. роля належала братам Дамініку і Вікенцію Стафановічам (Вікенцій на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў быў дырыжорам Мінскага гар. аркестра, Дамінік праводзіў сімф. канцэрты, кіраваў фп. класамі). З М. звязана дзейнасць М.Ельскага (адзін з арганізатараў Мінскага музычна-літаратурнага таварыства), Ф.Міладоўскага, аўтара аперэты «Канкурэнты» (паст. ў 1861), П.Карафы-Корбута, К.Кжыжаноўскага, К.Марцінкевіч (вучылася ў Мінскім пансіёне Мантэграндзі), піяніста і спевака Ф.Паўлоўскага, скрыпачкі Б.Крыгер. Значны ўклад у муз. культуру М. зрабіў С.Манюшка. У канцы 1850 — пач. 1860-х г. у М. працавалі фартэпіянныя ф-кі І.Бяляўскага, Ю.Качкоўскага і Фотха, ф-ка па вытв-сці клавікордаў, магазін А.Валіцкага па продажы нот і муз. інструментаў. У 1870-я г. бел. муз. фальклор прапагандавалі ў мінскім друку А.Васільева, Р.Ігнацьеў, П.Шэйн. З 1865 музыка гучала ў зале дваранскага сходу, дзе ставіліся і оперы. У 1872 адкрыта Мінскае вучылішча арганістаў. У 1890 пачаў дзейнічаць гар. т-р (мясц. оперную трупу ў 1890—91 узначальваў В.Сук). З 1880 пачалі ўзнікаць аматарскія маст. т-вы, у т.л. муз. т-ва (з 1880), Мінскае таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, Мінскае літаратурна-артыстычнае таварыства, Мінскае таварыства сяброў музыкі, муз.-драм. т-ва (з 1893), муз. гурток (1896), прыватныя муз. ўстановы: Мінская музычная школа Шацкінай, Мінская вакальная студыя Муранскай, муз. вучылішча П.Маўшовіч, Мінскае музычнае вучылішча Н.Рубінштэйна, курсы спеваў Ю.Багуслаўскага (з 1907), Мінскія музычныя курсы Г.Львовай і інш. У 19 — пач. 20 ст. ў М. гастраліравалі: спевакі Л.Собінаў, Ф.Шаляпін, М.Фігнер, М.Батыстыні, А.Мазіні, піяністы Г.Есіпава, А.Зілоці, І.Падарэўскі, С.Рахманінаў, А.Скрабін, скрыпачы Л.Аўэр, С.Барцэвіч, А.Вільгельмі, Г.Вяняўскі, І.Гржымалі, Э.Ізаі, А.Концкі, К.Ліпінскі, П.Сарасатэ, М.Эрдэнка; віяланчэлісты К.Давыдаў, А.Вержбіловіч і інш. М. стаў цэнтрам бел. муз. культуры. У першыя паслярэв. гады тут працаваў У.Тэраўскі — арганізатар і кіраўнік Бел. нар. хору і муз. часткі Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1919 адкрыта нар. кансерваторыя, праводзіліся вечары камернай музыкі. У 1920-я г. створаны хор Галоўпалітасветы пад кіраўніцтвам В.Яфімава, Бел. капэла на чале з А.Ягоравым, ансамбль цымбалістаў, Беларускі вакальны квартэт, т-ва «Музыка — масам». Цэнтрам муз. культуры М. стаў БДТ, які меў хор, сімф. аркестр і балетную трупу; на яго сцэне праводзіліся сімф. канцэрты, ставіліся муз. спектаклі, у т.л. «На Купалле» М.Чарота, балет «Капелія» Л.Дэліба. У 1924 адкрыты Бел. муз. тэхнікум (з 1937 муз. вучылішча, гл. Мінскае музычнае вучылішча імя М.І.Глінкі), педагогі і студэнты якога займаліся канцэртнай дзейнасцю. У 1927 на аснове аркестраў Бел. муз. тэхнікума і БДТ-1 створаны Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, у 1930 на базе опернага і балетнага класаў муз. тэхнікума — Беларуская студыя оперы і балета, на аснове ансамбля нар. інструментаў — Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь. У памяшканні БДТ-1 опернай студыяй пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (1931), «Кармэн» Ж.Бізэ (1932). З 1931 працаваў хор пры Бел. радыёкамітэце (гл. Хор акадэмічны Беларускага тэлебачання і радыё). Вял. значэнне для падрыхтоўкі нац. кампазітарскіх і выканальніцкіх кадраў і ўзбагачэння культ. жыцця мела адкрыццё ў 1932 Бел. кансерваторыі (гл. Беларуская акадэмія музыкі). У 1932 пры Саюзе сав. пісьменнікаў БССР створана секцыя кампазітараў (з 1938 Саюз кампазітараў БССР, гл. Саюз кампазітараў Беларусі). У 1936 адкрыты Дзярж. т-р оперы і балета БССР (гл. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь). У 1934 адбылася 1-я Усебел. канферэнцыя кампазітараў. Вял. значэнне для развіцця канцэртнага жыцця мела адкрыццё ў М. Беларускай філармоніі (1937), дзе выступалі І.Мусін, К.Сімяонаў, адбыліся аўтарскія канцэрты М.Аладава, В.Залатарова, А.Туранкова, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш. Выдатнымі падзеямі ў культ. жыцці горада і рэспублікі былі пастаноўкі ў 1939—40 бел. нац. опер «Міхась Падгорны» Цікоцкага, «У пушчах Палесся» А.Багатырова, «Кветка шчасця» Туранкова, балета «Салавей» М.Крошнера, якія заклалі аснову нац. рэпертуару т-ра оперы і балета, засведчылі рост майстэрства выканаўцаў, пастановачнай культуры т-ра. У Вял. Айч. вайну ў акупіраваным М. працягвалі творчую дзейнасць Туранкоў, М.Шчаглоў, оперы якога «Лясное возера» і «Усяслаў-Чарадзей» на лібрэта Н.Арсенневай пастаўлены ў 1942 і 1943. Пасля вызвалення М. ў 1944 аднавіла дзейнасць большасць муз. арг-цый, калектываў і навуч. устаноў. Вял. значэнне для развіцця бел. балетнага мастацтва мела адкрыццё ў М. ў 1945 Бел. харэаграфічнага вучылішча (гл. Дзяржаўны харэаграфічны каледж Рэспублікі Беларусь). У т-ры оперы і балета пастаўлены оперы «Алеся» Цікоцкага (1944) і «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (1947), балет «Князь-возера» Залатарова (1949). У рабоце 1-га Усесаюзнага з’езда кампазітараў (1948) удзельнічалі бел. кампазітары Аладаў, Багатыроў, Лукас, П.Падкавыраў, Р.Пукст, Цікоцкі, Яфімаў, музыказнавец Б.Смольскі. У 1949 у М. пераведзены Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У 1950-я г. ў М. выступалі творчыя калектывы з Расіі, Украіны, Латвіі, Туркменіі, Грузіі, Германіі, Польшчы і інш.; адбыліся Дні балг., рум., чэш., венг., кар. музыкі; гастролі салістаў Вял. т-ра І.Казлоўскага, С.Лемешава, В.Давыдавай, Г.Уланавай, М.Плісецкай, а таксама С.Рыхтэра, Дз.Узунава; аўтарскія канцэрты Р.Гліэра, Дз.Шастаковіча, А.Хачатурана, Ц.Хрэннікава і інш. У оперным тэатры пастаўлены новыя муз.-сцэн. творы бел. кампазітараў Пукста, Багатырова, Туранкова, оперы С.Гулак-Арцямоўскага, С.Манюшкі, Ю.Мейтуса, Б.Сметаны. З 1952 у М. працуе Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь. Створаны шэраг новых арг-цый і калектываў, у т.л. Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь (1950), Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь (1952), Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё (1958), Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь (1959), Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь (1968), вак.-інстр. ансамблі «Песняры», «Верасы», эстр.-харэаграфічны «Чараўніцы», харэаграфічны ансамбль «Харошкі» (1974), Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь (1971; з 1999 Дзярж. муз. т-р Рэспублікі Беларусь), «Беларуская капэла», Мінскі абласны камерны хор «Санорус», Дзярж. маладзёжны т-р эстрады Рэспублікі Беларусь (1995). У 1960—90-я г. значны ўклад у развіццё розных жанраў муз. мастацтва зрабілі кампазітары Л.Абеліёвіч, Багатыроў, С.Бельцюкоў, У.Буднік, Г.Вагнер, В.Войцік, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, У.Дамарацкі, У.Дарохін, А.Елісеенкаў, А.Залётнеў, Л.Захлеўны, В.Іваноў, У.Кандрусевіч, В.Капыцько, У.Каральчук, С.Картэс, В.Кузняцоў, І.Кузняцоў, У.Кур’ян, А.Літвіноўскі, І.Лучанок, А.Мдывані, У.Мулявін, Я.Паплаўскі, В.Помазаў, У.Прохараў, В.Раінчык, Ф.Пыталеў, Ю.Семяняка, Дз.Смольскі, У.Солтан, Р.Сурус, Э.Ханок, С.Хвашчынскі, К.Цесакоў, Л.Шлег і інш. У т-ры оперы і балета пастаўлены оперы Аладава, Семянякі, Смольскага, Картэса, Вагнера, Глебава, А.Бандарэнкі, Солтана, балеты Глебава, Вагнера, Залётнева, Кандрусевіча, Мдывані, адметныя разнастайнасцю харэаграфічных сродкаў і фарбаў, пошукамі новых сродкаў маст. выразнасці, свежасцю пластычнай мовы, філас. накіраванасцю. Дзярж. т-р муз. камедыі паставіў шэраг новых спектакляў, у т.л. разнастайныя па жанрах творы Семянякі, Суруса, Мдывані, Глебава, Кандрусевіча, Войціка, сучасных рас. кампазітараў, класічныя аперэты, а таксама балетныя пастаноўкі. У 1984 у будынку касцёла св. Роха адкрыта зала камернай музыкі Бел. філармоніі (у першых канцэртах выступалі І.Архіпава, А.Янчанка і інш.). У М. гастраліруюць вядомыя калектывы і асобныя выканаўцы замежных краін.

З 1992 у М. працуе Дзяржаўнае аб’яднанне «Белканцэрт». У горадзе праходзяць фестывалі, у т.л. «Беларуская музычная восень», «Мінская вясна», «Я люблю балет», «Адраджэнне «Беларускай капэлы», конкурсы маладых музыкантаў-выканаўцаў, у т.л. з 1987 Рэсп. конкурс вакалістаў імя Л.Александроўскай, агляды, конкурсы, фестывалі самадз. маст. творчасці. Працуюць шматлікія калектывы маст. самадзейнасці (больш за 90 з іх маюць найменні народных і ўзорных). Актыўна прапагандуюць бел. музыку Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь на чале з М.Фінбергам, вак.-інстр. ансамбль «Сябры», мінскі духавы аркестр «Няміга», духавы аркестр «Фанфары Беларусі», фалькл. ансамблі «Ліцвіны», «Неруш», «Свята», «Бяседа», «Крэсіва» і інш. Муз. кадры ў горадзе рыхтуюць Бел. акадэмія музыкі і Рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж пры ёй, муз. вучылішча імя М.Глінкі, Бел. пед. ун-т, Бел. ун-т культуры, шматлікія муз. і агульнаадук. школы з муз. ухілам, артыстаў балета — Дзярж. харэаграфічны каледж, педагогаў, харэографаў і гісторыкаў балета — кафедра харэаграфіі Бел. акадэміі музыкі (з 1994).

Тэатральнае жыццё. Першыя звесткі пра тэатр. жыццё горада адносяцца да 1692 (паводле інш. звестак, да 1656), калі пры езуіцкім калегіуме існаваў Мінскі школьны тэатр. На людных месцах у М. наладжвалі паказы батлейкі. З 1770-х г. М. наведвалі польск., з 1840-х г. — пераважна рас. гастрольныя тэатр. калектывы. У канцы 18 ст. ў М. дзейнічалі прафес. трупы, у т.л. «Камедыйны тэатр» К.Жулкеўскага і Л.Марсанта, трупа А.Ш.Жукоўскага (у 1811—32 узначальваў мінскую антрэпрызу) і А.Главацкага, у 1802—05 — пастаянная оперна-драм. трупа, створаная М.Кажынскім. З 1845 тэатр. жыццё М. рэгулярна асвятлялася ў газ. «Минские губернские ведомости». Значнай падзеяй тэатр. жыцця М. стала пастаноўка Дуніна-Марцінкевіча тэатрам у 1852 п’есы «Сялянка» (муз. С.Манюшкі, К.Кжыжаноўскага). У 1911 у М. выступала Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. У 19 ст. тэатр. паказы адбываліся ў залах мужчынскай гімназіі, дома Гайдукевіча, у будынках Мінскага гарадскога тэатра, у ратушы (гл. Мінскі ратушны тэатр), у 1864—77 у Доме дваранскага сходу. З 1890 усе тэатр. выступленні адбываліся ў Мінскім гар. т-ры. Тэатр. сезон (зімовы) звычайна прадаўжаўся з вер.кастр. да лютага, на гэты час і фарміраваліся мясц. трупы. Наладжваліся летнія сезоны (у 1884—90 пастаянна), паказы адбываліся ў гар. садзе, летнім т-ры Сакалова і Фідэрфона, сямейным садзе «Цівалі».

У 1-й пал. 19 ст. ў М. працавалі польск. антрэпрызы А.Руткоўскага, Кажынскага, К.Скібінскага, В.Ашпергера, Я.Хелмікоўскага, В.Драздоўскага, у 2-й пал. 19 ст. — шматлікія рас. трупы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. гастраліравалі вядомыя рус. акцёры: В.Каратыгін, І.Гарбуноў, Ф.Камісаржэўскі, М.Дарскі, Г.Фядотава, браты Адэльгеймы, К.Варламаў, А.Яблачкіна, В.Камісаржэўская, Ю.Юр’еў, М.Дальскі, П.Арленеў і інш.; трупы т-раў пад кіраўніцтвам М.Ходатава, У.Меерхольда і Р.Унгерна, П.Гайдабурава і Н.Скарскай, эстрадны т-р «Крывое люстэрка», акцёры маскоўскіх т-раў Нязлобіна, Корша і інш. Са сваім нац. рэпертуарам выступалі ўкр. трупы пад кіраўніцтвам М.Старыцкага, М.Крапіўніцкага, П.Саксаганскага і інш., у пач. 20 ст.яўр. вандроўныя трупы. У М. дэбютавалі польск. акцёры І.Вяроўскі (1802) і Ашпергер (1808), рус. М.Савіна (Страмлянава) і В.Далматаў (Чудзін; сезон 1869/70) і інш. Ставіліся творы рус. (А.Астроўскі, А.Грыбаедаў, А.Пушкін, А.Талстой, А.Чэхаў, М.Горкі і інш.) і замежнай (У.Шэкспір, Ф.Шылер, Мальер і інш.) драматургіі. Наладжваліся і аматарскія спектаклі, у арганізацыі якіх прымаў актыўны ўдзел Я.Ходзька-Барэйка. З канца 1850-х г. прыкметнае месца ў тэатр. жыцці М. займаў аматарскі т-р. Працавалі драм. секцыі пры Мінскім муз.-літ. т-ве, Мінскім літ.-артыстычным т-ве, Мінскім т-ве аматараў прыгожых мастацтваў. Рабіліся захады да стварэння бел. нац. т-ра. З пач. 1-й сусв. вайны тэатр. жыццё М. заняпала. У 1915 наладжваліся паказы батлейкі з удзелам батлеечнікаў-шаўцоў Муравіцкага і Дамбіцкага. У 1916—21 асяродкам тэатр. жыцця быў клуб «Беларуская хатка». У лют. 1917 пачаўся масавы культ.-асв. рух, для кіраўніцтва якім у маі 1917 засн. Т-ва бел. культуры, рэарганізаванае ў бел. культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына». Шырокую дзейнасць разгарнула агульнанац. т-ва «Бел. вучнёўская грамада» (напачатку існавала як гурток бел. моладзі «Вянок»); з арганізаваных ёю гурткоў у М. найб. актыўна дзейнічалі ў 1919—20 драм. і харавы (гл. Драматычная секцыя беларускай вучнёўскай грамады). У крас. 1917 у гар. т-ры адкрылася Першае таварыства беларускай драмы і камедыі (узначаліў Ф.Ждановіч), рэарганізаванае ў маі 1918 у Бел. дзярж. т-р БНР на чале са Ждановічам, У.Галубком і У.Фальскім. У чэрв. 1918 у М. прыехаў з Вільні і арганізаваў сваю трупу Ф.Аляхновіч. У 1918 з гэтых калектываў утвораны Беларускі савецкі тэатр. У жн. 1919 — ліп. 1920 дзейнічалі 2 бел. т-ры: Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва і Бел. нац. т-р (былы Бел. дзярж. т-р БНР) пад кіраўніцтвам Тэатр. камісіі Бел. нац. к-та. Культ.-асв. работу праводзіў Беларускі рабочы клуб, дзе 10.8.1920 пачала сваю дзейнасць Трупа Галубка (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). У вер. 1920 у М. адкрыўся Бел. дзярж. т-р (гл. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), які стаў цэнтрам тэатр. жыцця горада. У 1920—30-я г. ў М. арганізаваны Мінскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР, Беларускі рабочы тэатр імя ЦСПСБ, ТРАМ беларускі, Тэатр юнага гледача БССР. У М. знаходзілася асн. база вандроўных т-раў — Польскага дзяржаўнага вандроўнага тэатра БССР, Тэатра саўгасрабочых (1927—33). У 1930—32 працаваў Беларускі тэхнікум сцэнічнага мастацтва. У 1938 створана рэсп. Тэатральнае вучылішча. У пач. 1920-х г. у М. набылі размах агітац. формы самадз. мастацтва: наладжваліся масавыя дзействы з удзелам вял. колькасці прафес. і самадз. акцёраў, рабочых, чырвонаармейцаў («Праца і капітал», «Гапонаўшчына»); створаны калектывы «Сіняй блузы» — Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі, клубаў К.Маркса і Р.Люксембург, саюза друкароў. Для кіраўніцтва маст. самадзейнасцю ў М. створаны дамы нар. творчасці — рэсп. ў 1937 і абласны ў 1939. З пач. Вял. Айч. вайны т-ры М. спынілі сваё існаванне. Бел. першы дзярж. т-р і Дзярж. яўр. т-р БССР знаходзіліся ў эвакуацыі. Працаваў Мінскі гар. т-р, арганізаваны з акцёраў розных т-раў. Пасля вызвалення М. ад ням.-фаш. захопнікаў аднавілі дзейнасць тэатр. калектывы, што вярнуліся з эвакуацыі. Вядучае месца ў тэатр. жыцці М. належыць Нац. акад. т-ру імя Я.Купалы (аднавіў дзейнасць у снеж. 1944). У 1946—49 працаваў Дзярж. яўр. т-р БССР, у 1949—56 — Тэатр драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе. У 1947 з Гродна пераведзены Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі (з 1999 Нац. акад. драм. т-р імя М.Горкага). У 1950 у М. аднавіў сваю дзейнасць Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. У 1956 адкрыты Бел. рэсп. т-р юнага гледача (гл. Тэатр юнага гледача Рэспублікі Беларусь). У 1980—90-я г. створаны Тэатр-студыя кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм», Дзяржаўны маладзёжны тэатр Рэспублікі Беларусь, т-р сатыры і гумару «Хрыстафор», Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Мінскі малы тэатр, Мінскі драматычны тэатр «Дзе-Я?», бел. паэт. т-р аднаго акцёра «Зьніч», Альтэрнатыўны т-р, т-р пластычнага гратэску «Жэст». Дзейнічаюць антрэпрызы «Тэатральныя зоркі», «Віртуозы сцэны» і інш.

Кадры для т-раў рэспублікі рыхтуе Бел. акадэмія мастацтваў. З 1946 працуе рэсп. творчая арг-цыя Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі, з 1963 — клуб тэатр. дзеячаў Дом работнікаў мастацтваў. У М. дзейнічаюць шматлікія самадз. калектывы, у т.л. народныя. У 1980-я — пач. 1990-х г. працавалі т-ры-студыі (гл. Тэатр-студыя). Праводзіліся рэсп. агляды, дэкады, фестывалі самадз. і прафес. мастацтва, у т.л. міжрэсп. Прыбалтыкі і Беларусі «Тэатральная вясна-87», міжнар. «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (1991), «Фестываль сяброў» т-ра імя Я.Купалы і польск. Беластоцкага т-ра імя А.Венгеркі (1993), фестывалі т-раў лялек рэсп. (1-ы ў 1981), міжрэсп. Прыбалтыкі і Беларусі (1974) і міжнар. (1990, 1993, 1996, 1999), міжнар. фестывалі монаспектакляў «Я» (1993, 1996 і 1998). У М. адбываюцца гастролі т-раў інш. краін.

Фізічная культура і спорт. Першыя спарт. т-вы ў М. створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст.: Мінскае т-ва аматараў спорту (1892), філіялы т-ваў «Сокал» (1911), «Санітас» (1913). Першыя спарт. спаборніцтвы праведзены па веласіпедным спорце (1896), барацьбе і падыманні цяжару (1913—14). У 1924 у М. праведзена 1-е Усебел. свята фізкультуры, у 1945—1-я Усебел. спартакіяда. У 1929 засн. тэхнікум фіз. культуры (з 1937 Бел. ін-т фіз. культуры, з 1993 Акадэмія фізічнага выхавання і спорту). Дзіцяча-юнацкія спарт. школы працуюць з 1945. М. — адзін з гарадоў Алімпіяды-80. Кіраўніцтва развіццём фіз. культуры і спорту ажыццяўляецца Мін-вам спорту і турызму Беларусі, Нацыянальным алімпійскім камітэтам (створаны ў 1991), рэсп. федэрацыямі (больш за 90) па асобных відах спорту. У горадзе і прыгарадах пабудаваны і эксплуатуюцца буйныя спарт. комплексы: алімп. база «Стайкі» (1947), стадыёны «Дынама» (1934), «Трактар» (1968), спарт.-стралковы (1971) і інш., Мінскі палац спорту (1966), воднаспартыўны камбінат (1967), конна-спарт. комплекс «Ратамка» (1970), рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы» (1974), крыты каток «Юнацтва» (1976), Палац лёгкай атлетыкі (1977), Палац тэніса (1978), спарт. комплекс «Дынама» (1978), рэсп. Палац шахмат і шашак (1985), Лядовы палац спорту (1998) і інш. У М. праводзяцца чэмпіянаты свету, Еўропы, інш. буйныя міжнар. спаборніцтвы. З 1967 працуе Рэсп. навук.-метадычная б-ка па фіз. культуры. Выдаецца шмат спарт. перыядычных выданняў, у т.л. «Прессбол», «Спортивная панорама» і інш.

Літ.:

Гісторыя Мінска. М., 1967;

Минск: Краткая хроника (ноябрь 1917—1966). Мн., 1967;

Минск и окрестности: Справ.-путеводитель. Мн., 1979;

Минск: Энцикл. справ. 2 изд. Мн., 1983;

Загорульский Э.М. Возникновение Минска. Мн., 1982;

Мінск на старых паштоўках (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1984;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Мінск. Мн., 1988;

Сыракомля У. Мінск: Беглы агляд сучаснага стану Мінска. Мн., 1992;

Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус. Мн., 1994;

Пазняк З.С. Рэха даўняга часу. Мн., 1985;

Лакотка А.І. Сілуэты старога Мінска: Нарысы драўлянай архітэктуры. Мн., 1991;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн., 1983—87;

Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;

Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990;

Музычны тэатр Беларусі. Мн., 1993—97;

Белорусская музыка 1960—1980 гг: Мн., 1997;

Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;

Тэатры Мінска: [Альбом]. Мн., 1973;

Лисневский И.Е. В театр иду, как в храм. Мн., 1997;

Тэатры Беларусі. Мн., 1998;

Калубовіч А. На крыжовай дарозе: Творы з эміграцыі. Мн., 1994. С. 178—261.

І.Я.Афнагель (гаспадарка), Э.Р.Самусенка (экалогія), А.В.Скараход (гісторыя), Т.І.Чарняўская, Л.А.Есьман (архітэктура і горадабудаўніцтва), Э.А.Вальчук (ахова здароўя), Г.І.Дайлідава (друк, радыё, тэлебачанне), І.У.Саламевіч, М.І.Мушынскі (літаратурнае жыццё), Л.Дз.Налівайка, Л.Ф.Салавей (мастацкае жыццё), А.Л.Капілаў, Б.С.Смольскі (музычнае жыццё), Дз.У.Стэльмах (тэатральнае жыццё), А.М.Петрыкаў (фізічная культура і спорт).

Да арт. Мінск Плошча Перамогі.
Да арт. Мінск. Плошча імя Я.Коласа.
Да арт. Мінск. Пячатка-пломба з выявай князя Глеба.
Замчышча Мінска. Здымак пач. 20 ст.
Залаты бранзалет 12 ст. з раскопак замчышча ў Мінску.
План Мінска. 1797.
Гістарычны цэнтр Мінска. Вуліца Ракаўская.
Вуліца Захар’еўская. (цяпер праспект Ф.Скарыны) у Мінску. Здымак пач. 20 ст.
Від на Мінск з Саборнай плошчы. Фота пач. 20 ст.
Від на вуліцу Леніна з боку плошчы Свабоды ў Мінску. 1930.
Цэнтральная частка Мінска, разбураная нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941.
Вуліца Няміга ў Мінску. 1948.
Панарама Мінска. З гравюры 19 ст.
Да арт. Мінск. Будынкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Да арт. Мінск. Забудова праспекта Скарыны.
Да арт. Мінск. Канцэртная зала «Мінск».
Да арт. Мінск. Панарама плошчы Перамогі.
Панарама Мінска.
Да арт. Мінск. Помнік Ефрасінні Полацкай. 1999. Скульптар І.Голубеў.
Да арт. Мінск. Жылы дом па вуліцы Варвашэні.
Да арт. Мінск. Жыллёвы комплекс для беларускіх спартсменаў.
Да арт. Мінск. Храмавы комплекс памяці ахвяр Чарнобыльскай катастрофы па вуліцы Прытыцкага.
Да арт. Мінск. Востраў мужнасці і смутку з храмам-помнікам «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» (злева), справа — фрагмент забудовы Траецкага прадмесця.
Помнік А.С.Пушкіну ў Мінску.
Да арт. Мінск. 1 — панарама ў раёне праспекта П.Машэрава; 2, 3 — набярэжная р. Свіслач у раёне парку імя Я.Купалы; 4 — галоўны ўваход у Цэнтральны батанічны сад Нац. АН Беларусі; 5 — у адным з кветнікаў Цэнтральнага батанічнага сада; 6 — штучны вадаём у адным з куткоў Цэнтральнага батанічнага сада.
Да арт. Мінск. Цымбальны ансамбль Мінскага музычнага вучылішча імя М.І.Глінкі.
Да арт. Мінск. Танцавальнае трыо студэнтак Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Беларусі.
Да арт. Мінск. Дзяржаўны маладзёжны тэатр эстрады.
Да арт. Мінск. Фальклорны гурт «Ліцвіны».
Да арт. Мінск. Спектакль «П’ерэта» ў Дзяржаўным акадэмічным рускім драматычным тэатры Беларусі.
Да арт. Мінск. Спектакль «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я.Купалы.

т. 10, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)