бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1971). Скончыў БДУ (1953). У 1947—64 працаваў ва ўстановах нар. асветы, з 1966 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі. Даследаваў стараж. гарады Ваўкавыск, Гродна, Здзітаў, Ліду, Слонім, Турыйск, гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі Беларусі. Вывучае славяна-балцкія кантакты ў раннім сярэдневякоўі. Аўтар прац «Старажытны Ваўкавыск X—XIV стст.» (1975), «Верхняе Панямонне ў IX—XIII стст.» (1989), укладальнік і навук. рэдактар кнігі «Памяць». Гіст.-дакумент. хроніка Мядзельскага раёна» (1998). Адзін з аўтараў кніг «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Кіеў і заходнія землі Русі ў IX—XIII стст.» (1982), «Беларуская археалогія» (1987) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШЧЫ́НСКІ Юзаф
(1781, Вільня — 1844),
бел. піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог. З 1813 выкладаў музыку ў Віленскім ун-це, у 1814 па запрашэнні меламана і мецэната, скрыпача-аматара Л.М.Ракіцкага пераехаў на жыхарства ў яго маёнтак Гарадзішча пад Мінскам, дзе да 1844 узначальваў сімф. аркестр. Пад яго кіраўніцтвам у Гарадзішчы і ў Мінску прагучалі оперы «Аксур, цар Армуза» А.Сальеры і «Белая дама» Ф.А.Буальдзьё, сімфоніі І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена. Аўтар каля 100 муз. твораў, выдадзеных у Маскве, Вільні, Варшаве, Вене, Лейпцыгу. Найб. папулярныя былі 3 фп. канцэрты, фп. квартэт a-moll, стр. секстэт, меладрама «Эгберт», музыка да камедыі Л.Дмушэўскага «Сядзіба пры дарозе», паланэзы (лепшыя, на погляд сучаснікаў, не саступалі паланэзам М.К.Агінскага і К.Курпінскага).
Літ.:
Jelski М. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy // Echo muzyczne. 1881. № 23.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НЦАРАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў, якія ў 6—8 ст. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Верхнім Панямонні, Верхнім і Сярэднім Падзвінні. Назва ад гарадзішча Банцараўшчына пад Мінскам. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй; жыло на селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай канструкцыі і наземных слупавой канструкцыі, унутры жытлаў размяшчаліся печы-каменкі. У якасці сховішчаў часта выкарыстоўваліся ранейшыя гарадзішчы, якія дадаткова ўмацоўваліся валамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне на бескурганных і курганных могільніках. Рэшткі спаленых нябожчыкаў змяшчаліся ў гліняныя урны або ссыпаліся ў магільныя ямы. У курганах (круглых, падоўжаных, доўгіх) пахаванні на гарызонце, у насыпе або адразу пад яго дзярновым пакрыццём. Характэрны слабапрафіляваны пласкадонны неарнаментаваны посуд. Большасць даследчыкаў лічыць, што Банцараўская культура належала балтам; яна сфарміравалася ў выніку пранікнення на Пн Беларусі носьбітаў кіеўскай культуры і змяшэння іх з плямёнамі днепра-дзвінскай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЭ́НЬКА Францішак Леапольдавіч
(15.3.1862, в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 4.3.1892),
бед. краязнавец і археолаг. Скончыў Мінскую гімназію (1881), Варшаўскі ун-т (1887). У 1886 за навук. працу па бел.нар. медыцыне ўзнагароджаны залатым медалём. Рабіў археал. раскопкі на тэр. сучаснага Ушацкага р-на: даследаваў гарадзішчы каля в. Гвазды, Вял. Бірулі, М. Дольцы, Афераўшчына; у наваколлі в. Пуцілкавічы выявіў 9 гарадзішчаў жал. веку, каля 50 курганных груп раннефеад. часу (раскапаў 36 курганоў) і склаў археал. карту ваколіц вёскі (уключана 85 помнікаў). У рукапісах засталіся працы «Курганы ў Пуцілкавічах» (1887—92), «Курганы і два дагістарычныя пасяленні ў Пуцілкавічах», археал. карты, схемы гарадзішчаў, замчышчаў, запісы бел. фальклору. Частка матэрыялаў захоўваецца ў Кракаўскім археал. музеі.
Тв.:
Przyczynek do lecznictwa ludowego // Materiały antropologiczno-archeologiczne i etnograficzne... Kraków, 1986. T.1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАТЫ, велікалюды,
персанажы бел. міфалогіі, людзі-асілкі вялізнага росту і магутнай сілы. У бел. легендах і казках волаты падобныя на міфічных герояў, але поруч з ратнымі подзвігамі будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы; паказваюць сваю сілу: далёка перакідваюць вырваныя з каранямі дрэвы, каменне, сякеры. Асабліва былі пашыраны легенды пра волатаў, звязаныя з этыялагічнымі міфамі пра паходжанне і развіццё чалавека. У іх выяўлена перакананне, што даўней людзі былі высачэзныя, потым здрабнелі, змізарнелі. Нар. паданні звязваюць з волатамі ўзнікненне валатовак (стараж. курганоў) і назваў вёсак (Волаты, Валатоўкі, Валатава ў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай абл.).
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья... Витебск, 1897;
Federowski М. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T.1. Kraków, 1897;
Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930;
Бараг Л.Г. «Асілкі» белорусских сказок и преданий // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ШКАЎКА,
вёска ў Магілёўскім р-не, на правым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе Магілёў—Быхаў. Чыг. станцыя на лініі Магілёў—Жлобін. Цэнтр сельсавета, калгаса і эксперым. базы «Дашкаўка». За 22 км на Пд ад Магілёва. 1850 ж., 704 двары (1997).
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1597 як сяло, заснаванае кн Б.Саламярэцкім, старостам крычаўскім і слуцкім. У 1604 у Вейнянскім войтаўстве Магілёўскага староства. У 1758 мястэчка ў т.зв. Быхаўскім графстве, прыватнае ўладанне, 50 двароў. У 1885 адкрыта школа. У 1897—1197 ж., 195 двароў, нар. вучылішча, царква, параходная прыстань, магазін, млын. маслабойня, крупадзёрка, 3 заезныя дамы. З 1924 у Магілёўскім р-не. У 1971—1807 жыхароў.
Магілёўская абл. доследная с.-г. станцыя і праектна-пошукавая станцыя хімізацыі сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўчы з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (пач. 20 ст.). Каля вёскі група археал. помнікаў (стаянка каменнага веку, гарадзішчы, селішча і курганны могільнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛАЎСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК «ВЯ́ЗЫНКА» Засн. 5.4.1972 на радзіме Я.Купалы з цэнтрам у в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Адкрыты 10.7.1972. Агульная пл. 21 га. На тэр. запаведніка хата, у якой нарадзіўся Я.Купала, гасп. пабудовы, у адной з якіх размяшчаецца выстаўка «Народныя святы», помнік паэту (перавезены з Мінска ў 1972, скульптар З.Азгур), 2 гарадзішчы 2—5 ст., сажалка, крыніца, валуны з выбітымі на іх радкамі з твораў Я.Купалы, дрэвы старога саду б. фальварка Вязынка, дубовы гай, пасаджаны бел. пісьменнікамі да 100-годдзя з дня нараджэння паэта, канцэртная эстрада, жывая альтанка з ліп, малыя арх. формы, зона масавых гулянняў. У хаце (рэстаўрыравана ў 1971—72) Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка». З 1972 у запаведніку праводзяцца святы паэзіі і працы, з 1976 злёты студэнтаў-філолагаў БДУ, школьныя ранішнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФІ́ЦІ
(італьян. graffito мн. лік ад graffito літар. надрапаны),
старажытныя надпісы, зробленыя вострымі прадметамі на сценках будынкаў і розных рэчах. Графіці часта знаходзяць пры раскопках стараж. і сярэдневяковых гарадоў і паселішчаў у многіх краінах свету. Гэтыя гіст., прысвячальныя, магічныя і інш. надпісы маюць вял. значэнне для вывучэння рэлігіі, побыту, мовы, пісьменнасці стараж. і сярэдневяковых грамадстваў. На тэр. Беларусі найб.стараж. графіці 11 ст. знойдзены ў Сафійскім саборы ў Полацку. На вял. плоскім камені ў падмурку выдрапаны імёны людзей, якія яго будавалі: «Давидъ, Тоума, Микоула», «Петър, Воришько» і слова «Къпьсь». Графіці 12 ст. выяўлены на прасліцах, амфарах у Мінску, Навагрудку, Пінску, Віцебску, Друцку. Яны даюць звесткі аб імёнах, бытавой лексіцы. Графіці 13 ст. знойдзены ў Спаскай царкве ў Полацку, Благавешчанскай царкве ў Віцебску. Выяўлена некалькі графіці 15 ст., якія маюць дакладнае датаванне іх напісання, напр. графіці пра смерць Казіміра IV Ягелончыка, вял. князя ВКЛ і караля Польшчы, і ўступленне на трон яго сына Аляксандра. Косці з надпісамі і малюнкамі выяўлены на гарадзішчы Маскавічы (Браслаўскі р-н). Выкананнем да графіці блізкія берасцяныя граматы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКІ ЗА́МАК,
комплекс умацаванняў у Брэсце (Берасці) у 14—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў Мухаўца і Зах. Буга на трохвугольным у плане мысавым гарадзішчы. Пляцоўка замкавага дзядзінца (пл. больш за 2 га) была ўмацавана земляным валам, на якім знаходзілася 5 вежаў (драўляных, акрамя Берасцейскай вежы) і драўляныя абарончыя сцены-гародні з 129 «каморамі». Дзве вежы былі з брамамі, ад якіх праз Мухавец вялі масты ў горад; на адной з іх быў устаноўлены гадзіннік. Ніжнія паверхі сцен-гародняў выкарыстоўваліся як сховішчы для гараджан з іх скарбам. На верхнім ярусе знаходзілася крытая стрэшкай баявая галерэя («бланкаванье»), У лінію абарончых сцен былі ўключаны і жылыя памяшканні — «светлицы», пастаўленыя глухімі фасадамі ў бок «поля». У 1566 ў цэйхгаузе Берасцейскага замка знаходзілася метал. даспехаў на 100 чал., 12 гармат, 1 марціра, 96 гакаўніц і інш. У замку былі помпы для скрытай падачы вады, якая ішла па падземных драўляных трубах. Помпы прыводзіліся ў дзеянне вадзяным млынам. У 14 ст. Берасцейскі замак быў захоплены рыцарамі Тэўтонскага ордэна, палякамі, у 1500 вытрымаў аблогу крымскіх татараў, у 1525 згарэў, у 1648 у час антыфеадальнай вайны 1648—51 разбураны, адноўлены ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1657 захоплены шведамі, у 1660 і 1661 — рускімі, у 1705 у час Паўн. вайны 1700—21 — шведамі. Пасля Паўн. вайны драўляныя ўмацаванні заменены 5-бастыённымі пабудовамі, якія пазней былі ўключаны ў склад новаўтворанай Брэсцкай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСК,
горад, цэнтр Лагойскага р-на Мінскай вобл., на р. Гайна. За 40 км ад Мінска, 31 км ад чыг. ст. Смалявічы на лініі Мінск—Орша. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Лепелем, Смалявічамі, Барысавам, Маладзечна. 9,9 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў крыніцах у 1078 як горад-крэпасць Полацкай зямлі. З 12 ст. цэнтр удзельнага Лагожскага княства. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, уладанне Ягайлы, Скіргайлы, Вітаўта. Пазней належаў князям Чартарыйскім і Тышкевічам. У 19 ст. мястэчка. У 1809—60 у Л. дзейнічала Лагойская палатняна-папяровая мануфактура. У 1842 К.П.Тышкевіч і Я.П.Тышкевіч стварылі Лагойскі музей старажытнасцей. У 1897—2296 ж., цэнтр воласці Барысаўскага пав. З 1924 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. З 2.7.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 3906 чал. У ноч на 23.12.1942 у выніку Лагойскага бою 1942 партызаны разграмілі тут варожы гарнізон. У 1979—5,3 тыс.ж. З 3.6.1998 горад.
Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці. 2 сярэднія, базавая, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, дамы нар. і дзіцячай творчасці, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі: архітэктуры — Мікалаеўская царква (1824); садова-паркавага мастацтва — Лагойскі палацава-паркавы ансамбль. Каля Л. 2 гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі і гарадзішча эпохі Кіеўскай Русі (дзядзінец стараж.Л.). Радзіма бел. археолагаў, гісторыкаў і этнографаў К.П. і Я.П.Тышкевічаў.