КІТА́ЙЦЫ (саманазва хань, ханьжэнь),

народ, асн. насельніцтва Кітая (больш за 1,093 млрд. чал.). Агульная колькасць каля 1,125 млрд. чал. (1992). Жывуць таксама ў Тайландзе (6,3 млн. чал.), Малайзіі (6,1 млн. чал.), Інданезіі (6,13 млн. чал.) і інш. Гавораць на кітайскай мове. Вернікі будысты, даасісты, канфуцыянцы, ёсць і хрысціяне. Гл. таксама раздзел Насельніцтва ў арт. Кітай.

т. 8, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙРА́ЦКАЕ ХА́НСТВА, Джунгарскае ханства,

феадальная дзяржава айратаў (група зах.-манг. народаў) у Джунгарыі (ч. тэр. сучаснага Паўн.-Зах. Кітая) у 17—18 ст. Склалася ў 1630-я г. ў выніку аб’яднання айрацкіх княстваў. Узмацнілася пры Батуры-хунтайджы [1635 — каля 1660]. З 1670-х г. вяло войны з маньчжурскімі феадаламі. У 1757—58, аслабленае працяглай феад. усобіцай, заваявана кітайскай дынастыяй Цын.

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ СІНЬ (сапр. Чжоў Шужэнь; 25.9.1881, г. Шаасін, Кітай — 19.10. 1936),

кітайскі пісьменнік, публіцыст і літ.-знавец. Скончыў Горна-чыг. вучылішча ў Нанкіне (1902), вывучаў медыцыну ў Японіі. У 1919—20 праф. Пекінскага ун-та. Літ. творчасць пачаў з рэаліст., антыфеад. аповесцей «Дзённік вар’ята» (1918), «Праўдзівая гісторыя А-К’ю» (1921). Пісаў апавяданні (зб-кі «Вокліч», 1923; «Блуканні», 1926), вершы ў прозе (зб. «Дзікія травы», 1927). Асн. тэмы твораў — жыццё простых людзей і лёс кіт. інтэлігенцыі. Аўтар сатырыка-гераічных казак «Старыя легенды, расказаныя па-новаму» (1936), кніг публіцыстыкі «Вось і ўсё» (1928), «Іншадумец» (1932), «Пра лжэсвабоду» (1933), літ.-знаўчых прац «Кароткая гісторыя кітайскай апавядальнай прозы» (1923), «Нарыс гісторыі кітайскай літаратуры» (выд. 1938). Перакладаў зах.-еўрап. і рус. пісьменнікаў. На бел. мову яго асобныя творы пераклаў Л.​Салавей.

Тв.:

Бел. пер. — Апавяданні. Мн., 1956;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1954—56;

Избранное. М., 1989.

Літ.:

Позднеева Л. Лу Синь: Жизнь и творчество. М., 1959;

Петров В. Лу Синь. М., 1960.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Лу Сінь.

т. 9, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дунга́не, ‑ган; адз. дунганін, ‑а, м.; дунганка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. дунганкі, ‑нак; ж.

1. Найбольш шматлікая група кітайскай народнасці хуэй, якая жыве ў Паўночна-Заходнім Кітаі.

2. Народнасць, якая жыве ў Казахскай і Кіргізскай ССР і гаворыць на дунганскай мове (перасялілася ў 19 ст. з Кітая).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГУАНЬДЗІ́, Гуань Юй, Гуань Юньчан,

у кітайскай міфалогіі і познім афіц. кульце бог вайны і багацця, апякун вучоных і літаратараў. Яго правобразам быў рэальны Гуань Юй, які жыў у 160—219, праславіўся адвагай і вернасцю свайму правіцелю. Пазней атрымаў тытул вернага і мудрага князя, сапраўднага ўладыкі, які прыносіць мір. Храмавыя выявы Гуаньдзі паказваюць яго седзячы з кнігай Канфуцыя «Вёсны і Восені» ў руках. Яго выявы вывешвалі ў воінскіх шатрах, салдаты насілі іх як талісманы. Вядома каля 1600 дзярж. храмаў Гуаньдзі.

Гуаньдзі ў адзенні гасудара разглядае скаргу. Старажытны народны лубок.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНКІ́НСКІ ДАГАВО́Р 1842.

Падпісаны 29.8.1842 у г. Нанкін (Кігай) прадстаўнікамі кіт. і брыт. ўрадаў аб сканчэнні англа-кітайскай вайны 1840—42. Першы з серыі нераўнапраўных дагавораў паміж Кітаем і развітымі дзяржавамі Захаду. Паводле Н.д. кіт. ўлады адчынялі для англ. гандляроў парты Гуанчжоў, Сямынь (Амой), Фучжоў, Нінбо і Шанхай; усталёўваліся выгадныя для брыт. падданых мытныя падаткі; в-аў Сянган (Ганконг) адыходзіў да брыт. кароны. У 1843 Вялікабрытанія прымусіла Кітай падпісаць дадатковае пагадненне да Н.д., паводле якога атрымала правы на канцэсіі і экстэрытарыяльнасць для сваіх грамадзян у Кітаі.

т. 11, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАКАНФУЦЫЯ́НСТВА,

кірунак у кітайскай філасофіі. Узнік у перыяд панавання дынастыі Сун (960—1279) на глебе аднаўлення традыц. канфуцыянства і яго тэарэт. абгрунтавання дуалістычнай касмагоніяй і філас. антрапалогіяй. Сфарміраваўся ў працэсе барацьбы з будыйскімі філас. школамі, значны ўплыў на яго зрабілі касмаганічныя тэорыі даасізму і погляды школы чань (японская дзэн). З 10 ст. ў канфуцыянстве, якое з канца эпохі Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) абмяжоўвалася выключна тлумачэннем і каменціраваннем стараж. канфуцыянскіх тэкстаў, вырасла цікавасць да пытанняў анталогіі, натурфіласофіі і касмагоніі. Мысліцелі Чжоў Дуньі і Чжан Цзай пры разглядзе праблемы ўзнікнення сусвету схіляліся да матэрыяліст. іх вырашэння (вучэнне пра «ці» як першаматэрыю). Адначасова інш. мысліцелі (Чэн Хао і Чэн І) спрабавалі даць тэарэт. абгрунтаванне традыц. канфуцыянскай этыцы, заснаванае на прынцыпах дуалізму з выразнымі ідэаліст. тэндэнцыямі («лі» — розум, зразумелы як «агульны прынцып» рэчы, яе форма; «ці» — матэрыя, зразумелая як субстанцыя рэчы). Погляды папярэднікаў абагульніў і развіў Чжу Сі. Ён прызнаваў «лі» першасным, а «ці» другасным пачаткам, стварыў дуалістычную касмагонію панпсіхічнага толку (гл. Панпсіхізм) і заснаваў на ёй філас. антрапалогію, паводле якой спалучэнне «лі» і «ці» знаходзіць у чалавеку сваё поўнае ўвасабленне. Гэтую канцэпцыю ён зрабіў зыходным пунктам інтэрпрэтацыі канфуцыянскіх тэкстаў і стаў стваральнікам Н., якое было прынята як афіц. ідэалогія Кітайскай імперыі і захавала пануючае становішча ў філас. і грамадска-паліт. думцы Кітая да пач. 20 ст.

Літ.:

Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;

Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Пробл. идеологии. М., 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ігніпункту́ра

(ад лац. ignis = агонь + punctura = укол)

1) спосаб лячэння бародавак, мазалёў і некаторых пухлін прыпяканнем распаленым металам;

2) метад кітайскай народнай медыцыны; прыпяканне скуры ў пэўных пунктах тлеючымі палачкамі з сухога палыну.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПЕКІ́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1860,

дагаворы, навязаныя Кітаю ў выніку яго паражэння ў англа-франка-кітайскай вайне 1856—60 і падпісаныя ў Пекіне. 1) Англа-кіт. канвенцыя аб міры. Падпісана 24 кастр. У дадатак да Цяньцзіньскіх дагавораў 1858 Кітай абавязваўся выплаціць Вялікабрытаніі 8 млн. лян кантрыбуцыі, адкрыць для яе гандлю г. Цяньцзінь, даць брыт. падданым права вербаваць кітайцаў для працы па-за межамі краіны, уступіць Вялікабрытаніі ч. п-ва Цзюлун (Каўлун).

2) Франка-кіт. канвенцыя аб міры. Падпісана 25 кастр. Паводле яе Францыя атрымала тыя ж правы ў Кітаі і такую ж кантрыбуцыю, што і Вялікабрытанія; франц. місіянеры атрымалі права набываць зямлю для сваіх місій ва ўсіх правінцыях Кітая.

т. 12, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ПЭН (н. ў кастр. 1928, г. Чэнду, Кітай),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Кітая. Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1955). У 1955—66 гал. інжынер, дырэктар электрастанцый, з 1966 нач. Пекінскага электраэнергет. ўпраўлення. У 1979—83 нам., міністр электраэнергетыкі, 1-ы нам. міністра воднай гаспадаркі і электраэнергет. прам-сці. З 1983 нам., у 1988—98 прэм’ер Дзяржсавета Кітайскай Нар. Рэспублікі. Адзін з ініцыятараў задушэння сілай у чэрв. 1989 студэнцкіх выступленняў на пл. Цяньаньмэнь у г. Пекін. З сак. 1998 старшыня Пастаяннага к-та Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў. Чл. Палітбюро ЦК Камуніст. партыі Кітая (КПК) з 1985 і Пастаяннага к-та ЦК КПК з 1987. У 1995 наведаў з афіц. візітам Беларусь.

т. 9, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)