па́сці, паду́, падзе́ш, падзе́; падзём, падзяце́, паду́ць; паў, па́ла; падзі́; зак.

1. гл. падаць.

2. Загінуць, быць забітым (высок.).

П. ў бітве за Радзіму.

П. ахвярай чаго-н. (загінуць з-за чаго-н.).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць пераможаным, скарыцца (пра крэпасць, уладу; высок.).

Крэпасць пала.

Стары лад паў.

4. перан. Маральна апусціцца, стаць нікчэмным.

Нізка п.

Ні села ні пала (разм.) — нечакана, без прычыны.

Пасці духам — страціць надзею, занудзіцца.

|| наз. падзе́нне, -я, н. (да 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

засумава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак., па кім-чым і без дап.

Пачаць сумаваць. // Зрабіцца сумным, занудзіцца без каго‑, чаго‑н., замаркоціцца па кім‑, чым‑н. Дзень быў цёплы, вясновы. Адзін з такіх, калі вельмі цягне на сонца, па якім засумаваў за зіму. Карпаў. / у перан. ужыв. [Лукаш] вярнуўся з вайны, вярнуўся з думкамі толькі аб працы, па якой зусім занудзілася душа, засумавалі рукі. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыну́дзіць ’прымусіць’ (Ян.), прынудзі́лавец ’хто працуе па прымусу’ (паст., Сл. ПЗБ), загнаць у прыну́д ’прымусіць зайсці сілай’ (ТС), сюды ж дзеясловы з іншай семантыкай, адлюстраванай у ну́дзіць (гл.): прыну́дзіцьзанудзіцца, зажурыцца’ (Ян.), прыну́дзіцца ’тс’, прыну́дзіць ’затхнуцца (пра рыбу)’ (ТС); таксама сюды ж аддзеяслоўныя субстантывы прыну́да ’туга’ (ТС), пріну́жа ’прынука, прымус’ (Бяльк.). Ст.-бел. принудити ’прымусіць, загадаць’. Узыходзіць да прасл. *prinuditi, прэфіксальнага ўтварэння ад *nuditi (). Ст.-слав. приноудити ’прынудзіць’, ст.-рус. принудити ’прымусіць, прынудзіць; загадаць; пераканаць; прызначыць’ (Сразн.), рус. прину́дить ’прымусіць’, укр. принуди́ти ’змучыць, змарыць тугою, смуткам’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уны́ние ср. марко́та, -ты ж.; туга́, -гі́ ж.; сум, род. су́му м., сму́так, -тку м., журба́, -бы́ ж.; (скука) нуда́, -ды́ ж.;

впасть в уны́ние замарко́ціцца (затужы́ць, засумава́ць, засмуці́цца, зажуры́цца, занудзі́цца).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Пры́ндзіцца ’надрывацца (з крыку, піску і пад.); паказваць незадаволенасць; капрызіць’ (слонім., Жыв. сл.; Нар. Гом., ТС); сюды ж экспр. пры́ндзіцца ’паміраць’ (гродз., Сл. ПЗБ; тут падаецца яшчэ ў якасці магчымай паралелі літ. pasisprénde ’выцягнуцца’, уплыў якога цалкам верагодны). Таксама сюды ж піры́ндзіць ’вельмі тонка прасці; нагаворваць на каго-небудзь’ (навагр., Жыв. НС) з эпентэтычным ‑i‑ ў гістарычным прэфіксе, які “ўзнаўляе” складовасць, і цікавым семантычным развіццём. Хутчэй за ўсё, звязана з прыну́дзіцца/прыну́дзіць (гл.) са значэннем ’занудзіцца, зажурыцца’ і пад. Размоўны перанос націску на прэфікс абумовіў рэдукцую да нуля націскнога у́, а фармальная аддаленасць асноў — семантычныя змены (параўн. ніжэй аналагічныя працэсы ў рускай і ўкраінскай мовах). Не выключаны толькі ўсходнеславянскі характар дзеясловаў, параўн. рус. дыял. пры́ндик ’сярдзіты, недаступны на выгляд чалавек’, ’надзвычай напышлівы, фанабэрыста чалавек’, пры́нтик ’тс’, укр. при́ндитися ’фанабэрыцца, важнічаць; капрызіць; трымацца малайцом; бадзёрыцца, казырыцца; сердаваць’, при́нда ’пыха, фанабэрыя; напышлівы, фанабэрыста чалавек; капрызы; капрызны чалавек’ (адносна апошняга гл. ЕСУМ, 4, 575: “няясна”). Гл. апры́ндзіцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́сці, паду, падзеш, падзе; падзём, падзяце, падуць; пр. паў, пала; зак.

1. Упасці. Пасці на калені. □ І слязінка адна з воч матулі старой пала ў гэта вядзерка з крынічнай вадой. Дубоўка. Заслона важка пала на падлогу. Гартны.

2. Легчы, распаўсюдзіцца (пра цемень, змрок і пад.). На лес, на шлях, На поле пала ноч. Астрэйка.

3. перан. Прыйсціся, трапіць (пра выбар, падазрэнне і пад.). Падазронасць ксяндза пала на сына арганіста, касцельнага вартаўніка і сваіх парабкаў. Машара. Але калі справа павернецца ўсур’ёз? Падзе цень і на яго, Ваўчка. Хадкевіч.

4. Перастаць існаваць, быць знішчаным, звергнутым. Стары лад паў. □ Мы ўпэўнены, Што недалёка той час, Калі ўсе падуць перашкоды І прыйдуць на свята Камуны да нас З’яднаныя дружбай народы. Танк.

5. Быць пераможаным, здацца, скарыцца (пра горад, крэпасць і пад.). Пала варожая крэпасць. □ Ды толькі не здаўся народ Беларусі, Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся. Броўка.

6. Загінуць на полі бітвы. Гавораць людзі: — Паў ён за айчыну У бітве смерцю смелых, Як герой. Зарыцкі.

7. Здохнуць (пра жывёлу). — Бяда... Ратуйце!.. — шаптаў, стукаючы зубамі ад хвалявання, пастух Іван Багатоўскі. — Пала адна карова. Місько.

8. Маральна апусціцца, стаць нікчэмным. [Маёр:] Я не паду так нізка, каб гэтыя бачылі, што робіцца ў маёй душы. Кучар.

9. Нар.-паэт. Апусціцца на ваду (пра гусей, лебедзяў). Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі, Селі яны, палі на сівым Дунаю! Селі яны, палі, ваду замуцілі. З нар. Селі гусанькі — Гусі-лебедзі, Палі шэрыя на ваду. Трус.

•••

Ні села ні пала — нечакана, без прычыны. — Набылі б яшчэ тыдзень які. А то ні села ні пала, узняліся, як тыя птушкі з перапуду, і толькі іх бачыў. Пальчэўскі.

Пасці духам — замаркоціцца, занудзіцца, страціць надзею.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)