«ГО́ЛАС АМЕ́РЫКІ»

(«The Voice of America»),

радыёвяшчальная служба ўрада ЗША на замежныя краіны (з 1942). У складзе Інфарм. агенцтва ЗША. Рэтрансляцыйныя службы размешчаны таксама ў краінах Еўропы, Азіі і Афрыкі. Праграмы складаюцца з аператыўных навін з розных краін свету, міжнар. каментарыяў, муз. і літ. праграм.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС РАДЗІ́МЫ»,

інфармацыйная культ.-асветная газета Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом. Выдаецца з 6.4.1955 у Мінску на бел. мове штотыднёва. Да студз. 1960 наз. «За вяртанне на Радзіму». Засн. бел. секцыяй Сав. к-та «За вяртанне на Радзіму» для прапаганды сав. ладу жыцця сярод бел. эмігрантаў. З сярэдзіны 1970-х г. больш аб’ектыўна асвятляла жыццё, у т. л. бел. эміграцыі. З сярэдзіны 1990-х г. адзінае бел. выданне, якое распаўсюджваецца сярод нац. дыяспары і ў асяроддзі замежных беларусістаў. Інфармуе аб паліт. працэсах, якія адбываюцца ў Беларусі, навінах грамадска-культ. жыцця. Публікуе шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі, асвятляе жыццё беларусаў у далёкім і блізкім замежжы. Да 1993 выдавалася «Бібліятэчка газ. «Голас Радзімы». Выдадзена больш за 150 кніг і брашур.

В.​Г.​Мацкевіч.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ГО́ЛАС»,

грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 1952 у г. Таронта (Канада) на бел. мове. Заснавальнік С.​Хмара. Асвятляе паліт. і культ. жыццё бел. эміграцыі і Беларусі. У 1957—66 выдаваў дадаткі «Сігналы» і «Маланка», у 1967 — «Беларусы ў Канадзе», у 1970 — дадатак з нагоды 20-годдзя бел. прэсы ў Канадзе.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС БЕЛАРУ́СА»,

сялянска-работніцкая газета, орган бел. нац. меншасці ў Латвіі, арганізаванай у 1921 у т-ве «Бацькаўшчына». Выдавалася штотыднёва ў 1925—30 у Рызе на бел. мове. Рэдактар-выдавец К.​Б.​Езавітаў. Мела на мэце абуджаць нац. свядомасць і аб’ядноўваць беларусаў у Латвіі, абараняць іх інтарэсы, развіваць культуру. Пісала пра дзейнасць суполак, т-ваў, інфармавала пра стан асветы, школьнай справы, жыццё беларусаў у БССР, Літве, Чэхаславакіі, Сібіры. Перадрукоўвала матэрыялы з газ. «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска» і інш.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ГО́ЛАС»,

штотыднёвая газета. Выдавалася ў 1942—44 у Вільні на бел. мове лацінкай пад кантролем герм. акупац. улад. Рэдактар Ф.​Аляхновіч. Асвятляла становішча на франтах, міжнар. адносіны. У рубрыках «З усіх куткоў Беларусі», «З беларускага жыцця ў Вільні», «Беларускае жыццё ў Латвіі», «Беларусы на чужыне» і інш. інфармавала пра бел. нац.-культ. жыццё, усхваляла культуртрэгерскую дзейнасць акупантаў, друкавала прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі. Змяшчала нарысы па гісторыі і культуры Беларусі, агляды бел. прэсы, эканомікі, антысав. публіцыстыку. Выйшлі 122 нумары.

С.​У.​Жумар.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС ВЁСКІ»,

газета. Выдавалася з 1.10.1941 да 16.6.1944 у Мінску на бел. мове з дазволу і пры дапамозе герм. улад. Распаўсюджвалася пераважна ў сельскіх раёнах акупіраванай тэр. Беларусі. Друкавала распараджэнні акупац. улад, прамовы А.​Гітлера, А.​Розенберга, В.​Кубэ, тэндэнцыйна асвятляла падзеі на франтах 2-й сусв. вайны. Усхваляла гітлераўскі «новы аграрны парадак», аналізавала гасп. магчымасці бел. зямель, сял. жыццё ў замежных краінах. Асвятляла пытанні гісторыі і культуры Беларусі. Апублікавала раман «Насуперак лёсу» М.​Дуброўскага (Р.​Мурашкі). Выйшла 130 нумароў.

С.​У.​Жумар.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС ЧА́СУ»,

рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з ліп. 1989 у Лондане на бел. мове правасл. бел. суполкай, якая гуртуецца вакол прыхода Ефрасінні Полацкай у Лондане Бел. правасл. царквы на эміграцыі. Выходзіць раз у 2 месяцы. Рэдактар Ю.​Весялкоўскі. Асвятляе пытанні гісторыі хрысціянства, яго ролі ў развіцці культуры народаў свету, у т. л. Беларусі (нарыс Весялкоўскага «Хрысціянства ад Галілеі да Беларусі»), гісторыі Беларусі ад часоў ВКЛ да нашых дзён, праблемы бел. нац. адраджэння. Інфармуе пра жыццё бел. эміграцыі, паліт., эканам. і культ. становішча ў Рэспубліцы Беларусь і інш.

Л.​У.​Языковіч.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРАМА́ДСКІ ГО́ЛАС»,

газета Беларускай часовай рады (БЧР) — паліт. аб’яднання польскай арыентацыі ў Зах. Беларусі. Выдавалася штотыднёва з 22.6.1924 да 28.1.1926 у Вільні на бел. мове. Крытычна ставілася да эміграцыйнага ўрада Бел. Нар. Рэспублікі і ўрада Сав. Беларусі, прапагандавала ідэю згуртавання грамадскіх сіл, адзінага нац. фронту. Памяркоўна крытыкавала палітыку польск. ўрада, асвятляла праблемы царквы на Беларусі. Змяшчала матэрыялы пра творчасць Я.​Купалы, М.​Багдановіча, пра стан бел. мастацтва, дзейнасць Бел. аб’яднанага т-ра, аб праблемах бел. мовы. Публікавала маст. творы і пераклады на бел. мову з інш. моў. З уздымам нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі спыніла сваё існаванне.

А.​С.​Ліс.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС ЦАРКВЫ́»,

рэлігійна-грамадскі часопіс правасл. беларусаў. Выдаецца з 1955 у Нью-Йорку на бел. мове, напачатку яго выдавала Царк. рада Бел. аўтакефальнай правасл. царквы ў Нью-Йорку (БАПЦ), з 1960 — Епархіяльная управа БАПЦ у Нью-Йорку, потым Рада БАПЦ. Выходзіць 2 разы на год (на Вялікдзень і Каляды). У рэд. калегію ў розны час уваходзілі архіепіскап Васіль (У.​Тамашчык), М.​Гарошка, Я.​Запруднік, П.​Манькоўскі, М.​Міцкевіч, М.​Тулейка і інш. Асвятляе пытанні набажэнства, гісторыі бел. правасл. царквы, дзейнасць бел. прыходаў на эміграцыі. Друкуе архіпастырскія пасланні да вернікаў, тэксты малітваў з нагоды пэўных дат, матэрыялы па гісторыі правасл. брацтваў ВКЛ, манастыроў і цэркваў Беларусі. Аналізуе старадаўнія рэліг. рукапісы, змяшчае артыкулы пра жыццё і творчасць бел. асветнікаў і літаратараў, іх літ. творы.

М.​М.​Міцкевіч.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАШ ГО́ЛАС»,

газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася Беларускай сялянска-работніцкай грамадой з 27.1 да 28.2.1927 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Адлюстроўвала рэпрэсіі польскага ўрада супраць бел. нац.вызв. руху, выкрывала паклёп праўрадавай прэсы на яго арыштаваных прадстаўнікоў, дэпутатаў сейма, інфармавала пра дэманстрацыі ў іх абарону (у Косаве, расстраляную паліцыяй, а таксама ў Мінску) — арт. «Буржуазная маральнасць», «У чым вінавацяць нашых паслоў». Прапагандавала новую тактычную лінію вызв. барацьбы ў перыяд наступлення рэакцыі, устаноўку на актывізацыю культ.-асв. фронту. Крытыкавала пазіцыю ўрада па пытаннях зямельнай рэформы і асветы. Востра ставіла праблему правоў чалавека ў Польшчы і праявы фашызму ў краіне (арт. «Да вызвалення чалавека», «Ці ёсць фашызм у Польшчы?»). Інфармавала пра важнейшыя культ. падзеі ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчала творы М.​Васілька, Т.​Кляшторнага, С.​Галыша, Т.​Волі і інш. Выйшла 11 нумароў, з іх 5 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)