адна з форм нац.-вызв. барацьбы працоўных супраць акупац. рэжыму і нац. ўціску на анексіраваных бел. землях, якія адышлі да Польшчы паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921. Найб. яго ўздым у 1921—25. Сац. склад партыз. атрадаў: сяляне, бежанцы-чырвонаармейцы, вясковая інтэлігенцыя, рамеснікі. Там, дзе партыз. рухам кіравалі камуністы (Палессе, Навагрудчына, Віленшчына), ён меў класавы, антыпамешчыцкі характар, быў больш арганізаваны. Кіраўнікі: К.П.Арлоўскі, С.А.Ваўпшасаў, В.З.Корж, А.М.Рабцэвіч і інш. Асобныя партыз. кіраўнікі карысталіся крыптанімам атамана Мухі-Міхальскага. У раёне Белавежскай пушчы дзейнічала партыз. злучэнне Г.Шыманюка (паводле некат. звестак левы эсэр), якое выдавала газ. «Беларускі партызан»; на Гродзеншчыне атрады — Разумовіча. Агульнае кіраўніцтва гэтымі фарміраваннямі ажыццяўляў ЦКБеларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў з Коўна. У 1922 праведзена 878, у 1923—503 партыз. аперацыі. У сувязі з ростам партыз. руху ў асобных паветах Зах. Беларусі польскімі ўладамі ў 1923—24 абвешчана асаднае становішча, уводзіліся надзвычайныя ваенна-палявыя суды. III канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прыняла рашэнне пра спыненне партыз. руху. У 1930-я г. ў Навагрудскім. і Палескім ваяв. адбыліся ўзбр. выступленні сялян, якія не набылі размаху. У сувязі з уступленнем Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939 П.р. месцамі праявіўся ў Гродзенскім, Драгічынскім, Пінскім пав.
Літ.:
Сорокин А.А. Освободительное и революционное крестьянское движение в Западной Белоруссии (1920—1939 гг.). Мн., 1970;
Ладысеў У. Шлях да свабоды: З гісторыі рэв.-вызв. руху ў Заходняй Беларусі ў 1919—1939 гг.Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНЬКЕ́ВІЧ (Рамуальд Сымонавіч) (1.2.1811, Завілейскі пав. Віленскай губ. — 11.9.1868),
бел. фалькларыст і этнограф, археолаг, педагог. Скончыў Віленскі ун-т (1830). Настаўнічаў у прыватных дамах, Росенскай пав. школе, у доме кн. Друцкіх-Любецкіх у Луніне на Піншчыне, дзе карыстаўся іх багатай б-кай. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру народа — запісваў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі. У нарысе «Народныя песні, сабраныя на Піншчыне і перакладзеныя Р.Зянькевічам» (1847) апублікаваў і класіфікаваў паводле нар. календара творы калядныя, вясновага і летняга цыклаў. У зб. «Народныя песні Піншчыны» (Коўна, 1851) змясціў 219 песень пераважна вясельных, калядных, купальскіх, жніўных і інш. Зрабіў апісанне некат. абрадаў (упершыню шырока абрад «Куста»), вераванняў, гульняў, а таксама некат. відаў вясковай працы. На агульнаслав. фоне даследаваў побыт, норавы, звычаі, фальклор, закранаў пытанне генезісу нар. песень у працы «Пра ўрочышчы і звычаі жыхароў Піншчыны, а таксама пра характар іх песень» (1852—53). У Ашмянскім пав. рабіў абмеры курганоў і гарадзішчаў, апісваў іх выгляд, прывёў мясц. назвы, нар. паданні пра іх у працы «Пра курганы і гарадзішчы Ашмянскага павета» (1848). Стварыў археал. карту Ашмянскага пав. Вывучаў Крэўскі замак, легенды пра яго. Пісаў вершы (зб. «Рыфмаваныя спробы», Вільня, 1856), даследаваў польскую л-ру, праблемы педагогікі. Паасобныя рукапісы З. ў аддзеле рукапісаў Б-кі АН Літвы ў Вільнюсе.
Літ.:
Каратынскі В. Рамуальд Зянькевіч // Творы. 2 выд.Мн., 1994;
Каханоўскі Г. Пінская барва ў славянскай вясёлцы // Мастацтва Беларусі. 1986. № 6;
□в. За́раслі Круп., х. Зараслі Мядз. (Лемц. Айк.), ур. Крышанова зарасць (поле) каля в. Шаламы Слаўг.
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
ВАРО́НКА (Язэп) (Іосіф Якаўлевіч; 17.4.1891, Сакольскі пав. Гродзенскай губ. — 4.6.1952),
бел.паліт. дзеяч, журналіст, публіцыст. У 1909—14 вольнаслухач Пецярбургскага ун-та. У пач. 1917 уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, з чэрв. 1917 чл. яе ЦК. Уваходзіў у склад Асобай нарады па выпрацоўцы палажэння аб выбарах ва Усерас. Устаноўчы сход, быў чл. Бюро Савета нац.сацыяліст. партый Расіі. Удзельнічаў у рабоце Дзярж. нарады (жн. 1917, Масква). У прамове на Усерас.дэмакр. нарадзе (вер. 1917, Петраград) ад імя Цэнтр. рады бел. арг-цый выказаўся супраць урадавай кааліцыі сацыяліст. партый з буржуазнымі. Уваходзіў у склад Часовага савета Рас. рэспублікі (Перадпарламента). Да снеж. 1917 старшыня к-таБел.т-ва ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. На 2-й сесіі Цэнтр. рады бел. арг-цый (кастр. 1917, Мінск) падтрымаў прапановы пра ўстанаўленне аўтаноміі Беларусі явачным парадкам. Адзін з кіраўнікоў Усебел. з’езда 1917 у Мінску. У лют. — ліп. 1918 старшыня Народнага сакратарыята Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Рэдагаваў газ. «Белорусская земля», час. «Варта». З канца 1918 арыентаваўся на Літоўскую тарыбу, разглядаючы яе як натуральнага саюзніка ў барацьбе за бел. дзяржаўнасць; у снеж. 1918 — крас. 1920 міністр бел. спраў і чл. кабінета міністраў Літвы. Лідэр Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, з ліст. 1922 старшыня т-ва «Беларуская грамада ў Каўнасе». Аўтар гіст.-публіцыстычных брашур, у якіх абагульняў асн. факты з гісторыі бел.нац. руху ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны, аналізаваў тагачаснае паліт. становішча. У 1923 выехаў у Чыкага (ЗША). Адзін з пачынальнікаў бел.паліт. руху ў ЗША. Узначальваў Бел.-Амерыканскую нац. асацыяцыю, выдаваў газ. «Белорусская трибуна».
Тв.:
Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции: Ист.-полит. очерк. Ковна, 1919;
Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд.Коўна, 1920. Рэпрынт. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Януш) (2.12.1612, мяст. Попель Вільнюскага пав., Літва — 31.12.1655),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын К.Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Вызнаваў кальвінізм. Вучыўся ў кальвінісцкай Слуцкай гімназіі, Лейпцыгскім, Альдорфскім і Лейдэнскім ун-тах. У 1633—46 падкаморы ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 удзельнічаў у баях за Смаленск. З 1646 польны гетман ВКЛ, адначасова ў 1647—53 генеральны староста Жамойці. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 са студз. 1649 узначальваў войска ВКЛ па задушэнні паўстанняў на Беларусі: у студз.—лют. 1649 узяў Тураў, Мазыр (гл.Мазырскае паўстанне 1649), схіляў мяшчан Бабруйска здаць горад (гл.Бабруйска абарона 1649); у ліп. 1649 заняў Рэчыцу, атрымаў перамогі ў Лоеўскай бітве 1649 і Лоеўскай бітве 1651, 4.8.1651 заняў Кіеў. У сак. 1652 з-за рознагалосся з каралём Р. упершыню ў гісторыі Рэчы Паспалітай сарваў сейм, даручыўшы сваім прыхільнікам выкарыстаць права ліберум вета. З 1653 віленскі ваявода, з 1654 — вялікі гетман ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. 12.8.1654 перамог пад Шкловам армію Я.Чаркаскага, а 24.8.1654, акружаны пад Шапялевічамі, пацярпеў паражэнне ад арміі А.М.Трубяцкога, сам быў паранены. У студз. 1655 спрабаваў адбіць Магілёў. Пасля заняцця рас. войскам улетку 1655 б.ч. Беларусі, а таксама Вільні і Коўна, стаў ініцыятарам заключэння Кейданскага дагавора 1655. Аднак напярэдадні падпісання дагавора значная частка яго войска адышла да мяжы з Прусіяй і ўтварыла ў Вярболаве канфедэрацыю прыхільнікаў уніі з Польшчай і караля Яна Казіміра. Супраць іх у ліст. 1655 Р. з невял. сваім войскам і шведскімі атрадамі рушыў у паход на Падляшша. Заняў г. Тыкоцін, дзе раптоўна памёр (існуе версія, што быў атручаны).
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСТО́ЎСКІ (Вацлаў Юсцінавіч) (8.11.1883, засценак Калеснікаў Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 23.1.1938),
бел. грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, філолаг, этнограф, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнавец. Чл.-кар.Укр. акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акад.АН Беларусі (1928). У 1906—08 чл.Беларускай сацыялістычнай грамады. З сак. 1909 у Вільні. У 1909—14 рэдакцыйны сакратар газ.«Наша ніва», рэдагаваў час.«Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газ.«Гоман» (1916—17). Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» (1915). У 1918—19 чл.Віленскай беларускай рады, у сак. 1918 кааптаваны ад яе ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у абвяшчэнні 25.3.1918 незалежнасці БНР. У ліст. 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 узначаліў Бел. прадстаўніцтва пры Літ. Тарыбе, потым бел. аташэ пры літ. пасольстве ў Берліне. З 1919 чл.Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Яе прыхільнікі ў снеж. 1919 стварылі Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у якой Л. ўзначаліў Кабінет Міністраў. 17.12.1919 арыштаваны польск. акупац. ўладамі. Вызвалены ў лют. 1920, пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т.Грыбам, К.Дуж-Душэўскім, А.Цвікевічам і інш. ўвайшоў у Камітэт замежных груп беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху супраць польск. акупантаў. 20.10.1920 на бел. канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Л. створаны блок бел. партый для барацьбы супраць сав. улады і польск. акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаннямі па пытаннях тактыкі К-та замежных груп і ЦК БПСР (П.Бадунова, Я.Мамонька) на з’ездзе БПС-Р у Мінску ў снеж. 1920 выключаны з партыі бел. эсэраў, якія на сав. тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі сав. ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). У 1920—23 наведаў Бельгію, Германію, Швейцарыю, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю і інш., выступаў за правы бел. народа, асабліва ў Зах. Беларусі. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў Літвы, выдаваў час. «Крывіч» (1923—27), надрукаваў некалькі падручнікаў. Запрошаны Інбелкультам на акад. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу і азбукі (ліст. 1926), на якой выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. У крас 1927 пераехаў у БССР: дырэктар Бел.дзярж. музея, заг. кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. З 1927 правадз.чл. Інбелкульта, неадменны сакратар Бел.АН (1928—29). За публікацыю арт. Я.Станкевіча «Дыспалаталізацыя ў беларускай мове» (1928) пастановамі СНКБССР 20.11.1929 вызвалены з пасады неадменнага сакратара Бел.АН, 6.12.1930 пазбаўлены звання акадэміка. 21.7.1930 арыштаваны Томскім ДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУСССР 10.4.1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў заг. аддзела рэдкіх рукапісаў б-кі Саратаўскага ун-та. Паўторна арыштаваны 20.8.1937. Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР 23.1.1938 «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1988, па 2-м — у 1958. Друкаваўся з 1909 (псеўд. Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Пагашчанін, Ю.Сулімскі і інш.). У навук. працы «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910, перавыд. 1992) канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нац. гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай ніве» і ў газ. «Гоман» змясціў шэраг артыкулаў па гіст. Беларусі. У пач. 1920-х г. працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі» (захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтр.навук. б-кі АН Літвы). Даследаваў стараж.-бел. л-ру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. Аўтар гіст. аповесці «Лабірынты» (1923), сцэнічнага эпізоду з жыцця Ф.Скарыны («Адзінокі», 1923). Апрацоўваў гіст. легенды. Выдаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924). У 1925 апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С.Палуяна, П.Багрыма, Ц.Бычкоўскага, К.Каліноўскага, В.Цяпінскага і інш., успамінаў пра М.Багдановіча, Я.Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рус. (А.Талстой), англ. (Р.Кіплінг, Б.Мэон), польск. (Э.Ажэшка, А.Валодзьскі, К.Тэтмаер), дацкай (Х.К.Андэрсен) і інш. моў.
Літ.:
Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі. Мн., 1995.
Я.Я.Янушкевіч.
В.Ю.Ластоўскі.Вокладка кнігі В.Ю.Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДА БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ, Рада БНР. Створана 18.3.1918. Складалася з членаў Рады Усебеларускага з’езда 1917, якая на сходзе дэлегатаў з’езда (18.12.1917 у Мінскім дэпо Лібава-Роменскай чыгункі) была прызнана «найвышэйшай установай краю». У адпаведнасці з пастановай гэтага сходу папоўнена прадстаўнікамі гарадоў, земстваў і нац. меншасцей. 19.3.1918 Рада прыняла палажэнне аб вярх. уладзе Беларускай Народнай Рэспублікі, у якім абвяшчалася, што ні адзін закон не будзе мець сілы без зацвярджэння яго Радай БНР. 27.3.1918 Рада абвясціла, што бярэ на сябе паўнату ўлады на Беларусі. Пасля кааптацыі членаў «Менскага беларускага прадстаўніцтва» (12.4.1918) Рада стала адзіным цэнтрам бел. незалежніцкага руху. Вакол яе на антыбальшавіцкім і антысав. грунце гуртаваліся паліт., прафес. і рэліг. арг-цыі нац. меншасцей. Колькасны склад Рады вагаўся ў залежнасці ад паліт. абставін. Рада фарміравала ўрад БНР (гл.Народны сакратарыят Беларусі, Рада народных міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі). У перыяд паміж пленарнымі пасяджэннямі працаваў Прэзідыум Рады БНР, у складзе Рады дзейнічалі камісіі. Старшынямі Рады БНР былі Я.Серада (да чэрв. 1918) і Я.Лёсік. Адносіны ням.акупац. улад да Рады БНР вагаліся ад варожых да цярпімых, аднак урад Германіі не прызнаў Раду і ўрад БНР афіцыйна. Разглядаючы Беларусь як частку Расіі, ням. ўлады не давалі Радзе БНР магчымасці стварыць армію, паліцыю, суд і інш.дзярж. інстытуты. Дзейнасць Рады абмяжоўвалася сферамі асветы, культуры і часткова гаспадаркі. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі і наступлення Чырв. Арміі Рада БНР па дамоўленасці з Літоўскай Тарыбай 12.1918 пераехала ў Вільню, а 27.12.1918 — у Гродна. Пасля акупацыі значнай часткі тэр. Беларусі польск. войскамі дзейнасць Рады была спынена. Яе дзейнасць аднавілася восенню 1919. У выніку барацьбы паміж с.-д. кіраўніцтвам Рады і апазіцыйнымі да яго Беларускай партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускай партыяй сацыялістаў-федэралістаў, якія вінавацілі А.Луцкевіча, Лёсіка і інш. у паланафільстве, 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі (старшыня Лёсік) і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі (старшыня П.Крачэўскі). Ганенні з боку польск. акупац. улад прымусілі дзеячаў Нар. рады эмігрыраваць у Рыгу. У канцы 1920 Найвышэйшая рада спыніла сваю дзейнасць і прызнала Нар. раду адзіным паўнамоцным прадстаўніком бел. народа. Нар. рада стала называцца Радай БНР. Пасля заключэння паміж БНР і Літвой дагавора аб узаемным прызнанні і супрацоўніцтве Рада БНР у ліст. 1920 пераехала ў Коўна (Каўнас). Адзіным паўнамоцным прадстаўніцтвам суверэнных правоў бел. народа Раду БНР прызнала Першая Усебеларуская канферэнцыя (1921, Прага). Нежаданне Прэзідыума Рады БНР прызнаць правы Літоўскай Рэспублікі на Вільню прывяло да абвастрэння супярэчнасцей паміж Радай і ўрадам Літвы. У ліст. 1923 Рада БНР пераехала з Коўна ў Прагу. Прэзідыум Рады адхіліў пастановы ўрада БНР і Другой Усебеларускай канферэнцыі (1925, Берлін) аб прызнанні Мінска адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі. Пасля смерці Крачэўскага старшынёй Рады БНР стаў В.Захарка, які ў 1943 перадаў свае паўнамоцтвы М.Абрамчыку. У 1945 члены Рады пераехалі ў зах. зоны акупацыі Германіі. У лют. 1948 Рада спец. маніфестам абвясціла пра аднаўленне сваёй дзейнасці, а ў крас. 1948 адбыўся з’езд членаў Рады і прадстаўнікоў новай хвалі бел.паліт. эміграцыі, на якім Абрамчык стаў прэзідэнтам Рады БНР. Рэзідэнцыяй Рады БНР былі Парыж (да 1970), Таронта (да 1983), потым Нью-Йорк. Пасля смерці Абрамчыка (1970) прыняты новы статут, паводле якога аднаўлялася пасада старшыні Рады БНР з 6-гадовым тэрмінам паўнамоцтваў. Старшынёй Рады быў абраны В.Жук-Грышкевіч. У 1982—97 Раду ўзначальваў Я.Сажыч, які браў удзел у святкаванні ў Мінску 75-й гадавіны з дня абвяшчэння незалежнасці БНР. Ён выказаў меркаванне, што мандат Рады БНР будзе перададзены ўраду Рэспублікі Беларусь, сфарміраванаму дэмакратычна абраным Вярх. Саветам. У ліп. 1993 3-я Усебел. канферэнцыя прызнала пастанову 2-й Усебел. канферэнцыі гіст. памылкай і заклікала Раду БНР не складваць свае паўнамоцтвы на карысць урада Рэспублікі Беларусь. У 1997 старшынёй Рады БНР абрана І.Сурвіла. Былі прыняты захады па стварэнні бел. лобі ў кангрэсе ЗША. Паколькі бел. эміграцыя традыцыйна галасуе за Рэсп. партыю, у пач. 2001 Прэзідыум Рады БНР вырашыў актывізаваць супрацоўніцтва з органамі выканаўчай улады ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДРЫГА́ЙЛЫ ПАЎСТА́ННЕ 1432—39,
прынятая ў гістарыяграфіі назва феад. вайны ў ВКЛ, у якую былі ўцягнуты ўсе пласты грамадства. Мела дынастычны характар барацьбы за дзярж. ўладу паміж 2 прадстаўнікамі дынастыі Гедзімінавічаў — Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Пасля абвяшчэння 1.9.1432 вял. князем Жыгімонта, якога падтрымала пераважна літ. арыстакратыя, скінуты з трона Свідрыгайла ўцёк у Полацк. Уладу Жыгімонта прызнала Жамойць, Літва і больш цесна з ёю звязаныя Брэсцкая і Мінская землі, прынёманскія воласці, Падляшша. Полацкая, Віцебская, Смаленская, Ноўгарад-Северская і Кіеўская землі, Валынь і Падолле падтрымалі Свідрыгайлу. Жыгімонт, не маючы дастатковых сіл, аднавіў дзярж. унію з Польшчай (15.10.1432 у Гродне). Яе ўмовы былі змешчаны ў акце Жыгімонта ад 15.10.1432 і акце Ягайлы ад 3.1.1433. Свідрыгайла атрымаў падтрымку ад вял. князя цвярскога, Лівонскага ордэна. У ліст. 1432 Свідрыгайла пачаў ваен. дзеянні. У жн. 1433 ён захапіў Коўна. Вяртаючыся назад, загадаў спаліць Заслаўе і Мінск. Восенню 1433 Жыгімонт спрабаваў авалодаць Мсціславам і Віцебскам, якія належалі Свідрыгайлу. Каб перацягнуць на свой бок жыхароў бел. і ўкр. зямель, Жыгімонт выдаў прывілей 1434, якім ураўнаваў асабістыя і маёмасныя правы правасл. баяр з правамі баяр-католікаў. У жн. 1435 войскі Свідрыгайлы і лівонскага магістра Ф.Керскорфа ўварваліся ў Літву з Браслава. 1.9.1435 на р. Швянтойі каля Вількаміра гэта войска разбіта войскам Жыгімонта; лівонскае войска амаль цалкам знішчана, забіты магістр. Вял. страты мела і войска Свідрыгайлы, а сам ён вярнуўся ў Полацк. Летам 1436 Полацк і Віцебск перайшлі на бок Жыгімонта, які пацвердзіў гэтым землям ранейшыя іх прывілеі. Замацаваўшыся ў ВКЛ, Жыгімонт пачаў праводзіць больш самаст. палітыку ў адносінах да Польшчы. Таму польскія феадалы цяпер пачалі падтрымліваць Свідрыгайлу. Супраць Жыгімонта выступіла і апазіцыя літ. знаці, незадаволеная рэпрэсіямі Жыгімонта і тым, што на дзярж. пасады ён прызначаў прадстаўнікоў дробнага і сярэдняга бел. і літ. баярства. У жн. 1437 Свідрыгайла прапанаваў свайму пляменніку Уладзіславу III перадаць свае землі ў падпарадкаванне польскай кароне. Гэта паўплывала на пазіцыю баяр Кіеўскай і Валынскай зямель, якія не мелі намеру далучацца да Польшчы. Першае наступленне войска Жыгімонта на Кіеў было адбіта Свідрыгайлавым ваяводам Юршою, але пасля 2-га паходу Кіеў быў падпарадкаваны Жыгімонтам. Пад уладаю Свідрыгайлы засталіся Валынь і Падолле. Пасля ад’езду Свідрыгайлы ў Малдову, а потым у Пакуцце Валынь і Падолле прызналі ўладу Жыгімонта. Феадальная вайна скончылася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎНАС (Kaunas),
горад у Літве, на р. Нямунас (Нёман), пры ўпадзенні р. Нярыс (Вілія). 420 тыс.ж. (1997). Порт. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. металаапр, (станкі, электраматоры, тэлевізары і інш.), лёгкая (тэкстыль, трыкатаж і інш.), харч., паліграф., хім. (штучнае валакно і інш.), дрэваапр. і інш., вытв-сцьбуд. матэрыялаў. ГЭС. 5 ВНУ (у т. л.політэхн., медыцынскі). Традыцыйны цэнтр маст. рамёстваў.
Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1030. У 14 ст. крэпасць ВКЛ, на якую нападалі ням. крыжакі (1362, 1385, 1391, 1400). З 15 ст.гандл. і рамесніцкі цэнтр, карыстаўся магдэбургскім правам (з 1408). Паводле Люблінскай уніі 1569 адышоў да Рэчы Паспалітай; неаднойчы быў разбураны, асабліва ў час вайны паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй 1654—67, вайны 1700—21, паводак 1625 і 1715, пажару 1800 (згарэла трэцяя ч. горада). З 1795 у складзе Рас. імперыі (наз.Коўна), з 1843 цэнтр Ковенскай губ. У 1812 акупіраваны і зруйнаваны франц. войскамі Напалеона I Банапарта. Адзін з цэнтраў вызв. паўстанняў 1830—31, 1863—64. У 1919—40 сталіца Літвы. Пасля абвяшчэння 21.9.1940 сав. улады ў складзе Літ. ССР (з 1991 Літ. Рэспубліка). У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (24.6.1941—1.8.1944). У 1950—53 абл. цэнтр Літ. ССР.
Большасць помнікаў архітэктуры ў Старым горадзе (Сянамесцісе): руіны замка (13—16 ст.), касцёл Вітаўта (закладзены ў 14 ст.), кафедральны сабор Пятра і Паўла (1413, дабудаваны ў 17 ст.), т. зв. Дом Пяркуна (канец 15 — пач. 16 ст., рэканструяваны ў 18 ст.) — усе готыка, б. палац Масальскіх (пач. 17 ст.; рэнесанс), ратуша (16—19 ст., арх. Б.Хайноўскі, прыбудова вежы і рэканструкцыя фасадаў 1771, арх. І.Мацекерас; готыка, рэнесанс, барока), манастыр камальдалійцаў у Пажайслісе (1667—1712, арх. Л.Фрэда, К. і П.Пуціні; барока), сядзібны дом у Аўкштаі-Фрэда (канец 18 ст.; класіцызм). Паводле генпланаў 1847 і 1871 на У ад Старога горада ўзнікла новая частка К. з рэгулярнай планіроўкай (сабор, 1891—95, арх. К.Лімарэнка; цяпер Галерэя вітража і скульптуры; псеўдавізант. стыль). У 1920—40 К. інтэнсіўна развіваўся: будынкі банка (1924—29, арх. М.Сангайла; неакласіцызм), вет. акадэміі (1930—31, інж. Й.Ясюкайціс; мадэрн), паштамта (1931—32, інж. Ф.Візбарас), Музея Вітаўта Вялікага (1933—36, арх. І.Дубянецкі; цяпер музеі гістарычны і імя М.К.Чурлёніса), гандл.-прамысл. палаты (1937—38, арх. В.Ландсбергіс-Жамкальніс; цяпер б-ка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫЯ ПАХО́ДЫ СУ́ПРАЦЬ СЛАВЯ́Н І БА́ЛТАЎ У 12—15 ст.,
захопніцкія войны заходнееўрапейскіх (пераважна нямецкіх) рыцараў на землях балтаў, палабска-прыбалтыйскіх і ўсходніх славян. Адначасова з 2-м крыжовым паходам у М. Азію і Палесціну (гл.Крыжовыя паходы) адбыўся Крыжовы паход супраць славян 1147. У пач. 13 ст.асн. напрамкам крыжовых паходаў сталі землі балтаў і ўсх. славян. Мечаносцы, якія заваявалі ліваў (1207), павялі наступленне на суседнія плямёны, захапілі Кукенойс (1208) і Герцыке (1209). Паўстала пагроза Пскову, Ноўгараду, Полацку. Пасля некалькіх бітваў (1212, 1217, 1234 і інш.) мечаносцы былі разбіты аб’яднанымі сіламі літоўцаў і земгалаў у 1236 каля Сауле (сучасны Шаўляй). Іх рэшткі ў 1237 аб’ядналіся з Тэўтонскім ордэнам і стварылі Лівонскі ордэн як філіял апошняга. Паводле дагавору з Конрадам Мазавецкім (1226) Тэўтонскі ордэн ператварыўся ў базу для экспансіі на У. Нягледзячы на моцнае супраціўленне балтаў (гл.Мантаса паўстанне), чарговымі ахвярамі ордэна сталі прусы і яцвягі, якія былі часткова знішчаны, астатнія выгнаны або асіміляваны. Апорнымі пунктамі крыжакоў на захопленых землях сталі замкі, найб. магутныя з якіх знаходзіліся ў вусцях Зах. Дзвіны і Нёмана. Пагроза з іх боку прымусіла літ. і бел. князёў аб’яднацца. Найб. поспехаў у гэтай справе дасягнуў новагародскі кн.Міндоўг (з 1250 — кароль), які ў 1260 каля воз. Дурбе (цяпер тэр. Латвіі) разграміў аб’яднаныя сілы тэўтонцаў, у т. л. Лівонскі ордэн. У бітве прымалі ўдзел куршы і эсты, якія ў вырашальны момант бою перайшлі на бок Міндоўга. Паражэнні крыжакоў каля Сауле і Дурбе, на Чудскім возеры (гл.Лядовае пабоішча 1242) прыпынілі іх ваен. экспансію на слав. землі. Але заняволенне балтаў працягвалася. У 14 ст. напады на бел. землі пачасціліся. Толькі ў 1300—15 іх адбылося каля 20. У адказ на агрэсію 10 паходаў здзейсніла войска ВКЛ. Крыжакі захапілі шэраг крэпасцей і гарадоў, у т. л. Полацк (вызвалены ў 1307). У 1340—70 адбылося каля 100 бітваў, у якіх паражэнні войск ВКЛ чаргаваліся з перамогамі. У 1384 вызвалены г.Коўна (астатняя частка Жамойці заставалася пад крыжакамі да 1410). Пасля няўдалага паходу Вітаўта супраць татар (гл.Бітва на Ворскле 1399) ням. агрэсары яшчэ больш актывізаваліся. Вырашальнай стала Грунвальдская бітва 1410, апошняй вайной — Трынаццацігадовая вайна 1454—66.
Літ.:
Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. М.; Л., 1938;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага. Мн., 1993;