царава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Тое, што і царстваваць. [Цар] не мог не бачыць, што ў новай вайне прыгонная Расія не вытрымае, яе заваююць і падзеляць мацнейшыя дзяржавы. Тады ўжо не цараваць ні яму, ні яго роду. Якімовіч. // перан. Цалкам гаспадарыць дзе‑н., валодаць кім‑, чым‑н. Тут, у чужой хаце, у дзяржаве, дзе цараваў строгі Глушак, неяк асабліва адчувалася непарушная ўлада звычаяў і законаў. Мележ. Трэба ім [гаспадыням] гатаваць, цыраваць, Над каструлямі дымнымі Цараваць. Барадулін.

2. перан. Вылучацца сярод падобных да сябе якімі‑н. якасцямі; першынстваваць дзе‑н., сярод каго‑, чаго‑н. А дзе ніжэй, дзе вясной надаўжэй затрымліваецца вада, там царуе раскошны, прысадзісты вербалоз. Паўлаў. І выкладаць прадмет вы [настаўнікі] здольныя, І на ігрышчах цараваць, І пляшку асушыць супольную, І вершы пакрытыкаваць... Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Засланіць, прыкрыць чым‑н. Пеця спачатку прысеў, пасля лёг у разору і Рукамі захінуў галаву. Сіняўскі. На нейкі Міг наперадзе мільгануў твар Яльцова, але яго тут жа захінулі нейчыя плечы. Савіцкі. // Пасунуўшы (фіранку і пад.), закрыць што‑н. Дзірынг загадаў захінуць фіранкі на вокнах. Новікаў.

2. Ахінуць чым‑н., закруціць у што‑н. Збанок ён захінуў кажушком. Хомчанка. [Ранены] не чуў.., як захінулі яго ў пасцілку, перанеслі ў хату і, перавязаўшы раны, паклалі на цёплую печ. Стаховіч. // Закінуць адзін край адзежыны на другі. Глушак захінуў полы кажуха, і зноў нагнаў на твар санлівасць. Мележ.

3. Схаваць куды‑н., за што‑н. Міроніха стала.. рознымі знакамі паказваць.. [Аўдулі], каб яна захінула куды-небудзь малако. Ермаловіч. [Ігар] паспрабаваў зазірнуць у сумку, але Андрэй захінуў яе за сябе. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́яс, ‑а, м.

1. Рэмень, шнур і пад., якімі падпяразваюць адзежу па таліі. Яшчэ да таго, як Глушак управіўся наліць усім, Дубадзел падняўся, абцягнуў гімнасцёрку пад поясам, важна пакашляў у кулак. Мележ. // Паласа тканіны, якая прышываецца да верхняй часткі спадніцы, штаноў; паясніца. Прышыць пояс.

2. (пераважна з прыназ.). Паясніца, талія. Па пояс тут вырасце грэчка, мёдам запахнуць палі. Панчанка. Коўдра рабілася [нясцерпна] цяжкаю, і.. [Васіль] памаленьку ссоўваў яе з галавы на плечы, з плеч на пояс, а з пояса на ногі. Гартны.

3. Што‑н., размешчанае паласой. Неўзабаве параход схаваўся за зялёным поясам прырэчных лазнякоў. Краўчанка. / Пра святло. У поясе святла, якое падала з будкі, стары чалавек у кароценькай ватоўцы і валёнках і худы падлетак грузілі дровы. Мележ.

4. Брусы (распоры) паміж кроквамі. Паадбівалі ў кроквах паясы і спусцілі на два бакі ўніз па палавінцы. «Беларусь».

5. Спец. Частка паверхні зямнога шара паміж двума мерыдыянамі.

6. Спец. Частка паверхні зямнога шара, якая з’яўляецца пэўнай кліматычнай зонай. Сярэдні пояс. Трапічны пояс.

7. Спец. Частка краіны, якая адрозніваецца ад іншай тэрыторыі якімі‑н. эканамічнымі прыкметамі. Тарыфны пояс.

8. Спец. Частка шкілета ў пазваночных жывёл і чалавека, якая служыць для прычлянення да тулава і апоры канечнасцей. Плечавы пояс.

•••

Гадзінны пояс — 1/24 частка зямной паверхні, ва ўсіх пунктах якой аднолькавае лічэнне часу (уся зямная паверхня падзелена на 24 гадзінныя паясы).

Заткнуць за пояс каго гл. заткнуць.

Кланяцца ў пояс гл. кланяцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

1. Выгнуцца, прыняць форму дугі. Цвік сагнуўся. □ Карн быў вялізны, бо лёска напялася, як струна, а вудзільна сагнулася ў дугу. Рунец. Яловыя лапкі стомлена сагнуліся пад цяжарам снегу. С. Александровіч. І перш, чым у новы тунель уцягнуцца, Цягнік дасць гудок і сагнецца дугой, Нібы хоча ён на тунель азірнуцца, Які ўжо знікае за шызай смугой. Гаўрусёў.

2. Сагнуць спіну; нагнуцца. Цёмныя фігуры выбеглі на сноп пражэктара, сагнуліся над тым месцам, дзе хлопцы заклінілі стрэлкі. Жычка. [Хурс] сагнуўся напалам, уваходзячы ў карчомныя сенцы. Чорны. // Нахіліцца ад цяжару, мукі, болю. Сцішыўшы крок, Аксіння, здаецца, яшчэ больш сагнулася пад сваёй ношай, каб нікога не бачыць, каб да яе не загаварылі. Ракітны. // Скласціся пад вуглом у суставе. Рука сагнулася ў локці.

3. Згорбіцца ад старасці, скурчыцца ад сцюжы, хваробы, ссутуліцца і пад. Не той быў цяпер Глушак: пасушэў яшчэ, сагнуўся, як груган, ссівеў нашчэнт. Мележ. Палкана старасць даканала. Сагнуўся ён, падціснуў хвост, сапсеў. Корбан. // перан. Стаць спарахнелым, трухлявыя (пра будынкі і пад.). Хата шчытам сваім сагнулася. Баранавых.

4. перан. Пакарыцца чыёй‑н. сіле, прымірыцца з чым‑н., адмовіўшыся ад барацьбы. Ды толькі не здаўся народ Беларусі, Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся, А ворага стрэціў ударам мяча. Броўка. І ад таго, што гэтае дзіцянё не сагнулася і не сагнецца і ідзе сабе моцна па дарозе, — стала мне радасна. Чорны.

5. Стаць скарабачаным, пагнутым. У агні жалеза сагнулася. Бляшанка сагнулася. □ Размахнуўся.. [старэйшы брат], грукнуў булавою — толькі булава сагнулася. Якімовіч.

•••

Сагнуцца ў дугу — скарыцца; стаць пакорным, угодлівым. Ён не хапае з неба зорак, Умее ўслужыць, умее памаўчаць, Умее ўсміхнуцца ветліва, лагодна, Паведаміць начальству радасную навіну, Сагнецца ў дугу прад ім ахвотна, А сябру ў бядзе дасць кухталя ў спіну... Валасевіч.

Сагнуцца ў тры пагібелі — а) вельмі нізка нахіліцца; сагнуцца; б) перан. праявіць празмерную ўгодлівасць.

Сагнуцца крукам; сагнуцца ў крук — а) моцна выгнуцца, заўзята працуючы; б) перан.; стаць рабалепным, уніжаным перад кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сляпы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які не бачыць, пазбаўлены зроку. Бацька стары, з чорна-сівою барадою і на адно вока сляпы. Чорны. Быў.. [Арцём] спачатку павадыром у сляпога жабрака. Бядуля. / у знач. наз. сляпы́, ‑ога, м.; сляпа́я, ‑ой, ж. З вакзала, па дарозе ў горад, Лабановіч зайшоў да былога сябра Балоціча, з якім ён дружыў у семінарыі і які быў цяпер настаўнікам у школе сляпых. Колас. // Разм. З слабым зрокам; блізарукі. // перан. Які не заўважае, не разумее таго, што адбываецца навокал. [Іван Пракопавіч:] — Але ж і сляпыя мы былі, гэта таксама праўда.. Знайшліся Адамчукі, Касарэвічы, плюнулі ў твар, здрадзілі. А мы ж іх сваімі лічылі. Ды яшчэ самымі перадавымі. Навуменка. «Ну і Свідраль! Аказаўся кар’ерыстам. Сляпы я, сляпы. Не разгледзеў. Малавата ў мяне партыйнага чуцця, відаць...», — абвінавачваў .. [Пазняк] сам сябе. Дуброўскі. Закаханыя людзі бываюць крыху сляпыя. Скрыган. // перан. Цёмны, неадукаваны. [Ян Нітка:] — Гэта ж сорам вялікі перад сабою быць такім сляпым, цёмным, быць рабом, маліцца каменю, якога прыгналі сюды леднікі недзе аж з фінскіх гор тысячы і тысячы гадоў таму назад. Пестрак. Нам дыхаць на роднай зямлі было нечым, А дзеці сляпымі раслі без навукі... Васілёк.

2. перан. Які дзейнічае, не ўсведамляючы сваіх учынкаў, не раздумваючы. Сляпы ад злосці ехаў Глушак мястэчкам. Мележ. // Які не мае разумных падстаў; безразважны. Сляпое перайманне моды. Сляпая любоў. □ У тую хвіліну мне не хацелася верыць, што ў малога магла быць такая сляпая злосць да ні ў чым не вінаватай птушкі. Паслядовіч. Колькі вёсен жыццёвых яшчэ Мы сустрэнем, — ну хто яго знае? Неўпрыкметку каханне ўцячэ. І пакіне нас рэўнасць сляпая. Хведаровіч. Адразу даверыцца.. [камандзір], вядома, не мог: вопыт падказваў, што сляпое давер’е часам вельмі дорага каштавала партызанам. Кулакоўскі. // Які дзейнічае стыхійна; выпадковы. Сляпыя сілы прыроды. □ І хоць сляпая, дзікая была [куля], Усё-такі ляцела і знайшла. Чэрня.

3. Невыразны, неразборлівы (пра тэкст, шрыфт і пад.). Сляпы шрыфт. □ У кутку абразы цудатворцаў, Даўна ад дыму сляпых. Танк. // Ледзь бачны, непрыкметны (пра сцежку і пад.). Міхал і Клін ужо мінае. Направа сцежачка сляпая Вядзе балотцам. Колас. // Вельмі слабы (пра святло). Пры.. сляпым святле [газоўкі] бацька чытаў уголас. Вітка.

4. Праз які дрэнна відаць або нічога не відаць. Сляпыя шыбы ў вокнах. □ На плітах каменных парос зялёны мох, Бярозы, хвойкі плакалі над імі, А пасярод капліца.., як астрог, Па свет глядзела вокнамі сляпымі. Купала. // З маленькімі вокнамі. Сляпыя, Нізенькія хаты Травой і мохам параслі. Глебка. // Які не мае акон. Так разглядаючы, непрыкметна зайшоў аж да кутка сляпой сцяны. Там, як звычайна, стаяў ложак. Пестрак.

5. Непраглядны, беспрасветны. Белыя маланкі то азаралі дачны лясны пасёлак, то зноў кідалі яго ў сляпую цемру. Лось. Навакол стаяла шэрая, сляпая цішыня. Лынькоў.

6. Які адбываецца без удзелу зроку. Сляпы метад друкавання. // Які праходзіць, адбываецца ў цемры, тумане і пад. пры дапамозе прылад (пра рух і пад.).

7. Які не мае выхаду, праходу. Сляпая вулачка. Сляпая шахта.

•••

Сляпая кішка гл. кішка.

Сляпая пляма гл. пляма.

Сляпы дождж гл. дождж.

Сляпы палёт гл. палёт.

Сляпая курыца гл. курыца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сачы́ць 1, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. што, за кім-чым і з дадан. сказам. Назіраць за тым, што рухаецца, пераводзячы за ім позірк. Там спіць салдат, які не раз Сачыў кірунак іх палётаў, Хоць воблакаў было ў той час На небе менш, чым самалётаў. Гаўрусёў. Малашкін доўга сачыў за воблачкам, аж пакуль яно не растала ў паветры. Пестрак. Вось і цяпер Грыша прылажыў брылём руку да ілба і сочыць, як жаваранак падае каменем на зямлю. Пальчэўскі. // і без дап. Глядзець на каго‑, што‑н., не адрываючы вачэй. Туравец, які сачыў за полем, убачыў наводдалек постаці. Мележ. [Мірон] пяшчотна падкладаў трэскі і сачыў, як языкі полымя лізалі іх. Маўр. // у што. Пазіраючы куды‑н., падглядваць. Маці прычыніла дзверы і нават у шчылінку не сочыць. Гарбук. — Вартавы не сочыць у шкельца, — пахлопаў [Петруся] па плячы Рыгор. Гартны.

2. за чым і з дадан. сказам. Цікавячыся чым‑н., назіраць за развіццём, станам, ходам чаго‑н. З неаслабнай увагай.. [дзяўчаты] сачылі за ўсім ходам такой урачыстасці. Дубоўка. Чытач увесь час напружана сочыць, як Леапольд Гушка ажыццяўляе сваю мару аб зямлі і свабодзе. Луфераў. Наста цвёрда вяла падлік святам і строга сачыла за квадрамі месяца. Колас. // Цікавячыся ўсім, што адбываецца ў якой‑н. галіне, быць у курсе справы. Асабліва сачыў.. [Алесь] адзін час за падзеямі ў Грэцыі. Паслядовіч. // перан. Уважліва ўглядвацца, услухвацца ў што‑н., каб правільна зразумець, не ўпусціць чаго‑н. Сачыць за размовай. □ — Пракоп, унурыўшыся, слухае, а потым перастае сачыць за словамі Чыкілевіча, разважаючы над пытаннем, ці пойдзе ён у калгас, ці не пойдзе. Колас. Падпёршы шчаку далоняй, Алесь сачыў за выразам яе [Варвары] твару і чакаў адказу. Васілевіч.

3. за кім-чым, што, са злучн. «каб». Назіраць, наглядаць за кім‑, чым‑н. (з мэтай кантролю, аховы і пад.). Сачыць за паказаннямі прыбораў. □ Толькі ходзяць вартавыя, За спакоем лесу сочаць. Кірэенка. Парадак сочыць сыч-глушак і клопату багата мае. Дубоўка. [Якуб Андрэевіч:] — Вы тут сачыце, каб ноччу ніхто святла не паліў. Жычка. // Апекаваць каго‑н., клапаціцца аб кім‑, чым‑н., пра што‑н. Маці дзеда прасіла, каб сачыў ён за ўнукам. Лынькоў. Кожнаму ўспаміналася родная сястра або маці, што заўсёды сачыла, каб на ім была чыстая кашуля, адпрасаваны каўнерык, каб ён меў беленькую насоўку. Грахоўскі.

4. за кім-чым, што. Устанавіць пастаянны нагляд за кім‑, чым‑н. з тым, каб выкрыць, выявіць што‑н., злавіць каго‑н. на чым‑н. Андрон добра ведаў, што за ім сочыць стараста Макей — хітры багаты мужык, і даносіць гэта ўрадніку. Каваль. [Ліда] кожны дзень выязджала машынай з мястэчка.., што давала ёй магчымасць сачыць за рухам аўтатранспарту на шашы. Брыль. Многа дзён сачыў.. [Багданёнак] са сваім атрадам за бандыцкім гняздом. Чарнышэвіч.

5. што. З нецярплівасцю чакаць. Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі І на ляту блінцы лавілі, Заядла мазалі іх здорам. Колас.

6. каго-што. Падпільноўваць, асочваць. Ой, гуляй жа, Бандароўна, З вечара да ранку! Цябе вораг ужо сочыць, Сочыць на каханку. Купала.

7. каго-што. У мове паляўнічых — адшукваць па следу, высочваць. Ды ў той жа дзень наказ быў даны Ісці Міхалу пад буданы Сачыць ваўкоў. Колас.

сачы́ць 2, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. Выцякаць па кроплі, струменьчыкамі, цячы (пра вадкасць). // Выдзяляць (пах і пад.). А сосны сочаць і струменяць Густы, духмяны пах смалы. Колас.

2. Здабываць што‑н. з чаго‑н. Сачыць мёд з сотаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МОВАЗНА́ЎСТВА, лінгвістыка,

навука пра сутнасць, будову, функцыянаванне і эвалюцыю моў. Універсальныя ўласцівасці мовы, як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, як увасабленне свядомасці, спосаб фіксацыі пазнання, як знакавую сістэму асаблівага роду, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця, вывучае агульнае мовазнаўства. Асобныя мовы (напр., беларускую мову, старажытнагрэчаскую мову і інш.) даследуе прыватнае М., а групы моў (напр., славянскія мовы, індаеўрапейскія мовы, угра-фінскія мовы і інш.), іх структуру, развіццё вывучае супастаўляльнае і тыпалагічнае М. Паводле характару вынікаў даследавання мовы адрозніваюць тэарэт. і прыкладное М. Вывучэнне моў грунтуецца на 2 падыходах: сінхранічным (гл. Сінхранія), які шырока выкарыстоўваецца для адэкватных апісанняў канкрэтных моў у пэўны перыяд іх функцыянавання, і дыяхранічным (гл. Дыяхранія), які ўжываецца для апісання змен і развіцця мовы, яе адзінак, катэгорый. Функцыянаванне і эвалюцыю мовы ў грамадстве, сувязі мовы з інш. сац. з’явамі, утварэннямі (напр., нацыяй, дзяржавай, культурай, адукацыяй, л-рай, музыкай і г.д.), суадносіны мовы з псіхічным жыццём чалавека даследуе знешняя лінгвістыка. Структуру мовы, яе адзінак, катэгорый, а таксама іх функцыі ў сінхраніі і дыяхраніі вывучае ўнутр. лінгвістыка. Структурная лінгвістыка асаблівую ўвагу надае аналізу мовы як сістэмы, што ўяўляе сабой сукупнасць узаемазвязаных элементаў, адзінак, узроўняў мовы. У межах камп’ютэрнай лінгвістыкі ажыццяўляецца аўтам. апрацоўка тэкстаў каб атрымаць дакладныя звесткі аб іх структуры, адзінках і выкарыстаць атрыманыя дадзеныя для тэарэт. і практычных патрэб (машынны пераклад, аўтам. рэферыраванне тэкстаў, складанне канкардансаў, слоўнікаў і інш.). Матэматычная лінгвістыка распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і штучных моў, іх мадэлявання. Стат. лінгвістыка выкарыстоўвае матэм. апарат для вывучэння імавернасных і градуальных з’яў у мове для іх разнастайных падлікаў, вымярэнняў, каб атрымаць больш глыбокія веды пра якасныя ўласцівасці мовы. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства шляхам супастаўлення моў у розныя перыяды іх функцыянавання ўстанаўлівае ступень роднаснасці моў, іх мінулы стан, узнаўляе прамову і яе адзінкі. Тыпалагічнае М. (гл. Тыпалогія лінгвістычная) вывучае еднасныя структурныя рысы розных моў паводле фанетычнага складу, граматычнай будовы, асаблівасцей слоўнікаў, грамадскіх функцый і інш. Супастаўляльнае мовазнаўства даследуе адметнасці канкрэтнай мовы ў параўнанні з інш. мовамі, што дазваляе выявіць некаторыя яе спецыфічныя рысы, важныя пры перакладах, а таксама пры вывучэнні і выкладанні моў і інш. Псіхалінгвістыка аналізуе працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення, звязаныя з унутр. станам, псіхікай чалавека, на аснове спец. эксперыментаў з носьбітамі мовы. Сацыялінгвістыка вывучае адносіны паміж грамадствам і мовай, асаблівасці маўлення пэўных груп насельніцтва, двухмоўе як грамадскую з’яву, магчымасці свядомага ўплыву грамадства на мову, праблемы міжнац. зносін, моўных кантактаў і інш. Этналінгвістыка вывучае адлюстраванне ў мовах адметных уласцівасцей розных этн. груп, рытуальнае выкарыстанне мовы і інш. Дыялекталогія і лінгвістычная геаграфія даследуюць асобныя рэгіянальныя гаворкі. варыянтнасць мовы ў прасторы, распрацоўваюць прынцыпы картаграфавання моўных з’яў у лінгвістычных атласах і інш. Адпаведна з вывучэннем асобных адзінак мовы вылучаюцца дысцыпліны ўнутр. лінгвістыкі: фанетыка (гукі маўлення), фаналогія (гукі мовы, што выконваюць сэнсаадрознівальную функцыю), акцэнталогія (націск), арфаэпія (правілы вымаўлення ў літ. мове), арфаграфія (правілы правапісу), марфаналогія (чаргаванне гукаў і асаблівасці іх ужывання на межах марфем), марфалогія (словазмяненне і часціны мовы), сінтаксіс (словазлучэнні, сказы), лексікалогія (словы і іх групоўкі), дэрываталогія (утварэнне слоў), лексікаграфія (тыпы і структура слоўнікаў), семасіялогія (семантыка значымых адзінак мовы), фразеалогія (устойлівыя словазлучэнні), этымалогія (паходжанне і гісторыя асобных слоў), анамастыка (уласныя назвы), стылістыка (функцыян. дыферэнцыяцыя мовы і яе адзінак паводле сферы ўжывання) і інш. М. цесна звязана з літаратуразнаўствам, гісторыяй, логікай, філасофіяй, сацыялогіяй, этнаграфіяй, псіхалогіяй, семіётыкай, геаграфіяй, кібернетыкай, матэматыкай і інш. навукамі.

М. ўзнікае ў сувязі з вынаходніцтвам, станаўленнем і развіццём пісьма і з патрэб вывучэння няродных моў. Ужо ў 3-м тыс. да н.э. ў стараж. Эбле (Паўн. Сірыя) ствараліся спісы слоў з мэтай навучання грамаце. У 5 ст. да н.э. ў Індыі Паніні распрацаваў першую ў свеце падрабязную граматыку стараж.-інд. сакральнай мовы санскрыту. У стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э. Геракліт, Платон, Сакрат і інш. абмяркоўвалі філас. праблемы паходжання і сутнасці мовы. У сваіх творах «Паэтыка» і «Рыторыка» Арыстоцель вызначыў найперш лагічныя падыходы да аналізу мовы, якія пазней былі выкарыстаны пры апісанні мовы ў вучэнні стоікаў, Ф.​Бэкана, а таксама ў сучасных працах Н.​Хомскага і інш. У 2 ст. да н.э. т.зв. Александрыйскай школай распрацаваны многія паняцці фанетыкі і граматыкі стараж.-грэч. мовы. У 1 ст. да н.э. грэч. лінгвістычныя традыцыі пераняты рымскім М., у нетрах якога створаны граматыкі Варона, Даната і Прысцыяна. Вызначаныя ў гэтых працах адзінкі і катэгорыі мовы паслужылі асновай для стварэння граматык многіх еўрап. моў. У Кітаі ў 3—2 ст. да н.э. былі падрыхтаваны слоўнікі састарэлых і дыялектных слоў, завершаны слоўнік «Шо вэнь» («Тлумачэнне пісьменаў»). У 2-й пал. 1-га тыс. н.э. распрацоўваліся граматычныя апісанні на матэрыяле семіцкіх моў у араб. і яўр. лінгвістычных працах. У 1072—83 Махмуд Кашгарскі ў сваім «Слоўніку цюркскіх моў» апісаў фанетыку, граматыку цюркскіх моў, даў звесткі пра гісторыю, этнаграфію, геаграфію, паэзію, фальклор цюркаў і зрабіў класіфікацыю гэтых моў. І.​Ю.​Скалігер у 1599 вызначыў 4 асн. групы еўрап. моў (лац., грэч., слав. і герм.). У сярэднія вякі ў Еўропе паступова ўдасканальваліся граматыкі, рыторыкі, паляпшаліся слоўнікі. У 14—16 ст. ва ўсх. славян з’явіліся пераклады і кампіляцыі грэч. і лац. граматык. У 1664 франц. тэолагі А.​Арно і К.​Лансло выдалі «Агульную і рацыянальную граматыку», якая працягвала лагічныя традыцыі Арыстоцеля і паўплывала на далейшае развіццё граматычнай навукі. У 18 ст. ням. філосаф Г.​Лейбіц на аснове прыродазнаўчых навук распрацоўваў аб’ектыўныя падыходы да вывучэння і развіцця моў, звярнуў увагу на супастаўленне розных моў і інш. знакавых сістэм. У сярэдзіне 18 ст. М.​В.​Ламаносаў напісаў першую навук. граматыку рус. мовы, хоць яго працы папярэднічала стварэнне больш за 10 граматычных трактатаў па рус. мове, напісаных пераважна на замежных мовах. У сувязі са станаўленнем гіст. лінгвістыкі ў 19 ст. М. вылучылася ў самаст. навук. дысцыпліну. З’явілася ідэя пра заканамерны характар гукавых адпаведнасцей у роднасных мовах як аснова параўнальна-гіст. метаду ў М. (Ф.​Боп, А.​Х.​Вастокаў, Я.​Грым, І.​Добраўскі, Р.​К.​Раск і інш.). Ствараліся працы па тэарэт. асэнсаванні сутнасці, функцыянавання, развіцця моў, іх класіфікацыі на падмурку граматычных прыкмет (В.​Гумбальт), выдадзены вял. слоўнікі еўрап. моў, у т. л. бел. (Вастокаў, Н.​Уэбстэр, браты Я. і В.​Грым, У.​І.​Даль, С.​Б.​Ліндэ, І.​І.​Насовіч і інш), параўнальна-гіст. граматыкі моў (К.​Бругман, Ф.​Міклашыч, А.​Шляйхер і інш.). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся псіхал. кірунак у М. (А.​А.​Патабня, Г.​Штайнталь і інш), дзе адзінства моў тлумачылася адзінствам чалавечага мыслення і падкрэслівалася роля псіхічных працэсаў у развіцці мовы; узніклі лінгвістычныя школы: натуралізм (Шляйхер і інш.), эстэтызм (К.​Фослер і інш.), «Словы і рэчы» (Р.​Мерынгер, Г.​Шухарт і інш.), лінгвагеаграфія (Г.​Венкер, Ж.​Жыльерон і інш), младаграматызм (Бругман, Б.​Дэльбрук, А.​Лескін, Г.​Остгаф, Г.​Пауль і інш.). У 20 ст. пашырыліся ідэі пра сац. абумоўленасць моўных з’яў (Ш.​Балі, Ж.​Вандрыес, Я.​Дз.​Паліванаў, А.​Сешэ і інш.), вядзецца пошук больш аб’ектыўных спосабаў вывучэння моўных з’яў праз іх фармальнае апісанне (П.​Ф.​Фартунатаў і інш.). У міжваенны перыяд у Еўропе і ЗША сфарміравалася магутная лінгвістычная школа — структуралізм (Л.​Ельмслеў, В.​Матэзіус, Э.​Сепір, Ф. дэ Сасюр, М.​С.​Трубяцкой, Р.​В.​Якабсон і інш.), які ў пасляваен. час пашырыўся і спрыяў станаўленню кібернетычнай, а таксама прыкладной і матэм. лінгвістыкі (Ю.​Д.​Алрэсян, В.​У.​Мартынаў, І.​А.​Мяльчук, Р.​Г.​Піятроўскі і інш.) і лінгвасеміётыкі (Р.​Барт, К.​Леві-Строс, Ч.​Морыс, дэ Сасюр, Ю.​С.​Сцяпанаў і інш.). У сувязі з вывучэннем новых моў, што не мелі сваёй пісьменнасці, усталявалася школа структуралізму — дэскрыптыўная лінгвістыка (Ф.​Боас, Л.​Блумфілд, З.​Харыс і інш.). У параўнальна-гіст. і апісальным М. пашырыліся ідэі падыходу да моўных з’яў з пазіцый іх сістэмнай арганізацыі, што вядзе сваю традыцыю ад вучэння І.​А.​Бадуэна дэ Куртэнэ аб мове (В.​У.​Іванаў, В.​М.​Сонцаў, У.​М.​Тапароў і інш.). У 1980—90-я г. ўсталёўваюцца функцыянальная лінгвістыка, лінгвістыка тэксту, кагнітыўная лінгвістыка і інш., дзе асаблівая ўвага аддаецца зместу моўнай інфармацыі, спосабам яго перадачы і ўспрымання.

У стараж. Беларусі перапісваліся старажытнаслав. лінгвістычныя трактаты (напр., «О письменах» Чарнарызца Храбра, 9—10 ст., бел. копіі 16—17 ст.). У 16—17 ст. створаны рукапісны «Лексис съ толкованіем словенских мов просто» (канец 16 ст.), друкаваныя працы «Лексис, сирчь речен і ...» Л.​Зізанія (1596, Вільня), «Лексиконъ славеноросскій...» П.​Бярынды (1627, Кіеў; 2-е выд. 1653, Куцейна, пад рэд. І.​Труцэвіча), дзе тлумачыліся лексіка і выразы царк.слав. помнікаў. Выдаваліся таксама азбукі, буквары, граматыкі: «Буквар» І.​Фёдарава (1574, Львоў), ананімная «Кграматыка словеньска языка...» (1586, Вільня), «Грамматіка Словенска...» Л.​Зізанія і яго ж «Лексис», дзе тлумачыцца 1061 стараслав. слова з дапамогай больш як 2 тыс. старабел. слоў (абедзве кнігі 1596, Вільня), «Грамматики Словенския правилная синтагма» М.​Сматрыцкага (1619, Еўе), «Буквар» (1631, Куцейна) і «Буквар языка славенска» (1636, Буйнічы) С.​Собаля і інш. У гэтых працах апісвалася царк.слав. мова, якая ўжывалася ў сферах культу і навукі; бел. («простая») мова выкарыстоўвалася толькі як матэрыял для «вырозуменья» царк.-слав. мовы. Першая граматыка «простой» мовы («Граматыка словенская») напісана на лац. мове ў 1643 студэнтам Сарбоны І.​Ужэвічам (захоўвалася ў рукапісах, выд. ў 1970 у Кіеве, у 1996 у Мінску). У 1-й чвэрці 19 ст. пачалося навук. вывучэнне бел. мовы, што было звязана з павышанай цікавасцю грамадскасці да этнаграфіі, вусна-паэт. творчасці бел. народа. Найб. раннія пісьмовыя звесткі пра сучасную бел. мову (у працах А.​К.​Кіркора, Я.​Чачота, П.​М.​Шпілеўскага і інш.) падаваліся ў плане агульнага азнаямлення з бел. этнаграфіяй і фальклорам. Бел. мове прысвячаліся і спец. працы (напр., артыкул К.​Ф.​Калайдовіча «Пра беларускую гаворку», 1822). Грунтоўнае вывучэнне бел. мовы пачалося з сярэдзіны 19 ст. Этнографы і фалькларысты П.​А.​Бяссонаў, У.​М.​Дабравольскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі, Я.​Карловіч, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, А.​К.​Сержпутоўскі, М.​Федароўскі, П.​В.​Шэйн, М.​А.​Янчук і інш. сабралі і апублікавалі багаты матэрыял пра асаблівасці бел. гаворак. У гэты ж час створаны слоўнікі нар. лексікі і фразеалогіі, найб. буйныя з іх «Збор слоў літоўска-рускай (беларускай мовы)» Ф.​С.​Шымкевіча (1840, выд. 1995), «Слоўнік беларускай мовы» І.​Насовіча (1870). Факты бел. мовы выкарыстоўвалі ў сваіх працах рус. і польскія лінгвісты (К.​Ю.​Апель, Ф.​І.​Буслаеў, М.​М.​Дурнаво, М.​А.​Коласаў, Ліндэ, Патабня, А.​І.​Сабалеўскі, І.​І.​Сразнеўскі, Шахматаў і інш.). Пасля выдання помнікаў бел. пісьменнасці разгарнулася даследаванне іх мовы (летапісаў — Шахматавым, твораў Ф.​Скарыны — П.​У.​Уладзіміравым, перакладных рыцарскіх аповесцей — А.​Брукнерам, інтэрмедый — У.​М.​Перацам). Надрукаваны працы па гіст. граматыцы бел. мовы («Гістарычны агляд важнейшых гукавых і марфалагічных асаблівасцей беларускіх гаворак» І.​А.​Нядзёшава, 1884, і інш.). Але многія рус і польск. вучоныя трактавалі бел. мову як дыялект велікарус. або польск. мовы, адмаўлялі яе права на ўжыванне ў грамадска-культ. сферах жыцця беларусаў, вызначалі месца яе выкарыстання толькі ў быт. сферы. Выключных поспехаў у вывучэнні бел. мовы, яе гісторыі, помнікаў бел. пісьменнасці дасягнуў заснавальнік бел. філалогіі Я.​Ф.​Карскі — аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, у т. л. манаграфіі «Беларусы» (кн. 1—7, 1903—22). Тры яе кнігі ён прысвяціў характарыстыцы фанетычнай сістэмы, словаўтварэння, граматычнага ладу бел. мовы ў яе гіст. развіцці. У пач. 20 ст. з пашырэннем літ. творчасці і кнігавыдання на бел. мове ўзнікла неабходнасць вызначыць характэрныя рысы бел. мовы і замацаваць іх у якасці літ. норм, што ўпершыню зроблена ў «Беларускай граматыцы для школ» Б.​А.​Тарашкевіча (1918). У 1920-я г. створаны Інбелкульт, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі, што ўключала ў свой склад Ін-т мовы, л-ры і мастацтва. У гэты ж час адкрыты БДУ і шэраг пед. ін-таў, дзе рыхтаваліся лінгвістычныя кадры і вяліся даследаванні ў галіне бел. М. Гэтаму спрыяла і правядзенне ў БССР беларусізацыі. У 1926 адбылася акад. канферэнцыя па рэформе бел. правапісу і азбукі, скіраваная на збліжэнне з правіламі рус. мовы. У выніку збору і сістэматызацыі бел. лексікі створаны 24 тэрміналагічныя зборнікі, апублікаваны «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.​Ластоўскага (1924), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928) М.​Я.​Байкова і С.​М.​Некрашэвіча. Выдаваліся і дыялектныя («краёвыя») слоўнікі: «Віцебскі краёвы слоўнік» М.​І.​Каспяровіча (1927), «Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны» М.​В.​Шатэрніка (1929). Абагульняльную працу пра гаворкі цэнтр. і ўсх. Беларусі «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» ў 1928 апублікаваў П.​А.​Бузук. Дыялектны матэрыял, назапашаны Ін-там мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі, загінуў у Вял. Айч. вайну. Некаторыя даваен. запісы пазней выкарыстаны ў выданнях «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны» І.​К.​Бялькевіча (1970), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» П.​А.​Растаргуева (1973). Гісторыю бел. мовы вывучалі Бузук, І.​В.​Воўк-Левановіч, М.​І.​Карнеева- Петрулан, Карскі, Растаргуеў і інш., фанетыку — Я.​Лёсік, Воўк-Левановіч і інш. Выйшлі працы па гіст. сінтаксісе «Выражэнне галоўных членаў сказа ў беларускай мове» (1940) і «Даследаванні ў галіне гісторыі беларускага сінтаксісу» (1941) Ц.​П.​Ломцева, аўтара і рэдактара выдадзенай раней акад. працы «Беларуская граматыка. Фанетыка і правапіс» (1935). Ін-т мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі выдаў даследаванні «Беларуская граматыка. Марфалогія» (1936), «Сінтаксіс беларускай мовы» (1939) і «Курс сучаснай беларускай мовы. Фанетыка, марфалогія, лексіка» (1940), у якіх падагульнены дасягненні бел. М. У пасляваен. час усталяваліся новыя кірункі даследаванняў, створаны новыя падручнікі па бел. мове для школ, тэхнікумаў, ВНУ. Выдадзены «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. Я.​Коласа, К.​Крапівы, П.​Глебкі (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» пад рэд. К.​Крапівы, «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.​Абрэмбскай-Яблонскай і М.​В.​Бірылы (абодва 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.​П.​Лемцюговай (1980), «Беларуска-расійскі слоўнік» Я.​Станкевіча (1990, Нью-Йорк) і інш. Выйшла з друку фундаментальная акад. «Граматыка беларускай мовы» пад рэд. К.​Крапівы, М.​Г.​Булахава, П.​П.​Шубы (т. 1—2, 1962—66), распрацоўваліся гісторыя бел. мовы і гіст. граматыка (А.​Я.​Баханькоў, А.​М.​Булыка, А.​І.​Жураўскі, І.​І.​Крамко, Л.​М.​Шакун, Ф.​М.​Янкоўскі, А.​Л.​Яновіч, А.​А.​Яскевіч і інш.). Апублікавана некалькі агульных курсаў сучаснай бел. мовы, манаграфіі, прысвечаныя актуальным пытанням бел. граматыкі (Л.​А.​Антанюк, М.​А.​Аўласевіч, Булахаў, Л.​І.​Бурак, М.​С.​Васілеўскі, А.​П.​Груца, М.​І.​Гурскі, М.​А.​Жыдовіч, Ю.​Ф.​Мацкевіч, А.​Я.​Міхневіч, А.​І.​Наркевіч, Л.​П.​Падгайскі, П.​У.​Сцяцко, Шуба, П.​Я.​Юргелевіч, М.​С.​Яўневіч і інш.) і фанетыкі (Н.​Т.​Вайтовіч, Л.​Ц.​Выгонная, А.​А.​Крывіцкі, А.​І.​Падлужны, Э.​Смулкова, В.​М.​Чэкман і інш.), стылістыкі бел. мовы (А.​А.​Каўрус, Г.​М.​Малажай, Лепешаў, Т.​І.​Тамашэвіч, М.​Я.​Цікоцкі, А.​К.​Юрэвіч і інш.), дыялекталогіі (Э.​Д.​Блінава, Я.​М.​Камароўскі, Ф.​Д.​Клімчук, Е.​С.​Мяцельская, А.​А.​Станкевіч, І.Я.Я́шкін і інш.), методыкі выкладання бел. мовы (З.​Б.​Варановіч, В.​У.​Протчанка, В.​І.​Рагаўцоў, М.​Г.​Яленскі і інш.). Вывучаліся бел. лексіка і словаўтварэнне (Антанюк, А.​Я.​Баханькоў, Бірыла, Булыка, М.​Ф.​Гуліцкі, В.​П.​Красней, У.​М.​Лазоўскі, Лемцюгова, А.​А.​Лукашанец, Г.​М.​Мезенка, М.​А.​Паўленка, М.​Р.​Прыгодзіч, А.​Ф.​Рогалеў, В.​Д.​Старычонак, М.​Р.​Суднік, Сцяцко, Шакун, В.​К.​Шчэрбін, Г.​Ф.​Юрчанка і інш.), фразеалогія (А.​С.​Аксамітаў, М.​А.​Даніловіч, У.​І.​Коваль, І.​Я.​Лепешаў, Янкоўскі і інш.). Выдадзены акад. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996), «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.​М.​Бардовіча, Шакуна (1975), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.​К.​Клышкі (1976), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» Лепешава (т. 1—2, 1993), «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.​М.​Грабчыкава (1994), «Слоўнік іншамоўных слоў» Булыкі (т. 1—2, 1999). Працягваецца праца над шматтомнымі «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93), «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» (вып. 1—18, 1982—99). Выдадзены «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.​Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» (т. 1, 1997), слоўнікі эпітэтаў бел. мовы М.​П.​Пазнякова (1988), Н.​В.​Гаўрош (1998), «Слоўнік мовы Скарыны» У.​В.​Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), частотны слоўнік бел. мовы Н.​С.​Мажэйкі, Супруна (т. 1—5, 1976—92). Апублікавана шмат слоўнікаў асобных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), першы сярод слав. моў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963; Дзярж. прэмія СССР 1968). Да найбуйнейшых прац належаць акад. «Беларуская граматыка» пад рэд. Бірылы і Шубы (ч. 1—2, 1985—86), «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» пад рэд. Падлужнага (1989), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» пад рэд. Бірылы і Мацкевіч (т. 1—5, 1993—98), энцыклапедыя «Беларуская мова» (1994; Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1998).

З 1960-х г. на Беларусі даследуюцца і інш. слав. мовы, часам у плане іх супастаўлення з бел. мовай. Выйшлі працы апісальнага і супастаўляльнага характару па праблемах рус. мовы (Булахаў, Т.​М.​Валынец, А.​А.​Гіруцкі, Гурскі, М.​І.​Канюшкевіч, І.​І.​Козыраў, А.​Ф.​Манаенкава, В.​А.​Маслава, Мезенка, Міхневіч, В.​М.​Нікіцевіч, С.​М.​Прохарава, І.​С.​Роўда, Л.​М.​Чумак, Шуба і інш.). Вядуцца параўнальна-гіст. і супастаўляльна-тыпалагічныя даследаванні слав. моў (Р.​М.​Казлова, А.​А.​Кожынава, Мартынаў, Супрун, Г.​А.​Цыхун, Чэкман і інш.), вывучэнне старасл. мовы, паўд. і зах.-слав. моў, укр. мовы, часта ў параўнанні з бел. (Анічэнка, В.​Л.​Вярэніч, У.​А.​Карпаў, В.​Ф.​Крыўчык, Лемцюгова, Мажэйка, Мячкоўская, Б.​Ю.​Норман, Б.​А.​Плотнікаў, Супрун, Г.​У.​Ярмоленка і інш.). З германскіх моў вывучаецца нямецкая (С.​М.​Гайдучык, Т.​С.​Глушак, П.​І.​Копанеў, Г.​Я.​Панкрац, Ю.​У.​Папоў, А.​М.​Шаранда і інш.) і англійская (Дз.​Г.​Багушэвіч, Ю.​Б.​Барысаў, Я.​М.​Воўшын, Г.​П.​Кліменка, Л.​М.​Ляшчова, Я.​А.​Маслыка, В.​А.​Няхай, Ю.​Г.​Панкрац, Т.​В.​Паплаўская, Т.​М.​Суша, І.​Ф.​Ухванава, Л.​У.​Хвядчэня, З.​А.​Харытончык і інш.) мовы. З раманскіх моў найб. даследуецца французская (Л.​Ф.​Кістанава, З.​Н.​Лявіт, М.​І.​Лешчанка, У.​В.​Макараў, Л.​М.​Скрэліна, А.​М.​Сцяпанава, С.​А.​Шашкова і інш). Распачалося вывучэнне класічных моў, пераважна лацінскай (Н.​А.​Ганчарова, А.​В.​Гарнік, Г.​І.​Шаўчэнка і інш.), моў Усходу (А.​М.​Гардзей, М.​У.​Тарэлка і інш.). У галіне агульнага М. даследаваліся праблемы сутнасці і функцыянавання мовы (Гіруцкі, Б.​І.​Касоўскі, Кіклевіч, Мартынаў, Міхневіч, Мячкоўская, Норман, Плотнікаў, Супрун і інш.), псіхалінгвістыкі (Кліменка, Супрун і інш.), праблемы рыторыкі і кампрэсіі моўнай інфармацыі (А.​А.​Вейзэ, Міхневіч, Л.​А.​Мурына і інш.), аспекты сацыялінгвістыкі (Міхневіч, Мячкоўская, Падлужны, Токарава і інш.), праблемы эксперыментальнай фанетыкі (К.​К.​Барышнікава, Выгонная, Гайдучык, А.​Б.​Карнеўская, Г.​А.​Мятлюк, Падлужны, Паплаўская і інш.), культуралагічных сувязей мовы (Маслава, Прохарава і інш.), тэорыі перакладу (Копанеў, В.​П.​Рагойша і інш.). У галіне матэм. і прыкладной лінгвістыкі вывучаюцца пытанні лінгвастатыстыкі (М.​М.​Лесохін, К.​Ф.​Лук’яненкаў, В.​В.​Нешытой, Плотнікаў і інш.), семіялагічных аспектаў моў (В.​В.​Грыб, Мартынаў, Плотнікаў і інш.), камп’ютэрнага прадстаўлення моўных фактаў (А.​В.​Зубаў, Карпаў, Мартынаў і інш.). Лінгвістычныя даследаванні праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нац. АН Беларусі, БДУ, Гомельскім, Гродзенскім, Мінскім лінгвістычным ун-тах, іншых навук. і навуч. установах. Дзейнічае Беларуская асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, якая выдае штогоднік «Палілог». Выходзіць навук. штогоднік Ін-та мовазнаўства імя Я.​Коласа «Беларуская лінгвістыка» і інш.

Літ.:

Амирова Т.А., Ольховиков Б.А., Рожденственский Ю.В. Очерки по истории лингвистики. М., 1975;

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 1—3. Мн., 1976—78;

Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;

История лингвистических учений. [Вып. 1—4]. Л., 1980—1991;

Плотнікаў Б.А. Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мн., 1995;

Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. паказ. [Вып. 1—3]. Мн., 1967—1993.

А.​Я.​Супрун, Б.​А.​Плотнікаў.

т. 10, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)