Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
асноўныя канструкцыйныя элементы будынкаў і збудаванняў. Адрозніваюць нясучыя канструкцыі, агараджальныя канструкцыі і будаўнічыя канструкцыі дапаможнага прызначэння (унутр. перагародкі, лесвічныя маршы і пляцоўкі, аконныя рамы-вітражы і інш.). Агараджальныя будаўнічыя канструкцыі часта з’яўляюцца і нясучымі (напр., сцены і перагародкі ў грамадскіх будынках, рэзервуары, абалонкі, скляпенні і інш.).
Будаўнічыя канструкцыі падзяляюцца на жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, бетонныя (гл.Бетонныя вырабы і канструкцыі), каменныя (гл.Каменныя матэрыялы і канструкцыі), металічныя канструкцыі, драўляныя канструкцыі, азбестацэментныя (гл.Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі), пнеўматычныя канструкцыі. Выкарыстоўваюцца таксама канструкцыі са шклапластыкаў (часам у спалучэнні з клеенай драўнінай або фанерай і інш.). Будаўнічыя канструкцыі разлічваюць на трываласць, устойлівасць і ваганні з улікам вонкавай нагрузкі, уласнай вагі, уплыву т-ры, усадкі і інш. фактараў. Пры выкарыстанні будаўнічых канструкцый вял. значэнне надаецца іх тыпізацыі і уніфікацыі, удасканаленню тэхналогіі іх вытв-сці, выкарыстанню лёгкіх эфектыўных матэрыялаў, укараненню аптымальных канстр. вырашэнняў.
Будаўнічыя канструкцыі: а — буйнапанэльнага жылога дома (1 — сценавая панэль, 2 — панэль перакрыцця, 3 — лесвічны марш); б — прамысловага будынка (1 — падкранавая бэлька, 2 — калона, 3 — ферма перакрыцця, 4 — сценавая агароджа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛІ́ЧНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя канструкцыі, зробленыя з металаў. Найб. пашыраны стальныя канструкцыі, алюмініевыя канструкцыі; эфектыўныя канструкцыі з лёгкіх сплаваў. Выкарыстоўваюцца як нясучыя канструкцыі ў каркасах будынкаў і інш.інж. збудаванняў (пераважна стальныя М.к.), у вялікапралётных пакрыццях, абшыўках сценавых і дахавых панэлей (алюмініевыя М.к.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМАЦЭМЕ́НТАВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
танкасценныя будаўнічыя канструкцыі з дробназярністага бетону, арміраванага частымі тканымі ці зварнымі сеткамі з тонкага дроту. Армацэментавыя канструкцыі лёгкія, трывалыя, воданепранікальныя, адрозніваюцца дысперсным размеркаваннем трэшчын і замаруджаным іх раскрыццём. Выкарыстоўваюцца як апорныя і агараджальныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, пры буд-ве рэзервуараў, вадаводаў, невял. суднаў, водаахоўных элементаў метрапалітэна і г.д.
Адрозніваюць армацэментавыя канструкцыі з дысперсным арміраваннем (да 4 тонкіх сетак з дроту дыям. 0,7—1 мм на 1 см таўшчыні канструкцыі) і камбінаваным (2 тонкія сеткі і 1 каркасная з дроту дыям. 3—4 мм). Іх робяць пераважна ў выглядзе тонкіх (10—30 мм) прасторавых канструкцый складкаватага і хвалепадобнага профіляў пралётам да 75 м. Канструкцыі пралётам да 18 м складаюцца з аднаго элемента, больш за 18 м — з некалькіх. Армацэментавыя канструкцыі вырабляюцца ў спец. матрыцах ці напырскваннем бетоннай сумесі.
Армацэментавыя канструкцыі: а — панэль хвалепадобнага профілю; б — зборна-маналітная абалонка з армацэментавых элементаў (крыты рынак «Камароўскі» ў Мінску).