1. Праводзіць лініі, рабіць драпіны на чым‑н.; крэмзаць. Крамсаць паперу. □ Крамсалі вострыя пешні сухі, утрамбаваны грунт.Шынклер.// Успыхваючы, асвятляць; бліскаць, паласаваць. Неба спахмурнелае крамсаюць Дваццаць шэсць ахвярных бліскавіц. Дваццаць шэсць бакінскіх камісараў Навальніца хоча блаславіць.Барадулін./уперан.ужыв.З гадоў, калі неба крамсалі Узнятыя гневам клінкі, Прыходзяць да нас камісары — Духоўныя нашы бацькі.Бураўкін.
2. Ірваць, рэзаць на кускі. — Будзе доўга ён у мяне памятаць, як газеты крамсаць на цыгаркі.Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЗАХОДНЯДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
аператыўнае аб’яднанне баявых рачных караблёў у грамадз. вайну на Заходнім фронце 1919—24. Створана загадам РВСР 26.11.1919 з 2-га атрада Ваен.-рачной флатыліі Сав. Латвіі. База — г. Віцебск. Мела ў сваім складзе 21 карабель і дапаможнае судна, 26-ы паветраплавальны атрад з аэрастатамі (май 1920); налічвала 581 чал. (жн. 1920). Актыўна ўдзельнічала ў баявых дзеяннях у час савецка-польскай вайны 1920, асабліва ў майскай аперацыі Зах. фронту. Пры падрыхтоўцы да наступлення перавезла да 200 тыс. пудоў ваен. грузаў для войск 15-й арміі. У сярэдзіне мая 1920 забяспечыла пераправу на левы бераг Зах. Дзвіны ў раёне Дрысы (цяпер Верхнядзвінск) 164-й брыгады, якая ўдарыла ў тыл ворага. 22.5.1920 атрад маракоў разам з часцямі 15-й арміі пры артыл. падтрымцы караблёў флатыліі разбіў праціўніка каля в. Узмёны (пад Дрысай). Караблі ахоўвалі флангі і тылы войск. масты і пераправы. 23.11.1920 расфарміравана. Камандуючыя: В.К.Новак (да лют. 1920), Я.С.Гернет (да мая 1920), Г.М.Тырышкін (да вер. 1920), М.В.Бліноў (ч.в.а. да ліст. 1920). Камісары: Л.А.Вялічка (да лют. 1920), Я.І.Азолін (да ліп. 1920), К.В.Траянскі (да ліст. 1920).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ ПОЛКу Вялікую Айчынную вайну,
адна з арганізацыйных форм аб’яднання партыз. сіл у тыле ворага. На тэр. Беларусі меў абмежаванае пашырэнне. Колькасць партызан, узбраенне і структура кіравання амаль такія, як у партызанскай брыгадзе. Звычайна полк падзяляўся на батальёны, роты, узводы і аддзяленні. Дзейнічала 14 палкоў, з іх 11 арганізацыйна ўваходзілі ў склад ваенна-аператыўных груп (ВАГ), 3 дзейнічалі самастойна (Смаленскі, 208-ы імя Сталіна, «Трынаццаць»). Усе палкі, за выключэннем Смаленскага і «Трынаццаць», будаваліся па адзінай структуры, распрацаванай штабам ВАГ пры Магілёўскім падп. абкоме КП(б)Б. Палкі мелі штаб, 1—2 дыверсійныя ўзводы, падраздзяленні баявога і матэрыяльнага забеспячэння, некаторыя — шпіталь, пасадачныя авіяпляцоўкі або пляцоўкі для прыёму авіягрузаў. Артылерыя і станковыя кулямёты ў залежнасці ад колькасці ствалоў у палках аб’ядноўваліся ў роту цяжкай зброі або ўключаліся ў склад стралк. рот чацвёртымі агнявымі ўзводамі. Пасля злучэння з Чырв. Арміяй БШПР вызначыў палкі як брыгады. На Беларусі дзейнічалі П.п.: 15-ы [жн. 1943—28.6.1944; у Кармянскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Бярэзінскім, Клічаўскім, Прапойскім, Чавускім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір А.С.Дзямідаў; камісар І.П.Ніжнік; нач. штаба І.І.Вішнеўскі (загінуў), П.А.Віліткевіч], 113-ы (студз. — 30.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Клічаўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзіры К.М.Белавусаў, З.П.Гапонаў; камісар Дз.Я.Альховік; нач. штаба І.Ф.Хазаў), 121-ы імя А.М.Касаева [ліст. 1943—30.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзіры А.М.Касаеў (загінуў), А.А.Ільінскі; камісар І.М.Іваноў; нач. штаба В.М.Саўчанка, М.М.Гарусаў], 122-і «За Радзіму» (кастр. 1943—30.6.1944; у Бялыніцкім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзір А.І.Ліпскі; камісар М.Ф.Кручынін; нач. штаба П.А.Сікорскі, М.А.Салтаказін), 152-і (кастр. 1943—24.2.1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір М.Дз.Грыцан; камісары К.Н.Шыбанаў, І.С.Зычкоў; нач. штаба І.Б.Рутман, К.В.Еўтуховіч), 208-ы імя І.В.Сталіна (30.8.1943—11.7. 1944; у Быхаўскім. Бялыніцкім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Барысаўскім, Крупскім, Пухавіцкім, Чэрвеньскім р-нах Мінскай, Ганцавіцкім, Лагішынскім, Пінскім, Целяханскім р-нах Пінскай абл.; камандзір Я.М.Бяспоясаў, камісар Р.І.Шчарбакоў, нач. штаба П.Ф.Бадачэнка), 255-ы (ліст. 1943—28.6.1944; у Жлобінскім, Рагачоўскім р-нах Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Крупскім р-не Мінскай абл.; камандзір В.А.Мінайлаў; камісары А.Н.Захарава, В.У.Паўлаў; нач. штаба І.А.Ярымаў), 277-ы (вер. 1943—28.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім, Магілёўскім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай, Крупскім р-не Мінскай абл.; камандзіры І.З.Ізох, М.П.Коканцаў; камісары І.М.Гершовіч, М.І.Кніга, А.М.Радзюк; нач. штаба С.Ц.Токараў), 425-ы (кастр. 1943—24.2.1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір Ф.Ф.Сухаў; камісар Ц.І.Ляўшынскі; нач. штаба В.П.Юхнаў, Ц.Я.Сакалоўскі), 537-ы [кастр. 1943—27.6. 1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Асіповіцкім, Бабруйскім, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір С.Дз.Баркоўскі; камісар Ф.Ф.Дабравольскі; нач. штаба А.А.Вязальшчыкаў, М.Н.Дрозд (загінуў), М.А.Леў], 600-ы (студз. — 30.6.1944; у Бялыніцкім, Бярэзінскім, Магілёўскім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзір Г.Ф.Меднікаў; камісар В.Ц.Някрасаў; нач. штаба В.Дз.Швагрынаў, А.А.Станкевіч), 810-ы (кастр. 1943—24.2. 1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір М.Л.Максімаў-Лебедзеў, камісар Дз.А.Смагін, нач. штаба А.Р.Феакцістаў), Смаленскі [ліп. 1942—3.7.1944; у Куранецкім р-не Вілейскай, Сенненскім, Талачынскім, Ушацкім, Чашніцкім р-нах Віцебскай абл.; Дзямідаўскім, Касплянскім р-нах Смаленскай вобл. (Расія); камандзір І.Ф.Садчыкаў, камісар А.Ф.Юр’еў; нач. штаба Г.П.Дамарацкі, П.Г.Міняеў], «Трынаццаць» [чэрв. 1942—1.6.1944; у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Смаленскай абл.; камандзіры С.У.Грышын, С.В.Пахомаў (в.а.); камісар І.А.Стралкоў; нач. штаба І.В.Узлоў (загінуў), С.П.Скварцоў].
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне,1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 476—479.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКУ́,
горад, сталіца Азербайджана. Размешчаны на Пд Апшэронскага п-ва. 1757 тыс.ж. (1992). Чыг. вузел. Порт на Каспійскім м. Паромная пераправа Баку—Краснаводск. Аэрапорт. Метрапалітэн (з 1967). Нафта- і газаздабыўная (гл.Бакінскі нафтагазаносны раён), нафтаперапр., хім. (вытв-сць сернай кіслаты, каўстычнай соды і інш.), машынабуд. і металаапр. (нафтавае абсталяванне, прыладабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектроннае і быт. машынабудаванне; судна-, вагона- і аўтарамонт), лёгкая (тэкст., трыкат., швейная, абутковая), харч.прам-сць. ДРЭС. АН Азербайджана. 13 ВНУ (у т. л.Азерб.ун-т). 6 тэатраў, 28 музеяў.
Упершыню ўпамінаецца як горад у 9—10 ст. Ужо тады ў Баку здабывалі нафту. З 2-й пал. 12 ст. рэзідэнцыя шырваншахаў, значны порт. У 1540 захоплены войскамі Сефевідаў дзяржавы, з канца 16 ст. пад уладай Турцыі, на пач. 17 ст. — Ірана. У час Персідскага паходу 1722—23 заняты рус. войскамі, у 1735 вернуты Ірану. З 1747 цэнтр Бакінскага ханства. У 1806 далучаны да Расіі. У 1918—20 у Азербайджане, у т. л. ў Баку, ішла жорсткая барацьба за ўладу (гл.Бакінская камуна, Бакінскія камісары, Цэнтракаспій і інш.). З 1920 сталіца Азербайджана.
Стараж. частка Баку з вузкімі вулачкамі ў 12 ст. была абнесена сценамі з ровам; на яе тэр. — мінарэт Сынык-Кала (1078—79), Дзявочая вежа, Шырваншахаў палац, мінарэт Джума-мячэці (14 ст.) і інш. У Бакінскай бухце — затоплены замак шырваншахаў (1235), захаваўся манум. фрыз з надпісамі, стылізаванымі выявамі людзей, жывёл, фантаст. істот. У 1810 вакол стараж. часткі пачалася рэгулярная забудова. Будынкі 2-й пал. 19 ст. маюць эклектычны характар. У 1950—80 рэканструяваны стараж. раёны, сфарміраваны новы цэнтр горада і плошчы, пабудаваны Дом урада (1952), комплекс будынкаў Акадэміі навук (1951—66), цырк (1967), гасцініцы «Азербайджан» (1969) і «Масква» (1978), Палац радасці «Гюлістан» (1980), паштамт (1982), станцыі метрапалітэна і інш. Помнікі Нізамі, Фізулі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т НАРО́ДНЫХ КАМІСА́РАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР, Саўнарком БССР, СНКБССР,
вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады, урад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) у 1920—46. Створаны 18.12.1920 паводле дапаўненняў да Канстытуцыі Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Беларусі 1919, прынятых Другім Усебеларускім з’ездам Саветаў у снеж. 1920. Да пастановы Шостага Усебеларускага з’езда Саветаў 1924 (надзвычайнага), прынятай 16.3.1924, абавязкі старшыні ЦВК і СНК, а таксама наркома па замежных справах выконваліся адной асобай. Членамі СНК былі нар.камісары ўсіх наркаматаў, старшыні Савета нар. гаспадаркі і Надзвычайнай камісіі. Пры СНК дзейнічалі пастаянныя камісіі: Эканам. нарада, Камісія заканад. меркаванняў, Дзярж. планавая камісія. Кампетэнцыя і склад СНКБССР мяняліся ў сувязі з утварэннем СССР і зменамі ў дзярж.-прававой пабудове, са стварэннем новых цэнтр. органаў кіравання (наркаматаў і ўпраўленняў) галінамі эканомікі і культуры. СНКБССР ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва рэспублікай праз наркаматы, выканкомы Саветаў. Ён прымаў пастановы і выдаваў распараджэнні па ўсіх пытаннях, якія не адносіліся выключна да кампетэнцыі Усебел. з’езда Саветаў, ЦВКБССР і яго Прэзідыума. СНК быў адказны перад з’ездам Саветаў і ЦВКБССР. Пастановы СНК аб дзярж. і мясц. бюджэце, падатках, адм.-тэр. падзеле рэспублікі, увядзенні мер аховы парадку ў ёй абавязкова зацвярджаліся Прэзідыумам ЦВК. Старшыня СНКБССР меў права прыпыняць распараджэнні акр. выканаўчых к-таў, нар. камісарыятаў, кіраўнікоў цэнтр. устаноў і ведамстваў, распараджэнні ўпаўнаважаных Нар. камісарыятаў СССР пры СНКБССР з наступным дакладам пра гэта СНКБССР на яго бліжэйшым пасяджэнні. Паводле Канстытуцыі Беларускай ССР 1927 у склад СНКБССР уваходзілі Старшыня СНК, яго нам., старшыня ВСНГ, 10 наркомаў, кіраўнік ЦСУ (з правам рашаючага голасу), старшыня ДПУ БССР і 4 упаўнаважаныя нар. камісарыятаў СССР (з правам рашаючага ці дарадчага голасу паводле пастановы ЦВКБССР). Кампетэнцыя і структура нар. камісарыятаў і ўзаемаадносіны паміж іх асобнымі органамі вызначаліся агульным Палажэннем аб асобных камісарыятах. Паводле пастановы IX Усебел. з’езда Саветаў «Аб змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага закона) Беларускай ССР» (22.1.1935) СНКБССР стаў адказным не толькі перад Усебел. з’ездам Саветаў і ЦВКБССР, але і перад Прэзідыумам ЦВК. Пры СНК пакінуты 2 пастаянныя камісіі: Эканам. савет і Дзярж. планавая камісія. Паводле Канстытуцыі Беларускай ССР 1937 у склад СНКБССР уваходзілі Старшыня СНК, яго нам., старшыня Дзяржплана, 14 наркомаў (харч., лясной, лёгкай прам-сці, земляробства, збожжавых і жывёлагадоўчых саўгасаў, фінансаў, унутр. гандлю, унутр. спраў, юстыцыі, аховы здароўя, асветы, мясц. прам-сці, камунальнай гаспадаркі, сац. забеспячэння), упаўнаважаны К-та нарыхтовак СССР, нач. упраўлення па справах мастацтваў і 8 упаўнаважаных агульнасаюзных наркаматаў (абароны, замежных спраў, знешняга гандлю, шляхоў зносін, сувязі, воднага транспарту, цяжкай і абароннай прам-сці). Паводле указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 СНКБССР пераўтвораны ў Савет Міністраў Беларускай ССР (гл.Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА (БВА),
ваенна-адм. аб’яднанне вайск. часцей, злучэнняў, ваен. навучальных і інш.ваен. устаноў, улікова-мабілізацыйных органаў (ваенкаматаў), якія дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. Існавала ў 1918—92. Утворана 28.11.1918 як Мінская ваен. акруга. 14.12.1918 перайменавана ў Зах.ваен. акругу, у склад якой увайшлі Мінская, Смаленская, Віцебская, Магілёўская і Віленскай губ. Кіраванне ажыццяўляў акруговы ваен. камісарыят (размяшчаўся ў Смаленску). 20.12.1918 створаны ваен.-акруговы штаб; фарміраваліся мясц. ваенна-адм. органы. Першыя акр.камісары — І.Я.Алібегаў і У.С.Селязнёў. У крас. 1918 ва ўмовах грамадз. вайны і іншаземнай інтэрвенцыі створаны Зах. ўчастак атрадаў заслоны, потым Заходні раён абароны 1918, які перайменаваны ў Заходнюю Армію 1918—19, з 19.2.1919 у Заходні фронт 1919—24. 8.4.1924 Зах. фронт перайменаваны ў Зах.ваен. акругу. У 1924—25 у войсках акругі праводзілася ваен. рэформа, якая прадугледжвала пераход да адзінаначалля, змену структуры кіравання акругай, перавод войскаў на новыя штаты, увядзенне тэр. прынцыпу камплектавання і падрыхтоўкі злучэнняў і часцей Чырв. Арміі, стварэнне нац. злучэнняў і часцей. Першае ў акрузе нац. фарміраванне — 2-я Бел.стралк. дывізія. 2.10.1926 Зах.ваен. акруга перайменавана ў БВА. У 1930-я г. на яе тэр. вялося будаўніцтва ўмацаваных раёнаў (Полацкага, Мінскага і Палескага), праводзілася тэхн. перааснашчэнне, упраўленне акругі аб’яднана са штабам. У 1935—38 тэрытарыяльныя стралк. дывізіі БВА пераўтвораны ў кадравыя. Беспадстаўныя рэпрэсіі ў 1937—38 супраць кіруючых работнікаў, камандзіраў і палітработнікаў сур’ёзна аслабілі ваен. кадры акругі. У 1938 БВА названа Бел. асобай ваен. акругай, у 1939 яе ўпраўленне пераведзена ў Мінск. 11.7.1940 БВА перайменавана ў Зах. асобую ваен. акругу, войскі пачалі аснашчацца новымі відамі зброі і тэхнікі. На пач.Вял.Айч. вайны 22.6.1941 акруга пераўтворана ў Заходні фронт 1941—44, які 24.4.1944 перайменаваны ў 3-і Бел. фронт. З 15.10.1943 на базе ўпраўлення Маскоўскай зоны абароны ў Смаленску (са жн. 1944 у Мінску) сфарміравана ўпраўленне БВА (камандуючы В.Ф.Якаўлеў). У ліп. 1944 у склад акругі ўключана тэр.Літ. ССР, і са студз. 1945 БВА стала называцца Бел.-Літ.ваен. акругай. 9.7.1945 яна падзелена на 2 акругі: Мінскую (аб’ядноўвала Мінскую, Полацкую, Маладзечанскую, Віцебскую і Магілёўскую вобл., упраўленне ў Мінску) і Баранавіцкую (Баранавіцкая, Брэсцкая, Гродзенская, Пінская, Бабруйская, Палеская і Гомельская вобл., упраўленне ў Бабруйску). 4.12.1946 яны зноў аб’яднаны ў адну акругу — БВА (упраўленне напачатку размяшчалася ў Бабруйску, са студз. 1947 — у Мінску). З 1950-х г. войскі БВА аснашчаліся новымі відамі зброі, у т. л. ракетнай зброяй рознага прызначэння, адбываліся змены ў арганізац. структуры існуючых злучэнняў, уведзены новыя роды войскаў, у т. л. ракетныя. 6.5.1992 БВА ліквідавана ў сувязі са стварэннем Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь і будаўніцтвам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТАЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1917,
буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Расіі, у выніку якой скінута царскае самадзяржаўе. Выклікана рэзкім абвастрэннем сац.-эканам. і паліт. крызісу, няздольнасцю царскага ўрада пераадолець выкліканую вайной гасп. разруху. Яе асн. рухаючая сіла — буржуазія, рабочыя буйных гарадоў, асабліва Петраграда і Масквы, да якіх далучыліся дробныя ўласнікі, служачыя і інтэлігенцыя. Вырашальную ролю ў перамозе рэвалюцыі адыграў пераход на яе бок арміі і флоту.
У канцы 1916 — пач. 1917 пачалі набываць усерас. характар паліт. стачкі і дэманстрацыі рабочых. 23.2(8.3).1917 з нагоды Міжнар. свята жанчын-працаўніц (8 сак. па н.ст.) на прадпрыемствах Петраграда адбыліся мітынгі і забастоўкі (128 тыс. удзельнікаў). 24 лют. (9 сак.) у стачках удзельнічалі 214 тыс.чал. з 224 прадпрыемстваў Петраграда. 25 лют. (10 сак.) пачалася ўсеагульная паліт. стачка, якая паралізавала эканам. жыццё горада. 26 лют. (11 сак.) камандуючы Петраградскай ваен. акругай ген. С.С.Хабалаў паспрабаваў задушыць рэв. выступленні ў сталіцы. Адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з войскамі і паліцыяй. 27 лют. (12 сак.) паліт. стачка перарасла ва ўзбр. паўстанне, адбыўся пераход войск на бок рэвалюцыі. Былі захоплены масты, вакзалы, тэлеграф, гал. паштамт, найважнейшыя ўрадавыя ўстановы, разгромлены паліцэйскія ўчасткі, з турмаў вызвалены паліт. зняволеныя, пачаліся арышты царскіх міністраў. Увечары 27 лют. (12 сак.) у Таўрычаскім палацы адбылося першае пасяджэнне Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які выдаў «Загад № 1» аб увядзенні ў арміі дэмакр. прынцыпаў. У ноч на 28 лют. (13 сак.) афіцыйна абвешчана аб стварэнні Часовага камітэта Дзяржаўнай думы 1917. 2(15) сак.К-т накіраваў да цара ў Стаўку Вярх. галоўнакамандавання А.І.Гучкова і В.В.Шульгіна. У выніку перагавораў (адбываліся ў г. Пскоў) цар Мікалай II адрокся 2(15) сак. ад прастола за сябе і за малалетняга сына Аляксея на карысць брата Міхаіла Аляксандравіча; апошні 3(16) сак. таксама адмовіўся ад прастола. 2(15) сак. пленум Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, ухваліў прынятае напярэдадні выканкомам Савета рашэнне аб прадастаўленні Часоваму к-ту Дзярж. думы права сфарміраваць урад. У той жа дзень утвораны Часовы ўрад на чале з кн. Г.Я.Львовым пераважна з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў. Фактычна дзеючым органам ўлады для ўсёй краіны заставаўся і Петраградскі Савет, бо Часовы ўрад не мог дзейнічаць без яго падтрымкі. Такім чынам утварылася двоеўладдзе. У ноч на 1(14) сак. паўстаў Кранштат. 1(14) сак.ўзбр. паўстанне перамагло ў Маскве, дзе быў утвораны Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў. На працягу сакавіка рэвалюцыя перамагла па ўсёй Расіі. Да 10(23) сак. ў краіне створана 130 Саветаў. Паралельна ствараліся мясц. органы Часовага ўрада — часовыя к-ты грамадскага парадку, установы губ. і пав. камісараў.
Першыя паведамленні аб рэв. падзеях у Петраградзе паступілі ў Беларусь 28.2(13.3).1917. У Мінску, Магілёве, Гомелі прайшлі дэманстрацыі і мітынгі ў падтрымку рэвалюцыі. У ноч на 4(17) сак. ў Мінску з рабочых і салдат была ўтворана міліцыя (узначальваў М.В.Фрунзе), якая абяззброіла паліцэйскіх і жандараў. 4(17) сак. створаны першыя ў Беларусі Саветы рабочых дэпутатаў у Мінску і Гомелі. За 2 месяцы ў Беларусі створаны 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў і 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У межах губерняў ствараліся асобныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Саветы сял. дэпутатаў (Мінская і Магілёўская губ.), у Віцебскай губ. — Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. У Заходняй вобласці (утворана ў чэрв. 1917) створаны абл. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Адначасова ў бел. губернях ствараліся мясц. органы Часовага ўрада. У Мінску ноччу 4(17) сак. на нарадзе гласных гар. думы, прадстаўнікоў земскага і гар. саюзаў, губ. і пав. земстваў, правасл., каталіцкага і іудзейскага духавенства абраны грамадзянскі камендант горада і сфарміраваны часовы грамадскі к-т парадку. 6(19) сак. Часовы ўрад у Петраградзе зацвердзіў старшыню губ. земскай управы Б.Н.Самойленку мінскім губ. камісарам, гар. галаву Б.С.Хржанстоўскага — мінскім гар. камісарам. У Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. былі зацверджаны губ.камісары, у паветах прызначаны пав.камісары. Большасць Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў прызнала Часовы ўрад і яго мясц. органы.
У Беларусі, як і ўсюды ў б.Рас. імперыі, розныя пласты грамадства, якія ўдзельнічалі ў Л.р., мелі свае, часам супрацьлеглыя, паліт. і эканам. мэты, цэнтры паліт. прыцягнення. Сілы, што выступалі за захаванне буйной прыватнай ўласнасці, за працяг удзелу Расіі ў 1-й сусв. вайне да перамогі і наступнае яе развіццё як адзінай непадзельнай дэмакр. дзяржавы з развітой рыначнай эканомікай (буйныя прадпрымальнікі, памешчыкі, частка інтэлігенцыі) гуртаваліся вакол Часовага ўрада. Частка сярэдніх і дробных прадпрымальнікаў, інтэлігенцыі апіралася на нац. партыі і арг-цыі. Рабочыя, салдаты, сяляне былі зацікаўлены ва ўстанаўленні дэмакр. рэспублікі, выхадзе з вайны, перадачы зямлі сялянам, увядзенні 8-гадзіннага рабочага дня, яны арыентаваліся на Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў і паліт. партыі левага кірунку. Бел.нац. сілы з мэтай згуртавання сваіх радоў правялі з’езды: бел.нац. дзеячаў, салдат, афіцэраў, рабочых ваен. прадпрыемстваў Зах. фронту, сял. дэпутатаў Мінскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. Усе з’езды выказалі давер Часоваму ўраду, выбралі выканаўчыя органы для ажыццяўлення прынятых рашэнняў. Асаблівасцю Беларусі было тое, што тут, акрамя Беларускай сацыялістычнай грамады, не існавала інш. агульнабел. партый. Дзейнічалі толькі губ. арг-цыі агульнарас. партый: кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, нар. сацыялістаў, анархістаў і інш. Толькі бальшавіцкія арг-цыі стварылі адзіны кіруючы орган — Паўночна-Заходні камітэт РСДРП(б). Канчатковае вырашэнне пытання аб шляхах развіцця краіны ў абставінах рэвалюцыі залежала ад таго, на які бок стане большасць народа.
Перамога Л.р. ператварыла Расію ў самую свабодную краіну з усіх ваюючых дзяржаў і дала нар. масам магчымасць шырока карыстацца паліт. правамі. Аднак да ўлады ў Саветах і ў Часовым ўрадзе прыйшлі паліт. сілы, якія прадстаўлялі розныя пласты насельніцтва з супрацьлеглымі паліт. і эканам. інтарэсамі. Гэта абумовіла вострую паліт. барацьбу (Красавіцкі крызіс 1917, Чэрвеньскі крызіс 1917, Ліпеньскі крызіс 1917) і прамаруджванне з вырашэннем надзённых задач, што адначасова былі патрабаваннямі асн. масы насельніцтва: спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, пераадоленне найб. небяспечных праяў ваен. разрухі. Адбываўся паступовы пераход сімпатый найб. арганізаваных і рашуча настроеных ўдзельнікаў Л.р. (рабочых, салдат, матросаў), асабліва пасля падаўлення Карнілава мяцяжу 1917, на бок леварадыкальных паліт. партый (бальшавікоў і левых эсэраў), якія на хвалі незадаволенасці працоўных палітыкай акцябрыстаў, кадэтаў, меншавікоў і правых эсэраў падрыхтавалі і правялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917.
Кр.: Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954; Отречение Николая П: Воспоминания очевидцев, док.: Репр. 2 изд. 1927 г.М., 1990; Революционное движение в Белоруссии, июнь 1907 — февраль 1917: Док. и материалы. Мн., 1987.
Літ.:
Бурджалов Э.Н. Вторая русская революция. Москва. Фронт. Периферия. М., 1971;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Деникин А.И. Очерки русской смуты. М., 1991;
Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;
Исторический опыт трех российских революций. [Кн. 2], М., 1986;
Ленін У.І. Тв.Т. 1-45. Мн., 1948—74;
Набоков В. Временное правительство: (Воспоминания). М., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Пушкарева И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция 1917 г. в России. М., 1982;
Саладкоў Т.Е. Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;
Суханов Н.Н. Записки о революции. Т. 1. М., 1991;
Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967;
Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963.
І.М.Ігнаценка.
Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Салдаты Заходняга фронту вітаюць звяржэнне царызму. 1917.Да арт.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Маніфестацыя рабочых і салдат у г. Маладзечна. Сакавік 1917.Лютаўская рэвалюцыя 1917. Дэлегаты 1-га з’езда дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту каля будынка Мінскага гарадскога тэатра. Красавік 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ КАМІСАРЫЯ́ТЫ БССР, наркаматы,
цэнтральныя галіновыя органы дзярж. кіравання СССР, саюзных і аўтаномных рэспублік у 1917—46. Падпарадкоўваліся Савету Нар. Камісараў (СНК) РСФСР, потым СССР, адпаведным саюзным і рэсп. органам. Паводле пастановы 2-га Усерас. з’езда Саветаў ад 8.11.1917 «Аб заснаванні Савета Народных Камісараў» створаны К-т па ваен. і марскіх справах і 12 камісій: гандлю і прам-сці, юстыцыі, пошт і тэлеграфаў, працы, па замежных справах, па справах харчавання, па чыг. справах, па ўнутр. справах, земляробства, па справах нацыянальнасцей, нар. адукацыі, фінансаў, якія і з’яўляліся першымі наркаматамі. Узначальваў СНК РСФСР У.І.Ульянаў (Ленін). Са снеж. 1917 па сак. 1918 некалькімі Н.к. кіравалі левыя эсэры. У далейшым наркомамі прызначаліся толькі члены РКП(б), потым ВКП(б) са згоды ЦК партыі. Канстытуцыя РСФСР 1918 замацавала існаванне 18 наркаматаў, у т. л.ВСНГ на правах наркамата. Колькасць і назвы Н.к. вызначаліся ВЦВК (потым Вярх. Саветам СССР), адпаведнымі органамі саюзных рэспублік, зацвярджаліся на сесіях, потым уносіліся змены ў саюзную і рэсп. канстытуцыі. Паводле Канстытуцыі СССР 1924 Н.к. падзяляліся на агульнасаюзныя, аб’яднаныя (з 1936 саюзна-рэсп.) і рэспубліканскія. У канцы 1920-х—1930-я г. колькасць Н.к. значна павялічылася. Пэўныя змены ў структуры Н.к. адбыліся ў час Вял.Айч. вайны і пасля яе. Законам Вярх. Савета СССР ад 15.3.1946 Н.к. пераўтвораны ў міністэрствы.
Першым у Беларусі вышэйшым заканадаўчым (паміж з’ездамі Саветаў) органам сав. улады быў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), які складаўся з 15 аддзелаў. Іх узначальвалі нар.камісары, якія ўваходзілі ў СНКЗах. вобласці і фронту. Аддзелы ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (абавязкі Н.к. выконвалі чл. ўрада), на іх аснове ў студз. 1919 створаны камісарыяты Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (ССРБ), з лют. 1919 іх функцыі перададзены аб’яднаным камісарыятам Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Літвы і Беларусі (Літбел). У сувязі з польск. акупацыяй яны фактычна спынілі работу. Пасля вызвалення дзейнасць сав. органаў адноўлена. У адпаведнасці з дапаўненнямі да Канстытуцыі ССРБ 1919, прынятымі 2-м з’ездам Саветаў Беларусі, у снеж. 1920 створаны СНК і 13 рэсп. Н.к.: замежных спраў, па ваен. справах, унутр. спраў, юстыцыі, працы, асветы, сац. забеспячэння, фінансаў, земляробства, нар. сувязі, аховы здароўя, харчавання, рабоча-сял. інспекцыі (РСІ). Правы Н.к. мелі Савет нар. гаспадаркі [з 1924 Вышэйшы Савет Народнай ГаспадаркіБССР (ВСНГБССР)] і Надзвычайная камісія (ЧК), якая ў 1922 пераўтворана ў Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР (ДПУ) пры СНКБССР. У сувязі са стварэннем СССР змянялася структура органаў кіравання. Узмацнялася роля цэнтр.дзярж. і парт. органаў. Вырасла колькасць агульнасаюзных і аб’яднаных Н.к. Адпаведныя змены ўнесены ў Канстытуцыю БССР (1927). З пач. 1930-х г. павялічылася колькасць Н.к., пастаянна рэарганізоўвалася іх структура. Большасць наркомаў, іх намеснікаў, кіруючых работнікаў Н.к. БССР былі рэпрэсіраваны. У час Вял.Айч. вайны Н.к. БССР працавалі як структурныя падраздзяленні агульнасаюзных, колькасць якіх павялічылася. З пач. вызвалення Беларусі Н.к. БССР аднавілі сваю дзейнасць на тэр. рэспублікі. З 1920 да 1946 у БССР у розны час дзейнічала 38 Н.к. (гл.табл.). Да сак. 1946 кіраўніцтва ў Беларусі ажыццяўлялі 25 агульнасаюзных, 13 саюзна-рэсп. і 6 рэсп. Н.к., створана сістэма поўнага падпарадкавання агульнасаюзным Н.к. такіх галін, як машына-, аўтамабіле-, трактарабудаванне, хімічная, нафтавая прамысловасць. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 Н.к. ў БССР рэарганізаваны ў мін-вы БССР.
Літ.:
История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;
История Советской Конституции (в документах), 1917—1956. М., 1957;
Сборник законов БССР и Указов Президиума Верховного Совета БССР, 1938—1955 гг.Мн., 1956;
Органы государственного управления Белорусской ССР (1919—1967 гг). Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Максім Іванавіч) (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац.маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ.«Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ.«Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.
Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел.літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб.тв. У.І.Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1973;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1984—1986;
Творы. Мн., 1990.
Літ.:
Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;
Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;
Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;
Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;
Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;
Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;
Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;
Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ І ВАЕ́ННАЯ ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ 1918—22,
узброеная барацьба паміж праціўнікамі сав. улады і яе абаронцамі ў Расіі.
Другі Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 25—27.10(7—9.11). 1917 абвясціў пераход усёй улады да Саветаў, утварыў часовы рабоча-сял. ўрад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з У.І.Леніным, прыняў дэкрэты аб міры і зямлі. Пераход улады да Саветаў распаўсюдзіўся па ўсёй краіне. Буржуазія, вышэйшае афіцэрства, чыноўніцтва і інш.Сац. групы выступілі супраць улады бальшавікоў. У гэтай барацьбе ўдзельнічалі кадэты, правыя эсэры, меншавікі, нац. партыі і арг-цыі. 25.10(7.11).1917 прэм’ер-міністр Часовага ўрада А.Ф.Керанскі ўцёк на Паўн. фронт і накіраваў на Петраград корпус ген. П.М.Краснова. Барацьбу супраць Сав. улады пачалі казацкія ўрады Дона (К.М.Каледзін), Кубані (А.Філімонаў), Арэнбурга (А.І.Дутаў). Украінская Цэнтральная рада, абапіраючыся на камандаванне Паўд.-Зах. і Рум. франтоў, нац. часці, 7(20) ліст. стала вярх. органам улады на Украіне, абвясціла незалежную Украінскую народную рэспубліку. Створаны ў Тыфлісе 15(28) ліст.Закаўказскі камісарыят захапіў уладу ў Закаўказзі. Антысав. ўрады былі ўтвораны ў Туркестане і Сібіры. Капіталіст. дзяржавы, занятыя першай сусветнай вайной 1914—18, спачатку не змаглі аказаць рус. буржуазіі эфект. дапамогу, але наладжвалі з ёй сувязі, давалі крэдыты. Асн.узбр. сілай сав. улады была Чырв. гвардыя і рэв. часці старой арміі. У кастр.—ліст. 1917 яны разграмілі мяцяжы Керанскага—Краснова пад Петраградам, юнкераў у Петраградзе, батальёны пад Белгарадам, да пач. 1918 была занята амаль уся Украіна, разбіты войскі атамана Дутава на Паўд. Урале, ліквідаваны антыбальшавіцкія мяцяжы ў Іркуцку, Забайкаллі, Амурскай і Прыморскай абласцях.
Пасля атрымання весткі аб перамозе ўзбр. паўстання ў Петраградзе выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі выдаў загад № 1, у якім заявіў аб пераходзе ўлады да Саветаў. Створаны 27.10(9.11).1917 Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (ВРК) патрабаваў ад усіх арг-цый і грамадзян выконваць толькі распараджэнні СНК і Петраградскага ВРК. Антыбальшавіцкія сілы ў сваю чаргу арганізавалі Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада, утвораная ў выніку рэарганізацыі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый. Барацьба за ўстанаўленне Сав. улады у Беларусі ўскладнялася дзеяннямі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага, якая знаходзілася ў Магілёве. 26.10(8.11). 1917 яна звярнулася да арміі з заклікам выступіць супраць бальшавікоў. Прадстаўнікі кадэтаў, правых эсэраў, меншавікоў і інш. партый спрабавалі стварыць пры Стаўцы агульнарас. ўрад на чале з лідэрам эсэраў В.М.Чарновым. Сав. ўрад зняў ген. М.М.Духоніна з пасады в.а. галоўнакамандуючага. Стаўку занялі сав. войскі на чале з М.В.Крыленкам, які стаў галоўнакамандуючым, быў зменены склад штаба Зах. фронту, распушчаны франтавы камітэт. 26.11(9.12).1917 у Мінску створаны вышэйшы заканад. орган Заходняй вобласці і Зах. фронту — Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), а для вырашэння найб. важных пытанняў Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Старыя мясц. органы самакіравання ліквідоўваліся. Беларуская рада, Цэнтральная беларуская вайсковая рада сталі збіраць сілы для барацьбы з новай уладай. Быў скліканы Усебеларускі з’езд 1917 з мэтай вырашэння нац.-дзярж. самавызначэння бел. народа. З’езд быў распушчаны, аднак члены яго Прэзідыума на нелегальным пасяджэнні стварылі Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага з’езда.
16.2.1918 Германія заявіла Сав. Расіі, што тэрмін перамір’я скончыўся, і краіны зноў знаходзяцца ў стане вайны. Ням. войскі пачалі наступаць на ўсім фронце ад Балт. мора да Карпат. Адначасова выступілі і часці 1-га польск. корпуса ген. І.Р.Доўбар-Мусніцкага (гл.Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), якія разам з атрадамі Вял.бел. рады ў ноч на 20.2.1918 занялі Мінск. 21.2.1918 ням. войскі ўступілі ў Мінск, 24 лют. — у Калінкавічы, 28 лют. — у Рагачоў, Рэчыцу, 1 сак. — у Гомель, 5 сак. — у Магілёў. 21 лют.СНК РСФСР прыняў дэкрэт-адозву «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы». У Беларусі сав. войскі складалі 2 фронты: Зах. (каманд. А.Ф.Мяснікоў) і Зах. па барацьбе з контррэвалюцыяй (каманд. Р.І.Берзін). У пач.сак. 1918 ім удалося спыніць наступленне герм. войск на лініі Полацк—Орша—Магілёў—Гомель. У гэтых умовах сав. урад аднавіў перагаворы з Германіяй аб перамір’і, а потым пагадзіўся на заключэнне Брэсцкага міру 1918, у выніку чаго стабілізавалася лінія сав.-герм. фронту. Больш за 2/3тэр. Беларусі (Зах. і Цэнтр.) апынуліся пад уладай герм. акупантаў. Мазырскі, Пінскі і Рэчыцкі пав. былі далучаны да гетманскай Украіны. І толькі ва ўсх. паветах Віцебскай і Магілёўскай губ. існавала сав. ўлада. На захопленай тэр.ням. ўлады ўстанавілі жорсткі акупац. рэжым, адмянілі дэкрэты сав. улады, забаранілі дзейнасць партый і грамадскіх арг-цый, якія стаялі на сав. платформе, але дазволілі дзейнасць Саюза зямельных уласнікаў, клерыкальных арг-цый, розных партый ліберальнай арыентацыі. Памешчыкам вернуты іх маёнткі і зямельныя ўладанні. Такая палітыка выклікала супраціўленне бел. народа, у т. л.партыз. і падп. рух. Выканком Рады Усебел. з’езда, які выйшаў з падполля, прыняў Першую Устаўную грамату, у якой абвясціў пра стварэнне 20 лют. ўрада — Народнага сакратарыята Беларусі (старшыня Я.Я.Варонка). 9.3.1918 Выканком прыняў Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь аб’яўлялася незалежнай ад Расіі Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). 25.3.1918 Рада прыняла Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР у этнагр. межах пражывання беларусаў. Рада БНР спрабавала рэалізаваць свой дзярж. суверэнітэт пры падтрымцы знешніх сіл. 25.4.1918 яна накіравала тэлеграму герм. кайзеру Вільгельму, у якой выказала сярод іншага гатоўнасць «дасягнення дзярж. незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй». Гэта выклікала востры паліт. крызіс і хвалю пратэсту ў розных колах бел. грамадства. Летам 1918 яе пакінулі рас. эсэры, меншавікі, яўр. сацыялісты. Утварылася некалькі новых партый. У многіх буйных гарадах Беларусі адбыліся забастоўкі, сходы і мітынгі, на якіх прымалі рэзалюцыі з асуджэннем акупац. палітыкі. Да восені 1918 на Беларусі разгарнуўся шырокі партыз. рух (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў 1918—20). Больш за 100 партыз. атрадаў дзейнічала на тэр. Магілёўскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Мінскага, Рэчыцкага, Слуцкага пав. У Бабруйскім пав. была ўтворана «Рудабельская рэспубліка».
1918 быў надзвычай цяжкім для ўсёй Сав. дзяржавы. Чырв. Арміі даводзілася адначасова весці барацьбу супраць замежных і ўнутр. антысавецкіх сіл. У маі пачаўся Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918. Высадка англ. Дэсанта 6 сак. ў Мурманску стала пачаткам адкрытай замежнай інтэрвенцыі. Антанта разгортвала свае войскі адначасова на Поўначы, Д. Усходзе і ў інш. рэгіёнах. Сав. ўрад для адпору інтэрвентам 4.3.1918 стварыў Вышэйшы ваенны савет, пераўтвораны потым ў Рэўваенсавет Рэспублікі (РВСР), прыняў дэкрэт аб вайсковым абавязку для працоўных, увёў ін-тваен. камісараў. У жн. 1918 войскі Усх. фронту спынілі наступленне чэхаславакаў і белагвардзейцаў. Але пры падтрымцы Антанты і ЗША актывізавалі дзейнасць антысав. «Саюз абароны радзімы і свабоды» на чале з Б.В.Савінкавым, правакадэцкі манархічны «Нацыянальны цэнтр», кааліцыйны «Саюз Адраджэння Расіі» і інш., якія арганізавалі ў ліп. 1918 антыбальшавіцкія леваэсэраўскія мяцяжы ў Маскве, Яраслаўлі і інш. У Баку (31 ліп.) уладу захапілі эсэры і меншавікі, пала Бакінская камуна, яе кіраўнікі расстраляны (гл.Бакінскія камісары). У Фергане пачалося басмацтва. Добраахвотніцкая армія А.І.Дзянікіна рушыла на Кубань і ў ліп.—вер. захапіла Стаўрапаль, Екацярынадар, Новарасійск. На Усходзе гал. антысав. сілай стала армія адмірала А.В.Калчака. 27.8.1918 кайзераўскі ўрад падпісаў з урадам РСФСР дадатковы дагавор, паводле якога герм. войскі пакідалі частку тэр. Беларусі да р. Бярэзіна. У ліст. 1918 адбылася рэвалюцыя ў Германіі, сав. ўрад ануляваў Брэсцкі мірны дагавор. З выхадам Германіі з вайны правячыя колы Антанты узмацнілі націск на Расію, наносячы ўдары з Поўначы, Усходу і Поўдня. Сав. Расія да восені апынулася ў вогненным кальцы. У краіне панавалі голад, разруха, эпідэміі. 30.11.1918 створаны Савет рабоча-сялянскай абароны на чале з Леніным. Кіраўніцтва краіны прыняло шэраг надзвычайных паліт. і эканам. мерапрыемстваў (манаполія дзяржавы на хлеб, харчразвёрстка, стварэнне камітэтаў беднаты і інш.), якія атрымалі назву палітыкі «ваеннага камунізму». Гэта дало магчымасць умацаваць тыл і пачаць актыўныя баявыя дзеянні. Войскі Усх. фронту перайшлі ў наступленне.
У канцы 1918 герм. войскі сталі адыходзіць з тэр. Беларусі. Чырв. Армія 10.12.1918 уступіла ў Мінск. Да лют. 1919 Зах. армія замацавалася на лініі Вільня — Ліда — Слонім — р.Шчара — Агінскі канал — Сарны. На гэтай тэрыторыі аднаўлялася Сав. ўлада. На парадак дня станавілася пытанне аб дзярж. уладкаванні Беларусі. 17—22.7.1918 на Усерас. з’ездзе бежанцаў у Маскве выказана прапанова аб стварэнні бел. дзяржавы як аўтаномнай часткі Сав. Расіі. 24.12.1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) як суверэннай дзяржавы. 30.12.1918 у Смаленску склікана 6-я Паўн.-Зах.абл. канферэнцыя РКП(б), якая прыняла рэзалюцыю «Аб абвяшчэнні Заходняй Камуны Беларускай Савецкай Рэспублікай», перайменавала Паўн.-Зах.абл. арг-цыю РКП(б) у Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі. 31.12.1918 па рэкамендацыі ЦК РКП(б) зацвердзіла склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі на чале з З.Х.Жылуновічам. 1.1.1919 быў апублікаваны Маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, які абвясціў стварэнне суверэннай БССР і асн. палажэнні яе дзярж. статуса. Тэр.БССР яшчэ не была вызвалена ад герм. войск, а ёй ужо пагражала польская акупацыя (у снеж. 1918 старшыня Часовага нар. ўрада Польскай Рэспублікі Ю.Пілсудскі заявіў, што Польшча будзе аднаўляцца ў межах Рэчы Паспалітай 1772, куды ўваходзілі і бел. Землі). 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі (Літбел) у складзе Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай і Віленскай губ. са сталіцай у Вільні (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. былі пакінуты ў РСФСР). Стварэнне Літбел на граніцы з Польшчай мела на мэце перашкодзіць вайне апошняй непасрэдна з РСФСР. У пач. вясны 1919 пачалося наступленне польскіх войск. Камандаванне фронту і СНК Літбел не здолелі абмежаванымі сіламі арганізаваць абарону рэспублікі. У гэты час асн. сілы Чырв. Арміі, у т. л. з Беларусі, накіроўваліся на Усх. фронт, які лічыўся галоўным. Сяляне не заўсёды падтрымлівалі палітыку «ваеннага камунізму». У многіх месцах, асабліва ў паласе Зах. фронту, успыхвалі сял. хваляванні. Антысав. сілы арганізавалі стракапытаўскі мяцеж 1919 у Гомелі. 17.4.1919 польскія войскі захапілі Ліду, Баранавічы, 21 крас. — Вільню, 8 жніўня — Мінск. У вер. 1919 сав.-польскі фронт стабілізаваўся на лініі ад Дзвінска на Пн па р.Зах. Дзвіна (праз Дрысу да Полацка), каля Лепеля, паварочваў да Барысава, па р. Бярэзіна да Бабруйска і па р. Пціч да Прыпяці. У выніку перагавораў паміж урадамі Пілсудскага і РСФСР было падпісана часовае перамір’е. На акупіраванай тэр. ўлада належала польскай адміністрацыі. Лідэры нац.-дэмакр. партый спрабавалі дамагчыся ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве, заявіўшы аб сваёй польск. арыентацыі. Але Пілсудскі не прызнаў незалежнасць БНР і загадаў распусціць яе Раду. Толькі пры падтрымцы Польскай сацыяліст. партыі (ППС) польскі ўрад даў згоду на правядзенне сесіі Рады БНР, стварэнне бел. войска. Была створана Беларуская вайсковая камісія.
Вясной 1919 пры падтрымцы Антанты супраць Сав. Расіі працягвалі наступаць арміі Дзянікіна, Юдзеніча, Мілера. Але асн. ударнай сілай была армія Калчака, якая наступала з Урала, захапіла Уфу, Бугульму, Бугуруслан і рушыла на Паволжа, каб злучыцца з сіламі на Пд. Усх. фронт (камандуючы С.С.Каменеў) зноў стаў галоўным. Яго Паўд. група армій (камандуючы М.В.Фрунзе) перайшла ў наступленне. У маі 1919 вызвалены Бугуруслан, Бугульма, 9 чэрв. — Уфа.
Жорсткі акупац. рэжым польскіх улад выклікаў супраціўленне шырокіх слаёў насельніцтва Беларусі. Рэв. сілы ў гарадах аб’ядноўваліся пераважна вакол камуністаў, у сельскай мясцовасці гал.паліт. сілай былі бел. эсэры. У пач. 1920 адбылося аб’яднанне абедзвюх плыней партыз. руху — камуністычнай і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У.М.Ігнатоўскім. Сав. ўрад вёў перагаворы з польскім бокам пра спыненне ваен. дзеянняў і магчымасць прызнання польскай граніцы па лініі сав.-польскага фронту (300 км на У ад т.зв.«Керзана лініі»). Аднак урад Пілсудскага, імкнучыся захапіць усю Беларусь, Украіну і Літву, адмовіўся ад гэтых прапаноў. 25.4.1920 польскія войскі разам з укр.ваен. фарміраваннямі Пятлюры разгарнулі наступленне на ўсім фронце. Яны захапілі Мазыр, Калінкавічы, Рэчыцу. 14.5.1920 у контрнаступленне перайшла Чырв. Армія, але з-за недахопу сіл вымушана была адысці на зыходныя пазіцыі.
У маі 1919 войскі Юдзеніча прарвалі каля Нарвы сав. фронт і ў пач.чэрв. падышлі да Петраграда. Часці, накіраваныя з Усх. фронту і з рэзерву Гал. камандавання ў чэрв. 1919 адбілі наступленне Юдзеніча. У ліп. спынена наступленне белагвардзейцаў з Пн. У выніку наступлення сав. войск на Паўд. фронце (з 4.1.1919) разбіта Данская армія Краснова. Становішча на Украіне ўскладнялася антыбальшавіцкім паўстаннем на Доне, мяцяжамі Грыгор’ева і Махно. У чэрв. 1919 Дзянікін захапіў Харкаў, Царыцын, уступіў у Данскую вобл., 3 ліп. абвясціў дырэктыву аб наступленні на Маскву. На Усх. фронце Чырв. Армія ў ліп. 1919 заняла Перм, Кунгур, Уральск, Екацярынбург; 5-я армія на чале з М.М.Тухачэўскім разбіла каля Чэлябінска апошнія рэзервы Калчака. Для цэнтралізацыі ваен. намаганняў і ўмацавання Чырв. Арміі 1.6.1919 ВЦВК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аб’яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік: Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам». У краінах Антанты і ЗША нарастаў рэв. рух, нар. масы выступалі супраць інтэрвенцыі ў Расіі. Калі Францыя актывізавала свае дзеянні на Пд Украіны, у франц. войсках пачаліся бурныя пратэсты. У крас. 1920 адбылося паўстанне на франц. флоце, французы пакінулі Адэсу і Севастопаль, і франц. ўрад заявіў аб спыненні інтэрвенцыі ў Расіі. 13 крас. эвакуіраваны з Закаспія англ. войскі. Стабілізацыя сав.-польскага фронту, паражэнне Калчака, актыўнае супраціўленне сав. войск на Пд вымусілі Дзянікіна накіраваць войскі на Украіну, дзе ён разлічваў на ўзаемадзеянне з палякамі. Армія Дзянікіна (да 110 тыс.чал.) у жн. заняла Правабярэжную Украіну, 10 жн.кав. корпус К.М.Мамантава прарваў сав. фронт і пачаў рэйд па тылах. 12 вер. Дзянікін зноў пачаў наступленне на Маскву, у кастр. захапіў Варонеж і Арол. 28 вер. ў наступленне на Петраград перайшла армія Юдзеніча. Чырв. армія да снеж. разбіла асн. сілы Юдзеніча, рэшткі яго арміі раззброены ў Эстоніі. У кастр.—ліст. дзянікінскія войскі разбіты пад Арлом і Варонежам. Паўд. і Паўд.-Усх. франты пачалі агульнае наступленне і да пач. 1920 вызвалілі Данбас, Таганрог, Царыцын, Новачаркаск, Растоў-на-Доне, выйшлі да Азоўскага м. Тэрор дзянікінцаў і вяртанне памешчыкаў выклікалі супраціўленне на Украіне, Кубані, у Чарнаморскіх губ., Дагестане. Казакі адмаўляліся ваяваць за межамі Данской вобл. Тыл дзянікінцаў развальваўся. У лют. 1920 ліквідаваны рэшткі белагвардзейскіх войск на Пд Украіны. У кастр. 1919 сав. войскі пачалі наступленне супраць рэшткаў калчакаўскіх войск, вызвалілі Омск, Краснаярск. На Д. Усходзе створана Далёкаўсходняя Рэспубліка.
Пасля перамогі над войскамі Калчака, Юдзеніча, Дзянікіна Чырв. Армія атрымала магчымасць умацаваць Зах. фронт. 4.7.1920 ударная групоўка (4, 15, 3 і 16-я арміі) перайшла ў наступленне. 11 ліп. вызвалены Мінск, 14 ліп. — Вільня, 19 ліп. — Гродна. У баях за Беларусь асабліва вызначыліся камандзіры Чырв. Арміі С.Я.Грыбаў, І.Ф.Шубін, Я.Ф.Фабрыцыус. Да жн. 1920 войскі Зах. фронту вызвалілі ўсю тэр. Беларусі (гл.Савецка-польская вайна 1920) і паўстала пытанне аб аднаўленні яе дзяржаўнасці. 6.7.1920 ЦК КП(б)ЛіБ выказаўся за аднаўленне бел.сав. дзяржаўнасці, яго падтрымаў і ЦК РКП(б). Быў створаны Белрэўком на чале з А.Р.Чарвяковым. ЦК КП(б)ЛіБ палічыў магчымым дапусціць да адраджэння бел. дзяржаўнасці нац.-дэмакр. партыі, якія стаялі на сав. платформе. У ходзе перагавораў ЦК КП(б)ЛіБ з кіраўніцтвам БКА, БПС-Р, Бунда і інш. грамадска-паліт. арг-цый 31.7.1920 выпрацавана «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь», у якой абвяшчалася, што Беларусь будуецца як суверэнная, незалежная рэспубліка ў этнічных межах пражывання беларусаў. Аднак ва ўмовах прадаўжэння польска-сав. вайны БССР аднаўлялася толькі ў межах Мінскай губ. (6 паветаў, 1,6 млн.чал.нас.). Англ. ўрад прапанаваў сав. ўраду заключыць перамір’е з Польшчай, пагражаючы пачаць ваен. дзеянні. Сав. ўрад згадзіўся на перагаворы з урадам Польшчы. Францыя ўзмацніла забеспячэнне польскай арміі. Польскі ўрад разгарнуў кампанію па прапагандзе пагрозы незалежнасці Польшчы з боку Сав. Расіі. На хвалі нацыяналізму ён правёў мабілізацыю і вярбоўку добраахвотнікаў у армію. У выніку польская армія дадаткова атрымала 573 тыс.чал. і больш за 160 тыс. добраахвотнікаў. Да гэтага часу ўскладнілася становішча і на ўрангелеўскім фронце. У ліп. Урангель высадзіў дэсант каля Таганрога, каб ісці на Дон; нанёс паражэнне 13-й арміі і 2-й коннай арміі і вымусіў іх адступіць. 23 ліп. галоўнакамандуючы С.С.Каменеў загадаў Зах. фронту да 12 жн. авалодаць Варшавай. 11.8.1920 пачалося наступленне сав. войск на Варшаву (гл.Варшаўская аперацыя 1920). Аднак сіл для авалодання ёю было мала, былі дапушчаны памылкі ў планаванні аперацыі і недаацэнены сілы праціўніка. 18 жн. польскія войскі перайшлі ў контрнаступленне на ўсім Зах. фронце. Спробы перакінуць сюды падмацаванне з Паўд.-Зах. фронту не змянілі становішча. Арміі Зах. фронту адыходзілі. 4-я армія, дзве дывізіі 15-й арміі і 3-і кав. корпус не змаглі прабіцца на У і былі інтэрніраваны ва Усх. Прусіі. Польскія войскі зноў занялі зах.ч. Беларусі, пачалі наступаць і на Паўд.-Зах. фронце. Але, нягледзячы на ваен. поспехі, становішча Польшчы было цяжкае. Насуперак патрабаванням Антанты прадаўжаць вайну польскі ўрад згадзіўся на перагаворы аб міры. 12.10.1920 у Рызе падпісаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР, Украінай з аднаго боку і Польшчай з другога, паводле якіх зах.ч. Украіны і Беларусі адыходзілі да Польшчы. У ліст. 1920 на тэр.БССР з Польшчы ўвёў сваю армію (20 тыс.чал.) С.Н.Булак-Балаховіч і павёў наступленне ўздоўж Прыпяці. Былі захоплены Петрыкаў, Мазыр, Калінкавічы (гл.Булак-Балаховіча паход 1920). 16 ліст.Чырв. Армія сіламі 4, 10-й і 48-й дывізій Зах. фронту пачала контрнаступленне, узяла Мазыр і да канца ліст. 1920 разбіла асн. сілы арміі Булак-Балаховіча. У гэты ж час адбылося Слуцкае паўстанне 1920. Другі Усебеларускі з’езд Саветаў 13.12.1920 падвёў вынікі барацьбы з інтэрвентамі і пацвердзіў умовы Рыжскага дагавора. Рыжскі мірны дагавор 1921 юрыдычна замацаваў за Польшчай значную частку бел. зямель — 108 тыс.км² з насельніцтвам за 4 млн.чал. (гл.Заходняя Беларусь) і Зах. Украіну.
Спыненне вайны з Польшчай дало магчымасці Чырв. Арміі разграміць войскі Урангеля. У жн. — вер. 1920 яна вызваліла Кубань. Войскі Паўд. фронту (камандуючы Фрунзе) прымусілі адысці за крымскія ўмацаванні. У ліст. авалодалі ўмацаваннямі Перакопскага перашыйка і вызвалілі Крым. У 1920 сав. ўлада ўстаноўлена ў Сярэдняй Азіі, у сак. 1921 — у Закаўказзі. На Д. Усходзе барацьба з белагвардзейцамі і яп. інтэрвентамі зацягнулася да 1922. Імкнучыся захаваць за сабой Прымор’е, японцы арганізавалі ў маі 1922 контррэв. пераварот. Адначасова з Манголіі ў Забайкалле ўварваліся атрады ген. Р.Ф.Унгерна. Сав. войскі разбілі іх. Армія Далёкаўсходняй Рэспублікі (камандуючы В.К.Блюхер) у лют. 1922 разбіла белагвардзейцаў каля Валачаеўкі, у кастр. 1922 пад Спаскам (камандуючы Е.П.Убарэвіч) і вызваліла Уладзівасток. У 1921 падаўлены Антонава паўстанне, Кранштацкае паўстанне 1921, антыбальшавіцкія выступленні на Украіне, Зах. Сібіры і інш.
У ходзе грамадзянскай вайны ў баях, ад тэрору, хвароб і голаду загінула (паводле розных звестак) ад 8 да 13 млн.чал., у т. л. каля 1 млн. байцоў Чырв. Арміі. З Расіі эмігрыравала каля 2 млн.чал. Страты нар. гаспадаркі склалі каля 50 млрд.руб. золатам, прамысл.вытв-сць знізілася да 4—20% ад узроўню 1913, с.-г. вытв-сці скарацілася амаль удвая. У сак. 1921 Дзесяты з’езд РКП(б) абвясціў пераход ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;
Гражданская война и военная интервенция в СССР: Энцикл. 2 изд. М., 1987;
Какурин Н.Е. Как сражалась революция. Т. 1—2. 2 изд. М., 1990;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Наше Отечество: Опыт полит. истории. [Т. 1—2]. М., 1991;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Селиванов П.А. Военная деятельность Советов Белоруссии. 1917—1920 гг.Мн., 1980;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.
П.А.Селіванаў, М.С.Сташкевіч.
Да арт.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Агляд першага Беларускага камуністычнага атрада. Петраград. 1919.Да арт.Грамадзянсхая вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. М.І.Калінін прымае парад на станцыі Гомель. 1919.Да арт.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Аўстра-нямецкія войскі на плошчы Свабоды ў Мінску. 21.2.1918.Да арт.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Атрад камсамольцаў перад адпраўкай на Заходні фронт. Петраград. 1920.