куча; горба (абл.); гара, груд, бурт (перан.) / камення: крушня / ламачча: лоўж

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Галашчо́к ’моцны мароз’ (Шат., Яшкін), таксама ’замёрзлая зямля без снегу’ (Шатал.), ’першы лёд на балоце, на рацэ’, ’мёрзлыя рунныя палі, груд з азімымі пасевамі’, ’адкрытае месца, узгорак, дзе вецер здзімае снег; гальнае замёрзлае балота’ (гл. у Яшкіна, там і геаграфія слова). Сустракаецца і форма галашчо́ка (Яшкін). Аналагічныя словы ёсць у іншых усх.-слав. мовах. Параўн. рус. голоще́к ’галалёдзіца; чысты тонкі лёд без снегу’, укр. голощі́к, голощо́к ’галалёдзіца; лёд, непакрыты снегам’. Можна меркаваць, што ў аснове назвы ляжыць вобраз: ’голыя, замёрзлыя шчокі’, ’шчокі непакрытыя, таму замёрзлыя’. Усе іншыя значэнні другасныя, узніклі пры дапамозе метафарызацыі. Гэта асабліва адносіцца да розных назваў рэльефу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Града́ ’града (у розных знач.)’ (БРС, Шат., Касп.). З прасл. *gręda. Параўн. рус. гряда́, укр. гряда́, польск. grzęda, чэш. hřada, балг. греда́ і г. д. Прасл. *gręda (значэнні: ’бэлька, перакладзіна, мураваная сцяна, градка, мель, востраў, узвышша і да т. п.’). Роднасным лічацца літ. grindà ’дошка для падлогі і да т. п.’, лац. grunda ’дах, страха, дахавыя кроквы’, ст.-ісл. grind ’рама і г. д.’ Корань *gręd‑ мае аблаўтную форму *grǫd‑, якая прадстаўлена ў бел. груд ’узгорак, груда’, гру́да ’глыба, кавалак, камяк’, рус. гру́да, укр. гру́да́, чэш. hruda, hrud, польск. gruda, grąd і г. д. Агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 120–122, 146–148 (з літ-рай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вал

1. Штучны земляны насып у выглядзе вялікага бурта з грэбнем (Пол.), узгорка (Жытк., Тур.).

2. Нагорнуты экскаватарам доўгі грэбень кустоў з карэннем (Сал., Слаўг.).

3. Высокае месца, груд пасярод балота (Глуск. Янк. II).

4. Хваля, вадзяны грэбень, падняты ветрам (Гродз., Жытк., Тал. Мядзв.).

ур. Вал Івана Грознага ў Полацку, ур. Вал (насып) Тур. (Кав. 340), ур. Вал (груд сярод балота) каля в. Клетнае Глуск.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

сці́рта, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.

1. Вялікі стог сена, саломы або снапоў збожжа і пад., прызначаны для захавання пад адкрытым небам. Непадалёку ад кароўніка ўзвышаліся вялізныя сцірты сена — запасы на зіму. Паслядовіч. Сцірты саломы, падобныя на высокія пясчаныя курганы, адзначалі месцы палявых такоў. Хадкевіч. [Жанчыны] падышлі да льняной сцірты і пачалі памалу брацца за работу. Гроднеў. [Стары Юстынь] уклаў у сцірту апошні сноп, і калі разагнуўся — пацямнела ўваччу. Чарнышэвіч.

2. Куча прадметаў, пакладзеных адзін на адзін. Жаўцеюць высокія сцірты дошак, брусся, апілаваных плашчакоў. Бялевіч. Сцірты сухой цэглы былі складзены на груд[зе] перад вёскай. Чорны. На дрывотніку ляжала сцірта толькі што наколаных дроў. Хведаровіч.

3. Складзены ў штабялі тавар. Гарэлі побач сцірты мяшкоў са збожжам на адкрытай платформе. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стос1 ‘ворах, груд, штабель’ (ТСБМ, Нас., Гарэц.), ‘груда, куча’ (Сл. ПЗБ), ‘груда, капец’ (ТС), ‘касцёр, куча лому’ (Сержп. Прымхі), ‘сажань дроў’ (Арх. Федар.); сюды ж, магчыма, сто́са ‘стайма’ (Сл. ПЗБ), стэ́сам ‘з імпэтам, вельмі шпарка’ (Варл.), сто́сам ‘гуртам’ (Сл. ПЗБ), у сто́сы ‘ў поўнае падпарадкаванне’ (Ян.). Праз польск. stos ‘удар’, ‘куча’ з с.-в.-ням. stoʒ, суч. Stoß ‘тс’. Гл. Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 100 з аглядам літры. Ст.-бел. стосъ, стусъ ‘стос, штабель, удар’ (XVI ст.) з той жа крыніцы, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 189. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 420. Для польскага слова мяркуецца чэшскае пасрэдніцтва, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 373–374. Гл. яшчэ стус.

Стос2 ‘слізь’ (рас., Шатал.). Значэнне вызначана недакладна, параўн.: чысьціла трыбух і стосу многа было. Відаць, гэта тое, што “счышчаецца”. Слова цьмянае. Да цяса́ць (гл.)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узгорак, пагорак, прыгорак, узгор'е, горка, гара, узвышша, узвышак, груд, грудок, курган / на Далёкім Усходзе: сопка; горб (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

шліфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак.

1. што. Апрацоўваць паверхню металу, шкла, драўніны і пад. абразіўнымі матэрыяламі, каб зрабіць яе гладкай, з дакладнымі памерамі, надаць ёй пэўную форму. Я лічыў у маленстве суседа багатым: Груд камення ляжаў у яго на двары. Кожны камень рукою ён мацаў шурпатай, Шліфаваў пад страхой ад зары да зары. Ляпёшкін. [Антон Максімавіч:] — Памятай, алмаз трэба доўга шліфаваць, каб ён стаў брыльянтам. Рамановіч. // Знішчаць якія‑н. няроўнасці, рабіць гладкай, роўнай, чыстай паверхню чаго‑н. у працэсе трэння. Скарбы мора збірала вякамі, шліфавала яго, як граніт, — Цудадзейны гарачы камень, Соль жыцця, соль зямлі — сільвініт. Хведаровіч.

2. перан.; каго-што. Удасканальваць, паляпшаць. Нарэшце падышоў час, калі трэба было першы свой «матэрыял» паказаць сакратару. [Максім] доўга і старанна працаваў, шліфаваў, намагаючыся, каб першы твор атрымаўся як мага лепшы. Машара. Жыццё шліфавала мяне і часам з надзвычайным болем зразала з мяне розныя лішнія, непатрэбныя каросты. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́спа

1. Груд сярод балота, пясчаны востраў сярод вады (Рэч.).

2. Выцягнутае, прадаўгаватае ўзвышша; грыва (Слаўг.).

3. Затока, старыца, аддзеленая ад ракі пясчаным намывам (Рэч.). Тое ж за́сапка (Рэч.).

ур. Засапка (луг, азярына) каля в. Заспа Рэч., в. Заспа Рэч., ур. Заспа (грыва) каля в. Крамянка Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

галашчо́к

1. Замёрзлая зямля без снегу (Брэст., Глуск. Янк. I, Слаўг.).

2. Моцны мароз на непакрытую снегам зямлю (Пух. Шат., Слаўг., Стол.). Тое ж галашчока (Гродна, Бельск.), гале́ц (Тал. Мядзв.), галяка́, галашчокам, галя́ка, галя́к (Слаўг.).

2. Першы лёд на балоце, на рацэ (Жытк., Пар., Стол.).

3. Мёрзлыя рунныя палі, груд з азімымі пасевамі (Брэст.).

4. Адкрытае месца, узгорак, дзе вецер здзімае снег; гальнае замёрзлае балота (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)