тангенсо́іда

(ад тангенс + -оід)

мат. крывая лінія, якая графічна паказвае змяненне тангенса ў залежнасці ад змянення вугла.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЕРШАРА́Д,

радок верша, у якім цалкам змяшчаецца схема памеру вершаванага. У большасці паэт. твораў вершарад супадае з вершаваным радком. Але каб рытмічны малюнак верша зрабіць больш разнастайным, вылучыць інтанацыйна асобныя словы і словазлучэнні і гэтым падкрэсліць пэўныя думкі, паэты ў асобных выпадках графічна дзеляць вершарад на некалькі радкоў: «Ой, зіма, // Зіма, // Зіма! // Весялей цябе // Няма» (П.​Броўка, «Зімовыя малюнкі»). Тут 2 вершарады чатырохстопнага харэя падзелены на 5 радкоў.

т. 4, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

полістрафі́чнасць

(ад полі- + страфа)

паслядоўнае або адвольнае чаргаванне ў вершаваным творы розных строф, графічна аддзеленых адна ад адной.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КІНЕМА́ТЫКА МЕХАНІ́ЗМАЎ,

раз дзел механізмаў і машын тэорыі, у якім вывучаецца рух звёнаў механізмаў незалежна ад прыкладзеных да іх сіл. Адрозніваюць кінематычны аналіз і сінтэз механізмаў.

Асн. задачы аналізу: вызначэнне становішчаў звёнаў, траекторый, вуглавых скарасцей і паскарэнняў асобных пунктаў механізмаў пры зададзеных асн. памерах. Асн. задача кінематычнага сінтэзу — вызначэнне структуры (кінематычнай схемы) і памераў звёнаў механізмаў, якія забяспечваюць зададзеныя (патрэбныя) рухі. Задачы К.м. рашаюцца аналітычна (з дапамогай сістэм ураўненняў), графічна (метадамі кінематычных дыяграм, планаў скарасцей і паскарэнняў) і эксперыментальна.

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЗУЛЬНАЯ ЗДЫ́МКА адзін з відаў тапаграфічнай здымкі, якая выконваецца з дапамогай мензулы і кіпрэгеля на мясцовасці. Пры М.з. адлегласці і перавышэнні вымяраюць кіпрэгелем або дальнамерам (гл. Геадэзічныя прылады і інструменты), гарызантальныя вуглы атрымліваюць графічна на планшэце. Пры М.з. план ствараецца непасрэдна на мясцовасці ўмоўнымі тапаграфічнымі знакамі, больш дакладна праводзяцца гарызанталі. Праводзіцца ў маштабах 1:5000, 1:2000, 1:1000, 1:500. Выкарыстоўваецца на невял. пл. і ў выпадках, калі інш. метады не мэтазгодны.

Р.​А.​Жмойдзяк.

Мензуальная здымка.

т. 10, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сінусо́іда

(ад сінус + гр. eidos = выгляд)

хвалепадобная крывая лінія, якая графічна паказвае змяненні сінуса ў залежнасці ад змянення вугла.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГАРМАНІ́ЧНЫЯ ВАГА́ННІ,

перыядычныя змены фіз. велічыні паводле сінусаідальнага закону. Аналітычна апісваюць залежнасцю x = A sin(ωt+φ0) або x = A cos(ωt+φ0), дзе x — значэнне фіз. велічыні ў дадзены момант часу t, A — амплітуда, ωt+φ0 — фаза, ω — цыклічная частата, φ0пач. фаза. Графічна адлюстроўваюцца сінусоідай. Ваганні многіх фіз. сістэм блізкія да гарманічных ваганняў, а любое складанае ваганне можна выявіць як сукупнасць гарманічных ваганняў у выглядзе Фур’е шэрагу (гл. Гарманічны аналіз, Ангарманічныя ваганні, Абертон).

Да арт. Гарманічныя ваганні: T — перыяд; A — амплітуда.

т. 5, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУЛЬ (ад лац. nullus ніякі),

лік, які мае такую ўласцівасць, што любы іншы лік пры складанні з Н. не змяняецца. Абазначаецца сімвалам 0. Здабытак любога ліку на Н. роўны Н. Калі здабытак двух сапраўдных ці камплексных лікаў роўны Н., то абавязкова адзін з іх роўны Н. Дзяленне на Н. немагчыма. Н. функцыі — пункт, у якім функцыя роўная нулю; тое, што корань адпаведнага алг. ўраўнення. Графічна Н. функцыі адной пераменнай адпавядаюць пунктам перасячэння графіка зададзенай функцыі з воссю Ox ці інш. іх агульным пунктам.

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРВАРЫ́ЗМ (ад грэч. barbarismos іншамоўны),

запазычанае слова ці выраз, якія ў бел. мове не асвоены або асвоены часткова (пераважна графічна). Вылучаюцца агульныя і індывідуальныя. Агульныя варварызмы выкарыстоўваюцца пастаянна і могуць паўтарацца ў розных тэкстах: cito — тэрмінова (у медыцыне), tête à tête — з вока на вока. Індывідуальныя сустракаюцца пераважна ў мове маст. л-ры для стварэння мясц. каларыту; яны звычайна не паўтараюцца і не выходзяць за межы аднаго твора: «Звон кафедральны кліча на Ave» (М.​Танк), «Згодны... Суцінку!.. Лайёт!..» — загуло ў натоўпе» (П.​Броўка).

Л.​І.​Бурак.

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Свал ‘узвышша, вузкая града, якая ўтвараецца пры аранні ў сярэдзіну, “у склад”’ (Дэмб., 2, 832). Рус. пахать в свал — звальваючы насустрач адна адной дзве сумежныя баразны, наўг. пахать на свал ‘разворваць барозны з бульбай праз адну’, укр. палес. свал ‘насыпны ўзгорак’. Да *сваліць ‘зваліць’, магчыма, русізм або графічна адаптаванае звал ‘навал; марэна’ (Ласт.). У адносінах да семантыкі параўн. склад3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)