Калыха́ць ’рухаць з боку ў бок, гайдаць, хістаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; Нік. Напаў.; Сержп. Прымхі, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш.), ’гушкаць дзіця’ (БРС, ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., ТС; колухаць), калыхацца ’гушкацца (на арэлях)’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Яруш.), да апошняга яшчэ і калыханка ’гушкалка, арэлі’ (Жд. 3, КЭС, лаг.) без геаграфіі (ТС; колуханка). Укр. колихати ’хістаць, гайдаць, гушкаць дзіця; гайдаць (па арэлях)’, рус. колыхать ’гайдаць, хістаць, гушкаць дзіця’, пск., асташк., цвяр. ’біць’; колыхаться ’гушкацца (на арэлях)’ адзначана на пагранічнай з беларускай тэрыторыі; польск. дыял. kolychać ’гушкаць дзіця’, якое прыводзіцца Трубачовым, Эт. сл., 10, 165, відавочны беларусізм у польскім перыферыйным дыялекце і пагранічных гаворках, гл. Карловіч, 2, 409–410; Слаўскі, 2, 376 (адносна kolychać, засведчанага ў Сыракомлі і ў любельскіх гаворках) ставіць пад сумненне архаічнасць слова. Славен. koléhati Плятэршнік (1, 424) параўноўвае з рус. колыхать, нягледзячы на фанетычную недакладнасць і значэнні славенкай лексемы (’трэсці, качацца на зямлі’). Статус гэтага слова не вельмі ясны, як і славен. дыял. koléhati seвылятаць (з вулея)’, тое ж датычыць і серб.-харв. kolihati, якое ў RHSJ, V, 191, тлумачыцца як ’калыхаць’ да таго ж з паметай «ненадзейнае». У любым выпадку, калі нават пагадзіцца з дакладнасцю паўдн.-слав. фактаў, нельга выключыць магчымасці, што гэта незалежныя параўнальна познія ўтварэнні; на карысць гэтага меркавання — экспрэсіўны характар лексемы. Такім чынам, тут хутчэй усх.-слав. інавацыя (+ магчымыя на поўдні). Лічыцца другаснай, больш экспрэсіўнай формай ад *kolysati, а гэта, у сваю чаргу, інтэнсіў ад *kolybati (гл. калываць), так Трубачоў, Эт. сл., 10, 166. Паводле Слаўскага, 2, 376, тут паўн.-слав. інтэнсівы (з ‑ys‑, ‑ych‑), якія ўзнаўляюцца на базе ст.-польск. kolić ’кружыць, круціцца і да т. п.’ і серб.-харв. око̀лити ’акружыць’, < прасл. kolo (Слаўскі прыцягвае яшчэ макед. дыял. коле ’(ён) гушкае’). На думку Слаўскага, там жа, лексемы *kolysai, *kolychati адносяцца да *koliti, як рус. дыял. ломыхать ’ламаць з трэскам’ да ломить ’ламаць’. Калі з фармальнага боку ў прапанове Слаўскага як быццам усё добра, семантычна аспект выклікае сумненне, на што слушна звяртае ўвагу Трубачоў, Эт. сл., 10, 166, маецца на ўвазе сур’ёзнае адрозненне маятнікавага руху ад кругавога вярчэння, а таксама тое, што форма *kolysati неправамерна аддзяляецца ад *kolybati.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шуга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Гарэць яркім полымем з успышкамі агню. На горад безупынна сыпаліся бомбы, кругом шугалі пажары. Няхай. [Юновіч] расказаў пра дровы, што шугаюць у печы, пра акно, ружовае ад ранішняга сонца. М. Стральцоў. Ярка шугалі падпаленыя імі [немцамі] саламяныя стрэхі, рассыпаючы вакол траскучыя іскры. Якімовіч. Маўчыць незнаёмы... Лучына шугае; Дзеці ў куточку сядзяць; Слёзы кабета рукой абцірае. Чарот. // Палаць, гарэць інтэнсіўна (пра полымя, агонь). Весела шугаў агонь, патрэскваў яловы сухастой. Паўлаў. Там, за лесам, полымя шугае, Цягнуцца пад неба языкі. Тармола. // Вырывацца, вылятаць адкуль‑н. (пра полымя і пад.). Высока ў неба ляцелі іскры. Агонь шугаў і з акон — хата гарэла з сярэдзіны. Новікаў. Шугаюць хвалі полымя з вокнаў і ўваходаў вестыбюля вакзальнай камяніцы. Шынклер. // Вылучаць гарачыню, абліваць гарачынёй. Ліпнёвае сонца шугае, Завялі на ліпах лісты. Грахоўскі. // перан. Праяўляцца, праходзіць бурна, імкліва. На дварэ шугала вясна — чуваць было, як дружна ціліўкалі птушкі, кудахталі куры. Гроднеў. [Яругін] добра зведаў, як кепска быць эвакуіраваным, бо ўся сям’я тады галадала, хоць жыла не на правым беразе Волгі, дзе шугала вайна, а на левым, дзе вайны не было. Карамазаў. Навокал шугаў май, шугаў пышна, усімі фарбамі, усімі пахамі вясны. Новікаў. На дварэ шугала навальніца. Сачанка.

2. Выпраменьваць яркае святло, свяціцца яркім няроўным святлом; палымнець. Палярнае ззянне шугала Вясёлкавым дзіўным святлом. Хведаровіч. За акном не пераставала шугаць бліскавіца, грымеў пярун. Броўка. Уперадзе, недзе, мабыць, пад Мінскам, чуліся выбухі, шугала крывавае зарава... Ставер.

3. Хутка, з вялікай сілай узлятаць угору (пра полымя, дым, іскры і пад.). З вокнаў валіў чорны дым, языкі агню шугалі ўверх. Гурскі. Час ад часу з трубы цягніка шугалі залацістым роем іскры. Машара. З труб .. [парахода] шугаў чорны дым. Ус.

4. Прыліваць да твару (пра кроў). Кроў шугае ў твар, даўкі камяк перасядае ў горле — і адразу цяжка, невыносна цяжка дыхаць. Савіцкі.

5. Моцна, парывіста дзьмуць; урывацца куды‑н. (пра вецер, туман, пару і пад.). Калючы парыўны вецер агнём шугаў у твар Люсі. Шашкоў. У твар байцам шугала гарачае паветра, над галавой свісталі асколкі. Шамякін. Цяпло шугае ў твар, весяліць цела і сэрца. Любата! Васілевіч. / у безас. ужыв. На Валю шугае туманам. Брыль. // Біць, моцна сячы (пра снег, дождж і пад.). Некалькі разоў па дарозе находзілі хмаркі і шугаў дождж. Кулакоўскі. Слухала [князёўна], як шуміць за акном вецер, як шугае па аканіцах снег, як час ад часу спяваюць пеўні. Лупсякоў.

6. Калыхацца, хвалявацца, біць, шумець і пад. (пра мора, хвалі). І хмары, здавалася, нават, радзелі, і хвалі нібыта шугалі не так. А. Вольскі. Пырскі б’юць нам у твары, ляцяць з Байкала, мора слаўнае наша шугае да скал. Русецкі.

7. каго-што. Падкідаць каго‑н. на руках; гушкаць. — На ўра! На ўра! Пісара падхапілі на рукі і пачалі шугаць. Колас. // Гайдаць, калыхаць што‑н. або чым‑н. А .. [рака] холадна шугала нястрымныя хвалі свае. Шынклер. Пыхала нядужая бліскаўка, і шугаў рабінаю вецер. Гарэцкі.

8. Хутка, рэзка падымацца ўгору; узлятаць. І ледзь паспявалі птушкі шугаць угару з-пад ног, калі сваёй лапатушкай дзед падцінаў мурог. Макарэвіч. // Хутка, імкліва лётаць, праносяцца ў паветры і пад. Шугаюць веерам ля хат чароды розных птушак. Ставер. // перан. Узнімацца ўверх, высіцца. Паабапал чыгункі тырчаў рэдкі жухлы хмызняк, толькі сям-там у неба шугалі велічныя ў сваёй адзіноце гонкія сосны. Васілёнак. У неба шугае касцёл. Сіпакоў.

9. Разм. Ісці, выбірацца адкуль‑н. Бацька пагладзіў Уладзіка. — Ідзі, сынку, дамоў. Толькі, як з лесу выйдзеш, шугай асцярожна. Ідзі жытам. Бядуля. — Добра, скажы, праз мінут дзесяць буду. [Абходчык:] — І шугай адсюль. Пабочным па палатне хадзіць забаронена. Курто. // Насіцца, вельмі хутка перамяшчацца. Між галля яна [вавёрка] шугае, Як маланка, лётае. Агняцвет. Там недзе нячутна шугаюць за спажываю вялізныя, як бярвенні, ненажэрныя шчупакі. Брыль.

10. Узмахваць (звычайна крыламі). / у вобразным ужыв. Бач, як над светам вясна Ўжо крыламі шугае! Чарнышэвіч.

11. Развявацца, лунаць, рэяць, трапятаць. Сёння сцяг наш над Мінскам шугае, Горад любы ізноў ажыве. Астрэйка. Ды сцяг, Што хацелі фашысты Тут ботам тупым растаптаць, У небе шугаў, прамяністы, Паспеўшы ўжо полымем стаць. Гаўрусёў. // перан.; каго. Разм. Трэсці, калаціць. Гаварыў Сымонка з імі [авечкамі], Дый самога страх шугаў. Колас.

12. Добра расці, хутка развівацца; буяць. Каноплі там шугалі, лён, Пшаніца, бульба, грэчка, віка, Ды бушавалі буракі. Валасевіч. Сухое сучча абрэжа нечы клапатлівы нож, а то і проста птушкі паабломліваюць, і дрэўца зноў пачне шугаць. Лобан. / у перан. ужыв. Яшчэ ніколі маладыя паэтычныя парасткі не прабіваліся так напорыста і паўсямесна і не шугалі так хораша і дружна, як у самы апошні час, як сёння. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)