стра́жнік, ‑а, м.
1. Да рэвалюцыі — ніжэйшы паліцэйскі чын у сельскай мясцовасці. Продкі Неслухоўскіх адбывалі вайсковую службу ў Вялікім княстве Літоўскім у чынах ротмістраў, харунжых, стражнікаў Брэсцкага ваяводства і г. д. «Полымя».
2. Уст. разм. Ляснік. Аб’ездчыкі са стражнікамі Сюды [на сесію] схадзіліся, з’язджаліся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фурма́нства, ‑а, н.
Занятак, прафесія фурмана. У Вялікім княстве Літоўскім татарам прадастаўлены былі ўсе грамадзянскія правы і свабода веравызнання. Яны выкарыстоўваліся для воінскай службы, займаліся агародніцтвам, садаводствам і фурманствам. Жураўскі. Афіцыйна ва ўправе.. [Антон] атрымаў дакумент на сваё фурманства і карыстаўся ім спрытна. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
во́йтаўства, ‑а, н.
Гіст.
1. Пасада войта, а таксама праца, звязаная з выкананнем абавязкаў войта. Бусыга разважаў сам з сабою аб сваім войтаўстве, — яно было забяспечана яму панам Крулеўскім. Колас.
2. Адміністрацыйная адзінка ў Вялікім княстве Літоўскім і ў Польшчы ў 15–18 стст.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАСІ́ЛЬ II Васілевіч Цёмны
(10.3.1415—27.3.1462),
вялікі князь маскоўскі [1425—62]. Сын Васіля I Дзмітрыевіча і Соф’і, дачкі вял. князя літ. Вітаўта. Амаль 30 гадоў ваяваў з кааліцыяй удзельных князёў, якою кіраваў галіцкі кн. Юрый Дзмітрыевіч і яго сыны. У 1446 аслеплены адным з іх, Шамякам (адсюль прозвішча Цёмны). Ліквідаваў большасць удзелаў у Маскоўскім княстве, умацаваў велікакняжацкую ўладу. Пры ім выбраны мітрапаліт (1448), рус. царква стала незалежная ад канстанцінопальскага патрыярха.
т. 4, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАЙНІХО́Н СІ»
(«Гісторыя вялікай Японіі»),
калектыўны шматтомны гіст. яп. твор. Складзены ў асноўным у 1657—1720 у княстве Міто па даручэнні кн. Міцукуні Такугава [1628—1700), завершаны ў 1906. Асвятляе паліт. гісторыю Японіі ад старажытнасці да 15 ст. (барацьбу князёў супраць сёгунаў з дынастыі Такугава за вяртанне ўлады імператару). У 1-м выданні змешчаны 243 кнігі (73 тэксты і 170 біяграфій), пазней дапоўнены табліцамі і матэрыяламі (153 кнігі). Неаднаразова перавыдаваўся.
т. 6, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КАН (?—1088),
царкоўна-паліт. дзеяч Кіеўскай Русі, летапісец. Манах кіеўскага Пячэрскага манастыра (гл. Кіева-Пячэрская лаўра). Магчыма, пад гэтым імем быў пастрыжаны мітрапаліт Іларыён. У 1061 з-за варожых адносін вял. кн. Ізяслава Яраславіча пакінуў Кіеў і заснаваў манастыр у Тмутараканскім княстве. Пасля вяртання ў Кіеў з 1074 ігумен Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць княжацкіх міжусобіц. На думку многіх гісторыкаў, Н. — аўтар летапіснага збору 1073 — адной з крыніц «Аповесці мінулых гадоў».
т. 11, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ме́злева ’аброк натурай’ (Нар. Гом.), мезлява ’падатак у Вялікім княстве Літоўскім у выглядзе скаціны, птушак, яек’, ’від абавязковай працы’ (Ябл., Вяржбоўскі, дыс.; Брукнер, Litwa), ст.-бел. мезлева, мезлива ’падатак за быдла’ (XV ст.). Балтызм. Параўн. літ. mẽzliava ’падатак, складчына’, лат. mezlava ’падатак’ (Карскі, Труды, 390; Булыка, Лекс. запазыч., 85; Лаўчутэ, Балтизмы, 94).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
падсу́седзі, ‑яў; адз. падсусед, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Беззямельныя сяляне ў Вялікім княстве Літоўскім у 16 — першай палавіне 17 ст., якія жылі на чужых дварах у вёсках і гарадах.
2. Разм. Кватаранты, жыльцы. [Барысевіч:] — Маці пусціла да нас жыць пагарэльцаў. У хаце жыло тады ў падсуседзях восем чужых сем’яў. Залескі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МІКУ́ЛА,
князь у Полацкай зямлі ў 12 ст. Пра яго сведчыць імя па бацьку Усяслава Мікуліча, лагожскага (лагойскага) князя ў 1180. Даследчыкі мяркуюць, што М. мог быць сынам ізяслаўскага (заслаўскага) кн. Валодшы і валодаць удзелам у Ізяслаўскім (Заслаўскім) княстве (А.М.Рапаў) або быць сынам мінскага кн. Глеба Усяславіча (В.Л.Насевіч). На думку Э.М.Загарульскага, М. мог быць сынам не названага па імю брата лагожскага кн. Брачыслава, сынам ці ўнукам Глеба Усяславіча або гэта хрысціянскае імя Усевалада Глебавіча.
т. 10, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКІЯ,
княжацкі род герба «Рох» зменены ў ВКЛ. Магчыма, паходзяць з мясц. князёў, нашчадкаў полацкага кн. Усяслава Брачыславіча, але паходжанне дакладна не высветлена. Упершыню згадваюцца ў 2-й пал. 15 ст. князі Васіль (упамінаецца ў 1463) і Іван (у 1473 з’ехаў у Маскву, дзе ў 1493 пакараны смерцю за змову супраць вял. кн. Івана III). У пач. 16 ст. вядома некалькі князёў Л., якія сумесна валодалі замкам і мяст. Лукомль і інш. маёнткамі ў Лукомскім княстве. 3 іх Фёдар Іванавіч у 1508 удзельнічаў у мяцяжы князёў Глінскіх. Верагодна, яго братамі былі Іван Іванавіч (каля 1460 — пасля 1520), уладальнік Шчыдутаў і Гарадца, заснавальнік шчыдуцкай галіны Л., Андрэй Іванавіч (каля 1470 — пасля 1528), уладальнік Меляшковічаў і Бельнякоў, заснавальнік згаслай у 1-й пал. 17 ст. меляшковіцкай галіны, Раман (? — пасля 1500), уладальнік Пачаевічаў у Лукомскім княстве, Дабрыгораў у Полацкай зямлі і Лічкава ў Лідскім пав. Іх нашчадкі раздрабілі свае ўладанні. З 2-й пал. 16 ст. яны неаднаразова займалі павятовыя пасады пераважна ў Аршанскім і Віцебскім пав. Сенатарскай годнасці дасягнуў Фрыдэрык (каля 1565—1611), падкаморы аршанскі з 1600, адначасова староста крычаўскі з 1602, кашталян мсціслаўскі з 1610. Род Л. захаваўся да 20 ст., многія змізарнелыя яго прадстаўнікі не карысталіся княжацкім тытулам.
В.Л.Насевіч.
т. 9, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)