МЕДЗЯНО́СНЫ ПО́ЯС Ц э н тральнай Афрыкі, паласа пластавых радовішчаў медных руд на мяжы Замбіі і Дэмакр. Рэспублікі Конга; адна з буйнейшых медзяносных правінцый у свеце. Працягласць каля 450 км. Шыр. да 75 км. Адкрыты ў канцы 19 — пач. 20 ст. Асвойваецца з 1920-х г. Запасы медзі 145 млн.т (сярэдняя колькасць металу у рудзе 2,4—3,7%. У межах правінцыі больш за 150 радовішчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНГВЕУ́ЛУ (Bangweulu),
возера ў Цэнтр. Афрыцы, у Замбіі, у бас.р. Конга (Заір), на выш. 1067 м. Пл. ад 4 тыс.км² (у сухі сезон) да 15 тыс.км² (у час летніх дажджоў). Глыб. да 5 м. Берагі нізкія, забалочаныя. Упадае (у час дажджоў) р. Чамбешы, выцякае р. Луапула. Амаль усё возера зарасло чаротам і асакою. Больш за 50 відаў рыб; водзяцца бегемоты. Адкрыта ў 1868 англ. даследчыкам Д.Лівінгстанам. На ўсх. берагах нац. парк Ісангана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́КЕН-ХІ́ЛСКІ ЧАЛАВЕ́К, радэзійскі чалавек,
адна з формаў выкапнёвага чалавека, характарыстыкі якога блізкія да неандэртальцаў. Знойдзены ў 1921 у пячоры Брокен-Хіл у Замбіі. Выяўлены вял. чэрап, адметны прымітыўнымі асаблівасцямі (магутны надвочны валік, ссунуты назад лоб, масіўная частка твару). Аб’ём мозга невялікі (1280 см³). Адносіцца да палеаантрапаў, хоць некаторыя адзнакі набліжаюць яго да пітэкантрапаў. Жыў прыкладна 30 000 г. назад, верагодна, адначасова з раннімі прадстаўнікамі людзей сучаснага фіз. тыпу. Большасць вучоных лічыць яго бакавой формай у эвалюцыі чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́МБА ФОЛС (Kalambo Falis),
старажытная стаянка на паўд. узбярэжжы воз. Танганьіка ў Замбіі, каля вадаспада Каламба (адсюль назва). Найб.стараж. слаі адносяцца да эпохі позняга ашэлю Знойдзены рэшткі камейна-драўлянай канструкцыі — ветравой заслоны, вял. колькасць. абпаленага дрэва, у т. л. драўляныя прылады (дубіны, нажы, палкі-апалкі); вял. набор каменных прылад: рубілы, буйныя скрэблы і інш.; упершыню выяўлены фрагменты расліннай ежы (фрукты). Выяўлены таксама слаі культур санго, уілтан і больш позніх земляробчых народаў, верагодна, сям’і банту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́НДА, Мвата-Ямва,
дзяржаўнае ўтварэнне на тэр. сучасных Анголы, Замбіі і Дэмакр. Рэспублікі Конга ў канцы 16—2-й пал. 19 ст.Этн. ядро Л. — народнасць лунда (балунда). Складалася з шэрагу паўсамаст. абласцей, найб. важнай з якіх была Казембе. Значны ўплыў у дзяржаве меў савет знаці. З канца 17 ст. ўдзельнічала ў еўрап. гандлі рабамі. У канцы 18—19 ст. Л. заняпала і распалася на некалькі княстваў, якія ўвайшлі ў склад калан. уладанняў Бельгіі, Вялікабрытаніі і Партугаліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУГА́БЕ ((Mugabe) Роберт Габрыэль) (н. 21.2.1924, в. Кутама каля г. Харарэ, Зімбабве),
палітычны і грамадскі дзеяч Зімбабве. Скончыў ун-ты Форт-Хейр (Паўн.-Афр. Рэспубліка) і Лонданскі. У 1942—60 настаўнічаў у Паўд. Радэзіі, Гане і Замбіі. Адзін з заснавальнікаў Афр.нац. саюза Зімбабве (ЗАНУ, з 1984 ЗАНУ — Патрыят. фронт, ЗАНУ-ПФ). Ген. сакратар ЗАНУ (з 1963), 1-ы сакратар ЗАНУ-ПФ (з 1984). У 1964—74 арыштаваны ўладамі Паўд. Радэзіі. У 1980—87 прэм’ер-міністр, са студз. 1988 прэзідэнт Зімбабве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДНЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні (мінералы, горныя пароды), якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы медзі. Вядома больш за 200 медзьзмяшчальных мінералаў, але толькі каля 20 з іх утвараюць М.р. Гал. мінералы медзі ў сульфідных рудах (больш за 90% сусв. запасаў М.р.): хальказін, барніт і халькапірыт; у медна-нікелевых радовішчах — кубаніт; у акісленых рудах: купрыт, малахіт, брошантыт, азурыт, хрызакола і інш., а таксама медзь самародная. Радовішчы медзі падзяляюцца на 9 геолага-прамысл. тыпаў (медна-нікелевыя, медзістых пясчанікаў і сланцаў, медна-калчаданныя, медна-парфіравыя і інш.). Сярэдняя колькасць медзі у іх 0,3—5%. Найб. здабыча медзі ў Чылі, ЗША, Расіі, Казахстане, Канадзе, Замбіі, Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВІНГСТАН ((Livingstone) Давід) (19.3. 1813, Блантайр, каля г. Глазга, Вялікабрытанія — 1.5.1873),
англійскі падарожнік, даследчык Афрыкі. Па адукацыі медык. У 1840 пасланы Лонданскім місіянерскім т-вам у Паўд. Афрыку. З 1840 зрабіў некалькі працяглых падарожжаў па Паўд. і Цэнтр. Афрыцы і даследаваў вял. тэрыторыю ад Кейптаўна амаль да экватара і ад Атлантычнага да Індыйскага ак. Перайшоў пустыню Калахары і адкрыў воз. Нгамі; абследаваў бас.р. Замбезі, адкрыў р. Луалаба, вадаспад Вікторыя, азёры Бангвеулу, Шырва, Ньяса і інш. Разам з Г.Стэнлі даследаваў воз. Танганьіка. Усе маршруты нанёс на каргу. Сабраў вял.навук. матэрыял аб прыродзе і насельніцтве Паўд. Афрыкі. Імем Л. названы горад у Замбіі, вадаспад на р. Конга і горы ў Афрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАХІ́Т [франц. malaehite ад грэч. malache мальва (ад падабенства з колерам яе лісця)],
мінерал, гідраксілкарбанат медзі, Cu2(OH)2[CO3]. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі (ігольчастыя або прызматычныя) трапляюцца зрэдку, звычайна радыяльна-прамяністыя канцэнтрычна-занальныя «ныркі», сферакрышталі, зямлістыя выдаленні, налёты, псеўдамарфозы і інш. Колер ад травяна- і бірузова-зялёнага да чорна-зялёнага. Бляск шаўкавісты ў агрэгатаў, алмазны ў крышталёў. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,9—4,1 г/см³ (у агрэгатаў). Утвараецца ў зоне акіслення медных або жалезарудных і поліметал. сульфідных радовішчаў, якія маюць у сабе медзь. Медная руда. Каштоўны вырабны камень. Зямлісты М. — сыравіна для фарбаў («малахітавая зелень»).
Радовішчы ў Расіі, Казахстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Замбіі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАХА́РЫ (Kalahari),
паўпустынная вобласць у цэнтр. частцы Паўд. Афрыкі, на тэр. Анголы, Батсваны, Замбіі, Зімбабве, Намібіі і ПАР; упадзіна, якая супадае з аднайм. сінеклізай Афр. платформы. Даўж. з Пн на Пд каля 2000 км, шыр. больш за 1200 км, пл. каля 630 тыс.км². Пераважныя выш. 900—1000 м. Абмежавана на У і З ступеньчатымі плато і глыбавымі хрыбтамі, на Пн водападзелам рэк Конга—Замбезі, на Пд далінай р. Аранжавая. На раўніннай паверхні чырв. і белыя пяскі, дзюны (выш. да 100 м), западзіны з саланчакамі. Клімат трапічны, на Пн ад р. Замбезі субэкватарыяльны. Ападкаў ад 150 мм за год на Пд да 1000 мм на Пн. Расліннасць на Пн — рэдкалессі, паркавыя саванны з акацыямі, баабабамі, на Пд — паўпустыні і пустыні. Найб.нац. паркі: Калахары-Хемсбак (ПАР), Этоша (Намібія) і інш.