МІСЕ́ВІЧ (Уладзіслаў Людвігавіч) (н. 8.5.1945, г. Арэнбург, Расія),

бел. эстрадны музыкант. Засл. арт. Беларусі (1979). Вучыўся ў Мінскім муз. вучылішчы імя М.​Глінкі (1963—66), скончыў Мінскі ін-т культуры (1988). З 1967 артыст-інструменталіст эстрады Белдзяржфілармоніі, у 1969—93 артыст вак.-інстр. ансамбля «Песняры», з 1998 артыст і дырэктар вак.-інстр. ансамбля «Беларускія песняры» пры Дзярж. аб’яднанні «Белканцэрт». Валодае некалькімі духавымі муз. інструментамі (флейта, саксафон, дудачкі), добрымі вак. данымі.

Г.​М.​Загародні.

т. 10, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (Павел Захаравіч) (9.3.1874, с. Осьміна, Лужскі р-н Ленініградскай вобл. — 14.9.1950),

рускі спявак (бас-барытон). Нар. арт. СССР (1939). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1903, з 1919 выкладаў у ёй, праф. з 1926). Удзельнічаў у «Рускіх сезонах» С.​П.​Дзягілева (у 1913—14). Сярод лепшых партый: Руслан («Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Князь Ігар і Барыс Гадуноў у аднайм. операх А.​Барадзіна і М.​Мусаргскага.

Літ.:

Лебедев Д. П.​З.​Андреев: Очерк жизни и творческой деятельности. Л., 1971.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РСАВА (сапр. Уладзімірава) Валерыя Уладзіміраўна

(13.6.1892, г. Астрахань, Расія — 13.12.1967),

руская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1937). Праф. (1952). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1919). З 1917 спявала ў Оперным т-ры Зіміна (выступала з Ф.​Шаляпіным). У 1920—48 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Шамаханская царыца («Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 2, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЦЮКО́Ў (Георгій Мікалаевіч) (н. 1.1.1922, Масква),

расійскі харавы дырыжор, кампазітар. Нар. арт. Расіі (1975). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1957, клас У.Сакалова). З 1947 кіраваў самадз. харамі ў Маскве. З 1957 гал. хормайстар Рус. нар. хору імя М.​Пятніцкага, з 1962 маст. кіраўнік Омскага рус. нар. хору. Аўтар песень і інш. твораў для хору, хар. апрацовак твораў інш. кампазітараў і нар. песень. Дзярж. прэмія Расіі імя М.​І.​Глінкі 1971.

А.Панцюк-Жукоўскі. Здрадніцтва. 2000.

т. 12, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЯДЗІ́КТАЎ (Леў Мікалаевіч) (н. 6.10.1924, г. Тамбоў, Расія),

украінскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1949, клас Р.Вяроўкі), з 1959 яе выкладчык, з 1979 прафесар. З 1954 хормайстар (з 1972 — галоўны), з 1986 дырэктар Кіеўскага т-ра оперы і балета. Паставіў харавыя сцэны ў операх «Тарас Бульба» М.​Лысенкі, «Іван Сусанін» М.​Глінкі, «Хаваншчына» М.​Мусаргскага, «Аіда» Дж.​Вердзі, «Лаэнгрын» Р.​Вагнера, «Гугеноты» Дж.​Меербера, «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1976.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАЧО́ВА (Ірына Пятроўна) (н. 2.3.1939, С.-Пецярбург),

руская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1965), з 1978 выкладае ў ёй (праф. з 1982). З 1965 салістка Марыінскага т-ра. Сярод партый: Азучэна, Амнерыс, Эбалі («Трубадур», «Аіда», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Шарлота («Вертэр» Ж.​Маснэ). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу імя М.​І.​Глінкі (Масква, 1962), Міжнар. конкурсу вакалістаў у Рыо-дэ-Жанейра (1967). Дзярж. прэмія Расіі 1973, Дзярж. прэмія СССР 1984.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРАНАШВІ́ЛІ (Медэя Пятроўна) (н. 10.9.1930, Тбілісі),

грузінская спявачка (сапрана), педагог. Нар. арт. Грузіі (1965), нар. арт. СССР (1976). Дачка П.В.Аміранашвілі. Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1953), выкладае ў ёй (з 1982 праф.). З 1954 салістка Груз. т-ра оперы і балета. Сярод лепшых партый: Маро («Даісі» З.​Паліяшвілі), Мзія («Міндыя» А.​Тактакішвілі), Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1960), Міжнар. конкурсу «Мадам Батэрфляй» (Осака, 1970). Дзярж. прэмія Груз. ССР 1971.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНУА́ (Лявонцій Мікалаевіч) (23.8.1856, г. Петрадварэц Ленінградскай вобл., Расія — 8.2.1928),

рускі архітэктар. Засл. дз. маст. Расіі (1927). Сын М.Л.Бенуа. Скончыў Пецярбургскую АМ (1879), выкладаў у ёй (праф. з 1892, рэктар у 1903—06 і 1911—17), у Ін-це цывільных інжынераў (1884—92, 1920—27, Пецярбург). Будаваў у Пецярбургу (Акадэмічная капэла імя М.​І.​Глінкі, 1885—89; корпус Рус. музея, 1914—16), Маскве, Кіеве, Варшаве, Ташкенце. Стварыў праект пераўтварэння Пецярбурга (1910—13, разам з арх. М.​Перацяткавічам і інж. Ф.​Янакіевым).

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКАРО́ЛА (італьян. barcarola ад barca лодка),

лірычная песня венецыянскіх гандальераў (наз. таксама гандальерай). Муз. памер 68. Для баркаролы тыповыя мяккае пагойдванне руху мелодыі накшталт плёскату хваляў, манатонны рытмічны малюнак суправаджэння, мінорны лад. З 18 ст. жанр прафес. музыкі; найб. пашыраны ў 19 ст. У такіх баркаролах мажорны лад, памер ​12/8, ​3/4 і інш. Сустракалася ў операх пераважна італьян. і франц. кампазітараў. Вакальныя баркаролы ёсць у Ф.​Шуберта, М.​Глінкі, баркаролы для фп. — у Ф.​Шапэна, П.​Чайкоўскага, А.​Лядава і інш. У аснове некаторых баркарол — нар. мелодыі.

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯДЗЕ́РНІКАЎ (Аляксандр Піліпавіч) (н. 23.12.1927, с. Мокша Кіраўскай вобл., Расія),

рускі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1955). З 1958 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Лепшыя партыі — у рус. класічных операх: Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Варлаам і Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна); Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Лаўрэат міжнар. конкурсу вакалістаў імя Р.​Шумана (Берлін, 1956, 1-я прэмія). Дзярж. прэмія СССР 1969.

т. 4, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)