е́лна Месца, якое густа парасло елкамі; яловы зараснік (Слаўг.). Тое ж е́льня (Слаўг.).

в. Елна Краснап., в. Ельня Шчуч.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ЗАКА́ЗНІК,

тэрыторыя, вылучаная з мэтай захавання і аднаўлення каштоўных водных аб’ектаў і комплексаў прыроды. Уключаюць азёрныя, балотныя і рачныя заказнікі. На Беларусі (на 1.1.1997) 14 гідралагічных заказнікаў рэсп. значэння: Балота Мох, Белае, Вялікае Астравіта, Глыбокае-Чарбамысла, Доўгае, Ельня, Карыценскі Мох, Крывое, Рычы, Сосна ў Віцебскай, Заазер’е ў Магілёўскай, Чарэмшыца ў Мінскай, Выганашчанскае ў Брэсцкай, Дзікае ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях (агульная пл. 93 825 га); 14 заказнікаў мясц. значэння: 2 у Брэсцкай, 8 у Віцебскай, 3 у Гомельскай і 1 у Мінскай абласцях.

На тэр. гідралагічнага заказніка забараняецца здабыча торфу, нарыхтоўка моху, правядзенне меліярацыйных работ. Пры ўмове захавання водаахоўнай ролі насаджэнняў дазваляецца высечка лесу, кустоў, нарыхтоўка прутоў, дубільнай кары, а таксама касьба, збор грыбоў і ягад. Паляванне і рыбная лоўля вядуцца па вызначаных правілах.

У гідралагічным заказніку Ельня.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬНЕНСКІ ШКЛОЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1897—1916 у в. Ельня Слуцкага пав. (цяпер вёска ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл.). У 1900—13 наз. завод аконнага шкла «Ганцавічы». Меў лакамабіль (12 к.с.) і паравы кацёл. У 1913 працавалі 62 чал., з-д выпускаў высакаякаснае аконнае і люстраное шкло.

т. 6, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІ́ЖНЯЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, ў Мёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Волта, за 13 км на ПдУ ад г. Мёры, сярод балота Мох, у межах гідралагічнага заказніка Ельня. Пл. 0,25 км², даўж. 750 м, найб. шыр. 450 м найб. глыб. 2 м. Пл. вадазбору 3,5 км².

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАЎ (Васіль Васілевіч) (н. 10.1.1959, в. Ельня Унецкага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1987), Творчыя акадэмічныя майстэрні пад кіраўніцтвам Г.​Паплаўскага (1989). У сваіх творах шырока распрацоўвае этнагр. матывы: нізка афортаў «Спевы роднага краю» (1987), цыкл «Чорная кераміка Такарэўскага» і трыпціх «Развітанне» (1989), нізкі «Азяроды» (1990) і інш.

М.​М.​Паграноўскі.

т. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛТА,

рака ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 207 км². Выцякае з воз. Белае ў межах гідралагічнага заказніка Ельня, цячэ па зах. частцы Полацкай нізіны. Даліна трапецападобная, у верхняй частцы невыразная. Пойма ў вярхоўях зліваецца з прылеглай мясцовасцю, у сярэднім і ніжнім цячэнні перарывістая. У верхнім цячэнні рэчышча каналізаванае.

т. 4, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЖА,

возера ў Беларусі, у Мёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярэжа (выцякае з возера), за 14 км на ПдУ ад г. Мёры, у межах гідралагічнага заказніка Ельня. Пл. 0,76 км², даўж. 1,07 км, найб. шыр. 880 м, даўж. берагавой лініі 2,98 км. Пл. вадазбору 10,5 км². Берагі нізкія, забалочаныя. Злучана канавай з воз. Доўгае.

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКАЯ НІЗІ́НА,

частка Полацкай нізіны на ПнЗ Віцебскай вобл. Мяжуе на Пн з Браслаўскай, на Пд са Свянцянскімі градамі. Абс. выш. 135—145 м, найб. нізкая адзнака 130 м (ніжняе цячэнне р. Дзісна). Складзена з азёрных ледавіковых, пераважна стужачных, пясчана-гліністых адкладаў. Фарміраванне нізіны звязана з утварэннем Дзісенска-Полацкага прыледавіковага вадаёма ў браслаўскую стадыю паазерскага зледзянення. Паверхня сучаснай Дз.н. плоска-ўвагнутая, парэзаная далінамі рэк, часта трапляюцца забалочаныя катлавіны з астаткавымі азёрамі. Рачныя даліны слабаўрэзаныя, нявыпрацаваныя, у нізоўях глыбіня ўрэзу да 10 м і больш. У рэльефе вылучаюцца ўчасткі марэнных узвышшаў — былыя астравы Дзісенска-Полацкага вадаёма. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны. Асн. рака Дзісна з прытокамі Дрысвята, Янка (злева), Бірвета (з Мядзелкай), Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа). Азёры: Ельня, Чорнае, Асвята, часткова Богінскае. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 17,8 °C, ападкаў 560 мм за год. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаглеяватыя, глеяватыя гліністыя і цяжкасугліністыя глебы. На У і 3 нізіны вял. лясныя масівы з хвоі, драбналістых парод і елкі, трапляецца алешнік. Балоты пераходныя і вярховыя. На тэр. Дз.н. гідралагічны заказнік Ельня.

В.​П.​Якушка.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́Б’Е,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка. Пл. 1,4 км². Даўж. 3,2 км, найб. шыр. 0,8 км, найб. глыб. 2,9 м. Пл. вадазбору 32,8 км². Схілы выш. да 4 м, парослыя лесам і хмызняком, на З разараныя. Берагі нізкія. Дно ўздоўж берагоў пясчанае, глыбей укрыла сапрапелем, зарастае. Злучана ручаямі з азёрамі Дубра, Вялікая Ельня, Дуброк, з возера выцякае р. Абабіца. У выніку меліярацыі ўзровень возера панізіўся на 1 м.

Возера Абаб’е.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЖА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, на паўн.-зах. ускраіне г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 1,93 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 8,2 м, даўж. берагавой лініі 6,4 км. Пл. Вадазбору 11,6 км². Схілы катлавіны выш. 2—7 м, разараныя, зах. пад лесам, берагі нізкія, на У высокія, пясчаныя. Дно пясчанае, месцамі сапрапелістае. Зарастае. Злучана пратокамі з азёрамі Святца і Ельня.

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)