АДА́МАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (12.6.1875, С.-Пецярбург — 1937 ?),
батанік, адзін з першых даследчыкаў расліннасці Беларусі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1899). У 1920—35 заг. аддзела Мінскай балотнай доследнай станцыі, секцыі Бел. аддз. Усесаюзнага Ін-та прыкладной батанікі; кіраўнік геабатанічнай экспедыцыі Наркамзема БССР. Заснавальнік Вялікалятчанскага батанічнага саду (каля Віцебска) і батанічнага саду БДУ. Асн. працы па сістэматыцы раслін, дэндралогіі, геабатаніцы.
Тв.:
Обзор растительности Белорусского Полесья. Мн., 1928 (разам з А.Д.Лазук).
т. 1, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІКАЛІТО́ЎСКІ (БЕЛАРУ́СКІ) ФОНД ІМЯ́ ЛЬВА САПЕ́ГІ,
прыватны дабрачынны фонд. Засн. ў 1975 у Нью-Йорку Янкам і Марыяй Станкевічамі. Асн. мэты: апрацоўка і публікацыя прац Я.Станкевіча, фін. падтрымка работы даследчыкаў бел. гісторыі, л-ры, мовы, культуры і мастацтва, выданне навук. прац, падручнікаў, слоўнікаў. Фонд устанавіў стыпендыі для бел. студэнтаў, якія паспяхова вучацца ў амер. ВНУ. Выдаў «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» Я.Станкевіча (1990).
А.С.Ляднёва.
т. 4, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЦО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён ранняй пары верхняга палеаліту (каля 40—24 тыс. г. назад), што насялялі вярхоўі Дона. Назва ад прозвішча аднаго з першых даследчыкаў культуры В.А.Гарадцова. Насельніцтва займалася паляваннем на мамантаў і коней, жыло у наземных жытлах, пабудаваных, верагодна, з выкарыстаннем дрэва. Вырабляла крамянёвыя долатападобныя прылады, дробныя скрабкі, скрэблы, багата арнаментаваныя касцяныя прылады, упрыгожанні, лапатачкі т.зв. «гарадцоўскага тыпу» (вёслападобныя прылады са сценак трубчастых галёначных касцей маманта).
т. 5, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІМО́ВІЧ (Карл Іванавіч) (23.11.1827, г. Тула, Расія — 16.2.1891),
расійскі батанік і падарожнік, адзін з першых даследчыкаў флоры Д. Усходу. Акад. Пецярб. АН (1868). Скончыў Дэрпцкі ун-т (1850). У 1853—57 здзейсніў кругасветнае падарожжа, у 1859—64 даследаваў Сібір, Д. Усход і Японію. З 1870 дырэктар Бат. музея АН. Навук. працы па сістэматыцы і геаграфіі кветкавых раслін.
Літ.:
Липшиц С.Ю. К.И.Максимович // Отечественные физико-географы и путешественники. М., 1959.
т. 9, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́НТРАП (ад пара... + грэч. anthrōpos чалавек),
адзін з найб. стараж. і прымітыўных выкапнёвых гамінідаў, рэшткі якога знойдзены каля в. Сварткранс і Кромдрай у Паўд. Афрыцы. Жылі каля 1—2 млн. гадоў назад, харчаваліся ў асн. расліннай ежай. Адносяцца да аўстралапітэкаў, іншая назва — Australopithecus robustus (аўстралапітэк масіўны). П. больш буйныя за інш. аўстралапітэкавых, мелі адносна вял. галаўны мозг (каля 510 см³). Большасць даследчыкаў лічаць, што П. былі тупіковым адгалінаваннем аўстралапітэкавых, якія не мелі далейшага эвалюц. працягу.
т. 12, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́М,
легендарны родапачынальнік радзімічаў. Паводле летапісных паданняў, былі на «ляхах» два браты — Радзім і Вятка, якія прыйшлі са сваімі родамі і аселі: першы на Сажы, другі на Ацэ, ад іх і пайшлі радзімічы і вяцічы. На думку некат. даследчыкаў, слова «Р.» — скарочаная форма ад уласнага імя Радзімір, або Радзімер. Даследчык А.І.Папоў лічыў, што назва «радзімічы» належала першапачаткова дынастычнаму роду, а потым пашырылася на племянныя групы і землі, якія яны займалі.
т. 13, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЖО́РНАЛ ОВ БЕЛАРА́ШН СТА́ДЫЗ»
(«The journal of Byelorussian studies», «Часопіс беларускіх даследаванняў»),
часопіс Англа-беларускага т-ва ў Вялікабрытаніі. Выдаваўся ў 1965—88 у Лондане на англ. мове 1 раз у год. Рэдактары А.Макмілін (1965—71), Дж.Дзінглі (1972—79), П.Мэё (1980—88). Распаўсюджваўся ва універсітэцкія і грамадскія б-кі, навук. ўстановы, суполкі, т-вы ў Англіі, ЗША, Канадзе, Ізраілі, Германіі, Польшчы і інш. краінах Усх. Еўропы, а таксама на Беларусі (да пач. 1990-х г. знаходзіўся ў спецсховах). Дасылаўся індывід. падпісчыкам. Друкаваў працы бел. даследчыкаў на эміграцыі і замежных вучоных па гісторыі Беларусі, беларусазнаўстве, бел. культуры. літаратуразнаўстве, мовазнаўстве і інш. Публікацыі часопіса вызначаюцца грунтоўнай крыніцазнаўчай базай, выкарыстаннем шматлікіх дакументаў па гісторыі Беларусі з архіваў і б-к на Захадзе, даследаванняў, зробленых на Беларусі. У 1972—79 друкаваў «выбраную беларускую бібліяграфію» (складальнік А.Надсон) публікацый пра Беларусь замежных аўтараў і даследчыкаў на Беларусі, навук. працы ін-таў гісторыі, л-ры і мовазнаўства АН Беларусі. У раздзеле «Беларуская хроніка» (да 1980) асвятляў міжнар. дзейнасць Беларусі ў ААН, ЮНЕСКА, Міжнар. арг-цыі працы, эканам., рэліг. і грамадска-паліт. жыццё бел. дыяспары. Выйшаў 21 нумар у 6 т., у т. л. 2 здвоеныя.
Л.У.Языковіч.
т. 6, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТ ((Barth) Генрых) (16.2.1821, Гамбург — 25.11.1865),
нямецкі гісторык, філолаг, географ-падарожнік. Праф. Берлінскага ун-та і старшыня Геагр. т-ва ў Берліне (1863). Адзін з першых навук. даследчыкаў Афрыкі. У 1849—55 прымаў удзел у англ. навукова-гандл. экспедыцыі Дж.Рычардсана ў Судан. Двойчы перасек Сахару, даследаваў шэраг аазісаў, плато Аір і Дамергу, басейн воз. Чад, р. Бенуэ і Сярэдні Нігер, сабраў багаты геагр., гіст., этнагр. і лінгвістычны матэрыял. Вывучаў таксама Балканскі п-аў і Малую Азію.
т. 2, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛА́ШКАВІЧ ((Blaškovič) Дзіяніз) (н. 2.8.1913, г. Ябланец, Чэхія),
чэшскі мікрабіёлаг і вірусолаг. Чл. Чэшскай АН; замежны чл. АН СССР (1966), Нью-Йоркскай АН і Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна». Скончыў Славацкі ун-т у г. Браціслава, дзе працаваў да 1946. З 1947 у Ін-це аховы здароўя, з 1950 дырэктар Славацкага ін-та біялогіі, з 1953 — Інта вірусалогіі АН Чэхаславакіі. Навук. працы па агульнай і мед. вірусалогіі, натуральнай ачаговасці патагенных вірусаў (грыпу, клешчавога энцэфаліту), гігіене. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі.
т. 3, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ГА-ДНЯСТРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён эпохі неаліту, якія ў 6—4-м тыс. да н.э. насялялі парэчча Паўд. Буга і Днястра. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, часткова жывёлагадоўляй і земляробствам, жыло на невял. неўмацаваных паселішчах у наземных жытлах (пл. 12—36 м²). Асн. формы керамікі — вастрадонныя гаршкі, міскі, бомбападобныя пасудзіны з наляпнымі валікамі, арнаментаваныя «шышачкамі», пальцавымі зашчыпамі, хвалістымі стужачнымі кампазіцыямі, на познім этапе — грабеньчатым штампам. На думку даследчыкаў, Буга-Дняпроўская культура — адзін з этапаў фарміравання трыпольскай культуры.
т. 3, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)