УНУ́ТРАНЫЯ МО́РЫ, міжземныя моры,

якія размешчаны паміж мацерыкоў або ўнутры мацерыка і злучаюцца з акіянам праз пралівы. У залежнасці ад размяшчэння бываюць міжмацерыковыя (напр., Міжземнае м.) і ўнутрымацерыковым (напр., Чорнае м.). У выніку сваёй адасобленасці маюць своеасаблівы гідралагічны рэжым, на які істотны ўплыў аказвае суша, што іх акружае.

т. 16, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧЫ,

гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1979 для аховы воз. Рычы і прылеглых прыродных комплексаў у межах вадазборнай плошчы. Пл. 1340 га. Рэльеф сярэдняўзгорысты з марэнных суглінкаў і супескаў. Вадазбор часткова забалочаны і ўкрыты невял. ўчасткамі альхова-яловых лясоў, хмызнякамі і лугавой расліннасцю.

т. 13, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́ГРАФ (ад гідра... + ...граф),

храналагічны графік штодзённых расходаў вады за пэўны перыяд у пэўным створы вадасцёку. Будуецца паводле звестак пра расход вады ў месцы назірання за сцёкам у вызначаны адрэзак часу. Адрозніваюць гідрограф разводдзя, паводкі, сезона, за каляндарны або гідралагічны год; бывае адзінкавы, абагульнены (разводдзя і паводкі), тыповы (за год). Служыць асновай для выдзялення крыніц жыўлення вадацёку. Выкарыстоўваецца ў гідратэхн. праектаванні і воднагасп. разліках.

В.​В.​Дрозд.

т. 5, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́КАЕ-ЧАРБАМЫ́СЛА,

гідралагічны заказнік у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Размешчаны на ПнУ Полацкай нізіны. Створаны ў 1979 як азёрны заказнік рэсп. значэння для аховы Глыбокага возера, воз. Чарбамысла і прылеглых прыродных комплексаў. Пл. 516 га (1996). Вадазборная плошча на 95% пад лесам. Пераважае хвоя, трапляюцца невял. ельнікі з дамешкам бярозы, па берагах воз. Глыбокае — вольха. У азёрах растуць рэдкія ахоўныя віды — палушнік азёрны, лабелія Дортмана.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬНЯ,

балота ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., пераважна ў вадазборы рэк Волта (на Пн), Бярэжа (на Пд), Яльнянка (на У). Вярховага тыпу. На балоце група азёр, найб. Ельня, Доўгае, Белае, Бярэжа, Чорнае, Яжгіна. Пл. 20 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 16,8 тыс. га. Глыб. торфу да 8,3 м, сярэдняя 3,8 м. Ёсць сапрапель магутнасцю да 1,5 м, гідролізная сыравіна. Балота ў натуральным стане; уваходзіць у гідралагічны заказнік Ельня.

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЦЕНСКІ МОХ,

гідралагічны заказнік на тэр. Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. Засн. ў 1981 як заказнік рэсп. значэння для захавання ў натуральным стане балотных масіваў К.М. і Чысцік-1 з характэрнай расліннасцю. Пл. 1350 га (1998). Знаходзіцца ў межах Суражскай нізіны. Рэльеф тэрыторыі азёрна-марэнны. Балоты вярховага тыпу, тарфяныя паклады таўшчынёй да 3,7 м. У балотнай расліннасці пераважаюць хваёва-хмызнякова-сфагнавыя фітацэнозы, на мінер. «астравах» — бярозавыя, яловыя, асінавыя і альховыя лясы.

т. 8, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́СНА,

гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 для аховы воз. Сосна і прылеглых прыродных комплексаў. Пл. 451 га. Рэльеф дробна- і сярэднеўзгорысты, складзены з марэнных суглінкаў і супескаў, схілы выш. да 12 м, у асн. с.-г. ўгоддзі. Лясы займаюць каля 16% плошчы, пераважаюць яловыя, бярозавыя, асінавыя. У возеры выяўлены рэдкія расліны, занесеныя ў Чырв. кнігу: гідрыла кальчаковая і наяда марская.

П.​І.​Лабанок.

т. 15, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ БАЛО́ТА,

у Ляхавіцкім, Івацэвіцкім і Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл., сцёк па Агінскім і інш. каналах у Выганаўскае возера. Нізіннага (94%) і мяшанага тыпу. Пл. 34,9 тыс. га, у межах прамысл. Пакладу 27,6 тыс. га. Глыб. торфу да 4,7 м, сярэдняя 2,1 м. Пад торфам трапляюцца мергель і сапрапель. Каля 5 тыс. га асушана, на іх вырошчваюць шматгадовыя травы, збожжавыя і прапашныя культуры. Неасвоеная частка балота ўваходзіць у гідралагічны заказнік Выганашчанскае.

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛІ́Ў,

адносна вузкая водная прастора, якая раздзяляе якія-небудзь участкі сушы і злучае сумежныя водныя басейны або іх часткі. Звычайна П. мае свой асобны гідралагічны рэжым, які залежыць ад рэжыму злучаных ім вадаёмаў або частак вадаёмаў, даўжыні, шырыні і глыбіні П. Макс. памеры: даўж. 1760 км (Мазамбікскі П. паміж Афрыкай і в-вам Мадагаскар), шыр. да 1120 км (П. Дрэйка, паміж архіпелагам Вогненная Зямля і Паўд. Шэтландскімі а-вамі, злучае Атл. ак. з Ціхім).

т. 12, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЕ́Ц,

магістральны меліярацыйны канал у Пружанскім і Бярозаўскім р-нах Брэсцкай вобл., правы прыток р. Ясельда (бас. Прыпяці). Дзейнічае з 1905. Даўж. 50 км. Пачынаецца за 1,5 км на ПдЗ ад в. Росахі Пружанскага р-на, праходзіць па зах. частцы Прыпяцкага Палесся, упадае справа ў Ясельду каля в. Перасудавічы Бярозаўскага р-на, за 145 км ад яе вусця. Асн. прытокі — каналы Задваранскі, Ястрабельскі (справа), Давыдавіцкі, Чарнічны, Залужжаўскі і інш. У пойме канала наліўныя сажалкі. Гідралагічны пост Рыгалі.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)