ГА́НЗЕМАН ((Hansemann) Давід) (12.7.1790, г. Гамбург, Германія — 4.8.1864),

палітычны дзеяч Германіі. Належаў да плыні памяркоўных лібералаў. Заснаваў Т-ва страхавання ад пажару (1825), «Дысконтнае т-ва» (1851) і «Першае прускае іпатэчнае акц. т-ва» (1862—64). Чл. ландтага (парламента) Рэйнскай прав. (з 1845). У час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі міністр фінансаў, прэм’ер-міністр Прусіі (ліп.вер. 1848), кіраваў Прускім банкам (да 1851). Выступаў за развіццё сеткі чыгунак, вырашэнне сац. пытанняў эканам. захадамі, скасаванне прывілеяў юнкерства, умацаванне і пашырэнне Герм. мытнага саюза і інш.

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́ЦКІ ((Ossietzky) Карл фон) (3.10.1889, Гамбург — 4.5.1938),

нямецкі публіцыст, сатырык. Удзельнік 1-й сусв. вайны, ініцыятар пацыфісцкага руху. З 1919 сакратар берлінскага «Нямецкага таварыства міру», супрацоўнік левай прэсы. З 1927 гал. рэдактар час. «Die Weltbühne» («Сусветная трыбуна»). У вострасатыр. артыкулах і надзённых памфлетах выкрываў палітыку веймарскага ўрада, ням. мілітарызм і фашызм, за што не раз прыцягнуты да суд. адказнасці. Яго стылю ўласціва з’едлівая іронія. У 1933 кінуты ў канцлагер, творы Асецкага забаронены, кнігі спалены. Памёр у турэмнай бальніцы. Нобелеўская прэмія 1936.

Тв.:

Schrijfen. Bd. 1—2. Berlin;

Weimar, 1966.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦ ((Hertz) Густаў Людвіг) (22.7.1887, г. Гамбург, Германія — 30.10.1975),

нямецкі фізік. Чл. Германскай АН у Берліне (ГДР), замежны чл. АН СССР (з 1958). Пляменнік Г.Р.Герца. Вучыўся ў Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах. У 1913—45 у НДІ і ун-тах Германіі і Фінляндыі. З 1945 працаваў у СССР, у 1954—62 дырэктар Фіз. ін-та ў г. Лейпцыг. Навук. працы па атамнай спектраскапіі і фізіцы плазмы. Сумесна з Дж.​Франкам эксперыментальна даказаў існаванне ў атамах дыскрэтных узроўняў энергіі (дослед Франка і Герца), што пацвердзіла тэорыю Бора. Распрацаваў дыфузійны метад раздзялення ізатопаў. Нобелеўская прэмія 1925. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Г.Л.Герц.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЦБЕРГ ((Herzberg) Герхард) (н. 25.12.1904, г. Гамбург, Германія),

канадскі фізік і фізікахімік. Чл. Канадскага каралеўскага т-ва (з 1939). Скончыў Тэхн. ін-т у г. Дармштат (1927), дзе працаваў у 1930—35. У 1935 эмігрыраваў у Канаду. З 1949 у Нац. даследчым цэнтры ў г. Атава. Навук. працы па атамнай і малекулярнай спектраскапіі. Вызначыў энергію дысацыяцыі малекулы кіслароду (1930), знайшоў малекулярны вадарод у атмасферы планет. Ідэнтыфікаваў спектры малекул аксіду і дыаксіду вугляроду, аксіду азоту (II), ацэтылену, метану (1946—48), даследаваў спектры больш як 30 свабодных радыкалаў. Аўтар кнігі «Спектры і будова простых свабодных радыкалаў» (1974). Нобелеўская прэмія 1971.

Г.Герцберг.

т. 5, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ШАНЕК ((Geschonneck) Эрвін) (н. 27.12.1906, Берлін),

нямецкі акцёр. З пач. 1930-х г. у т-ры «Фольксбюнэ». У 1933 эмігрыраваў, жыў у Польшчы, СССР, Чэхаславакіі. У 1939—45 вязень гітлераўскіх канцлагераў. У 1945—49 у т-ры «Камершпіле» (Гамбург), з 1949 — у «Берлінер ансамблі». Сярод роляў: Маці, Палкавы свяшчэннік, Мяснік («Пан Пунціла і яго слуга Маці», «Матухна Кураж і яе дзеці», «Маці» Б.​Брэхта). З 1932 здымаўся ў кіно: «Куле Вампе», «Капітан з Кёльна», «Людзі з крыламі», «Голы сярод ваўкоў», «Лорд з Александэрплац», «Чалавек з «Кап-Аркона». Нац. прэміі ГДР 1954, 1960, 1961.

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПЕ́РСКІЯ ГАРАДЫ́, вольныя імперскія гарады,

нямецкія гарады ў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», якія ў межах сваёй акругі валодалі вярх. уладай і падпарадкоўваліся непасрэдна імператару. Найбольш іх было ў Швабіі і Франконіі (Нюрнберг, Рэгенсбург, Аўгсбург, Гейльброн і інш.). У час аслаблення (з 13 ст.) цэнтралізаванай улады ў Германіі яны дамагліся шырокіх правоў самакіравання. З умацаваннем ролі княстваў у 17 ст. пачынаецца заняпад І.г. Да пач. 18 ст. іх засталося каля 50. Пасля ліквідацыі «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (1806) перастаў існаваць статус І.г. З утварэннем Германскага саюза (1815) вольнымі гарадамі засталіся толькі Брэмен, Гамбург, Любек і Франкфурт-на-Майне.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗЕДАЎ ((Basedow) Іаган Бернхард) (11.9.1724, Гамбург — 25.7.1790),

нямецкі педагог, заснавальнік філантрапізму. Вывучаў тэалогію і філасофію ва ун-тах Лейпцыга і Кіля. Пед. погляды складваліся пад уплывам ідэй Я.​А.​Каменскага, Дж.​Лока, Ж.​Ж.​Русо. Асн. ўвагу аддаваў выхаванню дзяцей з прывілеяваных саслоўяў. Мэту выхавання, арыентаванага на практыку, бачыў у падрыхтоўцы чалавека да шчаслівага і карыснага для сябе і грамадства жыцця. Адзін з першых у Германіі прапагандаваў ідэю рэліг. нейтралітэту школы. У 1774 адкрыў у г. Дэсаў «школу чалавекалюбства і добрых звычаяў». Асн. працы: «Прадстаўленне сябрам чалавека» (1768), «Метадычны дапаможнік для бацькоў і маці сем’яў і народаў» (1770), «Дапаможнік для першапачатковага навучання» (т. 1—4, 1774).

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНЫ ГО́РАД,

горад з асаблівым міжнар. рэжымам, вылучаны ў самаст. паліт. адзінку, прававы статус якога вызначаецца міжнар. дагаворамі і гарантуецца дзяржавамі ці міжнар. арг-цыямі. Назва засталася ад сярэднявечча, калі вольнымі гарадамі называлі ням. гарады Гамбург, Брэмен, Рэгенсбург, Любек, Франкфурт-на-Майне і інш., што не залежалі ад феад. княстваў. Паступова вольныя гарады ўраўняліся з імперскімі гарадамі. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 статус вольнага горада атрымаў Кракаў, паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 — Гданьск (Данцыг). Пасля 2-й сусв. вайны быў распрацаваны статус вольнага горада Трыесту (Італія), але не быў уведзены. Рэжым, блізкі да вольнага горада, існаваў у Танжэры (Марока), Зах. Берліне і інш.

т. 4, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РХЕРТ ((Borchert) Вольфганг) (20.5.1921, г. Гамбург, Германія — 20.11.1947),

нямецкі пісьменнік. У 1941—45 на фронце (за антыфаш. погляды арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю, замененага штрафным батальёнам). Друкаваўся з 1938. Аўтар зб. вершаў «Ліхтары, ноч і зоркі» (1946), драмы «На вуліцы перад дзвярыма» (1947). Кнігі «Дзьмухавец», «У гэты аўторак» (абедзве 1947) склалі апавяданні з выразна акрэсленым сюжэтам, мастацка-публіцыст. дэкларацыі ад імя «пакалення тых, хто вярнуўся», вершы ў прозе і эсэ. У літ. творах — уплыў І.​Гёльдэрліна і Р.​М.​Рыльке, элементы экспрэсіянізму і «плыні свядомасці»: двухпланавасць фабулы і вобраза, спалучэнне рэальнага з умоўным. Паклаў пачатак т.зв. «л-ры руінаў».

Тв.:

Рус. пер. — Рассказы. М., 1962;

Избранное. М., 1977.

Е.​А.​Лявонава.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ДЭЛЬ ((Bredel) Вілі) (2.5.1901, г. Гамбург, Германія — 27.10.1964),

нямецкі пісьменнік, прадстаўнік сацыялістычнага рэалізму. Прэзідэнт АМ ГДР (з 1962). Удзельнік Гамбургскага паўстання 1923. У 1933—34 вязень фаш. канцлагера, адкуль уцёк. У 1934—45 у эміграцыі (Прага, Масква). Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі (1937—39). Яго палітычна завостраныя раманы «Машынабудаўнічы завод Н. і К» (1930), «Розенгофская вуліца» (1931, бел. пер. 1933), «Выпрабаванне» (1935, бел. пер. 1937), «Ад Эбра да Волгі» (1939—48), трылогія «Родныя і знаёмыя» (1941—53) і інш. прысвечаны антыфаш. і антываен. змаганню, а таксама жыццю рабочых у ГДР. На бел. мову творы Брэдэля перакладалі В.​Вольскі, К.​Даўкша, В.​Сёмуха і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Ад Эбра да Волгі;

Тры сустрэчы. Мн., 1959;

рус. пер. — Избранное. М., 1972.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 3, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)