АРЛО́ЎСКІ (Orłowski) Аляксандр Восіпавіч (9.3.1777, Варшава — 13.3.1832),
польскі і рускі жывапісец і графік. Прадстаўнік рамантызму. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1809). Каля 1793—1802 вучыўся і працаваў у Варшаве ў Я.П.Норбліна. З 1802 у Пецярбургу. Аўтар жанравых («Сцэна ў карчме», 1795—96) і батальных («Бітва пад Рацлавіцамі», 1798 або каля 1801) твораў, партрэтаў герояў вайны 1812 (М.І.Платава, Д.Давыдава), «Аўтапартрэта», пейзажаў, малюнкаў. Арлоўскі — адзін з заснавальнікаў шаржа («Ш.Л.Дзідро», каля 1810) і паліт. карыкатуры («Французскі эмігрант Дзю-Селон», 1806) у рус. графіцы. Адзін з першых пачаў працаваць у тэхніцы літаграфіі («Рамізніцкая біржа», 1820).
Літ.:
Ацаркина Э.Н. А.О.Орловский, 1777—1832. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛІ́Б (Delibes) Клеман Філібер Леа (21.2.1836, Сен-Жэрмен-дзю-Валь, цяпер у межах г. Ла-Флеш, Францыя — 16.1.1891),
французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1884). З 1848 вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў А.Адана і інш. (з 1881 яе праф.). З 1853 акампаніятар «Тэатр лірык» і царк. арганіст у парыжскіх саборах, даваў урокі фп. У 1865—72 другі хормайстар т-ра «Гранд-Апера». Працаваў пераважна ў муз.-тэатр. жанрах. Найб. вядомыя яго оперы «Так сказаў кароль» (1873) і «Лакмэ» (1883) — адна з лепшых франц. арыентальных опер. Наватар у галіне балета, сімфанізаваў балетную музыку, развіў у ёй драм. пачатак. Яго лепшыя балеты «Капелія» (1870) і «Сільвія» (1876) зрабілі вял. ўплыў на развіццё муз.-харэаграфічнага мастацтва.
Літ.:
Давидсон И. Балеты Делиба // Сов. музыка. 1961. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮБУА́, Дзю Бойс (Dubois, Du Bois) Уільям Эдуард Бёркхарт (23.2.1868, г. Грэйт-Барынгтан, ЗША — 27.8.1963), амерыканскі гісторык, адзін з заснавальнікаў афра-амер. л-ры ЗША, грамадскі дзеяч. Вучыўся ва ун-це ў Фіска (1884—86), Гарвардскім (1886—92), Берлінскім (1892—94) ун-тах. Д-р філасофіі (1895), праф. эканомікі і гісторыі. Ганаровы д-ргіст. навук Маскоўскага ун-та (з 1959). Даследаваў барацьбу амер. неграў і народаў Афрыкі за раўнапраўе, супраць расавай дыскрымінацыі. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў руху «Ніягара» (1905), Асацыяцыі садзейнічання прагрэсу каляровага насельніцтва (1910—48), панафр. кангрэсаў (1919, 1921, 1923, 1927, 1945), чл.Сусв. Савета Міру (з 1950). З 1960 у Гане, дзе з 1962 кіраваў выданнем энцыклапедыі «Афрыка». Аўтар манаграфіі «Забарона гандлю рабамі» (1896), зб. нарысаў «Душы чорных людзей» (1903), трылогіі «Чорнае полымя» (1957—61) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫШЭЛЬЁ (Richelieu) Арман Эмануэль дзю Плесі
(du Plessis; на рас. службе Эмануіл Восіпавіч; 14.9.1766, Парыж — 17.5.1822),
французскі і рас.дзярж. дзеяч, герцаг. У пач. Франц, рэвалюцыі эмігрыраваў (1789) у Расію. У 1790 удзельнічаў у Крымскай кампаніі на чале з А.В.Суворавым, атрымаў чын ген.-лейтэнанта. У 1793—94 у складзе кааліцыйных войск ваяваў супраць рэв. Францыі. З 1803 граданачальнік Адэсы, у 1805—14 ген.-губернатар Новарасійскага краю. Садзейнічаў гасп. асваенню і засяленню Паўн. Прычарнамор’я. Пасля рэстаўрацыі Бурбонаў з 1814 у Францыі; першы міністр ва ўрадзе Людовіка XVIII (1815—18, 1820—21). Пры падтрымцы рас. імператара Аляксандра І дамогся некат. змякчэння на карысць Францыі Парыжскага мірнага дагавора, скарачэння памераў кантрыбуцыі і колькасці (у 1817) акупацыйных войск у Францыі. На Ахенскім кангрэсе «Свяшчэннага саюза» (1818) дамогся поўнага спынення акупацыі Францыі. У г. Адэса яму пастаўлены помнік (1828).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯРО́ВАЯ ФАТАГРА́ФІЯ,
разнавіднасць фатаграфіі, звязаная з узнаўленнем каляровага відарыса аб’екта здымкі. Праводзіцца на колерафатаграфічных матэрыялах з дапамогай звычайных фотаапаратаў.
Грунтуецца на прапанаванай (1756) М.В.Ламаносавым тэорыі трохкампанентнага каляровага зроку, паводле якой любы колер, у т. л. белы, можна атрымаць змешваннем трох асн. колераў: чырвонага, зялёнага і сіняга. У 1861 Дж.Максвел прапанаваў здымаць аб’ект паслядоўна праз святлафільтры, афарбаваныя ў асн. колеры, а атрыманыя пазітывы праектаваць праз гэтыя ж святлафільтры на экран (адытыўны спосаб). У аснову сучаснай К.ф. закладзены субтрактыўны метад, прапанаваны ў 1868—69 франц. вынаходнікам Л.Дзюко дзю Аронам, паводле якога каляровы відарыс атрымліваецца «адыманнем» асн. колераў ад белага. Атрыманне негатыва гэтым спосабам суправаджаецца ўтварэннем на мнагаслойным фотаматэрыяле колераў, якія дапаўняюць асн. колеры аб’екта да белага: для чырвонага колеру дапаўняльным з'яўляецца блакітны, для зялёнага — пурпуровы, для сіняга — жоўты. Пры атрыманні пазітыва адбываецца адваротны працэс: дадатковыя колеры абумоўліваюць утварэнне на ім асн. колераў аб’екта здымкі. Гл. таксама Каляровае тэлебачанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСЕ́ЛЬ (Marseille),
горад на ПдУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Буш-дзю-Рон. Каля 1,4 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Буйнейшы порт Францыі на Міжземным м. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл.цэнтр.Прам-сць: нафтаперапр., нафтахім., судна- і авіябудаванне. Пачатковы пункт транс’еўрапейскага нафтаправода на Страсбур і Карлсруэ (Германія). Метрапалітэн. 3 ун-ты. Музеі археалогіі, прыгожых мастацтваў і інш. Марскі акварыум. Турызм. Руіны стараж.-рым. збудаванняў, арх. помнікі 11—19 ст. На востраве каля М. замак Іф (16 ст.).
Засн. ў 6 ст. да н.э. як грэч. калонія Масалія; гандл. і культ. цэнтр, порт, сапернічаў з Карфагенам (марская бітва ў 6 ст. да н.э.). У 49 да н.э. заваяваны рымлянамі, у 476 — вестготамі, у 539 — франкамі, у 735 зруйнаваны арабамі. З 879 у каралеўстве Арэлат, з 11 ст. ў графстве Праванс. У час крыжовых паходаў адзін з найбуйнейшых гандл. цэнтраў Міжземнамор’я. З 1214 незалежны горад. У 1481 разам з Правансам перайшоў пад уладу франц. каралёў. З канца 17 ст. цэнтр керамічнай прам-сці. Падарваная ў пач. 19 ст.кантынентальнай блакадай эканоміка М. пачала хутка развівацца ў 2-й пал. 19 ст. пасля адкрыцця Суэцкага канала (1869) і франц. экспансіі ў Паўн. Афрыку. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны італа-ням. войскамі (1942—44), адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАСА́Д (франц. faęade. італьян. facciata ад faccia твар) у архітэктуры, вонкавы бок будынка, збудавання. Адрозніваюць Ф. галоўны, бакавы, дваровы, вулічны, паркавы і інш. Кампазіцыя Ф. характарызуецца яго элементамі (завяршэнне, франтоны, вежы, порцікі і інш.), прапорцыямі і дэкорам; залежыць ад прызначэння формы і канструкцыі будынка. У кампазіцыйным вырашэнні ён адлюстроўвае тыпалагічныя рысы будынка (жылы дом, школа, т-р і інш.), горадабуд. патрабаванні маштабнасці, ансамблевай падпарадкаванасці, стылявога адзінства і інш. Выразнасць Ф. дасягаецца спалучэннем сродкаў архітэктуры, сінтэзам мастацтваў, каларыстыкай, узаемасувяззю збудавання з навакольным асяроддзем. Ф. можа быць падпарадкаваны агульнай кампазіцыі будынка і адлюстроўваць яго ўнутр. структуру. У горадабудаўніцтве Ф. — важны элемент кампазіцыі ў якасці акцэнту на плошчы ці заканчэнні відовішчнай восі.
У асобныя гіст. перыяды Ф. будынка разглядаўся як самаст. галіна арх.-маст. творчасці, часам не звязаная з прызначэннем будынка, яго ўнутр. структурай і канстр. асновай. У архітэктуры рэнесансу, барока і ракако гал. Ф. меў вял. значэнне як самаст. элемент будынка. У перыяд класіцызму характарызаваўся больш лаканічнымі вырашэннямі з адначасовым павелічэннем значнасці бакавых Ф. У сучасным буд-ве звычайна ўсе Ф. маюць аднолькава важнае значэнне. Часам Ф. ствараецца на прынцыпах, якія зрокава скажаюць унутр. структуру кампазіцыі, не ўвасабляюць тыпалагічныя асаблівасці будынка (дэканструктывізм).
С.А.Сергачоў.
Галоўны (уверсе) і бакавы фасады архірэйскага палаца ў Магілёве. Чарцёж. 2-я пал. 18 ст.Бакавы фасад Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў у Мінску.Фасад царквы Сент-Эцьен-дзю-Мон у Парыжы.
французскі архітэктар, тэарэтык архітэктуры, жывапісец, дызайнер; адзін са стваральнікаў сучасных кірункаў у архітэктуры (рацыяналізму, функцыяналізму). Вучыўся ў Школе мастацтваў Ла-Шо-дэ-Фона; вучыўся і працаваў у арх. І.Гофмана ў Вене (1907), А.Перэ ў Парыжы (1908—10) і П.Берэнса ў Берліне (1910—11). З 1917 жыў у Парыжы. Распрацаваў з А.Азанфанам у жывапісе канцэпцыю пурызму. У 1922 заснаваў арх. майстэрню і да 1940 працаваў разам з братам П.Жанерэ. Выступаў за абнаўленне архітэктуры, вызваленне пабудоў ад эклектычных упрыгожанняў, стварэнне функцыян. структуры пабудовы і яе архітэктанічнай выразнасці, падкрэсліваў вял. магчымасці архітэктуры ў пераўтварэнні грамадства (кнігі «Да архітэктуры», 1923; «Горадабудаўніцтва», 1925, і інш.). У ранніх творах імкнуўся да стварэння суладдзя пабудовы і наваколля, распрацоўваў метады індустр.буд-ва: жылы дом «Сітраэн» (1922), комплекс асабнякоў у Парыжы (1923—24; з 1970 ін-т Ле К.), віла Савой у Пуасі каля Парыжа (1929—31). Распрацаваў «пяць зыходных пунктаў сучаснай архітэктуры»: будынак на апорах-слупах, плоскі дах-сад, адвольная ўнутр. планіроўка, суцэльнае стужачнае акно, нясучая фасадная сцяна. У праектах 1920—30-х г. развіваў ідэю «вертыкальнага» горада-сада з вял. шчыльнасцю насельніцтва, вежападобнымі будынкамі і вял. азелянёнымі прасторамі паміж імі, з падзелам шляхоў руху пешаходаў і транспарту, зон жылля, дзелавой актыўнасці і прам-сці: праект горада на 3 млн. жыхароў (1922), планы «Вуазен» (планы рэканструкцыі Парыжа, Буэнас-Айрэса, Алжыра, Антверпена і інш.). Шэраг яго тэарэт. ідэй, рэалізаваныя пры ўзвядзенні вял. збудаванняў канца 1920—30-х г. (дом Цэнтрасаюза ў Маскве, 1928—35, з удзелам М.Дж.Колі; інтэрнаты швейц. студэнтаў ва універсітэцкім гарадку, 1930—32; цэнтр Арміі выратавання, 1932—33; абодва ў Парыжы і інш.), ляглі ў аснову «Афінскай хартыі» (прынята ў 1933 Міжнар. кангрэсам сучаснай архітэктуры) і выкладзены ў яго кнігах «Прамяністы горад» (1935), «Тры вызначэнні чалавека» (1945). У 1940-я г. стварыў сістэму рацыянальных велічынь, заснаваную на прапорцыях чалавечага цела (мадулёр), якую прапанаваў як шкалу зыходных памераў для буд-ва і маст. канструявання. Пабудовам 1950—60-х г. уласцівы магутная і тонка нюансіраваная пластыка, выразная архітэктоніка форм і мас, кантрастнасць святлоценявых, колеравых і фактурных эфектаў, выкарыстанне тыпавых зборных і арыгінальных элементаў і канструкцый, спалучэнне розных матэрыялаў, сакавітая паліхромія: жылы дом у Марселі (1947—52), капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане (1950—53), манастыр Ла-Турэт у Эвё каля Ліёна (1956—59) — усе ў Францыі, Нац. музей зах. мастацтва ў Токіо (1957—59), Цэнтр мастацтваў Гарвардскага ун-та ў Кембрыджы (ЗША; 1964), бальніца ў Венецыі (1965). Стварыў вял. цыкл работ у Індыі (1950—57): генплан горада і ансамбль урадавых будынкаў у Чандыгарху, музей і вілы ў Ахмадабадзе і інш. Паводле яго праекта ўзведзены «Цэнтр Ле Карбюзье» ў Цюрыху (Швейцарыя; 1967).
Тв.:
Рус.пер. — Планировка города. М., 1933;
Творческий путь. М., 1970;
Модулор. М., 1976;
Архитектура XX в. 2 изд. М., 1977.
Літ.:
Эрн И.В. Последние работы Ле Корбюзье. М., 1975;
Choay F. Le Corbusier. New York, 1960.
В.Я.Буйвал.
Ле Карбюзье.Ле Карбюзье. Капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане. 1950—53.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮДО́ (ад яп.дзю мяккасць + до шлях),
японская нац. барацьба (у кімано са свабодным поясам, без абутку). Пры барацьбе стоячы барцы імкнуцца з дапамогай падножак, падсечак, кідкоў і інш. прыёмаў кінуць адзін аднаго на татамі (спец. цыновачная мата), пры барацьбе лежачы — утрымаць праціўніка прыціснутым спінай да татамі або з дапамогай болевых прыёмаў і задушлівых захватаў прымусіць яго прызнаць сябе пераможаным. Схваткі праводзяцца ў 8 вагавых катэгорыях (жанчыны — 48, 52, 61, 66, 72, больш за 72 кг і абсалютная; мужчыны — 60, 65, 71, 78, 86, 95, больш за 95 кг і абсалютная) і працягваюцца 4 мін для жанчын і 5 мін для мужчын.
Дз. створана ў канцы 19 ст.праф. Д.Кано, які сістэматызаваў і палепшыў тэхніку джыуджыцу (без элементаў, што пагражалі жыццю і здароўю барцоў) і ўвёў шмат новых, створаных ім самім. З канца 19 — пач. 20 ст. Дз. пашырылася ў шэрагу краін Еўропы, Азіі, Амерыкі У 1956 створана Міжнар. федэрацыя Дз. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1956, чэмпіянаты Еўропы — з 1951. З 1964 Дз. — алімпійская дысцыпліна (перапынак у 1968).
На Беларусі развіваецца з 1974, у 1977 створана рэсп. федэрацыя. Сярод бел. дзюдаістаў чэмпіён Еўропы (1983, 1984, 1985), уладальнік Кубка свету (1984, 1986), бронзавы прызёр чэмпіянату свету (1985) В.Пясняк, чэмпіён Еўропы (1997) Р.Мамедаў, бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы (1995) Н.Багіраў, прызёры чэмпіянату Еўропы 1977 А.Карыцкая і Т.Масквіна. Зборная каманда Беларусі сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫШЭЛЬЁ (Richelieu) Арман Жан дзю Плесі
(du Plessis; 5.9.1585, Парыж — 4.12.1642),
французскі дзярж. і рэліг. дзеяч. З 1607 біскуп, у 1616—17 дзярж. сакратар па замежных і ваен. справах у час рэгенцтва Марыі Медычы. У 1617—21 у апале. З 1622 кардынал, з 1624 першы міністр ва ўрадзе Людовіка XIII. Фактычна кіраваў краінай. Праводзіў палітыку ўмацавання каралеўскай улады. З мэтай ліквідацыі сепаратызму адабраў у гугенотаў (фактычна стварылі дзяржаву ў дзяржаве) Ла Рашэль (1628) і паўд. крэпасці (1629). Падпісаў «Эдыкт міласці» (1629), які пазбавіў гугенотаў іх паліт. правоў, але захаваў свабоду веравызнання. Узмацніў кантроль над правінцыяльнымі органамі ўлады і перадаў ч. іх паўнамоцтваў каралеўскім інтэндантам. Спрыяў развіццю мануфактур і гандлю. Забараніў дуэлі, разбураў умацаваныя дваранскія замкі ўнутры краіны, караў смерцю сваіх ворагаў з ліку арыстакратыі (Марыльяк, Манмарансі, Сен-Мар). У знешняй палітыцы галоўным лічыў барацьбу супраць гегемоніі Габсбургаў. У 1635 па яго ініцыятыве Францыя ўступіла ў Трыццацігадовую вайну 1618—48 на баку пратэстанцкай кааліцыі. Далучыў да Францыі Эльзас і ч. Латарынгіі. Стварыў ваен. флот і рэарганізаваў армію. Узмацніў падатковы прыгнёт і жорстка задушыў выкліканыя ім сял. паўстанні (краканаў у 1636, «басаногіх» у 1639). Мецэнат і калекцыянер, апекаваўся мастакамі і літаратарамі. У 1635 засн.Франц. акадэмію. У сваім «Палітычным завяшчанні» (1643) выклаў асн. прынцыпы палітыкі франц. абсалютызму.
Літ.:
Люблинская А.Д. Франция при Ришелье: Фр. абсолютизм в 1630—1642 гг.Л., 1982;