Сфарміраваліся ў 17—18 ст. у драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Бел. Палесся, традыцыі школ развіваліся да пач. 20 ст. Вылучаліся самабытнымі канструкцыйнымі і маст. прыёмамі стварэння арх. формы. Адрозніваюць зах.-палескую і ўсх.-палескую (прыпяцкую) школы.
Зах.-палеская школа склалася ў межах сучаснай Брэсцкай вобл. паміж Брэстам і Пінскам. Нар. жыллё гэтага рэгіёна вылучаецца своеасаблівасцю канструкцыі, планіроўкі, арг-цыі двара, архітэктуры пабудоў. Зрубы жылых і гасп. пабудоў ставілі пераважна з брусоў і дыляў з рубкай вуглоў «у каню», «у просты замок» і без «астатку». У гасп. збудаваннях пашырана слупавая канструкцыя плеценых з лазы сцен. Шырока бытавалі стрэхі 4-схільныя і паўвальмавыя з прычолкамі, накрытыя саломай ці чаротам. Здаўна характэрна каркасная канструкцыя страхі на сохах, стаяках, козлах, пазней — на кроквах. Своеасаблівасць планіроўкі 3-камернага жылля заключалася ў тым, што жылы пакой сенцамі злучаўся часам не з клеццю, а з варыўнёй. Найб. пашыраны былі пагонныя двары. У культавым дойлідстве пераважалі храмы падоўжна-восевай кампазіцыі, дзе розныя па памерах і форме зрубы аб’ядноўвалі агульным пластычным гонтавым дахам (цэрквы ў вёсках Здзітава Бярозаўскага, Вавулічы Драгічынскага р-наў). Будавалі таксама цэрквы з невысокімі пірамідальнымі вярхамі, часам зрэзанымі ў верхняй частцы (Олтушская Спаса-Праабражэнская царква), храмы з вежамі-званіцамі на гал. фасадзе (царква ў в. Альба Івацэвіцкага р-на), крыжовыя з перавагай у кампазіцыі падоўжнай восі (у в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на). Пад уплывам стылю барока з’явіліся храмы падоўжна-восевай кампазіцыі з 2-вежавым гал. фасадам (Валавельская Юр’еўская царква) і базілікальныя (Опальская царква Параскевы Пятніцы). Асн. тыпы званіц — слупавыя (в. Ражкоўка Камянецкага р-на), каркасныя (в. Хмелева Жабінкаўскага р-на) і ярусныя зрубна-каркасныя (гл.Чэрская Міхайлаўская царква і званіца). Для школы характэрны сувязі з дойлідствам Украіны (Валынь, Букавіна), Літвы і Польшчы.
Усх.-палеская (прыпяцкая) школа склалася ў Прыпяцкім Палессі і верхнім Падняпроўі (у межах сучасных Гомельскай, У Брэсцкай і Пд Мінскай абласцей). Для гэтай тэрыторыі характэрны вянковыя, пагонныя, Г-падобныя двары і 2- і 3-камерныя хаты. Жыллё і гасп. пабудовы вылучаліся тэхнікай складання сцен з бярвёнаў (рубка вуглоў з «астаткам»; часам выступы-канцы бярвёнаў «астатку» счэсваліся на 6 граней), выкарыстаннем 2-схільных дранічных дахаў на зволаках. У паўд. частцы зоны сустракаюцца цэнтрычныя пабудовы жылога і гасп. прызначэння з вянковым пірамідальным перакрыццём. На ПдУ многія жылыя будынкі мелі квадратны план і вальмавы каркасны дах. У культавым дойлідстве разам з падоўжна-восевай кампазіцыяй храмаў пашыраны глыбінна-прасторавая і крыжова-цэнтрычная кампазіцыі з яруснымі вярхамі. На ранняй стадыі развіцця школы (17—1-я пал. 18 ст.) вярхі былі чацверыковыя пірамідальныя (Сінкевіцкая Георгіеўская царква), пад уплывам стылю барока расла колькасць заломаў (Слуцкая Міхайлаўская царква), вярхі станавіліся васьмерыковымі (Старабеліцкая Мікалаеўская царква). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. школай выпрацаваны арыгінальны прыём узмацнення кантрасту кампазіцыі цэнтр. храмавага аб’ёму ў выніку пастаноўкі паміж 2 васьмерыкамі чацверыка (Рубельская Міхайлаўская царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква). Такі прыём характэрны і для званіц. Будавалі таксама ярусныя храмы глыбінна-прасторавай кампазіцыі са званіцамі на гал. фасадзе (Гомельская Ільінская царква). На раннім этапе відавочная сувязь школы з Бойкаўшчынай (Укр. Карпаты), на познім пэўны ўплыў зрабіла дойлідства Левабярэжнай Украіны.
Літ.:
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА.
Склалася ў 17—18 ст. у грамадскім і культавым дойлідстве Магілёва. Ландшафтныя ўмовы забудовы горада абумовілі перавагу вышынных ярусных кампазіцый (вежы Магілёўскага замка, Магілёўскай ратушыінш.). У 17 ст. на творчасць майстроў школы ўплываў стыль рэнесанс, у 18 ст. — барока, які павысіў ролю дэкору ў аздабленні фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. Найб. значныя дасягненні школы ў мураваным культавым дойлідстве. Храмы звычайна будавалі крыжова-цэнтрычныя, з купалам над сяродкрыжжам (Пакроўская і Успенская цэрквы). Для іх характэрны сінтэз структур стараж.-рус. 3-апсідных крыжова-купальных храмаў і зах.-еўрап. 3-нефавых базілік. Найб. выразна традыцыі школы ўвасоблены ў цэрквах Богаяўленскай, Мікалаеўскай і Спаса-Праабражэнскай. Асн.маст. ролю ў інтэр’ерах адыгрывалі разныя іканастасы, алтары, ківоты і інш. элементы ў традыцыях беларускай рэзі. У 2-й пал. 18 ст. школа заняпала. Захаваўся помнік М.ш.д. — Мікалаеўская царква (гл. ў арт.Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс).
Літ.:
Чарняўская Т.І. Архітэктура Магілёва. Мн., 1973. С. 13—30.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІ́МІРА-СУ́ЗДАЛЬСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
адна з мясц. школ стараж.-рус.дойлідства. Склалася ў 12—13 ст. у перыяд узмацнення Уладзіміра-Суздальскага княства. Найб. выявілася ў культавым буд-ве. Пабудовы вызначаліся вытанчанасцю маст. аблічча, гарманічнасцю форм, урачыстым дэкорам. Адметныя рысы: белакаменная тэхніка, разны́я перспектыўныя парталы, аркатурна-калонкавыя паясы пасярэдзіне вонкавых сцен, складанапрафіляваныя пілястры з калонкамі. У 1160-я г. існавала буд. арганізацыя, дзе сумесна працавалі мясц., галіцкія і зах.-еўрап. (прысланыя імператарам Фрыдрыхам I Барбароса) майстры. Да яе ранняга перыяду (12 ст.) адносяцца помнікі: Спаса-Праабражэнскі сабор у Пераслаўлі-Залескім, царква Барыса і Глеба ў Кідзекшы, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор, Уладзімірскі Успенскі сабор, Пакроваў Прасвятой Багародзіцы на Нерлі царква, ансамбль у Багалюбаве (злучаныя паміж сабой пераходам сабор Раства Багародзіцы і палац; не захаваўся). У 13 ст. ўзмацніўся жывапісна-дэкар. пачатак: з’явіліся кілепадобныя закамары, шарападобныя «пацеркі» на парталах (сабор Раства Багародзіцы ў Суздалі), разны́ арнамент і шматфігурныя кампазіцыі амаль цалкам пакрывалі паверхні фасадаў (Георгіеўскі сабор у Юр’еве-Польскім).
Літ.:
Воронин Н.Н. Зодчество Северо-Восточной Руси XII—XV вв. Т. 1. М., 1961;
Вагнер Г.К. Мастера древнерусской скульптуры. М., 1966.