Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
бел. рукапісны помнік 16 ст. Месца стварэння невядомае. Зробленая на кнізе ў 1751 прэсвітэрам «церкви Волковицкой» айцом Іаанам Савічам прыпіска дала магчымасць В.Шматаву звязаць Евангелле з Ваўкавыскам, аднак, магчыма, кніга знаходзілася ў в. Ваўкавічы Навагрудскага пав. (у прыпісцы ўпамінаецца пан Казімір Корсак, навагрудскі гарадскі суддзя). У 19 ст. А.Рачынскі вывез Евангелле з Віцебскага Маркавага манастыра ў Віленскую публічную б-ку. Ваўкавыскае евангелле — рэдкі ўзор рукапіснай бел. кнігі рэнесансавага стылю: шматколерныя раслінныя арнаменты ініцыялаў і заставак выходзяць на правыя і левыя палі рукапісу. Рукапіс пашкоджаны: няма пачатку Евангелляў ад Марка, Матфея, няправільна збрашураваны Саборнік 12 месяцаў і казанні евангелістаў на кожны дзень. Зберагаецца ў б-цы АН Літвы (Вільня).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
бел. рукапісны помнік 15 ст. Назва ад в.Жыровічы (Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.), дзе евангелле захоўвалася да сярэдзіны 19 ст. ва Успенскім саборы. На 376—377-м аркушах па-беларуску зроблены фундушавы надпіс канцлера ВКЛ Льва Сапегі (адсюль другая назва рукапісу — «Евангелле Сапегі»), Пісана ўставам на 404 аркушах. Багата аздоблена застаўкамі, мініяцюрамі з выявамі евангелістаў, шматлікімі ініцыяламі. Мініяцюры абведзены шырокімі залачонымі рамкамі, арнаментаванымі геам. і раслінным узорамі; у іх выкананні адчуваецца сувязь з візант.маст. традыцыяй. Малюнкі вызначаюцца пластычнасцю, выразнай індывідуалізацыяй, жанравасцю задумы і мажорнасцю каларыту (фарбы кадміева-чырвоныя, сінія, зялёныя і вохрыста-залацістыя). Зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
В.Ф.Шматаў.
Да арт.Жыровіцкае евангелле. Мініяцюра з выявай евангеліста Матфея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРАШО́ЎСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
бел. рукапісны помнік 16 ст. У 16—17 і 19 ст. было напрастольным у царкве г.п. Шарашова Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Тэкст напісаны чорным чарнілам, загалоўкі — кінавар’ю. Маст. аздабленне складаецца з 4 мініяцюр з выявамі евангелістаў, выкананых чырв., карычневай і залаціста-зялёнай фарбамі, 5 заставак, малюнкаў на палях (расл. арнаментыка) і ініцыялаў. Зберагаецца ў Нац.маст. музеі Беларусі.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст. Мн., 1980. С. 23—25.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
бел. рукапісны помнік канца 12 — пач. 13 ст. Выяўлена ў Оршы ў 1812. Верагодна, створана на Полаччыне. Зберагліся 142 аркушы (без пачатку і канца), пісаныя ўставам на высакаякасным пергаменце. У Аршанскім евангеллі змешчаны 2 мініяцюры з выявамі евангелістаў Лукі і Мацвея (найб. раннія ва ўсх.-слав. рукапісах), 2 застаўкі і 310 ініцыялаў з варыяцыямі старавізантыйскіх і першапачатковых тэраталагічных формаў (у асобных ініцыялах — выявы чалавека). За рэліг. абалонкай праглядаецца жывая нар. аснова, што збліжае іх з размалёўкамі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Зберагаецца ў Цэнтр.навук. бібліятэцы АН Украіны.
Да арт.Аршанскае евангелле. Евангеліст Лука. Мініяцюра. 13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЕВА́НГЕЛЛЕ ВУЧЫ́ЦЕЛЬНАЕ»,
помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання, першае на Беларусі друкаванае евангелле. Выдадзена І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам у 1569 у Заблудаве на царк.-слав. мове. Уключае таксама творы візант., балг. і стараж.-рус. пісьменнасці, у т. л. «Слова на ўшэсце Кірылы Тураўскага». Мае прадмову, напісаную гетманам ВКЛ Р.Хадкевічам.
Надрукавана фарматам у аркуш (407 аркушаў) з выкарыстаннем паўустаўнага шрыфту маск. выдання «Апостал». У аздобе спалучаны рысы маск. і бел. кнігадрукавання: тытульны ліст, гравюры з выявай герба Хадкевіча (мяркуюць, што выканаў Мсціславец), 3 застаўкі, 6 канцовак, 2 ініцыялы, 77 ламбардаў (дробных ініцыялаў). Застаўкі выкананы ў т.зв. старадрукарскім стылі (спалучэнне адлюстраванняў акантавага ліста, кедравых шышак, граната і інш.) белымі лініямі па чорным фоне (двойчы) і чорнымі па белым. Вядома больш за 40 экзэмпляраў. «Е.в.» неаднаразова перавыдавалася.