ПУНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙНЫ (264—146 да н.э., з перапынкамі; назва ад пунійцаў),

войны паміж Стараж. Рымам і Карфагенам за панаванне ў Зах. Міжземнамор’і. Выгаднае месцазнаходжанне Карфагена спрыяла яго хуткаму эканам. развіццю і ператварэнню ў магутную краіну, якая падначаліла зах. ўзбярэжжа Паўн. Афрыкі і большасць Сіцыліі, мела ўплыў на Пірэнейскім п-ве, на Корсіцы і Сардзініі. Рым да 265 да н.э. заваяваў усю Італію і стварыў адзіную дзяржаву — рымска-італійскую канфедэрацыю. Ён не прызнаваў гегемоніі Карфагена ў Зах. Міжземнамор’і і імкнуўся завалодаць багатай Сіцыліяй. Гэтыя супярэчнасці вырашаліся ў 3 П.в., якія былі з абодвух бакоў захопніцкімі.

1-я Пунічная вайна (264—241 да н.э.) вялася за Сіцылію. Рымляне мелі моцную толькі сухапутную армію. Вымушаныя ваяваць на моры, яны стварылі ваен. флот, які перамог у бітвах пры Мілах (260), мысе Экном (256) і пры Эгадскіх а-вах (241). Паводле мірнага дагавора ўладанні Карфагена ў Сіцыліі і а-вы паміж Сіцыліяй і Італіяй перайшлі да Рыма. У 237 Рым захапіў а-вы Корсіку і Сардзінію. Карфаген хутка аднавіў эканам. і ваен. магутнасць і нават кампенсаваў страчаныя ўладанні захопам значнай тэр. на Пірэнейскім п-ве, якія ператварыў у плацдарм для наступлення на Рым.

2-я Пунічная вайна (218—201 да н.э.) пачалася з аблогі і разбурэння саюзнага рымлянам г. Сагунта ў Іспаніі і паходу на Італію праз Альпы (218) карфагенскай арміі на чале з Ганібалам, які разлічваў на падтрымку заваяваных Рымам галаў. Ужо ў першых сутычках з рымлянамі на рэках Тыцына і Трэбія (218), каля Тразіменскага возера (217) рымлянам былі нанесены значныя паражэнні. Рымляне перайшлі да тактыкі зацяжной вайны, каб змучыць праціўніка на сваёй тэрыторыі. 2.8.216 пры Канах адбылася бітва, у якой рым. армія была акружана і знішчана (гл. ў арт. Каны). Каб працягваць вайну, рымляне папоўнілі армію рабамі, злачынцамі, выпушчанымі з турмаў, і знізілі маёмасны цэнз пры камплектаванні новых легіёнаў. Такія захады ўмацавалі армію і прынеслі першыя перамогі. У 211 рымляне захапілі Сіракузы і вярнулі г. Капуя. У Іспаніі Сцыпіён Афрыканскі Старэйшы заняў Новы Карфаген. Вайна была перанесена ў Афрыку. У 202 Сцыпіён разбіў карфагенскую армію на чале з Ганібалам каля г. Зама. Паводле мірнага дагавора 201 Карфаген страціў флот, абавязваўся выплаціць кантрыбуцыю. страціў права без згоды Рыма весці войны ў Афрыцы. Усе ісп. ўладанні перайшлі да Рыма.

У час 3-й Пунічнай вайны (149—146 да н.э.) ваенныя дзеянні вяліся на тэр. Карфагена. Рым. саюзнік нумідыйскі цар Масініса сваімі дзеяннямі вымусіў карфагенян узяцца за зброю. Гэта дало падставу рым. сенату для вайны за канчатковае знішчэнне Карфагена. Пасля трохгадовай аблогі рым. армія ўварвалася ў горад, разбурыла яго, а насельніцтва ператварыла ў рабоў. Ч. карфагенскай тэр. рымляне перадалі Нумідыі за дапамогу ў вайне. Астатняя тэр. ператворана ў рым. правінцыю Афрыка. Ў выніку П.в. Рым стаў магутнай рабаўладальніцкай дзяржавай у 3 частках свету: Еўропе, Афрыцы і Азіі.

Літ.:

Ревяко К.А. Пунические войны. Мн., 1988;

Яго ж. Войны Рима с Карфагеном: основные тенденции и направления историогр. Мн., 2000;

Кораблев И.Ш. Ганнибал. Ростов н/Д., 1997.

К.​А.​Рэвяка.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛІ́СЦКІЯ ВО́ЙНЫ,

міжусобныя дынастычныя войны ў Іспаніі паміж дзвюма галінамі ісп. Бурбонаў у 19 ст. Былі звязаны з ісп. рэвалюцыямі 1834—43 і 1868—74. 1-я К.в. (1833—40) развязана пасля смерці караля Фердынанда VII карлістамі — прыхільнікамі сына Карла IV (правіў у 1788—1808) дона Карласа Старэйшага, які выступаў супраць Марыі Крысціны — рэгентшы пры малалетняй каралеве Ізабеле II. Карлісты выступалі за захаванне абсалютызму і феад. парадкаў, апіраліся на сялянства паўн. і ўсх. абласцей Іспаніі, выкарыстоўвалі сепаратысцкія настроі жыхароў Каталоніі, Басконіі і Навары, вялі пераважна партыз. вайну. Летам 1837 іх войска (14 тыс. чал.) на чале з донам Карласам намагалася авалодаць Мадрыдам. Урадавыя войскі на чале з ген. Б.​Эспартэра да лета 1840 разбілі асн. сілы карлістаў (дон Карлас у 1839 уцёк у Францыю). У ходзе 2-й К.в. (1872—76) карлісты імкнуліся зацвердзіць на ісп. прастоле пад імем Карла VII дона Карласа Малодшага — унука Карласа Старэйшага. Да канца 1875 іх ваен. сілы, сканцэнтраваныя ў Басконіі, Навары і Каталоніі і падзеленыя на 3 арміі, налічвалі каля 100 тыс. чал. У лют. 1875 у бітве пры Лукары карлісты разбілі ўрадавую армію, але з-за ўнутр. рознагалоссяў пачалі цярпець паражэнні і ў пач. 1876 разгромлены.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Руска-персідскія войны 19 стагоддзя, гл. Руска-іранскія войны

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСЕ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

тры вайны паміж Месеніяй і Спартай (Стараж. Грэцыя). У выніку 1-й М.в. (канец 8 ст. да н.э.), якую пачала Спарта з мэтай захопу ўрадлівых зямель, Месенія страціла б. ч. сваёй тэрыторыі. Жорсткае спартанскае панаванне падштурхнула месенцаў да паўстання, вядомага як 2-я М.в. (сярэдзіна 7 ст. да н.э.). Больш моцная ў ваен. адносінах Спарта зноў перамагла і захапіла ўсю Месенію; частка насельніцтва перасялілася на Сіцылію, а большасць ператворана ў бяспраўных ілотаў. 3-я М.в. (464—455 да н.э.) фактычна была паўстаннем ілотаў, якія выкарысталі разгубленасць у Спарце ў выніку землетрасення 464, і пачалі ваен. дзеянні. Месенцы замацаваліся на гары Ітома і, нягледзячы на падмогу спартанцам з боку грэч. полісаў, на працягу 10 гадоў паспяхова трымалі абарону. Спартанцы былі вымушаны даць свабодны выхад з Месеніі паўстанцам, якія пасяліліся ў г. Наўпакт (Ц. Грэцыя).

Я.​У.​Новікаў.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

войны паміж Францыяй і манархіяй Габсбургаў у 1494—1559 (з перапынкамі) за панаванне ў Італіі, адзін з этапаў барацьбы Францыі і Іспаніі за лідэрства ў Еўропе. Удзельнічалі таксама «Свяшчэнная Рым. імперыя», папская дзяржава, Венецыянская рэспубліка і інш. Выкліканы імкненнем Францыі вярнуць т.зв. «Анжуйскую спадчыну» — Неапалітанскае каралеўства (да 1442 належала Анжуйскай дынастыі). У жн. 1494 — лют. 1495 франц. армія на чале з каралём Карлам VIII уварвалася ў Італію, заняла Рым і Неапаль, аднак пасля паражэння ў бітве каля Фарнова (6.7.1495) ад войск «Святой лігі» («Свяшчэнная Рым. імперыя», Іспанія, рым. папа Аляксандр VI, Міланскае герцагства) у кастр. 1495 ч. арміі адступіла ў Францыю; у 1496 французы капітулявалі ў Неапалітанскім каралеўстве. У 1499—1500 пераемнік Карла Людовік XII авалодаў Міланам і ўсёй Ламбардыяй. У 1501—02 Францыя і Іспанія падзялілі Неапалітанскае каралеўства, аднак у выніку вайны 1503—04 Францыю вымусілі адмовіцца ад прэтэнзій на яго тэрыторыю. Пасля разгрому Камбрэйскай лігай (засн. ў 1508 папскай дзяржавай, Францыяй, Іспаніяй і «Свяшчэннай Рым. імперыяй») войск Венецыі каля Аньядэла (14.5.1508) апошняя страціла ч. сваіх зямель. У сувязі з узмацненнем пазіцый Францыі на ПнЗ Італіі ў 1511 па ініцыятыве рым. папы Юлія II створана антыфранц. Свяцейшая ліга (папства, Іспанія, Англія, Венецыя, швейц. кантоны). У бітве пры Равене 11.4.1512 французы разбілі войскі лігі, але нац.-вызв. паўстанні ў Генуі і гарадах Ламбардыі прымусілі іх да канца 1512 пакінуць Міланскае герцагства. Пасля заключэння франц. каралём Францыскам I саюза з Венецыяй французы разбілі 13—14.9.1515 каля Марыньяна швейц. наёмнікаў міланскага герцага і замацаваліся на тэр. герцагства; Венецыя вярнула страчаныя землі. У 1521—59 адбывалася барацьба паміж Францыяй і Іспаніяй (кароль Карл I, з 1519 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі») у Паўн. Італіі. Баявыя дзеянні праходзілі пры агульнай перавазе іспанцаў (разгром французаў 24.2.1525 каля Павіі, 26.6.1529 каля Ландрыяна і інш.). Паводле Като-Камбрэзійскага мірнага дагавора (3.4.1559) Францыя адмовілася ад прэтэнзій на тэр. Італіі, б.ч. якой трапіла пад уладу Іспаніі.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛІГІ́ЙНЫЯ ВО́ЙНЫ,

войны, якія адбываюцца ў адпаведнасці з прадпісаннямі рэлігійных догматаў або пад патранажам царквы (рэліг. арганізацыі), напр. крыжовыя паходы, у т. л. супраць славян і балтаў у 12—15 ст. і інш. Гл. таксама Джыхад. У еўрап. гістарыяграфіі Р.в. звычайна называюць Гугеноцкія войны ў Францыі, грамадзянскія войны паміж католікамі і пратэстантамі (гугенотамі) у 2-й пал. 16 ст., абумоўленыя комплексам рэліг., сац. і паліт. супярэчнасцей. Каталіцкую партыю на чале з Гізамі падтрымлівалі паўн.-ўсх. і цэнтр. правінцыі Францыі. Кальвіністаў (гугенотаў), якіх у розныя часы ўзначальвалі прынц Кандэ, адмірал Каліньі, Генрых Наварскі, падтрымлівалі гарады і дваранства зах. і паўд. правінцый краіны. Зачэпкай для 1-й Р.в. (сак. 1562—сак. 1563) было забойства пратэстантаў у сак. 1562 атрадам Ф. дэ Гіза каля мяст. Васі ў Шампані. У адказ пратэстанты на чале з Кандэ сабралі войска і захапілі шэраг гарадоў. У першай бітве (снеж. 1562 каля Дро) перамаглі католікі. У гэтай і наступных бітвах на баку пратэстантаў выступалі ням., а на баку католікаў — італьян. наёмнікі. Пасля забойства Гіза (1563) на чале каталіцкай партыі сталі яго сыны Генрых, Луі (кардынал Латарынгскі) і Шарль. Вайна завяршылася прыняццем эдыкта (15.3.1563, у Амбуазе), які дазволіў пратэстанцкі культ. 2-я Р.в. (вер. 1567 — сак. 1568) пачалася з «сюрпрызу ў Мо», калі Кандэ спрабаваў захапіць караля Ваен. дзеянні вяліся вакол Парыжа. У бітве пры Сен-Дэні гугеноты пацярпелі паражэнне і ў Ланжумо быў заключаны мір. 3-я Р.в. (жн. 1568—жн. 1570) вялася на З і Пд краіны, дзе брат караля Генрых Анжуйскі ваяваў супраць Кандэ і Каліньі. Найб. крывавыя бітвы адбыліся пры Жарнаку (сак. 1569), калі загінуў Кандэ, і пры Манкантуры (кастр. 1569), калі гугеноты пацярпелі паражэнне. Аднак паводле міру ў Сен-Жэрмене (1570) пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і 4 гарады-крэпасці ў якасці гарантый іх бяспекі. Шлюб паміж Генрыхам Наварскім і сястрой караля Маргарытай Валуа 18.8.1572 павінен быў замацаваць дасягнуты мір. Аднак масавае забойства гугенотаў 24.8.1572 (гл. Варфаламееўская ноч), калі загінула каля 3 тыс. чал., у т. л. адмірал Каліньі, прывяло да 4-й Р.в. (жн. 1572 — ліп. 1573) і эскалацыі насілля з абодвух бакоў. Пасля няўдалай аблогі ўрадавымі войскамі Ла-Рашэлі быў заключаны мір. Булонскі эдыкт (1573) пацвердзіў свабоду веравызнання. Характэрнай рысай 5-й Р.в. (ліст. 1574—май 1576) быў саюз паміж памяркоўнай ч. католікаў, т.зв. «палітыкаў», якіх узначальваў брат караля Франсуа Алансонскі, і пратэстантамі. Паводле міру ў Бальё (1576) урад рэабілітаваў гугенотаў, забітых у час Варфаламееўскай ночы і пацвердзіў свабоду веравызнання. Да гэтага часу склалася паліт. арганізацыя гугенотаў, якая аб’яднала гугеноцкія гарады 3 і Пд краіны ў пратэстанцкую канфедэрацыю, фактычна незалежную ад цэнтр. ўрада. У адказ у Пероне аформілася Каталіцкая ліга 1576. На Генеральных штатах у Блуа (1576) пад націскам каталіцкай партыі кароль 1.1.1577 адмовіўся ад эдыкта ў Бальё і абвясціў каталіцызм адзінай рэлігіяй у дзяржаве, што прывяло да 6-й Р.в. (снеж. 1576—кастр. 1577). Аднак адсутнасць фін. сродкаў прымусіла абодва бакі падпісаць мір 17.9.1577 у Бержэраку і эдыкт у Пуацье (кастр 1577), які ў асн. паўтараў эдыкт у Бальё. 7-я Р.в. (ліст. 1579 — ліст. 1580) была выклікана барацьбой гугенотаў за выкананне артыкулаў эдыкта ў Пуацье і вяртанне гарадоў-крэпасцей, якія гарантавалі іх бяспеку. Апошняя Р.в. (ліп. 1585—чэрв. 1598), або т.зв. «вайна Ліг», пачалася пасля смерці 10.6.1584 Франсуа Алансонскага і прызнання Генрыха Наварскага спадкаемцам трона. Адноўленая Каталіцкая ліга вымусіла караля Генрыха III Немурскім эдыктам (ліп. 1585) забараніць пратэстанцкае веравызнанне ў краіне. Пашырэнне ўплыву Каталіцкай і далучанай да яе Парыжскай лігі, прэтэнзіі Г. дэ Гіза на трон прывялі да забойства апошняга і яго брата, кардынала Латарынгскага (снеж 1588), заключэння саюза паміж Генрыхам III і Генрыхам Наварскім і аблогі іх войскамі Парыжа. У час гэтай аблогі 1.8.1589 Генрых III забіты і трон перайшоў да Генрыха Наварскага, які 25.7.1593 прыняў каталіцтва і 27.2.1594 каранаваўся ў Шартры як Генрых IV. У сак. 1594 Парыж адчыніў яму свае вароты, а да 1596 было задушана супраціўленне праціўнікаў Генрыха IV ва ўсёй Францыі. На апошнім этапе ў 1595—98 адбылася вайна паміж Францыяй і Іспаніяй, якая скончылася мірам у Вервене (май 1598) і канчатковым прызнаннем правоў Генрыха IV. Паводле Нанцкага эдыкта 1598 франц. пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і гарантыі іх бяспекі.

Літ.:

Баблон Ж.-П. Генрих IV: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1999.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 14, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДЭ́ЙСКІЯ ВО́ЙНЫ,

антырэспубліканскія мяцяжы раялістаў у зах. ч. Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. Назва ад дэпартамента Вандэя — гал. цэнтра раялістаў. Пачаліся ў сак. 1793 у гіст. абласцях Брэтань, Анжу, Пуату пасля выдання дэкрэта Канвента ад 24.2.1793 аб прызыве ў армію 300 тыс. чал. Удзельнікі — дваранства, духавенства, частка сялян. У маі—чэрв. 1793 мяцежнікі занялі гарады Туар, Фантэнэ, Анжэ, Самюр, 29 чэрв. пацярпелі паражэнне каля г. Нант. У кастр. 1793 рэсп. войскі разбілі вандэйцаў каля г. Шале. Вандэйцы рушылі на Пн, за Луару, але, пацярпеўшы няўдачу каля Гранвіля, павярнулі назад і 12 і 23 снеж. былі разбіты каля гарадоў Ле-Ман і Саўнэ. На дапамогу мяцежнікам у ліп. 1795 англ. флот высадзіў у Брэтані атрад франц. эмігрантаў, які таксама быў разбіты рэсп. войскамі ген. Л.​Л.​Гоша. Спробы новых мяцяжоў адбыліся ў 1799, 1813, 1815, 1832. У ходзе вандэйскіх войнаў з абодвух бакоў загінула больш за 600 тыс. чал.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМНІ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ,

тры вайны паміж Стараж. Рымам і Самніцкай федэрацыяй (саюз самнітаў з сабеламі) за панаванне ў Цэнтр. Італіі ў 4—3 ст. да н.э. Паводле рым. падання, у барацьбе Рыма з самнітамі з-за Кампаніі (343—341 да н.э., т. зв. 1-я С.в.) рымляне атрымалі кантроль над Капуяй і Кумамі, самніты — над Тэанумам. Захоп Рымам Неапаля стаў прычынай 2-й С.в. (327—304 да н.э.), якая вялася з пераменным поспехам. Але рымляне, рэарганізаваўшы армію і памяняўшы тактыку баёў, занялі гарады Самнія. Паводле мірнага дагавора самніты аддалі Рыму Кампанію. Замацаванне самнітаў у Луканіі стала прычынай 3-й С.в. (298—290 да н.э.). Ваен. дзеянні праходзілі ў Самніі і Умбрыі, дзе разам з самнітамі супраць Рыма ваявалі галы і этрускі. Пасля першых няўдач рымляне разбілі самнітаў і галаў пры Сентыне (295 да н.э.). У 290 да н.э. самніты спынілі супраціўленне. Самніцкая федэрацыя была распушчана; самніцкія абшчыны сталі рым. саюзнікамі з абмежаванымі правамі. У выніку С.в. рымляне замацаваліся ў Цэнтр. Італіі.

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПАЛЕО́НАЎСКІЯ ВО́ЙНЫ,

войны Францыі ў перыяд праўлення Напалеона I [1799—1814, 1815]. На момант усталявання ў ліст. 1799 ваен. дыктатуры Напалеона I Францыя ваявала з 2-й антыфранц. кааліцыяй (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя, Неапалітанскае каралеўства). Няўдалая Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801, Італьянскі паход Суворава 1799 пазбавілі Францыю б.ч. заваяванняў часоў Французскай рэвалюцыі 1789—99. У чэрв. 1800 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстр. войскі ў Італіі пры Марэнга. Другая франц. армія на чале з ген. Ж.​Маро разбіла 3.12.1800 аўстрыйцаў у Германіі пад Гогенліндэнам. У 1801 падпісаны мірныя дагаворы з Аўстрыяй, Турцыяй і Расіяй; Ам’енскі мірны дагавор 1802 з Вялікабрытаніяй. Але ў маі 1803 вайна аднавілася. Паражэнне аб’яднанага франка-ісп. флота ў Трафальгарскай бітве 1805 сарвала планы Напалеона I уварвацца ў Англію. У жн.—вер. 1805 створана 3-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Аўстрыя і Швецыя). У кастр. 1805 франц. армія на чале з Напалеонам I разбіла аўстрыйцаў пры Ульме, а 2.12.1805 — руска-аўстр. войскі ў Аўстэрліцкай бітве. 26.12.1805 Аўстрыя падпісала Прэсбургскі мірны дагавор, паводле якога прызнавала ўсе франц. захопы ў Італіі, у зах. і паўд. Германіі. У вер. 1806 склалася 4-я антыфранц. кааліцыя (Вялікабрытанія, Расія, Прусія, Швецыя). У Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806 франц. армія разграміла прускае войска. 14.6.1807 рус. войскі пацярпелі паражэнне пры Фрыдландзе, што прымусіла рас. імператара Аляксандра I падпісаць Тыльзіцкі мір 1807, паводле якога Расія далучалася да кантынентальнай блакады Вялікабрытаніі і пагаджалася на стварэнне Варшаўскага герцагства. У 1807—11 была акупіравана Партугалія. Вясной 1808 Напалеон I акупіраваў Іспанію, арыштаваў ісп. караля Карла IV і яго сына Фердынанда і пасадзіў на ісп. прастол свайго брата Жазефа, што прывяло да нар. паўстання ў Іспаніі. Напалеон I ажыццявіў паход у Іспанію, але не здолеў задушыць паўстанне. У крас. 1809 Аўстрыя і Вялікабрытанія стварылі 5-ю антыфранц. кааліцыю. 5—6.7.1809 у бітве пры Ваграме аўстрыйцы былі разбіты і падпісалі ў кастр. 1809 Шонбрунскі мірны дагавор, які замацоўваў залежнасць Аўстрыі ад Францыі і пазбаўляў яе многіх уладанняў. У выніку Н.в. склалася вялізная імперыя Напалеона I; шэраг краін знаходзіўся ў васальнай залежнасці ад Францыі. Але яму прыйшлося сутыкнуцца з моцным супраціўленнем у падуладных краінах, у т. л. з партыз. вайной (герылья) у Іспаніі, якую падтрымлівалі брыт. войскі. У выніку абвастрэння рус.-франц. супярэчнасцей 24.6.1812 Напалеон I з «Вялікай арміяй» уварваўся ў Расію. У ходзе вайны 1812 Напалеон I стварыў на акупіраванай тэр. Літвы і Беларусі Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага і сфарміраваў шэраг ваен. часцей (гл. Літоўскія войскі 1812). Паражэнне «Вялікай арміі» ў Расіі, у т. л. ў шэрагу аперацый на тэр. Беларусі (гл., напр., Бярэзінская аперацыя 1812), прывяло да ўздыму антыфранц. руху ў Еўропе. Да створанай у ліп. 1812 6-й антыфранц. кааліцыі (Расія, Вялікабрытанія, Швецыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій) у 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Пасля перамогі саюзнікаў у Лейпцыгскай бітве 1813 франц. войскі адступілі на тэр. Францыі. 31.3.1814 саюзнікі занялі Парыж. Пасля адрачэння 6.4.1814 Напалеона I саюзнікі і Францыя падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1814, паводле якога Францыя пазбаўлялася ўсіх заваяванняў пасля 1792, а на франц. троне адноўлена дынастыя Бурбонаў. У вер. 1814 пачаў працу Венскі кангрэс 1814—15, каб вырашыць усе пытанні мірнага ўрэгулявання ў Еўропе. Але ў сак. 1815 Напалеон I аднавіў сваю ўладу ў Францыі (гл. «Сто дзён»), Удзельнікі Венскага кангрэса стварылі 7-ю антыфранц. кааліцыю. Франц. войскі былі разбіты 18.6.1815 пры Ватэрлоо. 22.6.1815 Напалеон I зноў адрокся ад трона. У ліп. 1815 войскі саюзнікаў уступілі ў Парыж і аднавілі на франц. троне Людовіка XVIII, з якім падпісалі Парыжскі мірны дагавор 1815, чым і завершаны Н.в.

Літ.:

Зак Л.А. Англия и германская проблема: (Из дипломат. истории наполеоновских войн). М., 1963;

Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965;

Вандаль А. [Сочинения]: Пер. с фр. Т. 1—4. Ростов н/Д, 1995;

Исдейл Ч.​Дж. Наполеоновские войны: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1997.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗРА́ІЛЬСКА-АРА́БСКІЯ ВО́ЙНЫ,

войны паміж Ізраілем і шэрагам араб. дзяржаў у 1948—49, 1956, 1967, 1973 і 1982. Больш падрабязна гл. ў арт. Араба-ізраільская вайна 1948—49, Блізкаўсходні канфлікт, раздзелы Гісторыя ў артыкулах Егіпет, Іарданія, Ізраіль, Ліван, Палесціна, Сірыя.

т. 7, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)