КУРС у эканоміцы,
фактычны (у адрозненне ад намінальнага) кошт, па якім на фондавых біржах ажыццяўляюцца здзелкі па куплі-продажы каштоўных папер. К. аблігацый — кошт, па якім прадаюцца і купляюцца аблігацыі дзярж. пазык. Намінальны кошт аблігацый вызначаецца пры іх выпуску. Ён уключаецца ў дзярж. доўг і выплачваецца трымальнікам аблігацый у момант пагашэння. Для продажу аблігацый банкам дзяржава вызначае эмісійны (гл. Эмісія) кошт, які звычайна ніжэйшы за намінальны. Рыначны курс (кошт) аблігацый вызначаецца шляхам каціроўкі на рынку крэдытных капіталаў і друкуецца ў біржавых бюлетэнях. К. акцый — прадажны кошт акцый. Вызначаецца на фондавай біржы. Ва ўмовах свабоднага рынку ён не з’яўляецца пастаяннай велічынёй, а залежыць ад попыту і прапановы на дадзены від акцый. У перыяды крызісаў К.а. падаюць, у перыяды эканам. уздымаў павышаюцца. Гл. таксама Валютны курс.
т. 9, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖБА́НКАЎСКІ РЫ́НАК,
частка фін. рынку дзяржавы, куды прыцягваюцца і дзе размяркоўваюцца паміж банкамі часова свабодныя грашовыя рэсурсы крэдытных устаноў. Ажыццяўляюцца аперацыі пераважна ў форме міжбанкаўскіх дэпазітаў на кароткі тэрмін (найчасцей на 1, 3 і 6 месяцаў, гранічныя — ад 1 да 2, часам да 5 гадоў). Сродкі М.р. выкарыстоўваюцца банкамі і для сярэдне- і доўгатэрміновых актыўных аперацый, рэгулявання балансаў, выканання патрабаванняў рэгулюючых органаў. М.р. побач з уліковым рынкам, дзе абарачаецца значная маса кароткатэрміновых каштоўных папер, гал. характарыстыка якіх — высокая ліквіднасць і мабільнасць, і валютным, дзе на аснове попыту і прапановы адбываецца купля-продаж валют, складаюць аснову грашовага рынку як часткі рынку пазыковых капіталаў. Банкі ж з’яўляюцца пасрэднікамі паміж пазыковымі і функцыянуючымі пазычальнікамі, накопліваюць вял. свабодныя грашовыя сродкі і даюць крэдыты прадпрымальнікам, дзяржаве, інш. юрыд. і фіз. асобам.
У.Р.Залатагораў.
т. 10, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПАРТ (англ. import ад лац. importo прывожу),
прывоз у краіну замежных тавараў, тэхналогій, паслуг (платнае карыстанне паслугамі замежных фірм), капіталаў (у форме крэдытаў ці займаў), каштоўных папер і інш. матэрыяльных каштоўнасцей для рэалізацыі (выкарыстання) на ўнутр. рынку, а таксама транзіту ў трэція краіны; расходы фіз. і юрыд. асоб, урада дадзенай краіны на набыццё тавараў і паслуг, зробленых у інш. краінах. Процілеглае значэнне — вываз тавараў, экспарт. Адрозніваюць І. бачны (увоз матэрыяльных каштоўнасцей); І. ускосны (І. камплектуючых вырабаў для машын, паўфабрыкатаў, абсталявання); І. нябачны (затраты на перавозку грузаў, пасажыраў, турызм, грашовыя пераводы і інш.). Структура І. вызначаецца асаблівасцямі прыродных умоў краіны, развіццём яе эканомікі і яе роляй у міжнар. раздзяленні працы. І. рэгулюецца нац. заканадаўствам, паліт.-прававымі абмежаваннямі, мытным тарыфам, сістэмай ліцэнзавання і інш. нетарыфнымі мерамі знешнеэканам. рэгулявання. Гл. таксама Знешнеэканамічныя сувязі, Знешні гандаль.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЫЯНЕ́РНАЯ КАМАНДЫ́ТА,
від кампаніі (таварыства), які спалучае элементы акцыянернага таварыства і камандытнага таварыства. Частка яго ўдзельнікаў (поўных кампаньёнаў), якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю ад імя акцыянернай камандыты, адказваюць па яе абавязацельствах усёй сваёй маёмасцю, а частка (камандытныя акцыянеры) маюць абмежаваную адказнасць — у памеры кошту сваіх акцый. Пашыраны ў малой і сярэдняй вытв-сці, гандлі, сферы паслуг. З’яўляецца пераходнай формай ад акц. т-ва.
Ствараюцца, як правіла, для атрымання вял. грашовых сродкаў ад рэалізацыі акцый. Засн. на калектыўнай форме ўласнасці. Маёмасць фарміруецца за кошт укладаў яго членаў. Спалучэнне прынцыпаў акц. і камандытных т-ваў у гасп. дзейнасці дае шэраг пераваг; высокая ступень адказнасці па абавязацельствах робіць акцыянерную камандыту надзейным партнёрам; канцэнтрацыя кіравання сярод абмежаванага кола асоб (поўных кампаньёнаў) забяспечвае дастатковую самастойнасць, свабоду і аператыўнасць у прыняцці рашэнняў; залучэнне капіталаў і інш. інвестараў спрыяе развіццю вытв-сці і павышэнню яе канкурэнтаздольнасці.
Л.А.Лобан.
т. 1, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФРАСТРУКТУ́РА РЫ́НКУ,
комплекс арг-цый, устаноў, інстытутаў, якія садзейнічаюць нармальнаму, бесперапыннаму функцыянаванню рынку, выконваюць пасрэдніцкія функцыі, вырашаюць дапаможныя задачы таварна-грашовага абарачэння паміж суб’ектамі гаспадарання. забяспечваюць свабодны рух тавараў, паслуг, капіталаў, прац. сілы ў рыначнай гаспадарцы. Вылучаюць базісны і надбудовачны ўзроўні І.р. Да базіснага ўзроўню адносяць сістэму гандл., фін.-эканам. арг-цый і ўстаноў (банкі, біржы, фін., страхавыя, лізінгавыя кампаніі, інвестыцыйныя і пенсіённыя фонды і інш.). Надбудовачны ўзровень уключае рэгулятыўны механізм, інфарм. і тэхн. забеспячэнне (заканадаўства, інфарм. тэхналогіі, камунікацыі). У Рэспубліцы Беларусь працэс станаўлення новай І.р. характарызуецца актыўным развіццём элементаў фін. рынку. У 1997 дзейнічала 28 камерцыйных банкаў, каля 50 лізінгавых і больш за 60 страхавых кампаній, 22 спецыялізаваныя інвестыцыйныя фонды і інш. Фарміруецца монабіржавая сістэма фондавага рынку, развіваецца інфарм.-кансультатыўная і дэпазітарная сістэмы, дзейнічаюць фондавая, міжбанкаўская, валютная, трансп. біржы. Рыначныя адносіны ў сферы таварнага абарачэння рэгулююцца на таварных біржах. У 1997 на Беларусі дзейнічала 5 таварна-сыравінных біржаў, 774 брокерскія канторы і незалежныя брокеры.
А.Б.Дорына.
т. 7, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ БІ́ЗНЕС,
прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца з контрагентамі інш. краін. Перадумовы інтэрнацыяналізацыі эканам. і фін. працэсаў склаліся ў пач. 20 ст. Пасля 2-й сусв. вайны развіццё інтэграцыйных працэсаў прывяло да з’яўлення і імклівага пашырэння якасна новай формы буйнога бізнесу — транснацыянальных карпарацый (ТНК), якія ўстанавілі кантроль над значнай доляй сусв. рынку і сёння адыгрываюць вядучую ролю ў сістэме міжнародных эканамічных адносін. Актыўнаму асваенню замежных рынкаў нац. капіталам вядучых краін спрыяла пашырэнне сучасных форм сувязі, паляпшэнне сусв. трансп. шляхоў, фарміраванне сістэмы крэдытна-грашовых сувязей, што ахоплівае ўвесь свет. Разам са знешнегандл. абменам таварамі і паслугамі і вывазам капіталу ў пазыковай форме значнае месца занялі прамыя фін., вытв. і тэхнал. сувязі паміж прадпрыемствамі розных краін, розныя формы навук.-тэхн., культ. і інш. супрацоўніцтва. Урады прамыслова развітых краін (асабліва ў Зах. Еўропе) садзейнічаюць развіццю і паглыбленню міжнар. эканам. сувязей кампаній і капіталаў, ад чаго ў значнай ступені залежыць стан нац. эканомікі, загрузка вытв. магутнасцей, узровень беспрацоўя і інш. У выніку капіталы свабодна мігрыруюць з адной краіны ў другую ў пошуках найб. спрыяльных умоў для свайго выкарыстання.
В.А.Дадалка.
т. 10, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З,
(European Union; ЕС), саюз 15 еўрап. дзяржаў, створаны на аснове Маастрыхцкага дагавора 1992 краінамі—членамі Еўрапейскіх супольнасцей: Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Грэцыяй, Даніяй, Ірландыяй, Іспаніяй, Італіяй, Люксембургам, Нідэрландамі, Партугаліяй, Францыяй. 1.1.1995 да яго далучыліся Аўстрыя, Фінляндыя і Швецыя. Дзейнічае з 1.11.1993. Мэта ЕС — стварэнне эканам., валютнага і паліт. саюза, а таксама ўвядзенне агульнага грамадзянства. Эканам. саюз будзе рэалізаваны шляхам правядзення супольнай знешняй эканам. палітыкі, прыняццем агульных рэкамендацый па ўнутр. палітыцы краін-удзельніц, увядзеннем адзінага рынку і ліквідацыі ўсялякіх абмежаванняў на перамяшчэнне людзей, паслуг, тавараў, капіталаў у межах ЕС. Паступова павінна быць уведзена бюджэтная дысцыпліна пад кантролем Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Рэалізацыя валютнага саюза плануецца шляхам стварэння Еўрап. валютнага ін-та, Еўрап. цэнтр. банка, абмежавання ваганняў валютных курсаў, рэгістрацыі біржавых каціровак у ЭКЮ і ўвядзення адзінай валюты на тэр. ЕС (да 1999). Замежная палітыка будзе рэалізоўвацца ў форме пастаянных кансультацый і шляхам выпрацоўкі адзінай пазіцыі краін-удзельніц ЕС. Значная ўвага аддаецца пытанням экалогіі, барацьбе са злачыннасцю, наркабізнесам і інш. Палітыка бяспекі распрацоўваецца сумесна з Заходнееўрапейскім саюзам. Грамадзянства ЕС не замяняе грамадзянства краін-удзельніц, яно забяспечвае права ўдзельнічаць у мясц. выбарах, выбарах у Еўрапарламент, звяртацца са скаргамі ў Еўрапарламент і да прадстаўніка ЕС па правах чалавека. Органы Еўрап. супольнасцей (Савет Еўропы, Савет Еўрапейскага саюза, Еўрапейская камісія, Еўрапейскі парламент, Еўрапейскі суд) аўтаматычна сталі органамі ЕС.
Н.К.Мазоўка.
т. 6, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́Л-ФАШЫ́ЗМ,
спалучэнне крайніх форм нацыяналізму з фашызмам і расізмам. Для Н.-ф. характэрна ідэя перавагі над інш. народамі, падзел людзей на групы вышэйшага і ніжэйшага гатунку (карэннай нацыянальнасці і іншамоўных). Вынікам крайняга Н.-ф. з’яўляюцца «этнічныя часткі», тэр. прэтэнзіі да суседзяў, захопніцкія войны. Агульнымі крытэрыямі Н.-ф. служаць: афіцыйна ўстаноўлены ін-т «правадыра нацыі і дзяржавы» (фюрэра), які канцэнтруе ў сваіх руках гал. рычагі заканад., выканаўчай, суд. улады, дзейнічае ў інтарэсах вузкай групы буйных уласнікаў прадпрыемстваў і капіталаў; адсутнасць форм дэмакр. арганізацыі і самаарганізацыі грамадства, а таксама яго ўдзелу ў прыняцці паліт. рашэнняў; разгалінаваны апарат насілля над грамадствам. На глебе Н.-ф. нацыяналіст. нецярпімасць да інш. народаў перарастае ў адкрытую нянавісць і ўвасабляецца ў форме расавай тэорыі, паводле якой грамадскае становішча чалавека вызначаецца толькі нац. і расавымі прыкметамі. Крызіс улады, якая абапіраецца на нацыяналіст. і фаш. сілы або цярпіма ставяцца да іх дзейнасці, прыводзіць да зліцця нацыяналізму з фашызмам у адзіны ідэалагічны і паліт. комплекс у выглядзе Н.-ф. Гэты працэс не адбываецца стыхійна, а з’яўляецца мэтанакіраваным і залежыць ад паліт., фін. і інш. падтрымкі кіруючых эліт. Разам з тым ваяўнічы нацызм, фашызм або схільнасць да іх сінтэзу патэнцыяльна не закладзены ў сістэме духоўных каштоўнасцей ніводнага народа, але ў пэўных гіст. умовах могуць быць навязаны любому з іх па сац. і паліт. матывах.
В.І.Боўш.
т. 11, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ (ад позналац. confoederatio саюз, аб’яднанне),
форма саюза дзяржаў, пры якой дзяржавы, што ўваходзяць у саюз, захоўваюць свой суверэнітэт у поўным аб’ёме. Спалучае рысы міжнар.-прававой і дзярж. арг-цыі. У розны час К. былі: Аўстра-Венгрыя (да 1918), Швецыя і Нарвегія (да 1905), ЗША (1781—89), Швейцарыя (1815—48) і інш. У наш час у свеце існуе толькі адно ўтварэнне, якое мае прыкметы К., — Еўрапейскі Саюз.
Вопыт сведчыць, што форма К. з’яўляецца пераходнай або да поўнага распаду саюза, або да федэратыўнай формы дзярж. пабудовы. Асн. рысы К.: утварэнне на аснове адпаведных дагавораў; суб’екты маюць права свабоднага выхаду з яе; рашэнні саюзнай улады не маюць сілы без згоды суб’ектаў; у распараджэнне К. ўваходзіць невял. кола пытанняў (вайны і міру, знешняй палітыкі, сістэмы камунікацый і інш); у К. ствараюцца толькі тыя дзярж. органы, якія неабходны для вырашэння задач, спецыяльна вызначаных у дагаворных актах; парламент фарміруецца прадстаўнічымі органамі суб’ектаў, якія абавязваюць свае дэлегацыі няўхільна выконваць выдадзеныя ім інструкцыі і ўказанні; пастаянна дзеючыя органы К. пазбаўлены ўласных паўнамоцтваў; суб’ектам К. належыць права адмовы ў прызнанні або адмова ва ўжыванні актаў саюзнай улады; бюджэт К. фарміруецца за кошт добраахвотных узносаў яе суб’ектаў; суб’екты маюць права ўстанаўліваць мытныя і інш. абмежаванні, што перашкаджаюць перамяшчэнню асоб, тавараў, паслуг і капіталаў; як правіла, у К. адсутнічае адзіная сістэма грашовага абарачэння; вайсковыя фарміраванні набіраюцца суб’ектамі К., прычым часта захоўваецца іх двайное падпарадкаванне органам К. і яе суб’ектаў; у К. няма саюзнага грамадзянства.
Г.А.Маслыка.
т. 8, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫ КУРС,
цана грашовай адзінкі (валюты) адной краіны, выражаная ў грашовых адзінках інш. краін ці міжнар. валютных адзінках (СДР, ЭКЮ). Фактычна гэта прапорцыя абмену валют ці каэфіцыент пераліку адной валюты ў другую. Валютны курс неабходны для ўзаемнага абмену валютамі пры гандлі таварамі, паслугамі і руху капіталаў, параўнання цэн на сусв. і нац. рынках, вартасных паказчыкаў развіцця краін, пераацэнкі рахункаў у замежнай валюце. Адрозніваюць валютны курс: фіксаваны, плаваючы і зменлівы. Пры фіксаваным валютным курсе афіцыйна ўстанаўліваюцца суадносіны нац. валют на аснове валютнага парытэту; гэта характэрна для краін — членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якія ўстанавілі залатую вартасць сваёй нац. валюты, яе парытэт адносна долара ЗША і не дапускалі ваганняў ад яго больш як на 1%. Аднак большасць краін — членаў МВФ вымушаны былі дэвальвіраваць свае валюты, і валютны курс фактычна вагаўся пад уплывам попыту і прапановы (зменлівы валютны курс). У 1973 уведзены плаваючы валютны курс, які прадугледжвае свабоду выбару рэжыму валютнага курсу пры ўвязцы яго змен з дынамікай курсу валют інш. краін ці валютнага кошыка. Напр., краіны — члены Еўрапейскай валютнай сістэмы ў рамках рэжыму плаваючага курсу практыкуюць узгадненне адносных ваганняў валютнага курса. Для афіц. ўстанаўлення курсу замежных валют нац. ці буйныя камерцыйныя банкі краіны праводзяць каціроўку: курс грашовай адзінкі замежнай валюты выражаюць у пэўнай колькасці нац. валюты (прамая каціроўка, прынятая ўсімі краінамі); толькі ў Вялікабрытаніі існуе адваротная валютная каціроўка: за адзінку прыняты фунт стэрлінгаў, які выражаецца ў пэўнай колькасці замежнай валюты. Механізм фарміравання і вагання валютнага курса істотна залежыць ад ступені эканам. развіцця, дзелавой актыўнасці і прынцыпаў валютнай сістэмы краіны. Для стабілізацыі курсу нац. валюты дзяржава прымае адпаведныя загады, у т. л. і валютную інтэрвенцыю.
Г.І.Краўцова.
т. 3, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)