МЕТАЛІ́ЧНЫХ КАНСТРУ́КЦЫЙ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

падгаліна прам-сці машынабудавання і металаапрацоўкі, што выпускае маласерыйныя або адзінкавыя віды вырабаў вял. памераў з металу (металічныя канструкцыі). Найб. шырока такая прадукцыя выкарыстоўваецца ў будаўніцтве, асабліва пры ўзвядзенні лёгкіх часовых збудаванняў, вырабе вентыляцыйных і цеплавых сістэм. На Беларусі падгаліна аб’ядноўвае 7 прадпрыемстваў, у т.л. 3 з-ды металаканструкцый (у Віцебску, Гомелі, Магілёве) спецыялізуюцца па вырабе металаканструкцый для с.-г. буд-ва (нестандартызаванае абсталяванне для ферм і жывёлагадоўчых комплексаў і інш.). У Мінску працуюць арэндныя прадпрыемствы «Доследны завод металаканструкцый» і па праектаванні буд. метал. канструкцый «Белпраектстальканструкцыя», у г. Маладзечна — з-д лёгкіх металаканструкцый.

Л.А.Паўловіч.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

уча́стак, -тка, мн. -ткі, -ткаў, м.

1. Асобная частка якой-н. паверхні.

У. магістралі.

Пашкоджаны ў. скуры.

2. Частка зямельнай плошчы, занятая чым-н. або прызначаная для чаго-н.

Зямельны ў.

Працаваць на прысядзібным участку.

Доследны ў.

3. Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае падраздзяленне чаго-н.

Выбарчы ў.

Урачэбны ў.

4. Частка фронту, зона дзеяння якой-н. воінскай часці, вайсковага злучэння.

На ўчастку стралковага палка.

5. Галіна, сфера якой-н. грамадскай дзейнасці.

Адказны ў. работы.

6. У царскай Расіі: падраздзяленне, аддзяленне гарадской паліцыі.

Адвесці ва ў.

|| прым. участко́вы, -ая, -ае (да 3 і 6 знач.).

У. ўрач.

Участковая выбарчая кампанія.

У. ўпаўнаважаны.

У. інспектар (афіцэр міліцыі, адказны за парадак на даручаным яму ўчастку; у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АЭРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ТРУБА́,

устаноўка, у якой ствараецца паток паветра або іншага газу для эксперым. вывучэння з’яў, што ўзнікаюць пры абцяканні газам цвёрдых целаў (лятальных апаратаў, іх частак і інш.). Адну з першых аэрадынамічных труб сканструяваў К.Э.Цыялкоўскі (1897).

Аэрадынамічная труба мае: сапло, праз якое праходзіць паветра; кіравальныя лапаткі, што надаюць паветр. патоку патрэбны напрамак; рабочую частку, дзе знаходзяцца доследны аб’ект і датчыкі фіз. велічыняў для вымярэння; вентылятар або кампрэсар, якія ўтвараюць паток газу; дыфузар для выдалення газу. У аэрадынамічнай трубе вывучаюць мадэлі або рэальныя аб’екты, вымяраюць сілы, што дзейнічаюць пры палёце самалётаў, ракет, пры руху цягнікоў і інш. трансп. сродкаў; праводзяць даследаванні і вызначаюць аптымальную форму гэтых аб’ектаў.

т. 2, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІЗАМЕ́ТР МАГНІ́ТНЫ (ад грэч. anisos неаднолькавы + ...метр),

прылада для вызначэння магнітнай анізатрапіі монакрышталёў і тэкстураваных матэрыялаў. Прынцып дзеяння: доследны ўзор змяшчаюць у моцнае аднароднае магн. поле; папярочная кампанента вектара намагнічанасці, што ўзнікае, ўтварае момант вярчэння, які імкнецца павярнуць узор. Момант вярчэння кампенсуецца момантам, што ствараюць пругкія мех. элементы прылады. Вугал павароту ўзору адлічваецца па шкале пры розных напрамках поля. Па выніках вымярэнняў разлічваюцца, канстанты анізатрапіі і ацэньваецца ступень дасканаласці тэкстуры. Анізаметр магнітны дае магчымасць даследаваць масіўныя ўзоры, ферамагн. плёнкі, матэрыялы ў вытв. умовах; інтэрвал т-р ад 1300 К да геліевых (~1К); напружанасць магн. поля да 4000 кА/м.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛААЗЕ́РСК,

горад у Беларусі, у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. За 27 км ад г. Бяроза, 136 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Бронная Гара на лініі Мінск—Брэст. 12,8 тыс. ж. (1995). Бярозаўская ДРЭС, энергамеханічны завод (рамонт электраабсталявання), прадпрыемствы па вытв-сці будматэрыялаў, лёгкай прам-сці, доследны рыбгас «Белаазерск». 3 сярэднія школы, праф.-тэхн. вучылішча электратэхнікаў, 2 б-кі, бальніца. Царква св. Серафіма Сароўскага. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

Узнік у 1958 на месцы в. Ніўкі ў сувязі з буд-вам Бярозаўскай ДРЭС. З 12.1.1960 р.п. Бярозаўскі, цэнтр пасялковага Савета 25.6.1960 перайменаваны ў Белаазерск, з 1963 пасёлак абл., з 1965 раённага падпарадкавання. У 1969 — 9 тыс. ж. З 16.9.1970 горад.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ (Анатоль Пятровіч) (13.2.1903, г. Тарашча Кіеўскай вобл., Украіна — 4.2.1994),

сав. фізік. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1943). Адзін з заснавальнікаў сав. атамнай энергетыкі. Герой Сац. Працы (1954, 1960, 1973). Скончыў Кіеўскі ун-т (1930). З 1960 дырэктар Ін-та атамнай энергіі імя Курчатава, у 1975—86 прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і палімераў, ядз. і атамнай фізіцы. Распрацоўваў (у сааўт.) стат. тэорыю трываласці цвёрдых целаў. З 1946 працаваў над стварэннем ядз. рэактараў, у т. л. для атамнай энергетыкі і флоту; пад яго кіраўніцтвам створаны першы доследны вода-вадзяны рэактар (1948—54). Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949, 1951, 1953.

Тв.:

Атомная энергия и научно-технический прогресс. М., 1978;

Наука — стране. М., 1983.

Анатоль Пятровіч Аляксандраў.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НЕЖСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

біясферны запаведнік у Расіі, на мяжы Варонежскай і Ліпецкай абл., у цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны на водападзеле р. Варонеж і Усмань. За 40 км на Пн ад Варонежа. Засн. ў 1927 для аховы і аднаўлення колькасці рачнога бабра. З 1984 біясферны запаведнік. Пл. 31 053 га, у т. л. 28 481 га пад лесам, 535 га займаюць лугі і 121 га — вадаёмы. У запаведніку, размешчаным у паўн. ч. Усманскага бору, зберагаюцца астраўныя бары і дубровы лесастэпавай зоны, якія маюць водаахоўнае значэнне. У фауне звычайныя бабёр, высакародны алень, дзік, казуля, з рэдкіх відаў — хахуля, сярод птушак — шэры журавель, няясыць і інш. Доследны гадавальнік па вывучэнні і развядзенні бабра.

Літ.:

Заповедники СССР: Заповедники Европейской части РСФСР. Ч. 2. М., 1989.

т. 4, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАД’ЁМНА-ТРА́НСПАРТНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,

галіна машынабудавання па вырабе абсталявання для механізацыі пад’ёмна-транспартных і пагрузачна-разгрузачных работ. Асн. прадукцыя: пад’ёмныя краны, канвееры, падвесныя дарогі (гл. Канатная дарога, Манарэйкавая дарога), аўтапагрузчыкі, аўтакары, электракары, экскаватары, ліфты, машыны для выгрузкі сыпкіх і кускавых матэрыялаў з вагонаў, абсталяванне для апрацоўкі кантэйнерных і пакетных грузаў і інш. На Беларусі развіваецца з 1960-х г. У 1964—75 Магілёўскі завод «Строммашына» выпускаў пасажырскія ліфты. Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод (з 1969) выпускае: пасажырскія і грузавыя ліфты грузападымальнасцю да 5 тыс. кг, а таксама лябёдкі да ліфтаў. На прадпрыемствах акц. т-ва «Амкадор» выпускаюцца розныя віды пагрузчыкаў (вілачных, з тэлескапічнай стралой, колавых аднакаўшовых франтальных і інш.). Асобныя віды пагрузчыкаў і кранаў вырабляюцца на Магілёўскім заводзе транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш». ВА «Будмаш» (Мінск) вырабляе казловыя эл. краны, доследны мех. з-д у Дзяржынску — маставыя эл. краны. Іл. гл. ў арт. Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне.

П.І.Рогач.

т. 11, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫВАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ, радыеактывацыйны аналіз,

метад вызначэння якаснага і колькаснага саставу рэчыва, які грунтуецца на апрамяненні (актывацыі) ат. ядраў і наступным вымярэнні іх радыеактыўнага выпрамянення. Упершыню выкарыстаны венг. хімікамі Дз.Хевешы і Г.Леві (1936).

Актывацыйны аналіз бывае інструментальны (даследаванне другаснага выпрамянення з дапамогай спец. апаратуры без разбурэння пробы) і радыехімічны (хім. раздзяленне радыенуклідаў і вызначэнне актыўнасці кожнага з іх паасобку або ў невял. групе элементаў). Пры актывацыйным аналізе доследны матэрыял пэўны час апрамяняюць ядз. часціцамі, потым вымяраюць энергет. спектр, актыўнасць, перыяд паўраспаду T1/2 радыеізатопа, які ўтварыўся ў выніку апрамянення. Ведаючы T1/2, від радыеактыўных пераўтварэнняў, тып і энергію другаснага выпрамянення, якое суправаджае распад узніклага радыеізатопа, ідэнтыфікуюць зыходны ізатоп. Актыўнасць радыеактыўнага ізатопа пасля апрамянення прама прапарцыянальная колькасці ядраў зыходнага (звычайна стабільнага) ізатопа, што дазваляе правесці колькасны аналіз. Адрозніваюць актывацыйны аналіз нейтронны, на зараджаных часціцах і на жорсткіх гама-квантах. Найб. пашыраны нейтронны актывацыйны аналіз: ядры большасці элементаў лягчэй актывуюцца нейтронамі; розніца ў значэннях эфектыўных сячэнняў ядз. рэакцый на нейтронах забяспечвае высокую выбіральнасць метаду адносна элементаў; мае высокую адчувальнасць (10​−7—10​10% у залежнасці ад элемента). Актывацыйны аналіз выкарыстоўваецца для аналізу асабліва чыстых рэчываў, кантролю тэхнал. працэсаў, разведкі карысных выкапняў, у крыміналістыцы, археалогіі і інш.

Э.І.Гірэй.

т. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОНЧ-БРУЕ́ВІЧ (Уладзімір Дзмітрыевіч) (10.7.1873, Масква — 14.7.1955),

прафесійны рэвалюцыянер, сав. дзярж. і парт. дзеяч. Д-р гіст. н. (1938). Брат М.Дз.Бонч-Бруевіча (іх радавы маёнтак Чонкі на Гомельшчыне). У 1884—89 вучыўся ў Маскоўскім межавым ін-це; за рэв. дзейнасць выключаны і сасланы ў Курск, дзе скончыў каморніцкае вучылішча. З 1892 у Маскве, удзельнік марксісцкіх гурткоў і прапагандыст марксізму. З 1896 у эміграцыі, вучыўся ў Цюрыхскім ун-це, наладзіў сувязь з групай «Вызваленне працы», дастаўку ў Расію рэв. л-ры і друкарскіх станкоў, супрацоўнічаў у газ. «Нскра», адзін са стваральнікаў Цэнтр. б-кі і парт. архіва ў Жэневе, удзельнік падрыхтоўкі III з’езда РСДРП. У час рэвалюцыі 1905—07 у Пецярбургу, працаваў у бальшавіцкіх газетах. З 1908 заг. бальшавіцкага выд-ва «Жыццё і веды». Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. выканкома Петраградскага Савета, рэдактар бальшавіцкай газ. «Рабочий и солдат». У час Кастр. ўзбр. паўстання камендант раёна Смольны—Таўрычаскі палац, чл. К-та па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам. У 1917—21 кіраўнік спраў СНК РСФСР. З 1921 старшыня выд-ва «Жыццё і веды», супрацоўнік выд-ваў «Камуніст», РОСТА, стварыў і 9 гадоў узначальваў доследны саўгас «Лясныя паляны». З 1933 дырэктар Дзярж. літ. музея, з 1945 — Музея гісторыі рэлігіі і атэізму АН СССР. Аўтар прац па гісторыі рэв. руху ў Расіі, гісторыі рэлігіі і атэізму, л-ры, этнаграфіі.

Тв.:

Избр. соч. Т. 1—3. М., 1959—63.

Э.М.Савіцкі.

т. 3, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)