ЗЕ́ЕБЕКА З’Я́ВА,
узнікненне электрарухальнай сілы ў эл. ланцугу, які складаецца з разнародных праваднікоў, калі месцы іх злучэння (кантакты) знаходзяцца пры розных тэмпературах. Выяўлена Т.Л.Зеебекам (1821). Тэрмаэлектрарухальная сіла (тэрмаэрс), што ўзнікае пры гэтым, прапарцыянальная рознасці тэмператур паміж кантактамі праваднікоў і залежыць ад іх прыроды. На З.з. заснавана дзеянне тэрмапары. Гл. таксама Тэрмаэлектрычныя з’явы.
т. 7, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ява і сутнасць 2/190; 4/341, 342, 476; 5/9—10
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́ЕМАНА З’Я́ВА,
расшчапленне ўзроўняў энергіі і спектральных ліній атамаў і інш. атамных сістэм у знешнім магн. полі. Выяўлена П.Зееманам (1896), тэорыю З.з. распрацаваў Х.А.Лорэнц.
Дзеянне знешняга магн. поля на квантавую сістэму (атам, малекулу, крышталь) вядзе да зняцця выраджэння яе ўзроўняў энергіі, у выніку чаго замест аднаго выраджанага ўзроўню ўзнікае некалькі нявыраджаных. Квантавыя пераходы на гэтыя ўзроўні суправаджаюцца выпрамяненнем і паглынаннем фатонаў з рознай энергіяй, што эксперыментальна выяўляецца як узнікненне замест адной некалькіх спектральных ліній. З.з. выкарыстоўваецца для даследавання будовы атамаў, вымярэння магн. поля пры дапамозе квантавых магнетометраў.
т. 7, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛЬЦЬЕ́ З’Я́ВА Пельцье эфект,
вылучэнне (паглынанне) цеплыні пры праходжанні пастаяннага эл. току праз кантакт (спай) двух розных праваднікоў ці паўправаднікоў: Адкрыты франц. фізікам і метэаролагам Ж.Пельцье (1834). П.з. адваротная Зеебека з’яве.
Вылучэнне цеплыні змяняецца паглынаннем пры змене напрамку току. Колькасць вылучанай (паглынутай) цеплыні за час t прапарцыянальная сіле току I, што праходзіць праз спай: Q = ПIt, дзе П — каэфіцыент Пельцье, залежны ад рэчыва праваднікоў (найб. у паўправаднікоў) і т-ры. П.з. выкарыстоўваецца для стварэння ахаладжальных і награвальных паўправадніковых прылад. Гл. таксама Тэрмаэлектрычныя з’явы.
т. 12, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТА́РКА З’Я́ВА,
расшчапленне і зрух узроўняў энергіі атамаў, малекул і інш. квантавых сістэм пад дзеяннем эл. поля. Выяўляецца ў змене становішча і расшчапленні спектральных ліній гэтых сістэм. Адкрыта І.Штаркам у 1913; падобная да Зеемана з’явы, выкліканай дзеяннем магн. поля.
У моцным эл. полі з напружанасцю Е у квантавай сістэмы назіраецца разыходжанне выраджаных узроўняў энергіі, выкліканае паяўленнем дадатковай энергіі ΔW ~ hΔν, дзе h — Планка пастаянная, Δν — рознасць частот спектральных ліній. Для вадародападобных атамаў Δν ~ E (лінейная Ш.з.), для астатніх атамаў Δν ~ E2 (квадратычная Ш.з.). Выкарыстоўваецца Ш.з. ў спектраскапіі і радыёспектраскапіі для дыягностыкі плазмы і вывучэння будовы атамаў і малекул.
Літ.:
Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962.
т. 17, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́МСАНА З’Я́ВА тэрмаэлектрычная, Томсана эфект,
вылучэнне ці паглынанне некаторай колькасці цеплаты ў правадніку з эл. токам, уздоўж якога існуе градыент т-ры, дадаткова да вылучэння джоўлевай цеплаты (гл. Джоўля—Ленца закон); адна з тэрмаэлектрычных з’яў. Прадказаў У.Томсан у 1856, эксперыментальна ўстанавіў франц. фізік Ф.Леру і інш.
Колькасць цеплаты, што вылучаецца у Т.з., QS=S∙∆T∙I∙t, дзе I — сіла току, ∆T — градыент т-ры, t — час, S — каэф. Томсана (характарыстыка правадніка). Калі ўздоўж правадніка з эл. токам існуе градыент т-ры, прычым напрамак току адпавядае руху электронаў ад гарачага канца да халоднага, то пры пераходзе з больш нагрэтага ўчастка ў больш халодны электроны тармозяцца і перадаюць лішнюю энергію навакольным атамам (цеплата вылучаецца); пры адваротным напрамку току электроны пры пераходзе з больш халоднага ўчастка ў больш гарачы паскараюцца полем тэрмаэлектрарухальнай сілы і папаўняюць сваю энергію за кошт энергіі атамаў крышталічнай рашоткі (цеплата паглынаецца).
т. 15, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ТНАСЦЬ І З’Я́ВА,
філасофскія катэгорыі, якія адлюстроўваюць дыялектычна ўзаемазвязаныя, агульныя і неабходныя бакі ўсіх прадметаў і працэсаў аб’ектыўнай рэальнасці. Сутнасць уяўляе сабой сукупнасць глыбінных, заканамерных, адносна ўстойлівых унутр. сувязей пэўнага прадмета, якія аб’ядноўваюць у адзінае цэлае яго істотныя рысы і тэндэнцыі развіцця, увасабляе якасную акрэсленасць пэўнай з’явы ці працэсу. З’ява служыць формай выяўлення сутнасці ў канкрэтных падзеях, знешніх уласцівасцях прадмета, якія даступны эмпірычнаму пазнанню, нясе ў сабе частковую, няпоўную інфармацыю пра законы, што фарміруюць сутнасць. Паняцці С. і з. цесна звязаны; аб’ектыўная сувязь паміж імі мае характар супярэчнасці дыялектычнай, калі адзін з бакоў пэўнага прадмета абумоўлівае існаванне інш. боку. Працэс пазнання чалавекам навакольнага асяроддзя ўяўляе сабой працэс пераходу мыслення ад разнастайнасці наяўных форм прадмета (з’ява) да іх унутр. зместу і адзінства (сутнасць).
У гісторыі філасофіі да разумення прыроды С. і з. існавалі розныя падыходы. У ант. філасофіі сутнасць разглядалася як крыніца існавання рэчаў, а з’ява — як бачны ілюзорны вобраз рэчаў. У сярэдневяковай філасофіі С. і з. рэзка супрацьпастаўляліся як божая (сапраўдная) рэальнасць і ілюзорнае зямное існаванне. І.Кант разумеў пад сутнасцю непазнавальную «рэч у сабе», а з’яву лічыў суб’ектыўным уяўленнем чалавека. Як дыялектычна звязаныя катэгорыі С. і з. разглядаў Гегель. У неапазітывізме абвяргаецца аб’ектыўнасць сутнасці і прызнаюцца рэальнымі толькі з’явы, у постпазітывізме сутнасць тлумачыцца як тэарэт. канструкт, неабходны для сістэматызацыі фактаў. У фенаменалогіі з’явы разглядаюцца як самавыяўляльнае быццё, а сутнасць — як ідэальнае ўтварэнне. У экзістэнцыялізме катэгорыя сутнасці выцясняецца паняццем існавання (гл. Сутнасць і існаванне).
В.І.Боўш.
т. 15, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЙНТЫНГА—РО́БЕРТСАНА З’Я́ВА,
паступовае памяншэнне моманту імпульсу часціцы пры яе руху ў полі прыцягнення зоркі з прычыны тармажэння, выкліканага паглынаннем і перавыпрамяненнем целам фатонаў поля выпрамянення зоркі. Названы па імю Дк.Г.Пойнтынга і амер. фізіка Г.Робертсана, які даследаваў гэтую з’яву ў 1937. П.—Р.з. ўлічваецца ў тэорыі эвалюцыі метэорнага рэчыва Сонечнай сістэмы і касмалогіі планетарных сістэм.
т. 12, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАБІЛІЗА́ЦЫІ-ЛАБІЛІЗА́ЦЫІ З’Я́ВА ў оптыцы,
змена ўстойлівасці электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул. Адбываецца ў выніку абмену вагальнай энергіяй паміж узбуджанымі малекуламі ў газавай фазе з малекуламі пабочных газаў пры іх сутыкненнях з захаваннем электроннай энергіі ўзбуджэння. Выяўляецца па зменах эфектыўнасці, працягласці, а таксама спектраў флуарэсцэнцыі малекул. Адкрыта М.А.Барысевічам і рас. фізікам Б.С.Непарэнтам (1955). Адкрыццё С.-л.з. садзейнічала стварэнню лазераў на пары арган. злучэнняў. Выкарыстоўваецца ў спектраскапіі, люмінесцэнцыі, фотахіміі, лазернай фізіцы.
т. 15, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
з’я́ў
назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне
|
адз. |
мн. |
| Н. |
з’я́ў |
з’я́вы |
| Р. |
з’я́ва |
з’я́ваў |
| Д. |
з’я́ву |
з’я́вам |
| В. |
з’я́ў |
з’я́вы |
| Т. |
з’я́вам |
з’я́вамі |
| М. |
з’я́ве |
з’я́вах |
Крыніцы:
piskunou2012.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)