Ракі́та ’дрэва або вялікі куст сямейства вярбовых’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ласт., Кіс.), ’вербалоз’ (Бяльк.), ’нарост на дрэве, гуз’ (шарк., Цыхун, вусн. павед.), ракі́ціна ’лазіна’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Шатал.), ’від бярозы з вельмі цвёрдай драўнінай’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), рокі́та ’дробналістная лаза з тонкімі галінкамі’ (ТС; беласт., Сл. ПЗБ), ракі́тавае дзерава ’карэльскя бяроза’ (?) (шарк., Цыхун, вусн. павед.), ракі́тнік ’зараслі ракіты’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр.роки́та ’гатунак вербы’, рус.раки́та ’вербалоз’, ’тып, гатунак вербы, што расце па берагах ракі, ў нізінах’, польск.rokita, rokicina, в.-луж.rokot, н.-луж.rokit, rokita, палаб.rükåita, прым. rühtjeitna (= rokitna), чэш., славац.rokyta, rakyta, славен.rakȋta, серб.ра̀кита, харв.ràkita, балг.раки́та, макед.ракита, ст.-слав.ракыта. Прасл.*orkyta. У слав. мовах метатэза з рэфлексамі ro‑/ra‑. Значэнне ’гібкасць’ і ’цвёрдасць’, магчыма тлумачаць фармальную блізкасць з лат.ērcis, ērcetis ’ядловец’, грэч.αρκευθος ’тс’ (Фасмер, 3, 438; Бязлай, 3, 148; Шустар-Шэўц, 2, 1233; БЕР, 6, 168). Абсалютызацыя значэння ’гібкі’ схіляе да параўнання са ст.-інд.arkáh̥ ’лук’, лац.arcus ’лук, дуга, скляпенне’, arka ’куфэрак, сундучок’, гоц.arhwazna ’страла’, што звычайна не прымаецца этымолагамі (гл. Фасмер, там жа, з літ-рай; параўн. аднак Глухак, 517; Сной₂, 601). Адмаўляецца таксама сувязь з чэш.rakos, rokos ’трыснёг’ (гл. рагоз).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЕ́РДЗІ ((Verdi) Джузепе Фартуніна Франчэска) (10.10.1813, Ле-Ранколе, цяпер у межах г. Бусета, Італія — 27.1.1901),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў дырыжора т-ра «Ла Скала» В.Лавіньі і інш. З 1835 наладжваў канцэрты ў г. Бусета, выступаў як дырыжор, піяніст, арганіст. З 1838 у Мілане, дзе ў 1839 пастаўлена яго першая опера «Аберта, граф Сан-Баніфача». Оперы Вердзі 1840-х г. «Набука» («Навухаданосар»), «Ламбардцы ў першым крыжовым паходзе», «Жанна д’Арк», «Атыла», «Бітва пры Леньяна» прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Цікавасць Вердзі да сюжэтаў вял. ідэйнага зместу, насычаных драматызмам, яркай кантрастнасцю, моцнымі пачуццямі, выявілася ў операх паводле твораў В.Гюго («Эрнані», 1844), У.Шэкспіра («Макбет», 1847), Ф.Шылера («Луіза Мілер» паводле трагедыі «Каварства і каханне», 1849). У операх «Рыгалета» (паводле драмы «Кароль забаўляецца» Гюго, 1851), «Трубадур» (паводле А.Гарсіі Гуцьерэса) і «Травіята» (паводле «Дамы з камеліямі» А.Дзюма-сына; абедзве 1853) выявіліся лепшыя рысы муз.-драм. даравання Вердзі: глыбокае спасціжэнне ўнутр. свету герояў, прастата і выразнасць муз. мовы, песеннасць, высокі гуманізм. Оперы 1850-х г. «Сіцылійская вячэрня», «Сімон Баканегра», «Баль-маскарад», «Сіла лёсу» адметныя спалучэннем дынамізму і значнасці масавых сцэн з паглыбленым псіхалагізмам. Да найб. значных яго твораў належаць оперы «Дон Карлас» (паводле Шылера, 1867) і «Аіда» (1870), дзе элементы жанру вял. оперы — развітыя ансамблі, разгорнутыя масавыя сцэны, урачыстыя шэсці, балет — поўнасцю падпарадкаваны раскрыццю глыбокага гуманіст. зместу. Блізкі да лепшых позніх опер Вердзі «Рэквіем» (1874, памяці пісьменніка-патрыёта А.Мандзоні). Вяршыня творчасці Вердзі — муз. драма «Атэла» (1886) і камічная опера «Фальстаф» (1892), у якіх традыц. арыі і дуэты заменены маналогамі і дыялагічнымі сцэнамі, засн. на скразным муз. развіцці, дасягнута поўнае зліццё музыкі з драм. дзеяннем. Вердзі рэфармаваў камічную оперу на аснове дасягненняў рэаліст.муз. драмы 19 ст. Творчасць Вердзі — адна з вяршынь опернага рэалізму ў сусв.муз. мастацтве. На аснове традыцый папярэднікаў і сучаснікаў, выкарыстання песеннасці італьян.нар. музыкі Вердзі стварыў уласны муз. стыль, для якога характэрны яскравая тэатральнасць, вастрыня і выразнасць у абмалёўцы дзейных асоб і сітуацый, неперарыўнасць сцэн. развіцця, гібкасцьвак. дэкламацыі, майстэрства ансамбля, узмацненне драматургічнай ролі аркестра. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены «Рыгалета», «Травіята», «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Атэла», «Дон Карлас», фантазія «Шэкспір і Вердзі» (у трох частках), у рэпертуары хору — «Рэквіем».
Тв.:
26 опер (з іх 6 у 2 рэдакцыях);
«Рэквіем» для 4 салістаў, хору і арк., Staban mater для хору і арк. (1898), Те Deum для падвойнага хору і арк. (1898) і інш.;
вак.-сімф. «Гучы, труба» (рэв. гімн, 1848), Гімн нацый (1862);
струнны квартэт (1873), вак.-інстр. ансамблі;
песні, рамансы і інш.
Літ. тв.: Рус.пер. — Избр. письма. М., 1959.
Літ.:
Соллертинский И. Джузеппе Верди // Соллертинский И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963;
Тароцци Дж. Верди: Пер. с итал. М., 1984;
Соловцова Л.А. Джузеппе Верди. 4 изд. М., 1986;
Галь Г. Брамс. Вагнер. Верди: Три мастера, три мира: Пер. с нем. М., 1986.