«МИ́НСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
часопіс Мінскай праваслаўнай епархіі. Выдаваўся ў 1869—1917 у Мінску на рус. мове 2 разы на месяц (у 1871—72 штотыднёва). Меў афіц. і неафіц. часткі. У афіц. частцы змяшчаліся паведамленні аб рабоце Сінода, распараджэнні па епархіі, справаздачы епархіяльнага кіраўніцтва аб рабоце сваіх структур, жыцці манастыроў і царк. прыходаў, некралогі. У неафіц. публікаваліся творы дзеячаў правасл. царквы, артыкулы па царк. гісторыі і археалогіі, паведамленні пра дзейнасць царк. брацтваў і сястрынстваў, духоўных асветных і дабрачынных устаноў. Вял. ўвага надавалася місіянерскай дзейнасці сярод старавераў і сектантаў, змяшчалася рэклама пра новыя кнігі, работу рэстаўрацыйных майстэрняў. У 1989 выданне адноўлена.
Л.У.Салодкіна.
т. 10, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
газета, афіцыйны орган Віцебскага губернскага праўлення. Выдавалася з 1838 да 23.12.1917 (5.1.1918) у Віцебску на рус. мове з рознай перыядычнасцю. Мела афіц. і неафіц. (з 1845) аддзелы. Афіц. змяшчаў пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясц. улад. Неафіц. меў значэнне самаст. газеты, з 1901 выдаваўся асобна, асвятляў падзеі ў краіне і за мяжой, жыццё Віцебска, Полацка, Веліжа і інш. нас. пунктаў губерні, друкаваў літ. творы, даследаванні па гісторыі, краязнаўстве, этнаграфіі, фальклоры (часам на бел. мове), артыкулы гасп. тэматыкі. Мела дадаткі «Телеграммы «Витебских губернских ведомостей» (1887—92, 1895—1905) і «Народный листок» (1907; выйшла 8 нумароў). З 29.12.1905 (11.1.1906) да 5(18).6.1907 замест неафіц. аддзела выходзіла прыватная газ. «Витебский голос». Са студз. 1907 выданне неафіц. аддзела адноўлена, 29.6.1912 спынена, замест яго пачала выходзіць газ. «Витебский вестник».
У.Дз.Будзько, М.В.Нікалаеў.
т. 4, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРО́ДНЕНСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета. Выдавалася з 7(19).1.1838 да 31.7(13.8).1915 у Гродне на рус. мове. Перыядычнасць мянялася (1, 2, 4 разы на тыдзень, штодзённа). Мела афіц. і неафіц. (да 1856 выходзіла як дадатак да афіцыйнай) часткі, у 1899 яны аб’яднаны ў адно выданне. У 1903—06 неафіц. частка выходзіла як асобнае выданне. Змяшчала пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясцовых улад, матэрыялы па археалогіі, гісторыі, этнаграфіі, стат. інфармацыю, артыкулы па сельскай гаспадарцы, адукацыі. Друкавала даследаванні М.А.Дзмітрыева, А.Я.Багдановіча, М.В.Доўнар-Запольскага, Е.Р.Раманава і інш.
Сярод публікацый: «Гістарычныя звесткі аб г. Брэст-Літоўску І.Крашэўскага» (1845); «Кароткае гістарычнае паведамленне аб горадзе Гродна» (1847), «Мястэчка Бездзеж [Гродзенскай губ.]» Ф.Стаўровіча (1867); «Старажытныя будынкі, помнікі даўніны і навейшага часу ў Гродзенскай губерні» Л.Саланевіча (1902) і інш.
А.М.Лукашэвіч.
т. 5, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛОЦКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
выданне, орган Полацкай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся штотыднёва ў 1874—1917 у Віцебску на рус. мове. Прызначаліся для Полацкай праваслаўнай епархіі, якая тады тэрытарыяльна адпавядала Віцебскай губ. Мелі афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле друкаваліся пастановы і распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні кансісторыі; у неафіц. — матэрыялы, прысвечаныя гісторыі і традыцыям правасл. царквы на Віцебшчыне, гісторыі асобных храмаў і манастыроў, біягр. нарысы і ўспаміны пра царк. дзеячаў, рэцэнзіі на асобныя працы і агляды друку па пытаннях царк. гісторыі і жыцця, агляды і рэкламы царк. і свецкай л-ры. Шмат увагі аддавалася паказу дзейнасці правасл. царк. брацтваў, што аднавіліся на Віцебшчыне ў 1860-я г., Віцебскага к-та правасл. місіянерскага т-ва, ролі правасл. царквы ў развіцці адукацыі на Віцебшчыне. У 1995 выданне адноўлена.
В.В.Грыгор’ева.
т. 12, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛИТОВСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕДОМОСТИ»,
штотыднёвы часопіс, орган Літоўскай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся ў 1863—1917 у Вільні на рус. мове (да 1873 двухтыднёвы). Прызначаліся для Літ. правасл. епархіі. Часопіс меў афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле змяшчаў пастановы, распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні Літ. духоўнай кансісторыі; у неафіц — матэрыялы па гісторыі правасл. царквы на Беларусі, гісторыі асобных храмаў і манастыроў (у т. л. пра Жыровіцкі манастыр і цудатворцы абраз Маці Божай, 1863), нарысы пра царк. дзеячаў, пра ўдзел правасл. духавенства Літ. епархіі ў паўстанні 1863—64 (1863), арг. М.Каяловіча «Смута ва уніяцкім асяроддзі ў Беларусі ў 1802—1803 гг.» (1874), Р.Кіпрыяновіча «Духоўны суд у Заходняй Русі ў XVI ст.», «Лёсы рэлігійна-царкоўнага жыцця ў Заходняй Русі і Літве» (1878) і інш. Часопіс змяшчаў рэцэнзіі на творы пра гісторыю канфесій на Беларусі, у т. л. на працы М.Ізвекава, І.Чыстовіча, Кіпрыяновіча. З 1907 неафіц. частку замяніў «Вестник Виленского православного Св.-Духовского братства».
В.В.Грыгор’ева.
т. 9, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МОГИЛЁВСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета; орган Магілёўскага губ. праўлення. Выдаваліся ў 1838—1917 у Магілёве на рус. мове. Складаліся з 2 частак: афіц. (з 2.7.1838; мела агульны і мясц. аддзелы) і неафіц. (з 14.7.1893; у 1904—05 выходзіла як самаст. грамадская і літ. газета). У 1838—49 выходзіла нерэгулярна, у 1849—58, 1864—69, 1905, 1914—17 — штотыднёва, у 1859—63, 1870—1903, 1906—12—2 разы на тыдзень, у 1904—3 разы на тыдзень. У 1897—1903 неафіц. частку рэдагаваў Е.Раманаў. У афіц. частцы публікаваліся пастановы, указы ўрада, губ. адміністрацыі, аб’явы, у неафіц. — краязнаўчыя матэрыялы па археалогіі і гісторыі, статыстыцы, адукацыі, этнаграфіі, фальклоры, мовазнаўстве, сац.-эканам. пытаннях, літ. і літ.-знаўчыя творы, асвятляла культ. жыццё Магілёва і губерні. Сярод публікацый: «Этнаграфічны нарыс» (1839), «Гісторыя Магілёўскага герба» (1842), «Гістарычны агляд Магілёўскай губерні» С.Сакалова (1848), «Орша (1250—1683 гг.)» З.Даўгялы (1898), «Да пытання аб этнаграфічнай карце беларускага племені» Я.Карскага (1902) і інш. Асобныя матэрыялы надрукаваны з захаваннем асаблівасцей бел. мовы, у т. л. «Магілёўскія прыкметы», «Загадкі», «Дзяды» (1849), «Каляды ў Сенненскім павеце» (1852), «Беларускія тэксты вярцепнага дзейства» Раманава (1898) і інш. Некаторыя матэрыялы газеты друкаваліся ў Магілёўскай губернскай друкарні. Усяго выйшла 25 кніг і брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.Кісяля (1861) як дадатак (замест неафіц. часткі).
І.А.Пушкін.
т. 10, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛГАКО́ЎСКІ (Дзмітрый Гаўрылавіч) (1845—1918?),
бел. этнограф, фалькларыст, краязнавец. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1869). У 1902 адмовіўся ад духоўнага сану. Працаваў настаўнікам рус. і царк.-слав. моў у Ваўкавыску. Друкаваў артыкулы, фальклорна-этнагр. творы ў газетах «Новое время», «Санкт-Петербургские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости» і інш. Аўтар прац «Беларускія песні. Валачобныя» (1868), «Практычны дапаможнік па наглядным засваенні рускага правапісу» (1873), «Гістарычны нарыс Ваўкавыска, павятовага горада Гродзенскай губерні» (1881) і інш. У 1890 выдаў фальклорна-этнагр. зборнік «Пінчукі», прысвечаны духоўнай культуры насельніцтва цэнтр. часткі Палесся (уключае песні, загадкі, прыказкі, прымаўкі, а таксама апісанні вераванняў, абрадаў і звычаяў). Аўтар рамана «Блізняты» (1903), аповесці «У баку ад жыцця» (1909; на аўтабіягр. матэрыяле).
А.І.Гурскі.
т. 3, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЖЫ́НСКІ (Рыгор Іванавіч) (1838—1910?),
бел. этнограф і фалькларыст. Скончыў Нежынскі ліцэй. З 1861 настаўнік гімназій у Свянцянах, Мазыры, Гродне, інспектар нар. вучылішчаў Гродзенскай, з 1869 Мінскай губ. З 1875 дырэктар нар. вучылішчаў Варонежскай губ. Друкаваўся ў газ. «Минские губернские ведомости» («Пра духоўныя простанародныя песні Паўночна-Заходняга краю», 1868; «Мінск губернскі», 1877), «Гродненские губернские ведомости» («Пра зборнік заходнярускіх прыказак і прымавак», 1866; «Нататка пра гісторыю народнай паэзіі» і «Пра этнаграфічныя звесткі, што датычацца Заходняй Расіі», абодва 1867) і інш., аўтар артыкулаў «Сцэны з беларускага быту», «Батлейка» (абодва 1873). Пісаў для «Вестника Западной России» («Гродзенскія пісьмы: [Беларускія паданні і песні пра святога Юр’я]», «Сяло Казанскае, былое Куродзічы, Рэчыцкага павета Мінскай губерні», абодва 1865—66). З 1883 выдаваў у Харкаве час. «Благовест», дзе ў 1885—86 апублікаваў «Успаміны пра Паўночна-Заходні край (1861—1874 г.)». Склаў рукапісныя зб-кі «Песні, казкі і прыказкі Паўночна-Заходняга краю» (больш за 500 твораў) з Гродзенскай, Мінскай і Віленскай губ.; (не збярогся), «Простанародныя беларускія песні, запісаныя ў Мінскай губерні» (16 тэкстаў з нотамі).
В.І.Скідан.
т. 8, с. 573
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУРА́НТЫ»,
першыя рас. рукапісныя газеты ў 1600—1701. Складаліся ў невял. колькасці ў Пасольскім прыказе для інфармавання цара і Баярскай думы пра падзеі ў замежных краінах (дыпламат. зносіны, ваен. і ўнутрыдзярж. падзеі, копіі мірных дагавораў, прамовы каралёў, звесткі пра рэдкія прыродныя з’явы і інш.). Крыніцамі для іх складання былі замежныя друкаваныя матэрыялы, паведамленні рас. і замежных агентаў. Папярэднік рас. друкаванай газ. «Ведомости».
т. 9, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Ведомости» пятроўскія (газ.) 2/635; 3/290; 9/354
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)