СКЛАДАНАКВЕ́ТНЫЯ, астравыя (Compositae, або Asteraceae),

сямейства двухдольных раслін парадку астравых. Найб. арганізаваныя прадстаўнікі вышэйшых раслін. Адзін з гал. ачагоў развіцця С. — сухія нагор’і Цэнтр. Мексікі. Удзельнічаюць у фарміраванні расл. покрыва ў паўпустынях, альпійскім поясе тропікаў і інш. Больш за 1 тыс. родаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі каля 250 відаў з 60 родаў. Буйнейшыя — бадзяк, васілёк, дзівасіл, зубнік, крываўнік, палын, пупок, старасцень, чартапалох, ястрабок. У садах і парках, радзей у пакоях культывуюцца каля 20 відаў з 12 родаў (напр., аксаміткі, вяргіня, пірэтрум, рудбекія).

Адна- і шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты і дрэвы (у тропіках). Лісце простае, чаргаванае ці супраціўнае без прылісткаў. Для вегетатыўных органаў характэрны млечнікі або смаляныя хады. Трубчастыя кветкі размешчаны ў цэнтры кветаложа, афарбаваныя язычковыя — па краі. Суквецце — кошык, які мае ад аднаго (мардоўнік) да 1 тыс. і больш (сланечнік) кветак. Звычайна кошыкі сабраны ў разнастайныя верхавінкавыя суквецці (мяцёлчатыя, шчыткападобныя і інш.). Плод — сямянка. Сярод С. алейныя (напр., сафлор, сланечнік), агароднінныя (напр., артышок, салата), лек. (напр., календула, піжма, рамонак, палын, дэкар. (напр., астра, вяргіня, хрызантэма) расліны, некат. пустазелле [напр., амброзія, асот, галінзога (амерыканка), лопух, чартапалох].

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гусці́цца, ‑ціцца; незак.

Разм.

1. Густа расці, разрастацца. У агародчыку перад вокнамі чарнела вяргіня і гусцілася каля сцяны і плоту мята. Чорны.

2. Згушчацца, станавіцца непраглядным. Змрок гусціўся. Хмары гусціліся на небасхіле.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

dalia

ж. бат. вяргіня, юргіня (Dahlia Cav.)

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

КЛЕ́ТАЧНЫ СОК,

вадкасць, што выдзяляецца цытаплазмай жывой расліннай клеткі і запаўняе яе вакуолі. Складаецца з вады і розных рэчываў, звычайна ў выглядзе калоідных раствораў. У спячым насенні і спорах раслін К.с. абязводжваецца, пры прарастанні — абвадняецца. У маладых клетках К.с. менш, чым у старых. Склад К.с. спецыфічны для сям., відаў раслін, залежыць ад умоў вырошчвання, узросту расліны і асобных клетак. У ім ёсць вугляводы (вінаград, груша, цукр. буракі), інулін (вяргіня, тапінамбур), пекціны (цытрусавыя, яблыня), амінакіслоты, дубільныя рэчывы і інш. Афарбоўка К.с. залежыць ад пігментаў. Абумоўлівае асматычныя ўласцівасці і тургар клетак, служыць ёмістасцю для вады, метабалітаў і канчатковых прадуктаў абмену.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕ́ТКАВА-ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

зборная група культ. і дзікарослых, пераважна травяністых раслін, якія выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве для азелянення, упрыгожвання інтэр’ера памяшканняў і будынкаў, ідуць на зрэзку. Вырошчваюцца ў адкрытым і закрытым грунтах. К.-д. р. адкрытага грунту падзяляюць на адна-, двух- і шматгадовыя. Іх выкарыстоўваюць для букетаў і афармлення клумбаў, рабатак, міксбордэраў, партэраў (напр., аднагадовыя агератум, аксамітка, астра, ільвіны зеў, цынія; двухгадовыя званочак, наперстаўка, незабудка, фіялка; шматгадовыя гіяцынт, касач, ландыш, півоня, прымула, нарцыс, цюльпан, вяргіня, канна, шпажнік), павойныя і лазячыя расліны на ўпрыгожванне сцен будынкаў, агароджаў, балконаў, тэрас (напр., аднагадовыя пахучы гарошак, іпамея, настурка; шматгадовыя клематыс, плюшч, капрыфоль). К.-д.р. закрытага грунту пераважна субтрапічныя і трапічныя. Сярод іх вылучаюць сезоннаквітучыя (вазонныя пеларгонія, цыкламен; грунтавыя гваздзік рэмантантны, ружа), выганачныя (гіяцынт, нарцыс, цюльпан), вечназялёныя (травяністыя — аспідыстра, спаржа, папараць; павойныя і ампельныя — плюшч, традэсканцыя; сукуленты — агава, алоэ, кактусы, эйфорбія; дрэвы і кусты — азалія, пальма, цытрусавыя).

Кветкава-дэкаратыўныя расліны: 1 — астыльба; 2 — ільвіны зеў; 3 — аксаміткі; 4 — званочкі.

т. 8, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ру́жа, ‑ы, ж.

Дэкаратыўная расліна сямейства ружакветных з шырокапялёсткавымі, звычайна пахучымі кветкамі рознай афарбоўкі і са сцяблом, пакрытым калючкамі, а таксама кветка гэтай расліны. У агародчыку перад кожным домам раслі вяргіня, ружа, бэз, мята. Мурашка. Па сваёй каханай сумаваў я дужа, Наламаў букет ёй Самых яркіх ружаў. Свірка.

•••

Ружа вятроў — дыяграма паўтаральнасці вятроў розных напрамкаў у пэўнай мясцовасці, складзеная на аснове шматгадовых сярэдніх паказчыкаў метэаралагічных станцый за месяц, сезон або год.

Чайная ружа — а) ружа, кветкі якой маюць бледна-жоўты колер; б) сорт ружы розных колераў і адценняў з моцным пахам чаю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ро́жа 1 ’ружа’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Бес., Мал., Шат., Бяльк., Стан., Байк. і Некр., Растарг., Нар. Гом., ТС), ’шток-ружа, сляс, Alcea rosea L.’, ’мальва пагрэбаваная, Malva neglecta Wallr.’, ро́жа лясная ’лясная мальва, зінзівер, Malva silvestris L.’ (Кіс.), ро́жа садо́вая ’ружа (з песні)’ (Ян.), ро́жа ’мальва’ (Нас., Растарг., Мат. Гом.), ’шыпшына’ (ПСл), ’вяргіня’ (Сл. Брэс.), ’від кветкі, ружа’ (зэльв., Нар. словатв.), ’дэкаратыўная расліна з вялікімі яркімі кветкамі’ (Скарбы), ро́жавы ’светла-чырвоны, ружовы’ (Гарод., Стан., Др.-Падб., Байк. і Некр.). З польск. róża < ст.-чэш. ruože, róže ці с.-в.-ням. rôse, якія з лац. rōsa ’ружа’. У сярэднявеччы была вельмі пашыраная ў манастырскіх садах. Першакрыніцай лац. rōsa і ст.-грэч. ῥόδον былі, відаць, іранскія мовы (Фасмер, 3, 493), параўн. ст.-іран. *u̯ṛda, з якога развілося перс. gul ’ружа’ (Сной у Бязлай, 3, 202). Фрыск (3, 661) у якасці роднаснага слова прыводзіць араб. warada ’цвісці, распускацца’. Гл. таксама ESJSt, 13, 779.

Ро́жа 2 ’інфекцыйная хвароба Erysipelas — вострае запаленне скуры і лімфатычнай сеткі скуры’ (ТСБМ, Сцяшк., Бір. Дзярж., Бяльк., Касп., Шат.; нараўл., Арх. ГУ; ашм., Стан.; Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, Сл. ПЗБ), ’хвароба ў свіней’ (ЛА, 1). З польск. róża ’тс’ < róża ’ружа’ з прычыны чырвона-ружовага колеру скуры пры гэтай хваробе (Праабражэнскі, 2, 209; Фасмер, 3, 493; Голуб-Ліер, 427). Дарэчы, лац. назва ўзыходзіць да ст.-грэч. ἐρυςυιέλας ’рожа’, якое з ἐρυθρός ’чырвоны’ і πελ‑ ’шкура, скура’ (Голуб-Ліер, 153).

Ро́жа 3 абраза, ’морда’ (беласт., Сл. ПЗБ). Відаць, з рус. ро́жа ’фізіяномія, морда, твар, выгляд’, якое з прасл. *rodja < *rodъ > род 1 (гл.). Параўн. стараж.-рус. рожаи ’выгляд, твар’, рожаистъ ’прыгожы’, лат. raža ’вялікая сям’я’, ’ураджай’ (Фасмер, 3, 492).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)